нэ́ндза, ‑ы.
Разм.
1. ж. Незабяспечанасць сродкамі існавання; галеча, беднасць. [Крочак:] — Ці плакаў я? Скажу адкрыта — Не надта борзды я да слёз. Я сіратою ў нэндзе рос. Колас. Ляснік жыве ў нэндзы і раптам выкладае сыну цэлы рубель. Лужанін.
2. м. і ж. Той (тая), хто ўвесь час ные, скардзіцца; нуда (у 2 знач.). Вочы ў Віці павільгатнелі, ён гатоў быў заплакаць.. — Ой і нэндза, — папракнуў Юрка сябра тым словам, якім папракала часам маці яго самога, калі ён крыўдзіўся за што-небудзь і плакаў. Хадкевіч.
3. ж. Тое, што і нуда (у 1 знач.). — Яшчэ два дні і з нэндзы памёр бы, — кажа Позняк на вуліцы. Мурашка.
[Польск. nędza.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.
Разм.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.
2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пату́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм.
1. Тупаць некаторы час; тупнуць некалькі разоў. Стары патупаў у парозе, ускінуў на плечы мяшэчак, намацаў клямку і пайшоў. Грахоўскі. Мужчыны патупалі на ганку, каб абабіць снег. Лобан.
2. Пахадзіць туды-сюды. Параўняўшыся з тым ляском, дзе калісь натрапіліся баравікі, настаўнік збочыў з дарогі, патупаў па лесе, а потым прысеў на гладка спілаваны дубовы пень. Колас. Пархвен як сам не свой патупаў па дварэ, зазірнуў ва ўсе куткі, увайшоў у хату. Чорны.
3. Пайсці, накіравацца куды‑н. Мужчыны зарагаталі. Пад рогат гэты Глушак устаў і ціха патупаў да сваёй хаты. Мележ. Усе пайшлі спаць, а маці патупала ў камору збіраць Максіму клумак у дарогу. Машара.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыгажу́ня, ‑і, ж.
1. Прыгожая жанчына. Сама Таня, стройная прыгажуня, сядзела за сваім сталом, бразгаючы лічыльнікамі і зрэдку прыслухоўваючыся да размоў. Лупсякоў. Насця Рагіна карысталася славай прыгажуні на ўвесь сельсавет. Шамякін. // Разм. У звароце да жанчыны або дзяўчыны. Сядзіць у малым пакойчыку дзяўчына з русымі косамі. Загледзеўся Іван на яе. — Хто ты будзеш, прыгажуня? — пытаецца. Якімовіч.
2. Аб кім‑, чым‑н. прыгожым. Пад паплаўком, у тым таямнічым падводным царстве, куды патанула прынада, прачнулася ўжо далікатная прыгажуня плотка. Брыль. Я спяваў аб роднай пушчы, Аб ялінах-прыгажунях, А згадаў ён пальмаў засень, Сцежкі тыгравыя ў джунглях. Гілевіч.
•••
Пісаная прыгажуня — вельмі прыгожая, такая, як на малюнку.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разва́га, ‑і, ДМ ‑вазе, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважаць 1 і разважыць 2; роздум. Раздумаў, разважыў Мікітка — Развагам навучыць бяда. Колас.
2. Думка, меркаванне, вывад, якія з’явіліся ў выніку роздуму, разважання. Я сяджу ў кабінеце, слухаю цікавыя развагі пра людзей і часам нібы нават бачу іх перад сабою. Кулакоўскі. Рэшту сала .. [брат] палажыў у кішэню з развагаю: — А гэта я занясу дадому Марыльцы. Чорны.
3. Тое, што і разважлівасць. Траціць развагу. □ Цвёрдая воля і здаровая развага [Бумажкова] адразу выявілася ў тым, што атрад стаў у першыя ж дні свае дзейнасці на самыя важныя ўчасткі. Чорны. [Кастусь] любіў са старэчаю развагаю гутарыць пра народнае жыццё і сялянскую долю. С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разважа́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разважаць 1.
2. Думкі, меркаванні, вывады, якія з’явіліся ў выніку роздуму над чым‑н. — Справа Карпавіча закончана, нават суд адбыўся. Звычайна яны падсаджваюць правакатараў да такіх палітвязняў, над якімі яшчэ ідзе следства. — Наіўнае разважанне! Хто ім забароніць узнавіць справу, калі з’явяцца новыя матэрыялы? Машара.
3. звычайна мн. (разважа́нні, ‑яў). Выказванні, размовы. Прося ў сваіх разважаннях ніколі не вызначалася лагічнай паслядоўнасцю — так было і на гэты раз. Васілевіч. — Верас! А-а-а!.. — здзівілася Юзя, але траціць часу на разважанні не стала. Бажко. Цяпер нярэдка можна пачуць разважанні аб тым, што байка, нібыта, аджыла ўжо свой век. Казека.
•••
Без разважання — адразу, доўга не думаючы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сарамлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка саромеецца, бянтэжыцца; нясмелы. Сарамлівы ад прыроды, Пятро заўсёды адчуваў сябе няёмка і быў нязграбны сярод незнаёмых. Шамякін. Алёша ніколі не танцаваў. Ён быў сарамлівы, ніколі не жартаваў з дзяўчатамі, моўчкі трымаўся ў баку ад іх. Дуброўскі. // Які выяўляе хваляванне, збянтэжанасць, нясмеласць. [Андрэй] усміхнуўся: усмешка ў яго была добрая, нібы сарамлівая. Мележ. Голас гарманіста вінаваты, сарамлівы. Бядуля. // Поўны хвалявання, збянтэжанасці, нясмеласці. Любоў гэта сапраўдная — чыстая і сарамлівая. У. Калеснік.
2. Непрыстойны. Калі Язэп апавядаў аб сваім блуканні, аб тым, як цяжка ажаніцца, а яшчэ цяжэй даказаць без метрыкі валасному старшыні, што радзіўся, Настуля трэслася ад злосці і лаяла ўсіх самымі сарамлівымі словамі... Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
саха́, ‑і, ДМ сасе; мн. сохі, сох; ж.
1. Прымітыўная драўляная сельскагаспадарчая прылада для ворыва. Тым часам з дому для падмогі, Саху забраўшы і нарогі, Антось прыехаў і на грэчку Узняў маргоў са два папару. Колас. Сохі і драўляныя бараны пайшлі ў архіў. Чорны.
2. Гіст. Адзінка падатковага абкладання ў Расіі ў 13–17 стст.
3. Слуп з развілкай на канцы, які ўжываецца пры будаўніцтве чаго‑н. як апора. Да абеду гумно абадралі: свіцілася голае — сохамі, кроквамі, рабрынамі жэрдак. Мележ. Уся.. [клуня], разам з гэтымі шуламі, сохамі, кроквамі і латамі, і ўсе гаспадарскія прылады ў ёй зроблены рукамі дзеда Баўтрука. Колас.
4. Рогі лася. І раптам — [лось] сохі выкінуў свае. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́хасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць і стан сухога (у 1, 2, 5–12 знач.). Сухасць паветра. Сухасць скуры. □ Нашых літаратараў часамі слушна папракаюць у лексічнай беднасць, у сухасці мовы. Скрыган. Пачуццёвая сухасць з’явілася тут не ад беднасці таленту. Каваленка.
2. Адсутнасць або недахоп вільгаці дзе‑н. Язэп напіўся прыгаршчамі вады; горкая сухасць у роце знікла. Асіпенка. Вылі ў паветры цеплыня, сухасць, кедравы водар з лясоў на тым баку (далёкіх, далёкіх!). Караткевіч.
3. перан. Сухое, халоднае абыходжанне з кім‑н., выраз намеранай стрыманасці. З Ігнасёвымі словамі сухасць сплыла з .. твару [дзяўчыны] і гуллівая вясёласць заіграла на шчоках. Мурашка. Нядаўнюю сухасць і дзелавітасць у камандзіра ўзвода нібы ветрам здзьмула. Курто.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
траге́дыя, ‑і, ж.
1. Драматычны твор, у аснове якога ляжыць непрымірымы жыццёвы канфлікт, сутыкненне характараў і пад., што часцей за ўсё канчаецца смерцю героя. Трагедыі У. Шэкспіра. Трагедыя А. С. Пушкіна. // Пастаноўка на сцэне такога твора. Ставіць трагедыю.
2. Жудасная, страшная падзея; няшчасце. Тужлівую песню спяваў бор, сведка шматлікіх падзей, людскога шчасця і чалавечых трагедый. Гурскі. Стэп, дзе разыгралася жудасная трагедыя, стаў называцца Акмолінскім. Васілёнак. // Перажыванне, безвыходнае становішча, якое прыносіць цяжкія пакуты. Купала бачыў сацыяльную трагедыю працоўнага сялянства ў тым, што яно пазбаўлена самага галоўнага — жыццёвай асновы, зямлі. Івашын. [Раечка:] — У гэтым жа і ўся трагедыя, што я скора не здолею працаваць. Лобан.
•••
Рабіць трагедыю з чаго гл. рабіць.
[Грэч. tragōdia.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)