Тушо́нчыкі ‘смолка лугавая’ (ТС). Рэдкая назва расліны Viskaria L., звязаная, хутчэй за ўсё, з яе знешнім выглядам — ружова-чырвоным колерам кветак, што стварае ўражанне падсмаленасці («падсмажанасці»), параўн. некаторыя з яе іншамоўных назваў: укр.horyćvit, vohnyk (Макавецкі, Sł. botan.). Да тушыць1, 2, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕРТЫЦЫЛЁЗ,
хвароба, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду Verticillium. Найб. часта пашкоджвае клён, ліпу, дуб, конскі каштан, ільмовыя і многія інш. дрэвавыя пароды, кусты і травяністыя расліны. Асабліва небяспечны для маладых раслін. На Беларусі адзначаны на лісцевых пародах у Брэсцкай і Гомельскай абласцях.
Пры вертыцылёзе закупорваюцца сасуды дрэў, у выніку пашкоджваецца іх водапранікальная сістэма і галінкі або ўсё дрэва засыхаюць. На зрэзах пашкоджаных участкаў бурыя або аліўкавыя суцэльныя ці перарывістыя кольцы. Заражэнне адбываецца спорамі грыба праз мех. пашкоджанні ў вобласці каранёвай шыйкі і ніжняй часткі ствала, а таксама міцэліем пры кантакце хворых і здаровых каранёў. Пашырэнню хваробы спрыяе цёплае вільготнае надвор’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАСО́ВІЧ (Канстанцін Адамавіч) (21.5.1869, в. Акцябр Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1919),
бел. прыродазнавец, геолаг, географ і хімік; заснавальнік чацвярцічнай геалогіі і палеагеаграфіі Еўрап. Поўначы і Запаляр’я Усх. Сібіры. За ўдзел у рэв. руху ў 1894 арыштаваны, у ссылцы ў Архангельскай губ. (1896—99). Даследаваў чацвярцічныя адклады, узначальваў партыю Рус. палярнай экспедыцыі на Новасібірскія а-вы (1900—02). Вывучаў геалогію Хараўлахскіх гор і нізоўяў Лены (1908—09), збярог шкілет і рэшткі Ляхаўскага маманта (Нац. музей гісторыі прыроды, Парыж). Займаўся чацвярцічнай геалогіяй Паволжа і Кубані. Імем Валасовіча названы мыс на в-ве Бальшавік у архіпелагу Паўн. Зямля, выкапнёвыя расліны і жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГАМО́ЛЫ (Mantoptera, Mantodea),
атрад драпежных насякомых. Больш за 2000 відаў, пашыраны ў тропіках і субтропіках абодвух паўшар’яў. Найчасцей трапляецца багамол звычайны (Mantis religiosa). Вядомы таксама багамол дрэвавы (Hierodula tenuidentata), рывеціны (Rivetima), багамолы-малышкі (Armene), эмпузы (Empusidae).
Даўж. да 11 см. Цела падоўжанае, галава рухомая трохвугольная, ногі добра развітыя, на пярэдняй пары шыпы, якія ўтвараюць пры складванні моцны хапальны апарат. Ротавыя органы грызучыя. Пярэднія крылы вузкія, заднія складаюцца веерападобна (ёсць бяскрылыя). Яйцы адкладваюць на расліны, камяні; звычайна зімуюць. Драпежнікі, сядзяць у малітоўнай позе (адсюль назва), кормяцца насякомымі, некат. трапічныя віды нападаюць на дробных яшчарак, птушак. Некат. віды занесены ў Чырв. кнігу СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́ЦКАЯ ГРУ́ПА АЗЁРАЎ,
у Беларусі, на мяжы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., Мядзельскага р-на Мінскай вобласці і Астравецкага р-на Гродзенскай вобл., на ЗБел. Паазер’я, у бас.р. Страча, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Уключае невял. азёры Балдук, Глубелька, Ячмянец, Мёртвае, Імшарац, Глубля. Агульная пл. 1,5 км².
Утварылася ў час паазерскага зледзянення, размешчана сярод комплексу водна-ледавіковых формаў рэльефу (адносныя выш. 25—30 м), парослага хваёвым і хваёва-яловым лесам. Азёры адметныя чыстай вадой і адсутнасцю антрапагенных экалагічных парушэнняў, у іх растуць рэдкія ахоўныя водныя расліны (хваснік звычайны і меч-трава звычайная). Па азёрах праходзіць турысцкі маршрут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЫЛЕ́ННЕ,
перанос пылку на рыльца песціка (у пакрытанасенных) або на семязавязь (у голанасенных) раслін. Папярэднічае апладненню. Адрозніваюць 2 біял. тыпы апылення: самаапыленне (перанос пылку ў межах адной кветкі — аўтагамія або з інш. кветак той жа расліны — гейтанагамія) і перакрыжаванае (перанос пылку з кветак інш. раслін). Самаапыленне менш пашырана, трапляецца ў некаторых дзікарослых (напр., дзьмухавец, ястрабок) і культурных (ячмень, пшаніца, гарох, фасоля) раслін; у некаторых відаў адбываецца ў нераскрытых кветках (клейстагамія). Перакрыжаванае апыленне больш прагрэсіўнае (аб’ядноўваюцца розныя геномы, у выніку ўтвараецца гетэразіготнае, больш жыццяздольнае патомства). Пылок можа пераносіцца ветрам (анемафілія), вадой (гідрафілія), насякомымі (энтамафілія), птушкамі (арнітафілія) і інш. У селекцыі і раслінаводстве шырока выкарыстоўваюць штучнае апыленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КА,
аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).
Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́МПЕРГ (ням. Wimperg),
высокі дэкар. франтон над парталам ці аконным праёмам гатычнага будынка. Плоскасць вімперга звычайна аздаблялі рэльефнай разьбой, вяршыню — выявай крыжакветнай расліны. Шырока выкарыстоўваўся ў архітэктуры Зах. Еўропы ў 12 — пач. 16 ст. На Беларусі пашыраны ў арх. стылях рэнесансу і неаготыкі (канец 18 — пач. 20 ст.). У афармленні парталаў выкарыстоўваўся ў спрошчаным выглядзе: поле заставалася плоскае або аздаблялася накладной дэкар. аркатурай ці разеткай у цэнтры (Гервяцкі Троіцкі касцёл). Стылізаваныя вімпергі завяршаюць парталы Лагішынскага Петрапаўлаўскага касцёла і інш.
А.Ю.Пятросава.
Вімперг над парталам Троіцкага касцёла ў в. Гервяты (Астравецкі раён Гродзенскай вобл.). Пач. 20 ст.Вімперг над парталам царквы Фраўэнкірхе ў Нюрнбергу. 1352—61.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБРО́ЗІЯ (Ambrosia),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы (у іншых краінах — занесеныя). На Беларусі рэдка трапляюцца амброзія палыналістая (A. artemisiifolia) і трохраздзельная (A. trifida), магчымы знаходкі і інш. відаў, якія актыўна пашыраюцца ў Еўропе і з’яўляюцца каранцінным пустазеллем.
Адна- або шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з галінастым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае або чаргаванае: перыстарассечанае. Кветкі малапрыкметныя, у маленькіх аднаполых кошыках, сабраных у коласападобныя суквецці (песцікавыя 2-кветныя). Плод — калючкаватая сямянка (адна расліна можа даваць да 90 000 сямянак). Пылок з кветак выклікае алергічныя захворванні: сянную ліхаманку, бранхіяльную астму і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́НІС (Adonis),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. казяльцовых. Больш за 20 відаў, пашыраных у стэпавых і лесастэпавых зонах Еўразіі і Паўн. Афрыкі. На Беларусі ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі ў 1960-я г. Як дэкар.расліны інтрадукаваны 2 віды: адоніс вясновы, або гарыцвет (adonis vernalis), і адоніс палымяны (adonis flammea).
Сцябло прамое або слабагалінастае выш. ад 5 да 40 (зрэдку да 70) см. Лісце рассечана на вузкія сегменты. Кветкі буйныя, адзіночныя, залаціста-жоўтыя або чырвоныя. Плады — авальныя шматарэшкі з прамым або кручкападобным носікам. Выкарыстоўваюць для групавых пасадак і бардзюраў. Прэпараты з адонісу вясновага ўжываюцца пры сардэчнай недастатковасці, неўрозах.