БАК ((Buck) Перл) (26.6.1892, г. Хілсбара, штат Зах. Віргінія, ЗША — 6.3.1973),
амерыканская пісьменніца. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1951). Аўтар раманаў пра Кітай: «Усходні вецер, заходні вецер» (1930), «Зямля» (1931, Пулітцэраўская прэмія; бел.пер. 1937), «Сыны» (1932), «Маці» (1934), «Дом, які распадаецца» (1935). Пад псеўд. І.Седж публікавала сац.-бытавыя і «сямейныя» раманы з амер.жыцця: «Партрэт аднаго шлюбу» (1945), «Родзічы» (1949) і інш. Выступала за раўнапраўе неграў, супраць каланіялізму, папярэджвала пра небяспеку атамнай вайны (раман «Загадай раніцы», 1959). Аўтар зб-каў апавяданняў («Далёка і блізка», 1948, і інш.), кн. для дзяцей, мемуараў («Некалькі маіх светаў», 1954). Нобелеўская прэмія 1938.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКШЭ́ЕЎ (Васіль Мікалаевіч) (24.12.1862, Масква — 28.9.1958),
рускі мастак. Нар. мастак СССР (1956), акад.АМСССР (1947). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1878—88) у У.Макоўскага, А.Саўрасава, В.Паленава; выкладаў там жа (1894—1918). Перасоўнік. У традыцыях рус.рэаліст. жывапісу стварыў шэраг жанравых карцін («Дзяўчына корміць галубоў», 1887; «Проза жыцця», 1892—93, і інш.) і лірычных пейзажаў («Блакітная вясна», 1930; «Вясна прыйшла», 1943). Дзярж. прэмія СССР 1943. У Нац.маст. музеі Беларусі карціны: «На параду», 1892; «Вечар ранняй вясны», 1918; «Сцежка», 1938, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНО́ЎСКІ (Фёдар Міхайлавіч) (н. 3.7.1924, Мінск),
бел. жывапісец. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1959). Выкладаў ў Бел.тэатр.-маст. ін-це, з 1964 у Бел.політэхн. акадэміі. Як жывапісец працуе ў батальным, гіст., быт. жанрах, а таксама пейзажы, партрэце. Творам уласцівы разнастайнасць маст. вырашэнняў, свабодная манера пісьма, дакладнасць вобразных характарыстык. Сярод работ: «Цаною жыцця» (1961), «Захоп моста ў Віцебску ў 1944 годзе» (1962), «Уцёкі з палону» (1963), «Ішоў салдат, ішоў...» (1970), «Лазня» (1975), «Будаўнікі метро» (1979), «Салдаты 1943 года» (1981), «Мінск наш» (1992), «3 чэрвеня 1944» і «Вуліца Танкавая» (1994), шэраг лірычных пейзажаў і партрэтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТЭ́Т (ням. Autorität ад лац. auctoritas улада, уплыў),
ідэйнае і сац.-псіхал. ўздзеянне адной асобы або групы (арг-цыі, партыі) на інш. асобу або групу, нават народ; адна з формаў ажыццяўлення ўлады. Аўтарытэт праяўляецца ў здольнасці яго носьбітаў (асоб, груп) уплываць, не прыбягаючы да прымусу, на паводзіны і погляды інш. людзей у якой-н. галіне дзейнасці або грамадскага жыцця ў цэлым. Уздзеянне носьбітаў аўтарытэту абумоўлена іх высокай кампетэнтнасцю, ведамі, вопытам, маральнымі якасцямі. У залежнасці ад сферы і спосабу ўплыву адрозніваюць аўтарытэт палітычны, маральны, рэліг. і інш. формы, у якіх аўтарытэт рэалізуецца, і сіла яго ўздзеяння залежаць ад узроўню развіцця культуры грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЎЭР ((Bauer) Бруна) (6.9.1809, г. Айзенберг, Германія — 15.4.1882),
нямецкі філосаф. Прыват-дацэнт Берлінскага і Бонскага ун-таў. Напачатку артадаксальны гегельянец, потым далучыўся да левых, з 1839 — да младагегельянцаў, у канцы жыцця кансерватар і прыхільнік О.Бісмарка. Асн. працы: «Крытыка Евангелля ад Іаана» (1840), «Крытыка сінаптычных евангелляў» (т. 1—3, 1841—42), «Вучэнне Гегеля пра рэлігію і мастацтва» (1842). Адмаўляючы гегелеўскую абсалютную ідэю, абвясціў абсалютнай самасвядомасць; лічыў рухальнай сілай гісторыі разумовую дзейнасць «мыслячых асоб», якія змяняюць свядомасць людзей. Адмаўленнем боскасці Ісуса Хрыста і гіст. Дакладнасці евангелляў Баўэр пракладваў шлях прыхільнікам міфалагічнай школы. З пазіцый ням. нацыяналізму ідэалізаваў прускую манархію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛОРУ́ССКИЙ ГО́ЛОС»,
грамадска-палітычная і літ. газета. Выдавалася з 24.1(6.2) да 3(16).3.1910 у Гомелі на рус. мове 2 разы на тыдзень. Абвясціла сябе «беспартыйнай» газетай, якая мае намер «усебакова асвятляць жыццё беларускага краю», абмяркоўваць праблемы культуры, прам-сці, гандлю і інш. Сваю праграму не выконвала. У закліках да выбаршчыкаў агітавала праводзіць у Дзярж. думу і органы мясц. самакіравання «нацыяналістаў» і «добрых гаспадароў». Не прызнавала нац. самастойнасці беларусаў. Мэту нац. руху бачыла ў выцясненні «іншародцаў» з розных сфер жыцця, вызваленні Расіі ад «унутранага» заваявання з боку «яўрэяў, палякаў, армян ды іншых». На 10-м нумары спыніла выданне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУГЕ́ТЭ (Berruguete),
сям’я іспанскіх мастакоў 15—16 ст. Нарадзіліся ў г. Парэдэс-дэ-Нава (Іспанія).
Педра (каля 1450—1504), жывапісец. У 1475—82 працаваў у г. Урбіна (Італія), з 1483 — у Іспаніі. У сваіх карцінах (сцэны з жыццясв. Фамы) сумяшчаў навук. перспектыву і ўважлівае назіранне з сярэдневяковай статычнасцю позаў, а часам і з рознамаштабнасцю фігур.
Алонса (каля 1486—13.9.1561), скульптар, архітэктар, жывапісец. Сын і вучань Педра. Прадстаўнік ісп. Адраджэння. Каля 1504—17 вучыўся ў Італіі ў Мікеланджэла, з 1518 працаваў у Іспаніі. Яго скульптуры (пераважна алтарныя) адметныя экспрэсіяй і павышанай эмацыянальнасцю («Святы Себасцьян», 1526—32; «Ператварэнне», 1543-48).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ЖА ((Blože) Вітаўтас) (н. 9.2.1930, в. Байсагале Радвілішкскага р-на, Літва),
літоўскі паэт. Друкуецца з 1949. Аўтар паэтычных зб-каў «Сем касцоў» (1961), «З маўклівай зямлі» (1966), «Кветкі зямлі» (1971), «Поліфаніі» (1981), «Людзі» (1984), «Накцюрны» (1990) і інш. Галоўная тэматыка — дэфармацыя свету 2-й пал. 20 ст. і драматызм жыцця чалавека. На літ. мову пераклаў творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Глебкі, А.Куляшова, А.Зарыцкага і інш.бел. пісьменнікаў (у кн. «З беларускай паэзіі», 1952, і «Па Нёману песня плыве», 1958). На бел. мову творы Бложа пераклаў Р.Барадулін (у кн. «Літоўская савецкая паэзія», т. 2, 1977).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛУС (Франц Феліксавіч) (Ілья Піліпавіч; ?—?),
аўтар бел. вершаваных твораў. Паходзіў з сялян Даўгамошскай вол. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. Служыў чыноўнікам. Выступіў у газ. «Могилевские губернские ведомости» (1862, № 51, 60—61) з гутаркамі «Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе (для народнага чытання)» і «Прамова Старавойта (для чытання маім землякам)», у якіх услаўляў цара і сял. рэформу 1861, даводзіў справядлівасць сац. няроўнасці, заклікаў сялян да пакоры і цярпення. У гутарках адлюстраваны і рэаліі тагачаснага жыцця, антыпрыгонніцкія настроі сялянства. Пасля паўстання 1863—64 служыў на чыгунцы ў Бузулуку, жыў у Самары. У 1881 напісаў вершы на рус. мове ў гонар Аляксандра II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАСТВАРА́ЛЬНІЦТВА,
філасофска-этычная плынь у Расіі ў 1910-я г., якая імкнулася спалучыць навук. сацыялізм з рэлігіяй. Яе прадстаўнікі (А.В.Луначарскі, У.А.Базараў, П.С.Юшкевіч, часткова М.Горкі і інш.) мелі на мэце абгрунтаваць неабходнасць стварэння новай «пралетарскай рэлігіі» без Бога, што фактычна зводзілася да абагаўлення калектыву і прагрэсу, якія павінны абуджаць у чалавека «складанае творчае пачуццё веры ў свае сілы, надзею на перамогу любові да жыцця» і дзейсна звязаць ідэал з рэчаіснасцю. Плынь не мела шырокай падтрымкі і да пач. 1-й сусв. вайны (1914) перастала існаваць.
Літ.:
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.