БУЛА́Т Сцяпан Герасімавіч (11.5.1894, в. Слабада Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 24.7.1921),

бел. дзярж. і парт. дзеяч, журналіст. Скончыў Мінскія настаўніцкія курсы. З 1913 настаўнічаў. У 1915—16 і 1918—19 вучыўся ў Мінскім настаўніцкім ін-це. З 1916 у арміі, скончыў Віленскае ваен. вучылішча, служыў у 153-м пях. палку, прапаршчык. У канцы 1917 дэмабілізаваны, настаўнічаў. З 1918 чл. арг-цыі «Маладая Беларусь». У 1920 у час польск. акупацыі чл. ЦК Беларускай камуністычнай арганізацыі і Паўстанцкага к-та; арганізатар партыз. атрадаў на Міншчыне. З ліп. 1920 працаваў у Мінскім губ. аддзеле нар. асветы, са жн. — заг. аддзела ЦК КП(б)Б па працы ў вёсцы. Адначасова рэдактар газ. «Савецкая Беларусь», заснавальнік і рэдактар газ. «Белорусская деревня». З лют. 1921 чл. ЦБ КП(б)Б, з мая 1921 — 3-і сакратар і заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б.

С.Г.Булат.

т. 3, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗІ́ЛА Аляксандр Цімафеевіч (9.9.1888, г. Слаўгарад Магілёўскай вобл. — 1943?),

грамадскі дзеяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на вышэйшых курсах Лесгафта (у 1908 выключаны за ўдзел у рэв. руху), на курсах кааперацыі ў Петраградзе (1916—17). У 1912—13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник» (літ. псеўд. Алек Дэ-Вазіліні, Аль-Вэ, Клім Злобіч, Праўдалюб, Антон Хатыня). У 1914 у г. Златауст выдаў зб. паэзіі «Хвілі» (канфіскаваны цэнзурай). У 1917—18 належаў да сацыял-дэмакратаў-інтэрнацыяналістаў, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. Уваходзіў у склад Бел. абл. к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў. На Усебел. з’ездзе 1917 у Мінску выступіў супраць намераў абвясціць незалежную ад Расіі бел. дзяржаўнасць. У 1918 заг. агітацыйна-выдавецкага пададдзела Бел. аддзела Камісарыята па справах нацыянальнасцей Саюза камун Паўн. вобласці, рэдактар час. «Чырвоны шлях». Пасля 1918 ад паліт. дзейнасці адышоў. Неаднаразова быў рэпрэсіраваны. Паводле некаторых звестак загінуў у палітізалятары г._Уладзімір.

В.​У.​Скалабан.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЧКО́Ў Аляксандр Іванавіч (26.10.1862, Масква — 14.2.1936),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.​А.​Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр. ваен.-прамысл. к-та, удзельнік апазіц. «Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.

Тв.:

«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.

Літ.:

Сенин А.С. А.​И.​Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.

І.​Ф.​Раманоўскі.

т. 5, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЛІЦКІ Антон Васілевіч (17.9.1891, в. Балічы Гродзенскага р-на — 31.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1910), Віцебскі настаўніцкі ін-т (1916). З 1916 у арміі. У 1917—20 удзельнічаў у гуртаванні беларусаў-вайскоўцаў на Румынскім фронце, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. У 1920 уступіў у Камуніст. партыю. З кастр. 1921 нам. наркома, з 1926 нарком асветы БССР. З 1924 правадз. чл. Ін-та бел. культуры. Адзін з творцаў і праваднікоў дзярж. палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаннях тэорыі і практыкі нац.-культ. будаўніцтва. Канд. у чл. ЦК КП(б)Б у 1929—30, чл. ЦВК БССР. У 1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», засуджаны на 10 гадоў лагераў. 30.9.1937 прыгавораны да пакарання смерцю. Рэабілітаваны ў 1988.

Літ.:

Васілеўская Н.У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркома асветы Беларусі А.​В.​Баліцкага). Мн., 1995.

А.​С.​Кароль.

А.В.Баліцкі.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́НЧЫЦ Фабіян Іванавіч (20.1.1886, в. Акінчыцы, цяпер у межах г. Стоўбцы Мінскай вобл. — 7.3.1943),

бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1913). У 1906—17 чл. партыі эсэраў. Пра яго жыццё і дзейнасць у 1917—23 звесткі супярэчлівыя. З 1923 на радзіме. З 1926 уваходзіў у кіруючыя органы Бел. сялянска-работніцкай грамады, Т-ва бел. школы. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 8 гадоў. Вызвалены датэрмінова ў 1930. З 1933 старшыня, прадстаўнік Бел. дабрачыннага т-ва ў Бел. нац. к-це ў Вільні. У 1933 выдаваў (з У.​Казлоўскім) часопіс бел. нацыянал-сацыялістаў «Новы шлях», пачаў ствараць Беларускую нацыянал-сацыялістычную партыю. З 1939 старшыня Бел. бюро прапаганды пры Мін-ве прапаганды Германіі ў Берліне. У 1940 старшыня Бел. к-та ў Варшаве. З пач. 1941 заг. школы прапагандыстаў пад Берлінам. Застрэлены партызанамі ў час знаходжання ў Мінску.

Я.​Вапа.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКІ Кірыла Пракопавіч (30.1.1895, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.1.1968),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, гасп. дзеяч. Герой Сав. Саюза (1943), Герой Сац. Працы (1958). Скончыў Камуніст. ун-т меншасцяў Захаду імя Мархлеўскага ў Маскве (1930). З 1915 у арміі, з 1918 у Аршанскай і Бабруйскай надзвычайнай камісіях (ЧК), камандзір атрада на Бабруйшчыне, на падп. рабоце ў Коўне. У 1922—25 камандзір партыз. атрада ў Зах. Беларусі. У 1930—36 у органах ДПУ—НКУС Беларусі. Удзельнік нац.-вызв. вайны ў Іспаніі 1936—39. У 1940—42 у Кітаі. У 1942—43 камандзір спец. атрада НКДБ СССР «Сокалы». З 1944 старшыня калгаса «Рассвет» на радзіме. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, Вярх. Савета СССР з 1950. Імя Арлоўскага прысвоена калгасу «Рассвет», у в. Мышкавічы ўстаноўлены бюст Арлоўскаму.

Літ.:

Ражкоў І. Чалавек з легенды. Мн., 1976.

К.П.Арлоўскі.

т. 1, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́БЕЛЬ (Bebel) Аўгуст (22.2.1840, Кёльн — 13.8.1913),

нямецкі палітычны дзеяч, кіраўнік і тэарэтык ням. сацыял-дэмакратыі. На пач. 1860-х г. уключыўся ў рабочы рух, пад уплывам В.Лібкнехта стаў марксістам. У 1867 выбраны прэзідэнтам Аб’яднання ням. рабочых саюзаў. Адстойваў рэв.-дэмакр. шлях аб’яднання Германіі, вёў барацьбу супраць ласальянцаў, якія падтрымлівалі палітыку Бісмарка на аб’яднанне краіны «зверху». У 1869 на з’ездзе ў Айзенаху пад кіраўніцтвам Бебеля і Лібкнехта была створана с.-д. рабочая партыя Германіі. Выступаў супраць вайны з Францыяй, за што быў абвінавачаны ў дзярж. здрадзе і ў 1872—74 зняволены. Прымаў удзел у Гоцкім аб’яднаўчым з’ездзе ласальянскага Усеагульнага герм. рабочага Саюза і с.-д. рабочай партыі Германіі (1875) і прыняцці Гоцкай праграмы. Арганізатар і кіраўнік 2-га Інтэрнацыянала (1889). Прапагандаваў і абгрунтоўваў матэр. разуменне гісторыі, распрацоўваў праблемы асветы, маралі, жаночыя пытанні. Аўтар прац «Жанчына і сацыялізм» (1883), «З майго жыцця» (1910—14).

А.Бебель.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ Валянцін Феліксавіч (у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),

вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял. Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук. прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;

Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.

Літ.:

Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.

Ф.​А.​Ігнатовіч.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯТРО́Ў Іван Дзмітрыевіч (9.10.1905, в. Саматэвічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1986),

партыйны і дзяржаўны дзеяч БССР, адзін з кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Палескай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Засл. юрыст БССР (1972), засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940), Ваенна-юрыд. акадэмію Сав. Арміі (1952). З 1925 на сав. і парт. рабоце на Беларусі. У 1940—41 пракурор БССР. З ліп. 1942 прадстаўнік ЦК КП(б)Б і БШПР на Зах. фронце, з жн. 1943 1-ы сакратар Палескага падп. абкома КП(б)Б, адначасова ў вер. 1943—сак. 1944 камандзір Палескага партыз. злучэння. У 1944—49 пракурор БССР, у 1953—60 міністр юстыцыі БССР. Чл. ЦК КП(б)Б у 1940—49. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1938—63, дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50. Аўтар мемуараў.

І.​Дз.Вятроў.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДАБУ́РАЎ Павел Паўлавіч (27.2.1877, С.-Пецярбург — 4.3.1960),

рускі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Нар. арт. Расіі (1940). Сцэн. дзейнасць пачаў у правінцыі ў 1899; іграў у антрэпрызе Н.​Васільевай у Мінскім гар. т-ры; выступаў у Віцебску (1919) і Гомелі (1928). У 1903 разам з актрысай Н.​Скарскай арганізаваў у Пецярбургу Агульнадаступны т-р, у 1905 на яго аснове — Першы вандроўны драм. т-р (існаваў да 1928). На сцэне абодвух ставіў спектаклі і стварыў у іх яркія сцэн. вобразы: Ціхан («Навальніца» А.​Астроўскага), Освальд («Здані» Г.​Ібсена), Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра), Тарцюф («Тарцюф» Мальера) і інш. У 1933—39 кіраўнік Калгасна-саўгаснага вандроўнага Т-ра, у 1944—50 у маск. Камерным т-ры, з 1955 у Т-ры імя Я.​Вахтангава. У розныя гады паставіў усе п’есы А.​Чэхава. Аўтар кн. «На сцэне і ў жыцці» (1959, разам са Скарскай). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)