ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.
т. 6, с. 24
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),
антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.
т. 8, с. 238
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІЛЬЯ́Н (Covihã, Covilhão, Covilham) Педра дэ, партуг. падарожнік канца 15 ст. Правёў разведку марскіх шляхоў у Індыю з партоў Усх. Афрыкі і Аравіі. У 1487 праз гарады Неапаль, Родас і Александрыя дабраўся да Адэна, потым дасягнуў Паўд.-Зах. Індыі, наведаў г. Калікут, в-аў Мадагаскар, усх.-афр. ўзбярэжжа і ў 1488 вярнуўся ў Егіпет, адкуль паслаў справаздачу на радзіму. 30 гадоў пражыў у Эфіопіі. Матэрыялы К. пакладзены ў аснову інструкцый для Васка да Гамы.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКЛА́Ў (ад лац. conclave зачынены пакой),
сход кардыналаў, які збіраецца для выбрання папы рымскага пасля смерці яго папярэдніка. Парадак правядзення К. ўстаноўлены ў 1274 на 2-м Ліёнскім саборы папам Грыгорыем X. Адбываецца праз 18 дзён пасля смерці папы ў ізаляваным ад навакольнага свету памяшканні закрытым галасаваннем. Для выбрання папы патрабуецца 2/3 галасоў удзельнікаў (колькасць не павінна перавышаць 120) плюс 1 голас. К. называецца таксама памяшканне Сіксцінскай капэлы, дзе адбываюцца выбары.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́НДА (італьян. contrabando ад contra супраць + bando ўрадавы ўказ),
міжнароднае правапарушэнне ў сферы мытнай справы. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь К. — тайнае перамяшчэнне праз дзярж. граніцу грузаў, тавараў, валюты і інш. каштоўнасцей, а таксама забароненых або абмежаваных для перамяшчэння прадметаў і рэчываў у абход мытнага заканадаўства. К. з’яўляецца злачынствам і караецца ў адпаведнасці з крымін. заканадаўствам. Адказнасць за адм. мытныя правапарушэнні (пералічаны ў Мытным кодэксе Рэспублікі Беларусь) устанаўліваецца Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
т. 8, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНАЯ РЭ́НТА,
дадатковы прыбытак, які ствараецца ў выніку затрат працы на сярэдніх і лепшых зямельных участках пры павышэнні прадукцыйнасці ці дадатковых укладанняў капіталу і прысвойваецца ўласнікам зямлі; адна з форм зямельнай рэнты. Крыніца яе — лішак прыбавачнай вартасці, што ствараецца працай с.-г. наёмных рабочых над сярэднім прыбыткам, і ўзнікае праз больш высокую прадукцыйнасць працы на адносна лепшых зямельных участках (больш урадлівых ці размешчаных бліжэй да месца збыту або ў якія ўкладзены дадатковы капітал).
т. 6, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́СІЦА,
возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ласіца (цячэ праз возера), за 33 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,46 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 3,8 м, даўж. берагавой лініі 3,5 км. Пл. вадазбору 108 км². Схілы катлавіны выш. 11—15 м, пад хмызняком, на У, ПдУ і ПдЗ разараныя. Берагі нізкія, месцамі забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. У цэнтры — востраў пл. 0,2 га.
т. 9, с. 142
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,
рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км². Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.
т. 6, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ФАДЛА́Н Ахмед ібн Абас, арабскі падарожнік і пісьменнік 1-й пал. 10 ст. У 921—22 у якасці сакратара пасольства абасідскага халіфа Муктадзіра здзейсніў падарожжа праз Бухару і Харэзм да цара волжскіх балгар, якое апісаў у кнізе, дзе прывёў цікавыя звесткі пра гарады і народы, у т. л. Харэзм, агузаў, башкір, балгар, русаў, змясціў багаты фальклорна-этнагр. матэрыял. Першапачатковы тэкст кнігі І.Ф. страчаны, скарочаная рэдакцыя гэтага твора знойдзена ў г. Мешхед у 1923.
т. 7, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ЗМАК.
Немак, возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Палата (цячэ праз возера), за 44 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,13 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі каля 5 км. Пл. вадазбору 180 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м. Берагі забалочаныя, месцамі сплавінныя, на ПнЗ высокія, пясчаныя. Дно сапрапелістае, на Пд і ПдУ уздоўж берагоў пясчанае. Зарастае. Упадаюць 2 ручаі.
т. 7, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)