АСТРАШЫ́ЦКІ ГАРАДО́К,

вадасховішча ў Беларусі, у Мінскім раёне, на р. Усяжа (за 52 км ад вусця), правым прытоку р. Гайна (бас. Дняпра). За 18 км на Пн ад Мінска, каля в. Астрашыцкі Гарадок. Створана ў 1946, рэканструявана ў 1970. Пл. 0,6 км², даўж. 2,2 км, найб. шырыня 0,65 км, найб. глыб. 6,5 м, аб’ём вады 1,2 млн. м³. Пл. вадазбору 114 км². Берагі слаба парэзаныя, складзеныя з пяскоў і супескаў, правы ўзгорысты, левы спадзісты. Сярэдні шматгадовы аб’ём сцёку ў створы плаціны 24,6 млн. м³. Зарастае. Месца адпачынку, на беразе дзіцячы санаторый.

Вадасховішча Астрашыцкі гарадок.

т. 2, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСЭ́ТЛЯ (польск. basetla),

басоля, бас, кантрабас, струнны смычковы інструмент нізкага рэгістра, блізкі да віяланчэлі і кантрабаса. Бывае розных памераў, мае 3—4 жыльныя або метал. струны, часам 4 ладавыя адзнакі на грыфе. Смык кароткі, прамы. Вядома ў беларусаў, украінцаў, палякаў, літоўцаў і інш. народаў. На Беларусі была пашырана з 18 ст. ў Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абл. пераважна ў гарадах, мястэчках і буйных вёсках. Выкарыстоўвалася ў нар. інстр. ансамблях-«капэлях». У наш час сустракаецца рэдка. У Рэчы Паспалітай і бел. дакументах 18 ст. басэтляй наз. віяланчэль.

І.​Дз.​Назіна.

Басэтля. Іванаўскі раён Брэсцкай вобл.

т. 2, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Расонскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 3,01 км², даўж. 2,75 км, найб. шыр. 2,25 км, найб. глыб. 7,1 м, даўж. берагавой лініі 10,1 км. Пл. вадазбору 3,1 км².

Схілы выш. да 20 м, стромкія, на ПнЗ і ПнУ да 3—7 м, спадзістыя, пясчаныя, пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, ва ўсх. заліве больш высокія, тарфяністыя, пад лесам і хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, дно глыбей за 2 м выслана глеем і сапрапелем. Вада вельмі празрыстая. Бяссцёкавае. Расліннасць утварае паласу шыр. да 100 м.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка, за 5 км на Пн ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 14,2 км, найб. шыр. 1,18 км, найб. глыб. 3,1 м, даўж. берагавой лініі 5,1 км. Пл. вадазбору 34,7 км².

Катлавіна рэшткавага тыпу, круглаватая, схілы спадзістыя, пясчаныя, на У і З пад лесам, астатнія разараныя. Берагавая лінія ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі сплавінныя, на Пн высокія, разбураюцца хвалямі, на Пд і ПдУ нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, мелкаводдзе пясчанае. Зарастае да глыб. 2 м. Упадае канал Рабінаўка; злучана пратокай з воз. Чорнае. Месца адпачынку.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 14 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1 км², даўж. 1,6 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 19,6 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км. Пл. вадазбору 1,8 км².

Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з ПдЗ на ПнУ. Схілы выш. да 25 м. Берагавая лінія ў зах. частцы ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі спадзістыя, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — заглеены пясок і глеі. Вада празрыстая. Бяссцёкавае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 8—12 м. Расце ахоўная расліна — палушнік азёрны. Месца адпачынку.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Глыбоцкім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Дабрылаўка, за 12 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,55 км², даўж. 1,76 км, найб. шыр. 870 м, найб. глыб. 9,8 м, даўж. берагавой лініі 5,36 км. Пл. вадазбору 8,21 км².

Схілы катлавіны выш. да 22 м, разараныя, месцамі парослыя хмызняком. Берагі зліваюцца са схіламі, у асобных месцах нізкія. Падводная частка катлавіны складанай будовы, мае выгляд трох плёсаў. Дно каля берагоў пясчанае, месцамі глеіста-гліністае. Шыр. паласы расліннасці 5—80 м да глыб. 2 м. Выцякае ручай у р. Дабрылаўка.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Брэсцкім раёне, у бас. Серадовай Рэчкі, за 30 км на Пд ад Брэста. Пл. 0,5 км², даўж. 1,03 км, найб. шыр. 600 м, найб. глыб. 21,5 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 140 км².

Схілы катлавіны невысокія, пясчаныя, пад лесам. Берагі пясчаныя, з паўн. боку сплавінныя. Дно да глыб. 2 м складзена з заглееных пяскоў, глыбей — сапрапелістае. Слаба зарастае, пераважна ў паўн. і паўд.-ўсх. частках; шыр. паласы расліннасці 5—10 м. Каналамі злучана з азёрамі Рагазнянскае і Чорнае. Каля возера зона адпачынку, курорт і турбаза.

т. 2, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ НІЛ, Бахр-эль-Аб’яд,

назва р. Ніл у Судане, ад месца ўпадзення левага прытока р. Эль-Газаль да вусця Блакітнага Ніла. Даўж. 957 км, пл. бас. 1059 тыс. км². Важны прыток р. Собат (у час паводкі прыносіць шмат завіслага матэрыялу, які надае вадзе белаватае адценне; адсюль назва). Ад вусця Собата да вусця Блакітнага Ніла цячэнне запаволенае. Сярэдні расход вады ў вярхоўі каля 450 м³/с, ніжэй упадзення Собата павялічваецца да 800 м³/с (макс. — да 1500 м³/с). За 40 км ад г. Хартум — плаціна Гебель-Аулія. Воды Белага Ніла выкарыстоўваюцца на арашэнне. Рыбалоўства. Суднаходства.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГ-БЭ́НД (англ. big band),

тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.​Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.​Дорсі, А.​Шоу, Ч.​Уэба, К.​Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.​Гараняна, А.​Крола (Расія), К.​Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗКАЎСХО́ДНІ ФАСФАРЫТАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,

на ПнУ Афрыкі і сумежнай тэр. Усх. Міжземнамор’я. Займае вял. ч. тэр. Егіпта, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі, Ізраіля, Ірака, Сірыі, Лівана і паўд. Турцыі. Даўж. басейна каля 2000 км. Пл. каля 1 млн. км². Першыя радовішчы адкрыты ў 1896—1908 у даліне р. Ніл і на зах. узбярэжжы Чырвонага м., большасць выяўлена ў 1950—60-х г. у краінах Б. Усходу. Прамысл. залежы ў выглядзе пластоў (магутнасць 2—6 м). Распрацоўка радовішчаў бас. ў Егіпце, Іарданіі, Ізраілі, Сірыі. Б. ч. таварных фасфарытных канцэнтратаў (P2O5 больш за 30—33%) экспартуецца ў краіны Еўропы і Азіі.

т. 3, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)