штучны водны шлях на тэр. Валагодскай і Ленінградскай абл.Расіі, які злучае Волгу з Балтыйскім м., а цераз Беламорска-Балтыйскі канал з Белым м. Створаны ў пач. 19 ст.; у 1964 закончана карэнная рэканструкцыя. Праходзіць цераз Рыбінскае вадасх., р. Шэксна, воз. Белае, р. Коўжа, Волга-Балтыйскі канал, р. Выцегра, Анежскі канал, р. Свір, Ладажскі канал і р. Нява. Даўж. каля 1100 км. Глыб. не менш як 4 м. Мае 9 шлюзаў, 6 гідравузлоў, 7 вадасховішчаў. Па Волга-Балтыйскім водным шляху праходзяць грузапасажырскія лініі і турысцкія маршруты.
рускі паэт. У гады Вял.Айч. вайны ў блакадным Ленінградзе. Скончыў Ленінградскі ун-т (1952). Працаваў на камсамольскай рабоце, гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1959—65), адказным сакратаром газ. «Правда» (1965—68), сакратаром праўлення СП СССР (1982—86). Аўтар кніг «Сіла жыцця» (1966), «Блакада» (1968; Дзярж. прэмія Расіі 1985), «Памяць» (1971), «Вуліца Росі» і «Белыя ночы» (абедзве 1979), «Шалі» (1986). Большасць вершаў прысвечана блакаднай тэме. На рус. мову перакладаў вершы Г.Пашкова. Творы Воранава на бел. мову перакладалі Я.Семяжон, Пашкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛЬФ (Георгій) (Юрый) Віктаравіч (22.6.1863, г. Нежын, Украіна — 25.12.1925),
рускі крышталёграф. Чл.-кар.АНСССР (1921). Скончыў Варшаўскі ун-т (1885). Праф. Казанскага (1897), Варшаўскага (1898) і Маскоўскага (1918) ун-таў. Вынайшаў графічны метад апрацоўкі вынікаў вымярэння крышталёў з дапамогай стэрэаграфічнай сеткі (названа яго імем). Даў новы спосаб вываду ўсіх груп сіметрыі крышталёў. Навук. працы ў галіне росту крышталёў, вывучэння вадкіх крышталёў і крышталяоптыкі. Упершыню ў Расіі паставіў дослед па рэнтгенаструктурных даследаваннях крышталёў. У 1913 адкрыў закон інтэрферэнцыі рэнтгенаўскіх прамянёў, адлюстраваных атамнымі плоскасцямі крышталёў, і незалежна ад У.Г.Брэга вывеў асн. формулу рэнтгенаструктурнага аналізу (гл.Брэга—Вульфа ўмовы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧО́НАЕ ЗВА́ННЕ,
прысвойваецца выкладчыкам ВНУ і навук. работнікам (звычайна з вучонымі ступенямі) у залежнасці ад навук. кваліфікацыі і складанасці творчых задач, якія імі вырашаюцца. У адпаведнасці з вучоным званнем замяшчаюцца і пасады ў навуч. і навук. установах, што займаюцца паводле конкурсу і па кантракце. Сістэма вучоных званняў: прафесар (у сярэднявеччы магістр), дацэнт і інш. — усталявалася ў зах.-еўрап. ун-тах у канцы 16 ст. У Расіі гэтыя вучоныя званні сталі выкарыстоўвацца ў 18—19 ст. У СССР, у т. л. на Беларусі, сістэма вучоных званняў аформілася ў 1920—30-я г., прыняты вучоныя званні: прафесар, дацэнт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́БРАНАЯ РА́ДА,
неафіцыйны ўрад у Расіі ў канцы 1540-х — 50-я г. Складаўся з асоб, прыбліжаных да цара Івана IV Васілевіча Грознага. Кіруючае становішча ў выбранай радзе займалі А.Ф.Адашаў, прыдворны святар Сільвестр, мітрапаліт Макарый, думны дзяк І.М.Віскаваты, князь А.М.Курбскі і інш. У час праўлення выбранай рады праведзены важнейшыя рэформы (выдадзены Судзебнік 1550, створаны прыказы, стралецкае войска і інш.), далучаны Казанскае і Астраханскае ханствы, вялася барацьба за Прыбалтыку. Сур’ёзныя змены ў знешняй і ўнутр. палітыцы Івана IV прывялі да падзення выбранай рады.
Літ.:
Зимин А.А., Хорошкевич А.Л. Россия времени Ивана Грозного. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРЭ́ЙСКІ (Георгій Сямёнавіч) (30.7.1886, г. Хмяльніцкі, Украіна — 19.12.1962),
рускі графік. Правадз.чл.АМСССР (1949). Нар. мастак Расіі (1962). Скончыў Пецярб.ун-т (1912). Вучыўся ў Пецярбургу (1913—16) у М.Дабужынскага, Б.Кустодзіева, Г.Астравумавай-Лебедзевай. У 1918—30 — хавальнік аддзела гравюр у Эрмітажы. Майстар графічнага партрэта (літаграфія, афорт, малюнак). Стварыў серыі літаграфій: альбомы «Партрэты рускіх мастакоў» (1922, 1927), «Вёска» (1924), «Партрэты рускіх пісьменнікаў» (т. 1—2, 1927—29). Пейзажы Вярэйскага вызначаюцца тонкім лірызмам («Сад Рускага музея», 1925). Аўтар артыкулаў па мастацтвазнаўстве. Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́ВІЧ (Міхаіл Маркавіч) (7.12.1905, в. Вялікія Гулякі Фастаўскага р-на Кіеўскай вобл. — 12.7.1965),
расійскі артыст балета, педагог. Нар.арт.Расіі (1951). Скончыў Маскоўскае харэаграфічнае вучылішча, выкладаў у ім (у 1954—58 маст. кіраўнік). У 1924—52 саліст Вял.т-ра. Сярод класічных партый: Салор («Баядэрка» Л.Мінкуса), Зігфрыд, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова). Першы выканаўца партый Вацлава («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Прынца, Рамэо («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева) і інш. Сярод вучняў У.Васільеў. Аўтар балетных сцэнарыяў, артыкулаў і рэцэнзій. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБРЫЧЭ́ЎСКІ (Георгій Нарбертавіч) (23.2.1860, Масква — 5.4.1907),
рускі мікрабіёлаг і эпідэміёлаг, заснавальнік навук. школы бактэрыёлагаў і Рас. бактэрыялагічнага т-ва. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). У 1889—91 працаваў у І.І.Мечнікава, Р.Коха, П.П.Э.Ру, П.Эрліха. У 1891 заснаваў бактэрыял. лабараторыю ў Маскоўскім ун-це, з 1895 — Бактэрыялагічны ін-т (узначальваў да 1907). Навук. працы па этыялогіі і лячэнні дыфтэрыі, шкарлятыны, зваротнага тыфу, чумы. Разам з Н.Ф.Філатавым упершыню ў Расіі ўвёў у практыку сываратачнае лячэнне дыфтэрыі (1894), арганізаваў таксама вытв-сць лекавых сываратак. Яго імем названы Бактэрыял.ін-т Маскоўскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМА́ТНЫ ДВОРу Маскве,
цэнтр гарматна-ліцейнай вытв-сці ў Расіі ў 15—17 ст.Засн. каля 1479 як казённая мануфактура, што вырабляла гарматы і ядры, а таксама званы, панікадзілы. Самая стараж. гармата адліта ў 1483—84 майстрам Якавам. На Гарматным двары была створана школа майстроў-гарматнікаў, да якой належаў і А.Чохаў, які адліў у 1586 «Цар-пушку». У сярэдзіне 17 ст. на Гарматным двары працавала каля 400—500 майстроў, чаляднікаў і вучняў 32 прафесій (гарматнікі, ліцейшчыкі, кавалі і інш.). З канца 18 ст. сховішча для зброі, боепрыпасаў і сцягоў, якія ў 1802 перададзены ў Крамлёўскі арсенал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,
запасы глыбіннага цяпла Зямлі, эксплуатацыя якіх эканамічна выгадная. Адрозніваюць гідрагеатэрмальныя (тэрмальныя воды) і петрагеатэрмальныя рэсурсы (акумуляваныя ў блоках горных парод, нагрэтых да 350 °C і больш). Практычнае значэнне маюць гідратэрмальныя рэсурсы, якія выкарыстоўваюць для цеплазабеспячэння (пры т-ры ад 40 да 100—150 °C) і атрымання электраэнергіі на геатэрмальных электрастанцыях пры т-ры 150—300 °C. Прымеркаваны яны да трэшчынных воданапорных сістэм у раёнах сучаснага вулканізму, маладых складкавых гор, зон тэктанічных разломаў. Геатэрмальныя рэсурсы выкарыстоўваюць у ЗША (самае буйное ў свеце радовішча Вялікія Гейзеры), Італіі, Новай Зеландыі, Японіі, Мексіцы, Расіі, Ісландыі і інш.