КО́РЧЫЦ (Уладзіслаў Вікенцьевіч) (1.9.1893, в. Багдановічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 17.10.1966),

ваенны дзеяч, ген.-палк. (1946). Скончыў курсы старшага камсаставу «Выстрал» (1923, 1930), Вышэйшыя акад. курсы пры ваен. акадэміі Генштаба (1953). У арміі з 1914, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1926 камандзір палка, нач. штаба дывізіі, корпуса, на выкладчыцкай рабоце ў ваен. навуч. установах. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўн.-Зах. фронце: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі. З 1944 у Войску Польскім, у 1945—54 нач. Генштаба Войска Польскага, адначасова з 1950 віцэ-міністр Нац. абароны Польшчы. З 1954 у СССР.

У.В.Корчыц.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМА́Ч ((Kosmač) Цырыл) (28.9.1910, г. Слап, Славенія — 28.1.1980),

славенскі пісьменнік. З 1938 жыў у Францыі, Англіі, з 1944 у Югаславіі. Удзельнік антыфаш. супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. Дэбютаваў аповесцю «Дзяк Марцін» (1933). Аўтар раманаў «Вясновы дзень» (1953; аўтабіягр.), «Балада пра трубу і воблака» (1956—57), аповесці «Тантандруй» (1959). Майстар псіхал. навелы: зб-кі «Шчасце і хлеб» (1946), «З маёй даліны» (1958). Для твораў К. характэрна нац.-грамадская і сац. праблематыка, спалучэнне лірызму і сатыры, рэаліст. сімволікі з фалькл. матывамі, пазней — з авангардысцкімі прыёмамі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1976;

Весенний день;

Баллада о трубе и облаке;

Новеллы. М., 1988.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́СТАЎ (Трайча) (17.6.1897, Сафія — 17.12.1949),

балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1963). З 1920 чл. Балг. камуніст. партыі (цесных сацыялістаў); з 1931 чл. яе ЦК, з 1937 чл. Палітбюро ЦК. У 1924—29 зняволены за рэв. дзейнасць. У 1930—31, 1932—34 жыў у СССР, працаваў у Выканкоме Камінтэрна. У 2-ю сусв. вайну сакратар ЦК Балг. рабочай партыі (БРП, 1940—42), адзін з арганізатараў балг. Руху Супраціўлення, зняволены (1942 — вер. 1944). У 1944—46 сакратар ЦК БРП (камуністаў), у 1946—49 нам. старшыні Савета Міністраў. У 1948—49 чл. Палітбюро ЦК Балг. камуніст. партыі. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.

т. 8, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Васіль Іванавіч) (15.1.1894, г. Усолле Пермскай вобл., Расія — 20.6.1964),

удзельнік абарончых баёў і вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-палк. (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1926) і ўдасканалення каманднага саставу (1929), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1936). У арміі з 1915. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У пач. Вял. Айч. вайны камандуючы 3-й арміяй Зах. фронту, якая вяла абарончыя баі пад Мінскам, у раёне Гродна, Ліды, Навагрудка. Са жн. 1941 камандуючы арміяй, са снеж. 1943 нам. камандуючага 1-м Прыбалт. фронтам. Пасля вайны на адказных пасадах у Мін-ве абароны СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1946—50, 1954—58.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Фёдар Ісідаравіч) (29 9.1898, в. Балбечына Горацкага р-на Магілёўскай вобл. — 22.3.1961),

ваенны дзеяч, ген.-палк. (1941). Дацэнт (1938). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1926). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. З 1938 нам. камандуючага войскамі БВА, нач. ваен. акадэміі Генштаба, камандуючы ваен. акругамі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандуючы войскамі Паўн.-Зах. і Цэнтр., нам. камандуючага войскамі Зах., Волхаўскага і Карэльскага франтоў. Удзельнік абарончых баёў у Прыбалтыцы, Крыме, пад Смаленскам, разгрому ням.-фаш. войск пад Масквой, Ленінградам і Ноўгарадам. У 1945—48 камандуючы войскамі Уральскай ваен. акругі.

Ф.І.Кузняцоў.

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Фёдар Спірыдонавіч) (н. 15.9.1913, ст. Чарназём Цвярской вобл., Расія),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў падп. арг-цыі і партыз. руху ў Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. З 1940 нач. паравознага дэпо ст. Мінск. У ліп. 1941 арганізаваў і ўзначаліў падп. арг-цыю ў паравозным дэпо, якая ўваходзіла ў Мінскае патрыятычнае падполле. З крас. 1942 у партызанах: нам. камандзіра роты, камісар атрада «Мсцівец», у кастр. 1943 — лют. 1944 камісар брыгады «Народныя мсціўцы» імя В.​Т.​Варанянскага. Пасля вайны на адм. рабоце на Бел. чыгунцы. Аўтар успамінаў «Чыгуначнікі Мінска ў барацьбе супраць фашысцкіх акупантаў» у зб. «З гісторыі партызанскага руху ў Беларусі (1941—1944 гг.)» (1961).

т. 8, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛА́ГІН (Андрэй Міхайлавіч) (4.9.1921, в. Старое Закружжа Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. — 9.8.1980),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваен. паветр. акадэмію (1954). З 1936 працаваў на аўтарамонтным з-дзе ў Магілёве. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1942 на Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 2-м Бел. франтах. Лётчык-знішчальнік капітан К. зрабіў 762 баявыя вылеты, правёў 142 паветр. баі, збіў 32 варожыя самалёты, 7 у групавых баях. Да 1956 у Сав. Арміі, палкоўнік. З 1959 на парт. рабоце, з 1961 інструктар, заг. сектара ЦК КПБ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51.

А.М.Кулагін.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ВАЦКІ БОЙ 1942,

бой паміж партызанамі брыгады К.Заслонава і фаш. карнай экспедыцыяй у в. Купаваць Сенненскага р-на Віцебскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Раніцай 14 ліст. буйныя сілы ням. карнікаў пачалі наступаць у раён в. Смаляны Аршанскага р-на і в. Купаваць, дзе размяшчаўся штаб партыз. брыгады і частка партыз. падраздзяленняў Яны скрытна падышлі да вёскі і раптоўна атакавалі. У час жорсткіх баёў загінулі камандзір брыгады Заслонаў і яшчэ 4 партызаны; партызаны з боем адступілі ў лес. Карнікі падпалілі вёску. Партызан, што загінулі ў баі, пахавалі каля вёскі. У 1947 астанкі Заслонава і яго ад’ютанта Я.​Коржаня перапахавалі на чыг. ст. Орша.

т. 9, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРТО́ (Яўген Іванавіч) (7.7.1924, в. Рачыборак Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.8.1993),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1949). У 1946—84 працаваў у газетах, выдавецтвах «Беларусь», «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1946. Пісаў для дзяцей і юнацтва (першы зб. «На начлезе», 1958). Гераізм школьнікаў у Вял. Айч. вайну, іх сучаснае жыццё — гал. тэмы кніг «Ён быў піянерам» (1960), «Шэсць кароткіх гісторый» (1965), «Над ярам» (1966), «Лясны ўрок» (1973), «Насустрач жыццю» (1974) і інш. На бел. мову пераклаў некат. творы К.​Чапека, Э.​Раўда, Ш.​Бейшэналіева, Г.​Цыруліса, А.​Імерманіса і інш.

Тв.:

Дарога бяжыць насустрач. Мн., 1964;

Над ціхай Свідаўкай. Мн., 1972;

Шумеў Нягневіцкі лес. Мн., 1984.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РЫНСКІ БОЙ 1942,

бой партызан атрада Д.​Ф.​Райцава і А.​П.​Дзіка супраць ням.-фаш. захопнікаў у раёне вёсак Курына, Платы і р.п. Ноўка Суражскага р-на Віцебскай вобл. 28 сак. ў Вял. Айч. вайну. Пасля разгрому 27 сак. партызанамі М.Ф.Сільніцкім і М.​І.​Купчанкам групы гітлераўцаў, якія рабавалі насельніцтва ў в. Вусава, атрад карнікаў (каля 350 чал.) на наступны дзень з гарматамі і мінамётамі накіраваўся супраць партызан. У час бою партызаны прычынілі ворагу значныя страты, але да фашыстаў падаспела падмацаванне (200 чал.), і партызаны былі вымушаны адысці. У в. Курына на магілах загінуўшых партызан І.​С.​Лапікава і Сільніцкага помнікі.

т. 9, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)