няпэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Не зусім выразны, няясны. У паўзмроку.. вельмі мала што можна было ўбачыць. Трохі віднеліся няпэўныя абрысы тых дрэў, што раслі бліжэй к хаце. Кулакоўскі. Фарба на.. [куфры], некалі чырвоная, месцамі пацямнела і мела цяпер няпэўны буры колер. Сіўцоў. // Пра пачуцці, уяўленні, адчуванні і пад. І ўвесь вечар не пакідала.. [Аню] нейкая незразумелая не то трывога, не то няпэўнае чаканне. Васілевіч. Нейкі няпэўны настрой авалодвае Андрыянам. І светла на сэрцы ад сустрэчы з Юлькай, і точыць сумненне ці пакахае яна яго. Марціновіч.
2. Дакладна не ўстаноўлены. Была ў вагоне яшчэ жанчына з дзіцем на руках, малады мужчына ў сінім камбінезоне, чалавек няпэўнага ўзросту ў чорным бліскучым плашчы. Васілёнак.
3. Пазбаўлены цвёрдасці, упэўненасці, нерашучы. За дзвярыма пачуліся няпэўныя крокі босага чалавека. Бядуля. [Гвардыян] мацней захінуўся ў футра і няпэўнаю ступою пасунуўся да дзвярэй. Зарэцкі.
4. Такі, у якім нельга быць поўнасцю ўпэўненым; ненадзейны. Няпэўныя звесткі. Няпэўнае становішча. □ Пра дзяўчынку хоць трошкі было вядома, а наконт хлопчыка ўзнікалі розныя думкі і вельмі няпэўныя .. меркаванні. Кулакоўскі. Лічачы гэтую справу няпэўнай, дырэктар трымаў яе пакуль што ў сакрэце. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
1. Наступіць, надысці, настаць (пра час, якую‑н. справу, патрэбу). Прыспела чарга. □ Ісці ў дарогу час прыспеў — Дарога ж многа з’яў хавае. Колас. Толькі адкасіліся — жніво прыспела. «Беларусь».
2. безас. Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. [Адась:] — Што табе гэтак прыспела з каламажкаю? [Антось:] — Заўтра ў мястэчка паеду. Калюга. Мокры, стомлены, галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, — разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор’е чорт ведае куды. Шашкоў. На платформах яшчэ сюды-туды, едзь, калі табе так прыспела, а тут былі таварныя вагоны, прытым з нейкім важным грузам. Нядзведскі.
3. Разм. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. Крыўдным і незразумелым для Віці было заўсёды тое, што ніхто не прыспеў на бацькаў крык. Кулакоўскі. — То бачу, як гарыць мая хата, то чую, як наракае на мяне мая Поля, што не прыспеў у час. Сачанка. // Паспець, не спазніцца. Звечара.. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан.
4. каго-што. Разм. Застаць, заспець. За гэтым заняткам прыспеў .. [Энрыка] аднаго разу Сымон і з уласцівай людзям яго характару шпаркасцю вырашыў, што Энрыка можа дапамагчы. Мікуліч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяро́, ‑а́; мн. пёры (з ліч. 2, 3, 4 пяры́), пёраў; н.
1. Рагавы стрыжань з пушыстымі адросткамі па баках, які вырастае на скуры птушак. Страусавае пяро. □ Ляцелі жураўлі ад цёплых плёсаў, Ганяючы то крыкі, то пяро. Пысін.
2. Металічная выгнутая пласцінка з расшчэпленым канцом для пісання чарнілам, тушшу. Стальное пяро. Чарцёжнае пяро. Нотнае пяро. Плакатнае пяро. □ Я рашуча адсунуў ад сябе сшытак, паклаў пяро і ўстаў з-за стала. В. Вольскі. // Завостранае вялікае птушынае пяро, якое ўжывалася для пісання чарнілам да паяўлення металічных пёраў. Гусінае пяро. □ Пяро, якім мы пішам, атрымала сваю назву ад птушынага пяра, якое ўжывалася ў свой час у якасці прылады для пісьмо. Юргелевіч.
3. перан.; толькі адз. Ужываецца як сімвал працы пісьменніка, яго прафесіі. Першыя спробы пяра маладога паэта [А. Александровіча] вельмі прыхільна былі сустрэты гурткоўцамі. Хведаровіч.
4. Разм. Зялёны ліст цыбулі ці часнаку.
5. Спец. Лопасць у розных інструментах, прыладах і пад. Пяро руля.
•••
Вечнае пяро — тое, што і аўтаручка.
Адным росчыркам пяра гл. росчырк.
Валодаць пяром гл. валодаць.
Выйсці з-пад пяра гл. выйсці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.
1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.
2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.
3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скок 1, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. скакаць (у 7 знач.). Цяжкі скок каня. // у знач. прысл. ско́кам. Разм. Скачкамі; наўскач. Пасля размовы са сваім земляком, Яўхім кінуўся скокам з шастом да вады. Ракітны. // Разм. Скачок. У два скокі апынуцца ля акна. □ Здавалася, што .. [Апанас] вось-вось чакаў з кустоў скоку якога-небудзь ворага. Пестрак.
2. Тое, што і скокі. Нават стары Позняк, і той гатоў быў ўскочыць з лаўкі і закруціцца ў шалёным скоку з Янінаю. Мурашка.
•••
На жабін скок — вельмі мала.
На скаку; на ўсім (поўным) скаку — у час руху наўскач. Шмат было тады ў стэпе дзікіх коней, і не кожны батыр мог на скаку накінуць на шыю важаку табуна аркан. Даніленка.
То бокам то скокам гл. бокам.
скок 2, выкл. у знач. вык.
Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. скакаць — скокнуць. Конь спужаўся, а я — скок на яго ды наўскапыта ў лес! Колас. А жабка як квакне — ды скок у ставок... Грамыка. [Пятро:] — Успомніў пра ружжо і — скок назад у хату, а госць [воўк] тут і выкінуў свой манеўр. Ракітны.
•••
Скок-паскок (нар.-паэт.) — скача, паскоквае, паскакаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чачо́тка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі. Хомчанка.
2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку. Чорны. // Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу. Гроднеў. / у перан. ужыв. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка. А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой. Прануза.
чачо́тка 2, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі. Брыль. // Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сам- обл., уст., первая часть неизменяемых прил. со знач.
1. (во столько-то раз больше);
сам-дру́г у два разы́ (больш, бо́льшы за што);
сам-трете́й у тры разы́ (больш, бо́льшы за што);
урожа́й сам-пя́т ураджа́й у пяць разо́ў бо́льшы ад насе́ння;
2. (столько-то, считая вместе с действующим лицом);
сам-дру́г удву́х (удзвю́х, удваі́х);
сам-трете́й утро́х (утраі́х);
сам-четвёрт учатыро́х (учацвяры́х);
сам-шёст ушасцёх (ушасцяры́х);
сам-сём усямёх (усемяры́х);
сам-восьмо́й увасьмёх (увасьмяры́х);
сам-девя́т удзевяцёх (удзевяцяры́х);
сам-деся́т удзесяцёх (удзесяцяры́х);
я сам-дру́г с тобо́ю я ўдвух (удзвю́х, удваі́х) з табо́ю.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
Quae nocent, docent
Што шкодзіць, тое вучыць.
Что вредит, то учит.
бел. Бяда дакучыць, тады чалавека розуму навучыць. Бяда хоць мучыць, ды жыць вучыць. Пасля бяды кожны разумны. Хто не бачыў гора, таму шчасце не прынясе радасці. Без мукі няма навукі.
рус. Что мучит, то учит. Золото не в золото, не побывав под молотом. Что вымучит, то и выучит. Намучишься ‒ поучишься. Не испортив дела, мастером не станешь. Идти в науку ‒ терпеть муку.
фр. Adversité est l’école des grands hommes (Несчастье ‒ школа великих людей).
англ. No gain without pain (Ничего без мук не получишь).
нем. Leiden sind Lehren (Мучение ‒ учение).
Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)
аздо́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго-што.
Упрыгожыць, надаць прыемны выгляд. Аздобіць сцены мазаікай. □ Даніла Саротнік стаў ля.. [дзяўчат], і хутка яго юнацкі басок аздобіў песню мужчынскім голасам. Чарнышэвіч. Шукаем, творым мы багацце ўпарта на полі, у горах, дзе хто мае змогу, каб ім аздобіць сонечнае заўтра. Дубоўка. Прарэзала неба вясёлка дугой, Аздобіла далі красою сваёй. Журба. // перан. Зрабіць больш поўным, багатым на ўнутраны змест. Казку дзіўную чуў у юнацтве: Некі волат, ці то чарадзей, Стагоддзі правёў у бунтарстве, Каб аздобіць шчасцем людзей. Чарот.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
выхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да выйсці (у 1–5, 7, 8 і 10 знач.).
2. Быць накіраваным у які‑н. бок. Вокны малога пакоя выходзілі на кірмашовы пляц. Чорны.
3. з чаго. Грунтавацца на чым‑н. Выходзіць з меркавання.
4. у знач. пабочн. Значыць, як вынікае. Але ж, выходзіць, пра .. [схованкі] ведаў і нехта трэці. Якімовіч. — Муруеш, выходзіць? — хмура перапытваў.. [брыгадзір]. — Ну, то муруй, муруй... Вышынскі.
•••
З галавы (з памяці, з думак) не выходзіць — пастаянна думаць пра што‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)