карнілаўшчына, узброенае выступленне рас.вярх. галоўнакамандуючага Л.Г.Карнілава супраць Часовага ўрада 25—31.8(7—13.9).1917 з мэтай устанаўлення ваен. дыктатуры ў Расіі. Пачаўся пасля заключэння ў жн. 1917 паміж ваен. міністрам А.Ф.Керанскім і Карнілавым сакрэтнага пагаднення пра замену ўрадавымі войскамі збальшавізаваных часцей Петраградскага гарнізона і наступным утварэнні больш моцнага Часовага ўрада ва ўмовах пагаршэння становішча на фронце (захоп Рыгі герм. войскамі) і актывізацыі курсу бальшавікоў на ўзяцце ўлады шляхам узбр. паўстання. Паводле загаду Карнілава карпусы генералаў А.М.Крымава і Дз.П.Баграціёна рушылі з Магілёва ў бок сталіцы. 26.8(8.9).1917 Часовы ўрад абвінаваціў Карнілава ў імкненні выйсці за межы дамоўленасці, загадаў яму здаць пасаду галоўнакамандуючага і неадкладна прыбыць у Петраград, які быў аб’яўлены на ваен. становішчы. У адказ Карнілаў абвінаваціў Часовы ўрад у тым, што ён трапіў пад уплыў бальшавікоў і дзейнічае на карысць герм.ген. штаба. 28.8(10.9).1917 цэнтр. выканаўчыя к-ты Саветаў у Петраградзе выказаліся ў падтрымку ўрада ў барацьбе супраць Карнілава. Былі створаны цэнтр для ліквідацыі мяцяжу (К-тнар. барацьбы з контррэвалюцыяй) і грамадскія антыкарнілаўскія к-ты. Аднымі з галоўных кіраўнікоў і арганізатараў барацьбы з карнілаўшчынай выступілі бальшавікі. Яны пачалі мабілізацыю рабочых і салдат, атрады якіх сканцэнтраваліся пад Петраградам, Нарвай, Ноўгарадам, Псковам. Супраць карнілаўскіх войск былі накіраваны салдаты рэв. часцей петраградскага гарнізона, маракі Балт. флоту, чырвонагвардзейцы. Бальшавіцкія агітатары растлумачвалі салдатам і казакам карнілаўскіх часцей контррэв. сэнс карнілаўшчыны. У гэтых умовах войскі Крымава і Баграціёна пачалі далучацца да ўрадавых сіл (узбр. сутыкненняў практычна не было), усе іх часці былі вернуты на месцы сваёй дыслакацыі. Пасля ліквідацыі пагрозы ўзбр. барацьбы была створана Надзвычайная следчая камісія для высвятлення акалічнасцей удзелу ў мяцяжы вышэйшых кіраўнікоў арміі. 30.8(12.9).1917 вярх. галоўнакамандуючым прызначаны Керанскі, а яго нам. — ген. М.В.Аляксееў, які выехаў у Магілёў для перагавораў з Карнілавым. 1(14).9.1917 магілёўскі гарнізон абвясціў аб падтрымцы Часовага ўрада. Генералы Карнілаў, А.С.Лукомскі, І.П.Раманоўскі, С.А.Маркаў, І.Г.Эрдэлі, А.І.Дзянікін былі арыштаваны. Іх трымалі ў турме г. Быхаў, адкуль яны 20.11.1917 уцяклі на Дон.
Калі стала вядома пра выступленне Карнілава, у буйнейшых гарадах Беларусі пачалі ўтварацца антыкарнілаўскія к-ты. Выканком Зах. фронту ў Мінску звярнуўся з адозвай да арміі і насельніцтва з патрабаваннем падпарадкоўвацца толькі Часоваму ўраду, выказаўся за неабходнасць арышту Карнілава, устанавіў кантроль за адпраўкай войск на Петраград. З прадстаўнікоў Франтавога к-та, выканкомаў Мінскага Савета і гар. думы быў створаны Часовы рэв.к-тЗах. фронту (старшыня — эсэр А.М.Кажэўнікаў, нам. — бальшавік К.І.Ландар). Усе распараджэнні к-та рабіліся ад імя ваен. камісара Зах. фронту меншавіка У.В.Жданава. К-т сканцэнтраваў у сваіх руках агульнае кіраўніцтва ўсімі рэв. арг-цыямі Зах. фронту. Каб захаваць спакой і знізіць небяспеку, былі абмежаваны дэмакр. свабоды, уведзена цэнзура і ўсталяваны нагляд за друкарнямі Мінска, прыняты захады па недапушчэнні выкарыстання Карнілавым войск Зах. фронту, кантралявалася перамяшчэнне войск на ўсіх вузлавых станцыях Мінскай ваен. акругі. У Віцебску супраць Карнілава дзейнічала ваен. бюро. Антыкарнілаўскія к-ты (пераважна з эсэраў і меншавікоў) былі створаны і ў Гомелі, Магілёве, Оршы, Бабруйску, Мазыры і інш. Бальшавікі, аўтарытэт якіх вырас у сувязі з ліквідацыяй мяцяжу, абвінавацілі Часовы ўрад і вышэйшае ваен. камандаванне у тых жа злачынствах, што і Карнілава.
Літ.:
Иоффе Г.З. «Белое дело»: Генерал Корнилов. М., 1989;
Сяменчык М.Я. Карнілаўшчына на Беларусі: На шляхах да гіст. праўды // Пытанні гісторыі і метадалогіі гістарычнай навукі: 36. арт.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ ФРО́НТ,
1) аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне рас. армій на паўн.-зах. напрамку ў 1-ю сусв. вайну. Утвораны 1.8.1914 у складзе 1-й, 2-й і 10-й (са студз. 1915) армій; тылавым раёнам фронту былі Дзвінская ваенная акруга і Мінская ваенная акруга. 17.8.1914 фронт пачаў наступленне і ў ходзе Усходне-Прускай аперацыі 1914 напачатку меў значны поспех, але потым пацярпеў паражэнне і да 15 вер. адведзены на рубеж рэк Нёман і Нараў. Нягледзячы на няўдачу, баявыя дзеянні садзейнічалі зрыву герм. наступлення ў Марнскай бітве 1914 у Францыі (гл.Марнскія бітвы). У вер.—ліст. 1914 войскі фронту паспяхова дзейнічалі ў Варшаўска-Івангародскай і Лодзінскай аперацыях; у пач. 1915 вялі абарончыя і наступальныя баі (Аўгустоўская і Праснышская аперацыі), адцяснілі праціўніка да межаў Усх. Прусіі. На пач. лета 1915 у склад фронту ўваходзілі 1-я, 2-, 3-, 4-, 5-, 12- і 13-я арміі. У ходзе Нараўскай аперацыі (13.7—2.8.1915) войскі фронту паспяхова абараняліся, аднак з-за пагрозы ўдараў з флангаў адышлі да Зах. Дзвіны. Паводле дырэктывы Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ад 17.8.1915 П.-З.ф. падзелены на Заходні фронт 1915—18 і Паўночны фронт 1915—18. Яго галоўнакамандуючыя: генерал ад кавалерыі Я.Р.Жылінскі (1.8. — 16.9.1914), генералы ад інфантэрыі М.У.Рузскі (16.9.1914 — сак. 1915), М.В.Аляксееў (30.3.—17.8.1915).
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у савецка-фінляндскую вайну 1939—40. Утвораны 7.1.1940 на базе ўпраўлення Ленінградскай ваен. акругі для аб’яднання дзеянняў 2-й і 13-й армій. У склад фронту ўключаны вайсковыя часці, злучэнні і большасць устаноў акругі. Баявыя дзеянні пачаліся 30.11.1939, аднак наступленне Чырв.Арміі на «Манергейма лініі» было прыпынена. У лют.—сак. 1940 сав. армія з вял. стратамі прарвала фінл. абарончыя ўмацаванні і выйшла да г. Вііпуры (цяпер Выбарг, Расія), які быў узяты штурмам. 12 сак. 1940 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж СССР і Фінляндыяй. 26.3.1940 у сувязі з заканчэннем ваен. дзеянняў П.-З.ф. расфарміраваны. Камандуючы фронтам камандарм 1-га рангу (з 1940 Маршал Сав. Саюза) С.К.Цімашэнка.
Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне сав. войск у Вял.Айч. вайну на паўн.-зах. напрамку. Створаны 22.6.1941 на базе ўпраўлення і войск Прыбалт. ваен. акругі (з 17.8.1940 — асобы) у складзе 8-й, 11, 27-й армій, ВПС акругі і інш. Удзельнічаў у прыгранічных бітвах 1941, стрымліваў удары ням.-фаш. войск групы армій «Поўнач» і часткі сіл групы армій «Цэнтр», у т. л. прыкрываў з поўначы тэр. Беларусі. Аднак пад націскам пераважаючых сіл праціўніка (па асабовым складзе ў 1,5 раза, па танках у 1,3 раза, па гарматах і мінамётах у 2 разы, па самалётах у 1,22 раза) войскі фронту 29 чэрв. адышлі да Зах. Дзвіны, а 8-я армія, адрэзаная ад гал. сіл, адступіла на Пн, да граніцы Эстоніі. Найб. жорсткія баі адбыліся пры абароне Ліепаі, Даўгаўпілса і Таліна. У першыя дні вайны ВПС фронту і далёкабамбардзіровачная авіяцыя наносілі бомбавыя ўдары па Кёнігсбергу (Калінінград, Расія), Мемелі (Клайпеда, Літва), Берліне (з 8 жн. па 4 вер. 1941). Войскі П.-З.ф. ўдзельнічалі ў бітве за Ленінград, у Таропецка-Холмскай, Старарускай, Дзямянскіх аперацыях 1942 і 1943. Расфарміраваны 20.11.1943, а яго злучэнні і часці ўвайшлі ў склад Прыбалтыйскага фронту. Камандуючыя фронту: ген.-палк. Ф.І.Кузняцоў (чэрв.—ліп. 1941), ген.-м. П.П.Сабеннікаў (ліп.—жн. 1941), ген.-лейт. (са жніўня ген.-палк.) П.А.Курачкін (жн. 1941 — кастр. 1942 і чэрв.—ліст. 1942), Маршал Сав. Саюза С.К.Цімашэнка (кастр. 1942 — сак. 1943), ген.-палк. І.С.Конеў (сак.—чэрв. 1943).
Літ.:
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Губин И.А. Слово о Краснознаменном Прибалтийском. Рига, 1981;
Третьяк С. Зимняя кампания 1939—1940 гг. // Армия. 2000. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
карці́на, ‑ы, ж.
1. Твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы і інш. Пісаць карціну. Карціна І. Я. Рэпіна «Запарожцы». Выстаўка карцін.
2.перан. Тое, што можна бачыць або ўяўляць сабе ў канкрэтных вобразах. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой.Васілевіч.// Літаратурнае, вобразнае апісанне чаго‑н. Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка».Палітыка.Малюючы карціны бітваў Чырвонай Арміі з белапалякамі, напаўняючы гэтыя карціны рамантыкаю барацьбы, пісьменнік, аднак, не захапляецца толькі гэтым бокам падзей.Арабей.// Агульнае становішча чаго‑н. — Я раненька ў праўленне прыбег, усе дакументы па будаўніцтву — на стол: колькі збудавалі за гэтыя гады, колькі па планах трэба пабудаваць, колькі ёсць у нас на калгасныя патрэбы дошак, цвікоў — поўная карціна, адным словам.Савіцкі.[Камандуючы:] Вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка.Крапіва.
3.Разм. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваёй незвычайнасцю. — А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-рціна!Лынькоў.
4. Частка акта ў драматычным творы, якая патрабуе самастойнай дэкарацыі. Драма ў трох актах і пяці карцінах.
5.Разм. Кінакарціна, кінафільм. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна.Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕ́РШАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1914—18,
вайна паміж дзвюма кааліцыямі дзяржаў: Цэнтральнымі дзяржавамі (Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя, Балгарыя) і Антантай (Расія, Францыя, Вялікабрытанія, Сербія, пазней Японія, Італія, Румынія, ЗША і інш.). Усяго ўдзельнічала 38 дзяржаў (разам з дамініёнамі і калоніямі) з насельніцтвам больш за 1,5 млрд.чал. Выклікана абвастрэннем супярэчнасцей сярод гал.капіталіст. краін за ўмацаванне свайго панавання ў свеце, за перадзел ужо падзеленага свету і падпарадкаванне інш. народаў. Тая акалічнасць, што некат. краіны (напр., Сербія, Чарнагорыя) вялі нац.-вызв. барацьбу, не мяняе агульнага імперыял. характару вайны.
Германія імкнулася дамагчыся панавання ў Еўропе, разграміць свайго гал.эканам. канкурэнта — Англію, пазбавіць яе калоній і ваенна-марскога флоту; разбіць Францыю, Бельгію, Галандыю і захапіць іх калоніі; аслабіць Расію, забраць у яе Польшчу, Беларусь, Украіну, Прыбалтыку, замацавацца на Балканах і Б. Усходзе. Аўстра-Венгрыя хацела захапіць Сербію і Чарнагорыю, Турцыя — рас. Закаўказзе, Балгарыя — усх.ч. Сербіі. Англія імкнулася захаваць сваё калан. панаванне, для чаго намервалася разграміць Германію, захапіць яе калоніі і адваяваць арабскія тэрыторыі ў Турцыі. Францыя разлічвала вярнуць сабе захопленыя Германіяй у 1871 правінцыі Эльзас і Латарынгію і завалодаць сумежным Саарскім вугальным басейнам, абараніць свае калоніі (найперш Марока) ад дамаганняў Германіі. Расія імкнулася адлучыць ад Аўстра-Венгрыі Галіцыю, завалодаць Канстанцінопалем (Стамбулам) і Чарнаморскімі пралівамі. Свае агрэсіўныя мэты мелі Японія, Італія і інш.Гал.імперыял. дзяржавы спадзяваліся таксама, што вайна дапаможа адцягнуць прац. масы метраполій ад рэв. руху, а калан. народы — ад нац.-вызв. барацьбы. Рыхтуючыся да перадзелу свету, Германія (гал. ініцыятар вайны) заключыла ў 1879 ваен. саюз з Аўстра-Венгрыяй, да якога ў 1882 далучылася Італія, і т.ч. быў створаны Траісты саюз. Гэтаму блоку супрацьстаяла Антанта, сфарміраваная ў 1907. Кіраўніцтва 2-га Інтэрнацыянала падтрымала свае ўрады і т.ч. адмовілася ад сваіх ранейшых антываен. рэзалюцый Штутгарцкага (1907) і Базельскага (1912) кангрэсаў аб інтэрнац. салідарнасці працоўных. Супраць імперыяліст. вайны выступілі рас. бальшавікі і шэраг левых груповак у інш.с.-д. партыях.
Зачэпкай для вайны паслужыла забойства членамі сербскай падп. арг-цыі 28.6.1914 у Сараеве (тады ў Аўстра-Венгрыі) наследніка аўстр. трона эрцгерцага Франца Фердынанда (гл.Сараеўскае забойства). 28.7.1914 Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. Расія заявіла пра падтрымку Сербіі і пачала частковую, а 30 ліп. агульную мабілізацыю. 1.8.1914 Германія аб’явіла вайну Расіі, а 3 жн. — Францыі. Англія 4 жн. заявіла аб стане вайны з Германіяй. Вайну Германіі аб’явілі таксама англ. дамініёны (Аўстралія, Канада, Новая Зеландыя і Паўд.-Афрыканскі Саюз). 23 жн. супраць Германіі выступіла Японія. 29 кастр. на баку аўстра-герм. блока ў вайну ўступіла Турцыя. Напярэдадні вайны аўстра-герм. блок разгарнуў 193 дывізіі (3,5 млн.чал.), дзяржавы Антанты — 287 дывізій (6 млн.чал.). Германія сканцэнтравала на Зах. фронце 7 армій у складзе 96 дывізій. Ва Усх. Прусіі знаходзілася 8-я армія (14 дывізій), 2 дывізіі былі на Брэслаўскім (Вроцлаўскім) напрамку. Аўстра-Венгрыя разгарнула ў Галіцыі 4 арміі (45,5 дывізіі), супраць Сербіі — 2 арміі (14 дывізій). Турэцкія ўзбр. сілы (0,5 млн. чал) у складзе 14 карпусоў разгарнуліся ў 6 арміях: каля Стамбула, у Тур. Арменіі, Месапатаміі, Сірыі і Палесціне. Францыя сканцэнтравала на фронце 85 дывізій. Экспедыцыйная армія Англіі налічвала 5,5 дывізіі (87 тыс.чал.) і разгарнулася ў раёне Брусель—Льеж—Намюр. Узбр. сілы Расіі стварылі 2 фронты — Паўночна-Заходні фронт 1914—15 (у пач. вайны 2 арміі, 381 тыс.чал.) на мяжы з Усх. Прусіяй і Паўд.-Зах. фронт (4 арміі, 697 тыс.чал.) на подступах да Галіцыі. Сербія выставіла 13 дывізій (247 тыс.чал.), Чарнагорыя — 6 дывізій (60 тыс.чал.).
Герм. войскі пачалі наступленне на Зах.-еўрап. фронце 2.8.1914. Хутка яны прайшлі Бельгію і Люксембург, захапілі паўн. дэпартаменты Францыі і прасунуліся да Парыжа. 5—12 вер. паміж Вердэнам і Парыжам разгарнулася вял. бітва на р. Марна з удзелам 6 англа-франц. і 5 герм. армій (гл.Марнскія бітвы). У выніку ўпартага супраціўлення саюзнікаў немцы страцілі ініцыятыву, і ў ліст. знясіленыя бакі перайшлі да абароны, якая паклала пачатак пазіцыйнай вайне. Поспеху англа-французаў у значнай меры паспрыяла наступленне рас. войск на Усх.-герм. фронце, што вымусіла немцаў ужо 26 жн. пачаць перавод ч. войск на У.
Першы перыяд кампаніі 1914 на ўсх.-еўрап. тэатры ваен. дзеянняў адзначаны 2 буйнымі наступленнямі: Усходне-Прускай аперацыяй 1914 і Галіцыйскай бітвай 1914. У ходзе наступлення на Усх. Прусію 2 рас.арміі пасля першых поспехаў пацярпелі цяжкае паражэнне і адступілі. Важнае месца займалі баі на Паўд.-Зах. фронце. 18 жн. ў ходзе Галіцыйскай бітвы пачалося наступленне 8-й армііген. А.А.Брусілава. На працягу месяца рас. войскі разбілі аўстра-венграў, занялі Львоў, адкінуўшы праціўніка да Карпат, і блакіравалі крэпасць Перамышль (здалася 22.3.1915). Аднак саюзнікі прапанавалі Расіі наступаць супраць Германіі. Рас. камандаванне перагрупавала гал. сілы з р. Сан на сярэднюю Віслу да Варшавы. У ходзе Варшаўска-Івангародскай аперацыі 1914рас. войскі атрымалі перамогу. У Закаўказзі рас. армія адбіла наступленне туркаў на Ардахан і Сарыкамыш (гл.Сарыкамышская аперацыя 1914—15) і перанесла ваен. дзеянні на тэр. праціўніка. На аўстра-сербскім фронце ў жн.—вер. 1914 сербы адкінулі ворага за межы краіны. Гал. вынікам барацьбы на моры было ўсталяванне Англіяй блакады герм. ўзбярэжжа, што адрэзала Германію ад яе калоній і паўплывала на ўвесь ход вайны. У цэлым кампанія 1914 завяршылася перамогай Антанты, планы герм.Ген. штаба на «маланкавую вайну» праваліліся. У кампанію 1915, не маючы сіл для наступальных аперацый на абодвух тэатрах ваен. дзеянняў, герм. камандаванне вырашыла засяродзіць гал. ўвагу на ўсх.-еўрап. тэатры, каб вывесці Расію з вайны. На зах.-еўрап. тэатры планавалася заняць абарону. У выніку масіраванага наступлення герм. і аўстра-венгерскія войскі у чэрв. 1915 захапілі б.ч. Польшчы, у т. л. 4 жн. — Варшаву; фронт наблізіўся да Беларусі.
У жн. 1915 пачалося герм. наступленне ў напрамку Коўна—Вільня—Мінск. 9.9.1925 у стыку Паўночнага фронту 1915—18 і Заходняга фронту 1915—18 немцы здзейснілі Свянцянскі прарыў 1915, захапілі г. Вілейку. У вер.рас. войскі пакінулі Вільню, Гродна, Ліду, Брэст, Пінск і інш. гарады зах. Беларусі. Стаўка Вярх. Галоўнакамандавання была пераведзена з г. Баранавічы ў Магілёў. 19 вер. перадавыя ням. раз’езды перарэзалі чыгунку Мінск—Масква ў раёне Смалявіч. Вял. намаганнямі рас. войскам удалося ліквідаваць прарыў і адкінуць праціўніка ў раён азёр Свір і Нарач. У кастр. 1915 фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск. Каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй.
На зах.-еўрап. тэатры англа-франц. войскі правялі шэраг абмежаваных аперацый на вузкіх участках фронту. 22.4.1915 у ходзе баёў каля г. Іпр (Бельгія) немцы ўпершыню ўжылі зброю масавага паражэння — газ хлор. У канцы вер. 1915 франц.-англ. войскі правялі наступальную аперацыю ў Шампані. Аднак прарваць фронт ім не ўдалося. 23.5.1915 Італія выйшла з Траістага саюза і аб’явіла вайну Аўстра-Венгрыі (узнік новы італьян. фронт). У лют. 1915 англа-франц. войскі высадзілі дэсант на беразе праліва Дарданелы з мэтаю захопу Стамбула, але іх штурмы былі адбіты туркамі (у студз. 1916 дэсант эвакуіраваны). Паражэнне гэтага дэсанта і адыход рас. войск з Галіцыі паўплывалі на рашэнне Балгарыі ўступіць 14.10.1915 у вайну на баку аўстра-герм.-тур. блоку. Гэта пагоршыла становішча сербскай арміі, якая пад ударамі Аўстра-Венгрыі і Балгарыі адступала да Адрыятыкі; яе рэшткі эвакуіраваны саюзнікамі на востраў Корфу. У выніку паражэння Сербіі ўсталяваліся бесперашкодныя зносіны паміж Германіяй і Турцыяй.
На азіяцка-каўказскім тэатры ваен. дзеянняў рас. войскі паспяхова прасоўваліся ў напрамку воз. Ван і Алашкерт, баі вяліся на тэр. Ірана. Аднак туркі разграмілі англічан у Месапатаміі і акружылі іх корпус у Кут-эль-Амары, у Егіпце — падышлі да Суэцкага канала. На моры герм. падводны флот разгарнуў «бязлітасную вайну» супраць усіх караблёў, у т. л. і нейтральных краін (гл.Падводная вайна). За 1915 Германія і яе саюзнікі дасягнулі значных поспехаў на ўсх.-еўрап., балканскім і азіяцкім тэатрах, захапілі вял. тэрыторыі. Аднак на зах.-еўрап. тэатры Англія і Францыя паспяхова трымалі фронт. На 1916 краіны Антанты запланавалі правесці 2 скаардынаваныя аперацыі: 15 чэрв. на ўсх.-еўрап. і 2 ліп. на зах.-еўрап. тэатрах. У кампаніі 1916 на зах.-еўрап. тэатры вылучыліся 2 аперацыі — каля крэпасці Вердэн (гл.Вердэнская аперацыя 1916) і на р. Сома. 1 ліп. англа-франц. войскі пачалі наступленне на Соме, найб. моцныя баі адбыліся восенню 1916. Тут англічане ўпершыню выкарысталі новую ваен. тэхніку — танкі. Немцы аслабілі, а потым і спынілі націск на Вердэн; у кастр.—снеж. французы выбілі іх з найб. важных пазіцый у раёне крэпасці. Бакі страцілі сотні тыс.чал., але лінія фронту на ўчастку 35 км прасунулася ўглыбіню толькі на 10 км. Каб аслабіць герм. атакі на Вердэн, рас. армія датэрмінова правяла у сак.Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова. Больш значны поспех мела Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (пачалося 4.6.1916) пад камандаваннем ген. Брусілава. 8-я армія ўзяла Луцк, 9-я армія выйшла на лінію р. Стаход, а потым заняла Букавіну і ч.Усх. Галіцыі. 29.7.1916 войскі Зах. фронту правялі Баранавіцкую аперацыю 1916, але прарваць фронт не змаглі. У выніку «Брусілаўскага прарыву» праціўнік панёс страты да 1,5 млн.чал. і быў вымушаны спыніць сваё наступленне ў Італіі, Аўстра-Венгрыі быў нанесены такі ўдар, пасля якога яна да канца вайны ўжо не здолела весці актыўныя баявыя дзеянні.
Англа-франц. наступленне на Соме і рас. наступленне ў Галіцыі прадвырашылі пералом у 1-й сусв. вайне на карысць Антанты. Пад уражаннем гэтых перамог 27.8.1916 у вайну ўступіла Румынія, спадзеючыся адваяваць ў Аўстра-Венгрыі Трансільванію. Аднак рум. армія была хутка разбіта перакінутымі на дапамогу аўстрыйцам герм. войскамі; немцы занялі Бухарэст. Рас. войскі ўступілі ў Румынію. У канцы снеж. 1916 Рум. фронт стабілізаваўся. У 1916 у абмен на зброю для Расіі ў Францыю і на Балканы перакінуты Рус. экспедыцыйныя корпусы. На азіяцка-каўказскім тэатры ў 1916 рас. войскі ўзялі Эрзурум, Трапезунд, Эрзінджан; англічане ж тут дзейнічалі няўдала: акружаны ў 1915 корпус у Кут-эль-Амары 28.4.1916 капітуляваў. Восенню 1916 туркі трымалі супраць рускіх 27, а супраць англічан 18 дывізій.
Летам 1916 адбылася Ютландская бітва 1916 — адзіная буйная бітва на моры, у якой ням. караблі не здолелі перамагчы англ. флот і ліквідаваць марскую блакаду. У канцы 1916 — пач. 1917 стратэг. ініцыятыва ў цэлым перайшла да Антанты, аднак Расія была настолькі стомлена, што пэўныя прыдворныя колы пачалі шукаць сепаратнага міру з Германіяй. 6.4.1917 у вайну на баку Антанты ўступілі ЗША. Няўдалае крас. наступленне англа-франц. войск у раёне Араса, Сен-Кантэна і Рэймса (загінула больш за 200 тыс.чал.) выклікала хваляванні ў франц.арміі, у Рус. экспедыцыйным корпусе пачаўся рух за вяртанне на радзіму. На італьян. і азіяцка-тур. тэатрах саюзнікі пераламілі ход вайны на сваю карысць. У Расіі ў выніку Лютаўскай рэвалюцыі 1917 самадзяржаўе было скінута і да ўлады прыйшоў Часовы ўрад, які ў пытаннях працягу вайны быў яшчэ ў большай залежнасці ад зах. саюзнікаў, чым царызм. Аднак шматлікія ахвяры і эканам. цяжкасці, выкліканыя вайной, рабілі яе ўсё больш непапулярнай у салдацкіх масах; на фронце адбывалася братаннерус. і герм. салдат; з’явіўся лозунг рас. бальшавікоў аб пераўтварэнні вайны імперыял. у грамадзянскую. 1.7.1917 пачалося няўдалае наступленне рас. войск Зах. фронту. У канцы жн. (пач.вер.) 1917 герм. войскі авалодалі Рыгай. Адразу пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 савецкі ўрад Расіі прыняў Дэкрэт аб міры, у якім прапанаваў усім ваюючым бакам пачаць перагаворы з мэтай заключэння справядлівага міру без анексій і кантрыбуцый. У сувязі з адмовай англа-франц. блоку ад гэтых прапаноў сав. ўрад пачаў сепаратныя перагаворы з аўстра-герм. кааліцыяй і 4.12.1917 падпісаў з ёю Дагавор аб перамір’і на Заходнім фронце 1917. У лют. 1918 іх саюзнікі парушылі перамір’е, пачалі буйнамаштабнае наступленне на ўсіх франтах. Паколькі старая армія развальвалася, а часці Чырв.Арміі толькі ствараліся, праціўніку ўдалося захапіць вял. тэрыторыю па лініі Нарва—Растоў-на-Доне, у т. л. ў Беларусі па лініі Расоны—Полацк—Сянно—Орша—Магілёў—Жлобін—Навазыбкаў. Туркі ўварваліся ў Закаўказзе.
3.3.1918 быў падпісаны Брэсцкі мір 1918. З сак. па ліп. 1918 герм. камандаванне правяло 4 наступальныя аперацыі на зах.-еўрап. тэатры, выкарыстаўшы апошні шанц завяршыць вайну на сваю карысць, але беспаспяхова. 8—13 жн. саюзнікі правялі Ам’енскую аперацыю 1918 і нанеслі буйное паражэнне немцам. 26.9.1918 англа-франц. і амер. войскі перайшлі ў агульнае наступленне, прарвалі герм. абарону і вымусілі праціўніка пакінуць тэр. Францыі. У 1918 вырашальныя перамогі былі атрыманы саюзнікамі і на інш. тэатрах. 29 вер. капітулявала Балгарыя, 30 кастр. — Турцыя, 3 ліст. — Аўстра-Венгрыя, 11 ліст. — Германія.
1-я сусв. вайна цягнулася больш за 4 гады (51 месяц і 2 тыдні) і мела надзвычай разбуральны характар. З 74 млн.чал., мабілізаваных з 33 дзяржаў і 5 калоній, загінула і памерла ад ран каля 10 млн.чал., паранена больш за 20 млн.чал., каля 10 млн.чал. памерла ад эпідэмій і голаду. Вайна забрала вял. ахвяры і сярод мірнага насельніцтва: у выніку артабстрэлаў і паветраных бамбардзіровак гінулі жыхары гарадоў; тур. ўлады ўчынілі генацыд армян; падводныя лодкі тапілі пасажырскія судны. Вельмі цяжкім было становішча ў Беларусі. Зах. губерні, у т. л.бел., былі аб’яўлены на ваен. становішчы, уводзіўся жорсткі ваен.-паліцэйскі рэжым. У бел. губернях у дзеючую армію было мабілізавана 50% мужчын. Астатняе працаздольнае насельніцтва прыцягвалася на абарончыя работы. У час баявых дзеянняў на Беларусі гінула мірнае насельніцтва, разбураліся гарады і вёскі, знішчаліся матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Адступленне рас. войск суправаджалася масамі бежанцаў. Колькасць прадпрыемстваў скарацілася на 65%, колькасць рабочых — больш, чым на 1/3. Пасяўныя плошчы ў неакупіраваных паветах скараціліся ў 1914—17 на 15,6%, пагалоўе жывёлы — на 11,4 (кароў на 33,9%). Пагоршылася матэрыяльнае становішча сял. мас. Адбываліся забастоўкі, салдацкія выступленні, найб. буйное — Гомельскага перасыльнага пункта паўстанне 1916. На акупіраванай тэр.зах. Беларусі герм. ўлады стварылі «Нямецкае ваеннае ўпраўленне Беласток—Гродна»; 1.2.1918 яно як састаўная ч. пад назвай «Літва—Поўдзень» уключана ў «Нямецкае ваен. ўпраўленне Літва». Акупанты праводзілі масавыя рэквізіцыі с.-г. прадукцыі, вывозілі сыравіну (асабліваму рабаванню падвергліся лясы Белавежскай пушчы) і прамысл. абсталяванне ў Германію. Такая палітыка выклікала супраціўленне насельніцтва, аж да нападаў сялян на рэквізіцыйныя атрады. Пасля акупацыі ў 1918 усх. Беларусі ўзбр. барацьба набыла арганізаваныя формы партызанскай вайны.
28.6.1919 краіны Антанты (без Расіі) падпісалі Версальскі мірны дагавор 1919 з Германіяй, паводле якога Францыя вяртала Эльзас і Латарынгію, часова акупіравала Саарскую вобл., усе герм. калоніі (у Афрыцы, Кітаі, а-вах Ціхага акіяна) пераходзілі да Англіі, Францыі, Японіі; абмяжоўваліся ўзбр. сілы і ўзбраенні Германіі, на яе ўскладвалася кантрыбуцыя. У вер. 1919 — жн. 1920 былі падпісаны выпрацаваныя на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 аналагічныя мірныя дагаворы паміж краінамі Антанты і інш. дзяржавамі герм. блоку. Пасля распаду Аўстра-Венгрыі на яе тэр. ўзніклі Аўстрыя, Венгрыя, Чэхаславакія. Сербія аб’ядналася з Чарнагорыяй і паўд.-слав. правінцыямі Аўстра-Венгрыі (Харватыя, Славенія, Далмацыя, Боснія і Герцагавіна) у Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславія). Адрадзіла незалежнасць Польшча. За кошт б. Аўстра-Венгрыі павялічылі свае тэрыторыі Румынія і Італія. Арабскія ўладанні Турцыі ў асн. перайшлі да Англіі і Францыі, Ірак атрымаў фармальную незалежнасць. Т.ч. шэраг народаў Усх. Еўропы сталі незалежнымі ці ўз’ядналі свае тэрыторыі, але іншаземнае панаванне на пазаеўрап. абшарах у асн. захавалася. ЗША за ваен. пастаўкі атрымалі вял. прыбыткі, павысілі свой міжнар. статус і ўзмацнілі прэтэнзіі на сусв. панаванне. Версальскі дагавор не ліквідаваў, а ўзмацніў супярэчнасці паміж краінамі, не задаволенымі новым перадзелам свету і паслужыў падставай падрыхтоўкі да Другой сусветнай вайны 1939—45.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. Мн., 1972;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994;
Зайончковский А.М. Мировая война 1914—1918 гг.Т. 1—3. 3 изд. М., 1938—39;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;
Португальский Р.М., Алексеев П.Д., Рунов В.А. Первая мировая в жизнеописаниях русских военачальников. М., 1994;
Такман Б. Первый блицкриг. Август 1914: Пер. с англ. М.; СПб., 1999;
Мессенджер Ч. Энциклопедия войн XX в.: Мировые конфликты с 1900 г. до наших дней: Пер. с англ.М., 2000;
Больных А. Морские битвы Первой мировой войны: Схватка гигантов. М., 2000.
П.А.Селіванаў.
Да арт.Першая сусветная вайна. Бой вядуць амерыканскія салдаты.Да арт.Першая сусветная вайна. Англійскі танк накіроўваецца да германскіх пазіцый. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Спаленая беларуская вёска. Заходні фронт. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Перавязачны пункт у Мінску.Да арт.Першая сусветная вайна. Газавая атака на Заходнім фронце. 1915.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійская кулямётная ўстаноўка, прыстасаваная для стральбы па паветраных цэлях.Да арт.Першая сусветная вайна. Расійскія крэйсер і падводная лодка на Балтыйскім моры. 1916.Да арт.Першая сусветная вайна. Братанне на руска-германскім фронце. 1917.Да арт.Першая сусветная вайна. Паветраны бой паміж германскімі і англійскімі самалётамі. 1917.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв.Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.
На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх.ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс.чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Гродне, Гродзенскі беларускі камітэт, прадстаўнічы орган бел.нац. арг-цый Гродзеншчыны ў 1918—22. Утвораны ў ліст. 1918. У яго кіраўніцтва ўваходзілі Я.Натусевіч (старшыня), У.Курбскі, Л.Дзекуць-Малей, пазней кааптаваны П.П.Аляксюк, Л.І.Заяц, Т.М.Вернікоўскі і інш. Выступаў супраць прарасійскай арыентацыі органаў мясц. самакіравання і земскіх устаноў. Ствараў бел. школы, культ.-асв. гурткі, кааператывы, выступаў за наданне бел. мове афіц. статуса. У снеж. 1918 склікаў бел. сялянскі з’езд Гродзенскага пав. У пач. 1919 выдаваў газ. «Зорка», у кастр. 1920 — студз. 1921 газ. «Беларускае слова». Намаганнямі Вернікоўскага ў студз. 1919 у Гродне адкрыты бел. клуб «Наша хатка». У лют. 1919 БНК правёў у склад магістрата Дзекуця-Малея. З прыходам у горад польск. легіянераў у маі 1919 фактычна спыніў дзейнасць, аднавіў яе ў сак. 1920. Новае кіраўніцтва [старшыня С.Баран (Баранаў), віцэ-старшыня А.Бялецкі, Дзекуць-Малей, У.Федарук і інш.] арыентавалася на бел. эсэраў і стаяла ў паліт. апазіцыі да польск. акупац. улад. Пры к-це створаны адм., арганізац., культ.-асв., дабрачынны аддзелы, юрыд. бюро. БНК ініцыіраваў стварэнне ў маі 1920 Бел. школьнай рады ў Гродне і гродзенскага кааператыва «Беларусь». Працаваў у кантакце з Цэнтральнай беларускай радай Віленшчыны і Гродзеншчыны, Часовым беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску, Грамадой беларускай моладзі ў Гродне. З прыходам Чырв.Арміі ў ліп. 1920 зноў спыніў дзейнасць. Чл. БНК Баран і Дзекуць-Малей у жн. 1920 увайшлі ў склад Гродзенскага губ. рэўкома. Пасля вяртання польск. войскаў кіраўніцтва ў БНК перахапілі т.зв. паланафілы на чале з В.А.Адамовічам, у студз. 1920 да кіраўніцтва вярнуліся бел. эсэры (старшыня Баран). У 1921 БНК перайшоў на нелегальнае становішча.
расійскі ваенна-марскі дзеяч, палярны даследчык, вучоны-гідролаг, адзін з кіраўнікоў белага руху ў грамадз. вайну. Адмірал (1918), правадз.чл.Рус.геагр.т-ва (1906). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1894). Служыў на караблях Балтыйскага (з 1895) і Ціхаакіянскага (з 1896) флатоў. Удзельнік палярных экспедыцый 1900—03 і 1908—11 (гідролаг; яго імем быў названы адзін з астравоў у Паўн. Ледавітым ак.), рус.-яп. вайны 1904—05. У 1906—09 і 1911—14 у Марскім генштабе, адначасова выкладаў у Марской акадэміі (з 1908), эксперт па ваенна-марскіх пытаннях у 3-й Дзярж. думе (1907—12). Удзельнік 1-й сусв. вайны, у т. л. як камандуючы Чарнаморскім флотам (1916—17). У жн. 1917 камандзіраваны ў Вялікабрытанію і ЗША. У кастр. 1918 разам з брыт.ген. А.Ноксам прыбыў у Омск, дзе 4 ліст. прызначаны ваен. і марскім міністрам ва ўрадзе Уфімскай дырэкторыі. 18.11.1918 скінуў дырэкторыю, прыняў званне «вярх. правіцеля» рас. дзяржавы і галоўнакамандуючага яе ваен. сіламі (да 4.1.1920), устанавіў у Сібіры, на Урале і Д. Усходзе ваен. дыктатуру (гл.Калчака ўрад). Намагаўся аднавіць «адзіную і непадзельную» Рас. імперыю. Пасля разгрому сваёй арміі, узброенай і забяспечанай з дапамогай Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і Японіі (да 400 тыс.чал., у т. л. 130—140 тыс. на фронце) перабраўся ў Іркуцк, каля якога (станцыя Інакенцьеўская) 15.1.1920 выдадзены вайскоўцамі Чэхаславацкага корпуса эсэра-меншавіцкаму «Паліт. цэнтру», потым перададзены бальшавіцкаму Іркуцкаму ВРК, паводле пастановы якога расстраляны. Асн. праца — «Лёд Сібірскага і Карскага мораў» (1909). Гл. таксама Грамадзянская вайна і ваенная інтэрвенцыя 1918—22.
Літ.:
Арестант пятой камеры. М., 1990;
Плотников И.Ф. АВ.Колчак: Жизнь и деятельность. Ростов н/Д, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́НІН (Міхаіл Сяргеевіч) (18 ці 29.12. 1787, С.-Пецярбург — 15.12.1845),
расійскі рэвалюцыянер-дзекабрыст. 3 дваран. У 1803—15 на ваен. службе. Удзельнічаў у Аўстэрліцкай бітве 1805, Прускім паходзе 1807, вайне 1812 і замежным паходзе рус.арміі 1813—14; за бітву пры Барадзіно ўзнагароджаны залатой шпагай з надпісам «За храбрасць». У 1816—17 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Сен-Сімонам, перайшоў у каталіцтва. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», адзін з заснавальнікаў «Саюза працвітання» (1818), чл. Паўночнага т-ва (1820). Прыхільнік рэспублікі, у праграму прапанаваў царазабойства. З 1822 зноў на ваен. службе (у Ружанах, Слуцку), з 1824 падпалкоўнік лейб-гвардыі Гродзенскага гусарскага палка, ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў Варшаве. 9.4.1826 арыштаваны і асуджаны па 2-му разраду (паліт. смерць і вечная катарга, пазней скарочана да 10 гадоў). Адбываў пакаранне ў турмах (1826—28), у Сібіры на катарзе (1828—35) і ў ссылцы (1836—41). У сак. 1841 зноў арыштаваны паводле даносу і зняволены ў Акатуйскую турму (Чыцінская вобл.), дзе і памёр пры нявысветленых абставінах. У 1836—41 напісаў і часткова распаўсюдзіў у рукапісах творы нелегальнай л-ры: «Пісьмы з Сібіры» (абгрунтоўваў гіст. слушнасць дзекабрысцкага руху), «Погляд на рускае тайнае таварыства з 1816 да 1826 года» (першая гісторыя дзекабрызму), «Дослед гістарычны» (крытыка нарманскай тэорыі, падкрэслена роля літоўскіх князёў у вызваленні ад татарскага ярма), «Погляд на польскія справы...» (прысвечаны паўстанню 1830—31), «Грамадскі рух у Расіі...» (бесцэнзурная гісторыя краіны ў 1825—40) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НШЫКАЎ (Аляксандр Данілавіч) (16.11.1673, Масква — 23.11.1729),
расійскі дзярж. і ваен. дзеяч, фаварыт і паплечнік Пятра I. Граф (1704), святлейшы князь (1707), генералісімус (1727). З 1686 дзяншчык Пятра I. Удзельнік Азоўскіх паходаў 1695—96, Вялікага пасольства. У час Паўночнай вайны 1700—21 вызначыўся як военачальнік. З 1705 каманд. кавалерыяй рас.арміі ў Рэчы Паспалітай; кіраваў адыходам войск з Гродна ў Брэст (1706), атрымаў перамогу ў бітве каля г. Каліш (1706, Польшча), удзельнічаў у бітве пад Лясной 1708, Палтаўскай бітве 1709 і інш.; камендант крэпасці Нотэбург (1702, цяпер г. Петракрэпасць), губернатар Пецярбурга (1703), кіраваў буд-вам Пецярбурга і Кранштата, занятымі рас. войскамі прыбалтыйскімі землямі і Іжорскай зямлёй (1714). Кіраваў краінай у час ад’ездаў Пятра I. У 1718—24 і 1726—27 прэзідэнт Ваеннай калегіі. Пасля смерці Пятра I з дапамогай гвардыі ўзвёў на прастол Кацярыну I, фактычна кіраваў дзяржавай. Быў адным з найбагацейшых рас. памешчыкаў (валодаў 90 тыс. прыгонных, 6 гарадамі, маёнткамі ў Расіі, Украіне, Прусіі, Аўстрыі і інш. багаццямі. У Рэчы Паспалітай, напр., у 1709 дамогся ад польск. караля і вял. князя ВКЛ Аўгуста II перадачы яму ў трыманне Дзісенскага і Аршанскага старостваў, узяў у заклад у гетмана Р.А.Агінскага Язёрскае староства на Магілёўшчыне, якое паводле загаду Пятра I у 1710 вярнуў, у 1710 купіў мяст. Ула ў Полацкім ваяв., у 1711 узяў у заклад у Ю.Сапегі Горы-Горацкае графства, у 1715 купіў мяст. Дуброўна, набыў інш. маёнткі ў Беларусі). Трапіў у няміласць пры Пятру II, пазбаўлены маёмасці і высланы з сям’ёй у крэпасць Бярозаў (цяпер Бярозава Цюменскай вобл.), дзе і памёр.