УГА́НДА (Uganda), Рэспубліка Уганда (Republic of Uganda),

дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Суданам, на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Танзаніяй і Руандай, на У з Кеніяй. Пл. 236 тыс. км². Нас. 23,3 млн. чал. (2000). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца суахілі, луганда. Сталіца — г. Кампала. Падзяляецца на 39 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 кастр.).

Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1995. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент — Нац. сход (276 дэпутатаў; 214 — выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем, 62 — калегіяй выбаршчыкаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ўзначальвае прэзідэнт.

Прырода. У. размешчана ў межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я. На Пн пашыраны плоскія раўніны (выш. да 1000—1500 м) з астанцовымі гарамі, на Пд — спадзіста-хвалісты рэльеф. На З — глыбокая тэктанічная даліна, або грабен (зах. адгалінаванне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы), занятая азёрамі Мабуту-Сесе-Сека і Эдуард, паміж якімі ўзвышаецца горны масіў Рувензоры (выш. да 5109 м, пік Маргерыта), на ПдЗ — вулканы групы Вірунга, на У — вулкан Элган (выш. да 4322 м). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя, вальфрамавыя, жал., калумбіта-танталавыя руды, апатыты, золата, берылы, сера, вапнякі і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Сярэднія месячныя т-ры ад 18 да 25 °C. Ападкаў ад 750 да 1500 мм і больш за год. Рэкі належаць да бас. р. Ніл. Буйныя азёры: Вікторыя, Мабуту-Сесе-Сека, К’ёга, Эдуард. Глебы чырвоныя фералітныя, у засушлівых раёнах чырвона-бурыя ажалезненыя. Пераважаюць другасныя высакатраўныя саванны, ёсць масівы лістападна-вечназялёных лясоў (пад лесам 28% тэр.). Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. У складзе жывёльнага свету антылопы, жырафы, гіены, леапарды, малпы, трапляюцца сланы, ільвы, насарогі. Нац. паркі: Рувензоры, Кабарэга, Кідэпа і інш.; некалькі фауністычных рэзерватаў.

Насельніцтва. 99% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (70% насельніцтва): ганда (17%), сога (8%), н’яколе (7%), руанда (6%), багісу (5%) і інш.; нілоцкай моўнай групы: тэса (8%), лангі (6%), ачолі (4%) і інш. Жывуць таксама еўрапейцы, арабы, азіяты. На тэр. У. каля 205 тыс. бежанцаў з Судана, Руанды і Дэмакр. Рэспублікі Конга. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (66%, пратэстанты і католікі), ёсць прыхільнікі мясц. традыц. культаў (18%), мусульмане (16%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 99 чал. на 1 км².

Найб. густа заселены раён каля воз. Вікторыя, найменш — паўн. і паўн.-ўсх. раёны. Гар. насельніцтва 14%. Найб. гарады: Кампала (1212 тыс. ж., 2000), Джынджа, Кабале, Масака, Мбале, Тарора, Энтэбе. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 4%, у абслуговых галінах 16%.

Гісторыя. Тэр. У. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У пач. 1-га тыс. н.э. тут з’явіліся плямёны банту-земляробаў, а ў пач. 2-га тыс. — нілотаў-жывёлаводаў. У 13—14 ст. у Міжазер’і ўзнікла дзяржава Кітара, ад якой у 17—18 ст. гегемонія перайшла да дзяржавы Буньёра (Уньёра). Да пач. 19 ст. ўзвысілася дзяржава народа ганда — Буганда. Першыя еўрапейцы, якія наведалі У. ў 1862, былі англ. падарожнікі Дж.​Спік і Дж.​Грант. Неўзабаве тут з’явіліся еўрап. місіянеры, пад уплывам якіх правіцель (кабака) Буганды Мутэса I у 1877 прыняў хрысціянства. Паводле герм.-брыт. пагаднення 1890 У. стала сферай брыт. ўплыву. У 1894 Буганда абвешчана брыт. пратэктаратам, да пач. 20 ст. брыт. ўлада пашырылася на ўсю тэр. краіны; Буганда і яе вярхі занялі прывілеяванае становішча ў сістэме калан. кіравання. Пасля 2-й сусв. вайны тут узніклі першыя паліт. партыі. У 1952 створаны Нац. кангрэс У., ад якога ў 1959 адкалоўся Нар. кангрэс У. (НКУ). Адначасова пры падтрымцы правіцеля Буганды Мутэса II засн. арг-цыя «Кабака ека».

9.10.1962 абвешчана незалежнасць У. ў складзе Садружнасці, 9.10.1963 У. абвешчана рэспублікай. Прэм’ер-міністрам У. абраны лідэр НКУ — М.​Аботэ, прэзідэнтам — Мутэса II. У маі 1966 Аботэ, які адстойваў ідэю унітарнай рэспублікі, адхіліў ад улады Мутэсу II, які стаяў за федэрацыю, і стаў прэзідэнтам. У вер. 1967 прынята канстытуцыя, якая абвясціла У. унітарнай рэспублікай. 25.5.1971 ваенныя на чале з ген. І.​Амінам скінулі Аботэ, прэзідэнтам стаў Амін. Палітыка яго ўрада вызначалася надзвычайным авантурызмам ва ўнутр. і ў знешняй палітыцы. Выгнанне азіятаў у 1972 і татальная карупцыя прывялі эканоміку У. да калапсу, а масавыя паліт. рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі цэлыя народнасці, выклікалі грамадз. вайну. Пасля развязанага Амінам узбр. канфлікту з Танзаніяй танзанійскія войскі сумесна з апазіцыяй У. скінулі рэжым Аміна. У 1980 прэзідэнтам У. зноў абраны Аботэ, але яго ўрад быў няздольны вырашыць складаныя эканам. і міжэтн. праблемы краіны; ён быў вымушаны весці барацьбу з паўстанцамі з Нар. арміі супраціўлення (НАС) на чале з І.​Мусевені. У 1986 НАС авалодала сталіцай У., і Мусевені абвешчаны прэзідэнтам краіны. Яго ўрад ажыццявіў шэраг стабілізацыйных мерапрыемстваў для адраджэння эканомікі. У 1995 прынята канстытуцыя У., у 1996 Мусевені на ўсеагульных выбарах абраны прэзідэнтам краіны. У. — чл. ААН (з 1962), Афр. саюза. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нац. рух супраціўлення, Нар. кангрэс У., Дэмакр. партыя і інш. Дыпламат. адносіны паміж У. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў кастр. 1998.

Гаспадарка. У. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 22,7 млрд. дол., каля 1020 дол. на 1 чал. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 40% ВУП, прам-сці — 18%, буд-ва — 7%, сферы паслуг — 35%. Сельская гаспадарка дае каля 95% валютных паступленняў. Пад ворнымі землямі занята 25% тэр., пад шматгадовымі культурамі і пашай — па 9%. Пераважаюць дробнатаварныя гаспадаркі. Гал. экспартныя культуры — кава (збор каля 180 тыс. т штогод, 2-е месца ў Афрыцы), чай, бавоўнік, тытунь — пашыраны на Пд і З краіны. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (млн. т, 1998): бананы (9,3), касаву (2,5), батат (2,4), кукурузу (0,9), проса (0,6), бабовыя (арахіс, соя, сезам — 0,3), сорга, цукр. трыснёг, цытрусавыя.

Бананы вырошчваюць на Пд ад воз. К’ёга, кукурузу на Пн ад воз. Вікторыя, касаву і бабовыя паўсюдна, проса на Пн і З, сорга на ПнУ і ПдЗ краіны. Экстэнсіўная жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу (5,5), коз (5,8), авечак (1), свіней (1,4), птушак (22,3). Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1999—218 тыс. т). Нарыхтоўка драўніны. У прам-сці гал. роля належыць першаснай апрацоўцы экспартуемай с.-г. сыравіны — кавы, чаю, бавоўны, тытуню — пераважна на дробных прадпрыемствах. Больш значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў гарадах Джынджа (медзе- і сталеплавільны, дрэваапр. з-ды, тэкст. ф-ка), Кампала (гарбарна-абутковая і тэкст. ф-кі, дрэва- і металаапр. з-ды), Тарора (цэментны, азбеставы і хім. з-ды, ф-ка па вытв-сці джутавых мяшкоў), Мбале (тэкст. ф-ка, харч. і дрэваапр. з-ды). Вытв-сць кухоннай солі і калійных угнаенняў каля воз. Катве. Гал. цэнтр па апрацоўцы рыбы — М’янзі (на воз. Вікторыя). Вытв-сць электраэнергіі (792 млн. кВт∙гадз, 1999) пераважна на ГЭС Оўэн-Фолс і невял. ЦЭС. Транспарт чыг., аўтамаб., паветраны, водны. Даўж. чыгунак 1241 км, аўтадарог 12 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс. км. 4 аэрапорты. Суднаходства па азёрах Вікторыя і Мабуту-Сесе-Сека. У 1999 экспарт склаў 471 млн. дол., імпарт 1,1 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: кава (70%), рыба і рыбапрадукты, чай, бавоўна, электраэнергія. Імпарт: машыны, нафта, медыкаменты, збожжа. Асн. знешнегандл. партнёры: Кенія, Нідэрланды, Швейцарыя, Германія, Вялікабрытанія, Індыя і інш. Міжнар. турызм (даход 142 млн. дол.). Краіна атрымлівае штогод каля 730 млн. дол. фін. дапамогі ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — угандыйскі шылінг.

Герб і сцяг Уганды.
Да арт. Уганда. Від на г. Кампала.

т. 16, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАД (Tchad), Рэспубліка Чад (République du Tchad),

дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Лівіяй, на Пд з Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікай, на У з Суданам, на З з Камерунам, Нігерыяй, Нігерам. Пл. 1284 тыс. км². Нас. 8997 тыс. чал. (2002). Сталіца — г. Нджамена. Афіц. мовы — французская і арабская. Падзяляецца на 14 прэфектур. Нац. свята — Дзень незалежнасці (11 жніўня).

Дзяржаўны лад. Ч. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996, ухваленая на рэферэндуме. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем на 5 гадоў, ён жа з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. орган — Нац. сход (125 дэпутатаў, іх тэрмін паўнамоцтваў 4 гады).

Прырода. Паверхня — плоская раўніна выш. 250—400 м. На Пн нагор’е Тыбесты (выш. да 3415 м, г. Эмі-Кусі), на ПнУ плато Эрды і Энеды (выш. да 1450 м), на ПдУ масіў Вадаі (выш. да 1666 м), на З раўніна Канем. Карысныя выкапні: баксіты (запасы — 14 млн. т), сода, соль, дыятаміты, вапнякі, каалін, нафта, уран, берыл, волава, медзь, золата. Клімат трапічны пустынны на Пн, экватарыяльна-мусонны на Пд. Сярэдняя т-ра студз. ад 15 °C на Пн да 21 °C на Пд, ліп. адпаведна 30 °C і 33 °C. Ападкаў ад 100—250 мм на Пн да 1000 мм на Пд. Бываюць пясчаныя буры. Асн. водныя рэсурсы на Пд краіны. Гал. рэкі Шары з прытокам Лагоне (бас. воз. Чад) і Батха (бас. воз. Фітры). Расліннасць на Пн прадстаўлена пустыннымі відамі (тамарыск, нізкарослая акацыя, вярблюджая калючка), у зоне Сахель — апустыненыя саванны з зараснікамі хмызнякоў на чырвона-бурых глебах, на Пд — тыповыя саванны з баабабамі і пальмамі на чырвоных глебах. З жывёл ва ўнутр. раёнах пераважаюць траваедныя млекакормячыя (слон, жырафа, буйвал, насарогі, антылопы) і драпежнікі (леў, леапард, шакал, гіена). У рэках і азёрах — кракадзілы і бегемоты. Шмат птушак, змей, насякомых. Нац. паркі Закума і Манда, запаведнікі Абу-Тэльфан і Сініянка-Мінія.

Насельніцтва. Этнічны склад Ч. прадстаўлены народамі, якія размаўляюць на шары-нільскіх (сара — 28%, багірмі, тама, даго, тубу, кануры, мілі), чадскіх (мубі, хаўса, маса) і нігера-кангалезскіх (мбум) мовах. Каля 30% насельніцтва — арабы, у т. л. суданскія (12%). Сярод вернікаў пераважаюць мусульмане-суніты (50%), ёсць хрысціяне (католікі і пратэстанты 25%), прыхільнікі традыц. рэліг. культаў (25%). Сярэднегадавы прырост 3,3% (2000). Сярэдняя шчыльн. 7 чал. на 1 км². Каля 20% насельніцтва — качэўнікі. У гарадах жыве 23% насельніцтва. Найб. горад — Нджамена (735 тыс. ж., 2002). Каля 100 тыс. ж. у гарадах Мунду і Сарх. 85% эканамічна актыўнага насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы.

Гаспадарка. Ч. — эканамічна слабаразвітая краіна, адна з найбяднейшых у Афрыцы. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2000 склаў 8,1 млрд. дол. (каля 1 тыс. дол. на 1 чал.). Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (64% ВУП). Апрацоўваецца каля 3% тэр. Захавалася абшчыннае землекарыстанне. Гал. галіны — баваўнаводства і жывёлагадоўля. Асн. экспартная культура бавоўнік (збор — 161 тыс. т бавоўны-сырцу, 1999); пашырана на Пд краіны. Сорга (514 тыс. т) і проса (367 тыс. т) Вырошчваюць паўсюдна, рыс (100 тыс. т) — каля гарадоў, арахіс (511 тыс. т) — у цэнтр. і ўсх. раёнах, фінікавую пальму — у аазісах на Пн краіны. На ўласныя патрэбы вырошчваюць фасолю (72 тыс. т), гарох (55 тыс. т), кунжут (29 тыс. т), фаніо, пшаніцу. Жывёлагадоўля (16% ВУП) — традыц. занятак 40% насельніцтва. Краіна займае адно з першых месцаў у Афрыцы па колькасці пагалоўя жывёл. Гадуюць (млн. галоў, 2001) буйн. раг. жывёлу (5,9), коз (5,3), авечак (2,4), вярблюдаў (1,1), птушак (5), аслоў (0,35), коней (0,2), свіней (0,02). Рыбалоўства. Улоў рыбы ў 1999 склаў 85 тыс. т, частка ўлову экспартуецца ў суседнія краіны. Прам-сць развіта слаба (12% ВУП). Асн. галіна — тэкст., уключае каля 20 дробных прадпрыемстваў кампаніі «КАТОНЧАД» у г. Сарх. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў гарадах на Пд краіны. Вытв-сць бавоўны 87,7 тыс. т (1997). Прадпрыемствы па перапрацоўцы прадукцыі жывёлагадоўлі (найб. бойні-халадзільнікі ў г. Нджамена), вытв-сці цукру-рафінаду (26,7 тыс. т, 1997), піва (123,2 тыс. Дл), цыгарэт (39,3 млн. шт.), мукі. Вытв-сць электраэнергіі (100 млн. кВт∙гадз, 1998) на электрастанцыях у Нджамене. Здабыча соды і солі (на паўн. узбярэжжы воз. Чад і саланчаках Энеды), вапняку і гліны для цагельнага з-да ў Нджамене.

Транспарт аўтамаб., водны, паветраны. Чыгунак няма. Даўж. аўтадарог 32 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 7 тыс. км. Водныя шляхі для грузаперавозак па рэках Шары і Лагоне выкарыстоўваюцца 3 мес за год. Міжнар. аэрапорт у Нджамене. Экспарт (172 млн.дол., 2000) бавоўны, жывой жывёлы (20% кошту экспарту), прадукцыі жывёлагадоўлі. Імпарт (223 млн. дол., 2000) машын і абсталявання, спажывецкіх тавараў, харч. прадукцыі, нафтапрадуктаў. Асн. гандл. партнёры: Францыя, Партугалія, Германія, Камерун. Грашовая адзінка — франк КФА.

Гісторыя. Чалавек насяляе тэр. Ч. з найстараж. часоў. Да 9 ст. ў бас. воз. Чад склалася дзяржава Канем-Борну, якая ў 12—13 ст. уключала значную ч. тэр. сучаснага Ч. З 11 ст. тут пашырыўся іслам, які стаў рэлігіяй пануючых вярхоў. У 16 ст. на У Ч. склалася дзяржава Вадаі, на ПдЗ — Багірмі; у канцы 19 ст. значная ч. іх уладанняў увайшла ў склад Рабаха дзяржавы. У 1890-я г. на тэр. Ч. з’явіліся франц. войскі, якія ў 1900 знішчылі дзяржаву Рабаха, да 1914 падпарадкавалі ўсю тэр. Ч., і як асобную калонію ўключылі яе ў склад Франц. Экватарыяльнай Афрыкі; з 1946 — «заморская тэрыторыя» Францыі. У 1947 створана Прагрэс. партыя Ч. (ППЧ), прадстаўнікі якой у 1957 узначалілі першы афр. ўрад Ч. З 1958 Ч. — аўт. дзяржава ў складзе Франц. Супольніцтва, з 11.8.1960 — незалежная дзяржава. У 1962 уведзены аднапарт. рэжым ППЧ на чале з прэзідэнтам Ф.​Тамбалбаем. Супраць яго вялі ўзбр. барацьбу мусульм. народы Паўн. Ч. У крас. 1975 Тамбалбай забіты, уладу захапіў Вышэйшы ваен. савет на чале з ген. Ф.​Малумам. Пад націскам паўн. паўстанцаў Малум у жн. 1978 стварыў кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам Узбр. сіл Поўначы (УСП) Х.​Хабрэ. У выніку ўзбр. барацьбы паміж рознымі паўн. групоўкамі ў ліст. 1979 створаны Пераходны ўрад нац. адзінства (ПУНА) на чале з лідэрам Фронту нац. вызвалення Ч. (ФНВЧ) Г.​Уэдэем; Хабрэ стаў міністрам абароны. З сак. 1980 разгарнулася грамадз. вайна паміж ФНВЧ, якому дапамагалі Лівія, і УСП, што апіраліся на Францыю. У чэрв. 1982 УСП захапілі сталіцу. Хабрэ ў вер. 1982 абвешчаны прэзідэнтам Ч. У 1983—87 яго войскі разграмілі ўзбр. сілы ФНВЧ і ўсталявалі кантроль над б.ч. тэр. краіны. У вер. 1989 падпісана мірнае пагадненне паміж Ч. і Лівіяй. 1.12.1990 рэжым Хабрэ скінуты сіламі апазіцыі, якія ўварваліся з тэр. Судана; іх лідэр ген. І.​Дэбі абвешчаны прэзідэнтам Ч. У кастр. 1991 дазволена шматпартыйнасць.

У сак. 1996 прынята новая канстытуцыя Ч. На альтэрнатыўных выбарах 1996 і 2001 прэзідэнтам краіны зноў выбраны Дэбі.

З паліт. партый і рухаў Ч. рэальным уплывам карыстаецца толькі Патрыят. фронт выратавання. Ч. — чл. ААН (з 1960) і Афр. Саюза (з 2002).

Літ.:

Губер А.А., Ким Г.Ф., Хейфец А.Н. Новая история стран Азии и Африки. 3 изд. М., 1982.

К.​А.​Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Рэспублікі Чад.
Да арт. Чад. Саванна ў сухі сезон.

т. 17, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЯЎЛЕНЧАЕ МАСТАЦТВА 19 — ПАЧ. 20 ст.

Развіццё бел. выяўл. мастацтва ў 1-й пал. 19 ст. адбывалася пад уплывам класіцызму і рамантызму. Найб. інтэнсіўна ў гэты час развіваліся жывапіс, скульптура і графіка. Сярод жывапісцаў — мастакі І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Ю.​Крачкоўскі, К.​Кукевіч, К.​Русецкі, Ф.​Смуглевіч, Я.​Сухадольскі. Большасць з іх працавалі адначасова ў некалькіх жанрах: гіст., быт., партрэтным, пейзажным, нацюрмортным.

У партрэтным жывапісе развіваліся 2 тэндэнцыі: адна была абумоўлена ўплывам традыцый Віленскай маст. школы, другая, пазнейшая, — рамантызмам і акадэмізмам Пецярбургскай АМ. Найб. буйнымі партрэтыстамі 1-й пал. 19 ст. былі І.​Аляшкевіч, В.​Ваньковіч, А.​Главацкі (больш вядомы і як тэатр. дэкаратар), С.​Заранка, К.​Карсалін, Ю.​Пешка (пісаў таксама гіст. творы), К.​Рыпінскі, Ф.​Тулаў, І.​Хруцкі (быў аўтарам і нацюрмортаў), А.​Шэмеш, П.​Ютэйка. Работам гэтых мастакоў уласціва пільная ўвага да ўнутр. свету партрэтуемых, імкненне адлюстраваць іх псіхалагічны стан, арганічную сувязь асобы з наваколлем. Гіст. жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна пад уздзеяннем класіцызму. Мастакі ў сваіх творах сцвярджалі ідэалы грамадзянскасці, патрыятызму, сац. вызвалення, адданага служэння радзіме: работы В.​Ваньковіча, Я.​Дамеля, Ю.​Пешкі, Я.​Сухадольскага. Для бытавога жанру гэтага перыяду характэрны зварот да паказу жыцця народа, яго сац. і нац. праблем, уключэнне ў кампазіцыі шматлікіх этнагр. дэталей. Абумоўлены ў значнай ступені тагачаснымі грамадска-паліт. працэсамі, бытавы жанр зазнаў іх крытычнае пераасэнсаванне. Важкі след у гэтым жанры пакінулі выхаванцы Віленскай маст. школы (Ц.​Бычкоўскі, Ю.​Карчэўскі, К.​Кукевіч, К.​Русецкі) і Пецярбургскай АМ (Ф.​Гарэцкі). У жанры пейзажа працавалі не толькі пейзажысты. У творах В.​Ваньковіча, Я.​Дамеля, В.​Дмахоўскага характэрныя для пач. 19 ст. сузіральнасць і ідылічнасць з 1830-х г. пачынаюць саступаць рамантызаванай і дэмакратычнай трактоўцы прыроды, увазе да жыцця народа. Манументальна-дэкаратыўны жывапіс 1-й пал. 19 ст. развіваўся пераважна ў рэчышчы класіцызму, неаготыкі і неабарока, на яго таксама паўплывалі традыцыі рус. і заходнееўрап. маст. школ. Найб. значныя размалёўкі былі выкананы ў касцёле св. Тадэвуша ў в. Лучай Пастаўскага р-на, Варварынскай царкве ў г. Пінск, Троіцкім касцёле г.п. Ружаны, касцёле Ушэсця ў в. Будслаў Мядзельскага р-на (мастак А.​Антажэўскі), касцёлах в. Жупраны Ашмянскага р-на, в. Геранёны Іўеўскага р-на, г. Ліда. Мастацтва графікі пач. 19 ст. інтэнсіўна развівалася ў рэчышчы класіцызму, а з 1830-х г. — рамантызму. Паступова яно набывала рэалістычныя рысы, узбагачалася новымі тэмамі і сюжэтамі, асвойвала новыя віды. Разам з традыц. нар. лубком, кніжнай і станковай гравюрай, афортам і літаграфіяй з’яўляюцца гіст., бытавыя і пейзажныя накіды і замалёўкі, якія набываюць самастойнае маст. значэнне, адлюстроўваюць непасрэдныя ўражанні ад рэчаіснасці. Значны ўклад у развіццё графікі зрабілі Ю.​Азямблоўскі, А.​Бартэльс, К.​Бахматовіч, Ю.​Главацкі, Т.​Кіслінг, К.​Кукевіч, М.​Кулеша, М.​Падалінскі. Вял. маст. спадчыну пакінуў Н.​Орда, аўтар графічных і акварэльных замалёвак гіст. помнікаў і мясцін Беларусі. Замалёўкі, накіды, станковыя графічныя творы стваралі жывапісцы В.​Ваньковіч, Я.​Дамель, Я.​Сухадольскі, А.​Шэмеш. У станковай скульптуры дамінуючым стылем быў класіцызм (уплывы барока і ракако захоўваліся пераважна ў драўлянай культавай скульптуры). Яе прадстаўнікі (Я.​Астроўскі, Я. і К. Ельскія, К.​Кавалеўскі, Р.​Слізень) працавалі ў круглай скульптуры і дробнай пластыцы, рэльефе, партрэтным жанры, стваралі рэліг. кампазіцыі, скульпт. ўбранне палацаў і сядзіб.

У 2-й пал. 19 ст. працягваўся працэс дэмакратызацыі выяўл. мастацтва, узрасла роля рэалістычных прынцыпаў паказу рэчаіснасці. Бел. мастакі вучыліся ў рысавальнай школе ў Вільні, у маст. установах Пецярбурга, Масквы, Кіева, Варшавы, Адэсы. Пашыраліся ўзаемасувязі бел. мастакоў з творчай інтэлігенцыяй Расіі, Польшчы, Літвы, Украіны, што ўзбагачала бел. выяўл. мастацтва новымі тэмамі, вобразамі. Вядучая роля ў станковым жывапісе належала гіст. жанру, у якім разам з рысамі рамантызму прысутнічала рэалістычная, акрэслівалася сац. праблематыка. Аўтары звярталіся да падзей далёкага мінулага Беларусі (К.​Альхімовіч, Я.​Манюшка, І.​Трутнеў). У развіцці быт. жанру адбыліся істотныя змены, акрэсленыя грамадска-паліт. жыццём краю, што прывяло да ўсталявання ў творах жыццёва пераканаўчага, праўдзівага вобраза селяніна (К.​Альхімовіч, Д.​Баркоўскі, Ф.​Гарэцкі, У.​Дмахоўскі, Н.​Сілівановіч). Мастакі аддавалі перавагу аднафігурным кампазіцыям, шырока выкарыстоўвалі матывы пейзажу, этнагр. дакладнасць. У 2-й пал. 19 ст. пейзажны жанр пачаў набываць самаст. значэнне, стаў увасабленнем грамадскіх, дэмакр. ідэалаў. Пейзажысты імкнуліся паказаць прыгажосць роднай зямлі, знайсці паэзію ў звычайным, паўсядзённым (М.​Атрыганьеў, А.​Гараўскі, І.​Гараўскі). У партрэтным жывапісе павялічвалася цікавасць мастакоў да перадачы псіхалагічнага стану асобы, яе сац. прыналежнасці (А.​Гараўскі, А.​Ромер, Б.​Русецкі, Н.​Сілівановіч). Манументальна-дэкар. жывапіс заставаўся гал. сродкам у фарміраванні інтэр’ераў культавых і свецкіх будынкаў. На змену колішняй ідэалагічнай абвостранасці прыйшлі дэкар. рашэнні. Мастакі часта звярталіся да выяўлення жывапіснымі сродкамі архітэктурных дэталей, ляпніны, працуючы ў тэхніцы грызайль (царква Раства Багародзіцы ў в. Дубай Пінскага р-на, касцёлы ў в. Мікелеўшчына Мастоўскага р-на, в. Вішнева Валожынскага р-на, Вялікія Эйсманты Бераставіцкага р-на, г. Ваўкавыск; усе 2-я пал. 19 ст.). Выконваліся таксама размалёўкі тэмперай у традыцыях позняга класіцызму (царква ў в. Руднікі Пружанскага р-на). Скульптура развівалася пад уплывам класіцызму і акадэмізму і мела пераважна прыкладны характар — творы для садоў, паркаў, культавых пабудоў. Побач з традыц. алегарычнымі, міфалагічнымі персанажамі ствараліся выявы сялян, гіст. асоб, дзеячаў культуры і мастацтва (К.​Барычэўскі, Г.​Дмахоўскі, А.​Ромер, А.​Скірмунт). Эмацыянальнай выразнасцю і непасрэднасцю адметныя многія творы культавай драўлянай пластыкі, якая абапіралася на традыцыі нар. мастацтва. У творчасці графікаў з сярэдзіны 19 ст. ўзмацніліся агульнаграмадскі кірунак і сац. вастрыня. Значную цікавасць майстры праяўлялі да фальклору, нар. культуры.

Для бел. культуры канца 19 — пач. 20 ст. характэрна імкненне да стварэння нац. маст. школы, да пошуку нац. своеасаблівасці ў мастацтве. Актывізацыя маст. жыцця вяла да стварэння таварыстваў аматараў прыгожых мастацтваў, арганізацыі выставак. У гарадах адкрываліся прыватныя маст. школы (школа Ю.​Пэна ў Віцебску, В.​Мааса ў Мінску, Ф.​Пархоменкі ў Магілёве). У выяўл. мастацтве вырасла цікавасць да сац. праблематыкі, творы набылі больш эмацыянальны і выразны характар, асаблівая ўвага аддавалася каларыту, лініі, сілуэту, колеравай гаме. У станковым жывапісе дамінуючымі жанрамі сталі пейзаж (В.​Бялыніцкі-Біруля, Г.​Вейсенгоф, С.​Жукоўскі, Ф.​Рушчыц, К.​Стаброўскі), бытавы жанр (Л.​Альпяровіч, Ю.​Пэн), партрэт (Л.​Альпяровіч, Р.​Баброўскі, Я.​Кругер, Ю.​Пэн). Амаль зусім знік гіст. жанр. Манументальна-дэкар. жывапіс развіваўся пад уплывам пошуку новых фармальных прыёмаў, засваення забытых тэхнік, стылістыкі мадэрна, звароту да традыцый візантыйскага і гатычнага мастацтва. Аднавілася цікавасць да мазаікі, вітража (мазаіка Пакроўскага сабора ў г. Баранавічы, мемарыяльнай капліцы ў гонар 200-годдзя перамогі рус. войск каля в. Лясная Слаўгарадскага р-на, мазаічнае маёлікавае пано на фасадзе будынка зямельнага банка ў Віцебску). Канец 19 — пач. 20 ст. стаў этапам у станаўленні тэатральна-дэкар. мастацтва. Узнікненне нац. тэатра, дзейнасць часовых антрэпрыз, аматарскіх і паўаматарскіх труп садзейнічалі ўдасканальванню тэатр. дэкарацый. Мастакі імкнуліся дакладна паказаць побыт бел. народа, асаблівую ўвагу звярталі на касцюм, этнагр. дакладнасць. У гэты перыяд асаблівага росквіту дасягнула графіка, якая вызначалася дэмакратычнасцю, пашырэннем сац. праблематыкі, імкненнем да стварэння нац. вобразаў. Яна прадстаўлена станковымі творамі, кніжнай ілюстрацыяй, сатыр. малюнкамі, плакатам (С.​Богуш-Сестранцэвіч, Я.​Драздовіч, К.​Каганец, А.​Каменскі). Развіццё скульптуры запаволілася, яна часта знаходзілася ўбаку ад тагачаснага грамадска-паліт. жыцця і набывала камернасць. У ёй адчувальны ўплыў імпрэсіянізму і мадэрна (В.​Бубноўскі, Г.​Вейсенгоф, К.​Змігродскі, М.​Міхалап, Я.​Тышынскі). Скульптары звярталіся пераважна да партрэта і анімалістычнага жанру.

І.​Хруцкі. Бітая дзічына, гародніна, грыбы. 1854.
Я.​Астроўскі. Ю.​Нямцэвіч. 1850-я г.

т. 18, кн. 2, с. 653

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯ́СКА (Alaska),

штат ЗША, на ПнЗ Паўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш. Пл. 1477 тыс. км², нас. 599 тыс. чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр. ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.

На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.​Нагібіна, В.​Берынга, А.​Мельнікава, І.​Фёдарава, М.​Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.​Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз. Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55° паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.​Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр I забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн. руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен. мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАДЭ́НЦТВА, дэкаданс (франц. décadence ад позналац. decadentia заняпад),

агульная назва нерэалістычных кірункаў у мастацтве і літаратуры 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. (імпрэсіянізму, сімвалізму, эстэтызму і інш.). Склалася пад уплывам адчування крызісу рэчаіснасці і свядомасці, няздольнасці чалавечага розуму асэнсаваць супярэчлівую рэальнасць, што прывяло да татальнага крызісу рацыяналізму і ўзмацнення ірацыянальных, містычных, інтуітывісцкіх элементаў у адлюстраванні свету і чалавека. Для яго характэрны настрой песімізму, адчуванне душэўнай і інтэлектуальнай стомленасці, заняпад духу, непрыняцце жыцця і адначасова абвостраная прага да жыццёвых радасцей — геданізм. Найб. моцна на фарміраванне Д. паўплывала метафізічная філасофія А.Шапенгаўэра і «філасофія жыцця» Ф.Ніцшэ. Прадстаўнікі Д. культывавалі падыход да мастацтва як да адзінага спосабу пазнання ісціны, пранікнення ў трансцэндэнтнае, адстойвалі самадастатковасць мастацтва, яго незалежнасць ад жыцця, культ генія і прыгажосці, непадуладных законам «цвярозага розуму» і абывацельскай маралі. Упершыню матывы Д. выявіліся ў творчасці франц. паэтаў Ш.​Бадлера, Т.​Гацье і інш., паэтаў парнаскай школы. Д. адлюстравала крызіс еўрап. грамадства, але яго нельга вызначыць як «заняпад мастацтва». Імкнучыся пераадолець духоўны крызіс, знайсці выйсце з лабірынта лёсу, абараніць чалавечае ў чалавеку, Д. выклікала да жыцця жывапіс франц. імпрэсіяністаў і англ. прэрафаэлітаў, паэзію П.​Верлена, А.​Рэмбо, С.​Малармэ, С.​Георге, Г. фон Гофмансталя, маладога Р.​М.​Рыльке, «тэатр маўчання» М.​Метэрлінка, прозу О.​Уайльда і інш. У Расіі Д. знайшло адлюстраванне ў творчасці сімвалістаў М.​Мінскага, Д.​Меражкоўскага, З.​Гіпіус, К.​Бальмонта, Ф.​Салагуба і інш. сімвалістаў. Д. зрабіла істотны ўплыў на многіх майстроў рэалізму (А.​Франс, Т.​Ман, Л.​Андрэеў), узбагаціла сродкі маст. выразнасці, многія з якіх сталі набыткам мадэрнісцкіх кірункаў у мастацтве (гл. Мадэрнізм).

Праблема Д. актыўна абмяркоўвалася ў бел. прэсе ў канцы 19 — пач. 20 ст. (газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Наша ніва»), Дыскусіі адбываліся на фоне росту папулярнасці выяўленчых, тэатральных, літаратурных твораў майстроў зах.-еўрап. і рус. Д., якія ўваходзілі ў кантэкст культ. жыцця Беларусі таго часу. Эстэтыка Д., у т. л. сімвалізму і імпрэсіянізму, паўплывала на творчасць мастакоў Віцебскай школы (К.​Малевіч, М.​Шагал, Л.​Лісіцкі, Р.​Фальк, В.​Ермалаева і інш.). Элементы сімвалізму ёсць у шэрагу прац мастака Я.​Драздовіча (напр., карціны «Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні», «Пагоня Ярылы»), Прыкметы Д. ў бел. л-ры парадаксальным чынам суадносяцца з адраджэнцкай тэматыкай твораў пісьменнікаў, што групаваліся вакол газеты «Наша ніва». У шэрагу твораў М.​Багдановіча гучыць характэрны для Д. матыў трагічнай наканаванасці чалавечага існавання, збліжаюцца моманты нараджэння і смерці чалавека (цыкл вершаў «Каханне і смерць»). Багдановіч стаў першым перакладчыкам паэзіі Верлена на бел. мову (пераклаў 22 вершы). На творчасць Я.​Купалы істотны ўплыў зрабілі дэкадэнты — Л.​Андрэеў, А.​Белы, Ф.​Салагуб, С.​Пшыбышэўскі, С Выспянскі і інш. Драматычная паэма Я.​Купалы «Адвечная песня» мае відавочныя рэмінісцэнцыі з п’есай Андрэева «Жыццё чалавека». Суб’ектывізм, паэтычны «шыфр», цьмяная сімволіка назіраюцца ў драм. паэме «Сон на кургане» і некаторых лір. вершах Я.​Купалы. Містычны, ірацыянальны пачатак пры трактоўцы універсальных праблем жыцця, уласцівы эстэтыцы Д., можна назіраць у празаічных творах М.​Гарэцкага («Патаёмнае», «Што яно?», «Страхаццё»), «імпрэсіях» З.​Бядулі, алегарычных апавяданнях Ядвігіна Ш., у філас. лірыцы А.​Гаруна. Разам з тым Д. ў бел. л-ры пач. 20 ст. выступае не як адасобленая з’ява, а ў цесным узаемадзеянні з праявамі новага рамантызму, рэалізму.

П.​В.​Васючэнка (Д. на Беларусі), Г.​В.​Сініла.

т. 6, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАТА́Я АРДА́ (Улус Джучы),

феад. дзяржава на тэр. Сярэдняй Азіі і Усх. Еўропы ў 13—15 ст. Узнікла ў пач. 1240-х г. Займала тэр. Зах. Сібіры, Паўн. Харэзма, Волжскай Булгарыі, Паўн. Каўказа, Крыма, стэпаў ад Волгі да Дуная; трымала ў васальнай залежнасці рус. землі. Напачатку займала зах. ч. імперыі Чынгісхана — тэр. ўдзельнага княства (улуса) яго сына Джучы (адсюль адна з назваў З.А.). Самаст. дзяржавай стала пры Батыі, сыне Джучы. Усх. ч. улуса Джучы (Зах. Сібір) атрымала назву Блакітнай Арды. Батый у выніку паходаў 1236—40 далучыў да сваіх уладанняў Паволжа, кіпчацкія стэпы (гл. Дэшт-і-Кіпчак), Паўн. Каўказ, Крым, Харэзм, пакарыў рус. княствы. У сярэдзіне 13 ст. хан Берке [1258—66] прыняў іслам і не стаў прызнаваць вярх. улады мангольскага хана. Напачатку сталіцай З.А. быў г. Сарай-Бату (каля сучаснай Астрахані), з 1-й пал. 14 — г. Сарай-Берке (каля сучаснага Валгаграда). Пра ператварэнне З.А. ў самаст. дзяржаву сведчыць чаканка манеты з імем 5-га хана Менгу-Цімура [1267—80], Пасля яго смерці ў выніку міжусобных войнаў перамагла частка арыстакратыі мусульм. веравызнання. Яна вылучыла на ханскі пасад Узбека [1313—42], унука Менгу-Цімура. Пры Узбеку і яго сыне Джанібеку [1342—57] З.А. стала адной з вял. дзяржаў сярэдневякоўя. У выніку шматлікіх прыдворных змоў і смут З.А. фактычна распалася 1370-я г. на 2 часткі: у раёнах на З ад Волгі правіў цемнік Мамай, ва ўсх. раёнах — Урус-хан. Унутр. бязладдзе З.А. скарысталі маскоўскія князі. У Кулікоўскай бітве 1380 войскі Мамая пацярпелі паражэнне. Часовае аднаўленне адзінства З.А. адбылося пры хане Тахтамышу, які ў 1380 разбіў Мамая на р. Калка, а праз 2 гады заняў і спаліў Маскву. Але правіцель Сярэдняй Азіі Тамерлан (Цімур) у 1391 і 1395 разбіў войскі Тахтамыша, разрабаваў сталіцу. На гэтым скончылася адзінства З.А.

Апошнюю спробу аб’яднаць дзяржаву ў пач. 15 ст. зрабіў Едыгей. Складаныя працэсы феад. драблення прывялі ў 2-й пал. 15 ст. да распаду З.А. на Казанскае, Астраханскае і Крымскае ханствы, Нагайскую Арду і ўласна Вялікую Арду.

Адносіны ВКЛ з З.А. на працягу многіх стагоддзяў былі складаныя. Вясною 1238 мангола-татары пагражалі ВКЛ з У. У канцы 1246 яны ўварваліся на тэр. ВКЛ з Пд, зрабілі вял. спусташэнні. Захаваліся летапісныя звесткі пра жорсткія бітвы з татарамі дружын з Пінска, Слоніма, Навагрудка, Турава, Друцка і інш. гарадоў. Упартая працяглая барацьба і гераічная абарона сваіх зямель насельніцтвам ВКЛ аслабілі і падарвалі сілы заваёўнікаў. Князі ВКЛ не толькі абаранілі свае землі, але і наладзілі саюз з ханамі З.А. супраць агульных праціўнікаў. Вял. князі Гедзімін, Вітаўт і інш. запрашалі татар З.А. на дапамогу ў барацьбе з Тэўтонскім ордэнам. Татары ўдзельнічалі ў вайне Гедзіміна супраць крыжакоў у 1319; у 1350 ардынскія атрады прымалі ўдзел у паходзе вял. князя Кейстута ў Польшчу. У 1397 пасля сумеснага паходу на Азоў шмат татар пасялілася каля Вільні, у Ашмянскім, Брэсцкім, Лідскім, Навагрудскім паветах. У 1409 да Вітаўта прыбыў з 30-тысячным войскам сын Тахтамыша царэвіч Джэлал-ад-дзін, які прымаў удзел у Грунвальдскай бітве 1410 супраць Тэўтонскага ордэна. Сярод цюркскіх народаў ВКЛ мела славу надзейнага прыстанішча. Тут знайшлі прытулак многія звергнутыя ханы.

Літ.:

Егоров В.Л. Историческая география Золотой Орды в XIII—XIV вв. М., 1985;

Яго ж. Золотая Орда: мифы и реальность. М., 1990.

І.​Б.​Канапацкі.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНІ́ЛА (Manila),

горад, сталіца Філіпін. Знаходзіцца на в-ве Лусон, пры ўпадзенні р. Пасіг у Манільскі зал. Паўд.-Кіт. мора. М. — ядро канурбацыі Вял. М. з насельніцтвам 9,6 млн. чал. (1996). Марскі порт Батаан (грузаабарот каля 32 млн. т за год). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. У Вял. М. сканцэнтравана каля 90% прамысл. прадпрыемстваў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (зборка аўтамашын, матацыклаў, радыётэхнікі), лёгкая, харч., дрэваапр., паліграф., хім., нафтаперапр., верфі. Саматужныя промыслы (вытв-сць драўлянага посуду, плеценых капелюшоў, вышывак, ювелірных вырабаў і інш.). АН. 18 ун-таў, у т. л. Манільскі (з 1585), Каталіцкі Санта-Томас (з 1611), Філіпінскі жаночы. Культ. цэнтр Філіпін (уключае тэатр, музей, маст. галерэю, б-ку). Філарманічны аркестр.

Да ісп. каланізацыі М. — умацаванае паселішча племя тагалаў. Пасля заваявання ў 1564 Іспаніяй — сядзібы губернатара і арцыбіскупа, крэпасць (пабудавана ў 1571), з 1574 адм. цэнтр ісп. калоніі. У 1574 і 1587 у горадзе адбыліся антыісп. паўстанні. У 17 ст. горад імкнуліся захапіць галандцы, у 1762—64 заняты брыт. войскамі, у Іспана-амерыканскую вайну 1898 — войскамі ЗША (тут знаходзілася амер. калан. адміністрацыя). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі. Горад моцна пацярпеў у выніку баёў паміж філіпінскімі партызанамі і яп. войскамі. У 1946—48 і з 1976 сталіца рэспублікі Філіпіны.

Гіст. цэнтр М. — ісп. сярэдневяковы раён Інтрамурас (моцна пашкоджаны ў 2-ю сусв. вайну) у выглядзе няправільнага пяцівугольніка з нерэгулярнай сеткай вуліц і рысамі радыяльна-кальцавога плана. Раён быў абкружаны сценамі (захаваліся часткова): з Пд — «Каралеўскія вароты» (з вежамі, пад’ёмнымі мастамі; адноўлены), з боку мора — форт Сант’яга (цяпер музей; захавалася дэкар. разьба), абодва 16 ст. У канцы 16—17 ст. ўзніклі прыгарады М.: Бінонда, Тонда, Санта-Крус, Кіяпа. У 18 ст. цэнтр горада перамясціўся ў гандл. раёны Бінонда і Санта-Крус з параднай вул. Эскольта. Сярод помнікаў 16—18 ст.: царква Сан-Агусцін (пачата ў 1599, асн. буд-ва 1606—14, арх. А. дэ Эрэра; разныя дзверы 1606), ун-т Санта-Томас (1608—15), 1—2-павярховыя жылыя дамы з чарапічнымі дахамі, балконамі, галерэямі. У 19 ст. цэнтрам М. стаў раён Сан-Мігель, дзе пабудаваны палац ген.-губернатара (1863; зборы старой ісп. мэблі, жывапісу, скульптуры, прадметаў побыту; цяпер Палац прэзідэнта). Да помнікаў неаготыкі належаць касцёл і кляштар Санта-Дамінга, касцёл Сан-Ігнасіо (1875), дом Кармэн Рохас (усе арх. Ф.​Рохас), да эклектыкі — сабор у Інтрамурасе (1878—79, арх. Эрвас). Найб. значныя будынкі ў сучасных стылях: Далёкаўсх. ун-т (1934—51), Нац. банк Філіпін (1936—44), чыг. кампанія (1936—41, усе арх. П.​Антоніо), атэлі 22-павярховы «Хілтан» і «Савой» (арх. Л.​Лаксін), дзелавыя будынкі Аяла-авеню (усе 1950—60-я г.), культ. цэнтр Філіпін (1969, арх. Лаксін). Створаны гарады-спадарожнікі М.: Кесан-Сіці, Навотас (прамысловы), Малабон, Макаці (фешэнебельны дзелавы цэнтр з кварталам асабнякоў Форбс-парк) і інш. Помнікі: Х.​Рысалю ў парку Лунета (1912—18), А.​Баніфасіо (абодва скульпт. Г.​Таленціна), «П’ета» ў Мемар. парку Лаёлы (1969—70, скульпт. Э.​Кастрыльё). Музеі: Нац. музей Філіпін, музей Санта-Томас і інш.

Т.​Р.​Мартыненка (архітэктура).

Мост цераз раку Пасіг у Маніле.
Гістарычны цэнтр Манілы. Раён Інтрамурас.

т. 10, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ І НАВЕ́ЙШАЯ ГІСТО́РЫЯ,

1) асобны перыяд сусветнай гісторыі ад канца сярэдніх вякоў да нашых дзён, калі чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання.

2) Галіна гіст. навукі, якая вывучае гэты перыяд. Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння (14—1-я пал. 15 ст.). Росквіт навукі і мастацтва таго часу гуманісты назвалі «новай эпохай», бо лічылі, што Еўропа ўступіла ў асобы перыяд свайго развіцця. Гэтыя паняцці ў гіст. навуцы замацаваліся да нашага часу. У 20 ст. яны дапоўнены паняццем «сучасная» ці «навейшая гісторыя». Гісторыя новага часу пачынаецца з 16 ст. і заканчваецца пач. 20 ст. Гісторыкі падзяляюць новы час на 2 вял. перыяды. За пункт адліку 2-га перыяду новага часу звычайна бяруць Французскую рэвалюцыю 1789—99. У сваю чаргу, 1-я сусв. вайна 1914—18 стала рубяжом новага і навейшага часу. Навейшая гісторыя з’яўляецца працягам новай гісторыі. Асн. змест новага часу — хуткі рост і замацаванне зах. цывілізацыі. У Зах. Еўропе раней, чым дзе-небудзь, узнік асобы і унікальны тып грамадства — капіталізм. Еўрапейцы стварылі індустр. сістэму прадукц. сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталіст. свету. Дзякуючы ваен. і тэхн. перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваўшы сабе ў 16—18 ст. народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Развіццё капіталізму, якое суправаджалася калан. экспансіяй еўрап. дзяржаў, прывяло да ўсталявання цеснай узаемасувязі паміж краінамі і цывілізацыямі. У адрозненне ад папярэдніх эпох гісторыя перастала быць арыфм. сумай ізаляваных адна ад адной краін і цывілізацый. Асобнае месца ў Н. і н.г. займае 19 ст., калі ў Еўропе ўзнікла індустр. цывілізацыя. 20 ст. — эпоха навейшага часу адрозніваецца выключнай супярэчлівасцю. 1-я і 2-я сусв. войны знішчылі каля 70 млн. чалавек. 20 ст. характарызуецца надзвычайным паскарэннем сац.-паліт. змен. Хваля сац. рэвалюцый, якая пачалася ў 1917 у Расіі (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917), пракацілася па многіх краінах свету. Вырашальны ўплыў на лёсы ўсіх людзей Зямлі зрабіла перамога над фашызмам у 2-й сусв. вайне. У выніку нац.-вызв. руху ў краінах Азіі і Афрыкі з’явіліся больш як 100 новых незалежных дзяржаў. Зах. цывілізацыя прадэманстравала, што менавіта яна з’яўляецца гал. сілай сучаснасці.

Станаўленне бел. гістарыяграфіі новага і навейшага (найноўшага) часу адбылося ў 1920—30-я г. Вял. ўклад у гэта зрабілі гісторыкі У.​І.​Пічэта, У.​М.​Перцаў. У пасляваен. час цэнтрам вывучэння Н. і н.г. сталі адпаведная кафедра БДУ, кафедра ўсеаг. гісторыі Бел. пед. ун-та імя М.​Танка, з 1970-х г. пытанні Н. і н.г. вывучаюцца ў Гомельскім і Гродзенскім ун-тах, Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, шэрагу пед. і інш. ВНУ рэспублікі.

Літ.:

Вебер М. Избр. произв.: Пер. с нем. М., 1990;

Тойнби А.​Дж. Постижение истории: Пер. с англ. М. 1991;

Яго ж. Цивилизация перед судом истории: Пер. с англ. М.; СПб., 1996;

Ясперс К. Смысл и назначение истории: Пер. с нем. 2 изд. М. 1994;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Сорокин П. Человек. Цивилизация. Общество: Пер. с англ. М., 1992;

История Европы: Пер. с фр. Мн.;

М., 1996;

Новая история стран Европы и Америки. [Ч. 1—2]. М., 1998.

У.​С.​Кошалеў.

т. 11, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕТРАПЛА́ВАННЕ, аэранаўтыка,

лятанне на апаратах, якія лягчэй за паветра — аэрастатах (у адрозненне ад авіяцыі, дзе выкарыстоўваюцца апараты, цяжэйшыя за паветра, — самалёты, верталёты, планёры і інш.). Да пач. 1920-х г. пад П. разумелі перамяшчэнне па паветры наогул. Тэарэт. асновай П. з’яўляюцца аэрамеханіка і аэрастатыка.

Першыя спробы падняцца ў паветра на шары, напоўненым нагрэтым паветрам (дымам), рабіліся ў пач. 18 ст. ў Францыі, Расіі і інш. краінах. У 1783 Л.​Эйлер вывеў формулы для разліку падымальнай сілы аэрастата. Франц. вынаходнікі браты Ж. і Э.Мангальф’е пабудавалі паветраны шар, на якім 21.11.1783 у Парыжы Пілатр дэ Разье і д’Арланд ажыццявілі першы 25-мінутны палёт. Франц. вучоны Ж.​Шарль прапанаваў напаўняць паветр. шары вадародам. Палёт на такім шары здзейснілі Шарль і Н.​Л.​Рабер 1.12.1783 (2,5 гадз, дасягнута выш. 3400 м). У Расіі першыя палёты на паветр. шары адбыліся ў 1803 у Пецярбургу і Маскве. Праект кіравальнага аэрастата (з паветраным вінтом, які круціўся ўручную) прапанаваў у 1784 франц. інжынер Ж.​Мёнье. Першы палёт на кіроўным апараце (дырыжаблі) з паравым рухавіком ажыццявіў у 1852 франц. інжынер А.​Жыфар. У сярэдзіне 19 ст. побач са свабоднымі знайшлі выкарыстанне прывязныя аэрастаты (для вывучэння атмасферы, геагр. даследаванняў, ваен. мэт). Працягласць палётаў свабодных аэрастатаў складала некалькі гадзін, выш. да 4 тыс. м. Скорасць кіравальных аэрастатаў да канца 19 ст. дасягнула 15 км/гадз. У 1875 Дз.​І.​Мендзялееў прапанаваў ідэю стратастата для правядзення навук. даследаванняў у метэаралогіі, аэралогіі, астраноміі. У 1887 К.​Э.​Цыялкоўскі распрацаваў праект цэльнаметал. бескаркаснага дырыжабля, аб’ём якога мог мяняцца ў час палёту. У 1900 у Германіі ажыццёўлены першы палёт дырыжабля жорсткай сістэмы канструкцыі Ф.Цэпеліна, які стаў асновай для дырыжабляў, што будаваліся ў Германіі, Вялікабрытаніі, ЗША у ваен. мэтах. З пач. 20 ст. атрымалі пашырэнне больш дасканалыя змейкавыя аэрастаты (створаныя ў 1893 немцам А.​Парзевалем), выкарыстоўваліся для разведкі поля бою, карэкціроўкі артыл. стральбы, пазней і як загарода супраць самалётаў. У 1-ю сусв. вайну на ўзбраенні развітых краін былі розныя тыпы дырыжабляў для бамбардзіровак і далёкай разведкі (аб’ём ад 1500 да 68 тыс. м³, скорасць палёту 80—130 км/гадз, выш. да 5000 м). Пасля вайны ў ЗША, Францыі, Італіі, Германіі і інш. будаваліся дырыжаблі аб’ёмам да 184 тыс. м³ для перавозкі пасажыраў, грузаў і для ваен. мэт. У 1926 Р.Амундсен на дырыжаблі паўжорсткай сістэмы «Нарвегія» (канструкцыя італьян. інж. У.Нобіле) зрабіў беспасадачны пералёт з в-ва Зах. Шпіцберген праз Паўн. полюс на Аляску. У 1929 ням. дырыжабль «Граф Цэпелін» здзейсніў кругасветны пералёт за 21 сут з сярэдняй скорасцю 177 км/гадз. У 1931 бельгійцы А.​Пікар і М.​Кіпфер на стратастаце падняліся на выш. 15 780 м, сав. стратанаўты ў 1933 дасягнулі выш. 19 тыс. м, у 1934—22 тыс. м. У Вял. Айч. вайну шырока выкарыстоўваліся аэрастаты назірання і загараджэння. З 1950-х г. у многіх краінах створаны беспілотныя (аўтаматычныя) аэрастаты для вывучэння паветр. цячэнняў, геагр. і медыка-біял. даследаванняў, пад’ёму тэлескопаў і інш.

Літ.:

Жуковский Н.Е. Собр. соч. Т. 6. Теоретические основы воздухоплавания. М.; Л., 1950;

Анощенко Н.Д. Воздухоплаватели. М., 1960;

Броуде Б.Г. Воздухоплавательные летательные аппараты. М., 1976.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Паветраплаванне: 1 — дырыжабль А.​Жыфара; 2, 3 — свабодны і прывязны аэрастаты (ЗША, 1980-я г.).

т. 11, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1655—60,

вайна Швецыі і яе саюзнікаў (Брандэнбург і Трансільванія) супраць Рэчы Паспалітай, пазней таксама супраць Аўстрыі, Даніі, Брандэнбурга і Галандыі. Імкнучыся авалодаць пруска-літ. узбярэжжам Прыбалтыкі, якое належала Рэчы Паспалітай, шведскі кароль Карл X Густаў (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) у ліп. 1655 напаў на Польшчу. Вайна пачалася ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. За паўгода шведы захапілі большую частку тэр. Польшчы і Жамойць (гэты перыяд вайны ў гістарыяграфіі Польшчы вядомы пад наз. «Патоп»). Кароль Ян II Казімір выехаў з краіны. Паражэнні Рэчы Паспалітай у войнах са Швецыяй і Расіяй падштурхнулі «сепаратысцкую» партыю ВКЛ на чале з Я.Радзівілам падпісаць Кейданскі дагавор 1655, паводле якога ВКЛ парывала дзярж. унію з Польшчай і заключала яе са Швецыяй. У студз. 1656 саюз са Швецыяй заключыў брандэнбургскі курфюрст і прускі герцаг Фрыдрых Вільгельм. Акупацыя Польшчы шведамі выклікала шырокае нар. супраціўленне і партыз. барацьбу, да якой далучылася і шляхта. Аднавіла ваен. дзеянні польская армія. Каронныя гетманы С.​Патоцкі і С.​Лянцкаронскі адступілі ад прысягі шведскаму каралю і арганізавалі канфедэрацыю ў Тышкоўцах, якая пасля вяртання Яна II Казіміра ператварылася ў генеральную канфедэрацыю. Нягледзячы на паражэнне польскіх войск пад камандаваннем С.​Чарнецкага пад Голамбам 17—18.2.1656, хутка настаў пералом. Гал. сілы Карла X Густава трапілі ў акружэнне ў сутоках рэк Сан і Вісла, а войска, што ішло яму на дапамогу, 7.4.1656 разбіта пад Варкай. 1 ліп. вызвалена Варшава. Пасля паражэння 8 кастр. арміі Фрыдрыха Вільгельма пад Просткамі шведскі кароль выступіў з праектам падзелу Рэчы Паспалітай паміж Швецыяй, Брандэнбургам, Трансільваніяй, укр. казакамі і Б.Радзівілам. Аднак пачынаючы з 1-й пал. 1657 шведаў сталі паступова выцясняць з Польшчы. На бок Рэчы Паспалітай стаў імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Леапольд I (май 1657) і перайшоў Фрыдрых Вільгельм (Вяляўска-Быдгашчцкія трактаты вер.—ліст. 1657). 11.6.1657 вайну Швецыі аб’явіў дацкі кароль Фрэдэрык III, які, аднак, пацярпеў паражэнні: шведы занялі Ютландыю і высадзіліся на дацкія астравы. Данія і Швецыя падпісалі мір (8.3.1658 у Раскіле), паводле якога Швецыя атрымала паўвостраў Сконе і інш. дацкія ўладанні ў Скандынавіі. У жн. 1658 Карл X Густаў парушыў мір і аблажыў Капенгаген. На дапамогу датчанам прыйшлі аўстрыйскія, брандэнбургскія, польскія (на чале з Чарнецкім) войскі і галандскі флот. Правал шведскага штурму Капенгагена ў лют. 1659 і канчатковае выгнанне шведаў з Польшчы вырашылі зыход вайны. Смерць Карла X Густава аблегчыла мірныя перагаворы, якія завяршыліся падпісаннем Аліўскага міру 1660 паміж Швецыяй і Рэччу Паспалітай і Капенгагенскага міру 1660 паміж Швецыяй і Даніяй. Швецыя захавала тэрытарыяльныя набыткі, прадугледжаныя Раскільскім дагаворам (за выключэннем некаторых пунктаў). Кароль польскі і вял. кн. літ. Ян II Казімір адмовіўся ад прэтэнзій на шведскі трон. Рэч Паспалітая прызнала шведскія заваяванні ў Інфлянтах на Пн ад Дзвіны; Курляндскае і Земгальскае княства і Інфлянцкае ваяв. засталіся ў Рэчы Паспалітай як сумеснае ўладанне Польшчы і ВКЛ.

Літ.:

Szełągowski A. Sprawa północna w wiekach XVI i XVII. Cz. 3. Warszawa, 1905;

Яго ж. Walka o Bałtyk. 2 wyd. Lwów, 1921;

Konopczyński W. Polska a Szwecja od pokoju oliwskiego do upadku Rzeczypospolitej 1660—1795. Warszawa, 1924;

Polska w okresie drugiej wojny północnej 1655—1660: Mapy i szkice. Warszawa, 1957;

Wojna polsko-szwedzka 1655—1660. Warszawa, 1973.

т. 12, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)