адна са славянскіх моў (паўд.-слав.група); афіц. мова Македоніі. Асн. дыялектныя групы: зах., усх., паўночная. У фанетыцы — 5 галосных і 26 зычных фанем, складовае «р», зычныя ј, ќ, ѓ, љ, њ мяккія, астатнія зычныя цвёрдыя; націск сілавы, фанетычна рухомы, не далей за 3-і склад ад канца слова. Грамат. ладу ўласцівы т.зв. балканізмы — шэраг структурных рыс, якія аб’ядноўваюць яе з інш. мовамі балканскага моўнага саюза (балг., алб., рум., навагрэч. і арамунскай): адсутнасць інфінітыва і іменных склонавых форм, аналітычны спосаб утварэння форм будучага часу і ступеняў параўнання. У М.м. ўжываецца трайны постпазіцыйны артыкль («човекот — човеков — човекон»), падваенне займеннікаў («го видов него» — «я бачыў яго»), рэпрыза імя («го видов човеков» — «я бачыў гэтага чалавека»). Зараджэнне слав. пісьменнасці ў Македоніі звязана з асветніцкай дзейнасцю Кірылы і Мяфодзія, якія палажылі македонскі дыялект г. Салуні ў аснову стараслав. кніжнай мовы. У 10 ст. г. Охрыд стаў адным з цэнтраў пісьменнасці на стараслав. мове (т.зв. Охрыдская школа). З 16 ст. ў яе пранікаюць элементы нар. мовы. Літ. М.м. сфарміравалася ў сярэдзіне 1940-х г. на базе цэнтр. гаворак зах. дыялекту, блізкая да размоўнай. Графіка на аснове кірыліцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРКУ́РАЎ (Сяргей Дзмітрыевіч) (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),
расійскі скульптар-манументаліст. Нар.маст.СССР (1943). Правадз.чл.АМСССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.Г.Шаўмяна (1929), статуя У.Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт.група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕНАСЫ́ЧАНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
арганічныя злучэнні, у малекулах якіх некалькі атамаў вугляроду злучаны кратнымі сувязямі. Да Н.з. адносяцца ацыклічныя і цыклічныя (гл.Аліцыклічныя злучэнні) вуглевадароды з адной падвойнай (алкены і цыклаалкены), ці патройнай (алкіны і цыклаалкіны), з 2 падвойнымі (гл.Дыенавыя вуглевадароды), з падвойнай і патройнай сувязямі (напр., вінілацэтылен), з некалькімі падвойнымі і (ці) патройнымі сувязямі ў малекуле (паліены, палііны), а таксама іх функцыян. вытворныя. Асобная група Н.з. — араматычныя злучэнні. Усе Н.з. лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння па кратных сувязях.
Найпрасцейшыя Н.з. — алкены (алефіны, этыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n, першы член якога — этылен. Алкены, пачынаючы з бутылену, маюць ізамеры, у т. л.геам. (гл.Геаметрычная ізамерыя). Ніжэйшыя члены рада з 2—4 атамамі вугляроду ў малекуле: этылен, прапілен, бутэны — газы, з 5—18 атамамі — бясколерныя вадкасці, вышэйшыя — цвёрдыя рэчывы. Алкіны (ацэтыленавыя вуглевадароды) утвараюць гомалагічны рад агульнай ф-лы CnH2n−2, першы член якога — ацэтылен. Цыклаалкіны ўстойлівыя пры наяўнасці ў малекуле 8 і больш атамаў вугляроду. Атрымліваюць ненасычаныя вуглевадароды пераважна шляхам дэструктыўнай тэрмічнай і тэрмакаталітычнай перапрацоўкі нафтагазавай сыравіны (гл.Крэкінг, Піроліз). Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці пластмас, каўчуку, мыйных сродкаў, фарбавальнікаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КФЕЛЕРЫ, Ракфелеры (Rockefeller),
сямейная фінансава-прамысл.група ў ЗША. Склалася ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік — Дж.Д.Рокфелер старэйшы (1839—1937). Прамысл. ядро — утвораная ў 1892 нафтавая кампанія «Стандарт ойл компані (Нью-Джэрсі)» якая ў 1973 перайменавана ў «Эксан». фін. цэнтр — «Чэйз Манхатан банк». Сфера ўплыву: прам-сць (электратэхніка, машынабудаванне) і крэдытна-фін. інстытуты, страхаванне жыцця. У 1913 засн. таксама Ракфелераўскі фонд для садзейнічання дабрабыту чалавецтва, які з 1928 спрыяе і навуцы (належыць да найб.вял. фондаў свету); складаецца з некалькіх інш. фондаў, у т. л. для Ракфелераўскага ун-та ў Нью-Йорку (засн. ў 1901 як мед.ін-т), Ракфелераўскага братэрскага фонду (з 1940), Ракфелераўскага сямейнага фонду (з 1967). З 1980-х г. роля групы памяншалася, ч падкантрольнай уласнасці распраданая. З сям’і Р. найб. вядомы: сын Дж.Д.Рокфелера старэйшага Джон Дэйвісан Р. малодшы (1874—1960; субсідзіраваў куплю зямлі для штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку і пабудаваў Ракфелераўскі цэнтр), яго сыны — Джон Дэйвісан трэці (1906—78; садзейнічаў заснаванню Лінкальн-цэнтра), Нелсан Олдрыч (1908—79; віцэ-прэзідэнт ЗША у 1974—77).
Літ.:
Рокфеллер Дж.Д. Искусство разбогатеть: Мемуары американского миллиардера: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЛЕНКІ,
мемарыяльны комплекс на брацкіх могілках 10 тыс. воінаў каля в. Рыленкі Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. Адкрыты 3.7.1973 (скульпт. М.Рыжанкоў, арх. М.Ткачук) на ўшанаванне памяці воінаў 31-й арміі 3-га Бел. фронту, якія загінулі ў баях за вызваленне Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у 1943—44. Комплекс — прасторавая арх.-скульпт. кампазіцыя з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознавялікімі апорнымі сценкамі, якія нясуць манум. рэльефны фрыз (3 × 15 м) з выявай твараў воінаў. Уздоўж дарогі, што вядзе да магіл, 4 бетонныя стэлы (2,6 × 4 м кожная) з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі ўдзельнікаў баёў — А.М.Васільева, Г.А.Нікандравай, Ю.В.Смірнова, лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С.М.Астахава і Б. дэ Фальтэна. Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас, па перыметрах якіх устаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі тых, хто загінуў. На верхняй тэрасе — пліта-маналіт з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя», за ёй — маляўнічая група бяроз і елак. На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у гарэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Л.Г.Лапцэвіч.
Мемарыяльны комплекс Рыленкі. Пліта-маналіт і надмагіллі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СА́ЮДЗІС»
(літ. Sąjūdis рух, хваляванне),
масавы грамадска-паліт. рух у Літве за перабудову і за адраджэнне дзярж. суверэнітэту. Узнік у 1988 пад уплывам і на ўзор Нар. фронту Эстоніі (гл. ў арт.Народны фронт). Ініцыятыўная група па стварэнні «С.» (36 чал.) выбрана 3.6.1988 на сходзе літ. інтэлігенцыі ў АН Літвы ў Вільнюсе. Устаноўчы сход адбыўся 22—23.10.1988 у вільнюскім Палацы спорту (1021 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі літ. дыяспары з Беларусі, Польшчы, ЗША і інш.). Першы старшыня — В.Ландсбергіс. На пачатку «С.» выступаў за гаспадарчы разлік, у хуткім часе ператварыўся ў нац.-вызв. рух (патрабаванні вярнуць нац. сімволіку, надаць літ. мове статус дзяржаўнай, змяніць сістэму адукацыі, ліквідаваць прывілеі партнаменклатуры і інш.). Сац. база — інтэлігенцыя, студэнты, ч. членаў Камуніст. партыі Літвы. Праводзіў масавыя негвалтоўныя грамадз. акцыі (мітынгі, маршы веласіпедыстаў, «жывыя ланцугі» і інш.). 24.2.1990 перамог на выбарах у літ. парламент (тады Вярх. Савет). Пад кіраўніцтвам «С.» літ. народ дамогся аднаўлення незалежнасці (1990—91). Пасля 1991 палітычна эвалюцыяніраваў у бок кансерватызму. Друкаваны орган — «Sąjūdžio žinios» («Весці Саюдзіса», з чэрв. 1988). Падтрымлівае кантакты са структурамі Бел.нар. фронту.
Літ.:
Зинкявичюс З. Восточная Литва в прошлом и настоящем: Пер. с лит. Вильнюс, 1996. С. 336—352.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМІ́ЦКІЯ МО́ВЫ,
групасеміта-хаміцкіх моў. Пашыраны ў Зах. Азіі і Афрыцы на Пн ад пустыні Сахара. Падзяляюцца на групы: паўн.-перыферыйную, ці паўн.-ўсх. (мёртвая акадская мова); паўн.-цэнтр., ці паўн.-зах. [жывыя мовы: іўрыт, асірыйская мова; мёртвыя: эблаіцкая, амарэйская, ханаанейская, угарыцкая, фінікійска-пунічная, стараж.-яўрэйская (ранняя форма іўрыта), яўдзі і арамейскія дыялекты]; паўд.цэнтр. (арабская мова, мальтыйская на Мальце); паўд.-перыферыйную (жывыя: мехры, джыбалі, сакатрыйская і інш.; мёртвыя: мінейская, сабейская, катабанская, якія аб’ядноўваюцца як паўд.-аравійскія эпіграфічньм); эфіосеміцкую (жывыя: паўн. падгрупа — тыгрынья, ці тыграй, і тыгрэ; паўд. падгрупа — амхарская, аргоба, харары, шэраг дыялектаў, якія ўмоўна аб’ядноўваюцца пад назвай гураге; нядаўна вымерлы гафат; мёртвая: гаэз, ці эфіопская, якая належыць да паўн. падгрупы). Паўд.-цэнтр., паўд.-перыферыйная і эфіосеміцкая групы часта аб’ядноўваць у адну паўд., ці паўд.-зах. групу. Найб. істотныя рысы С.м. — акрэсленая будова кораня слова, адсутнасць словаскладання, граматычна ці семантычна значымае чаргаванне галосных у корані (апафанія). Найб.стараж. помнікі С.м. — акадскія клінапісньы тэксты Ірака і эблаіцкія — у Сірыі (сярэдзіна 3-га тыс. да н.э.), а таксама ўласныя імёны і назвы мясцовасцей Палесціны, якія захаваліся ў егіпецкіх надпісах 3—2-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМЕТРЫ́Яў геаметрыі,
уласцівасць геаметрычнай фігуры пры вызначаных пераўтварэннях (зменах свайго становішча) сумяшчацца з самой сабой так, што не ўсе яе пункты займаюць першапачатковае месца ў прасторы.
Віды С. на плоскасці: С. адносна прамой (восі С.) пры люстраным адбітку (кожнаму пункту фігуры адпавядае іншы пункт гэтай фігуры на перпендыкуляры да дадзенай прамой на той жа адлегласці ад яе), напр., круг сіметрычны адносна кожнай прамой, якая праходзіць праз яго цэнтр; С. адносна пункта (цэнтра С.), калі фігура супадае сама з сабой пры яе вярчэнні на 180°, напр., паралелаграм сіметрычны адносна пункта перасячэння дыяганалей; С. парадкуnадносна пункта (цэнтра С. парадку п), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на 360°/n, n = 3, 4, 5, ..., напр., правільны n-вугольнік; С. бесканечнага парадку адносна пункта (цэнтра С. бесканечнага парадку), калі фігура супадае сама з сабой пры вярчэнні на адвольны вугал вакол цэнтра, напр., круг і ўся плоскасць. Паняцце С. абагульняецца на целы ў прасторы, а таксама на інш.матэм. паняцці (група, аператар і інш.) і адыгрывае значную ролю ў матэматыцы і яе дастасаваннях.
А.А.Гусак.
Сіметрыя ў геаметрыі. Плоскія фігуры, сіметрычныя адносіны прамой a (1) і пункта O (2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАНЕ́ННЕ,
1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.
2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз.парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.
С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.
3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.
Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НДСКАЯ ДЭСА́НТНАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944 (кодавая назва «Нептун»),
высадка экспедыцыйных сіл ЗША і Вялікабрытаніі пры ўдзеле кан., франц., чэхаславацкіх і польскіх войск з Брытанскіх а-воў цераз Ла-Манш на ўзбярэжжа Нармандыі (Паўн.-Зах. Францыя) і захоп імі стратэг. плацдарма на тэр.ням.-фаш. войск 6.6—24.7.1944; састаўная частка аперацыі «Оверлорд» у 2-ю сусв. вайну. Саюзнікі (галоўнакаманд. ген. Д.Д.Эйзенхаўэр) сканцэнтравалі 39 дыв., 12 асобных брыгад, 10 атрадаў камандас і рэйнджэраў (англ. і амер. дэсантна-дыверсійныя часці), буйныя сілы авіяцыі і флоту (усяго 2 млн. 876 тыс.чал., 6 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 15 тыс. гармат і мінамётаў, каля 11 тыс. баявых самалётаў, каля 7 тыс. баявых, трансп. і дэсантных караблёў). Сухапутныя войскі былі аб’яднаны ў 21-ю групу армій (каманд.ген. Б.Л.Мантгомеры) у складзе 1-й амер., 2-й англ., 1-й кан. армій (32 дыв. і 12 асобных брыгад). Узбярэжжа Паўн.-Зах. Францыі, Бельгіі і Галандыі абараняла групагерм. армій «Б» (ген.-фельдмаршал Э.Ромель) — 38 дыв. (на ўчастку высадкі дзейнічалі 3 дыв.) пры падтрымцы 470 баявых караблёў розных класаў, 42 артыл. баржаў і 49 падводных лодак. Саюзнікам удалося забяспечыць нечаканасць, захаваць тайну месца і тэрміну высадкі войск. З канца крас. 1944 яны наносілі масіраваныя паветр. ўдары па аэрадромах, чыг. вузлах і пунктах кіравання немцаў. У ноч на 6.6.1944 пры падтрымцы авіяцыі ў штармавое надвор’е былі захоплены 2 плацдармы: на Пн ад Карантана — 2 амер. і на ПнЗ ад Кана — 1 англ.паветр.-дэсантнымі дывізіямі. Пры падтрымцы карабельнай артылерыі і авіяцыі саюзнікі ў першы дзень занялі некалькі плацдармаў. Да 5 ліп. ў Нармандыі ўжо было 1 млн. саюзных вайскоўцаў. Сярод амер. дэсантнікаў, што першымі высадзіліся на ўзбярэжжы Нармандыі, былі бел. эмігранты, у т. л. І.Радзюковіч (бацькі паходзілі з Міншчыны). Вял. перавага саюзнікаў над праціўнікам у сілах і сродках, інш. фактары не дазволілі ням. камандаванню паспяхова абараняцца (войскі ўступалі ў бой разрознена, неслі значныя страты). Адной з прычын слабасці вермахта на З з’явілася наступленне Сав. войск на Беларусі (гл.Беларуская аперацыя 1944). Да 25 ліп. саюзнікі стварылі стратэг. плацдарм на рубяжы на Пд ад Кана, Камона, Сен-Ло, дзе сканцэнтраваліся 3 арміі (23 пяхотныя, 8 бранятанк., 1 паветр.-дэсантная дыв.). Ім процістаялі 7-я герм. армія і танк.група «Захад» (24 дыв., з іх 9 танк.). Н.д.а. — буйнейшая марская дэсантная аперацыя ў 2-ю сусв. вайну, якая паклала пач. адкрыццю другога фронту. Саюзнікі страцілі 122 тыс.чал., ням. бок — 117 тыс. чал.
Літ.:
Гл. пры арт.Другі фронт.
Да арт.Нармандская дэсантная аперацыя 1944. Штурмавыя часці саюзнікаў на ўзбярэжжы Нармандыі. Ліпень 1944.