ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910,
антыманархічная рэвалюцыя ў Партугаліі, у выніку якой у краіне ўстаноўлены рэсп. лад. Выклікана незадаволенасцю насельніцтва антыдэмакр. і рэпрэсіўным курсам каралеўскага ўрада. Пачалася ноччу 4.10.1910 у Лісабоне з паўстання рэспубліканцаў на чале з М. душ Сантушам, якіх падтрымалі армейскія часці сталічнага гарнізона і маракі 2 крэйсераў. 5 кастр. пасля капітуляцыі ўрадавых войск і эміграцыі караля Мануэла II [1908—10] у Вялікабрытанію кіраўнікі паўстання абвясцілі Партугалію рэспублікай. Быў створаны часовы ўрад на чале з Т.Брагам. Часовы ўрад аддзяліў царкву ад дзяржавы, скасаваў дваранскія тытулы, правёў выбары ва Устаноўчы сход, які 21.8.1911 прыняў новую канстытуцыю краіны (набыла сілу 11.9.1911). Яна прадугледжвала стварэнне двухпалатнага парламента, які выбіраў прэзідэнта рэспублікі, увядзенне свабоды друку і слова, права рабочых на забастоўкі, скасаванне манаскіх ордэнаў, устанаўленне ў прам-сці 8-гадзіннага рабочага дня і інш.
т. 12, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ (устаноўчая). Адбылася нелегальна ў канцы кастр. 1923 у Вільні; прысутнічала 9 дэлегатаў ад Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Кампартыі Польшчы (КПРП). Склікана ў адпаведнасці з рашэннямі П з’езда КПРП пра неабходнасць стварэння «беларускай тэрытарыяльнай арганізацыі». Паводле рашэнняў канферэнцыі Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ) павінна была дзейнічаць на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі ў складзе адзінай КПРП у адпаведнасці з яе праграмнымі ўстаноўкамі, разлічанымі на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне рабоча-сял. ўрада, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу зямлі сялянам без выкупу, за права самавызначэння Беларусі, уз’яднанне яе з БССР. У склад абранага ЦК КПЗБ увайшлі С.А.Дубовік (Балюк), А.Буксгорн (Юльскі), С.А.Мертэнс (Скульскі), С.Т.Мілер (Шлёмка). У парт. арг-цыях на момант стварэння КПЗБ налічвалася 528 чал.
У.Ф.Ладысеў.
т. 12, с. 311
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫПІСНЫ́Я СЯЛЯ́НЕ,
феадальна-залежнае насельніцтва Расіі ў 17 — сяр. 19 ст., якое замест аброку і падушнага падатку было абавязана працаваць на казённых і прыватных з-дах ці ф-ках. У канцы 17 і асабліва ў 18 ст. ўрад дзеля падтрымкі буйной прам-сці шырока практыкаваў прыпіску (звычайна без указання тэрміну) дзярж. сялян да з-даў ці мануфактур на Урале і ў Сібіры. Фармальна сяляне заставаліся ўласнасцю дзяржавы, але прадпрымальнікі эксплуатавалі і каралі іх як сваіх прыгонных. Цяжкае становішча П.с. выклікала шматлікія паўстанні і ўцёкі. З канца 18 ст. ўрад спыніў прыпіску сялян да з-даў. У пач. 19 ст. П.с. пад назвай «неадменных работнікаў» увайшлі ў катэгорыю пасэсійных сялян, скасаваную ў 1861—63 пасля адмены прыгоннага права.
Літ.:
Панкратова А.М. Формирование пролетариата в России. (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
т. 13, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯ́ТАЯ РЭСПУ́БЛІКА ў Францыі,
палітычны рэжым паводле дзеючай канстытуцыі 1958 (падрыхтавана ўрадам Ш. дэ Голя, прынята рэферэндумам 28.9.1958, уведзена ў дзеянне 5.10.1958). Для рэжыму П.р. характэрны вял. паўнамоцтвы выканаўчай улады, асабліва прэзідэнта (адначасова вярх. галоўнакаманд. ўзбр. сіламі) пры абмежаванні правоў парламента. Прэзідэнт мае права распусціць Нац. сход (ніжнюю палату парламента) і прызначыць новыя выбары, а ў выпадку надзвычайных абставін — прыняць на сябе ўсю паўнату ўлады. Урад адказны перад парламентам і фарміруецца з прадстаўнікоў партый, чые фракцыі складаюць большасць у Нац. сходзе. Прэзідэнт прызначае прэм’ер-міністра (звычайна лідэра партыі, што перамагла на выбарах у Нац. сход) і па яго рэкамендацыі міністраў. З кастр. 1962 прэзідэнта выбіраюць прамым усеагульным галасаваннем. Франц. П.р. — прамежкавы паміж парламенцкай рэспублікай і прэзідэнцкай рэспублікай тып рэсп. дзярж. ладу («паўпрэзідэнцкая рэспубліка»). Гл. таксама раздзел Дзярж. лад у арт. Францыя.
т. 13, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́ЗІЙ (Пётр) (?—1571),
прававед, адзін з заснавальнікаў навук. школы юрыспрудэнцыі ў ВКЛ. Па паходжанні італьянец. Вучыўся ў Падуі і Балонні. Выкладаў права ў Кракаўскім ун-це. Перасяліўшыся ў ВКЛ, служыў у жамойцкага біскупа Я.Даманеўскага і пакінуў вял. літ.-прававую спадчыну. У 1561 склаў для біскупства Канстытуцыю і Навелы — законапалажэнні і правілы, якімі яно павінна было карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад гаспадарскага суда, дзе разглядаліся апеляцыі ад гарадоў з магдэбургскім правам. Аўтар працы «Заключэнне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэннях Літвы, і аб абскарджанні судовых рашэнняў» (выд. ў 1563 у Кракаве, у 1570 у Франкфурце-на-Майне, у 1572 у Венецыі). Прыходскую школу Р. ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку суддзяў, адвакатаў і інш. суд. чыноўнікаў.
Г.А.Маслыка.
т. 13, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),
аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы аб адм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт. рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.
т. 13, с. 531
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНА́ЦЫЯ (лац. sanatio лячэнне, аздараўленне) у праве, працэдура конкурснага вядзення справы, якая прадугледжвае пераход права ўласнасці, змену дагаворных і інш. абавязацельстваў, рэарганізацыю, рэструктурызацыю або аказанне фін. падтрымкі даўжніку. Ажыццяўляецца для аднаўлення яго ўстойлівай плацежаздольнасці і ўрэгулявання ўзаемаадносін даўжніка і крэдытораў ва ўстаноўленыя тэрміны. На Беларусі прадугледжана законам «Аб эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтве)» ад 18.7.2000. Уводзіцца гасп. судом на падставе рашэння сходу крэдытораў ці па ўласнай ініцыятыве ў выпадках, прадугледжаных законам. Рашэнне гасп. суда аб С. падлягае неадкладнаму выкананню. Уводзіцца на тэрмін да 18 месяцаў з дня вынясення рашэння аб яе правядзенні, калі інш. не прадугледжана законам. Пасля заканчэння С. эканам. санкцыі за невыкананне плацежных абавязацельстваў, а таксама сумы прычыненых страт, якія даўжнік абавязаны выплаціць крэдытору, могуць быць прад’яўлены да выплаты ў памерах, што існавалі на дату адкрыцця працэдуры банкруцтва.
Г.А.Маслыка.
т. 14, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЧАНКА (Іван Яфімавіч) (12.2.1901, с. Натальіна Чырванаградскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 9.11.1975),
украінскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі ін-т нар. адукацыі (1928). Друкаваўся з 1921. Аўтар зб-каў лірыка-псіхал.’быт. апавяданняў «Вясною» (1923), «Апавяданні» (1925), «Дубовыя грады» (1929), «Камуна» (1932), «Навелы» (1940), «Рубін на Саламянцы» (1957), «На Батыевай гары» (1960), «Падарожжа ў Чырванаград» (1973), раманаў «Металісты» (1932), «Напярэдадні» (1938), «Яго пакаленне» (1947). Творы прысвечаны жыццю ўкр. вёскі і гар. ускраіны. Пісаў для дзяцей: зб-кі «Паравы млын» (1926), «Сонца ўзыходзіць» (1929), «Чорныя вароты» (1936), «Мае сябры» (1951), «Дарогі блізкія і далёкія» (1965), «Дыямантавы бераг» (1962, 1969). Аўтар кн. нарысаў «Гіганты пустынь» (1932), «Права на гераізм» (1934). На бел. мову асобныя апавяданні пераклаў М.Базарэвіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Ад круч дняпроўскіх. Мн., 1983.
т. 14, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ДКАЎСКІ, Сладкоўскі (Sladkovsky) Карал (22.6.1823, Прага — 4.3.1880), чэшскі паліт. дзеяч. Д-р права (1866). Скончыў Пражскі ун-т (1848). У час Рэвалюцыі 1848—49 у Чэхіі адзін з лідэраў радыкальных дэмакратаў і кіраўнікоў Пражскага паўстання 1848, удзельнік 1-га Усеслав. з’езда (чэрв. 1848, Прага). Вясной 1849 за ўдзел у падрыхтоўцы новага паўстання арыштаваны і прыгавораны аўстр. ўладамі да пакарання смерцю, замененага на 20 год зняволення. У 1857 памілаваны. З 1862 дэп. чэш. сейма, з 1867 і чл. яго земскага к-та. 22.8.1868 у знак пратэсту супраць аўстра-венг. пагаднення і канстытуцыі 1867 выйшаў з сейма і к-та. У 1875 зноў выбраны ў сейм. Адзін з лідэраў младачэхаў, прыхільнік пераўтварэння двухадзінай Аўстра-Венгрыі ў трохадзіную Аўстра-Венгра-Чэшскую манархію. Садзейнічаў стварэнню чэш. нац. тэатра.
т. 14, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
плюралі́зм
(фр. pluralisme, ад лац. pluralis = множны)
1) філасофскае вучэнне, паводле якога ў аснове свету ляжыць мноства незалежных духоўных сутнасцей (параўн. дуалізм, манізм);
2) прызнанне права на існаванне множнасці метадаў, падыходаў, партый, напрамкаў (напр. п. думак).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)