абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. і інш. навук пра Беларусь і бел. народ — яго сацыяльную і этнічную гісторыю, умовы бытавання, матэрыяльную і духоўную культуру, мову ў іх сучасным стане і гістарычным развіцці. Абазначаецца таксама тэрмінам беларусістыка, які выкарыстоўваецца і ў больш вузкім значэнні — дысцыпліны бел. філалогіі (мовазнаўства, літаратуразнаўства, фалькларыстыка) або наогул толькі тыя з іх, што звязаны з вывучэннем бел. мовы. Для абазначэння беларусазнаўства асабліва ў замежным асяроддзі выкарыстоўваюцца тэрміны беларусіка, альбарусіка (ад лац. alba белая + russicus рускі), беларосіка, альбаросіка (з грэч. коранем Rhōs Русь, рускі), беларутэніка, альбарутэніка (ад лац. ruthenicus рускі), рэдка — беларусаведа. Беларусазнаўства ўключае шэраг разгалінаваных навук: гісторыю, геаграфію, прыродазнаўства, эканоміку, этнаграфію, мастацтвазнаўства, кнігазнаўства Беларусі, бел. фалькларыстыку, літаратуразнаўства і мовазнаўства, гісторыю культуры, гісторыю рэлігіі і канфесій на бел. землях і інш. Навукоўцаў, што працуюць у галіне беларусазнаўства, называюць беларусазнаўцамі, беларусаведамі, беларусістамі.
Беларусазнаўства складвалася і развівалася па меры станаўлення асобных навук пра Беларусь і беларусаў, паглыблення дыферэнцыяцыі і адначасова — узаемадзеяння паміж гэтымі навукамі. На ранніх этапах развіцця цесна змыкалася з краязнаўствам. Узнікшы напачатку з памкнення пазнаёміць грамадскасць з малавядомым краем і яго насельнікамі, беларусазнаўства паступова выходзіла за межы чыста пазнавальных мэтаў і стала навукай нац. самапазнання і самавызначэння бел. народа, усведамлення ім уласнага гіст. шляху, неабходнасці захавання нац. формы быцця. У выніку ўсебаковага, комплекснага падыходу да вывучэння Беларусі акрэсліліся змест і задачы беларусазнаўства, яго культ.-пазнавальнае і грамадска-паліт. значэнне. На пач. 20 ст. з пашырэннем ідэй нац. незалежнасці былі зроблены спробы аформіць беларусазнаўства ў абагульнены міждысцыплінарны курс для азнаямлення шырокай грамадскасці з асн. беларусазнаўчай праблематыкай.
Цікавасць да Беларусі і яе народа пачала праяўляцца яшчэ ў старажытнасці. Так, ужо ў стараж.-рус. летапісах прыводзяцца звесткі пра рассяленне, звычаі, заняткі, грамадскі лад, культуру ўсх.-слав. плямёнаў на тэрыторыі, якую займае сучасная Беларусь. Багаты фактычны матэрыял пра сац.-эканам., культ., канфесіянальную і паліт. гісторыю Беларусі змяшчаюць пісьмовыя помнікі 13—18 ст. эпохі ВКЛ — летапісы і хронікі, мемуарная, юрыд., грамадска-філас. і інш.л-ра. У філалагічных дапаможніках 16—17 ст. — граматыках, слоўніках (гл. ў арт.Лексікаграфія), букварах — шырока адзначаліся з’явы бел. мовы. Аднак да 19 ст. гэты фактычны матэрыял падаваўся фрагментарна, без глыбокага навук. асэнсавання. На мяжы 18—19 ст. цікавасць да Беларусі стала прыкметна ўзрастаць. Гэта было звязана з агульным уздымам навукі ў Еўропе (у прыватнасці, славяназнаўства) і з гіст. зменамі ў Беларусі: у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай яна адышла да Расіі. З паліт. меркаванняў Расіі важна было даказаць свае правы на далучаныя землі як на спрадвечную ўласнасць, часова страчаную ў неспрыяльных гіст. абставінах. Самастойнасць бел. народа і яго мовы катэгарычна адмаўлялася афіц. коламі Расіі. У сваю чаргу, прадстаўнікі шавіністычна настроеных слаёў польск. грамадскасці трактавалі Беларусь як частку Польшчы, беларусаў і іх мову разглядалі ў межах «пальшчызны». Вывучэнне Беларусі, такім чынам, ад самага пачатку ішло ва ўмовах вострай ідэалагічнай і паліт. барацьбы розных сац.сіл, саслоўна-класавых і нац.-рэліг. супярэчнасцяў, што адмоўна адбілася на вырашэнні кардынальных праблем беларусазнаўства. Не спрыяла развіццю беларусазнаўства і адсутнасць на Беларусі навук. цэнтраў і арг-цый, якія б узначальвалі і каардынавалі даследаванні з пункту гледжання інтарэсаў бел. народа. Распрацоўка беларусазнаўства часткова ініцыіравалася і падтрымлівалася рознымі навук. і грамадскімі арг-цыямі па-за межамі Беларусі. Прыкметную ролю ў абуджэнні цікавасці да Беларусі адыграў Віленскі ун-т (1803—32), некаторыя яго выкладчыкі займаліся вывучэннем бел. гісторыі, этнаграфіі, помнікаў бел. пісьменства і заахвочвалі да гэтага студэнтаў, якія стварылі гурток бел. філалогіі. Навук. вывучэнне Беларусі распачалі даследчыкі М.К.Баброўскі, І.М.Даніловіч, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Я.Чачот, Т. і Ю.Нарбуты і інш. Значную падтрымку ў зборы, навук. апрацоўцы і выданні матэрыялаў пра Беларусь аказалі даследчыкам Расійская АН, ун-ты С.-Пецярбурга, Масквы, Кіева і інш. гарадоў Расіі, Паўн.-Зах. аддзел Рускага геагр.т-ва, Маскоўская і мясц. археаграфічныя камісіі і археал. т-вы, губернскія стат. к-ты і інш. ўстановы. Дзякуючы іх падтрымцы была выяўлена і выдадзена вял. колькасць бел.стараж. рукапісаў і друкаваных кніг: граматы, дагаворы, прывілеі, суд. пратаколы і інш. канцылярска-адм. дакументы, заканад. акты і кодэксы, у т. л. статуты, «судзебнікі» (у зб.«Беларускі архіў старажытных грамат», выдадзены І.І.Грыгаровічам у 1-й чвэрці 19 ст., «Руска-лівонскія акты», у шматтомных Актах Заходняй Расіі, Актах Паўднёвай і Заходняй Расіі, «Рускай гістарычнай бібліятэцы», Актах Віленскай камісіі і інш.); летапісы ВКЛ, гіст. запісы і хронікі мясц. і замежных аўтараў (ад «Летапісца вялікіх князёў літоўскіх» 15 ст. да помнікаў пач. 18 ст.); арыгінальныя і перакладныя маст. і публіцыстычныя творы — вершы А.Рымшы (16 ст.) і Сімяона Полацкага (17 ст.), «Прамова Мялешкі» і «Ліст да Абуховіча» (17 ст.), аповесці пра Атылу, Трыстана, Баву (у спісах 16 ст.) і інш.; пераклады рэліг. л-ры (пачынаючы з 15 ст.); навук. творы і палеміка правасл. дзеячаў з католікамі і уніятамі (у якой закраналіся не толькі вузкадагматычныя тэмы, але і з’явы грамадска-паліт. жыцця), драм. творы 17—18 ст. (т.зв. інтэрмедыі, або інтэрлюдыі). Публікаваліся каштоўныя зборы этнагр. і фалькл. матэрыялаў, стат. звесткі па эканоміцы Беларусі і гэтак далей. Аднак у цэлым у вывучэнні Беларусі адсутнічалі мэтанакіраванасць і арганізаваны пачатак, амаль усё залежала ад асабістых інтарэсаў і схільнасцяў даследчыкаў. На пач. 19 ст. працы, што публікаваліся па бел. гісторыі, этнаграфіі, фальклоры і мове (пераважна ў рус. і польск. друку), не заўсёды вызначаліся дакладнасцю ў падачы фактычнага матэрыялу і навуковасцю яго вытлумачэння. Яны адлюстроўвалі адсутнасць у некаторых аўтараў дакладнага ўяўлення аб прадмеце даследавання і ўвогуле невысокі ўзровень тагачаснай навукі, якая звярталася да бел. матэрыялу спарадычна, выкарыстоўвала яго часцей як пабочны, дадатковы пры разглядзе агульных пытанняў паходжання славян, гісторыі культуры і мовы асобных слав. народаў (пераважна рускага).
Да сярэдзіны 19 ст. паступова назапасіўся вял. фактычны матэрыял, выпрацаваліся больш дасканалыя метады даследавання беларусазнаўства. З’явіліся буйныя беларусазнаўчыя працы: па сац. гісторыі і археалогіі — Я.П. і К.П.Тышкевічаў, А.Кіркора, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.К.Любаўскага, Ф.І.Леантовіча, І.І.Лапо, У.К.Стукаліча, М.В.Доўнар-Запольскага, А.С.Грушэўскага і інш.; па гісторыі культуры і стараж. пісьменства — П.У.Уладзімірава, К.В.Харламповіча, І.І.Флёрава, І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ і інш.; па этнаграфіі, фальклоры і мове — І.І.Насовіча, П.А.Бяссонава, П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава, У.М.Дабравольскага, П.П.Чубінскага, М.Я.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, М.А.Янчука, А.І.Сабалеўскага, А.А.Патабні, І.А.Нядзёшава і інш. Большасць даследчыкаў і збіральнікаў этналінгвістычных матэрыялаў паходзілі з Беларусі, многія прытрымліваліся прагрэсіўных поглядаў, усведамлялі сваю сувязь з бел. народам і самаахвярна яму служылі. Але нават і ў тых выпадках, калі даследчыкі глядзелі на Беларусь як на этнічную і дзярж. правінцыю Расіі ці Польшчы, сваімі працамі яны так або інакш сцвярджалі самабытнасць беларусаў, абуджалі цікавасць грамадскасці да іх гіст. лёсу. У канцы 19 ст. сфарміраваўся комплекс асн. (традыцыйных) раздзелаў (навук) беларусазнаўства. Вынікі даследаванняў у галіне беларусазнаўства падвёў Я.Ф.Карскі ў 1-м томе манаграфіі «Беларусы» (Варшава, 1903), дзе акрэсліў у абагульненым выглядзе асн. праблематыку беларусазнаўства, паказаў супярэчлівасць поглядаў тагачаснай навукі на Беларусь і яе народ, вызначыў найменш распрацаваныя раздзелы беларусазнаўства і намеціў перспектывы далейшых даследаванняў. У канцы 19 ст. ўсё часцей сталі з’яўляцца працы, у якіх яскрава праявіўся падыход да беларусаў як да асобнай, самастойнай фармацыі ў сям’і слав. народаў. Аб самастойнасці бел. народа і яго мовы сцвярджалі некаторыя вучоныя і грамадскія дзеячы яшчэ ў 1-й пал. 19 ст. А.Міцкевіч, Я.Чачот, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, М.Вішнеўскі, А.К.Ельскі (у польск. друку), М.І.Надзеждзін, П.М.Шпілеўскі, М.А.Максімовіч (у расійскім). У польск. навуцы погляд на беларусаў як на асобны слав. народ пад канец 19 ст. стаў пануючы. У рус. навуцы яго рашуча падтрымліваў рус. гісторык і філолаг А.А.Шахматаў. Карскі таксама разглядаў беларусаў і бел. мову ў якасці самастойных, хоць з-за цэнзурных умоў быў вымушаны карыстацца тэрмінамі «бел. племя», «мова бел. племені» замест «бел. народ», «бел. мова». Прызнанне беларусаў самастойным народам шырылася разам з ростам іх нац. самасвядомасці, абуджэннем ідэй адраджэння нацыянальнага, што прагучалі ўжо ў публіцыстыцы К.Каліноўскага, асабліва моцна — у творчасці Ф.Багушэвіча і інш.бел. пісьменнікаў, у дзейнасці бел. народнікаў (гл.«Гоман»). На пач. 20 ст. з нарастаннем рэв. ўздыму па ўсёй Расіі ідэі сац. і нац. разняволення прыгнечаных народаў набылі асаблівую сілу, у т. л. на Беларусі. Адмена ў 1905 забароны бел. друку дала новы штуршок развіццю бел. друкаванага слова і распрацоўцы праблем беларусазнаўства. Кола даследчыкаў пашырылася дзякуючы прытоку нац. свядомых людзей, якія па-новаму сталі асвятляць кардынальныя праблемы гісторыі бел. народа, паходжання бел. мовы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў выйшла за межы акад. навукі, у яго ўключыліся прадстаўнікі розных грамадскіх арг-цый, паліт. партый, прэса (напр., газ.«Наша ніва» і інш.). У 1910 у Вільні была выдадзена першая навук. праца на бел. мове «Кароткая гісторыя Беларусі» В.Ю.Ластоўскага, у якой намеціўся рашучы паварот навукі ад традыц. поглядаў на гісторыю Беларусі як на частку гісторыі Расіі ці Польшчы. Рэв. падзеі 1917 паставілі пытанне аб укараненні здабыткаў беларусазнаўства непасрэдна ў асв. практыку. У 1918 у Маскве ў Беларускім народным універсітэце дасведчанымі беларусазнаўцамі У.І.Пічэтам, Дз.М.Анучыным, Янчуком, П.А.Растаргуевым, З.Ф.Жылуновічам (Ц.Гартны) упершыню быў прачытаны сістэматызаваны курс лекцый па беларусазнаўстве (частка іх была выдадзена ў 1918—20 асобнай кнігай пад назвай «Курс беларусазнаўства»).
З абвяшчэннем БНР, а затым БССР беларусазнаўства стала дзярж. справай. Цэнтр беларусазнаўчых даследаванняў перамясціўся на Беларусь. Напачатку яны былі сканцэнтраваны ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (засн. ў 1921) і Інстытуце беларускай культуры (засн. ў 1922), на базе якога ў 1929 створана Акадэмія навук Беларусі з разгалінаванай сістэмай беларусазнаўчых ін-таў. Было наладжана выданне спец. л-ры, перыяд.навук. выданняў («Запіскі аддзела гуманітарных навук Інстытута беларускай культуры», «Працы БДУ»), а таксама розных грамадска-паліт. і літ.-крытычных часопісаў. У 1920—21 беларусазнаўства як прадмет пачала вывучацца ў школах, гуртках і на курсах, у сувязі з чым вялася падрыхтоўка настаўнікаў і лектараў-беларусазнаўцаў (гл. ў арт.Вышэйшыя курсы беларусазнаўства). Асв. і навук. беларусазнаўства развівалася і ў Зах. Беларусі, якая знаходзілася ў складзе Польшчы. Тут існавалі бел. школы, яны забяспечваліся адпаведнымі падручнікамі, на бел. мове друкаваліся грамадска-культ. і навук. часопісы, дзе публікаваліся даследаванні па беларусазнаўстве (гл. ў арт.Беларускае навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы ў Вільні). Пасля 1-й сусв. вайны навук. асяродак беларусазнаўства (Навуковае таварыства імя Ф.Скарыны) склаўся таксама ў Чэхіі, дзе ў Пражскім Карлавым ун-це праходзілі навучанне многія студэнты-беларусы, што апынуліся па-за межамі СССР. Былі створаны Бел.навук.т-ва ў Рызе, Бел. камітэт у Чыкага і інш. Развіццю беларусазнаўства спрыяў узяты ў краіне на пач. 1920-х г. курс на беларусізацыю. Аднак у канцы 1920—30-х г. рэпрэсіі ўлад супраць нац. кадраў, барацьба з т.зв.бурж. нацыяналізмам нанеслі вял. страты беларусазнаўству. За «адыход ад марксісцка-ленінскай метадалогіі», «праяўленне буржуазнага нацыяналізму» ў БССР панеслі значныя страты кадры беларусазнаўцаў, амаль поўнасцю спынілася сур’ёзная даследчыцкая праца ў галіне беларусазнаўства. Аднаўляцца яна пачала толькі пасля Вял.Айч. вайны, але так і засталася ў рэчышчы паліт. дактрыны КПСС.
За пасляваенныя гады на Беларусі аднавіліся кадры беларусазнаўцаў, павялічылася іх колькасць за мяжой, былі створаны новыя н.-д. і навуч. ўстановы, узніклі новыя навук. выд-вы і перыяд. выданні, навук. кірункі, адбылося далейшае разгалінаванне навук пра бел. народ, беларусазнаўчыя даследаванні набылі шырокі размах. Склалася эміграцыйнае беларусазнаўства (у ЗША, Канадзе, Англіі, ФРГ) як альтэрнатыўнае савецкаму беларусазнаўству. За мяжой пачала выдавацца беларусазнаўчая перыёдыка: «Запісы» Бел. ін-та навукі і мастацтва ў Нью-Йорку, «The Journal of Byelorussian Studies» (гл.«Джорнал ов беларашн стадыз»), «Occasional Papers in Belarusian Studies» («Альманах беларускіх даследаванняў») у Лондане і інш., бел. матэрыялы друкуюць самыя розныя (перш за ўсё славістычныя) замежныя выданні «Slavia» («Славія», Прага), «Slavia Orientalis» («Усходняя Славія», Варшава), «Zeitschrift für Slawistik» («Славяназнаўчы часопіс», Берлін) і інш. Аднак ідэалаг. супрацьстаянне «савецкай» навукі «заходняй», «буржуазнай» не спрыяла развіццю беларусазнаўства ў краіне. Улады ўсімі метадамі імкнуліся ізаляваць «савецкае» беларусазнаўства ад «заходняга», не дапусціць пры вырашэнні яго кардынальных праблем ніякіх адхіленняў ад ідэалаг. догмаў КПСС. Тым не менш за пасляваенны час у краіне і за яе межамі было створана нямала прац, якія трывала замацаваліся ў залатым фондзе беларусазнаўства. З 2-й паловы 1980-х г. стварыліся ўмовы для ўсебаковага, аб’ектыўнага даследавання беларусазнаўчай праблематыкі. Сталі агульнадаступныя тыя працы па беларусазнаўстве, што былі забаронены сав. уладай, з’явілася магчымасць абмяркоўваць тэмы, якіх раней у краіне нельга было закранаць або якія вырашаліся адназначна, толькі з пазіцый марксізму-ленінізму і паліт. інтарэсаў улады. Узніклі новыя грамадска-паліт. і навук. перыядычныя выданні па розных галінах беларусазнаўства. Створаны новыя грамадска-культ. і н.-д. ўстановы і арг-цыі: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны з аддзелам беларусазнаўства; адкрыты беларусазнаўчыя кафедры, аддзяленні і ф-ты ў ВНУ, у якіх беларусазнаўства выкладаецца як абавязковы прадмет. У 1991 заснавана Міжнародная асацыяцыя беларусістаў (МАБ), якая аб’ядноўвае каля 600 навукоўцаў з розных краін свету, рэгулярна праводзіць навук. кангрэсы для абмеркавання праблем беларусазнаўства і вызначэння кірункаў яго развіцця.
Дасягненні беларусазнаўства ў розных яго галінах асвятляюцца ў адпаведных артыкулах «Беларускай савецкай энцыклапедыі» (т. 1—12, 1969—75), «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі» (т. 1—5, 1984—87), «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 1—2, 1993—94), энцыклапедычных даведніках «Янка Купала» (1986), «Францыск Скарына і яго час» (1988), «Этнаграфія Беларусі» (1989), «Беларуская мова» (1994) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo), Дэмакратычная Рэспубліка Конга (République Démocratique du Congo),
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы, у бас.р. Конга, на Пн і Пд ад экватара. Мяжуе на Пн з Цэнтр.-афр. Рэспублікай і Суданам, на У з Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй (з апошнімі дзвюма — на воз. Танганьіка), на Пд з Замбіяй і Анголай, на З з Рэспублікай Конга і мае выхад да Атлантычнага ак. (у вусці р. Конга). Пл. 2345 тыс.км². Нас. 47 440 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — французская, шырока ўжываюцца мясц. мовы банту: кіконга (на З), лінгала (у цэнтр.ч.), суахілі (на У), чылуба (на Пд і ПдУ). Сталіца — г.Кіншаса. Краіна падзяляецца на 9 правінцый (у т. п. Кіншаса ўтварае самаст.адм.-тэр. адзінку). Нац. святы — Дзень незалежнасці (30 чэрв.), Дзень рэвалюцыі (24 лістапада).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт.
Прырода. У цэнтры краіны ўпадзіна Конга. Найб. нізкая яе частка — плоская алювіяльная раўніна выш. 300—500 м. На ПнУ і Пд упадзіна абкружана сталовымі пясчанікавымі плато выш. 500—1000 м, якія паступова пераходзяць у краявыя ўзвышшы. На ПдУ і У — горы Мітумба. Уздоўж усх. граніцы — сістэма глыбокіх скідавых упадзін (гл.Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма) на ўскраінах якой масіў Рувензоры (пік Маргерыта, 5109 м), вулканічная група Вірунга (г. Карысімбі, 4507 м); вобласць грабена характарызуецца сейсмічнай актыўнасцю. Карысныя выкапні: медныя, марганцавыя, алавяныя і ўранавыя руды, нафта, кобальт, цынк, кадмій, серабро, золата, марганец, германій і інш. Радовішчы алмазаў. Клімат экватарыяльны, пастаянна вільготны, на паўд. і паўн. ускраінах субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры самага цёплага месяца (сак. або крас.) 24—28 °C, самага халоднага (ліп. або жн.) 22—25 °C. Ападкаў у экватарыяльнай зоне 1700—2200 мм за год (у гарах да 2500 мм), на Пн 1300—1500 мм, на Пд 1000—1200 мм. Рачная сетка густая і мнагаводная. Большасць рэк належыць да бас.р. Конга (Заір); яе прытокі Арувімі, Убангі (правыя), Ламамі, Лулонга, Рукі, Ква (левыя). Шмат вадаспадаў і парогаў. Запасы гідраэнергіі больш за 400 млн.кВт. На У у скідавых упадзінах ланцуг вял. азёр: Мабуту-Сесе-Сека (Альберт), Эдуард, Ківу, Танганьіка. Шмат балот. Каля палавіны тэрыторыі займаюць вечназялёныя вільготныя трапічныя лясы на чырвона-жоўтых фералітавых глебах (каштоўныя віды — чырвонае, жоўтае, эбенавае дрэва, ліба, агба, цік і інш.). На Пд і Пн — сезонна вільготныя субэкватарыяльныя лясы і другасныя высакатраўныя саванны на чырвоных фералітавых глебах. На крайнім Пд і ПдУ — сухія лістападныя трапічныя рэдкалессі (паркавая саванна) на карычнева-чырвоных глебах. У гарах вышынная пояснасць. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, антылопы, насарогі, зебры, жырафы, ільвы, леапарды, шакалы; у рэках і азёрах — бегемоты і кракадзілы. Нац. паркі: Вірунга, Упемба, Ківу, Салонга, Гарамба, Кахузі-Біега і інш.; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Пражывае больш за 200 плямён і народнасцей негроіднай расы. Моўная група банту (народы балуба, баконга, монга і інш.) складае больш за 80% насельніцтва. На Пн жывуць народы, што гавораць на суданскіх мовах: азандэ, нгабанды, банда і інш.; на граніцы з Угандай і Суданам — нілоты (алур, бары і інш.); на ПнУ у лясах бас.р. Ітуры — пігмеі (плямёны эфе, басуа, бакве). Невял. групы еўрапейцаў, пераважна бельгійцаў. Каля 54% вернікаў — хрысціяне (найбольш католікі), з прытрымліваецца мясц. традыцыйных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва больш за 3% (1990—95). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 20 чал. на 1 км², у прамысл. раёнах на Пд і горных раёнах на У — да 100 чал. на 1 км², у трапічных лясах менш за 1 чал. на 1 км². Гарадскога насельніцтва каля 30% (1995). Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Кіншаса — 4241, Лубумбашы — 810, Мбужы-Майі — каля 500, Кананга і Кісангані — каля 350, Букаву — каля 250. У сельскай гаспадарцы занята 76% працоўных, у прам-сці — 16%.
Гісторыя. Тэр. К. заселена чалавекам з эпохі палеаліту. У пач.н. э. тут рассяліліся народы банту, якія мелі шэраг дзярж. утварэнняў: Конга (13—19 ст.), Каконга і Нгойо (16—20 ст.), Матамба (14—17 ст.; усе ў нізоўях р. Конга); Куба (16—20 ст.; бас.р. Касаі); Лунда (16—19 ст.; бас.р. Кванга); Луба (16—19 ст.; плато Катанга). У 1484—1486 вусце р. Конга наведаў партуг. мараплавец Д.Кан. У 1491 правіцель К. прыняў хрышчэнне і каталіцтва стала дзярж. рэлігіяй. Гандаль рабамі з сярэдзіны 16 ст. прывёў да заняпаду і абязлюдзення гэтых дзяржаў. У 1876 бельг. кароль Леапольд II заснаваў Міжнар. асацыяцыю К. (МАК). Карыстаючыся супярэчнасцямі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Германіяй і Партугаліяй, МАК да пач. 20 ст.
ўсталявала кантроль над вялікай тэрыторыяй у бас.р. Конта, дзе была створана Свабодная дзяржава К. (СДК) на чале з Леапольдам II. У 1908 ён перадаў СДК Бельгіі, якая ўтварыла калонію Бельг. К. Галоўным у палітыцы бельг. улад у адносінах да афр. насельніцтва быў патэрналізм — жорсткі, нават у параўнанні з інш.еўрап. калоніямі, кантроль і рэгуляванне ўсіх бакоў яго жыцця. У 1920—30-я г. формай масавай барацьбы афрыканцаў сталі рэліг.-паліт. рухі, найб. значны з іх — кімбангізм. У 1946 з дазволу ўлад тут створаны прафсаюзы і культ.-асв. арг-цыі, на базе якіх у 1950-я г. сфарміраваліся паліт. партыі (пераважна на этн. аснове). Пасля беспарадкаў у Леапальдвілі (цяпер г.Кіншаса) бельг. ўрад згадзіўся на перагаворы пра незалежнасць К.
У маі 1960 адбыліся парламенцкія выбары, 30.6.1960 абвешчана незалежнасць К. Прэзідэнтам выбраны лідэр Асацыяцыі народа баконга Ж.Касавубу, прэм’ер-міністрам — лідэр Нар. руху К.П.Э.Лумумба. У ліп. 1960 правінцыі Катанга і Касаі абвясцілі незалежнасць. Масавы ад’езд бельг. чыноўнікаў паралізаваў працу дзярж. апарата. Урад Лумумбы звярнуўся за дапамогай у ААН і да СССР. У вер. 1960 ген. С.С.Мабуту скінуў урад Лумумбы, сам ён быў арыштаваны і забіты. Новы ўрад С.Адулы пры падтрымцы войск ААН да студз. 1963 спыніў сепаратысцкі рух. Эканам. крызіс і канфлікты ва ўрадзе падштурхнулі Касавубу да ўвядзення ў вер. 1963 надзвычайнага становішча. Ва ўсх. К. пачаўся паўстанцкі рух, у вер. 1964 у Стэнлівілі (цяпер Кісангані) абвешчана Нар. рэспубліка К. (НРК). Касавубу прызначыў прэм’ерам б. кіраўніка катангскіх сепаратыстаў М.Чомбе. Яго ўрад пры дапамозе наёмнікаў і ўзбр. ўмяшання зах. дзяржаў ліквідаваў НРК. Выбары 1965 не прынеслі перамогі ніводнай з партый, а ва ўмовах паліт. крызісу 24.11.1965 ген. Мабуту скінуў Касавубу і абвясціў сябе прэзідэнтам. Ён забараніў усе партыі, акрамя прэзідэнцкага Нар. руху рэвалюцыі. Адзінай ідэалогіяй абвешчана дактрына «сапраўднага заірскага нацыяналізму» (у 1971—97 К. наз. Рэспубліка Заір). У знешняй палітыцы Мабуту падтрымліваў сувязі з ЗША і інш. краінамі Захаду, якія дапамаглі яму ліквідаваць шэраг паўстанняў супраць рэжыму. Спыненне падтрымкі Захаду ў канцы 1980-х г. і пагаршэнне эканам. становішча прымусіла Мабуту пайсці на дыялог з апазіцыяй. У крас. 1991 склікана Нац. канферэнцыя ўсіх партый і рухаў, якая распрацавала да ліст. 1992 праект канстытуцыі «Федэратыўнай рэспублікі К.», але ўрад зацягваў правядзенне ўсеагульных выбараў. З 1994 К. ўцягнута ў канфлікт паміж плямёнамі хуту і тутсі ў суседняй Руандзе. Спроба дэпартаваць тутсі (баньямуленге) у кастр. 1996 прывяла да іх паўстання. Пры іх падтрымцы быў створаны Альянс сіл за вызваленне Конга-Заіра на чале з Л.Кабіла, які стаў прэзідэнтам К. (з мая 1997). К. — чл.ААН (з 1960), Арг-цыі афр.
адзінства. Дзейнасць паліт. партый прыпынена ў маі 1997, узбр. сілы распушчаны.
Гаспадарка. К. — агр. краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю і каляровай металургіяй. Штогадовы даход на 1 чал. каля 400 дол. ЗША. Займае 1-е месца па здабычы кобальту (каля 70% сусв. вытв-сці), буйнейшы вытворца тэхн. алмазаў (каля 30% сусв. вытв-сці). У структуры валавога ўнутр. прадукту вядучыя пазіцыі займаюць сельская і лясная гаспадаркі (31,4%), здабыча карысных выкапняў і каляровая металургія (26,9%), гандаль і паслугі (33,9%). З 1970-х г. назіраецца спад у сац.-эканам. развіцці. Палітыка ўрада накіравана на заахвочванне замежных інвестыцый і нац. прыватнага прадпрымальніцтва. Краіна значна пацярпела ў выніку ваен. дзеянняў 1996—98. Сельская гаспадарка забяспечвае 70% патрэб у прадуктах харчавання. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (больш за 80% апрацаваных зямель і каля 60% валавой прадукцыі), тэхнічна слаба аснашчаныя, захоўваецца аблогавае лядна-агнявое земляробства. Ёсць буйныя высокатаварныя плантацыі і жывёлагадоўчыя гаспадаркі, якія належаць замежнаму, прыватнаму і дзярж. капіталу. Агульная плошча с.-г. зямель каля 32,6 млн.га, у т. л. ворных зямель і са шматгадовымі насаджэннямі каля 7,8 млн.га, пад лугамі і пашамі каля 24,8 млн.га. Пад пашу выкарыстоўваюць розныя тыпы саваннаў і трапічных рэдкалессяў. Асн. экспартныя культуры (тыс.т, 1994): кава — 78, каўчук — 20, чай — 3, какава — 7, бавоўна — 26, алейная пальма, цукр. трыснёг, бананы, пірэтрум, хіннае дрэва, эфіраалейныя культуры. Вырошчваюць каву ва ўпадзіне Конга і на Пд (гатунак «рабуста»), на У (гатунак «арабіка»), гевею ў прыэкватарыяльнай зоне ад вусця да сярэдняга цячэння р. Конга, чай у горных раёнах на У, какаву ў прыэкватарыяльных раёнах. Для ўнутр. спажывання вырошчваюць (тыс.т, 1994): маніёк — 20 835, кукурузу — 1201, рыс — 458, бананы — 406, цукр. трыснёг — 1400, тытунь — 3, арахіс — 604, батат — 385, ямс — 315, кунжут, сізаль, проса, сорга. Жывёлагадоўля пераважна мяснога кірунку, развіта слаба, найб. на У і Пд краіны ў саваннах і рэдкастойных лясах свабодных ад мухі цэцэ. Пагалоўе (млн. галоў, 1994): буйн. раг. жывёлы — 1,7, коз — 4,1, свіней — 1,2, авечак — 1. Птушкагадоўля. Буйныя лясныя рэсурсы эксплуатуюцца пераважна ўздоўж рэк і чыгунак. У 1995 нарыхтавана 551,7 тыс.м драўніны і лесаматэрыялаў. Здабыча капалу (драўніннай смалы, якая ідзе на выраб высакаякасных лакаў). Паляўніцтва і збор дзікарослых раслін, у т. л. пладоў дзікарослай алейнай пальмы. Рыбалоўства пераважна ў рэках і азёрах — 147 тыс.т (1994). У прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і металургічная галіны. Электраэнергетыка заснавана пераважна на эксплуатацыі гідрарэсурсаў. Буйнейшыя ГЭС Інга (на ніжнім Конга), Нзіла і Нсеке (на Луалабе), Мвадынгуша і Коні (на Луфіры). У 1995 атрымана 6 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Прадпрыемствы горназдабыўной прам-сці і каляровай металургіі ў асноўным належаць дзярж. кампаніі ЖЭКАМІН. Гал. горнапрамысл. раён краіны на Пд у прав. Шаба (б. Катанга). Там вядзецца здабыча медных, кобальтавых, цынкавых, марганцавых, алавяных і інш. руд, на базе якіх развіта каляровая металургія ў гарадах Лубумбашы (медзь), Лікасі (медзь, кобальт, кобальтавыя сплавы), Калвезі (цынк, кадмій, германій), Луілу (медзь, кобальт), Манона (волава, тантал-ніобіевыя канцэнтраты). У бас.р. Касаі здабыча алмазаў (пераважна тэхнічных, цэнтр — г. Мбужы-Майі), у шэльфавай зоне каля вусця Конга — нафты (перапрацоўка ў г. Кінлао). У 1994 атрымана (тыс.т): чарнавой медзі — 430, рафінаванай медзі — 57, кобальту — каля 10, цынку — 36, волава — 1,8, каменнага вугалю — 128; алмазаў — 12 млн. каратаў, золата — 7 т, серабра — 35 т. З інш. галін апрацоўчай прам-сці найб. развіты хім. і нафтахім. галіны.
Асн. прадукцыя — серная кіслата, кісларод, ацэтылен, выбуховыя рэчывы, лакі, фарбы, ядахімікаты, пластмасы. гумавыя вырабы. Развіваюцца фармакалагічныя і парфумерная галіны. Гал.прамысл. цэнтры — Кіншаса, Лубумбашы, Мбужы-Майі, Кісангані, Лікасі, Калвезі, Кананга. Старэйшая галіна — тэкстыльная, працуе на мясц. сыравіне; асн. яе цэнтры Кіншаса, Лубумбашы. Букаву. Там жа швейная, трыкат. і гарбарна-абутковая прам-сць. Асн. галіны харч. прам-сці — алейная (перапрацоўка пладоў алейнай пальмы), цукр., ніваварная, тытунёвая, мукамольная, хлебапякарная, кандытарская, кава- і рысаачышчальная, рыбная, маргарынавая. малочная. Прадпрыемствы буд. індустрыі вырабляюць цэмент, трубы, цэглу. бетонныя вырабы, шкло, абліцовачны матэрыял і інш. Ёсць прадпрыемствы маш.-буд. (электратэхніка, аўтазборка, суднабудаванне і суднарамонт), металаапр., дрэваапр., фанернай, мэблевай, папяровай прам-сці; асн. іх цэнтры — Кіншаса і Лубумбашы. У транспарце гал. ролю адыгрываюць водныя шляхі, якія дапаўняюцца (на парожыстых участках рэк) чыгункамі і аўтадарогамі. Працягласць унутр. суднаходных шляхоў каля 16 тыс.км, чыгунак 5,1 тыс.км (з іх 858 км электрыфікавана), аўтадарог 145 тыс.км, з іх 2,4 тыс.км асфальтаваных. Важнейшы рачны порт — Кіншаса. Марскія парты — Матады і Бома. Важная роля ў вывазе прадукцыі з прав. Шаба належыць партам Лабіту (у Анголе), Бейра (у Мазамбіку) і Дарэс-Салам (у Танзаніі). Развіты авіятранспарт. Міжнар. аэрапорты ў Кіншасе, Лубумбашы, Кісангані. У 1995 экспарт склаў 1,45 млрд.дол., імпарт — 0,87 млрд.дол. Каля 90% экспарту складае мінер. сыравіна (медзь, кобальт, цынк, волава, кадмій, вальфрам і інш. металы: алмазы), каля 10% — с.-г. прадукты (кава, пальмавы алей, чай, какава, маніёк, каўчук). У імпарце пераважаюць машыны, абсталяванне, трансп. сродкі, прадукцыя лёгкай і харч. прам-сці. Гал.гандл. партнёры: Бельгія і Люксембург (36% экспарту, 15% імпарту), ЗША (17% экспарту, 7% імпарту), Францыя, Германія, Японія, Вялікабрытанія, Бразілія, Італія. Грашовая адзінка — кангалезскі франк.
Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя, для дзяцей 3—5 гадоў), дзярж. і прыватныя пач. і сярэднія школы, прафес. ўстановы і ўстановы паслясярэдняй адукацыі, ВНУ. Ёсць канфесійныя школы. Навучанне ў пач. школе з 6-гадовага ўзросту, абавязковае, бясплатнае. Тэрмін навучання 6 гадоў. Базавы ўзровень адукацыі — заканчэнне 1-й ступені сярэдняй школы (2 гады навучання пасля пач. школы; платнае). Навучанне ў сярэдняй школе (выкладаюць пераважна замежныя настаўнікі) вядзецца асобна на 4 аддзяленнях: гуманіт. і пед. да 6 гадоў, прыродазнаўчае да 5, тэхн. да 3 гадоў навучання. Усе аддзяленні даюць права паступлення ў ВНУ. Навучанне ў пач. і сярэдняй школах на франц. мове. Прафес. падрыхтоўку даюць поўныя сярэднія спец. школы і тэхнікумы. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае ун-ты і ін-ты. Навучанне ва ун-тах мае 2 цыклы: першы (3-гадовы) дае няпоўную вышэйшую адукацыю, 2-і — поўную (дадаткова 2 гады навучання). Пры ўсіх ун-тах ёсць аспірантура. Ун-ты ў Кіншасе (з 1954; асн.навук. цэнтр К.), Лубумбашы (з 1955), Кісангані (з 1963); ін-т агранамічных навук у Янгамбі, пед.ін-т і Нац. акадэмія прыгожых мастацтваў у Кіншасе. Самая буйная б-ка К. — пры ун-це ў Кіншасе. Музеі: Нац. ў Кіншасе, Краязнаўчы ў г. Кананга, афр. мастацтва ў Лубумбашы, геал. ў Лікасі, Музей экватара (прадметы афр. побыту, мастацтва і інш.) і бат. сад Эала ў г. Мбандака. Навук. даследаванні вядуць н.-д. цэнтры і ін-ты.
Літ.:
Винокуров Ю.Н., Орлов А.С., Субботин В.А. История Заира в новое и новейшее время. М., 1982.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Конга (Дэмакратычная Рэспубліка Конга).Да арт.Конга (ДРК). У нацыянальным парку Вірунга.Да арт.Конга (ДРК). Сялянская хаціна ў цэнтральным раёне краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІВА́Н, Ліванская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя аль-Лубнанія),
дзяржава ў Зах. Азіі, на ўсх. узбярэжжы Міжземнага м. На Пн і У мяжуе з Сірыяй, на Пд — з Ізраілем. Пл. 10,4 тыс.км². Нас. 3,2 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Берут. Краіна падзяляецца на 5 губернатарстваў (мухафаз). Нац. свята — Дзень незалежнасці (22 ліст.).
Дзяржаўны лад. Л. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. сход тэрмінам на 6 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац. сходу, 128 дэпутатаў якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад пад кіраўніцтвам прэм’ер-міністра, якога назначае прэзідэнт. Паводле традыцыі, што ўсталявалася з 1943, прэзідэнта выбіраюць ад хрысціянскай часткі насельніцтва, прэм’ер-міністра прызначаюць ад мусульман-сунітаў, кіраўніка парламента — ад мусульман-шыітаў. Для згоды паміж рэліг. абшчынамі краіны з 1992 усталяваўся прынцып роўнага падзелу паміж хрысціянамі і мусульманамі міністэрскіх і інш. вышэйшых пасад у дзярж. адміністрацыі.
Прырода. Л. — пераважна горная краіна. 2 паралельныя горныя хрыбты перасякаюць Л. з Пн на Пд. На З — хр.Ліван (г. Курнет-эс-Саўда, 3082 м), на У — Антыліван (г. Эш-Шэйх, 2814 м); паміж імі — даліна Бекаа (шыр. 8—14 км). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы. Карысныя выкапні: бурыя вуглі, жал., марганцавыя, уранавыя руды. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. 13 °C, ліп. 28 °C. У гарах бываюць маразы, снег трымаецца да 6—7 месяцаў. Ападкаў за год 1000 мм на ўзбярэжжы, 3000 мм на зах. схілах Лівана, 700 мм у Антыліване, 400 мм у даліне Бекаа. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Найб.р. Эль-Літані. Расліннасць пераважна хмызняковая. Невял. лясы з ліванскага кедру, алепскай хвоі, дубу, клёну, піхты, ядлоўцу разам з хмызнякамі займаюць 8% тэр. краіны. Ёсць некалькі невял. рэзерватаў.
Насельніцтва. Ліванскія арабы складаюць 95%, армяне — 4%. Жывуць таксама туркі, грэкі, курды і інш. Вернікі — мусульмане (70%, асн. абшчыны: суніты, шыіты, алавіты, друзы, ісмаіліты) і хрысціяне (30%, праваслаўныя, каталіцкія і пратэстанцкія абшчыны). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,6 %. Сярэдняя шчыльн. 308 чал. на 1 км² 80% насельніцтва жыве ў прыморскіх раёнах, дзе шчыльн. дасягае 500—1000 чал. на 1 км². У гарадах жыве 87% насельніцтва (1998). У г. Бейрут пражывае 1826 тыс.чал. (1997), у г. Трыпалі больш за 200 тыс.чал. У прам-сці занята 28% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 12%, у абслуговых галінах — 60%.
Гісторыя. Тэр. Л. заселена з часоў верхняга палеаліту. У старажытнасці прыбярэжныя раёны Л. былі часткай Фінікіі, дзе існавалі такія важныя фінікійскія гарады, як Тыр, Берыт, Сідон (адпаведна сучасныя Бейрут і Сайда) і інш.Тэр. Л. ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.), Асірыі (8—7 ст. да н.э.), дзяржаў Ахеменідаў (6—4 ст.н.э.), Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.), Пталамеяў (4—3 ст. да н.э.), Селеўкідаў (3—1 ст. да н.э.). У 64 да н.э. заваяваны Рымам. У 4—7 ст.н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 7 ст. заваяваны арабамі, уваходзіў у склад Амеядаў халіфата, Абасідаў халіфата, Фатымідаў халіфата. З 8—9 ст. у Горным Л. пасяліліся прадстаўнікі хрысц. секты маранітаў, з 11 ст. пашыралася вучэнне шыіцкай секты друзаў.
У канцы 11 ст. прыбярэжныя раёны Л. заваяваны крыжакамі, якія ўступілі ў саюз з маранітамі. З канца 13 ст. пад уладай егіп.мамлюкаў, з 1516 — Асманскай імперыі (да 1842 уваходзіў у яе як Ліванскі эмірат). Друзска-мараніцкія сутыкненні 1840—60-х г. прывялі да ўмяшання еўрап. дзяржаў, пад націскам якіх у 1861 створана аўт. правінцыя Горны Л. (да 1915). У выніку 1-й сусв. вайны ў кастр. 1918 Л. акупіраваны англа-франц. войскамі. 1.9.1920 пад франц. пратэктаратам створана дзяржава «Вялікі Л.». У 1922 Ліга Нацый прызнала мандат Францыі на кіраванне Л. У 1926 прынята канстытуцыя, якая абвяшчала Л. рэспублікай. Восенню 1943 лідэры хрысціян і мусульман заключылі неафіц. пагадненне, паводле якога мусульмане прызналі Л. асобнай дзяржавай, а хрысціяне — араб. характар краіны. Замацоўваўся прынцып размеркавання дзярж. пасад паводле рэліг. прынцыпу: прэзідэнт — хрысціянін-мараніт, прэм’ер-міністр — мусульманін-суніт, у парламенце на кожных 6 хрысціян прыпадала 5 мусульман.
22.11.1943 Францыя прызнала незалежнасць Л., 31.12.1946 апошнія франц. войскі пакінулі краіну. У 1940—50-я г. ў ліванскай палітыцы панавала невял. група прадстаўнікоў буйных землеўладальнікаў і фін. буржуазіі. Празаходняя палітыка ўрада прывяла ў маі 1958 да паўстання супраць прэзідэнта К.Шамуна, на дапамогу якому ў ліп. 1958 прыйшлі войскі ЗША. Пры прэзідэнтах Ф.Шыхабе (1958—64) і Ш.Хелу (1964—70) праведзены шэраг рэформаў, якія спрыялі эканам. росту Л. і павышэнню ўзроўню жыцця яго насельніцтва. Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы, паглыбіліся супярэчнасці паміж хрысціянамі і мусульманамі, якія патрабавалі больш справядлівага падзелу ўлады. З канца 1960-х г. Л. уцягнуты ў блізкаўсходні канфлікт (на тэр. Л. знаходзілася больш за 300 тыс. палесцінскіх бежанцаў, кіраўніцтва Арганізацыі вызвалення Палесціны; АВП). У адказ на дзеянні палесцінскіх партызан Ізраіль абстрэльваў і бамбіў тэр.Л., што вяло да вял. ахвяр сярод мірных жыхароў. Сутыкненні ў крас. 1975 паміж хрысц. баевікамі і байцамі АВП, на бок якіх сталі мусульмане, перараслі ў грамадз. вайну 1975—90. Загінула больш за 150 тыс. ліванцаў, краіна распалася на шэраг раёнаў пад кантролем розных узбр. груповак і сірыйскіх войск, якія былі ўведзены ў Л. у складзе Міжараб. сіл па падтрымцы міру. У чэрв. 1982 пад выглядам барацьбы з АВП ізраільскія войскі акупіравалі значную частку тэрыторыі Л., дамагаючыся вываду атрадаў АВП. У 1985 Ізраіль вывеў свае войскі (пад ізраільскай акупацыяй засталася т.зв. зона бяспекі на лівана-ізраільскай мяжы). 22.10.1989 у г. Эт-Таіф (Саудаўская Аравія) паміж асн.паліт. сіламі Л. падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту, раўнапраўным прадстаўніцтве хрысціян і мусульман у парламенце і перадачы часткі паўнамоцтваў прэзідэнта прэм’ер-міністру. У жн. 1990 адпаведныя папраўкі ўнесены ў канстытуцыю Л. 21.9.1990 у Л. абвешчана 2-я рэспубліка. Пры прэзідэнце І.Храўі (1989—98) пачаўся пераход да мірнага жыцця. Значная частка хрысціян байкатавала выбары 1992. У кастр. 1998 прэзідэнтам Л. выбраны Э.Лахуд. Л. — чл.ААН (1945), Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1994.
У краіне дзейнічаюць: Фалангісцкая партыя (Катаіб), рух абяздоленых (Амаль), Сірыйская сацыяліст.нац. партыя, Ліванскі фронт, партыя свабодных патрыётаў (Нац. ліберальная).
Гаспадарка. Л. — краіна з развітой банкаўска-фін. сістэмай, транзітна-трансп. гандлем і сферай абслугоўвання, якім вял. страты нанесла грамадз. вайна. У 1990-я г. становішча палепшылася. Валавы нац. прадукт у 1996 склаў 13 млрд.дол., па 3400 дол. на 1 чал. У прам-сці ствараецца каля 28% нац. даходу, у сельскай гаспадарцы — 13%, у абслуговых галінах — 59%. Асн. галіны прам-сці: нафтаперапр., тэкст., харч., буд. матэрыялаў. Вытворчасць электраэнергіі 7,1 млрд.кВт ∙ гадз (1997), 98,5% атрымліваюць на цеплавых электрастанцыях, якія працуюць на імпартным мазуце. Частка электраэнергіі (у 1997—1,2 млрд.кВт ∙ гадз) экспартуецца ў Сірыю. Прам-сць арыентавана ў асноўным на задавальненне ўнутр. патрэб. Больш за палавіну прадпрыемстваў у Бейруце і яго наваколлі. Вылучаюцца тэкст. камбінат, алюмініевы з-д, кандытарская ф-ка. Працуюць цукр. і тытунёвыя прадпрыемствы, папяровыя ф-кі, сталеплавільны з-д, машыназборачныя з-ды, дзе з імпартных дэталяў збіраюць легкавыя аўтамабілі, тэлевізары, халадзільнікі, электраматоры і інш. Суднаверфі. 2 нафтаперапр. з-ды (Трыпалі і Сайда). У хім. прам-сці вылучаецца вытв-сць мыйных сродкаў і фарбаў. Фармацэўтычныя прадпрыемствы. Вядомы ліванскія ювелірныя вырабы і біжутэрыя. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. 75% сялян не мае сваёй зямлі і арандуе яе ў буйных землеўласнікаў, якія валодаюць больш як 50% апрацаваных зямель. Плошча апрацаваных зямель складае каля 400 тыс.га, арашаецца 86 тыс.га. (1993). Гал. роля належыць садоўніцтву і земляробству. Пад шматгадовымі насаджэннямі каля 40% с.-г. зямель. Развіта пладаводства (вінаград, яблыкі, цытрусавыя, бананы, аліўкі). На экспарт вырошчваюць агародніну і тытунь, на ўнутр. патрэбы — пшаніцу і ячмень (займаюць 65 тыс.га, задавальняюць патрэбы на 20%), цукр. буракі і інш.Асн. раёны садоўніцтва і земляробства — узбярэжжа і паўд.ч. даліны Бекаа. Жывёлагадоўля слаба развіта. Пад пашай і лугамі каля 10,4 тыс.га. Пагалоўе (пач. 1990-х г., тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы — каля 100, авечак і коз — каля 500. Птушкагадоўля. Рыбалоўства (2—5 тыс.т рыбы штогод). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Аўтадарог 6,4 тыс.км, у т. л. 6 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 222 км. Нафтаправодаў 72 км (не працуюць). Гал. парты Бейрут і Трыпалі. Л. мае гандл. флот — 241,6 тыс. брута-рэг. т. У краіне 7 аэрапортаў, у т. л. 2 міжнар. (каля Бейрута і Трыпалі). Знешнегандл. баланс адмоўны. У 1996 экспарт склаў 1 млрд.дол., імпарт — 7 млрд. долараў. У экспарце пераважаюць свежыя фрукты і агародніна, тэкстыль, прамысл. вырабы, у імпарце — машыны і трансп. сродкі, харч. прадукты, тавары шырокага ўжытку, хімікаты і інш. Значная частка імпарту рээкспартуецца ў араб. краіны Аравійскага п-ва. Гал.гандл. партнёры: Італія (19% імпарту), Францыя (13% імпарту), Саудаўская Аравія (13% экспарту), Швейцарыя (16% экспарту), ЗША (12% імпарту). Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца пераважна за кошт даходу ад трансп. і банкаўскіх аперацый, пераводаў замежнай валюты ліванцамі, якія жывуць у інш. краінах. Л. атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. устаноў і асобных араб. краін. Замежныя авуары ліванцаў складаюць 30 млрд. долараў. Грашовая адзінка — ліванскі фунт.
Літаратура развіваецца на араб., часткова франц. мовах. З 7 ст. цесна звязана з л-рамі Егіпта, Сірыі і інш.араб. краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). У перыяд тур. панавання (з 16 ст.) заняпала. Працэс адраджэння ў сярэдзіне 19 ст. звязаны з дзейнасцю асветнікаў — паэта Н. аль-Языджы, педагога і энцыклапедыста Б. аль-Бустані, пісьменніка А.Ф. аш-Шыдзіяка, драматурга М.Накаша і інш. Развіваліся публіцыстыка і звязаныя з ёй ідэйна і традыц. па форме паэзія, проза: публіцыстычны раман «Кніга пра жыццё і прыгоды Фарыяка» аш-Шыдзіяка, зб. макам «Збор двух мораў» і дываны вершаў аль-Языджы. Ліванскія эмігранты Дж.Зейдан, Антун Фарах, Я.Саруф — пачынальнікі гіст. рамана. Новы этап у развіцці л-ры Л. (пач. 20 ст.) звязаны з творчасцю пісьменнікаў-эмігрантаў у Паўн. і Паўд. Амерыцы (Х.Дж.Джубран, А. ар-Рэйхані, М.Нуайме) і адзначаны ўсталяваннем рамантызму ў паэзіі і рэалізму ў прозе. У паэзіі 1920—30-х г. узмацніўся ўплыў франц. сімвалізму (Б. аль-Хуры, С.Акль). З канца 1930 — пач. 1940-х г. бярэ пачатак рэаліст. і рэв.-дэмакр. кірункі: творчасць А.Фахуры, Т.Ю.Авада (зб.апавяд. «Кульгавы хлопчык», патрыят. раман «Аладка»), М.К.Карама (раманы «Хворы на сухоты», «Крык пакут»). У 1940—50-я г. ўзніклі абноўленыя паэт. формы, жанры навелы і вершы ў прозе, значнае месца занялі пераклады. Асн. тэмы — барацьба супраць фашызму, каланіялізму, крытыка сац. несправядлівасці (апавяданні М.Абуда, М.І.Дакруба, аповесці Ж.Ханы, паэзія Р. аш-Шахаля). Барацьба супраць імперыялізму і ізраільскай агрэсіі — гал. тэма прозы 1960—70-х г. (М.Айтані, Э.Бустані). У творчасці Э.Насар Алах (раман «Алеандр»), Л.Баальбекі (раман «Я жыву»), Л.Асаран выявіўся ўплыў зах.-еўрап. мадэрнісцкай л-ры і філасофіі экзістэнцыялізму. Набылі вядомасць творы франкамоўных паэтаў (Ф.Г.Нафах, Ш.Горм) і празаікаў (Ф.Хаік, Ж.Шэхадэ). У пач. 1980-х г. з абвастрэннем блізкаўсх. канфлікту ў л-ры распрацоўвалася тэма палесцінскага і араб. супраціўлення (Дакруб, Х.Муруве, Х.Садэк, А.Сувейд). У 1955 засн. Саюз пісьменнікаў Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі адносяцца да 5—3-га тыс. да н.э.: рэшткі каменных умацаванняў і жылых дамоў Бібла, керамічныя вырабы з грабеньчатым арнаментам і схематычнымі выявамі звяроў. 3—2-м тыс. да н.э. датуюць помнікі фінікійскага мастацтва: храм Рэшэфа, саркафаг цара Ахірама, дробная пластыка (ідалы Баала і Іштар), ювелірныя вырабы, зброя. На мастацтва 2—1-га тыс. да н.э. паўплывалі культура Стараж. Егіпта, Асірыі, Вавілоніі, дзяржавы Ахеменідаў. У рым. перыяд спалучаліся ант. і ўсх. традыцыі (храмавы комплекс у Баальбеку, трыумфальная арка і каланады ў Тыры, мазаікі т-ра ў г. Бібл). У візант. перыяд (4 — пач. 7 ст.) будавалі манастыры, цэрквы, катакомбы (многія з мазаікамі). З пачаткам ісламізацыі Л. (7 ст.) з’явіліся мячэці (Вялікая мячэць у Баальбеку), медрэсэ, рынкі, караван-сараі, замкі (каля Анджара, 7—8 ст.). Будавалі абарончыя збудаванні (крэпасці ў Джубейлі, Трыпалі, Сайдзе; замак Бафор, 1139), манастыры (Бельмонт), цэрквы (св. Фокі ў Аміуне, захаваліся рэшткі размалёвак). У мамлюкскі перыяд (13 — пач. 16 ст.) будавалі невял. купальныя мячэці, інтэр’еры якіх аздабляліся сталактытамі, разьбой па дрэве, інкрустацыяй з мармуру, арнаментальнымі мазаічнымі пано і надпісамі, а таксама крэпасці: замак у Рашаі (13 ст.), ільвіная вежа ў Трыпалі (15 ст.) і інш. Архітэктура і мастацтва часоў Асманскай імперыі (1516—1918) развіваліся пад уплывам тур. культуры. Былі пашыраны вітражы, арнаментальная разьба. У 17—18 ст. працавалі жывапісцы Абдала Захір, Несцер Тарабулсі, Стэфан Дэйрані. Хрысціянскія храмы ўпрыгожвалі мазаікай, размалёўкай і абразамі візант. ўзору. У 19 — пач. 20 ст. будаваліся палацы з развітым дэкорам (Бейт-эд-Дзін), пашырыўся манум. і станковы жывапіс на рэліг. і быт. тэмы (размалёўкі Н. аль-Маадзі, партрэты і жанравыя кампазіцыі Х.Срур і Х.Салібі). Пасля 1-й сусв. вайны мастацтва Л. зазнала моцны франц. ўплыў. У 1930 пачалі працаваць ліванскія архітэктары А.Табет, Ж.Абушар, Ф.Трад і інш. У выяўл. мастацтва 1930—40-х г. пераважаў рэаліст. кірунак (М.Фарух, А.Онсі і інш.). Пасля 1943 праводзіліся рэканструкцыі гарадоў, буд-ва жылых кварталаў і грамадскіх пабудоў з выкарыстаннем мясц. традыцый (пансіянат у Сайдзе, 1946—48) і дасягненняў сусв. архітэктуры. У мастацтве 1950—60-х г. праявіліся ўплывы сюррэалізму, кубізму, абстракцыянізму. З 1980-х г. на яго развіццё ўздзейнічае рост нац. самасвядомасці, пачалі развівацца паліт. плакат і карыкатура. Уклад у развіццё мастацтва зрабілі жывапісцы С.Бальтаксе, П.Кіракасян, І.Шамут, А.Раес, Ж.Халіфе, Р.Шараф, скульптар Ю.Хааек, графікі Р.Шахаль, А.Марыні і інш.Дэкар.-прыкладное і нар. мастацтва прадстаўлена ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, пляценнем з афарбаванай саломкі, дыванаткацтвам, інкрустацыяй косцю і перламутрам па метале і дрэве.
Літ.:
Салиби К.-С. Очерки по истории Ливана: Пер. с англ.М., 1969;
Адзярыха В.У. Ліванскае грамадства ў 1943—1975 гг.: Прабл. развіцця // Бел.гіст.часоп. 1997. № 2;
Крымский А.Е. История новой арабской литературы, XIX — нач. XX в. М., 1971.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Г.М.Малей (літаратура), В.Я.Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Лівана.Да арт.Ліван. Узбярэжжа Міжземнага мора.Да арт.Ліван. Бібл. Унутраны двор «Храма Абеліскаў».Да арт.Ліван. Малы храм з комплексу Баальбек. 1—3 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЕ
Нарастанне ў канцы 19 — пач. 20 ст.эканам. і геапалітычных супярэчнасцей паміж вядучымі дзяржавамі свету прывяло да ўтварэння процілеглых ваен.-паліт. блокаў — Траістага саюза і Антанты. 19.7(1.8).1914 паміж імі ўспыхнула вайна, якая паступова ўцягнула ў сваю арбіту 33 дзяржавы на ўсіх кантынентах з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек (3/4 усяго чалавецтва) і ўпершыню ў гісторыі набыла сусв. характар. Беларусь, не маючы сваёй дзяржаўнасці і ўласнага войска, не з’яўлялася самастойным удзельнікам вайны. Але яна апынулася ў зоне сутыкнення геастратэгічных інтарэсаў Германіі, якая імкнулася адарваць ад Рас. імперыі яе зах. правінцыі, і Расіі, якая разлічвала на зах. напрамку адабраць ад Германіі і Аўстра-Венгрыі ўсе польскія землі і Галіцыю, а на паўд. — авалодаць пралівамі Басфор і Дарданелы. Таму тэр. Беларусі стала адным з эпіцэнтраў сусв. ваеннага канфлікту.
На рас.-ням. фронце вайна пачалася ў жніўні 1914 баямі ва Усх. Прусіі, Польшчы і Галіцыі. Бел. губерні апынуліся паблізу тэатра баявых дзеянняў і ў першыя дні вайны былі аб’яўлены на ваен. становішчы. Уся цывільная адміністрацыя тут падпарадкоўвалася начальнікам Мінскай і Дзвінскай ваен. акруг, утвораных замест скасаванай Віленскай ваен. акругі. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі вял. князя Мікалая Мікалаевіча. У бел. губернях значна павялічылася колькасць паліцыі і жандармерыі, пашырылася сетка ваен. контрразведкі; аднавілася дзейнасць скасаваных у 1907 ваен.-палявых судоў, якія выносілі прысуды па законах ваен. часу. Былі забаронены апазіц. сходы, шэсці і дэманстрацыі, а таксама забастоўкі. За ўдзел у забастоўках (асабліва на чыгунках) пагражала адпраўка ў штрафныя роты. Праца на прадпрыемствах, якія выпускалі ваен. прадукцыю, разглядалася як асобы від вайсковай службы. Працягласць рабочага дня фактычна не рэгламентавалася, адмяняліся выхадныя і святочныя дні, шырока практыкаваліся звышурочныя работы. Жорсткай рэгламентацыі падлягала распаўсюджванне інфармацыі. Друкаваная прадукцыя, паштовыя і тэлеграфныя адпраўленні падвяргаліся ваен. цэнзуры. Папярэдняя цэнзура існавала на лекцыі, канцэрты, спектаклі і інш. відовішчы.
У пачатковы перыяд вайны значная частка насельніцтва Беларусі трапіла пад уплыў афіц. прапаганды, якая ўкараняла ў масавую свядомасць уяўленне аб справядлівым, абарончым характары вайны з боку Расіі і фарміравала вобраз агрэсіўнага, антыгуманнага праціўніка. У Мінску, Магілёве, Пінску, Гомелі, інш. гарадах і мястэчках у першыя дні вайны праведзены патрыят. маніфестацыі з выказваннем вернападданніцкіх пачуццяў, гатоўнасці ахвяраваць сабой у імя цара і Айчыны. Асаблівым патрыят. уздымам былі ахоплены маладыя людзі, многія з якіх добраахвотна запісваліся ў войска. Сялянства ўспрыняло вайну больш стрымана. Вайна несла селяніну не толькі гора і пакуты, але прымусова адрывала яго ад працы на зямлі. Усведамленне гэтага стала прычынай гвалтоўных эксцэсаў у час мабілізацыі прызыўнікоў у бел. губернях у ліп. 1914. У многіх паветах мабілізаваныя на вайну сяляне ўчынялі разгромы памешчыцкіх маёнткаў, самавольныя высечкі лесу, уступалі ў сутычкі з паліцыяй. Нярэдка такія эксцэсы суправаджаліся пагромамі вінных крам і складоў, што было справакавана забаронай з пачаткам вайны легальнага продажу спіртнога. Улады прымянілі жорсткія пакаранні (у т. л. смяротныя) і ўціхамірылі бясчынствы. Мабілізацыя з бел. губерняў прайшла ў цэлым паспяхова. Паводле наяўных фрагментарных звестак можна меркаваць, што ўсяго за гады вайны ў рас. армію было прызвана прыблізна 0,8—0,9 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (дакладныя падлікі адсутнічаюць).
Сярод асноўных грамадска-паліт.сіл уступленне Рас. імперыі ў вайну адназначна падтрымалі кансерватыўна-манархічныя партыі і групы. Аналагічную пазіцыю занялі і партыі рас. лібералаў — акцябрысты і кадэты. Свае праграмныя ўстаноўкі пра дэмакратызацыю сац.-паліт. ладу краіны яны адсунулі на другі план, аддаўшы прыярытэт задачы захавання і пашырэння ў ходзе вайны імперскай велічы Расіі. З ліберальна-бурж. колаў зыходзіла ініцыятыва стварэння ўлетку 1914 няўрадавых ваен.-грамадскіх арг-цый — Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым воінам (УЗС) і Усерасійскага саюза гарадоў (УСГ), праз якія буржуазія наладжвала пастаўкі на фронт абмундзіравання, медыкаментаў, баявога рыштунку, а таксама спрабавала выкарыстаць іх для пашырэння свайго доступу да ўлады. У прыфрантавых бел. губернях адкрываліся падведамасныя УЗС і УСГ рамонтныя майстэрні, харчовыя пункты, шпіталі, для працы ў якіх на Беларусь прыбывалі тысячы рабочых і абслуговага персаналу з унутр. губерняў Расіі.
У асяроддзі агульнарасійскіх сацыяліст. партый сфарміравалася абаронніцкае крыло (пераважна з эсэраў і меншавікоў), якое заклікала прыпыніць рэв. барацьбу да поўнага разгрому праціўніка, і інтэрнацыяналісцкая плынь, што імкнулася захаваць вернасць міратворчым прынцыпам II Інтэрнацыянала. Сярод інтэрнацыяналістаў найбольшым радыкалізмам вызначаліся бальшавікі на чале з У.І.Леніным: яны выставілі лозунг ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. На Беларусі ва ўмовах ваен. становішча разрозненыя групы эсэраў і сацыял-дэмакратаў схіляліся да абаронніцкага крыла, аддавалі перавагу легальнай дзейнасці ва ўстановах УЗС і УСГ, дабрачынных арганізацыях. Аналагічную пазіцыю на пачатку вайны заняў і Бунд, засяродзіўшыся на дабрачыннай дапамозе беспрацоўным, уладкаванні яўрэяў-высяленцаў і бежанцаў.
У бел.нац. руху на пачатку вайны пераважалі пацыфісцкія настроі. Газета «Наша ніва» (пад рэдакцыяй Я.Купалы), а таксама блізкая да бел. руху віленская «Вечерняя газета» ўстрымліваліся ад публікацыі афіц.-патрыятычных матэрыялаў, у падцэнзурных умовах праводзілі думку пра бессэнсоўнасць і катастрафічнасць наступстваў вайны. Разам з тым бел. адраджэнцы ўсведамлялі магчымасць змены ў ходзе вайны геапаліт. становішча Беларусі і заклікалі суродзічаў «гуртаваць свае сілы», каб сцвердзіць сябе ў пасляваен. свеце ў якасці самастойнай нац. супольнасці.
У выніку паражэнняў, панесеных на працягу першага года вайны рас. арміямі Паўн.-Заходняга і Паўд.-Заходняга франтоў ва Усх. Прусіі, Галіцыі і Польшчы, тэатр баявых дзеянняў улетку 1915 наблізіўся непасрэдна да Беларусі. 13(26) жніўня рас. армія пакінула Брэст, 21 жніўня (3 вер.) Гродна. Каб палепшыць кіраванне войскамі, рас. камандаванне ў жніўні 1915 падзяліла Паўн.-Зах. фронт на Паўночны фронт, які павінен быў прыкрываць шляхі на Петраград, і Зах. фронт, каб абараняць шляхі на Маскву. Арміі Зах. фронту [1-я (да крас. 1916), 2-я (жн. 1915 — пач. 1918), 3-я (жн. 1915 — чэрв. 1916; жн. 1916 — пач. 1918), 4-я (да снеж. 1916), 10-я (жн. 1915 — пач. 1918) і Асобая (жнівень—вер. 1916 і ліст. 1916 — ліп. 1917)], а таксама большая частка злучэнняў 5-й арміі Паўн. фронту да выхаду Расіі з вайны дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Штаб Зах. фронту размясціўся ў Мінску.
8(21).8.1915 Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага была пераведзена ў Магілёў. 23.8(5.9).1915 цар Мікалай II адхіліў ад пасады вял. князя Мікалая Мікалаевіча і ўзяў абавязкі Вярх. галоўнакамандуючага на сябе. Начальнікам свайго штаба ён прызначыў ген. М.В.Аляксеева, у руках якога фактычна і сканцэнтравалася стратэгічнае кіраванне войскамі. Аднак арганізацыйныя і кадравыя перамены не прадухілілі далейшага адступлення царскай арміі. Выявілася тэхн.-эканам. непадрыхтаванасць Рас. імперыі да працяглай вайны. Армія дрэнна забяспечвалася артылерыяй, стралк. зброяй і боепрыпасамі. Недастаткова развіты транспарт не спраўляўся з перавозкай жывой сілы і ўзбраенняў. Мелі месца шматлікія выпадкі некампетэнтнасці каманднага складу.
У канцы жніўня 1915 герм. войскі нанеслі з раёна Коўна ўдар у напрамку Свянцян і прарвалі рас. абарону на стыку Паўн. і Зах. франтоў. Ва ўтвораны Свянцянскі прарыў 1915 немцы кінулі моцныя кавалерыйскія злучэнні, якія рушылі ў раён Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна і выйшлі ў тыл 10-й рас. арміі. У пач. верасня 1915 перадавыя раз’езды герм. конніцы дасягнулі Смалявіч і перарэзалі чыг. лінію Мінск—Масква. Каб пазбегнуць акружэння ў Літве і зах. Беларусі, 5(18).9.1915 рас. войскі без бою пакінулі Вільню і працягвалі адступленне на ўсход. Пасля складанай перагрупоўкі яны павольна перайшлі ў контрнаступленне і выцеснілі немцаў з раёна Маладзечна, Вілейкі да азёр Свір і Нарач. У пач.кастр. 1915 Свянцянскі прарыў ліквідаваны.
Герм. наступленне выклікала неабходнасць эвакуацыі на ўсход прадпрыемстваў і ўстаноў. Яна праходзіла неарганізавана, з вял. стратамі. З зах. Беларусі ва ўмовах хуткага наступлення немцаў удалося эвакуіраваць толькі асобныя фабрыкі і заводы; з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. эвакуацыя прадпрыемстваў абароннага значэння была арганізавана лепш. Усяго за гады вайны з Беларусі вывезена або дэманціравана 432 прадпрыемствы, у 1915 таксама эвакуіравана 201 навуч. ўстанова.
Адначасова з перамяшчэннем абсталявання і маёмасці на ўсход рушыў вял. паток бежанцаў. Многія бежанцы, знясіленыя голадам і эпідэміямі, гінулі ў дарозе. Паводле прыблізных звестак, з Беларусі сышлі ў бежанства да 1,5 млн.чал. Больш за ўсё бел. бежанцаў асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калужскай губ., у Петраградзе і Маскве. Для дапамогі ім у сак. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у студз. 1916 — Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзейнічалі таксама аналагічныя польскія, літоўскія, яўрэйскія т-вы.
Агульным вынікам наступлення ням. войск у 1915 стала акупацыя імі Царства Польскага, часткі Латвіі, Літвы і зах. Беларусі. У кастр. 1915 рас.-нямецкі фронт надоўга стабілізаваўся па лініі Зах. Дзвіна—Дзвінск—Паставы—Смаргонь—Баранавічы—Пінск, падзяліўшы этнічную тэр. беларусаў на дзве часткі.
З мэтай дамагчыся рэваншу рас. камандаванне правяло ў сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова, а ўлетку 1916 ажыццявіла наступленне сіламі Зах. фронту, якія павінны былі наносіць гал. ўдар (але ў ходзе Баранавіцкай аперацыі 1916 не дасягнулі поспеху) пры падтрымцы войск Паўд.-Зах. фронту, чые дзеянні мелі вынікам прарыў аўстра-венгерскіх пазіцый.
Акупіраваная ўвосень 1915 зах. частка бел. этнічнага абшару была ўключана немцамі ў ваен.-адм. акругі «Літва» (уваходзілі Ковенская, Віленская і Сувалкаўская губ.) і «Беласток—Гродна». Разам з акругай «Курляндыя» яны падпарадкоўваліся Гал. камандаванню Усх. фронту (Обер Ост). На ўсход ад лініі Дукшты—Нова-Свянцяны—Варняны—Медзішкі—Воранава—Ліда—Дзятлава—Ваўкавыск—Свіслач—Белавежа—Высокае—р. Буг да лініі ням.-рас. акопаў праходзіла ваен.-аперацыйная паласа, якая знаходзілася пад кантролем ням. этапных інспекцый. Парадак кіравання акупіраванымі землямі быў нацэлены на першачарговае задавальненне інтарэсаў Германскай імперыі і яе арміі. Нягледзячы на развал эканомікі і абязлюдзенне краю ў выніку баявых дзеянняў, немцы інтэнсіўна эксплуатавалі яго гасп. і працоўныя рэсурсы. Сістэматычна ўчыняліся масавыя рэквізіцыі харч. прадуктаў, жывёлы, футра і г.д. Пад выглядам штрафаў за розныя правіннасці ажыццяўляліся грашовыя паборы. Выпампоўванню сродкаў з мясц. насельніцтва служыла сістэма шматлікіх падаткаў, пошлін, даходаў ад дзярж. манаполій. Дзеля нарыхтоўкі драўніны масава высякаліся лясы, асабліва ў Белавежскай пушчы. На ваен. аб’ектах, у сельскай гаспадарцы і лесанарыхтоўках выкарыстоўвалася прымусовая праца мясц. насельніцтва. Несанкцыянаваная паліт. дзейнасць была забаронена. Выключна строга кантраляваліся перамяшчэнні жыхароў.
Нац.-культ. палітыка акупантаў мела на мэце, з аднаго боку, як мага больш выразнае адасабленне краю ад Расіі, з другога — нейтралізацыю тут польскіх уплываў, якія ўзмацніліся пасля сыходу ў бежанства значнай часткі бел. праваслаўнага насельніцтва. Акупац. ўлады ўзялі курс на пераважную падтрымку літ., бел., яўр. культуры. У школах краю навучанне па-руску забаранялася, як абавязковы прадмет уводзілася ням. мова. Выкладанне навуч. дысцыплін магло ажыццяўляцца на ням. або роднай мове вучняў. Падкрэслівалася, што бел. мова не ідэнтычная рускай і дапускаецца без абмежаванняў. Поруч з інш. мовамі бел. мова пачала ўжывацца ў зваротах улад да насельніцтва, друкаваліся нямецка-бел. пашпарты, дазвалялася адчыняць бел. школы. Першая бел. пачатковая школа пачала працаваць у Вільні ў ліст. 1915. Восенню 1916 рэарганізавана ў беларускую Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, адкрыты бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Паводле афіц. нямецкіх звестак, у снежні 1917 на тэр. Обер Осту налічвалася 50, у сак. 1918—89 бел. школ. З лютага 1916 да канца 1918 у Вільні выходзіла бел. грамадска-паліт. і літ. газета «Гоман».
Змяненне ў ходзе вайны геапалітычнай сітуацыі паставіла на парадак дня і праблему дзярж.-паліт. самавызначэння беларусаў. У першыя гады вайны бел.нац. актывісты, што дзейнічалі ў Вільні, спрабавалі рэалізаваць ідэю самавызначэння шляхам аднаўлення шматнацыянальнай дзяржавы на ўзор Вялікага княства Літоўскага. Для дасягнення гэтай мэты ў канцы 1915 арганізаваны блок літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх палітыкаў — Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага. Але кіраўнікі літ. руху неўзабаве адышлі ад гэтага праекта, асцерагаючыся колькаснай перавагі беларусаў і верагоднага культ.-паліт. дамінавання палякаў у мяркуемай супольнай дзяржаве. Вылучыўшы на першы план мэту стварэння ўласнай этнанацыянальнай дзяржавы, літоўцы з санкцыі акупац. улад правялі ў вер. 1917 у Вільні Літоўскую канферэнцыю, на якой сфарміравалі Раду Літоўскай зямлі (Тарыбу). У процівагу гэтаму бел. дзеячы склікалі ў студз. ў Вільні Беларускую канферэнцыю 1918, якая ўтварыла орган бел. прадстаўніцтва — Віленскую беларускую раду. Гэта быў крок на шляху да стварэння бел. дзяржавы ў межах рассялення бел. этнасу.
Тэр. Беларусі на ўсход ад лініі ням.-рас. акопаў служыла тылавой зонай рас.Зах. фронту. Ва ўмовах вайны тут хуткімі тэмпамі развіваліся галіны прам-сці, якія працавалі на патрэбы арміі (хлебапякарная, тэкстыльная, абутковая, металаапрацоўчая), астатнія апынуліся ў заняпадзе. У 1916 вытворчасць мірнай прадукцыі ва ўсх. Беларусі складала ўсяго 15—16% ад даваен. ўзроўню. На стан сельскай гаспадаркі згубна паўплывала скарачэнне рабочай сілы ў выніку мабілізацыі і прыцягнення сялян на абарончыя работы. Многія сял. гаспадаркі засталіся без работнікаў-мужчын. Рэквізіцыі коней пакінулі шмат гаспадарак і без цяглавай сілы. У выніку пасяўныя плошчы пад асн. культурамі скараціліся ў 1917 (у параўнанні з 1914) на 15,6%, пагалоўе жывёлы ў 1916 — на 11,4%. За гады вайны адбылося істотнае абясцэньванне рубля: да пач. 1917 яго рэальная пакупная здольнасць знізілася да 27 капеек (паводле інш. падлікаў — да 14 кап.). Усё гэта значна пагоршыла становішча шырокіх мас народа. Ва ўсх. Беларусі ў сувязі з наплывам вайскоўцаў і бежанцаў вострыя формы набыў харчовы крызіс, дэфіцыт прадметаў першай неабходнасці, жыллёвая праблема. У 1916 над гарадамі навісла пагроза голаду. З-за недаядання рэзка вырасла захваральнасць людзей.
Эканам. бязладдзе, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, згасанне надзей на хуткую перамогу развейвалі вернападданніцкі энтузіязм. З 1915 заўважалася ажыўленне рабочага руху, нарастала колькасць сял. хваляванняў. Гібель соцень тысяч людзей на фронце, недастатковае забеспячэнне войска ўзбраеннем, харчаваннем і амуніцыяй паглыблялі незадаволенасць з боку вайскоўцаў. Шматтысячнае выступленне салдат і матросаў на Гомельскім размеркавальным пункце ў кастр. 1916 стала адным з сімптомаў разлажэння арміі — гал.узбр. апоры царскага рэжыму. Адначасова нарасталі апазіцыйныя настроі ў асяроддзі паліт. і інтэлектуальнай эліты. У 1916 актывізавалася антыўрадавая апазіцыя ў Дзярж. думе Расіі. Цэнтрам апазіцыі стала фракцыя кадэтаў на чале з П.М.Мілюковым. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся чуткі пра здрадніцтва ва ўрадзе, у вярхах арміі і нават у царскай сям’і. Уцягнуўшыся ў 1-ю сусв. вайну, Рас. імперыя паставіла сябе на грань усёабдымнага, сістэмнага крызісу.
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Савицкий Э.М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;
Первая мировая война: Указ. лит. 1914—1993 / Сост. В.И.Бабенко, Т.М.Демина. М., 1994;
Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусветнай вайне: (Гіст. нарыс). Беласток; Лондан, 1996;
Первая мировая война: Пролог XX в М., 1998;
Россия и первая мировая война: (Материалы науч. колоквиума). СПб., 1999;
Зайончковский А.М. Первая мировая война. СПб., 2000;
Бежанства 1915 года. Беласток, 2000;
Мировые войны XX века: В 4 кн. Кн. 1. Первая мировая война: Ист. очерк; Кн. 2. Первая мировая война: Док. и материалы. М., 2002.
С.С.Рудовіч.
Рускія акопы на Заходнім фронце 1915.Лагер бежанцаў у Слуцку. 1915.Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.Першая сусветная вайна. Гарыць беларуская вёска.
1.каго-што. Авалодваць якім‑н. прадметам, абхопліваючы пальцамі рукі. Браць кнігу.// У спалучэнні з назоўнікамі «рот», «зубы», «губы» — захопліваць, сціскаць. Браць карандаш у зубы. □ Кіслінкі-журавінкі, Чырвоныя бакі, Бяруць у рот дзяўчынкі, Бяруць і хлапчукі.Галіноўская.// Дакранацца да чаго‑н., чапаць што‑н. рукою. Рукамі не браць. □ Узнепакоеная тым, што.. [Захара Зынгі] доўга няма, прыходзіла дачка яго Рыта, брала.. пад руку і заводзіла дадому.Чорны.// Аддзяляць частку чаго‑н. для даследавання. Браць пробу, кроў, аналізы.// Зачэрпваць, набіраць. Бяру рукамі чорную раллю.Свірка.Жалудоў было так многа, што іх можна было браць проста прыгаршчамі.Шамякін.// Захопліваць, паглыбляцца. Бярэ парог усё глыбей, глыбей.Зарыцкі.// У спалучэнні з назоўнікамі «рукі», «плечы» і інш. — узвальваць які‑н. груз на сябе. Браць на плечы мяшок. □ Сяргей падыходзіў да Рагіны і, моўчкі паглядаючы на яе, браў на рукі дачку і нёс у хату.Адамчык./уперан.ужыв.Чым.. [Рая] пакрыўдзіла старэйшых, у чым вінавата? Хіба не для таго, каб аддзякаваць вось гэтым жанчынам за ўсё добрае, старалася, ўставала на досвітку, брала на свае плечы цяжкую працу?«Маладосць».// Збіраць (пра ягады, грыбы). Гаварылі пра брусніцы. Іх было гэтым летам хоць вазамі вазі. Сястра мне расказала, дзе яна іх брала — у якім лесе, на якіх барах і касагорах.Ермаловіч.// Збіраць нектар (пра пчол). Была акурат тая пара, калі пчолы бралі гаючы ліпавы мёд.Сабаленка.// Набіраць чаго‑н., запасіць што‑н. Паравоз сапраўды браў дровы.Лынькоў.// Прыхопліваць што‑н. з сабою ў дарогу. Ёй [Марынцы] бабка Ева памагае, А дзед дарады падае, Што браць з сабою, рэч якая Патрэбна болей для яе.Колас.Штурман.. заўсёды браў у палёт гранату.Шамякін.// Красці. Воўк і лічанае бярэ.Прыказка.// Хапаць насадку, кляваць. Раніцай, на досвітку, карась, як правіла, бярэ са дна.Матрунёнак.На блешню і мармышку з матылём бярэ акунь.«Беларусь».
2. Сілай захопліваць што‑н., дамагацца ў барацьбе. Браць уладу ў свае рукі. Браць ініцыятыву.// Згаджацца ўзначальваць што‑н. Паклікаў мяне завуч у дырэктарскі кабінет ды кажа: — Табе, Сцяпан Пятровіч, прыйдзецца дзесяты клас браць.Ермаловіч.
3. Прымушаць несці якую‑н. службу, выконваць які‑н. абавязак. Браць у салдаты. Браць на зборы.// Прымаць, залічваць у склад чаго‑н. Браць на работу. □ Бралі ў атрад толькі зусім надзейных, пасля грунтоўнай праверкі.Брыль.// Прымушаць пайсці за сабою; арыштоўваць, знявольваць. Каты лютыя бралі Ганулю Казей, з хаты роднае бралі, ад родных людзей.Дубоўка.// Наймаць. Браць фурманку.// Забіраць сілай, адбіраць. Браць у палон.// Згаджацца, каб хто‑н. суправаджаў, не пакідаць; запрашаць. Зімою часта прыязджалі з горада шэфы і бралі з сабой некалькі чалавек дэлегатаў.. паказаць сваё жыццё.Чорны.Князь любіў ездзіць на паляванне і заўсёды браў з сабою Кірылу.Колас.
4. З боем авалодваць чым‑н. Дзед Пятрусь у Вялікую Айчынную вайну быў партызанам, затым браў Берлін і нават на сцяне рэйхстага пакінуў свой подпіс.Сіняўскі.Маладосць! Гэта ты ў ватоўцы рабочай Зімні брала дажджлівай кастрычніцкай ноччу.А. Вольскі.Смеласць гарады бярэ.Прыказка.
5. Збіраць, спаганяць што‑н. Дорага браць. Браць плату, хабар.// Карыстацца чыімі‑н. дабротамі. Нічога не давала ты радзіме. Усё брала ад яе, прызвычаілася браць, як належнае, як законнае.Лынькоў.// Запазычваць. Браць з чужога вопыту.// Збіраць, атрымліваць (пра ўраджай). Там, на калгасных агародах Багаты бралі ўраджай.Глебка.
6. Жаніцца з кім‑н. Браць за жонку. □ Прыйшлося [Пятрэсю] браць касавокую Хіму, што заседзелася ў дзеўках.Арочка.
7. Знаходзіць. — Эдэм! Эдэм!.. — смяялася яна [Наста]. — Адкуль бярэш ты гэтакія словы!..З. Астапенка.
8. Спыняцца на чым‑н., выбіраючы з многага. Рэаліст Багдановіч браў чалавека такім, якім ён быў у жыцці, з усімі станоўчымі і адмоўнымі рысамі.Майхровіч.Малашонак браў не сутнасць заметкі, а калючыя яе бакі.Ермаловіч.
9. Выдаткоўваць, займаць, выкарыстоўваць. Машына бярэ многа бензіну. □ Крышталічныя трыёды не бяруць энергіі на напал катода.«Беларусь»./уперан.ужыв.Вайна брала ўсё новыя ахвяры.Колас.
10. Надзяваць, прывязваць. Браць каня на аброць. Браць цяля на вяроўку.// Абмяжоўваць якое‑н. дзеянне, перагароджваць. Браць ваду на застаўкі.// Асаджваць, змяшчаць. Браць партрэт у рамку.
11. Рабіць якое‑н. фізічнае або псіхічнае ўздзеянне на каго‑н., што‑н., разбіраць, апаноўваць. Мароз бярэ за вушы. Зайздрасць бярэ. □ Іржа яе не брала. Была цвёрдай сталь.Танк.Жагула пачынаў злаваць, і хмель яго не браў.Крапіва.А пад хваінаю на грудзе Вакол стажка аж кішаць людзі, Гарачка ўсіх бярэ такая, Што пот ім вочы залівае.Колас.Міхалку ўжо браў сон.Чорны.
12. Перамагаць у схватцы. «Пірат» лёгка браў ліса і на рэдкасць разумна вёў зайца.Карамазаў.//перан. Перамагаць з дапамогай чаго‑н. Браць не сілай, а розумам./убезас.ужыв.Тваё бярэ.// Адольваць, паражаць, праліваць (часцей з адмоўем). Яго ні куля ні штык не бярэ.// Добра рэзаць (пра нож, брытву, касу). Каса не косіць — каса брые І шчытнякі бярэ сухія, Бо ў дзядзькі рукі залатыя.Колас./убезас.ужыв.Хоць білі гарматы па сыну Ўрала ды бронь баявую снарадам не брала!Вялюгін.
13. Набіраць хуткасць, дасягаць пэўнага ўзроўню. Браць разгон. Браць вышыню. □ Дзе чыгунка ішла чыстым полем, цягнік браў самы шпаркі свой рух.Чорны.// Паўтараць за кім‑, чым‑н. які‑н. гук, дамагаючыся падабенства; выклікаць гучанне, дакрануўшыся да струн і пад. Браць ноту. Браць верхняе до. □ [Захар Зынга] падсядае туды бліжэй і ціхенька бярэ на гармоні некалькі нясмелых акордаў.Чорны.// Накіроўвацца, схіляцца. Браць управа. Браць кірунак. □ У гэтым месцы зеілістая сцежка, наткнуўшыся на зялёную заслону, брала крута ўверх.Арочка.// Лавіць, авалодваць чым‑н. Мячы.. [настаўніца] брала на дзіва прыгожа і ўмела.Васілевіч.// Насцігаць, паражаць. Ружжо на паўкіламетра бярэ.
14. Пачынаць рухацца, пераадольваючы перашкоду, цяжкасць. Машына рыўком бярэ з месца.Шамякін.
15. Дамаўляцца аб выкарыстанні чаго‑н. Браць адпачынак, адгул.// Даваць згоду што‑н. выканаць, зрабіць. Браць заказ, падрад. Браць абавязацельства.// Даваць згоду на выкарыстанне чаго‑н. Стрончык.. нікога чужога ў сваю хату браць не хацеў.Ядвігін Ш.// Праявіць клопат аб кім‑н., аказаць падтрымку каму‑н., пашырыць уладу на каго‑н. Браць пад абарону, пад сваю ўладу, пад ахову.
16. Умоўна прымаць, лічыць. За кіламетр на мясцовасці браць міліметр на паперы.
Браць (узяць) грэх на душу — паступіцца сваім сумленнем, перакананнем, зрабіць учынак, які пярэчыць устаноўленым нормам і прынцыпам маралі, закону ў інтарэсах каго‑, чаго‑н.
Браць (узяць) за горла (за глотку, жабры) — прыставаць (прыстаць), сілай прымушаць (прымусіць) да чаго‑н.; ставіць (паставіць) у бязвыхаднае становішча.
Браць (узяць) за душу — з глыбокай уразлівасцю ўспрымаць (успрыняць) які‑н. выпадак, здарэнне.
Браць (узяць) на сябешто — а) згаджацца (згадзіцца) быць адказным за што‑н.; б) выказваць (выказаць) гатоўнасць зрабіць што‑н., асабіста ручацца (паручыцца) за выкананне чаго‑н.
Браць на цыгундар — прыцягваць да адказнасці.
Браць ногі на плечы (у рукі) — хутка, паспешна ўцякаць.
Браць (узяць) пад абстрэлгл. узяць.
Браць (узяць) пад казырок — аддаваць (аддаць) чэсць, вітаць, прыкладваючы правую руку да галаўнога ўбора.
Браць (узяць) пад каравул — узяць над варту, арыштаваць.
Браць (узяць) пад увагу — заўважаць (заўважыць), улічваць (улічыць) што‑н., выносячы якое‑н. рашэнне.
Браць (узяць) прыклад — пераймаць (пераняць) у каго‑н. што‑н.
Браць (узяць) сваё — дамагацца (дамагчыся) жаданага, мець чакання вынікі.
Браць (узяць) след — высочваць (высачыць) звера.
Браць (узяць) слова — папрасіць (прасіць) на сходзе, нарадзе і пад. дазволу выказаць сваю думку.
Браць (узяць) слова назад — адмаўляцца (адмовіцца) ад дадзенага абяцання, абавязацельства.
Браць (узяць) сябе ў рукі — авалодваць (авалодаць) сабой.
Браць (узяць) у абарот — аказваць (аказаць) рашучае ўздзеянне на каго‑н., прымушаць (прымусіць) весці сябе як належыць.
Браць у апрацоўку — уздзейнічаць на каго‑н., імкнучыся схіліць да чаго‑н., зрабіць уплыў на каго‑н.
Браць (узяць) у галавушто — многа думаць пра што‑н.
Браць (узяць) у лоб — груба, просталінейна дамагацца (дамагчыся) чаго‑н.
Браць (узяць) у разлік — улічваць (улічыць), прымаць (прыняць) пад увагу.
Браць у рукікаго,што — рабіць каго‑н., што‑н. паслухмяным, падатлівым, пакорным сваёй волі.
Браць (узяць) у шоры — моцна трымаць у руках, рашуча і жорстка абмяжоўваць каго‑н. ва ўчынках.
Браць (узяць) шлюб — выходзіць (выйсці) замуж, жаніцца.
Дзіва бярэгл. дзіва.
Ліха яго бярыгл. ліха.
Наша (ваша, іх) бярэ (возьме, узяло) — мы (вы, яны) перамагаем.
Ні кроплі (каплі) у рот не браць — зусім не піць спіртнога.
Смех бярэгл. смех.
У рот не браць — нічога не есці.
Хоць рукамі бяры — пра тое, чаго вельмі многа, чым лёгка авалодаць.
Цераз сябе браць — рабіць цераз сілу.
Чорт не бярэгл. чорт.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
БАЛГА́РЫЯ, Рэспубліка Балгарыя,
дзяржава на ПдУ Еўропы, ва ўсх.ч. Балканскага п-ва. Мяжуе на Пн з Румыніяй, на З з Югаславіяй і Македоніяй, на Пд з Грэцыяй і Турцыяй. На У абмываецца Чорным м.Пл. 110,99 тыс.км². Нас. 8800 тыс.чал. (1994). Дзярж. мова — балгарская. Сталіца — г.Сафія. Краіна падзяляецца на 9 абласцей. Нац. свята — 3 сак. (Дзень вызвалення ад асманскага ярма).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1991 Балгарыя — рэспубліка з парламенцкім праўленнем. Вярх. орган заканадаўчай улады — аднапалатны Народны сход (240 чл.), які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 4 гады (пры зацвярджэнні канстытуцыі дзейнічае пад назвай Вялікі нар. сход, колькасць дэпутатаў павялічана да 400). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеаг. галасаваннем на 5 гадоў; узначальвае ўзбр. сілы, прызначае прэм’ер-міністра і міністраў, валодае правам вета на пастановы парламента. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які зацвярджаецца Нар. сходам.
Прырода. Поўнач Балгарыі займае Дунайская раўніна, якая на Пд абмяжоўваецца самым доўгім горным ланцугом краіны — Стара-Планіна выш. да 2376 м (г. Боцеў). Сярэдняя Балгарыя — невял. горныя масівы, міжгорныя катлавіны (Сафійская, Казанлыкская, Дзімітроўская) і Верхнефракійская нізіна. На ПдЗ — Рыла-Радопскі масіў, у складзе якога масіў Рыла (г. Мусала, 2925 м — найвышэйшы пункт Балгарыі і Балканскага п-ва), хрыбет Пірын, горы Радопы.
Карысныя выкапні: жал., свінцова-цынкавыя, медныя, хромавыя, марганцавыя, сярэбраныя руды, лігніты, буры і каменны вугаль. Ёсць невял. запасы нафты і прыроднага газу, а таксама каменная соль, вапняк, каалін, мінер. воды і інш. Клімат умерана кантынентальны з гарачым летам і мяккай зімой. У Сафіі сярэдняя т-раліп. 21 °C, студз. -2 °C, на ўзбярэжжы ў Варне адпаведна 23 °C і 1 °C. Каля 650 мм ападкаў за год (на раўнінах і нізінах 450—600 мм, у гарах 850—1000 мм). Рэкі Струма і Марыца ўпадаюць у Эгейскае м., Дунай, рэкі ўзбярэжжа — у Чорнае. Запасы гідраэнергіі — 10 млрд.кВт. Пад лясамі 28% тэрыторыі, пераважаюць шыракалістыя (дуб, бук, граб). На схілах гор хваёвыя лясы (хвоя, елка, піхта). Пашыраны хмызнякі, альпійскія лугі.
Насельніцтва. Этнічны склад: 85,3% балгары, 8,5 туркі, 2,6 цыганы, 2,5% македонцы; жывуць таксама армяне, рускія, грэкі, румыны і інш. Паводле веравызнання праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (каля 9%), а таксама католікі, пратэстанты, іудзеі. 68% насельніцтва жыве ў гарадах. Самыя вял. гарады (тыс.ж., 1992): Сафія (1141), Плоўдзіў (379), Варна (316), Бургас (212), Русе (190). Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 79 чал. на 1 км², на нізінах, раўнінах, у міжгорных катлавінах больш за 100—200, у гарах да 20—40 чал. на 1 км².
Гісторыя. Тэр. Балгарыі заселена чалавекам у сярэднім палеаліце. У 7—6 ст. да н.э. ў фракійскіх плямёнаў (стараж. насельнікаў балг. зямель) пачалося станаўленне класавага грамадства. У 4—1 ст. да нашай эры фракійцы змагаліся з македонцамі, пасля з рымлянамі, якія з 46 да нашай эры сталі гаспадарыць на Балканах. Пры падзеле Рымскай імперыі (395 нашай эры) тэр. Балгарыі адышла да Візантыі. З канца 5 — пач. 6 ст. на Балканскі п-аў пранікаюць слав. плямёны (склавіны і анты). Класавая дыферэнцыяцыя сярод славян і імкненні Візантыі аднавіць сваё панаванне на занятых славянамі землях паскорылі працэс фарміравання дзяржавы. У прыдунайскіх землях склаўся саюз Сямі слав. плямёнаў. У 680 дружыны цюркскіх пратабалгар на чале з ханам Аспарухам перайшлі Дунай, перамаглі візантыйцаў, заключылі пагадненне з правадырамі Сямі слав. плямёнаў і ўтварылі аб’яднаную славяна-балг. дзяржаву. У 681 Візантыя прызнала яе незалежнасць. Хрысціянства, якое з 2-й пал. 9 ст. стала афіц. рэлігіяй дзяржавы, паспрыяла паляпшэнню яе міжнар. становішча, фарміраванню балг. народнасці. Пры цару Сіямоне [893—927] Балгарыя ў выніку войнаў з Візантыяй павялічыла сваю тэрыторыю, дасягнула значнага паліт., эканам. і культ. росквіту. Але пагаршэнне эканам. становішча сялян вылілася ў 10 ст. ў шырокі грамадскі рух у форме рэліг. ерасі — багамільства (гл.Багамілы). Аслабленая гэтым рухам і феад. міжусобіцамі Балгарыя ў 1018 зноў трапіла пад уладу Візантыі. На барацьбу супраць яе балгары падымаліся ў 1040, 1072, 1074, 1079, 1084; усенар. паўстанне 1185—87 на чале з братамі Асенем і Пятром вымусіла Візантыю прызнаць у 1187 незалежнасць балг. дзяржавы. За гады праўлення цара Івана Асеня II [1218—41] у выніку яго ваен. і дыпламат. поспехаў значна пашырана тэр. Балгарыі (далучана б.ч. Фракіі, Македонія, Албанія), яна стала самай моцнай дзяржавай на Балканах. У 2-й пал. 13 ст.феад. адносіны ў краіне дасягнулі высокай ступені развіцця. Аднак жорсткая эксплуатацыя, набегі тат. ордаў даводзілі сялянства да галечы. У 1277—80 у краіне ўспыхнула антыфеад. паўстанне на чале з пастухом Івайлам. Феад. міжусобіцы прывялі Балгарыю да распаду на 2 царствы і княства, тэрыторыі якіх у 14 ст. сталі аб’ектам захопніцкай палітыкі Асманскай імперыі. У 1393 туркі захапілі г. Тырнава, пазней Тырнаўскае і Відзінскае царствы, у канцы 14 ст. — княства Дабруджу. Феад. эксплуатацыя народа дапоўнілася жорсткім нац. і рэліг. прыгнётам. Балгары ўпарта змагаліся супраць тур. панавання (паўстанне на чале з Канстанцінам і Фружынам 1404, Тырнаўскія паўстанні 1598 і 1686, Чыпраўскае 1688, інш.). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў Балгарыі зарадзіліся капіталіст. адносіны. Гарады сталі гандл.-прамысл. цэнтрамі. Вырасла нац. самасвядомасць балгар. У 1830-я г.нац. рух набыў форму барацьбы за нац. свецкую школу, у 1840—60-я г. — за стварэнне незалежнай балг. царквы (у 1870 Балгарыя атрымала аўтаномную царк. арг-цыю). Супраць тур. феадалаў узняліся сяляне (паўстанні 1835—36, 1841, 1850, 1856). У барацьбе за сваю незалежнасць балгары апіраліся на дапамогу рас. войскаў, якія актыўна падтрымлівалі іх у рус.-тур. войнах 1806—12, 1828—29, 1853—56.
Нац.-вызв. рух узмацніўся ў 2-й пал. 19 ст. Яго ўзначалілі дзеячы балг. адраджэння дэмакраты Г.С.Ракоўскі, Л.Каравелаў, В.Леўскі, Х.Боцеў. У 1869 арганізаваны Балг.рэв.к-т. Адбыліся Старазагорскае паўстанне 1875 і самае масавае выступленне балг. народа супраць тур. панавання — Красавіцкае паўстанне 1876. Абодва яны задушаны, пераможаны і атрад Боцева, у падрыхтоўцы і ўзбраенні якога актыўна ўдзельнічаў беларус М.К.Судзілоўскі. Нечуваныя зверствы тур. войскаў у час разгрому паўстанняў выклікалі абурэнне прагрэс. грамадскасці свету. Шырокі рух у падтрымку балг. народа разгарнуўся на Беларусі. Толькі ў Мінскай губ. было сабрана больш за 13 тыс.руб. Каб удзельнічаць у барацьбе на баку балгар, з Беларусі выехалі добраахвотнікі. Падзеі ў Балгарыі абвастрылі Усходні крызіс, які прывёў да рус.-тур. вайны 1877—78. У час яе воіны 54-га пях. Мінскага палка ў ліку першых фарсіравалі Дунай 27.6.1877 і вызвалілі г. Свіштоў. Перадавы атрад рас. арміі на Балканах узначальваў ураджэнец Беларусі ген.-лейт. І.У.Гурка. Беларусы ўдзельнічалі ў гераічнай абароне Шыпкінскага перавалу, у баях за Плеўну і Стара-Загору. Сан-Стэфанскі мірны дагавор 1878, якім скончылася вайна, прадугледжваў стварэнне самаст.балг. дзяржавы. Але пад націскам зах. краін Берлінскі кангрэс 1878 прыняў рашэнне падзяліць Балгарыю на васальнае ад Турцыі Балг. княства і аўтаномную Усх. Румелію ў межах Тур. імперыі. Фракія і Македонія зноў адышлі да Турцыі. Тым не менш у выніку вайны 1877—78 былі закладзены асновы самаст.нац.балг. дзяржавы, прынята Тырнаўская канстытуцыя 1879. На трон Балг. княства выбраны (па рэкамендацыі краін — удзельніц Берлінскага кангрэсу 1878) ням. прынц Аляксандр Батэнберг [1879—86), які ў 1881 адмяніў канстытуцыю, а ў знешняй палітыцы імкнуўся зблізіць Балгарыю з Аўстра-Венгрыяй і Германіяй. Патрыят. рух супраць падзелу краіны перарос у вер. 1885 ва ўзбр. паўстанне, у выніку якога Усх. Румелія ўз’ядналася з Балг. княствам. Уладу ў краіне захапілі колы, што падтрымлівалі палітыку Аўстра-Венгрыі і Германіі. Яны пасадзілі на трон ням. прынца Фердынанда I Кобургскага [1887—1918].
У 1891 пад кіраўніцтвам Дз.Благоевазасн.Балг.с.-д. партыя. Пасля Бурж. рэвалюцыі 1908 у Турцыі Балгарыя пазбавілася ад васальнай залежнасці і ў кастр. 1908 абвясціла поўную незалежнасць; Фердынанд прыняў тытул «цара балгар». У 1912 Балгарыя заключыла саюзныя дагаворы з Сербіяй, Грэцыяй і Чарнагорыяй (гл.Балканскі саюз 1912), накіраваныя супраць Турцыі і аўстра-венг. экспансіі на Балканах. У 2-й Балканскай вайне (гл.Балканскія войны 1912—13) Балгарыя была пераможана і страціла частку сваіх тэрыторый, набытых у 1-й Балканскай вайне. У 1-й сусв. вайне Балгарыя ўдзельнічала на баку Германіі і Аўстра-Венгрыі. Паводле Нёіскага мірнага дагавора 1919 Балгарыю акупіравалі войскі Антанты. Краіны-пераможцы анексіравалі каля 11,3 тыс.км² яе тэрыторыі і прымусілі выплаціць вялікую рэпарацыю.
Уладайскае паўстанне 1918 супраць манархічнай улады, у якім удзельнічала каля 30 тыс.рэв. настроеных салдатаў, было задушана з дапамогай ням. войскаў. Але цар Фердынанд адмовіўся ад трона на карысць сына Барыса III. На выбарах у Нар. сход 28.3.1920 перамог Балг. земляробчы нар. саюз (ВЗНС), лідэр якога А.Стамбалійскі ўтварыў аднапартыйны ўрад, прыняў шэраг дэмакр. законаў. 9.6.1923 правыя сілы на чале з А.Цанкавым ажыццявілі дзярж. пераварот. Арганізаванае камуністамі 23.9.1923 узбр. паўстанне жорстка задушана, рэформы Стамбалійскага адменены, Балг.камуніст. партыя, дэмакр. партыі і арг-цыі забаронены.
У выніку выбараў у Нар. сход 21.6.1931 да ўлады прыйшоў урад Нар. блока (кааліцыі бурж. партый і ВЗНС), але прыкметных змен ва ўнутр. і знешняй палітыцы не адбылося. Каб умацаваць пазіцыі буржуазіі, Ваен. ліга (аб’ядноўвала рэакц. афіцэрства) і паліт. група «Звяно» 19.5.1934 учынілі дзярж. пераварот (распушчаны Нар. сход, усе паліт. партыі і прафсаюзы), што стала перадумовай усталявання ў Балгарыі манарха-фаш. дыктатуры.
У час 2-й сусв. вайны кіраўніцтва краіны на чале з царом Барысам III падпісала ў сак. 1941 пратакол пра далучэнне Балгарыі да траістага саюза фаш. дзяржаў. У распараджэнне герм. камандавання былі аддадзены ўсе матэрыяльныя рэсурсы краіны, аэрадромы, чыгункі. Да Балгарыі далучаны тэр., страчаныя ў 1919. 13.12.1941 Балгарыя абвясціла вайну Вялікабрытаніі і ЗША. У краіне разгарнуўся антыфаш. рух, фарміраваліся партыз. атрады, якія ў 1943 аб’ядналіся ў адзіную Нар.-вызв. паўстанцкую армію. 17.7.1942 абвешчана праграма Айч. фронту: скінуць манарха-фаш. рэжым, устанавіць нар.-дэмакр. ўладу. 5.9.1944 урад СССР абвясціў правячым колам Балгарыі вайну. У ноч на 9.9.1944 антыфаш. сілы скінулі існуючы рэжым (гл.Вераснёўскае ўзброенае народнае паўстанне 1944), да ўлады прыйшоў кааліцыйны ўрад Айч. фронту, які аб’явіў вайну фаш. Германіі, Балгарыя далучылася да дзяржаў-саюзніц. На падставе рэферэндуму 8.9.1946 ліквідавана манархія, Балгарыя абвешчана Нар. Рэспублікай (15.9.1946). Пасля выбараў у Вял.нар. сход з 27.10.1946 урад узначаліў Г.Дзімітроў.
Пасляваеннае развіццё Балгарыі адбывалася па шляху абвяшчэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства пад кіраўніцтвам кампартыі, нацыяналізацыі прам-сці, агр. рэформаў. У Балгарыі ўсталяваўся таталітарны рэжым: у 1947 ліквідавана апазіцыя камуніст. ўраду, яе лідэр Н.Петкаў пакараны смерцю. Пасля смерці Г.Дзімітрова (1949) В.Чарвенкаў пачаў масавыя чысткі, спыненыя ў 1954 Т.Жыўкавым. З канца 1970 — пач. 1980-х г. у Балгарыі стаў паглыбляцца крызіс у эканам. і культ. жыцці. Ён яшчэ больш абвастрыўся ў 1984 у сувязі з асіміляцыйнымі дзеяннямі балг. улад супраць насельніцтва тур. паходжання. З канца 1980-х г. у Балгарыі разгарнуліся пераўтварэнні, накіраваныя на злом і ліквідацыю ранейшага рэжыму і вынікаў яго кіравання. У 1989 створана дэмакр. апазіцыя, адпраўлены ў адстаўку Жыўкаў. З ліст. 1990 краіна стала наз. Рэспублікай Балгарыя. У ліп. 1991 прынята новая канстытуцыя. У выніку парламенцкіх выбараў у кастр. 1991 да ўлады прыйшоў Саюз дэмакр.сіл, які ўзяў курс на ўмацаванне дэмакратыі і пераход да рыначнай сістэмы; прыняты закон аб паліт. партыях і арг-цыях, аб зямлі, прыватызацыі і інш. У ліку прыярытэтных задач вызначаны інтэграцыя з еўрап.паліт. і эканам. структурамі, супрацоўніцтва з інш. краінамі на двухбаковай і рэгіянальнай аснове. Прэзідэнт краіны з 19.1.1992 Ж.Жэлеў. Балгарыя чл.ААН з 1955, удзельніца хельсінскага працэсу, уваходзіць прыкладна ў 300 міжнар. арг-цый. Беларусь і Балгарыя маюць даўнія традыцыі дружбы і шматбаковых сувязяў — гандаль і тавараабмен, абмен вопытам, сувязі ў галіне навукі, л-ры і мастацтва, турызму і спорту, дэкады балг. культуры на Беларусі і бел. культуры ў Балгарыі, дапамога Балгарыі бел. народу ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы і інш. На Беларусі і ў Балгарыі працуюць т-вы дружбы і культ. сувязяў. Афіц.Дыпламат. адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Балгарыяй устаноўлены 26.3.1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. У Балгарыі зарэгістравана каля 80 партый і паліт. рухаў, у т. л. Саюз дэмакр.сіл (аб’ядноўвае каля 20 партый і рухаў), Балгарская сацыяліст. партыя, Рух за правы і свабоды, Балгарская сац.-дэмакр. партыя, Балгарскі земляробчы нар. саюз. Арганізатары прафс. руху ў краіне — Канфедэрацыя незалежных сіндыкатаў Балгарыі і Канфедэрацыя працы «Падкрэпа».
Гаспадарка. Балгарыя — індустрыяльна-агр. дзяржава. Удз. в.прамысловасці ў агульнай прадукцыі больш за 90%. Аснова энергетыкі — здабыча вугалю (каля 32 млн.т за год, у т. л. лігніту каля 28 млн.т). Гал. басейны: Усх.-Марыцкі і Зах.-Марыцкі, Перніцкі, Бобаўдальскі, Балканскі, Чарнаморскі. Найбольшыя ЦЭЦ (у Сафіі, Дзімітроўградзе) працуюць на лігнітах. Каля ⅓ электраэнергіі дае АЭС Казладуй (на ПнЗ). У гарах, пераважна на Пд, каскады невялікіх ГЭС. Выпрацоўка электраэнергіі каля 42 млрд. КВт∙гадз. Імпартуюцца каменны вугаль, кокс, нафта, газ.Асн. сыравінная база для каляровай металургіі — радовішчы Усх. Радопаў (Мадан, Рудазем). Найб. яе камбінаты ў Кырджалі і каля Плоўдзіва (свінец, цынк, рэдкія металы), у Злаціцы і Сафіі (медзь), у Шумене (алюміній). Чорная металургія ў Сафійска-Перніцкім раёне (камбінаты ў Крамікаўцах і Перніку). Выплаўка сталі 1,6 млн.т, імпарт. жал. руды 0,5 млн.т, здабыча 0,32 млн.т (1992). У машынабудаванні развіта вытв-сць абсталявання падымальна-трансп. і для харчова-смакавай прам-сці, электра- і мотакараў, электраабсталявання (акумулятараў, электраматораў і інш.). Выпускаецца выліч. і радыёэлектронная тэхніка. Прадпрыемствы трактарнай (Карлава), станкабуд. і электратэхн. (Сафія), суднабуд. (Варна, Бургас, Русе), аўтамаб. (Шумен, Ловеч, Плоўдзіў) прам-сці. Буйнейшыя цэнтры машынабудавання — Сафія, Русе, Плоўдзіў, Варна. Хім.прам-сць на базе радовішчаў вугалю, каменнай солі і пірытаў. Вытв-сць азотных угнаенняў (911 тыс.т, 1991) у Дзімітроўградзе і Стара-Загоры, складаных і фосфарных у Дзеўні, нафтахімія ў Бургасе і Плевене, выраб сінт. валокнаў у Бургасе, Ямбале, Відзіне, штучных валокнаў і тканін у Свіштове, соды і хлору ў Дзівіне. Вытв-сць каўстычнай соды 521,8 тыс.т, кальцыніраванай — 1046 тыс.т (1992), буд. матэрыялаў (цэмент, цэгла, блочныя вырабы). Лёгкая і харч.прам-сць дае каля палавіны ўсяго аб’ёму прамысл. прадукцыі. Тэкст.прам-сць сканцэнтравана ў Сафіі, Габраве, Слівене, Плоўдзіве. Ёсць прадпрыемствы швейнай, гарбарна-футравай і абутковай прам-сці. У харч. прам-сці высокая ўдз. в. тытунёвай, кансервавай, вінаробчай (2458 тыс. гекталітраў віна ў 1992), цукр. і алейнай вытв-сці. У Карлаве атрымліваюць ружавы алей. У сельскай гаспадарцы вядучая галіна — раслінаводства. С.-г. землі займаюць больш за палавіну тэрыторыі (6,1 млн.га), з іх 60% ворыва, 11% сады, вінаграднікі, агароды. Арашаецца больш за 1 млн.га. Асн. масівы разараных зямель на Ніжнедунайскай раўніне, Верхнефракійскай нізіне і ў Дабруджы (на ПнУ). Каля 60% пасяўных плошчаў пад збожжавымі. Валавы збор (1992, тыс.т): пшаніцы — 3270, кукурузы — 2300, ячменю — 1100, рысу — 20, бульбы — 550, перцу — 220, памідораў — 472, тытуню — 72, сланечніку — 470, цукр. буракоў — 868. Вырошчваюць таксама бавоўнік, кармавую люцэрну і кукурузу, у Карлаўскай і Казанлыкскай катлавінах — эфіраалейныя культуры (ружа, мята, лаванда). Садоўніцтва (яблыкі, слівы, персікі) і вінаградарства (700 тыс.т, 1992) у перадгор’ях і ў Кюстэндзільскай катлавіне. Цукр. буракі і сланечнік вырошчваюць на Пн, тытунь, бавоўнік, каноплі, а таксама гародніну (памідоры, перац, баклажаны) — у катлавінах сярэдняй і паўднёвай ч. краіны. Жывёлагадоўля (1992, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 1,3, свіней 3, авечак 6,7, птушкі 21. У гарах пераважае экстэнсіўная горнапашавая жывёлагадоўля. Транспарт. Даўжыня чыгунак (1992) — каля 4,3 тыс.км, з іх 61,4% электрыфікавана. Агульная працягласць аўтадарог амаль 37 тыс.км. 70% перавозак ажыццяўляецца аўтатранспартам, 17% — па чыгунках. Марскі і рачны транспарт. Гал. марскія парты Бургас і Варна, дунайскі порт Русе. Чыг. паромная пераправа Варна—Ільічоўск (Украіна). Міжнар.авіяц. лініі праз Сафію, Варну. Гандаль больш як са 100 краінамі. Экспарт прадукцыі машынабудавання, соды і хім. угнаенняў, тытунёвых вырабаў, агародніны і садавіны, вінаграду; імпарт энерганосьбітаў, сыравіны для хім. прам-сці, аўтамабіляў, тавараў нар. ўжытку. Беларусь пастаўляе ў Балгарыю шыны для аўтамабіляў і с.-г. тэхнікі, быт. халадзільную тэхніку, трактары, экскаватары, падшыпнікі, шпалеры, ільняныя тканіны і інш.; атрымлівае з Балгарыі аўтапагрузчыкі, медыкаменты, акумулятары, цукар і інш.харч. тавары, тытунёвыя вырабы. Адна з важнейшых крыніц даходаў краіны — замежны турызм (каля 10 млн.чал. штогод). Найб. вядомыя курорты: Залатыя Пяскі, Дружба, Албена (каля Варны), Сонечны Бераг (каля Бургаса); горныя курорты — Боравец, Пампорава. Грашовая адзінка — леў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 70, у жанчын 77 гадоў. Смяротнасць 11 на 1 тыс. чалавек. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі 1 на 97 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 312 чал. Узровень нараджальнасці 12 на 1 тыс. чалавек. Дзіцячая смяротнасць 12 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сістэма адукацыі Балгарыі ўключае: дашкольныя ўстановы для дзяцей 3—6 гадоў; адзіную школу з 2 ступенямі — базавай (пач. — 4 гады і няпоўная сярэдняя — 4 гады) і поўнай сярэдняй адукацыі (узрост абавязковага навучання ад 6—7 да 16 гадоў); прафес. і вышэйшыя (у т. л. няпоўныя вышэйшыя) навуч. Ўстановы. Базавыя і поўныя сярэднія школы падпарадкоўваюцца органам мясц. самакіравання і маюць права самастойна вызначаць мэты і метады навучання. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты «Клімент Охрыдскі» ў Сафіі, «Паісій Хілендарскі» ў Плоўдзіве, «Кірыла і Мяфодзій» у Тырнаве; эканам. і механіка-электратэхн. ін-ты ў Сафіі. Сярод няпоўных ВНУ — 16 настаўніцкіх ін-таў, ін-т сувязі, бібліятэчны. Буйнейшыя б-кі: Нар.б-ка імя Кірылы і Мяфодзія, б-ка ун-та «Клімент Охрыдскі», б-каБалг.АН, Нар.б-ка ў Плоўдзіве. Музеі: Нац.маст. галерэя, этнагр., археал., ваенна-гіст. ў Плевене, археал. і этнагр. музеі ў Плоўдзіве і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Балг.АН (засн. ў 1869), Акадэміі с.-г. Навук, н.-д. ін-тах, ва ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Штодзённа выходзіць 19 цэнтр. газет, з іх буйнейшыя: «24 часа» («24 гадзіны»), «Дума», «Демокрация» («Дэмакратыя»). Тэле- і радыёвяшчаннем ахоплена больш за 90% тэр. краіны. Разам з цэнтр/ тэлебачаннем дзейнічаюць 4 мясц. тэлецэнтры (у Варне, Плоўдзіве, Русе, Благоеўградзе). Самыя буйныя інфарм. агенцтвы: Балгарскае тэлеграфнае агенцтва (БТА), Сафія-прэс.
Літаратура. Узнікла ў 2-й пал. 9 ст. і звязана з дзейнасцю першых слав. асветнікаў, стваральнікаў слав. пісьменнасці Кірылы і Мяфодзія. Росквіт стараж.балг. л-ры (9—10 ст.) звязаны з охрыдскай і праслаўскай літ. школамі (Клімент Охрыдскі, Канстанцін Праслаўскі, Іаан Экзарх, Чарнарызец Храбр). Жанрава разнастайная л-ра сярэднявечча (жыціі, службы, філас., філал. творы, проза і паэзія) мела царкоўна-дыдактычны характар. У 10 ст. ўзнікла т.зв. багамільская (ерэтычная) л-ра (жыціі, апокрыфы, легенды і паданні). Значны ўклад у развіццё культ. і літ. жыцця позняга сярэднявечча зрабілі прадстаўнікі тырнаўскай літ. школы (Кіпрыян, Грыгорый Цамблак, Канстанцін Касцянецкі, стваральнік школы, рэфарматар правапісу, дзеяч асветы і л-ры Яўфімій Тырнаўскі). Турэцкі прыгнёт не садзейнічаў развіццю л-ры. Кніжная дзейнасць пры цэрквах і манастырах (Уладзіслаў Граматык, Поп Пеё, Матэй Граматык) стала сродкам пашырэння ведаў і фарміравання нац. самасвядомасці. Духоўнае жыццё народа адлюстроўваў фальклор (юнацкія, гайдуцкія, гіст. песні, балады, легенды, казкі). У 17—18 ст. бытавалі дамаскіны — зборнікі пропаведзяў грэч. епіскапа 16 ст. Дамаскіна Студыта, перакладзеныя на дыялекты стараж.балг. мовы. Пачынальнік Балг. адраджэння (2-я пал. 18 — 1878) Паісій Хілендарскі ў «Гісторыі славяна-балгарскай» (1762) упершыню ў балг. л-ры адлюстраваў ідэі тагачаснай эпохі, барацьбу за нац. мову, асвету, незалежнасць. Асветніцкія творы яго паслядоўнікаў засведчылі пераход л-ры ад традыц. агіяграфіі да мемуараў і сентыментальнага рамана Новага часу. Эстэт. канцэпцыю асобы тагачаснай гіст. эпохі ўвасобіў Сафроній Урачанскі («Жыццё і пакуты грэшнага Сафронія», 1805). У 1820—40-я г. развівалася навук., філал. і маральна-дыдактычная л-ра, з’явіліся першыя перыяд. выданні. У л-ры 1850—70-х г. адлюстраваны ўздым нац.-вызв. барацьбы, асн. кірункі тагачаснага паліт., культ. жыцця — асветніцкі (П.Славейкаў) і рэвалюцыйны (Д.Чынтулаў, Г.Ракоўскі). Прадстаўнік рэаліст. л-ры Л.Каравелаў. Вяршыняй паэзіі адраджэння стала творчасць Х.Боцева. У гэты перыяд зараджаліся новыя літ. жанры: байка і павучальнае апавяданне (П.Бярон, Элін Пялін), фельетон (А.Канстанцінаў), аповесць (Т.Влайкаў), літ. крытыка (Дз.Благоеў, К.Крысцеў), дакумент. проза (З.Стаянаў), драма (П.Явараў), раман (І.Вазаў). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся мадэрнісцкія тэндэнцыі (у крытыцы — Крысцеў, у маст. л-ры — Славейкаў), узнік сімвалізм (Явараў, Т.Траянаў, Х.Ясенаў), індывідуалістычныя дэкадэнцкія настроі (Славейкаў, Дз.Дэбелянаў). Пасля паўстання 1923 пашырылася т.зв. вераснёўская л-ра, скіраваная супраць фашызму (Г.Мілеў, А.Разцветнікаў, А.Страшыміраў, Л.Стаянаў і інш.). Пасля 2-й сусв. вайны ў л-ры запанаваў сацыяліст. рэалізм (заснавальнік Х.Смірненскі). У маст. творах асвятляліся сац.-паліт., маральна-псіхал. праблемы, тэмы вясковага і гар. жыцця і побыту. Значных поспехаў дасягнуў балг. раман: гіст.-рэв. (Дз.Талеў), сац.-псіхал. (С.Даскалоў, Дз.Дзімаў, Э.Станеў), маральна-этычны (К.Калчаў, А.Гуляшкі, П.Вежынаў). З пач. 1960-х г. развіваюцца малыя празаічныя жанры: «мікрараман», аповесць, апавяданне, навела (І.Пятроў, М.Хайтаў, І.Радзічкаў); пейзажная, інтымная, філас. паэзія (А.Германаў, Л.Леўчаў, Л.Даскалова і інш.); лірычная (Дз.Фучаджыеў, І.Давыдкаў, Д.Жоцеў, С.Паптонеў, Б.Дзімітрова) і дакумент. (Е.Каранфілаў, М.Хрыстозаў) проза. У л-ры апошніх гадоў выяўляецца пратэст супраць разбурэння сувязяў паміж людзьмі, дэфармацыі духоўнага свету чалавека (Фучаджыеў, Б.Томаў і інш.), спроба асэнсаваць значнасць гіст. працэсаў, складаную дынаміку жыцця і вастрыню маральна-этычных праблем.
Бел.-балг. сувязі зарадзіліся яшчэ да прыняцця хрысціянства на Беларусі, калі сюды пачалі трапляць балг. кнігі. У 14 ст. творы прадстаўнікоў тырнаўскай літ. школы спрыялі станаўленню жанраў бел. л-ры (напр., аратарскай прозы, на Беларусі жыў Цамблак). У 19 ст. сувязі ўзмацніліся (В.Дунін-Марцінкевіч прысвяціў балг. народу верш «Славяне ў XIX стагоддзі», 1856; вызваленне Балгарыі вітаў Я.Купала вершамі «Забраны край», «На вялікім свеце...». У 1920—30-я г. ў балг. перыёдыцы з’явіліся артыкулы пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Чарота, А.Александровіча, у беларускай — вершы Боцева, Смірненскага, Н.Ланкава, артыкулы Г.Бакалава, З.Снежкі. Асобнымі кнігамі выдадзены творы Канстанцінава, М.Марчэўскага, С.Лілянава. Пасля 2-й сусв. вайны сувязі і ўзаемаўплывы паглыбіліся (праводзіліся дні нац. культур, сімпозіумы перакладчыкаў і інш.). Выходзілі анталогіі паэзіі і прозы, выданні асобных аўтараў, працы даследчыкаў па пытаннях нац. л-ры і ўзаемасувязяў. На бел. мове апублікаваны празаічныя творы Вазава, Гуляшкі, Даскалова, Караславава, Вежынава, кніга лірыкі Н.Вылчава, зб-кі сучаснай балг. паэзіі, твораў для дзяцей, нар. песень, казак. З артыкуламі пра балг. л-ру выступілі Н.Гілевіч, Л.Цімашкова, В.Цімафеева. На балг. мове выдадзены зб-кі вершаў Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча, А.Куляшова, П.Броўкі, М.Танка, П.Панчанкі, Гілевіча, Р.Барадуліна, празаічныя творы А.Адамовіча, Я.Брыля, У.Калесніка, В.Быкава, І.Шамякіна і інш. На балг. мову бел. творы перакладалі Н.Вылчаў, Давыдкаў, Германаў, Г.Вылчаў, Х.Бербераў, на бел. мову балг. творы — Гілевіч, Барадулін, В.Нікіфаровіч, В.Куляшова і інш.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. З эпох неаліту і бронзы (4—2-е тыс. да нашай эры) на тэр. Балгарыі выяўлены гліняныя посуд з геам. арнаментам, фігуркі людзей і жывёл, ад ранняга жал. веку — мегалітычныя збудаванні (дальмены ў гарах Странджа, Сакар і Усх. Радопы), наскальныя малюнкі з выявамі людзей і жывёл. На чарнаморскім узбярэжжы зберагліся рэшткі стараж.-грэч. гарадоў (Апалоніі, Месембрыі, цяпер г. Нясебыр) з ант. скульптурай. Зберагліся рэшткі гарадоў і крэпасцяў рым. эпохі (Рацыарыя, Эскус, 1—2 ст.н. э.), царква св. Георгія ў Сафіі і грабніца ў Сілістры (4 ст.). У перыяд візант. панавання тут будаваліся хрысц. храмы (Старая мітраполія ў Нясебыры, ку́пальная базіліка св. Сафіі ў г. Сафія, 5—6 ст.). З утварэннем Балг. царства (681—1018) пачало фарміравацца ўласна балг. мастацтва, якое складвалася на аснове культуры стараж. славян і протабалгар пад уплывам ант. і візант. традыцый. Сярод першых помнікаў балг. дойлідства — рэшткі крапасных сцен і палацаў 9—10 ст. у Плісцы і Прэславе. Інтэр’еры палацаў з мармуровымі каланадамі былі ўпрыгожаны плітамі і карнізамі з разным геам. узорам, скульптурай з медзі і каменю. Унікальны помнік 9 ст. — велічны барэльеф, высечаны на скале каля с. Мадара, т.зв. «Мадарскі коннік». Царк. архітэктура 9—10 ст. мела візант. прататыпы (Вял. базіліка ў Плісцы, т.зв. круглая царква ў Прэславе), маляўнічае дэкар. ўбранне. Уздым мастацтва Балгарыі пачаўся ў эпоху Другога Балг. царства (1187—1396), калі гал.Маст. цэнтрам стала Тырнава (сучасны г. Вяліка-Тырнава). Дойлідства гэтага часу адметнае свабоднай трактоўкай візант. традыцый, дэкар. вытанчанасцю (цэрквы 12—14 ст. у Вяліка-Тырнаве і Нясебыры). Высокага ўзроўню дасягнулі манум. жывапіс, сценапіс (царква ў с. Баяна, 1259, цяпер у межах г. Сафія), мініяцюры «Хронікі Манасія» і «Евангелле Івана Аляксандра» (сярэдзіна 14 ст.), ювелірнае мастацтва, разьба па дрэве і інш.маст. рамёствы. З тур. нашэсцем у канцы 14 ст. многія помнікі знішчаны, стараж.-балг. мастацтва заняпала. Новы ўздым культуры пачаўся ў эпоху Балг. адраджэння. У гарадах будаваліся дамы, цэрквы, масты, гадзіннікавыя вежы, перабудоўваліся манастыры (Рыльскі манастыр). У канцы 18 ст. склаліся нац. тыпы жылых дамоў з каменным цокальным і фахверкавым 2-м паверхам, з мноствам галерэй, эркераў, балконаў, з размалёўкай на атынкаваных фасадах і ў інтэр’ерах, прыгожай разной столлю (дамы ў Плоўдзіве, Вяліка-Тырнаве і інш.). Заснавальнікамі свецкага мастацтва Балгарыі сталі жывапісцы З.Зограф, С.Даспеўскі, Н.Паўлавіч.
Пасля вызвалення Балгарыі ад асманскага ярма пачалася рэканструкцыя гар. Цэнтраў, узводзіліся грамадскія будынкі ў духу эклектызму і ў неавізантыйскім стылі. У выяўл. мастацтве канца 19 — пач. 20 ст. развіваецца кірунак дэмакр. рэалізму (А.Мітаў, І.Ангелаў, І.Мырквічка, Я.Вешын). У 1920—30-я г.нац. традыцыі развівалі Х.Станчаў, У.Дзімітроў-Майстара, С.Венеў, І.Мілеў, П.Георгіеў, партрэтны і пейзажны жывапіс — І.Пятроў, Дз.Узунаў, П.Младэнаў і інш. У архітэктуры пластычную выразнасць і нац. своеасаблівасць пабудоў вызначае выкарыстанне традыц. для Балгарыі арх. элементаў (балконаў, эркераў, лоджый). У 1970-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны ў Сафіі, Плоўдзіве і інш., курортныя комплексы «Сонечны бераг», «Залатыя Пяскі». Паводле новых планаў забудоўваліся вял. гарады, новыя прамысл. цэнтры (Дзімітроўград, Мадан і інш.).
У пошуку новых выразных рашэнняў да стараж.нац. мастацкіх традыцый звяртаюцца жывапісцы І.Кіркаў, Д.Кіраў, С.Русеў, Л.Дзіманаў, К.Ісінаў, А.Пятроў, скульптары А.Ніколаў, І.Фунеў, М.Маркаў, графікі Б.Ангелушаў, П.Вылкаў, манументалісты А.Стаменаў і інш. У дэкар.-прыкладным мастацтве (кераміка, тканіны, дываны, разьба па дрэве) сучасныя маст. прынцыпы спалучаюцца з нар. традыцыямі.
Музыка. Балгарская нар. музыка склалася на аснове фальклору стараж. славян і інш. народаў, што жылі на тэр. Балгарыі. Зберагліся старадаўнія абрадавыя, працоўныя, пастухоўскія песні (пераважна аднагалосыя), рытуальныя песнапенні і танцы з архаічнай мелодыкай і складанай нерэгулярнай рытмікай. З 18 ст. пашыраны гайдуцкія песні, з 19 ст. — песні нац. адраджэння, пазней пралетарскія, антыфаш. і партыз. песні. Сярод інструментаў: струнна-смычковы — гадулка, струнна-шчыпковы — тамбур; духавыя — гайда, кавал. Пасля прыняцця праваслаўя ў 9 ст. склалася балг.царк.-пеўчая традыцыя. Свецкае мастацтва фарміруецца з сярэдзіны 19 ст. Заснавальнікі нац. кампазітарскай школы: Э.Манолаў (аўтар першай балг. оперы «Жабрачка», 1900, не скончана), А.Букараштліеў, Д.Хрыстаў, Н.Атанасаў (аўтар першай балг. сімфоніі). Значнае месца належыць операм Г.Атанасава (1910—20-я г.), творам П.Уладзігерава (опера «Цар Калаян», інстр. канцэрты), Л.Піпкава (опера «Дзевяць братоў Яны», вак.-сімф. паэма «Вяселле», 1-я сімфонія), П.Стайнава, Ф.Куцева, В.Стаянава (опера «Саламбо»), М.Галемінава (балет «Несцінарка») і інш. Пасля 2-й сусв. вайны вядучыя кампазітары Піпкаў, П. і А.Уладзігеравы, Стаянаў, Куцеў, Галемінаў, П.Хаджыеў, А.Райчаў, К.Іліеў (і дырыжор), Д.Хрыстаў, Г.Мінчаў. Праводзяцца міжнар. фестывалі і конкурсы. Працуюць 10 муз. т-раў, у т. л. Сафійская нар. опера, больш за 15 сімф. і камерных аркестраў, Саюз балг. кампазітараў (1947), Саюз балг.муз. дзеячаў (1965), Ін-т музыказнаўства пры Балг.АН (1948), Балг.дзярж. кансерваторыя (1954) і інш.
Тэатр. Вытокі балг.т-ра ў нар. гульнях, асабліва ў «кукерах». Першыя публічныя тэатр. паказы ў 1856 у Ломе і Шумене. У 1866 драматург Д.Войнікаў засн.балг. трупу ў Брэіле (Румынія). Прафес.т-р узнік пасля вызвалення Балгарыі ад тур. прыгнёту (першая трупа ў Плоўдзіве, 1883). У 1887 засн. «Плоўдзіўская аматарская трупа» (з 1888 працавала як драм. трупа «Аснова» ў Сафіі). У 1892 на яе базе створана дзярж.драм. трупа «Сляза і смех» (з 1904 Нар.т-р імя І.Вазава), дзе ставіліся п’есы балг. драматургаў — Вазава, В.Друмева, А.Страшымірава і інш. У перыяд уздыму балг.т-ра (1904—12) сфарміравалася рэаліст. акцёрскае мастацтва. Яго заснавальнікі — выхаванцы рус.тэатр. школ А.Будзеўская, К.Сарафаў, Г.Кіраў, М.Масаліцінаў. Пасля 2-й сусв. вайны развівалася нац. драматургія, ствараліся новыя тэатр. калектывы, ставіліся п’есы замежных аўтараў, у т. л. беларускіх: «Цудоўная дудка» В.Вольскага (Нар.т-р моладзі ў Сафіі), «Канстанцін Заслонаў» (Нар.т-р імя Вазава) і «Калі ты чалавек» (Нар.т-р моладзі) А.Маўзона, «Лявоніха на арбіце» (Сафійскі т-р сатыры), «Зацюканы апостал» (т-ры Сафійскі сатыры і Відзінскі) і «Трыбунал» (т-ры Сафіі, Варны, Тырговіштэ) А.Макаёнка, «Амністыя» (у многіх т-рах) М.Матукоўскага. Сярод акцёраў: А.Караміцеў, С.Гецаў, Л.Кабакчыеў, Г.Калаянчаў, Ц.Манева, І.Кондаў; сярод рэжысёраў: Ф.Філіпаў, К.Мірскі, М.Андонаў, В.Цанкоў, Л.Даніэль. Л.Гройс, Я.Агнянава. У 1948 засн. вышэйшы ін-ттэатр. мастацтва.
Кіно. Вытворчасць дакумент. і хранік. фільмаў пачалася з 1907, мастацкіх — з 1915. У 1919 утворана акц.т-ва «Лунафільм». У 1930-я г. ставіліся камедыі, меладрамы, гіст. фільмы. У 1933 выпушчаны першы гукавы фільм «Бунт раба». У 1939 створана дзярж. кінафірма «Балгарская справа». З канца 1940-х г. разам з вопытнымі (Л.Мартынавіч, З.Жандаў) пачалі працаваць рэжысёры, што заклалі асновы сучаснага нац. кінамастацтва (Д.Дакоўскі, Б.Шараліеў, Х.Піскаў, Р.Вылчанаў, Б.Жалязкава і інш.), створана аб’яднанне «Балгарская кінематаграфія». У 1950-я г. ўзмацняюцца ідэалаг. матывы [«Калін Арол», «Трывога», «Песні пра чалавека», «Неспакойны чалавек», «Героі Шынкі» (сумесна з СССР), «Зоркі» (з ГДР)]. З канца 1950-х г., з прыходам рэжысёраў Г.Дзюлгерава, Л.Стайкава, М.Ніколава і інш., пачынаюцца пошукі творчых сродкаў спасціжэння псіхалогіі чалавека і нац. характару [«На маленькім востраве», «Якія маладыя мы былі», «Сонца і цень», «Тытунь» (у сав. пракаце «Канец «Нікаціяны»), «Выкрадальнік персікаў», «Ланцуг», «Цар і генерал» і інш.]. Здымаліся гіст. фільмы для моладзі, камедыі, развіваліся жанры лірычнага дэтэктыва, кінааповесці («Бывайце, сябры», «Чорныя анёлы», «Матрыярхат», «Бар’ер», «Раўнавага», «Хан Аспарух»), У 1976 зняты сумесна бел.-балг. фільм «Братушка» (рэж. І.Дабралюбаў). Развіваецца дакумент., навук.-папулярнае і анімацыйнае кіно. У 1952 арганізаваны Саюз балгарскіх кінематаграфістаў. Кінастудыі працуюць у Варне (з 1962) і Плоўдзіве (з 1975).
Герб і сцяг Балгарыі.Да арт.Балгарыя. Цясніна р. Лева ў гарах Стара-Планіна.Да арт.Балгарыя. Залаты скарб з с. Вылчытрын (Плевенская акруга). 8 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Радопы ў Кырджалійскай акрузе.Да арт.Балгарыя. Горад Слівен.Да арт.Балгарыя. Нафтаперапрацоўчы завод у Бургасе.Да арт.Балгарыя. Шыпка. Помнікі рускім воінам і балгарскім апалчэнцам, якія загінулі ў руска-турэцкай вайне 1877—78.Да арт.Балгарыя. Сланечнікавыя палі на Дунайскай раўніне.Да арт.Балгарыя. Плошча «9 верасня» ў Сафіі. Фрагмент.Да арт.Балгарыя. Бачкаўскі манастыр.Да арт.Балгарыя. Царква Старая мітраполія ў г. Нясебыр. 6 ст.Да арт.Балгарыя. Севастакратар Калаян. Фрагмент размалёўкі царквы ў с. Баяна. 1259.Да арт.Балгарыя. З.Зограф. Аўтапартрэт. 1840-я г.Да арт.Балгарыя. Фрагмент размалёўкі Казанлыкскай пахавальні. 4—3 ст. да н.э.Да арт.Балгарыя. Храм-помнік Аляксандра Неўскага ў Сафіі. Арх. А.Памяранцаў. 1904—12.Да арт.Балгарыя. Помнік Вызваліцелям у Сафіі. Скульптар А.Цокі. 1907.Да арт.Балгарыя. Я.Вешын. Вяртанне з кірмашу. 1898.Да арт.Балгарыя. У.Дзімітраў-Майстара. Сялянская дзяўчына. 1930-я г.Да арт.Балгарыя. Царква Пантакратара ў г. Нясебыр. 14 ст.Да арт.Балгарыя. Курорт Залатыя Пяскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМАНТЫ́ЗМ (франц. romantisme),
мастацкі стыль і кірунак у еўрап. і амер. л-ры і мастацтве канца 18—1-й пал. 19 ст. Выявіўся таксама ў гіст. навуках, філасофіі, сацыялогіі, некат. галінах прыродазнаўства. Проціпаставіў сябе класіцызму і Асветніцтву.
Тэрмін «romantic» з’явіўся ў англ. мове ў 18 ст. і азначаў «падобны на раман сярэдневякоўя». Рамантычным называлася ўсё фантаст., незвычайнае, дзіўнае, якое сустракалася ў кнігах, а не ў рэчаіснасці. Адметныя рысы Р. — прыхільнасць да суб’ектывізму, уяўлення, свабода думкі і выражэння, ідэалізацыя прыроды, паэтызацыя гераічнай асобы, бунтара, змагара, ахвярніка. Вызначаўся ўвагай да ўнутр. свету чалавека, праяў моцных і яркіх пачуццяў, таямнічых рухаў душы. Апіраўся на вопыт сярэдневяковага хрысц. мастацтва, якое імкнулася перадаць звышпачуццёвае і пазачасавае. Існуюць некат. спробы класіфікаваць віды рамант. праяў: Р. рэвалюцыйны і рэакцыйны, прагрэсіўны і кансерватыўны, актыўны і пасіўны, аптымістычны і песімістычны. У рамант. свядомасці пераважаюць крытычныя матывы, цяга да адмаўлення рэчаіснасці, замена яе фантаст. або ідэалізаваным паказам. Філас. базай Р. сталі ідэі І.Фіхтэ аб свабодзе асобы і абсалютнай свабодзе «Я». У творчасці адмаўляліся ўсе абмежаванні, якія стрымлівалі свабоду і фантазію мастака. Перакананне, што геній не мае патрэбы ў правілах, бо сам дае правілы мастацтву (І.Кант), прывяло да адраджэння ідэалу паэта-прарока, нар. песняра, які спалучае маст. творчасць з місіяй нац. правадыра.
У літаратуры вылучаюць Р. зах.-еўрап. (франц., ням., англ., венг.), слав. (рус., польскі і інш.), амерыканскі. Франц. рамантыкі сцвярджалі новы, больш дэмакр. тып рамант. драмы, якая звязвала гісторыю і мастацтва, часта выводзіла на сцэну героя-бунтара, выхадца з народа (В.Гюго, А.Дзюма-бацька і інш.), распрацоўвалі жанр сац. рамана, які спрыяў развіццю нац. свядомасці (Гюго, Ж.Санд, Э.Сю). Адны з іх адмаўлялі прагрэсіўнасць грамадскага развіцця і трактавалі гісторыю як бессэнсоўны кругаварот падзей (Ф.Р.Шатабрыян), другія спрабавалі асэнсоўваць рэальныя падзеі. Так узнік жанр гіст. рамана (Санд, Гюго), мэтай якога стала стварэнне вобраза эпохі, дзе цесна пераплецены гіст. праўда і вымысел. Змены ў літ. творчасці закранулі і змест, і форму. Рэфарматарамі верша былі А. дэ Віньі, А.Ламарцін, А.Мюсэ, Ш.А.Сент-Бёў; верш стаў больш музыкальны, менш напышлівы. Англ. Р. характарызаваўся процістаяннем дзвюх плыней. Рамантыкі «азёрнай школы», або кансерватыўная плынь (У.Вордсварт, С.Т.Колрыдж, Р.Саўці), патрабавалі пашырэння паэт. тэматыкі, паказу гіст. падзей і знакамітых асоб, звярталіся да сентыментальнага, да нац. самаасэнсавання чалавека, адрадзілі цікавасць да У.Шэкспіра і Рэнесансу, шырока выкарыстоўвалі фальклор. Прадстаўнікі рэв. плыні (Дж.Байран, П.Б.Шэлі, Дж.Кітс) сцвярджалі пазіцыю актыўнага ўспрымання жыцця, павароту да сац. з’яў, не адмаўлялі і існавання сіл, якія непадуладныя чалавеку, але ўплываюць на рэальныя падзеі. Раманы В.Скота паўплывалі на рэаліст. і рамант. л-ру, паспрыялі ўсталяванню гістарызму ў еўрап. л-ры. Першыя ням. рамантыкі (Ф.Гёльдэрлін, Жан Поль) развівалі сатыру на тагачасны лад і выступілі з утапічнымі ідэямі. Іенскія рамантыкі (В.Г.Вакенродэр, Наваліс, Л.Цік, браты Шлегелі) былі захоплены пошукам пазабурж. ідэалу. Познія ням. рамантыкі (К.Брэнтана, Л.Арнім, Г.Кляйст, А.Шаміса, Г.Гейнэ, браты Грым, І.Айхендорф) узбагацілі нац. культуру легендамі, сказаннямі, песнямі. У Еўропе Р. пашырыўся дзякуючы творчасці Дж.Леапардзі, У.Фоскала, А.Мандзоні (Італія), Ш.Пецёфі (Венгрыя), А.Эленшлегера (Данія), Э.Тэгнера (Швецыя); Х. дэ Эспранседы (Іспанія), Б.Радзічавіча (Сербія), Я.Колара (Чэхія), Я.Краля (Славакія), В.Александры (Румынія). Для слав. Р. характэрны пошук новай пазітыўнай канцэпцыі асобы і народа. новых форм нац. жыцця, заснаваных на гіст. і духоўна-культ. падмурку мінулага, адраджэнні міфічных традыцый. Чэш. і славацкія паэты-рамантыкі адны з першых адкрылі ў сваёй творчасці тэму нац. бяздомнасці, гераічнай роспачы патрыёта. Польскі Р. выявіўся ў імкненні да адраджэння краіны (А.Міцкевіч, Ю.Славацкі). Фальклор у ім выкарыстоўваўся для таго, каб прасачыць сувязь тагачаснага пакалення са «светам продкаў», якія прадаўжаюць існаванне ў сферы духу (паэма Міцкевіча «Дзяды»), У простанар. пачатку Міцкевіч бачыў аснову маральных устояў. Ён упершыню ў бел. і польскай л-ры асудзіў сац. зло (паэмы «Конрад Валенрод», «Пан Тадэвуш»). Асобнае месца займае амер. Р., храналагічныя рамкі якога адрозніваюцца ад Р. еўрапейскага. Светаадчуванне амер. рамантыкаў вызначала вера ў свой асабісты шлях развіцця, у асобае прызначэнне Амерыкі. Іх тэматыка ўключала вайну за незалежнасць, асваенне кантынента, жыццё індзейцаў і інш. В.Ірвінг, Дж.Ф.Купер шукалі свае нац. патэнцыялы для выяўлення ідэі грандыёзных перспектыў маладых ЗША. Н.Хотарн, Э.По, Г.Мелвіл, Г.Лангфела, Р.У.Эмерсан, Г.Д.Тора, Э.Дзікінсан выказвалі расчараванне тымі шляхамі, якімі ішла Амерыка, паказвалі непераадольны разрыў паміж рэчаіснасцю з яе рабствам і эканам. крызісам і рамант. трансцэндэнтальным ідэалам. Рус. Р. развіваўся на фоне агульнаеўрап. літ. працэсу. Адрозненне рус. Р. выявілася ў паказе лёсу персанажа, які павінен быў паслядоўна прайсці праз многія этапы: ад гарманічных адносін з навакольным светам, праз канфлікты да расчаравання і рэзкага разрыву з асяроддзем, уцёку ці выгнання. Рост нац. і асабістай свядомасці ў прасякнутых духам свабоды творах К.Рылеева, В.Кюхельбекера, А.Адоеўскага, А.Бястужава (Марлінскага). Філас.-псіхал. і рэліг.-меланхалічныя настроі адчуваліся ў В.Жукоўскага, Я.Баратынскага, К.Бацюшкава, І.Казлова, А.Пагарэльскага, Ф.Цютчава. Рамант. матывы, вобразы і сюжэты паступова прыняў і паслядоўна развіваў А.Пушкін. З канца 1830-х г. хваля Р. захапіла М.Лермантава і М.Гогаля. Лірыка Лермантава з экзатычным выбарам месца дзеяння, з героем-бунтаром і яго наратыўны (апавядальны) верш увасабляюць пік рус. Р., т. зв. залатога веку рус. паэзіі. На фарміраванне Р. паўплывала і ідэалогія дзекабрыстаў.
У бел. л-ры Р. складваўся ва ўмовах замаруджанага развіцця нац.-вызв. і антыпрыгонніцкага руху, што абумоўлівалася недастаткова развітой сац. і нац. свядомасцю сял. мас, іх малапісьменнасцю, дэнацыяналізацыяй пануючых вярхоў і мясц. інтэлігенцыі, іх адрывам ад нар. глебы. Развіваўся пад моцным уплывам польскіх і рус. рамантыкаў. Яго прадстаўнікі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, У.Сыракомля, В.Дунін-Марцінкевіч стваралі сюжэты, заснаваныя на нар. жыцці і фальклоры. Іх творчасць была пераважна польскамоўнай паводле формы, але выяўляла цікавасць да лёсу, гісторыі, побыту і традыцый бел. народа. Асаблівасцямі бел. Р. з’яўляюцца сакралізацыя айчыны, захапленне мінуўшчынай, інтымная лірычнасць, якая не страціла сувязей з сентыментальнай паэзіяй, містыка і звароты да міфалогіі, фальклору. Асн. рысы бел.рамант. балады (незвычайнасць абставін, перапляценне рэальнага і звышнатуральнага) відавочныя ў «Нячысціку» Рыпінскага, у польскамоўных баладах Баршчэўскага, заснаваных на бел. паданнях. Характэрным творам бел. Р. з’яўляецца паэма «Мачаха» Адэлі з Устроні, у якой узнёсла выказана пачуццё любові да роднага краю, персаніфікаваны сілы прыроды, відавочная насычанасць алегорыямі і сімваламі. Рысы Р. яскрава выявіліся ў дакастр. творчасці Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва»), Я.Коласа («Сымон-музыка»), Цёткі («Мора»), М.Багдановіча («Страцім-лебедзь»), З.Бядулі («Салавей»). У сучаснай бел. л-ры рамант. тэндэнцыі найб. адчувальныя ў творах У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Навуменкі, А.Карпюка і інш.
У архітэктуры і выяўленчым мастацтве Р. стаў першым кірункам, у якім вызначыліся ўсведамленне творчай асобы як суб’екта маст. дзейнасці, поўнай свабоды творчасці, прыярытэт індывід. густу. У архітэктуры Р. выявіўся ў захапленні архаікай, экзотыкай, гіст. і нац. матэрыялам, у паглыбленні ў сімвалізм і дэкаратыўнасць; закрануў пераважна садова-паркавую архітэктуру, архітэктуру малых форм і кірунак несапраўднай готыкі. У выяўл. мастацтве ён не стаў адзіным універсальным стылем, а выявіўся ў шэрагу асобных плыней і кірункаў, часта з захаваннем стылістычных асноў класіцызму.
Найб. паслядоўная школа Р. склалася ў Францыі. Яна вызначалася дынамічнасцю кампазіцыі, аб’яднаннем форм бурлівым рухам; у жывапісе — яркім насычаным каларытам, святлоценявымі і тонавымі кантрастамі, лёгкай, часта абагульненай манерай пісьма (А.Гро. Ж.Л.Давід, П.Ж.Давід д’Анжэ, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Т.Жэрыко, П.П.Прудон, Ф.Руд). Мастакам Германіі і некат. інш. краін Р. былі ўласцівы меланхалічна-сузіральная танальнасць вобразна-эмац. ладу, містыка-пантэістычны настрой, пераважалі партрэт і алегарычная кампазіцыя (Ф.Рунге, І.Г.Фюслі), пейзаж (К.Фрыдрых). Рамантычны пейзаж пашырыўся ў Вялікабрытаніі (Р.Бонінгтан, Дж.Констэбл, У.Тэрнер) і ЗША (Дж.Інес). У інш. краінах Р. развіваўся пераважна ў рэчышчы нац.-вызваленчых ідэй: Я.Матэйка, П.Міхалоўскі (Польшча), І.Манес, І.Наўраціль (Чэхія), прадстаўнікі кастумбрызму ў Лац. Амерыцы і інш. Блізкай да Р. была творчасць бідэрмееру, дзюсельдорфскай школы жывапісу, назарэйцаў, прэрафаэлітаў. У Расіі Р. у рознай ступені выявіўся ў партрэтах А.Кіпрэнскага, В.Трапініна, супярэчліва спалучаўся з класіцызмам у творчасці К.Брулова, Ф.Бруні, Ф.Талстога, у пэўнай ступені закрануў жывапіс А.Іванава, П.Фядотава.
На Беларусі Р. у архітэктуры выявіўся ў аздабленні паркаў штучнымі руінамі, гротамі, невял. збудаваннямі ў выглядзе гатычных сабораў (капліца ў в. Закозель Драгічынскага р-на) і замкаў (будынак б. бібліятэкі ў Станькаўскім палацава-паркавым ансамблі), пахавальнямі і памятнымі плітамі («камень Касцюшкі» ў в. Чырвоная Зорка Клецкага р-на), абеліскамі, імітацыямі сельскіх пабудоў, брамамі (в. Старыя Пескі Бярозаўскага р-на). У каталіцкіх культавых будынках (т. зв. цаглянай архітэктуры) і сядзібна-палацавым буд-ве Р. развіваўся пераважна ў формах несапраўднай готыкі (капліца і сядзіба ў в. Закозель Драгічынскага р-на, Прылуцкі палацава-паркавы комплекс і інш.). У архітэктуры рамант. палацаў трапляюцца кампрамісныя вырашэнні: класіцыстычная планіровачная структура і псеўдагатычная трактоўка аб’ёму (Косаўскі палац), а таксама рэнесансавыя рэмінісцэнцыі (Лынтупская сядзіба). Залы замкаў і палацаў аздабляліся ў антычным, гатычным, «кітайскім», «турэцкім» і інш. стылях. Іх выяўленчы бок шырока трактаваў гіст. тэматыку, грэч. міфалогію, алегорыю, сімволіку. У рэтраспектыўных арх. формах вырашалася і абсталяванне інтэр’ера, напр., кафельныя печы (у сядзібе Станіславова ў Гродне), мэбля, прадметы дэкар.-прыкладнога мастацтва. У выяўленчым мастацтве мастакі не парывалі канчаткова з вобразнымі і фармальнымі прынцыпамі класіцызму, спрабавалі напоўніць іх новым светаадчуваннем, пазбавіць творы халоднай стрыманасці і традыц. умоўнасці, характэрных для позняга класіцызму. Найб. яскрава рысы Р. выявіліся ў жанры партрэта, дзе мастакі імкнуліся стварыць вобраз творчай, незалежнай асобы, «героя часу» (І.Аляшкевіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель). У творах гіст. і батальнага жанраў адлюстроўвалі знамянальныя, часта трагічныя падзеі (В.Дмахоўскі, Я.Сухадольскі). Пад уплывам Р. развівалася творчасць А.Бартэльса, Б.Клямбеўскага, Я.Манюшкі, Р.Слізня, сфарміравалася творчасць М.Э.Андрыёлі.
У музыцы Р. фарміраваўся і развіваўся пад уплывам літ. Р. Прайшоў стадыю перадрамантызму ў нетрах класіцызму (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.), стаў самастойнай з’явай у 1800—20-я г. ў творчасці Ф.Шуберта (Аўстрыя), Э.Т.А.Гофмана, К.М.Вебера (Германія), Н.Паганіні, Дж.Расіні (Італія), Дж.Філда (Ірландыя) і інш. У 1830—50-я г. прадстаўлены дасягненнямі Ф.Шапэна (Польшча), Р.Шумана, Ф.Мендэльсона, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Дж.Меербера (Францыя), Ф.Ліста (Венгрыя), В.Беліні, Дж.Вердзі (Італія). Позні этап (2-я пал. 19 — пач. 20 ст.) — творчасць І.Брамса (Германія), А.Брукнера, Х.Вольфа (Аўстрыя), познія творы Ліста, Вагнера, раннія творы Г.Малера (Аўстрыя), Р.Штрауса (Германія) і інш. — падрыхтаваў новыя кірункі і плыні ў еўрап. музыцы: верызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм. Развіццё муз. Р. ў краінах Еўропы абумоўлена гісторыка-культ. кантэкстам. У Аўстрыі і Германіі ён звязаны з росквітам лірычнай ням. паэзіі і вак.-камерных жанраў; у Францыі — з дасягненнямі ў галіне т-ра і літ. рамана; у шэрагу інш. краін — с самавылучэннем і развіццём нац. кампазітарскіх школ (Расія, Чэхія, Польшча, Нарвегія і інш.). У некат. школах 2-й пал. 19 ст. (рус., італьян., франц.) Р. сутыкаўся з рэалізмам (А.Вярстоўскі, пазней П.Чайкоўскі, С.Рахманінаў, часткова кампазітары «Магутнай кучкі», М.Метнер, А.Скрабін, Вердзі, Ж.Бізэ). Для Р. характэрны антытэзы (рэальнае — ідэальнае, камічнае — трагічнае і інш.), з аднаго боку канфліктнасць, матывы адзіноты, з другога — ідэалізацыя былога, з’яў прыроды. Адхіленасць ад паўсядзённасці не выключала пэўнай аўтабіяграфічнасці і спавядальнасці (Шуберт, Шумен, Берліёз, Ліст, Вагнер і інш.). Лірыка-псіхал. тэма дамінуе ў оперы, сімфоніі, камерна-інстр. і камерна-вак. музыцы. Вял. значэнне надавалася паслядоўнай эвалюцыі і трансфармацыі кантрастных вобразаў («Сімфанічныя эцюды» Шумана), якія часам сумяшчаліся ў адным творы («Фауст-сімфонія», фп. саната h=moll Ліста; сімфоніі Малера). Важнейшы момант эстэтыкі музыкі Р. — ідэя сінтэзу мастацтваў (росквіт опернага, балетнага жанраў; імкненне да дэталізаванага ўвасаблення паэт. слова ў вак. партыі, экспрэсіўныя функцыі арк. суправаджэння, сцэн. дзеянні і інш.), якая найб. ярка выявілася ў опернай творчасці Вагнера і ў праграмнай музыцы (Ліст, Шуман, Берліёз). Выразныя прыёмы, што склаліся ў межах праграмнай музыкі, пранікалі ў непраграмныя творы з абвешчанай ці скрытай праграмнасцю («лісток з альбома», балада, легенда, рапсодыя і інш.). Узбагаціліся сродкі муз. фактуры, актывізаваўся пошук новых тэмбрава-аркестравых сродкаў. З нябачнай дагэтуль канкрэтнасцю, маляўнічасцю і натхнёнасцю рамантыкі ўзнаўлялі вобразы прыроды. З яе вобразнай сферай цесна звязана развіццё жанравага і лірыка-эпічнага сімфанізму. Распрацоўваліся новыя сродкі муз. мовы і прынцыпы формаўтварэння: сістэма лейтматываў і лейттэм, індывідуалізацыя мелодыкі і ўкараненне моўных інтанацый, пашырэнне тэмбравай і гарманічнай палітры музыкі (мелодыкі, ладу, гармоніі, інструментоўкі). Цікавасць да вобразнай характарнасці, партрэтнасці, псіхал. дэталізацыі абумовіла росквіт вак. і фп. мініяцюры (песня, раманс, мініяцюра, невял. інстр. п’есы тыпу «песня без слоў», накцюрн, прэлюдыя, вальс, мазурка, экспромт і інш.). Зменлівасць і кантрастнасць жыццёвых уражанняў увасобілася ў вак. і фп. цыклах (гл.Цыклічныя формы), якія апіраюцца на прынцып скразнога развіцця, што рэалізоўваўся ў інтанацыйных сувязях паміж асобнымі п’есамі цыкла («Карнавал», «Крэйслерыяна» Шумана; «Карцінкі з выстаўкі» М.Мусаргскага, «Карнавал жывёл» К.Сен-Санса і інш.). У буйных жанрах (сімфоніі, санаце, квартэце, оперы) выявілася тэндэнцыя да свабоднага самавыяўлення, паступовай трансфармацыі вобразаў, скразнога драматург. развіцця, узніклі свабодныя і мяшаныя формы ў муз. жанрах: сімфанічная паэма, фантазія, арабеска, балада, рапсодыя і інш. У мастацтве 20 ст. традыцыі Р. выяўляюцца ў межах неарамантызму.
Тэндэнцыі муз. Р. адлюстраваліся ў спадчыне кампазітараў 19 ст., творчыя лёсы якіх былі звязаны з Беларуссю. Уплыў суседніх муз. культур (рус. і польская) абумовіў запаволенае развіццё бел.нац. элемента ў творчасці бел. кампазітараў. Аднак зах.-еўрап. Р. з уласцівай яму глыбіннай зацікаўленасцю да самабытнага, нац.-фалькл. станоўча паўплываў на гіст.-культ. працэс станаўлення бел. кампазітарскай творчасці. Засвойваліся новыя сферы муз. вобразнасці, стылістыкі кампазітарскага пісьма, форм, жанраў. Аб раннерамант. уплывах сведчаць песенна-рамансавая і інстр. спадчына В.Казлоўскага. Спалучэнне класіцыстычных і раннерамант. тэндэнцый адчувальна ў вак. спадчыне М.К.Агінскага. Опера эпохі Р. прадстаўлена творамі С.Манюшкі 1850—60-х г. («Сялянка», «Галька», «Страшны двор») і А.Радзівіла («Фауст»). Аркестравыя творы ў 19 ст. стваралі Ф.Міладоўскі, Ю.Дашчынскі, Н.Орда, М.Міцкевіч, Манюшка, у пач. 20 ст. — М.Карловіч. Блізкія да традыцый муз. Р. сімф. уверцюры Манюшкі і 6 сімф. паэм Карловіча. Рамант. выразнасцю і стылістыкай пазначаны кантаты Манюшкі, асабліва бел. перыяду («Мільда», «Ніёла», «Мадонна» і інш.). Важнае месца належыць інстр. мініяцюры (фартэпіянная і скрыпічная), рамант. вобразнасць якой (лірычны пейзаж, замалёўкі характараў, настрою, партрэты і інш.) уключае элементы муз. фальклору. Інстр. мініяцюры ў традыц. для муз. Р. жанрах стваралі Агінскі, Казлоўскі, А.Абрамовіч, Орда, М.Ельскі, Міладоўскі, І.Глінскі, Дашчынскі, Манюшка і інш. Завастрэнню рамант. характэрнасці інстр. твораў спрыяе праграмная задума, адлюстраваная ў назвах п’ес або ў аўтарскім каментары (фп. цыклы «Шэсць пораў года», «Шэсць характарыстычных п’ес» Абрамовіча і інш.).
Літ.:
Ванслов В.В. Эстетика романтизма. М., 1966;
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Литературные манифесты западноевропейских романтиков. М., 1980;
История зарубежной литературы XIX в. 2 изд. М., 1999;
Турчин В.С. Эпоха романтизма в России. М., 1981;
Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;
Соллертинский И.И. Романтизм, его общая и музыкальная эстетика // Соллертинский И.И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963. Т. 1;
Васина-Гроссман В.А. Романтическая песня XIX в. М., 1966;
Музыка Австрии и Германии XIX в.: В 3 кн. Кн. 1—2, М., 1975—90;
Габай Ю. Романтический миф о художнике и проблемы психологии музыкального романтизма // Проблемы музыкального романтизма. Л., 1987;
Романтизм в музыке. Мн., 1999;
Крауклис Г. Романтический программный симфонизм. М., 1999;
Антоневич В.А. Белорусское композиторское творчество в его связях с фольклором. Мн., 1999;
Дадзіёмава В.У. Нарысы гісторыі музычнай культуры Беларусі. Мн., 2000.
Да арт.Рамантызм. Э.Дэлакруа. Смерць Сарданапала. 1827.Да арт.Рамантызм. І.Г.Фюслі. Жах. 1790—91.Да арт.Рамантызм. К.Д.Фрыдрых. Мелавыя скалы на востраве Руген.Да арт.Рамантызм. Уязная брама сядзібы ў вёсцы Старыя Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З САВЕ́ЦКІХ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНЫХ РЭСПУ́БЛІК (СССР), Савецкі Саюз,
шматнацыянальная федэратыўная дзяржава, якая існавала з снеж. 1922 да снеж. 1991 на б.ч.тэр. былой Расійскай імперыі і некат. прылеглых да яе землях. У 1989 пл.СССР складала 22,4 млн.км², нас. 286,7 млн.чал.; больш за 100 нацыянальнасцей. Сталіца — г.Масква. Утварэнне СССР было заканамерным працэсам і з’явілася вынікам паліт., ваен., эканам. і культ. інтэграцыі сав. рэспублік, якія ўзніклі пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917. З моманту ўзнікнення сав. рэспублікі апынуліся ў рамках агульнага паліт. саюза з прычыны аднатыпнасці іх дзярж. сістэмы і канцэнтрацыі рэальнай улады ў руках адной Камуніст. партыі [рэспубліканскія кампартыі ўваходзілі ў РКП(б) на правах абл. арг-цый, гл.Камуністычная партыя Савецкага Саюза]. Пасля грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі 1918—22сав. рэспублікі былі аб’ектыўна зацікаўлены ў аднаўленні дзярж. адзінства: лягчэй было выстаяць у «капіталіст. атачэнні» і потым працягваць змаганне за «сусв. пралетарскую рэвалюцыю», аднавіць гаспадарку, развіваць эканоміку і культуру, забяспечыць сваю абараназдольнасць. Ужо 1.6.1919 утвораны ваен. саюз сав. рэспублік Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы і Беларусі. Ініцыятарамі стварэння СССР выступілі камуністы (бальшавікі). У 1920—21 умацаваліся гасп. сувязі сав. рэспублік, напярэдадні Генуэзскай канферэнцыі 1922 склаўся іх дыпламат. саюз. У вер. 1922 спец. камісія ЦК РКП(б) прыняла падрыхтаваны І.В.Сталіным т. зв. «план аўтанамізацыі», згодна з якім інш.сав. рэспублікі ўваходзілі ў склад РСФСР на правах аўтаномій. Гэты план не атрымаў поўнай падтрымкі з боку рэспублік, зусім не прыняў яго ЦК кампартыі Грузіі. У.І.Ленін прапанаваў план афармлення адзінай дзяржавы з захаваннем за рэспублікамі атрыбутаў паліт. незалежнасці — у форме добраахвотнага саюза суверэнных і раўнапраўных сав. дзяржаў. Паколькі аўтарытэт Леніна быў бясспрэчным, ЦК РКП(б) і пераважная большасць сав. дзеячаў выказаліся за ленінскі план. На Беларусі Цэнтр. Бюро (ЦБ) КП(б)Б пастанавіла (16.9.1922) «лічыць мэтазгодным устанаўленне адносін паміж камісарыятамі Беларусі і камісарыятамі РСФСР аналагічныя з адносінамі, устаноўленымі паміж РСФСР і Украінай». Зыходзячы з таго, што адносіны РСФСР з Укр. ССР (УССР) будаваліся як адносіны дзвюх роўных незалежных рэспублік, гэта фактычна азначала, што ЦБКП(б)Б было супраць сталінскага плана «аўтанамізацыі». Ідэю стварэння СССР аднадушна падтрымалі павятовыя парт. канферэнцыі, 6 павятовых і 116 валасных з’ездаў Саветаў Беларусі. У снеж. 1922 з’езды Саветаў УССР, БССР, Закаўказскай Сацыяліст. Федэратыўнай Сав. Рэспублікі (ЗСФСР; уваходзілі Армянская, Азербайджанская і Грузінская ССР) і X Усерас. з’езд Саветаў прызналі аб’яднанне сав. рэспублік у адзінай дзяржаве своечасовым. Актам утварэння СССР стаў Дагавор, які заключылі паміж сабой 4 рэспублікі — РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР (падпісаны разам з асобнай Дэкларацыяй 27.12.1922). Дагавор размежаваў кампетэнцыю паміж урадам СССР і рэсп. органамі выканаўчай улады. 30.12.1922 Першы з’езд Саветаў СССР зацвердзіў Дагавор і Дэкларацыю, дзе былі сфармуляваны асн. прынцыпы аб’яднання рэспублік: раўнапраўе і добраахвотнасць уваходжання іх у Саюз ССР, права свабоднага выхаду з Саюза і доступ у яго новым сав.сацыяліст. рэспублікам. З’езд зацвердзіў Дагавор аб утварэнні СССР, які прадугледжваў арганізацыю 10 саюзных наркаматаў, Вярх. суда і Аб’яднанага дзярж.паліт. ўпраўлення, вызначыў асновы ўзаемаадносін паміж вышэйшымі органамі ўлады СССР і саюзных рэспублік. Быў абраны вярх. орган улады Саюза ССР — Цэнтр. Выканаўчы К-т (ЦВК; старшыні М.А.Калінін, Р.А.Пятроўскі, А.Р.Чарвякоў, Н.Н.Нарыманаў). На 2-й сесіі ЦВК сфарміраваны ўрад СССР — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з Леніным. Першая Канстытуцыя СССР (зацверджана 31.1.1924 на II з’ездзе Саветаў СССР) дэкларавала працоўным краіны шырокія дэмакр. правы і свабоды, актыўны ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай. У сак. 1924 паводле прапаноў і хадайніцтваў ЦВКБССР Прэзідыум ЦВКСССР са згоды Усерас.Цэнтр. Выканаўчага К-та (ВЦВК) прыняў рашэнне аб вяртанні Беларускай ССР 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губ.; у снеж. 1926 вернуты яшчэ 2 паветы (Гомельскі і Рэчыцкі), што значна ўзмацніла эканам. і культ. патэнцыял БССР. У ходзе далейшага працэсу нац.-дзярж. будаўніцтва ў склад СССР 13.5.1925 увайшлі Туркм. ССР і Узб. ССР (утвораны 27.10.1924), 5.12.1929 — Тадж. ССР (утворана 16.10.1929), 5.12.1936 — Казахская ССР і Кірг. ССР, 31.3.1940 — Карэла-Фінская ССР (з 1956 Карэльская АССР у складзе РСФСР), 2.8.1940 — Малд. ССР, 3—6.8.1940 — Літ. ССР, Латв. ССР і Эст. ССР (утвораны 21.7.1940). Канстытуцыя СССР 1936 абмежавала паўнамоцтвы саюзных рэспублік. У ёй нічога не гаварылася пра тое, што суб’екты СССР перадаюць значную ч. паўнамоцтваў Саюзу, г. зн. дзейнічала не дагаворная, а канстытуцыйная норма. Павялічылася колькасць агульнасаюзных камісарыятаў. Утварэнне СССР дало магчымасць сканцэнтраваць сродкі для хуткага ажыццяўлення індустрыялізацыі, калектывізацыі сельскай гаспадаркі і культ. будаўніцтва, садзейнічала стварэнню буйнога эканам. патэнцыялу, які забяспечыў тэхніка-эканам. незалежнасць шматнац. дзяржавы, сав. рэспублік. У канцы 1930-х г.СССР па аб’ёмах прамысл. вытв-сці выйшаў на 2-е месца ў свеце пасля ЗША. Значныя асігнаванні з агульнасаюзнага бюджэту выдзяляліся гаспадарцы Беларусі. Напр., на буд-ва ф-кі штучнага валакна ў Магілёве, Крычаўскага цэментнага з-да, Бабруйскага і Гомельскага дрэваапрацоўчых камбінатаў, Гомельскага шклозавода і інш. аб’ектаў былі адпушчаны вялізныя на той час сумы. Хуткая суцэльная калектывізацыя вёскі дазволіла ўзяць у яе сродкі на патрэбы індустрыялізацыі і абароны краіны. Беларусь першай з рэспублік Саюза ССР на мяжы 1920—30-х г. ажыццявіла ўсеаг. абавязковае пач. навучанне і працягвала паступова ўводзіць усенавуч на базе сямігадовай школы. Разам з тым Камуніст. партыя кіравалася ідэямі «дзярж. сацыялізму», што абумовіла далейшую цэнтралізацыю ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне нар. гаспадаркі, згортванне эканам.-матэрыяльных стымулаў. Стварэнне адміністрацыйна-каманднай сістэмы выклікала сур’ёзныя скажэнні ў грамадска-паліт. жыцці краіны, масавыя рэпрэсіі палітычныя супраць грамадзян. Аднак нягледзячы на розныя хібы і дэфармацыі грамадства, за гады першых пяцігодак быў створаны магутны паліт. і сац.-эканам. патэнцыял, які дазволіў краіне, нягледзячы на вял. страты (27 млн.чал., 30% нац. багацця), выстаяць у барацьбе супраць фаш. Германіі, вытрымаць цяжкія выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45, адстаяць сваю свабоду і незалежнасць. Савецкі народ і Узброеныя сілы СССР зрабілі вырашальны ўклад у выратаванне сусв. цывілізацыі ад фашызму. Важкім фактарам у дасягненні перамогі над Германіяй стаў партызанскі рух на Беларусі і ў інш. рэспубліках СССР. Пасля 2-й сусв. вайны міжнар. аўтарытэт СССР значна вырас. Сав. Саюз з’яўляўся чл. — заснавальнікам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (з крас. 1945) і адным з пастаянных членаў Савета Бяспекі ААН. Паводле рашэння Сан-Францыскай канферэнцыі 1945, скліканай з мэтай утварэння ААН, БССР разам з УССР былі ўключаны ў лік краін-заснавальніц гэтай новай і самай аўтарытэтнай міжнар. арг-цыі. Самаадданая праца і ўзаемадапамога народаў СССР далі магчымасць краіне хутка залячыць цяжкія раны вайны, аднавіць разбураную нар. гаспадарку, працягваць культ. будаўніцтва. У пасляваен. адраджэнні Беларусі ўдзельнічалі практычна ўсе сав. рэспублікі. У 1944—45 сродкі, атрыманыя БССР у даход яе дзярж. бюджэту з саюзных крыніц, склалі 55% іх агульнай сумы. Пасляваен. развіццё вызначыла ў значнай ступені далейшую спецыялізацыю Беларусі ў грамадскім падзеле працы, яе ролю ў стварэнні адзінага нар.-гасп. комплексу СССР. Гал. кірункам прамысл. развіцця Беларусі стаў паскораны рост машынабудавання, металаапрацоўкі, электраэнергетыкі, паліўнай прам-сці, радыёэлектронікі, буд. матэрыялаў. У будаўніцтве многіх буйных прадпрыемстваў рэспублікі прымала ўдзел уся краіна. Важнай рысай у нац.-дзярж. палітыцы ў 1950-я г. стала пашырэнне правоў і ініцыятыў саюзных рэспублік. У маі 1955 зменены парадак планавання і фінансавання нар. гаспадаркі рэспублік СССР. Замест ранейшага парадку зацвярджэння ўрадам СССР дэталёвых паказчыкаў па развіцці рэсп. прам-сці, сельскай гаспадаркі, культуры, аховы здароўя цяпер вызначаўся толькі агульны аб’ём валавой і таварнай прадукцыі, а таксама капіталаўкладанняў па саюзных рэспубліках. Канкрэтнае планаванне аб’ёму вытв-сці і капіталаўкладанняў па прадпрыемствах і ведамствах было перададзена ў распараджэнне рэсп. саветаў міністраў. Яны атрымалі права выкарыстоўваць дадаткова выяўленыя і атрыманыя пры выкананні рэсп. бюджэту даходы на фінансаванне жыллёвай і камунальнай гаспадаркі, сац.-культ. мерапрыемстваў. Пашырыліся і паўнамоцтвы саветаў міністраў саюзных рэспублік у кіраўніцтве прам-сцю 1 буд-вам. У распараджэнне рэспублік у 1956 перададзены функцыі па кіраўніцтве работай судовых устаноў і органаў юстыцыі. Канцэнтрацыя навук. і вытв.сіл, матэрыяльных сродкаў на важнейшых кірунках навукі і тэхнікі прывяла да значных дасягненняў: створана ўласная ядзерная зброя (канец 1940 — пач. 1950-х г.), пабудавана першая ў свеце АЭС (1954), запушчаны першы штучны спадарожнік Зямлі (1957), першы касм. карабель з чалавекам — Ю.А.Гагарыным (1961); дасягнуты ваенна-стратэгічны парытэт з ЗША. У 2-й пал. 1980-х г.СССР займаў 1-е месца ў свеце па здабычы нафты, газу і жалезнай руды, выплаўцы чыгуну і сталі, вытв-сці коксу, трактароў, мінер. угнаенняў і некат. інш. відаў прадукцыі. Але выкарыстанне паліўна-энергет., сыравінных і інш. матэрыяльных рэсурсаў на адзінку нац. даходу ў 2—3 разы перавышала аналагічныя паказчыкі вядучых зах. краін. З пач. 1970-х г. усё больш пачалі выяўляцца адмоўныя рысы «дзярж. сацыялізму» (абмежаванне дэмакратыі, адхіленне працоўных ад уласнасці і ўлады, парушэнні прынцыпаў сац. справядлівасці, бюракратызацыя дзярж. апарату і інш.), што прывяло да паглыблення крызісных з’яў. У якасці прававой нормы ў арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 было замацавана, што «кіруючай і накіроўваючай сілай савецкага грамадства, ядром яго палітычнай сістэмы, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый з’яўляецца Камуністычная партыя Савецкага Саюза». Спробы паскорыць сац.-эканам. развіццё на аснове канцэпцыі перабудовы (з сярэдзіны 1980-х г.) станоўчых вынікаў не прынеслі. Узмацніліся цэнтрабежныя тэндэнцыі ў саюзных рэспубліках, іх імкненне да суверэнітэту. Прычыны будучага распаду СССР, якія намеціліся ў канцы 1980-х г., заключаліся таксама ў абмежаванні паўнамоцтваў саюзных рэспублік, кансервацыі многіх адсталых форм арганізацыі грамадства (кланавасць, пратэкцыянізм, бюракратыя), дыктаце цэнтра ў эканам. монаразвіцці без уліку асаблівасцей кожнай рэспублікі, перараджэнні парт., дзярж. і інтэлектуальнай эліты ў асобны клан алігархаў, скажэннях у духоўным жыцці народаў (уніфікацыя адукацыі і асветы, моўная асіміляцыя), наяўнасці нац. нігілізму пад сцягам барацьбы з нацыяналізмам, намаганнях Захаду да скасавання СССР як гал. перашкоды на шляху да сусв. панавання т. зв. «заходніх каштоўнасцей» у выглядзе «новага парадку», дапамозе зах. колаў групоўкам і плыням некамуніст. скіраванасці, што тады дзейнічалі ў саюзных рэспубліках. Абвастрэнне супрацьстаяння дзвюх грамадска-паліт. сістэм, гонка ўзбраенняў, уцягванне СССР у ходзе змагання з Захадам у лакальныя канфлікты 1970—80-х г. (Афганістан, Ангола і інш.) аслаблялі эканоміку шматнац.сав. дзяржавы. Усё гэта паступова прыводзіла да радыкалізацыі палітыкі саюзных рэспублік, якія былі незадаволены няўдалымі рэформамі, няздольнасцю федэральнага цэнтра вырашаць складаныя праблемы. Скасаванне ў сак. 1990 арт. 6 Канстытуцыі СССР 1977 паскорыла распад шматнац. дзяржавы. У сак. 1990 Вярх. Савет Літвы абвясціў аб «аднаўленні незалежнасці Літоўскай дзяржавы», скасаванні дзеяння Канстытуцыі Літ. ССР і Канстытуцыі СССР на тэр. рэспублікі. У крас. 1990 аб незалежнасці сваіх рэспублік заявілі Вярх. Саветы Латвіі і Эстоніі. Працэс суверэнізацыі закрануў і інш. рэспублікі, хаця напачатку яны не заяўлялі аб выхадзе з СССР.
Спроба захаваць Саюз з усімі атрыбутамі ўлады была зроблена ў Законе СССР «Аб размеркаванні паўнамоцтваў паміж Саюзам ССР і суб’ектамі федэрацыі» (крас. 1990). Рэспублікі атрымлівалі магчымасць уступаць паміж сабой у эканам. супрацоўніцтва, наладжваць адносіны з замежнымі дзяржавамі, прымаць удзел у міжнар. арг-цыях. Аднак гэта не спыніла імкнення саюзных рэспублік да незалежнасці. 12.6.1990 прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце з’езд нар. дэпутатаў РСФСР. 16.7.1990 дакумент адпаведнай накіраванасці прыняў Вярх. Савет Украіны. 27.7.1990 Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі зацвердзіў Вярх. СаветБССР. Яна абвясціла вяршэнства на тэр. рэспублікі Канстытуцыі Бел. ССР і яе законаў. У гэтых умовах кіраўніцтва СССР паспрабавала распрацаваць праект новага саюзнага дагавора (ліст. 1990). Аднак нават такая ініцыятыва цэнтра з боку кіраўнікоў суверэнных рэспублік шырокай падтрымкі не знайшла. IV з’езд нар. дэпутатаў СССР (снеж. 1990) прыняў рашэнне аб правядзенні 17.3.1991 рэферэндуму па пытанні аб СССР. У галасаванні ўдзельнічала 80% выбаршчыкаў. За захаванне СССР выказалася 76,4% галасаваўшых, супраць — 21,7%. Улады Грузіі, Літвы, Малдовы, Латвіі, Арменіі і Эстоніі не выканалі рашэнні IV з’езда нар. дэпутатаў СССР аб правядзенні рэферэндуму. У той жа час на Беларусі больш за 80% галасаваўшых выказаліся за захаванне СССР. Вясной і летам 1991 прэзідэнту СССР М.С.Гарбачову (з сак. 1990) на кансультацыях і перагаворах з кіраўніцтвам саюзных рэспублік у падмаскоўнай рэзідэнцыі Новае Агарова («Новаагароўскі працэс») удалося падрыхтаваць і 23 ліп. ўзгадніць праект новага саюзнага дагавора, які пры значным звужэнні ролі цэнтра прадугледжваў захаванне адзінай дзяржавы. Спроба групы парт. і дзярж. кіраўнікоў (Дзярж.к-т па надзвычайным становішчы, 19—21 жн.) увесці надзвычайнае становішча ў шэрагу рэгіёнаў СССР, выклікала адмоўную рэакцыю ў кіраўніцтве РСФСР і інш. рэспублік. Урадамі і Вярх. Саветамі суверэнных рэспублік быў канчаткова ўзяты курс на незалежнасць. 25—26.8.1991 нечарговая сесія Вярх. Савета БССР прыняла Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі», пастанову аб забеспячэнні паліт. і эканам. самастойнасці Беларусі. 19.9.1991 Вярх. Савет прыняў Закон аб назве Бел. ССР, у адпаведнасці з якім яна пачала называцца Рэспублікай Беларусь. У ліст. 1991 кіраўнікі саюзных рэспублік адмовіліся падпісаць падрыхтаваны Гарбачовым новы тэкст саюзнага дагавора. 8.12.1991 у Белавежскай пушчы (у бел. урадавай рэзідэнцыі Віскулі, Камянецкі р-н) кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскія пагадненні 1991 аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД), у якім канстатавалі, што «Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне». 10.12.1991 Вярх. Саветы Беларусі і Украіны, 12.12.1991 Вярх. Савет Расіі ратыфікавалі Пагадненне аб стварэнні СНД і дэнансавалі Дагавор 1922 аб утварэнні СССР. 21.12.1991 была прынята Алма-Ацінская дэкларацыя кіраўнікоў 11 незалежных дзяржаў (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны), у якой зноў было пацверджана: «З утварэннем Садружнасці Незалежных Дзяржаў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік спыняе сваё існаванне».
Кр.:
Образование СССР: Сб. док. М., 1972;
Несостоявшийся юбилей: Почему СССР не отпраздновал своего 70-летия? М., 1992.
Літ.:
Бараноўскі Я.І. За дружбу народаў. Мн., 1972;
Ленін У.І. Да пытання аб нацыянальнасцях, або аб аўтанамізацыі // Тв. Т. 36 (Полн. собр. соч. Т. 45);
История национально-государственного строительства в СССР, 1917—1978. Т. 1—2, М., 1979;
Ракашевич В.К. Конституция СССР — интернационализм в действии. Мн., 1980;
Бармичев В.Д. Союзу республик — шестьдесят. Мн., 1982;
Куличенко М.И. Национальные отношения в СССР и тенденции их развития. М., 1972;
Национальные отношения и национальные процессы в СССР: вопр. истории. М., 1990;
Ненароков А.П. К единству равных: Культ. факторы объединительного движения сов. народов, 1917—1924. М., 1991;
Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;
Абдулатипов Р.Г., Болтенкова Л.Ф., Яров Ю.Ф. Федерализм в истории России. Кн. 1—3. М., 1992—93;
Доронченков А.И. Межнациональные отношения и национальная политика в России: актуал. пробл. теории, истории и современ. практики: Этнополитол. очерк. СПб., 1995;
Круталевич В.А. На путях национального самоопределения: БНР—БССР—РБ. Мн., 1995;
Боффа Дж. От СССР к России: История неоконченного кризиса, 1964—1994: Пер. с итал. М., 1996;
Чешко С.В. Распад Советского Союза: Этнополитич. анализ. М., 1996;
Хоскинг Д. История Советского Союза, 1917—1991: Пер. с англ. 2 изд. М., 1995;
Национальная политика России: история и современность. М., 1997;
Бабурин С.Н. Территория государства: Правовые и геополитич. пробл. М., 1997.
У.Я.Казлякоў, І.А.Літвіноўскі.
Герб і сцяг Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выступленне старшыні ЦВКСССР М.І.Калініна (10.10.1932) на адкрыцці Дняпроўскай гідраэлектрастанцыі каля г. Запарожжа на Украіне.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Дэкларацыя аб утварэнні СССР, прынятая I з’ездам Саветаў СССР 30.12.1922.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Парад Перамогі. Масква 24.6.1945.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сумеснае пасяджэнне Вярхоўнага Савета СССР, Вярхоўнага Савета РСФСР і ЦККПСС, прымеркаванае да 50-годдзя СССР. Масква, снеж. 1972.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Выстаўка дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Масква. 1980-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Галоўны канструктар касмічных караблёў С.П.Каралёў (справа) і першы касманаўт Зямлі Ю.А.Гагарын. 1960-я г.Да арт.Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Беларуская ўрадавая рэзідэнцыя Віскулі (Белавежская пушча), дзе 8.12.1991 падпісаны Белавежскія пагадненні аб спыненні існавання СССР і ўтварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙЛА́НД, Каралеўства Тайланд (на мове таі Пратэт-Таі),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на п-ве Індакітай і паўн.ч. п-ва Малака. Мяжуе на ПнЗ М’янмай, на ПнУ і У з Лаосам, на ПдУ з Камбоджай, на Пд з Малайзіяй; абмываецца Андаманскім м. і Сіямскім зал, Паўд.-Кіт. мора. Пл. 514 тыс.км². Нас. 61,2 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — таі (тайская, сіямская); выкарыстоўваюцца англ. і кіт. мовы. Дзярж. рэлігія — будызм. Сталіца — г.Бангкок. Падзяляецца на 76 чангватаў (правінцый). Нац. свята — Дзень нараджэння караля (5 снеж.).
Дзяржаўны лад. Т. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1977. Кіраўнік дзяржавы — кароль. Пры каралю маецца Тайны савет. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатная Нац. асамблея, якая складаецца з палаты прадстаўнікоў (500 дэпутатаў) і сената (200 дэпутатаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога зацвярджае кароль па прадстаўленні Нац. асамблеі. Як правіла, урад фарміруецца на аснове шматпартыйнай кааліцыі, што мае большасць у парламенце.
Прырода. Больш за палавіну тэр. Т. займаюць нізінныя раўніны, у т. л.Менамская нізіна. У паўд., звужанай ч. Т. — раўніны з астраўнымі гарамі і кражамі. На У плато Карат. На Пн і З горы Кхунтхан, Танентаўнджы. і інш.Найб.выш. 2576 м (г. Інтханон). Карысныя выкапні: алавяныя, вальфрамавыя, свінцовыя, цынкавыя, магніевыя, жал. руды, нафта, прыродны газ, буры вугаль, калійныя солі, каштоўныя камяні. Клімат трапічны мусонны. Сярэднія т-ры на раўнінах 22—29 °C, на п-ве Малака 27—29 °C, у гарах на Пн зімой да 10—15 °C. Ападкаў ад 1000—2000 мм на раўнінах да 5000 мм у гарах за год; сухі сезон з ліст. да красавіка. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя, бываюць паводкі. Гал. рэкі Менам-Чао-Прая і Меконг (на мяжы з Лаосам). Пад лесам каля 26% тэр. Пераважаюць лістападныя трапічныя лясы, у больш вільготных раёнах — вечназялёныя трапічныя лясы, на плато Карат — саванны, ксерафітныя рэдкалессі і хмызнякі. У складзе жывёльнага свету слон, насарог, тыгр, тапір, малпы (гібоны, макакі), дзікія быкі і інш., шмат паўзуноў. Нац. паркі Тхунгсалэнглуанг (уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны), Кхаўяй і інш.; запаведнікі.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва складаюць тайскія народы — тайцы (75%) і лао (5%), жывуць таксама кітайцы (14%), малайцы, тын, мео, яо і інш. плямёны і народнасці. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (95%), ёсць мусульмане (3,8%), хрысціяне (0,5%) і інш. Горныя народы (карэны, семангі і інш.) — анімісты. З сярэдзіны 1980-х г. у Т. жыве каля 380 тыс. бежанцаў з Камбоджы, М’янмы, В’етнама і Лаоса. Сярэднегадавы прырост 0,93%. Сярэдняя шчыльн. 119 чал. на 1 км. Насельніцтва сканцэнтравана ў дэльце р. Менам-Чао-Прая (пераважна ў Бангкоку), уздоўж рэк і па зах. узбярэжжы, дзе размешчаны волаваздабыўныя прадпрыемствы. У гарадах жыве 24% насельніцтва (1998). Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Бангкок (7200), Тханбуры (261,3), Чыянгмай (170,4). У сельскай гаспадарцы занята 54% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 15%; у абслуговых галінах — 31%.
Гісторыя. Тэр. Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Першыя дзярж. ўтварэнні ўзніклі ў 4—8 ст. у плямён мон-кхмераў. З канца 1-га тыс.н.э. пачалася міграцыя на тэр. Т. з Паўд. Кітая тайскіх плямён, якія да 11—12 ст. сталі Тут найбуйнейшым этнасам і стварылі некалькі княстваў, што былі ў васальнай залежнасці ад кхмераў. У 1238 тайскія княствы нанеслі паражэнне кхмерам і аб’ядналіся ў дзяржаву Сукатаі. У 14 ст. Сукатаі распалася і пачалося ўзвышэнне дзяржавы Сіям (Аютыя). У 15—17 ст. у выніку войнаў з суседзямі Сіям павялічыў сваю тэрыторыю і да канца 18 ст. стаў найбуйнейшай дзяржавай Індакітая, якая побач з уласна тайскімі землямі ўключала ч.тэр. Лаоса і Камбоджы. З 16 ст. Т. — аб’ект калан. экспансіі еўрапейцаў, асабліва французаў. У 1688 нар. рух прывёў да выгнання еўрапейцаў і «закрыцця» для іх краіны. У 1782 да ўлады прыйшла дынастыя Чакры, прадстаўнікі якой і сёння кіруюць Т. У 19 ст. Сіям стаў «буферам» паміж калан. ўладаннямі Вялікабрытаніі і Францыі, якія навязвалі яму нераўнапраўныя дагаворы. Але Сіям захаваў незалежнасць дзякуючы палітыцы караля Чулалангкорна [Рамы V, 1868—1910], які мадэрнізаваў краіну на еўрап. ўзор і выкарыстоўваў супярэчнасці паміж калан. дзяржавамі. У 1904—36 Сіям дамогся скасавання нераўнапраўных дагавораў.
У выніку дзярж. перавароту 24.6.1932 у краіне ўсталявалася канстытуцыйная манархія, у 1939 перайменавана ў Т. У снеж. 1941 на тэр. Т. ўвайшлі яп. войскі, і ён уступіў у 2-ю сусв. вайну на баку Японіі і Германіі. Уздым вызв. руху ў 1944 прывёў да змены ўрада Т. і пераходу яго на бок саюзных дзяржаў. У 1946 каралём Т. стаў Пуміпон Адумядэт (Рама IX), з імем якога звязаны пасляваен. пераўтварэнні. Да сярэдзіны 1970-х г. у знешняй палітыцы Т. арыентаваўся на ЗША; далучыўся да ваен. блока СЕАТО, удзельнічаў у агрэсіі ЗША у Індакітаі, дазволіўшы ім размясціць ваен. базы на сваёй тэрыторыі. У 1976 Т. дамогся вываду амер.ваен. баз, у 1977 выйшаў з СЕАТО. Выкарыстоўваючы значны прыток інвестыцый з ЗША, улады Т. ў 1950—70-я г. ажыццяўлялі палітыку індустрыялізацыі пры моцным дзярж. кантролі. У 1980—90-я г. праведзены структурныя рэформы: лібералізацыя эканомікі, прыярытэтнае развіццё дробнай і сярэдняй прам-сці, інтэнсіфікацыя агр. вытв-сці, пераарыентацыя краіны на экспартную вытв-сць, што прывяло да паскарэння эканам. развіцця і ўваходжання Т. ў кола новых індустр. краін. Паліт. развіццё краіны да 1970-х г. характарызавалася частымі ваен. пераваротамі, рэальная ўлада была ў руках ваенных. З 1980-х г. у Т. дзейнічае грамадз. рэжым, адбываецца фарміраванне дэмакр. інстытутаў. Т. — член ААН (з 1946), АСЕАН (з 1967), Руху недалучэння (з 1993). У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Партыя новай надзеі, Дэмакр. партыя, Нац. партыя і інш.Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1992.
Гаспадарка. Т. — аграрная краіна з прам-сцю, якая інтэнсіўна развіваецца. Рост валавога ўнутр. прадукту (ВУП) у апошняе дзесяцігоддзе перавышае рост колькасці насельніцтва. Штогадовы даход на 1 чал. (каля 6,1 тыс.дол. ЗША, 1998) адносна высокі для рэгіёна Паўд.-Усх. Азіі. Доля ў ВУП сельскай і лясной гаспадаркі разам з рыбалоўствам 11,3%, прам-сці 38%, сферы паслуг 50,7%. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца 21,5 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 17,4 млн.га (каля 20% арашаецца). Пераважаюць невял. сялянскія гаспадаркі на арандаванай памешчыцкай зямлі. Гал.харч. і экспартная культура — рыс. У перадгорных раёнах і на цэнтр. раўніне сеюць кукурузу, сою, сорга. На экспарт вырошчваюць касаву, каўчуканосы, цукр. трыснёг, джут, тапіёку, кенаф, тытунь, бананы, ананасы, арахіс, каву, чай. Вял. плошчы пад пасевамі бавоўніку. Агародніцтва. Кветкаводства. Гал. раён трапічнага земляробства — п-аў Малака. Збор (млн.т, 1999): рысу 23,5, кукурузы 4,5; кавы 75 тыс.т, пальмавых ядраў 62 тыс.т, натуральнага каўчуку 2 млн.т. Нарыхтоўка дзелавой драўніны скарачаецца (24 тыс.м³). Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу 5,7, буйвалаў 3,5, свіней 7,2, курэй 172. Вытв-сць мяса птушкі (538 тыс.т) і свініны вядзецца на прамысл. узроўні. Асн. крыніца бялку для тайландцаў — рыба. З 1960-х г. (пач. траўлернага лову рыбы — 0,4 млн.т) рэзка павялічыўся ўлоў рыбы і інш. морапрадуктаў (3,5 млн.т, 1999). Сярод галін прамысловасцінайб. развіты горназдабыўная і лёгкая. У Т. здабываюць 39 відаў карысных выкапняў, з якіх 17 экспартуецца. Здабыча і вытв-сць (тыс.т, 1998): волава 15 і алавянага канцэнтрату 2, руд цынкавай 195,1, свінцовай 15,3, магніевай 0,1, жал. 90,7, вальфрамавых 0,1. Т. — адзін з найб. у свеце пастаўшчыкоў волава. Здабыча алавянай руды на в-ве Пхукет і шэльфе Андаманскага м., свінцова-цынкавых — у цэнтры і на З краіны, прыроднага газу (621 млн.м³) на шэльфе Сіямскага зал., нафты (1,7 млн.т) на Пн Менамскай нізіны. бурага вугалю (17 млн.т) каля г. Лампанг. Вытв-сць электраэнергіі 85 млрд.кВт∙гадз (1999), на ЦЭС (91%), якія працуюць на прывазной нафце і ўласным бурым вугалі, і ГЭС (9%). У апрацоўчай прам-сці пераважаюць невял. прадпрыемствы лёгкай прам-сці, сканцэнтраваныя ў Бангкоку і яго прыгарадах, Чыянгмаі, Накхонратчасіме і інш.Вытв-сць баваўняных і шаўковых тканін, адзення, абутку, джутавых мяшкоў і інш. Хуткімі тэмпамі развіваецца эл.-тэхн. і маш.-буд.прам-сць. Пераважна на экспарт вядзецца зборка камп’ютэраў і частак да іх, інтэгральных схем, эл. трансфарматараў, легкавых (126 тыс.шт.) і грузавых (325 тыс.шт.) аўтамабіляў, матацыклаў; суднарамонт. Развіта хім., нафтахім. і фармацэўтычная прам-сць. Вытв-сць натуральнага каўчуку, сінт. валакна (97,4 тыс.т), нафтапрадуктаў у Бангкоку, Накхонсітхамараце, Сірачы і інш.Харч. і харчасмакавая (рысаачышчальная, цукр., алейная, кансервавая, рыбная, піваварная, тытунёвая), лясная, дрэваапр. і папяровая прам-сць. Вытв-сць цукру — 3,9 млн.т, какосавага алею — 320 тыс.т, піва — каля 400 млн.л, паперы — 2,7 млн.т. Выраб цэменту (22,7 млн.т), керамікі, шкла. Бангкок — адзін з найб. у свеце цэнтраў па апрацоўцы самацветаў (сапфіры, ізумруды, гранаты і інш.). Маст. рамёствы (разьба па серабры і дрэве). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгунак 3940 км, аўтадарог 64,6 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 63 тыс.км. У краіне 1,6 млн. легкавых аўтамабіляў, 4,2 млн. грузавых і аўтобусаў. У знешніх сувязях вял. роля марскога транспарту. Гал. парты: Бангкок, Сатахіп, Сірача, Пхукет. У краіне 25 аэрапортаў. У 1999 экспарт склаў 58,5 млрд.дол., імпарт — 45 млрд. долараў. Т. экспартуе камп’ютэры і камплектуючыя часткі, тэкстыль, руды волава і інш. металаў, каштоўныя камяні, каўчук, рыс, кансерваваныя морапрадукты; імпартуе машыны і абсталяванне, паліва, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: ЗША (22% экспарту, 14% імпарту), Японія (14% і 24%), Сінгапур (9% і 5%), Малайзія (3% і 5%), Германія, Кітай, Нідэрланды і інш. Т. — краіна развітога міжнар. турызму (штогадовы даход 7 млрд.дол.). Грашовая адзінка — бат.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр.сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Вярх. Галоўнакамандуючы — прэзідэнт.
Камплектаванне па прызыве. Тэрмін службы 2 гады. У рэгулярных узбр. сілах 306 тыс.чал., у ваенізаваных фарміраваннях 104 тыс.чал., у т. л. сілы самаабароны — 50 тыс.чал., патрульная пагран. паліцыя — 40 тыс.чал., марская паліцыя — 2,5 тыс.чал. (2002). У сухап. войсках 190 тыс.чал., каля 800 танкаў, больш за 800 бронетранспарцёраў, 560 буксіравальных гармат, больш за 330 гармат зенітнай артылерыі, а таксама 77 самалётаў, 184 верталёты і інш. У ВПС 48 тыс.чал., больш за 150 самалётаў. У ВМС каля 70 тыс.чал., у т. л. 18 тыс. у марской пяхоце, 1,7 тыс. ў марской авіяцыі, 20 баявых караблёў, у т. л. 1 лёгкі авіяносец, 11 фрэгатаў, 8 карветаў і інш.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Т. выяўлены помнікі маст. культуры неаліту і бронз. веку (кераміка з пахаванняў, наскальныя размалёўкі). У 1—6 ст.н.э. развівалася монскае і кхмерскае мастацтва (храмы ў Лампхуне і Чыянгмаі, статуі Буды), якое стала асновай тайскай маст. культуры. З 13 ст. пад уплывамі будызму пачалося фарміраванне нац. мастацтва Т. У перыяд дзяржавы Сукатаі (з 13 ст.) склаўся тып тайскага храмавага комплексу (ват), які спалучаў свяцілішча пранг (пра-пранг) з вежападобнай закругленай вяршыняй і ступай тыпу чэдзі (пра-чэдзі) са звонападобным пакрыццём і шпілем з храмамі-веханамі (ваты Чанг Лом у Саванкхалоку, 13 ст.; Махатат у Сукатаі, 1345). Скульптура прадстаўлена шматлікімі статуямі Буды (манум. сядзячыя каменныя фігуры; бронз. выявы Буды, які ідзе, адметныя асаблівай вытанчанасцю ліній). Паставы статуй (саны) і становішчы іх рук (мудры) строга кананічныя і абазначаюць пэўныя эпізоды з жыцця Буды Гаўтамы; твары з мясц. этнічнымі рысамі. Фрагменты жывапісу сведчаць пра сувязі з М’янмай. У перыяд росквіту Сіямскай дзяржавы (14—19 ст.) традыцыі Сукатаі набылі развіццё. З 14 ст. складваліся асн. прынцыпы горадабудаўніцтва Т. Гарады (Аютхая, Бангкок) мелі прамавугольную планіроўку, абносілі цаглянымі сценамі з лістападобнымі зубцамі. У іх цэнтры размяшчалі грандыёзныя палацы ці складаныя па формах вял. храмавыя комплексы, багата аздобленыя разьбой, шматколернай мазаікай і размалёўкамі. У храмах ставілі шматлікія статуі Буды, будынкі апяразвалі дынамічныя фрызы з выявамі малпаў, дэманаў, птушак, птушкалюдзей (кінар). Характэрныя шмат’ярусныя і шматсхільныя дахі, аркі і скляпенні якіх рабілі з дрэва. Маляўнічасць пабудовам надавалі лакавая афарбоўка з пазалотай, чырвоная і зялёная паліваная дахоўка (летні палац сіямскага караля ў г. Сукатаі, 1630). У Бангкоку захавалася. некалькі дзесяткаў ватаў з групамі храмаў-ботаў, веханаў, чэдзі, прангаў і інш. пабудоў, абкружаных галерэямі са статуй Буды (ват Сутат, пач. 19 ст.; Бенчамабапіт, «Мармуровы храм», 1900). З 14 ст. вядомы насценны жывапіс тэмперай — размалёўкі на тэмы жыцця Буды ў храмах Аютхаі (15 ст.), сцэны з «Тасачаты» і «Рамаяны» ў храмах Бангкока (18—19 ст.). З канца 19 ст. ў свецкай гар. архітэктуры з’явіліся рысы еўрап. эклектызму (атэлі, фірмы, банкі, шматпавярховыя жылыя дамы). Нар. жыллё захавала традыц. формы: прамавугольныя ў плане дамы на каркаснай аснове, 4-схільныя дахі, драўляныя будынкі на высокіх падмурках; каля рэк і каналаў — жытлы на палях. Пашырыўся жывапіс тэмперай на драўляных дошках, акварэльная мініяцюра ў рукапісных кнігах. У дэкар. мастацтве высокага ўзроўню дасягнуў лакавы жывапіс, якім аздаблялі калоны, панэлі сцен, ліштвы аконных і дзвярных праёмаў, драўляныя статуі, кніжныя пераплёты і інш. Са скуры буйвалаў рабілі плоскія сілуэтна-праразныя фігуры для тэатра ценяў «нанг». Развіваліся разьба па дрэве. чаканка па серабры. Усе элементы аздобы (фігуры, птушкі і інш.) упляталіся ў вытанчаны тайскі арнамент. З 2-й пал. 20 ст. вядзецца буд-ва на зах.-еўрап. і амер. ўзор. У выяўл. мастацтве вядуцца мадэрнісцкія пошукі сучаснай маст. формы. Традыцыі еўрап. рэалізму звязаны з нац. тайскай тэматыкай (Фуа Харабітак. Таві Нандакван, скульпт. Х’ен Йімсары, графік Маніта Пу Ары). У дэкар.-прыкладным мастацтве асн. месца займаюць лакавы жывапіс, вырабы са скуры буйвала, разьба па дрэве, чаканка. ткацтва, цісненне. Гіст. гарады Аютхая і Сукатаі ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Музыка Т. з’яўляецца састаўной часткай муз. традыцыі народаў Паўд.-Усх. Азіі. Для яе характэрна адсутнасць паўтонаў, муз. творы звычайна маюць просты рытм (з невял. варыяцыямі), выконваюцца пераважна ў хуткім тэмпе, з імправізацыяй асн. мелодыі. Характэрны ўплывы інд. (з пач.н.э.), кіт. (з 17 ст.), еўрап. (з 16 ст.) муз. традыцый. У інструментарыі струнныя ку сау сам сам (са шкарлупін какосавага арэха з грыфам са слановай косці і 3 шаўковымі струнамі), цьакау (падобны на вял. гітару). З канца 19 ст. выкарыстоўваюцца еўрап.муз. інструменты. Пераважае вак. музыка, непарыўная з паэт. творчасцю, звязаная са спецыфікай інстр. суправаджэння. Да архаічных узораў адносяцца песні-загадкі (выконваюцца антыфонна). Сярод інш. песень: песні магічных рытуалаў (лакхон джатры), цырыманіяльныя (13—18 ст.), эпічныя (фонг сы і сепха), песні-спаборніцтвы (кіоу кау, выконваюцца антыфонна). Музыка — важная частка тэатралізаваных прадстаўленняў (13—18 ст.), у межах якіх сфарміраваліся вак., інстр. і танц. стылі. Класічныя жанры вак. творчасці абапіраліся на літ. традыцыю, выкарыстоўваліся ў культавай практыцы, прыдворным муз. мастацтве, у 17—19 ст. сярод гар. знаці. На мяжы 19—20 ст. сфарміраваўся гар. тэатр папулярнага тыпу (пазней т. зв. ліке), які ў 1920—30-я г. выцесніў інш. віды тэатр. прадстаўленняў. З канца 1940-х г. пачаўся ўздым муз. творчасці пад уздзеяннем зах.-еўрап. мастацтва. На развіццё муз. мастацтва 20 ст. паўплывалі кампазітары Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, выканаўцы Тыява Канглайтонг, Чэмчой Дур’ябханда, музыказнаўцы Кром Сінлапакон, Пхра Чэн Дур’янг, Мантры Трамот, Пхрая Ануманрачанхон. У Т. дзейнічаюць Нац.т-р Сінпакорн. Пры дэпартаменце прыгожых мастацтваў ансамблі тыпу піпхат, жаночы хор, аркестр сімф. тыпу. Нац.танц. ансамбль і інш. З 1976 праводзіцца міжнар. фестываль музыкі і танца Азіі (Бангкок).
Літ.:
Ребрикова Н.В. Очерки новейшей истории Таиланда (1918—1959). М., 1960: Яе ж. Очерки новой истории Таиланда (1768—1917). М., 1966;
Берзин Э.О. История Таиланда: (Краткий очерк). М., 1973;
Кочетков Л.В. Таиланд. М., 1973.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва. гаспадарка). Я.Г.Колб (гісторыя). Р.Ч.Лянькевіч (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Тайланда.Да арт.Тайланд. Панарама Бангкока.Да арт.Тайланд. Рысавыя палі.Тайланд. Статуя Буды з Сукатаі.Тайланд. Летні каралеўскі палац у Сукатаі.Тайланд. Будыйскія ступы ў Аютхаі.Тайланд. Храм ват Сры Савай у Сукатаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛОВАСЦЬ
Прамысловасць — асноўная галіна эканомікі Беларусі, на долю якой прыпадае каля 30% валавога ўнутр. прадукту, 32% кошту асн. фондаў, 26,2% усіх занятых у нар. гаспадарцы. Яна ўключае больш за 24 тыс.прамысл. прадпрыемстваў і вытворчасцей. У сукупнасці яны складаюць 70 галін і падгалін прамысловасці. Дамінуючае становішча на таварных рынках рэспублікі займаюць узбуйненыя галіны прамысловасці: паліўная, металургічная, хім. і нафтахім., машынабудаванне і металаапрацоўка, лясная, дрэваапрацоўчая і цэлюлозна-папяровая, буд. матэрыялаў, шкляная і фарфора-фаянсавая, лёгкая і харчовая.
Гісторыя, спецыялізацыя і размяшчэнне. Станаўленне прамысловасці як самаст. галіны грамадскай вытворчасці пачалося з аддзялення рамяства ад земляробства У 1720-я г. ўзніклі першыя мануфактуры, у т. л. Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры. Напр., на Налібоцкай мануфактуры ў 1748 працавала больш за 100 чалавек, выпускалася 100 відаў прадукцыі. Потым узніклі Нясвіжская і Слуцкая мануфактуры шаўковых паясоў, Нясвіжская дывановая мануфактура, Гродзенскія каралеўскія мануфактуры. У канцы 18 ст. іх было больш за 50. У 19 ст. ўзніклі першыя фабрыкі і заводы. Але ў 1-й пал. 19 ст. пераважала дробная вытворчасць, якая амаль удвая пераўзыходзіла мануфактурную і фабрычную. З 1860 па 1890 колькасць рамесных майстэрняў павялічылася з 20,2 да 58,1 тыс., рабочых на іх — з 30,4 да 110 тыс., аб’ём выпуску прадукцыі — з 4,3 да 14,1 млн.руб. 63% рамеснікаў знаходзілася ў мястэчках, 37% — у гарадах У харчовай, гарбарнай і тэкстыльнай вытворчасці колькасць дробных прадпрыемстваў вырасла з 7,8 да 17,1 тыс., рабочых на іх — з 2364 да 65,5 тыс., аб’ём вытворчасці — з 14 да 44 млн.руб. На базе рамесных майстэрняў узнікалі капіталіст. мануфактуры. За парэформенны час іх колькасць павялічылася з 140 да 760, сярод іх былі 193 дрэваапрацоўчыя, 185 сілікатных, 166 харчовых, на іх працавала 28,8 тыс. рабочых Характэрная рыса развіцця прамысловасці таго перыяду — хуткі рост фабрык і заводаў. У 1890-я г. фабрычна-заводскія прадпрыемствы давалі палавіну ўсёй прамысл. прадукцыі. Аднак узровень яе канцэнтрацыі на Беларусі быў ніжэйшы, чым у цэлым па Рас. імперыі. Тут пераважалі сярэднія і дробныя прадпрыемствы, на кожным з якіх працавала менш за 50 чалавек. У канцы 19 ст. яны складалі 85,5% ад прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці (па Расіі — 70,5%). Але фабрык і заводаў, дзе працавала больш за 500 рабочых, было толькі 9, або 1% ад агульнай іх колькасці (па Расіі — 3,5%). Канцэнтрацыя вытворчасці абумовіла стварэнне акц. кампаній. У канцы 19 ст. на Беларусі дзейнічала 10 акц. т-ваў, якім належалі буйныя прадпрыемствы («Гродзенскае таварыства водазабеспячэння і эксплуатацыі водаправодаў», «Таварыства віцебскіх водаправодаў», бельгійскае акц.т-ва «Віцебскі трамвай» і інш.).
Бел. прамысловасць спецыялізавалася на перапрацоўцы мясц.с.-г., лясной і мінеральнай сыравіны, што абумовіла яе размяшчэнне пераважна ў сельскай мясцовасці. У парэформенны час у гарадах выраблялася каля 31% усёй прадукцыі. У час крызісу 1900—03 і дэпрэсіі 1904—08 бел. прадпрыемствы менш пацярпелі, чым у цэлым па Расіі. Наступны эканам. ўздым працягваўся да 1-й сусв. вайны. Сярэднегадавы рост фабрычна-заводскай прадукцыі за гэты перыяд склаў 13,9%. Вядучымі галінамі ў 1913 заставаліся харчовая прамысловасць (яе ўдзельная вага складала 26% ад аб’ёму буйной прамысловасці), лесанарыхтоўкі і сплаў (16,8%), дрэваапрацоўчая (16,1%), папяровая (7%), чыгуначныя і рамонтныя майстэрні (5,8%), шкляная (5,7%), тэкстыльная (4,8%), металаапрацоўчая (3,8%).
З пач. 20 ст. на тэр. Беларусі пачалі ўзнікаць прамысл. манапалістычныя аб’яднанні (напр., камітэт запалкавых фабрыкантаў Зах. краю, Віцебскі сіндыкат гаспадароў цагельных заводаў, сіндыкат піваварных заводчыкаў Паўн.-Зах. краю ў Оршы). Развіццё прамысловасці спрыяла росту гар. насельніцтва, асабліва рабочых. У 1913 у Мінску дзейнічала 69 цэнзавых прадпрыемстваў (5 тыс. рабочых) у Віцебску — 45 (3,9 тыс.), у Гродне — 19 (2,3 тыс.). Прамысл. цэнтрамі станавіліся Пінск, Гомель, Магілёў, Брэст, Барысаў, Орша. З 1900 да 1913 колькасць рабочых на прадпрыемствах павялічылася з 31 тыс. да 57 тыс., або на 76,6%. Агульная колькасць асоб наёмнай працы ў Беларусі дасягнула 514 тыс. чалавек.
За гады 1-й сусв. вайны галіновая структура прамысловасці Беларусі значна змянілася. Амаль спынілі дзейнасць вінакурна-гарэлачныя прадпрыемствы, скарацілі вытворчасць цагельна-чарапічныя, кафельныя, суконныя фабрыкі і заводы. Швейная, абутковая, ільнопрадзільная, тытунёвая, хім. і харч. галіны пачалі працаваць на патрэбы фронту. Вытворчасць прадукцыі для цывільнага насельніцтва рэзка скарацілася. Колькасць прадпрыемстваў цэнзавай прамысловасці ў 1917 у параўнанні з 1913 ва ўсх. частцы Беларусі скарацілася з 822 да 297, або ў 2,7 раза, вытворчасць прадукцыі на іх складала ўсяго 15—16% даваен. ўзроўню. Пасля грамадз. вайны і ваеннай інтэрвенцыі на Беларусі працавала з перабоямі толькі 40% буйных прадпрыемстваў, на якіх было занята каля 70% рабочых даваен. часу. Агульны аб’ём валавой прадукцыі ўсёй прамысловасці ў БССР у 1922 склаў каля 15—20% да ўзроўню 1913, амаль удвая скарацілася магутнасць мех. рухавікоў. Аднаўленне прамысловасці адбывалася ва ўмовах новай эканам. палітыкі, калі стымулявалася развіццё пераважна дробнай і сярэдняй прамысловасці, каап. прадпрыемстваў. Пад прыватныя кіраванне і здачу ў арэнду былі вернуты раней нацыяналізаваныя фабрыкі і заводы, на іх долю прыпадала да 25% прамысл. прадукцыі. Многія буйныя прадпрыемствы былі зняты з дзяржбюджэту і пераведзены на гаспразлік. Да 1925 валавая прадукцыя буйной прамысловасці ў БССР перасягнула ўзровень 1913 на 25,5%. Доля дзярж. сектара ў буйной прамысловасці ў пач. 1926 склала 96,8%. Значнае развіццё атрымала металаапрацоўчая галіна, вытворчасць якой з 1923 да 1925 павялічылася больш чым у 5 разоў Праведзены работы па электрыфікацыі: калі ў 1913 электрастанцыі меліся толькі ў Мінску, Магілёве, Полацку і Клімавічах, то ў 1925 яны былі ва ўсіх акруговых цэнтрах; у 1925—26 дзейнічала 40 электрастанцый. У дробнай прамысловасці ў 1926 было занята 73% рабочых, а па валавой прадукцыі на яе долю прыпадала каля 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Дамінуючымі галінамі заставаліся харчовая, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, мінералаў. У 1920-я г. пачалося буд-ва шэрагу буйных прадпрыемстваў (Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, «Гомсельмаш», Магілёўская фабрыка штучнага шоўку і інш.).
У канцы 1920-х г. у прамысловасці БССР узяты курс на фарсіраваную індустрыялізацыю. За гады 1-й пяцігодкі (1928—32) агульны аб’ём капіталаўкладанняў у прамысловасць рэспублікі склаў 243 млн.руб. і перавысіў укладанні папярэдніх 10 гадоў у 5,3 раза. З гэтай сумы на новае буд-ва было выдаткавана 58,8%, на расшырэнне і рэканструкцыю прадпрыемстваў — 38,6%. Асаблівая ўвага звярталася на развіццё такіх галін прамысловасці, як дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная Адначасова планавалася развіццё машынабудавання для патрэб сельскай гаспадаркі і прамысловасці буд. матэрыялаў. Пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх прамысл. прадпрыемстваў. За гады 2-й пяцігодкі (1933—37) пабудавана 1700 заводаў і фабрык, каля 90 прадпрыемстваў рэканструявана. Сярод іх швейная фабрыка «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, трубаліцейны завод у Магілёве, Гомельскі дрэваапрацоўчы камбінат, Мінская ЦЭЦ-2. Узніклі новыя галіны прамысловасці. станкабудаванне, хімічная, с.-г. машынабудаванне, вытворчасць стандартных будынкаў і інш. Аб’ём прамысл. вытворчасці за гады даваен. пяцігодак па БССР павялічыўся больш, чым у 6 разоў (па СССР — у 7,7 раза). Колькасць рабочых на 1000 чалавек насельніцтва да пач. 1940 павялічылася ў параўнанні з 1926 у 9,1 раза (па СССР — у 4 разы). На долю БССР прыпадала 33,8% усёй вырабленай у СССР фанеры, больш за 10% станкоў. Па вытворчасці шарсцяных тканін Беларусь займала ў СССР 2-е месца. БССР ператварылася ў індустр. рэспубліку. Аднак у кіраўніцтве прамысловасцю ўсталяваліся цэнтралізм і валюнтарысцкія метады, эканам. стымулы і гасп. разлік пачалі саступаць месца каманднай эканоміцы, што зніжала тэмпы развіцця прамысловасці. Так, план па валавой прадукцыі ў 1-й пяцігодцы выкананы толькі на 79%, павялічыўся яе сабекошт Прадукцыйнасць працы ў прамысловасці вырасла ўсяго на 15% замест 33, прадугледжаных планам. Склаўся эканам. механізм, які найперш забяспечваў выкананне колькасных паказчыкаў; якасць прадукцыі і фін. эфектыўнасць адыходзілі на другі план. Такое гаспадаранне абапіралася на шырокае выкарыстанне экстэнсіўных фактараў: у вытворчасць уцягваліся ўсё новыя дадатковыя матэрыяльныя і працоўныя рэсурсы.
У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 знаходзілася ў складзе Польшчы, у 1926 налічвалася 127 фабрык і заводаў з колькасцю рабочых больш за 20 чал., у т. л. 19 — больш за 100 рабочых (шклозавод «Нёман» у Навагрудскім пав., запалкавая ф-ка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, тытунёвая ф-ка ў Гродне, ф-ка гумавых вырабаў у Лідзе, фанерныя ф-кі ў Мікашэвічах і Гарадзішчы і інш.). На іх было занята каля 8 тыс. рабочых. Да 1928 колькасць дзеючых у Зах. Беларусі прадпрыемстваў і занятых у іх рабочых наблізілася да ўзроўню 1913.
У час эканам. крызісу 1929—33 спынілі дзейнасць 230 прадпрыемстваў, колькасць рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася на 46%, прадукцыя прамысловасці — на 30—40%. Пасля эканам. крызісу ў заходнебел. індустрыі ўзмацніліся працэсы канцэнтрацыі вытворчасці. Калі ў 1928 на долю сярэдняй і буйной прамысловасці прыпадала 10,7% агульнай колькасці прадпрыемстваў і 66,1% рабочых, то ў 1938 — адпаведна 13,5 і 80,6%. Колькасць прадпрыемстваў дрэваапрацоўчай прамысловасці і працуючых на іх у 1939 больш чым у 2 разы перавышала ўзровень 1913.
У пач.Вял.Айч. вайны адбылося перабазіраванне абсталявання прадпрыемстваў і маёмасці ў сав. тыл. З Беларусі на Урал, у Паволжа, Сярэднюю Азію і Сібір поўнасцю або часткова эвакуіравана абсталяванне больш як 130 заводаў і фабрык. У выніку вайны і акупацыі прамысловасці Беларусі прычынены велізарныя страты. Гітлераўцы знішчылі ці вывезлі ў Германію 10 338 прадпрыемстваў. На тэр. рэспублікі пасля яе вызвалення дзейнічала толькі 2% энергетычных магутнасцей. Прамысловасць адкінута да ўзроўню 1913. Аднаўленчыя работы пачаліся пасля вызвалення ўсх. раёнаў Беларусі ў вер. 1943. Да мая 1945, калі завяршылася вайна, было ўведзена ў дзеянне 12 тыс.прамысл. аб’ектаў. Аднак аб’ём іх прадукцыі склаў толькі 20,4% даваен. ўзроўню, а прадукцыйнасць працы ў прамысловасці — 47%.
У пасляваенны перыяд адраджэнне прамысловасці ішло хуткімі тэмпамі. Ужо ў 1-м квартале 1949 прамысл. вытворчасць рэспублікі дасягнула ўзроўню 1940, а да канца 4-й пяцігодкі (1946—50) павялічылася ў параўнанні з даваен. часам на 15%, што было ў 5,7 раза больш, чым у 1945. Адначасова адбыліся значныя змены ў структуры прамысл. вытворчасці. Зніжалася ўдзельная вага пераважных да вайны галін — лёгкай, харчовай, дрэваапрацоўчай і расла доля электраэнергетыкі, машынабудавання і металаапрацоўкі. Пры агульным росце аб’ёму вытворчасці ўсёй прамысловасці на 115% у параўнанні з 1940 аб’ём металаапрацоўкі за гады 4-й пяцігодкі вырас у 2,4 раза, а прадукцыя машынабудавання — у 3,4 раза Колькасць рабочых і служачых павялічылася з 610 тыс. да 1038 тыс. чалавек, што склала толькі 19% даваен. перыяду. За 1945—50 у БССР пабудавана 1010 новых прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 150 буйных, у іх ліку Салігорскі калійны камбінат, Гродзенскі азотна-тукавы з-д, суперфасфатны з-д у Гомелі. Новыя прадпрыемствы будаваліся на даволі высокім узроўні тэхн. і тэхнал. аснашчанасці, што ў далейшым вызначыла адносна хуткія тэмпы яе развіцця і прыкметнае месца ў сістэме агульнасаюзнага падзелу працы.
У 1950—60-я г. прамысловасць развівалася і за кошт расшырэння дзеючых прадпрыемстваў, і за кошт буд-ва новых. За 5-ю пяцігодку (1951—55) асн.вытв. фонды прамысловасці павялічыліся на 64,6%, аб’ём прамысл. вытворчасці вырас у 2,1 раза. Высокімі тэмпамі нарошчваліся магутнасці машынабудавання і металаапрацоўкі. У 1955 Беларусь давала 11,2% трактароў, 9,6% металарэзных станкоў, 3,9 % аўтамабіляў агульнасаюзнай вытворчасці. Расла і вытворчасць тавараў нар. спажывання. Выпуск прадукцыі харч. прамысловасці вырас у 1,8 раза, цукру — у 6,8, гадзіннікаў — у 2,8, тэлевізараў — у 28 разоў. У дзеянне ўведзены такія буйнейшыя прадпрыемствы, як Бярозаўская ДРЭС, Бел.аўтамаб., Мінскі маторны з-ды, Полацкі нафтаперапрацоўчы, 1-ы Салігорскі калійны камбінат, Светлагорскі з-д штучнага валакна і інш. Адбывалася далейшая канцэнтрацыя прамысл. вытворчасці, паглыбляліся спецыялізацыя і камбінаванне прамысловасці. На буйных прадпрыемствах, дзе колькасць работнікаў перавышала 1 тыс.чал., у 1965 выраблялася 48% усёй прамысл. прадукцыі і было занята 46% прамысл.-вытв. персаналу рэспублікі. З 1963 пачалі стварацца вытворчыя аб’яднанні. У 1965 14 аб’яднанняў ахоплівалі 47 прадпрыемстваў, дзе было занята 47 тыс. чалавек. У сярэдзіне 1960-х г. на прамысл. прадпрыемствах Беларусі дзейнічала каля 1000 паточных і 1748 паточна-механізаваных ліній.
У 1970-я — 1-й пал. 1980-х г. уведзена ў дзеянне больш як 170 фабрык і заводаў, у т. л. Беларускі шынны, Мазырскі нафтаперапрацоўчы камбінаты, Бел. металургічны і Аршанскі інструментальны з-ды, дзесяткі прадпрыемстваў лёгкай і харч. прамысловасці. Расла вытворчасць прадукцыі тых галін, якія вызначалі навук.-тэхн. прагрэс, асабліва прыладабудавання, электроннай і радыётэхнічнай прамысловасці, вытворчасці сродкаў сувязі. Удзельная вага прыладабудавання ў агульным аб’ёме прадукцыі машынабудавання і металаапрацоўкі за 1970—80-я г. вырасла з 5,5 да 16%, электроннай і радыётэхнічнай — з 11,3 да 25%. З 1970 па 1985 прамысловасць Беларусі асвоіла серыйны выпуск 2197 новых тыпаў машын, абсталявання, прылад, прыбораў, апаратаў і матэрыялаў. Сярод іх ЭВМ 3-га і 4-га пакаленняў, станкі з асабліва высокай ступенню дакладнасці, каляровыя тэлевізары, радыёпрыёмнікі і інш. Да 1985 на комплексную механізацыю і аўтаматызацыю пераведзена 227 прадпрыемстваў і 4100 вытворчасцей, цэхаў і ўчасткаў, дзейнічалі 8131 механізаваная і 1749 аўтаматызаваных ліній. У параўнанні з 1970 прадукцыя прамысловасці павялічылася больш чым у 3 разы, у т. л. вытворчасць сродкаў вытворчасці — у 3,3, вытворчасць прадметаў ужытку — у 2,6 раза. Гэтыя паказчыкі былі адны з самых высокіх у СССР. Разам з тым існуючы гасп. механізм з дырэктыўнымі метадамі кіравання, цэнтралізаваным планаваннем і размеркаваннем прадукцыі, жорсткай рэгламентацыяй дзейнасці прадпрыемстваў ператварыўся ў тормаз на шляху развіцця прадукцыйных сіл, перашкаджаў укараненню дасягненняў навук.-тэхн. рэвалюцыі ў вытворчасць. Тэрмін асваення і выпуску новай прадукцыі расцягваўся на дзесяцігоддзі, распрацоўкі бел. інжынераў і навукоўцаў хутчэй укаранялі за мяжой, чым у нашай краіне. У выніку тэмпы росту прадукцыі прамысловасці Беларусі знізіліся з 10,4% у 9-й пяцігодцы да 5,4% у 11-й, прадукцыйнасці працы — адпаведна з 7,4 да 5,3%.
У 1991—95 ва ўмовах крызісных з’яў у эканоміцы на 40,9% скараціўся аб’ём выпуску прамысл. прадукцыі, а з улікам нерэалізаваных таварных запасаў і неаплачанай прадукцыі ён скараціўся амаль удвая. На рэзкае абвастрэнне праблемы збыту прадукцыі негатыўна ўплывалі падаражанне матэрыяльных рэсурсаў, неплацяжы, нізкая канкурэнтаздольнасць прадукцыі ў выніку скарачэння інвестыцый у навуку, новыя тэхналогіі, страты традыц. рынкаў збыту.
У 2003 21,8% прамысл. прадукцыі прыпадала на долю машынабудавання і металаапрацоўкі, 17,2% — харч. прамысловасці, 12,1% — хім. і нафтахім., 7,3% — электраэнергетыкі, 6,3% — лёгкай, 5,4% — лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Рэфармаванне эканомікі, у т. л. прамысловасці Беларусі, выклікала яе адноснае ажыўленне. У 2000 перасягнуты паказчыкі дакрызіснага 1990 па аб’ёме вытворчасці прамысловасці. Каля 70% неабходных бел. прамысловасці паліва, сыравіны і матэрыялаў паступае з краін СНД і больш за 40% прамысл. прадукцыі рэалізуецца на рынках 17 краін. Высокай застаецца колькасць стратных прадпрыемстваў — на 1.1.2003 іх доля складала 32,9%. З-за недахопу інвестыцый крытычнага ўзроўню дасягнула фіз. і маральная ўстарэласць актыўнай часткі асн. вытворчых фондаў (70—80%). У цэлым па краіне на 1.1.2003 узровень запасаў гатовай прадукцыі складаў 67% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці ў параўнанні з 63,8% на 1.1.2002. Найб. ўдзельная вага запасаў гатовай прадукцыі прыпадала на прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі (43,9%), хім. і нафтахім. (13,4%), лёгкай (12,9), харчовай (12,7%) прамысловасці. Найб. ўдзельная вага стратных прадпрыемстваў у лёгкай (47,9%), буд. матэрыялаў (45,5%) і харч. (38,2%) прамысловасці. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг прамысл. прадпрыемстваў склала ў 2003 12,0% (гл.табл. 1) супраць 15,8% у 2000. Аб’ём прамысловай прадукцыі склаў 32 382 млн.руб., у т. л. вытворчасць спажывецкіх тавараў — 10 316 млн.руб. Прыбытак ад рэалізаванай прадукцыі ў параўнанні з 2002 павялічыўся больш чым напалову і склаў 2 834 млн.руб. (гл.табл. 1). Колькасць вырабленай прамысловымі прадпрыемствамі прадукцыі ў 2003 павялічылася на 107%, спажывецкіх тавараў на 107,8% (гл.табл. 2).
Для пераводу прамысл. комплексу Беларусі на сусв. ўзровень эфектыўнасці вытворчасці і якасці прадукцыі патрабуецца кардынальная мадэрнізацыя вытв. фондаў на аснове найноўшых дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу. Перспектывы далейшага развіцця прамысловасці звязаны з рэалізацыяй мерапрыемстваў Канцэпцыі і Праграмы развіцця прамысл. комплексу Беларусі на 1998—2015. Яны накіраваны на ажыццяўленне карэннай рэканструкцыі вытворчасці, замену і мадэрнізацыю асн. абсталявання, павышэнне канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешнім і ўнутр. рынках, зніжэнне выдаткаў вытворчасці і павышэнне рэнтабельнасці на базе ўкаранення новых высокаэфектыўных відаў абсталявання і тэхналогій.
Літ.:
Болбас М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795—1981 гг.). Мн., 1966;
Яго ж. Промышленность Белоруссии, 1860—1900. Мн., 1978;
Никитенко П.Г. Интенсификация производства и фондоемкость продукции. Мн., 1981;
Шыбека З.В. Гарады Беларуси (60-я гады XIX — пач. XX ст.). Мн., 1997;
Проблемы развития промышленного комплекса Республики Беларусь. Мн., 2001;
Сасим А.М. Промышленность Беларуси в XX ст.Мн., 2001;
Проблемы развития национальной экономики Беларуси (теоретические и практические аспекты). Мн., 2002;
Производство промышленной продукции в натуральном выражении по Республике Беларусь (по данным годовых разработок). Мн., 2003;
Экономическая история Беларуси. 3 изд. Мн., 2004.
А.М.Сасім.
Беларускі металургічны камбінат. Электрасталеліцейны цэх.