ІПСІЛА́НЦІ (Аляксандр Канстанцінавіч) (12.12.1792, г. Стамбул — 19.1.1828),

дзеяч грэч. нац.-вызв. руху. Князь, ген.-маёр рас. арміі (1817). У вайну 1812 удзельнічаў у бітвах каля Клясціц і Полацка, у час замежных паходаў рас. арміі 1813—14 падпалк. Гродзенскага гусарскага палка І. вызначыўся ў бітвах каля Баўтцэна і Дрэздэна. З 1816 ад’ютант цара Аляксандра І. У крас. 1820 узначаліў грэч. тайнае т-ва «Філікі Этэрыя», якое мела на мэце вызваленне Грэцыі ад асманскага прыгнёту. У лют. 1821 з невял. атрадам уступіў у Малдавію, дзе ўзначаліў антытур. паўстанне, якое стала сігналам да пачатку Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29. 19.7.1821 войскі І. разбіты туркамі пад Драгашанамі; уцёк у Аўстрыю, дзе арыштаваны ўладамі. Вызвалены ў 1827.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРГА́ (Amelanchier),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. У Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі інтрадукаваны 3 віды: І. каласістая (A. spicata), І. канадская (A. canadensis), І. альховалістая (A. alnifolia). У дэндрарыях і парках Беларусі трапляюцца яшчэ 5 відаў І. (круглалістая, пышнаквітучая, гладкая, малаплодная, крывава-чырвоная).

Аднадомныя, лістападныя дрэвы і кусты выш. да 8 м. Лісце простае, суцэльнае, цёмна-зялёнае, восенню аранжава-чырвонае. Кветкі белыя або крэмавыя ў шчыткападобных гронках. Цвітуць у маі, пладаносяць у ліп. — жніўні. Плод — сакавіты, ягадападобны, сінявата-чорны яблык дыяметрам да 1 см, ядомы. мае цукар, вітамін С, карацін і інш Пладовыя, меданосныя, лек. (плады, кара, лісце), дэкар. расліны.

Ірга круглалістая.

т. 7, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Паўлавіч) (н. 19.3.1929, г. Астрог Ровенскай вобл., Украіна),

украінскі гісторык. Д-р гіст. н. (1985), праф. (1985). Засл. дз. нав. Украіны (1991). Скончыў Львоўскі ун-т (1952). З 1953 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце. З 1994 прарэктар Астрожскага Нац. ун-та «Кіева-Магілянская акадэмія», заг. Астрожскага аддзялення Ін-та ўкр. археаграфіі і крыніцазнаўства АН Украіны. Даследуе гісторыю кнігадрукавання, крыніцазнаўства і гістарыяграфію гісторыі Украіны 15—18 ст., гісторыю ВКЛ і інш.

Тв.:

Источниковедение и археография истории Украины XVI — первой половины XVII в. Ч. 1—4. Днепропетровск, 1977—79;

Источники по истории Украины XVI — первой половины XVII в. в Литовской метрике и фондах приказов ЦГАДА. Днепропетровск, 1979.

т. 7, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖЭ́ЎНІКАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (н. 11.11.1923, р.п. Локаць Брасаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лесаводства. Д-р с.-г. н. (1976), праф. (1994). Засл. лесавод Рэспублікі Беларусь (1991). Скончыў Бранскі лесагасп. ін-т (1949). З 1960 у Ін-це лесу Нац. АН Беларусі (у 1964—92 заг. лабараторыі). Навук. працы па асновах высечак догляду ў лясах, правядзенні высечак абнаўлення і перафарміравання, вядзенні гаспадаркі ў дубровах Беларусі. Аўтар распрацоўкі матэм. мадэлі і табліц ходу росту ствалавой драўніны і надземнай фітамасы хвойных культур, адзін з аўтараў стратэг. плана развіцця лясной гаспадаркі Беларусі (1997).

Тв.:

Постепенные и выборочные рубки в лесах Белоруссии. Мн., 1969 (разам з В.​А.​Феафілавым).

т. 7, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́К (Мікалай Станіслававіч) (н. 29.10.1945, в. Дзешчанка Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1993). Скончыў БДУ (1966). З 1966 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1988 нам. дырэктара). У 1976—77 у Гомельскім дзярж. ун-це. Навук. працы па крышталяоптыцы, крышталеакустыцы, нелінейнай акустыцы. Распрацаваў нелінейна-аптычныя метады і прылады для вымярэння параметраў лазернага выпрамянення і кіравання імі; спосабы кіроўнага факусіравання і сканіравання ультрагукавых пучкоў.

Тв.:

Генерация мощного излучения с перестройкой спектра в области 280—385 нм (у сааўт.) // Письма в ЖЭТФ. 1972. T.15, вып. 1;

Внутрирезонаторная лазерная спектроскопия с применением нелинейного преобразования частоты (у сааўт.) // Квантовая электроника. 1988. Т. 15, № 9.

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛАНЮ́К (Пятро) (Пётр Сцяпанавіч; 12.8.1904, в. Пярэрыў Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 19.3.1965),

украінскі пісьменнік, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Каламыйскай гімназіі. У 1920—30-я г. журналіст; адзін з арганізатараў антыфаш. кангрэса ў Львове (1936). За рэв. дзейнасць неаднойчы быў арыштаваны польск. ўладамі. Друкаваўся з 1926. Першыя зб-кі апавяданняў — «У вёсцы», «Сялянскія дастаткі» (абодва 1928), «Агонь» (1930). Аўтар зб. фельетонаў «Парад мерцвякоў» (1943), аповесці-казкі «Вандроўнікі» (1946), трылогіі «Юрко Крук» (1946—56; пра жыццё і нац.-вызв. рух працоўных Зах. Украіны), кн. апавяданняў і нарысаў, літ.-знаўчых і публіцыстычных артыкулаў, памфлетаў, п’ес. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Брыль, А.​Клышка, М.​Ракітны.

В.​А.​Чабаненка.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́БРЫЯ (Calabria),

паўвостраў на Пд Італіі, паўд. частка Апенінскага п-ва. Абмываецца Іанічным м., Месінскім прал. і Тырэнскім м. Даўж. каля 250 км, шыр. ад 40 да 100 км. Большую частку паўвострава займаюць горныя масівы — Калабрыйскія Апеніны выш. да 2271 м. Горы складзены на У пераважна з вапнякоў і флішаў, на З — з гранітаў і гнейсаў. Клімат на больш нізкіх тэр. міжземнаморскі. Т-ра студз. да 10 °C, ліп. 26 °C. Ападкаў 800 мм за год. У гарах клімат больш халодны, са снегам і туманамі. На схілах гор маквіс, месцамі букавыя і хваёвыя лясы. Уздоўж берагоў узгорыстыя апрацаваныя раўніны. Характэрны землетрасенні. Нац. парк Калабрыя. Порт Рэджа-ды-Калабрыя.

т. 7, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАМІ́РЫС ((Kalomoirēs) Маноліс) (26.12.1883, г. Смірна, Грэцыя — 3.4.1962),

грэчаскі кампазітар, педагог. Правадз. чл. Афінскай АН (1945). Вучыўся ў Афінах, Канстанцінопалі, у 1901—06 у Венскай кансерваторыі. У 1906—10 выкладаў у Харкаве. З 1911 у Афінах, у 1919 заснаваў тут Элінскую (да 1926 дырэктар), у 1926 — Нац. (да 1948 дырэктар) кансерваторыі. Заснавальнік навагрэч. муз. школы, сучаснага грэч. опернага мастацтва. Сярод твораў: оперы «Старшы майстар» (1916), «Пярсцёнак маці» (1917), «Усход» (1945), «Мутныя воды» (1950), «Канстанцін Палеалог» (1962); 3 сімфоніі (1920—55), сімф. паэмы; канцэрт для скрыпкі з арк. (1961), камерна-інстр. ансамблі, п’есы для фп., песні, музыка для драм. т-ра, апрацоўкі нар. песень і танцаў. Аўтар аўтабіяграфіі «Маё жыццё і маё мастацтва» (1944—45).

т. 7, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАМЕДЫ́ ФРАНСЭ́З»

(Comédie Franęaise, афіц. назва «Тэатр Франсэ», «Théatre-Franęais),

старэйшы нац. т-р Францыі. Засн. ў 1680 у Парыжы паводле ўказа Людовіка XIV, які аб’яднаў т-р Мальера, што раней зліўся з т-рам «Марэ», і т-р «Бургундскі атэль». Валодаў манаполіяй на выкананне літ. драмы, атрымліваў датацыю, што дазваляла запрашаць лепшых акцёраў. Стаў школай акцёрскага і рэжысёрскага майстэрства. У час франц. рэвалюцыі канца 18 ст. «К.Ф.» распаўся на «Тэатр Нацыі» і «Тэатр Рэспублікі», якія ў 1799 зноў аб’ядналіся пад назвай «К.Ф.». У розны час у «К.Ф.» выступалі Ф.Ж.Тальма, Э.Рашэль, С.Бернар, Б.К.Каклен, Ж.Л.Баро і інш. У наш час «К.Ф.» захоўвае ў рэпертуары творы Мальера, П.​Карнеля, Ж.​Расіна, П.​Бамаршэ, класічныя традыцыі.

т. 7, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАГА́НА (Caragana),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 70 відаў. Пашыраны ва Усх. Еўропе і Азіі. Растуць у стэпах, пустынях, гарах. На Беларусі ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН інтрадукаваны 15 відаў і форм, з іх у зялёным буд-ве выкарыстоўваюць К. дрэвападобную, або жоўтую акацыю (C. arborescens), і кустовую дзеразу, ці чылігу (C. frutex), якія маюць шмат разнавіднасцей і форм.

Лістападныя кусты або невял. дрэвы выш. ад 20 см да 5—7 м. Лісце чаргаванае, парнаперыстаскладанае. Чаранкі і прылісткі некат. відаў відазменены ў калючкі. Кветкі двухполыя, адзіночныя або ў пучках па 2—5, жоўтыя, рэдка белыя ці ружовыя. Плод — струк, пры выспяванні растрэскваецца. Лек., меданосныя, тэхн. і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Карагана.

т. 8, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)