прыстасаванне для адмервання (дазіравання) зададзеных масы або аб’ёму вадкіх ці сыпкіх матэрыялаў. Бываюць вагавыя (адмерваюць па масе) і аб’ёмныя (па аб’ёме), перыядычнага (дыскрэтнага) і бесперапыннага дзеяння, адна- і шматкампанентныя (з паслядоўным дазіраваннем некалькіх матэрыялаў), з ручным і аўтам. кіраваннем.
Д. перыяд. дзеяння звычайна маюць бункерную кампаноўку, выкарыстоўваюцца ў тэхнал. працэсах з верт. размяшчэннем абсталявання. Д. бесперапыннага дзеяння — бункернага і стужачнага тыпаў, выкарыстоўваюцца ў працэсах з гарыз. размяшчэннем абсталявання і канвеерным транспартаваннем матэрыялаў. Аб’ёмныя і аб’ёмна-вагавыя Д. робяць у выглядзе карэтачнай, стужачнай, пласціністай або вібрацыйнай сістэмы (напр., у асфальтазмешвальных устаноўках). Д. выкарыстоўваюць у вытв-сці буд. матэрыялаў, у металургіі, хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, на транспарце, у гандлі і інш.
І.І.Леановіч.
Схемы дазатараў: а — аб’ёмнага (1 — мерная пасудзіна, 2 — матэрыял, які дазіруецца; 3 — адсякальнік, што закрывае мерную пасудзіну і знімае лішкі матэрыялу); б — вагавага (1 — засаўка, якая прадухіляе паступленне матэрыялу на стужку да запаўнення мернай ёмістасці 2, 3 — транспарцёр); в — штучнага (1 — бункер, 2 — загатоўкі, 3 — адсякальныя штыфты, 4 — фотаэлемент, 5 — лічыльнік загатовак, 6 — крыніца святла).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІНЖЫНЕ́РЫЯ, генная інжынерыя,
раздзел малекулярнай біялогіі, звязаны з мэтанакіраваным канструяваннем новых спалучэнняў генаў, якіх няма ў прыродзе. Узнікла ў 1972 (П.Берг, ЗША). Разам з клетачнай інжынерыяй ляжыць у аснове сучаснай біятэхналогіі. Генетычная інжынерыя засн. на даставанні з клетак якога-небудзь арганізма гена (які кадзіруе неабходны прадукт) або групы генаў і злучэнні іх са спец. малекуламі ДНК (т.зв. вектарамі), здольнымі пранікаць у клеткі інш. арганізма (пераважна мікраарганізмаў) і размнажацца ў іх. Гал. значэнне пры генетычнай інжынерыі маюць ферменты — рэкстрыктазы, кожны з якіх рассякае малекулу ДНК на фрагменты ў вызначаных месцах, і ДНК-лігазы, што сшываюць малекулы ДНК у адзінае цэлае. Пасля выдзялення і вывучэння такіх ферментаў стала магчыма стварэнне штучных генет. структур. Рэкамбінантная малекула ДНК мае форму кальца, дзе размешчаны ген (гены) — аб’ект генет. маніпуляцый і вектар (фрагмент ДНК, які забяспечвае размнажэнне ДНК і сінтэз канчатковых прадуктаў жыццядзейнасці генет.сістэмы — бялкоў). Генетычная інжынерыя адкрывае новыя шляхі вырашэння некат. праблем генетыкі, медыцыны, сельскай гаспадаркі. З дапамогай генетычнай інжынерыі атрыманы шэраг біялагічна актыўных злучэнняў: інсулін і інтэрферон чалавека, авальбумін, калаген і інш. пептыдныя гармоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛАЗАІ́ЗМ (ад грэч. hylē матэрыя + zōē жыццё),
філасофскае вучэнне пра ўсеагульную адушаўлёнасць матэрыі. У навук. ўжытак тэрмін уведзены ў 1678 англ. філосафам Р.Кедвартам. Гілазаізм — лагічнае дапушчэнне пра адзінства, цэласнасць, самаразвіццё свету, яго праявы адрозніваюцца толькі ўзроўнем развіцця, а не сутнасцю. На аснове такой канцэптуальнай схемы ўзніклі блізкія да гілазаізму вучэнні — пантэізм, панпсіхізм, а таксама вучэнне пра адлюстраванне як усеагульную ўласцівасць матэрыі. Паводле гэтай канцэпцыі, не толькі элементарныя жыццёвыя працэсы, але і складаныя інфарм.сістэмы, што генерыруюць пачуццёвасць, псіхіку і мысленне, маюць натуральнае паходжанне. У стараж.-грэч. філасофіі ідэі гілазаізму распрацоўвалі прадстаўнікі натурфіласофіі (Фалес, Анаксімен, Геракліт, Эмпедокл і інш.). У эпоху Адраджэння гілазаізм у форме пантэізму складаў істотную частку філасофіі Н.Кузанскага, Б.Тэлезіо, Дж.Бруна. Мысленне як уласцівасць, характэрную для ўсёй прыроды, як атрыбут матэрыі разглядаў Б.Спіноза. Франц. матэрыялісты 18 ст. (Д.Дзідро, Ж.Рабінэ) абгрунтоўвалі субстанцыяльны характар адчуванняў, прызнавалі агульную адушаўлёнасць матэрыі. Усеагульнасць уласцівасці адлюстравання знаходзіць пераканаўчае і практычнае пацвярджэнне ва ўсёй сістэме тэхн. забеспячэння сучаснага інфарм. працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНУІ́ЗМ,
адна з 2 галоўных (поруч з шываізмам) плыней у індуізме; бхактысцкая форма рэлігіі, якая ідзе ад эмац. спасціжэння бога праз любоў і адданасць. Пашыраны ў Паўн. Індыі. Пакланяюцца пераважна богу-ахоўніку Вішну, дапускаецца таксама пакланенне ведыйскім і мясц. дамашнім багам. Святыя кнігі вішнуізму «Бхагавадгіта» і «Бхаватапурана» даюць уяўленне пра найвышэйшую мэту душы — вызваленне, магчымае ў выніку пазнання чысціні душы, боскасці яе і ідэнтычнасці з усяленскім вышэйшым духам і пра шляхі дасягнення гэтай мэты: ёгу, што прыводзіць да змены свядомасці, да атаясамлівання душы адэпта з бажаством; джняну-марге — накірунку думкі на бажаство для пазнання яго безаблічнай сутнасці і самаатаясамленага з ім адэпта; карму-марге, якая мае на ўвазе бескарыслівае дзеянне і служэнне людзям, што раўназначна шанаванню бога; бхакці-марге — адданасці і эмацыянальнай любові да бога. Развіццё вішнуізму ўзмацнілася на пач.н.э. як рэакцыя на замацаванне і ўскладненне каставай сістэмы. 4 вішнуісцкія секты, заснаваныя Рамануджам (11 ст.), Німбаркам (12 ст.), Мадхвам (13 ст.), Чайтаньям (16 ст.), нягледзячы на розніцу ў догмах, абвяргаюць канцэпцыю ілюзорнасці свету і прызнаюць рэальнасць і індывідуальнасць душы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
інструментальны сродак (або сукупнасць сродкаў) для апрацоўкі інфармацыі, у т. л. вылічэнняў, кіравання, рашэння задач. Бываюць мех., эл., электронныя, гідраўл., пнеўматычныя, аптычныя і камбінаваныя; у залежнасці ад формы выяўлення інфармацыі адрозніваюць аналагавыя вылічальныя машыны, лічбавыя вылічальныя машыны і гібрыдныя вылічальныя сістэмы.
Першы праект універсальнай «аналітычнай машыны» (гіганцкага арыфмометра з праграмным кіраваннем, арыфм. і запамінальным блокам), які, аднак, не быў поўнасцю рэалізаваны, распрацаваў англ. вынаходца і матэматык Ч.Бэбідж у 1883. Асн. ідэі праекта закладзены ў аснову работы сучаснай вылічальнай машыны: праграма вылічэнняў захоўваецца ў памяці машыны і выконваецца аўтаматычна. Развіццё электратэхнікі і радыёэлектронікі прывяло да стварэння ў 1930-я г. спецыялізаваных аналагавых вылічальных машын. Першыя электронныя вылічальныя машыны, заснаваныя на выяўленні інфармацыі ў лічбавай двайковай форме, распрацаваны ў 1940-я г. на аснове развіцця эл. пераключальных схем у аўтам.тэлеф. сувязі, электроннай кантрольна-вымяральнай апаратуры, радыёлакацыі. Гл. таксама Вылічальная машына «Мінск», Вылічальная тэхніка, Вылічальны цэнтр, Вылічальная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎС ((Gauß) Карл Фрыдрых) (30.4.1777, г. Браўншвайг, Германія — 23.11.1855),
нямецкі матэматык, астраном і фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1804), акад. Парыжскай (1820) і Пецярбургскай (1824) АН. Вучыўся ў Гётынгенгскім ун-це (1795—98), з 1807 праф. і дырэктар астр. абсерваторыі гэтага ун-та. Навук. працы па матэматыцы, астраноміі, фізіцы і геадэзіі. Даказаў асн. тэарэму алгебры пра існаванне хоць бы аднаго кораня ва ўсякім алгебраічным ураўненні, прапанаваў метад вылічэння эліптычнай арбіты нябеснага цела Сонечнай сістэмы па трох назіраннях. У 1832 стварыў абс. сістэму адзінак (міліметр, міліграм, секунда), разам з В.Веберам пабудаваў першы ў Германіі эл.-магн. тэлеграф (1833). Вывучаў зямны магнетызм, распрацаваў тэорыю патэнцыялу і сфармуляваў асн. тэарэму электрастатыкі (гл.Гаўса тэарэма). Заклаў матэм. асновы вышэйшай геадэзіі, прапанаваў найменшых квадратаў метад. Распрацаваў тэорыю пабудовы відарысаў у складаных аптычных сістэмах (1840), выказаў думку пра канечнасць скорасці распаўсюджвання эл.-магн. узаемадзеянняў, прыйшоў да высновы аб магчымасці існавання нееўклідавай геаметрыі.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. тр. по земному магнетизму. Л., 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
зямная прырода, частка геаграфічнай абалонкі, якая асвоена чалавекам, уключана ў грамадскую вытворчасць і з’яўляецца неабходнай умовай існавання грамадства. Мае складаную структуру суадносін прыродных і антрапагенных кампанентаў, што ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, уздзейнічаюць адзін на аднаго і ўтвараюць складаныя сістэмы. Асаблівасці геаграфічнага асяроддзя выяўляюцца праз разнастайнасць прыродных умоў розных рэгіёнаў і краін (клімат, рэльеф, глебы, расліннасць і інш.), уздзейнічаюць на жыццё грамадства, вызначаюць характар і спосабы прыродакарыстання. Пастаяннае пераўтварэнне геаграфічнага асяроддзя пад уплывам чалавечай дзейнасці, насычанасць антрапагеннымі элементамі адбываюцца на працягу ўсяго жыцця чалавецтва, вызначаюць узровень гаспадаркі, паскараюць або запавольваюць яго развіццё. З расшырэннем сферы дзейнасці чалавека ў ходзе грамадскага развіцця і росту вытв. сіл геаграфічнае асяроддзе ахоплівае ўсё б.ч.геагр. абалонкі. Ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу рэзка мяняецца сам змест адносін чалавека і геаграфічнага асяроддзя. Дзейнасць чалавека прыводзіць да забруджвання навакольнага асяроддзя і ўплывае на механізм самарэгуляцыі ў прыродзе. Таму перад чалавецтвам усё больш востра паўстаюць праблемы экалогіі, устанаўлення гарманічных адносін грамадства і геаграфічнага асяроддзя. Для ацэнкі стану і якасці геаграфічнага асяроддзя выкарыстоўваецца тэрмін прыроднае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯБІЯЛО́ГІЯ (ад гелія... + біялогія),
раздзел біялогіі, які вывучае сувязі сонечнай актыўнасці з рознымі з’явамі ў біясферы Зямлі. На існаванне такіх сувязей указваў у канцы 19 ст.Арэніус, навукова абгрунтаваў гэтую з’яву ў 1915 А.Л.Чыжэўскі — адзін з заснавальнікаў геліябіялогіі. Сонца ўплывае на жывыя арганізмы непасрэдна (электрамагнітныя выпрамяненні і пратоны высокіх энергій сонечных успышак) або ўскосна праз уплыў сонечнай радыяцыі на іанасферу, магнітасферу і атмасферу Зямлі. Геліябіялогія вывучае ролю гэтых фактараў у функцыянаванні біял. сістэм, іх заканамернасці і механізмы дзеяння. Выяўлена перыядычнасць біял. працэсаў, звязаная з 11-гадовым і больш працяглымі цыкламі сонечнай актыўнасці, а таксама з 27-сутачным абарачэннем Сонца вакол сваёй восі. Лічаць, што сонечная актыўнасць уплывае на ваганні ўзроўню захваральнасці, смяротнасці і функцыянальны стан нервовай сістэмы людзей, на ўраджайнасць раслін, інтэнсіўнасць размнажэння і міграцыі жывёл і інш. Гэтыя з’явы могуць перыядычна паўтарацца або мець аперыядычны характар, які звязваюць з уплывам геамагнітных бур, што ўтвараюцца пасля ўспышак на Сонцы. Вывучэнне прыроды і прагназаванне з’яў геліябіялогіі важныя для экалогіі, касм. біялогіі, сельскай гаспадаркі, медыцыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ,
навучальная ўстанова ў Гродне ў 1625—1773. Уключаў вучэбныя і жылыя памяшканні, б-ку (у 1773 — 2373 кнігі), аптэку (засн. ў 1687), сад, гасп. будынкі, касцёл Францыска Ксаверыя (гл. ў арт.Гродзенскі кляштар езуітаў). Яго пабудовы займалі цэлы квартал горада. Калегіум складаўся з 2 аддзяленняў: малодшага, якое мела 5 класаў (апошні — 2-гадовы), і старэйшага, 3-гадовага. Выкладаліся традыцыйныя для калегіума прадметы: «сем вольных мастацтваў», тэалогія, класічныя мовы і інш. З 1667/68 навуч.г. ўсе настаўнікі калегіума мелі вучонае званне прафесара. У 1707 пры калегіуме адкрыта муз. бурса, пры ёй дзейнічала капэла (у 1773 мела 63 муз. інструменты). На 1773 калегіум валодаў 7 фальваркамі і 25 вёскамі ў Гродзенскім пав., у якіх было 240 дымоў. Пасля роспуску ў 1773 ордэна езуітаў будынкі і маёмасць калегіума перададзены Адукацыйнай камісіі, пазней — урадавым установам. Касцёл ператвораны ў фарны (прыходскі). Калегіум адыграў значную ролю ў пашырэнні ўплыву каталіцкай царквы на З Беларусі, яго дзейнасць спрыяла зацвярджэнню еўрап.сістэмы адукацыі на Гродзеншчыне. У ліку яго выхаванцаў асветнік і астраном М.Пачобут-Адляніцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЫВІДУА́ЛЬНАЕ НАВУЧА́ННЕ,
форма арганізацыі вучэбных заняткаў, пры якой настаўнік непасрэдна працуе толькі з адным вучнем. Пашырэнне атрымала ў сярэдневякоўі. На бел. землях выкарыстоўвалі ў школах пры цэрквах, манастырах, княжацкіх дварах, а таксама «майстры граматы» (вандроўныя настаўнікі). На І.н. апіралася рамеснае вучнёўства. У 16—17 ст.брацкія школы, пратэстанцкія і інш. сталі выкарыстоўваць элементы класна-ўрочнай сістэмы, якая дазваляла ахапіць навучаннем большую колькасць навучэнцаў і паступова выцесніла І.н. Аднак пры класна-ўрочнай сістэме навучання цяжка ўлічыць індывід. асаблівасці вучняў і стварыць аптымальныя ўмовы для рэалізацыі іх патэнцыяльных магчымасцей. У 1920—30-я г. сусветная пед. практыка вяртаецца да І.н. ў выглядзе Дальтан-плана, Вінетка-плана, метаду праектаў і інш.; у 1960-я г. пашырылася праграмаванае навучанне, з сярэдзіны 1980-х г. — камп’ютэрызацыя. Элементы І.н. выкарыстоўваюцца і ў сучаснай пед. практыцы пры індывідуалізацыі навучання — арганізацыі навуч. працэсу з улікам індывід. асаблівасцей вучня. І.н. арганізуецца для дзяцей, якія па стану здароўя не могуць наведваць школу, а таксама ў форме рэпетытарства пры падрыхтоўцы для паступлення ў навуч. ўстановы.