адзін з найб.стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.
Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав.карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.
Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб.стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.
Літ.:
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;
Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;
Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.
Ю.М.Чурко.
Да арт.Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СЛА (Oslo),
горад, сталіца Нарвегіі. Знаходзіцца на ПдУ краіны. Адм. ц. фюльке Акерсхус; утварае самастойную адм. адзінку. 494 тыс.ж., у агламерацыі Вял. О. каля 1 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт (праходзіць каля 30% знешнегандл. абароту краіны). Міжнар. аэрапорт Форнебу. Гал.эканам. і культ. цэнтр краіны. У О. вырабляецца больш за 25% прамысл. прадукцыі Нарвегіі. Прам-сць: маш.-буд., у т. л. суднабуд. і суднарамонтная, эл.-тэхн., радыёэлектронная і інш.; харч., хім., швейная, паліграфічная; пераробная металургія. Метрапалітэн. Ун-т. Нарв. акадэмія навук і л-ры. Дзярж. акадэмія мастацтваў. Тэатры. Музеі: Універсітэцкі нац. старажытнасцей, Нарв. народны, Нац. галерэя, прыкладнога мастацтва, «Фрам» і «Кон-Тыкі», Нар. музей пад адкрытым небам і інш. Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).
Засн. каля 1048 каралём Харальдам III Хардэродэ. З 2-й пал. 11 ст. рэзідэнцыя епіскапа, з канца 13 ст. — караля (да 1380) і фактычная сталіца Нарвегіі; цэнтр гандлю з гарадамі Ганзы. У 16 ст. горад заняпаў, у 1624 знішчаны пажарам. Пабудаваны на новым месцы каралём Крысціянам IV і названы яго імем (Хрысціянія). З 17 ст. тут збіраліся прадстаўнікі штатаў і засядаў вышэйшы каралеўскі суд. У 1811 засн.ун-т. З 1814 сталіца Нарвегіі, горад хутка развіваўся, стаў цэнтрам прам-сці і гандлю. З 1905 рэзідэнцыя караля Нарвегіі (месцам каранацыі застаўся Тронхейм). У 1925 вернута назва О. У час 2-й сусв. вайны акупіраваны ням. войскамі (1940—45), адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
На беразе ўсх. заліва Піпервіка — рэшткі Старога горада з крэпасцю Акерсхус (каля 1300, перабудавана ў 15—16 ст.). Ад яго на Пн і ПнЗ ідуць кварталы цэнтра сучаснага О. з гал. вул. Карл-Юханс-гатэ (вядзе ад вакзала да каралеўскага палаца; 1824—48, арх. Х.Д.Ф Лінстаў, класіцызм), тут размешчаны будынкі ун-та (1838—52, арх. К.Х.Грош, класіцызм; актавая зала, 1910—11, арх. Х.Сіндынг-Ларсен, размалёўкі Э.Мунка) і сторцінга (парламент; 1866, арх. Э.В.Ланглет, эклектыка). Дзелавая ч. горада знаходзіцца паміж вул. Карл-Юханс-гатэ і портам, прамысловая — пераважна ва ўсх. раёне (Эсткант). Сярод арх. помнікаў: сабор (1690-я г., барока), Нац.т-р (1891—99, арх. Х.Буль, эклектыка); ратуша з рысамі нац. рамантыкі (1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан, у інтэр’еры размалёўкі П.Крога, Мунка, А.Рэваля і інш.), багата аздобленая скульптурай. Сярод значных збудаванняў у сучасных стылях: комплекс будынкаў ун-та (1936—37, 1960-я г.), Цэнтр лыжнага спорту Холменколен (1952), Дом урада (1958), атэль авіякампаніі САС (1974), канцэртная зала (1977) і інш. Паводле генплана (1948—50) забудоўваюцца новыя прыгарадныя раёны, звязаныя з цэнтрам лініямі метро. У О. многа паркаў, буйнейшыя з іх — Фрогнер-парк (32 га) са скульпт. ансамблем (1900—43, скульпт. Г.Вігелан; больш за 150 фігур і кампазіцый). Помнікі: Х.Вергелану (1881, Б.Бергсліен), Н.Абелю (1908), К.Колет, Р.Нурдраку (абодва 1911; усе скульпт. Вігелан) і інш.
Осла. Крэпасць Акерсхус, 14—16 ст. (злева); ратуша, 1933—50, арх. А.Арнеберг, М.Поўльсан (справа). Месца правядзення VI зімовых Алімпійскіх гульняў (1952).Осла. Горад і порт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,
сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн.чал.Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];
Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;
Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУНІ́ЧНЫЯ ВО́ЙНЫ (264—146 да н.э., з перапынкамі; назва ад пунійцаў),
войны паміж Стараж. Рымам і Карфагенам за панаванне ў Зах. Міжземнамор’і. Выгаднае месцазнаходжанне Карфагена спрыяла яго хуткаму эканам. развіццю і ператварэнню ў магутную краіну, якая падначаліла зах. ўзбярэжжа Паўн. Афрыкі і большасць Сіцыліі, мела ўплыў на Пірэнейскім п-ве, на Корсіцы і Сардзініі. Рым да 265 да н.э. заваяваў усю Італію і стварыў адзіную дзяржаву — рымска-італійскую канфедэрацыю. Ён не прызнаваў гегемоніі Карфагена ў Зах. Міжземнамор’і і імкнуўся завалодаць багатай Сіцыліяй. Гэтыя супярэчнасці вырашаліся ў 3 П.в., якія былі з абодвух бакоў захопніцкімі.
1-я Пунічная вайна (264—241 да н.э.) вялася за Сіцылію. Рымляне мелі моцную толькі сухапутную армію. Вымушаныя ваяваць на моры, яны стварылі ваен. флот, які перамог у бітвах пры Мілах (260), мысе Экном (256) і пры Эгадскіх а-вах (241). Паводле мірнага дагавора ўладанні Карфагена ў Сіцыліі і а-вы паміж Сіцыліяй і Італіяй перайшлі да Рыма. У 237 Рым захапіў а-вы Корсіку і Сардзінію. Карфаген хутка аднавіў эканам. і ваен. магутнасць і нават кампенсаваў страчаныя ўладанні захопам значнай тэр. на Пірэнейскім п-ве, якія ператварыў у плацдарм для наступлення на Рым.
2-я Пунічная вайна (218—201 да н.э.) пачалася з аблогі і разбурэння саюзнага рымлянам г. Сагунта ў Іспаніі і паходу на Італію праз Альпы (218) карфагенскай арміі на чале з Ганібалам, які разлічваў на падтрымку заваяваных Рымам галаў. Ужо ў першых сутычках з рымлянамі на рэках Тыцына і Трэбія (218), каля Тразіменскага возера (217) рымлянам былі нанесены значныя паражэнні. Рымляне перайшлі да тактыкі зацяжной вайны, каб змучыць праціўніка на сваёй тэрыторыі. 2.8.216 пры Канах адбылася бітва, у якой рым. армія была акружана і знішчана (гл. ў арт.Каны). Каб працягваць вайну, рымляне папоўнілі армію рабамі, злачынцамі, выпушчанымі з турмаў, і знізілі маёмасны цэнз пры камплектаванні новых легіёнаў. Такія захады ўмацавалі армію і прынеслі першыя перамогі. У 211 рымляне захапілі Сіракузы і вярнулі г. Капуя. У Іспаніі Сцыпіён Афрыканскі Старэйшы заняў Новы Карфаген. Вайна была перанесена ў Афрыку. У 202 Сцыпіён разбіў карфагенскую армію на чале з Ганібалам каля г. Зама. Паводле мірнага дагавора 201 Карфаген страціў флот, абавязваўся выплаціць кантрыбуцыю. страціў права без згоды Рыма весці войны ў Афрыцы. Усе ісп. ўладанні перайшлі да Рыма.
У час 3-й Пунічнай вайны (149—146 да н.э.) ваенныя дзеянні вяліся на тэр. Карфагена. Рым. саюзнік нумідыйскі цар Масініса сваімі дзеяннямі вымусіў карфагенян узяцца за зброю. Гэта дало падставу рым. сенату для вайны за канчатковае знішчэнне Карфагена. Пасля трохгадовай аблогі рым. армія ўварвалася ў горад, разбурыла яго, а насельніцтва ператварыла ў рабоў. Ч. карфагенскай тэр. рымляне перадалі Нумідыі за дапамогу ў вайне. Астатняя тэр. ператворана ў рым. правінцыю Афрыка. Ў выніку П.в. Рым стаў магутнай рабаўладальніцкай дзяржавай у 3 частках свету: Еўропе, Афрыцы і Азіі.
Літ.:
Ревяко К.А. Пунические войны. Мн., 1988;
Яго ж. Войны Рима с Карфагеном: основные тенденции и направления историогр. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́О-ДЭ-ЖАНЕ́ЙРА (Rio de Janeiro),
горад у Бразіліі, на беразе бухты Гуанабара Атлантычнага акіяна. 10 582 тыс.ж. з прыгарадамі (2000). Другі, пасля г. Сан-Паўлу, па колькасці насельніцтва і эканам. значэнні горад у краіне. Буйны знешнегандл. порт, вузел чыгунак і аўтадарог. 2 аэрапорты, у т. л. міжнародны. Прам-сць: чорная металургія, разнастайнае машынабудаванне (суднабудаванне, аўтазборка, эл.-тэхн. і інш. з-ды), хім., тэкст., дрэваапр., харч., буд. матэрыялаў, гарбарна-абутковая, швейная. Агранка алмазаў. Метрапалітэн. Важны навук. і культ. цэнтр краіны. 4 ун-ты, Бразільская АН, Бразільская філал. акадэмія, Нац. акадэмія медыцыны. Вядомыя пляжы набярэжнай Капакабана з атэлямі і пансіянатамі. Буйны турысцкі цэнтр.
Стараж. насельніцтва — індзейскія плямёны. Першымі з еўрапейцаў бухту Гуанабара наведалі партугальцы (1502). У 1531 на зах. беразе пасяліліся французы, якіх партугальскія канкістадоры выгналі і заснавалі форт Р.-дэ-Ж. У 1555 французы зноў высадзіліся ў бухце і заснавалі калонію пасяленцаў-гугенотаў; у 1567 іх канчаткова выгналі партугальцы. У 1710—11 яны ўмацавалі горад і далі яму назву Сан-Себасцьян-ду-Рыу-ды-Жанейра. Да сярэдзіны 18 ст. важнейшы ў Паўд. Амерыцы порт і цэнтр гандлю рабамі. З 1763 Р.-дэ-Ж. — сталіца віцэ-каралеўства Бразілія (калонія Партугаліі), у 1822—89 — Бразільскай імперыі, у 1889—1960 — рэспублікі Аб’яднаных штатаў Бразіліі. Росквіт горада пачаўся пасля пераезду ў 1808 у Р.-дэ-Ж. двара караля Партугаліі Жуана VI, які адмяніў абмежаванні на арганізацыю мануфактур, рамёстваў і промыслаў. Горад стаўгал.гасп., навук. і культурным цэнтрам (засн. тэатр, б-ка і інш.). У 1947 у прадмесці Р.-дэ-Ж. прадстаўнікі ЗША і 20 лац.-амер. краін падпісалі міжнар. дагавор аб узаемадапамозе. Пасля пераносу сталіцы ў г. Бразілія (1960) не страціў свайго значэння; цэнтр аднайм, штата.
У цэнтры горада захаваліся арх. помнікі 16—19 ст.: кляштар Сан-Бенту (канец 16 ст., багатая аддзелка інтэр’ера, 18 ст.), у стылі барока — касцёлы Носа сеньёра да Глорыя (1714) і Сан-Франсіску ды Пенітэнсія (1772), ратуша (1743), сабор Ла Кандэларыя (1775, арх. Ф.Ж.Рошыа і інш.); акведук (1750, інж. Ф.Гоміс ды Андрада); класіцыстычны палац Ітамараты (1856, арх. Ж.М.Ж.Рэбелу). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі: Муніцыпальны тэатр.Нац. музей прыгожых мастацтваў, Нац.б-ка. Сярод найб. значных збудаванняў 20 ст.: гідрааэрапорт (1938, арх. А.Карэа Ліма), банк Баавіста (1946, арх. О.Німеер), стадыён Мараканья на 220 тыс. гледачоў (1950, арх. П.П.Б.Бастус, А.А.Дыяс Карнейру і інш.), універсітэцкі гарадок (1955, арх. Ж.Марэйра), Музей сучаснага мастацтва (1958, арх. А.Э.Рэйдзі, Р.Бурле Маркс), гасцініца «Насіянал» (1970, арх. Німеер). Вылучаецца архітэктура асабнякоў і віл 1950—60-х г. У горадзе шмат паркаў, бат. сад (з 1808). Сярод манументаў — статуя Хрыста на вяршыні ўзгорка Каркаваду (1931, скульпт. П.Ландоўскі), помнік загінуўшым у 2-ю сусв. вайну (1960, арх. Э.Марынью, М.Кандэр Нету) і інш. Музеі: Нац.маст., гіст.-маст., Індзейскі, геаграфіі Бразіліі і інш.
Статуя Ісуса Хрыста на гары Каркаваду над г.Рыо-дэ-Жанейра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т НАРО́ДНЫХ КАМІСА́РАЎ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР, Саўнарком БССР, СНКБССР,
вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзярж. улады, урад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) у 1920—46. Створаны 18.12.1920 паводле дапаўненняў да Канстытуцыі Сацыяліст.Сав. Рэспублікі Беларусі 1919, прынятых Другім Усебеларускім з’ездам Саветаў у снеж. 1920. Да пастановы Шостага Усебеларускага з’езда Саветаў 1924 (надзвычайнага), прынятай 16.3.1924, абавязкі старшыні ЦВК і СНК, а таксама наркома па замежных справах выконваліся адной асобай. Членамі СНК былі нар. камісары ўсіх наркаматаў, старшыні Савета нар. гаспадаркі і Надзвычайнай камісіі. Пры СНК дзейнічалі пастаянныя камісіі: Эканам. нарада, Камісія заканад. меркаванняў, Дзярж. планавая камісія. Кампетэнцыя і склад СНКБССР мяняліся ў сувязі з утварэннем СССР і зменамі ў дзярж.-прававой пабудове, са стварэннем новых цэнтр. органаў кіравання (наркаматаў і ўпраўленняў) галінамі эканомікі і культуры. СНКБССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва рэспублікай праз наркаматы, выканкомы Саветаў. Ён прымаў пастановы і выдаваў распараджэнні па ўсіх пытаннях, якія не адносіліся выключна да кампетэнцыі Усебел. з’езда Саветаў, ЦВКБССР і яго Прэзідыума. СНК быў адказны перад з’ездам Саветаў і ЦВКБССР. Пастановы СНК аб дзярж. і мясц. бюджэце, падатках, адм.-тэр. падзеле рэспублікі, увядзенні мер аховы парадку ў ёй абавязкова зацвярджаліся Прэзідыумам ЦВК. Старшыня СНКБССР меў права прыпыняць распараджэнні акр. выканаўчых к-таў, нар. камісарыятаў, кіраўнікоў цэнтр. устаноў і ведамстваў, распараджэнні ўпаўнаважаных Нар. камісарыятаў СССР пры СНКБССР з наступным дакладам пра гэта СНКБССР на яго бліжэйшым пасяджэнні. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1927 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня ВСНГ, 10 наркомаў, кіраўнік ЦСУ (з правам рашаючага голасу), старшыня ДПУ БССР і 4 упаўнаважаныя нар. камісарыятаў СССР (з правам рашаючага ці дарадчага голасу паводле пастановы ЦВКБССР). Кампетэнцыя і структура нар. камісарыятаў і ўзаемаадносіны паміж іх асобнымі органамі вызначаліся агульным Палажэннем аб асобных камісарыятах. Паводле пастановы IX Усебел. з’езда Саветаў «Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага закона) Беларускай ССР» (22.1.1935) СНКБССРстаў адказным не толькі перад Усебел. з’ездам Саветаў і ЦВКБССР, але і перад Прэзідыумам ЦВК. Пры СНК пакінуты 2 пастаянныя камісіі: Эканам. савет і Дзярж. планавая камісія. Паводле Канстытуцыі Беларускай ССР 1937 у склад СНКБССР уваходзілі Старшыня СНК, яго нам., старшыня Дзяржплана, 14 наркомаў (харч., лясной, лёгкай прам-сці, земляробства, збожжавых і жывёлагадоўчых саўгасаў, фінансаў, унутр. гандлю, унутр. спраў, юстыцыі, аховы здароўя, асветы, мясц. прам-сці, камунальнай гаспадаркі, сац. забеспячэння), упаўнаважаны К-та нарыхтовак СССР, нач. упраўлення па справах мастацтваў і 8 упаўнаважаных агульнасаюзных наркаматаў (абароны, замежных спраў, знешняга гандлю, шляхоў зносін, сувязі, воднага транспарту, цяжкай і абароннай прам-сці). Паводле указа Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 26.3.1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў Беларускай ССР (гл.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНІСЛА́Ў А́ЎГУСТ ПАНЯТО́ЎСКІ (да каранацыі Станіслаў Антоні; 17.1.1732, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 12.2.1798),
апошні вял. князь ВКЛ і кароль Польшчы [1764—95]. Паходзіў з магнацкага роду Панятоўскіх. Скончыў калегіум тэатынаў у Варшаве. У 1755—64 стольнік ВКЛ. У 1755—56 і 1757—58 сакратар англійскага пасольства і пасол Саксоніі і Рэчы Паспалітай у Пецярбургу. Пасля смерці караля польскага і вял.кн.ВКЛ Аўгуста III (1763) Чартарыйскія і Кацярына II вылучылі кандыдатуру Панятоўскага на трон Рэчы Паспалітай. У Рэч Паспалітую былі ўведзены рас. войскі, і на элекцыйным сойме 6.9.1764 Панятоўскі абраны каралём. Напачатку ён спрабаваў вызваліцца ад поўнай залежнасці ад Расіі, шукаў шляхі саюзу з Аўстрыяй і Францыяй; ва ўнутр. палітыцы выступаў за пагадненне з апазіцыйнай групоўкай Патоцкіх («рэспубліканцамі»), каб адстаяць незалежнасць дзяржавы, але «рэспубліканцы» засталіся непрыхільнымі да караля. Тым не менш праводзіліся рэформы 1764—66 па ўзмацненні дзярж. улады, але былі прыпынены новай інтэрвенцыяй Расіі. Скарыстаўшы Тарунскую канфедэрацыю і Слуцкую канфедэрацыю 1767, Кацярына II навязала ў лют. 1768 сойму і каралю «вечны трактат», якім Расія гарантавала Рэчы Паспалітай захаванне кардынальных правоў. Улада караля апынулася пад кантролем Расіі. Шырокія колы патрыятычна настроенай шляхты выступалі за аднаўленне незалежнасці Рэчы Паспалітай, супраць караля-«узурпатара» і стварылі Барскую канфедэрацыю. На тэр. Рэчы Паспалітай зноў былі ўведзены рас. войскі, і канфедэраты пацярпелі паражэнне. Вынікам гэтага стаўпершы падзел Рэчы Паспалітай (1772). Кароль спрабаваў пратэставаць, звяртаўся да еўрап. двароў, але ніводная дзяржава не прыйшла яму на дапамогу. Пасля 1-га падзелу ў барацьбе паміж рознымі магнацкімі групоўкамі ён паступова ўзмацніў сваю ўладу. У 1775 створана Пастаянная Рада, прыняты рашэнні, накіраваныя на развіццё прам-сці і гандлю, паляпшэнне прававога становішча мяшчан, у 1776 абмежавана ўлада гетманаў і каралю падпарадкавана войска. Але правядзенне далейшых рэформ Расія не дазваляла. Давялося пайсці на кампраміс з Кацярынай II і прызнаць над сабой кантроль рас. пасла О.М. фон Штакельберга. Кацярыну II падтрымлівала магнацкая апазіцыя. С.А.П. адкрыў у Варшаве Рыцарскую школу (кадэцкі корпус), садзейнічаў Адукацыйнай камісіі, падтрымліваў асветніцтва і адукацыю. Адносная раўнавага ў паліт. жыцці Рэчы Паспалітай была пахіснута дзеяннямі новай апазіцыі, якая на Чатырохгадовым сойме 1788—92 правяла шматлікія і грунтоўныя рэформы. Кароль пайшоў на пагадненне з рэфарматарамі. У адказ кансерватыўная групоўка магнатаў — Таргавіцкая канфедэрацыя — садзейнічала ў 1792 акупацыі краіны рас. войскамі. Рэформы скасаваны, кароль далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі, і на яго лягла адказнасць як на капітулянта. У час Гродзенскага сейма 1793 С.А.П. дзейнічаў цалкам пад кантролем рас. пасла Я.Я.Сіверса і пагадзіўся на другі падзел Рэчы Паспалітай. У час паўстання 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі С.А.П. адхілены ад улады, хоць фармальна захаваў трон Пасля паражэння С.А.П. жыў у Гродне. Тут ён даведаўся пра трэці падзел Рэчы Паспалітай і 25.11.1795 падпісаў акт адрачэння ад кароны на карысць Кацярыны II. Гэтым актам афіцыйна спынена існаванне Рэчы Паспалітай і яе часткі — ВКЛ. Пасля смерці Кацярыны II (ліст. 1796) Павел I выклікаў С.А.П. ў Пецярбург, дзе ён памёр. Пахаваны ў касцёле св. Кацярыны, у 1938 яго астанкі перапахаваны на радзіме — у Троіцкім касцёле мяст. Воўчын, у 1987 перавезены ў Польшчу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́КІО,
горад, сталіца Японіі. Знаходзіцца на ПдУ в-ва Хонсю, на раўніне Канто, каля ўпадзення рэк Суміда і Тама ў бухту Сінагава Такійскага зал. Ціхага акіяна. Адзін з найбуйнейшых гарадоў свету. У т.зв. сталічны раён уваходзяць гарады і нас. пункты 4 прэфектур, 34 750 тыс.ж. (2000). Т. — гал. вузел чыгунак і аўтадарог краіны, буйны порт (штогадовы грузаабарот больш за 80 млн.т). Міжнар. аэрапорты Ханеда і Нарыта. Вузел скорасных чыгунак і нац. аўтастрад. У Т. ствараецца каля 30% валавога ўнутр. прадукту краіны. Таварныя, фондавыя і валютныя біржы, штаб-кватэры яп. і замежных манаполій, банкі, страхавыя і трансп. кампаніі. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (трансп. сродкі, станкі, дакладныя прылады, эл.-тэхн. і электроннае абсталяванне), металургічная, хім. (лякарствы, касметыка, фотатавары, лакі, фарбы і інш.), нафтаперапр. і нафтахім. (у т. л. валокны, пластмасы), паліграф. (каля 50% вытв-сці ў краіне), харч., лёгкая, вытв-сць цацак і інш. Метрапалітэн. Такійскія дзярж. і муніцыпальны ун-ты, прыватныя ун-ты Васэда, Кэйо, Мэйдзі. Яп.АН. Яп. акадэмія мастацтваў. Нац. даследчы цэнтр абароны ад стыхійных бедстваў. Тэатры, у т. л.нац. тэатр Кабукі. Больш за 30 музеяў. Цэнтр турызму міжнар. значэння.
У 1457 на месцы сучаснага Т. пабудаваны замак Эда, вакол якога пачалі расці пасяленні рамеснікаў і гандляроў. У канцы 16 ст. замкам завалодаў заснавальнік 3-й дынастыі сёгунаў (правіцеляў) Японіі Іэясу Такугава. На працягу перыяду праўлення сёгунаў Такугава (1603—1867) Эда быў іх рэзідэнцыяй (афіц. сталіца г. Кіёта). У 18 ст. Эда — адзін з найбуйн. гарадоў свету (у 1787—1,3 млн.чал.). У 1869 у Эда перанесена з Кіёта рэзідэнцыя імператара, горад стаў сталіцай Японіі і перайменаваны ў Т. («усходняя сталіца»), У 2-й пал. 19 ст. тут развіваліся шаўковая, лакавая, фаянсавая і эмалевая, з канца 19 ст. — машына- і суднабудаўнічая прам-сць. У 1923 амаль палавіна горада знішчана землетрасеннем і пажарамі. У 1944—45 многія кварталы зруйнаваны бамбардзіроўкамі амер. авіяцыі. У 1948 у Т. адбыўся судовы працэс над гал. японскімі ваен. злачынцамі (гл.Такійскі працэс). Месца правядзення XVIII Алімп. гульняў (1964).
Гістарычна Т. падзяляецца на Стары горад і Новы горад. Цэнтр забудаваны шчыльна, ускраіны — нераўнамерна. У цэнтры знаходзяцца: комплекс імператарскага палаца (1457, пашыраны ў 1624—44, да 1869 замак Эда — узор яп. замкавай архітэктуры перыяду Эда); палацавы комплекс (каля 1600, перабудаваны ў канцы 19 — пач. 20 ст.), новы палац (1960); паркі Рыкугіен (1695—1702) і Уэна са званіцай 17 ст.; сінтаісцкія храмы Тосёгу (сучасны выгляд з 17 ст.) і Мэйдзі (канец 19 ст.), свяцілішча Ясукуні (1919); будыйскі храм Канон (засн. у 7 ст., адноўлены ў 1955).
Сярод значных будынкаў: палац Акасака (1899—1908, арх. А.Катаяма), парламент (1918—36), т-р Кабукі (1924, арх. С.Акада), цэнтр. тэлеграф (1925, арх. М.Ямада). Вылучаюцца пабудовы К.Тангэ, К.Маэкава — шпіталь Кэйо (1948), Метраполітэн фестывал хол (1958—61), комплекс ун-та Гакусёін (1959—60), грамадскія і жылыя будынкі. У 2-й пал. 20 ст. створаны новыя гар. цэнтры Т. з вышыннымі і падземнымі збудаваннямі, жылымі дамамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУНІ́С, Туніская Рэспубліка (араб. Аль-Джумхурыя ат-Тунісія),
дзяржава ў Паўн. Афрыцы. Мяжуе на З з Алжырам, на ПдУ — з Лівіяй; на Пн і У абмываецца Міжземным м.Пл. 163,6 тыс.км². Нас. 9593 тыс.чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Туніс. Падзяляецца на 20 вілаетаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (20 сак.).
Дзяржаўны лад. Т. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1959 (са зменамі). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым і тайным галасаваннем на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе Палата дэпутатаў (аднапалатны парламент, 163 дэпутаты), якая выбіраецца на 5 гадоў.
Прырода. Пераважае раўнінны рэльеф. Каля 30% тэр. занята гарамі Атласа і міжгорнымі плато. Найвыш. пункт — г. Шамбі (1544 м). На Пд ад гор — Туніская нізіна і Туніскі Сахель (ускраіна Сахары). Ёсць радовішчы нафты (690 млн.т) і прыроднага газу (460 млрд.м³), фасфарытаў (1,2 млрд.т), жал. і марганцавых руд, барыту, флюарыту, каменнай солі і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. На Пн сярэдняя т-растудз. 10 °C, ліп. 26 °C; на Пд адпаведна 21 °C і 35 °C. Ападкаў за год ад 600—1000 мм на Пн у гарах да 150—200 мм на Пд. Гал. рака Меджэрда. На раўнінах пераважае травяністая расліннасць сухіх стэпаў, паўпустынь і пустынь з палынамі і ксерафітнымі злакамі, у гарах месцамі лясы (4% пл. краіны) з коркавага і каменнага дуба, альпійскай хвоі, у аазісах — фінікавая пальма, аліўкавыя дрэвы, сады. Для жывёльнага свету характэрны дробныя драпежнікі (шакал, дзікі кот, фенек), грызуны. Шмат пералётных птушак, змей. Нац. паркі — Ашкёль, Бу-Хедма, ёсць лясныя заказнікі і рэзерваты.
Насельніцтва. Каля 97% — арабы і блізкія да іх берберы. Жывуць таксама арабы з суседніх краін, французы, італьянцы, яўрэі і інш. Большасць вернікаў — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост — 1,2%. Сярэдняя шчыльн. 58,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна (да 200 чал. на 1 км²) заселены паўн. і паўн.-ўсх. часткі ўзбярэжжа і в-аў Джэрба. Гар. насельніцтва 63% (2000). Найб. гарады (2000, тыс.ж.): Туніс — каля 1000, Сфакс — 266, Сус — 172, Кайруан — 116. У сельскай гаспадарцы занята 25% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 23%, у сферы паслуг — 52%.
Гісторыя. Тэрыторыя Т. заселена чалавекам з часоў палеаліту. Найб.стараж. насельніцтва Т. (з вядомых) — плямёны бербераў. У 9 ст. да н.э. фінікійцы заснавалі тут г.Карфаген, які стаў цэнтрам вял. міжземнаморскай дзяржавы. У 146 да н.э. Карфаген зруйнаваны рымлянамі, яго землі ўключаны ў склад рым. правінцыі Афрыка. Пры імператару Аўгусце Карфаген адбудаваны (з 29 да н.э.), а прав. Афрыка ў 1-я ст.н.э. адыгрывала важную ролю ў жыцці Рым. імперыі. У 439 н.э. ўладу над тэр. Т. ўсталявалі вандалы, у 533 — візантыйцы. У сярэдзіне 7 ст. тут з’явіліся арабы, якія заснавалі ў 670 г. Кайруан — базу для далейшага заваявання Магрыба, а ў 698 авалодалі Карфагенам. З прыходам арабаў пашырыўся іслам і адбылася арабізацыя мясц. насельніцтва. Т. уваходзіў у склад халіфатаў Амеядаў і Абасідаў. З 800 тут умацавалася фактычна незалежная дынастыя Аглабідаў. У 10—16 ст.тэр. Т. пад уладай Фатымідаў, Альмахадаў і Хафсідаў. У 1535 Карфаген захоплены іспанцамі; у 1573 іх выгналі туркі і ператварылі Т. у правінцыю Асманскай імперыі. У 1704 тур. губернатар (бей) Хусейн бен Алі абвясціў сябе спадчынным правіцелем Т.; дынастыя яго нашчадкаў Хусейнідаў правіла тут да 1957. У 1881 Францыя акупіравала Т. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. З пач. 20 ст. пачаў фарміравацца нац.-вызв. рух, у 1907 створана партыя младатунісцаў. Пасля 1-й сусв. вайны створана партыя Дустур (Канстытуцыйная партыя), у 1934 — Новы Дустур (НД) на чале з Х.Бургібам. НД узначаліў барацьбу за незалежнасць краіны. 3.6.1955 Т. атрымаў унутр. самакіраванне, 20.3.1956 абвешчана незалежнасць Т.
25.7.1957 парламент выказаўся за скасаванне манархіі і абвясціў Т. рэспублікай; яе 1-м прэзідэнтам стаў Бургіба. У 1964 НД рэарганізаваны ў Сацыяліст. дустураўскую партыю (СДП, з 1988 Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне). Урад СДП ажыццяўляў палітыку супрацоўніцтва з краінамі Захаду, але пры цесным узаемадзеянні з інш.араб. краінамі. Пасля падпісання Егіптам Кэмп-дэвідскіх пагадненняў 1978 у Т. перанесена (да 1990) штаб-кватэра Лігі арабскіх дзяржаў. У 1975 Бургіба абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам. Адначасова з пач. 1980-х г. пачалася дэмакратызацыя паліт. рэжыму, побач з СДП дазволены інш.паліт. партыі. У ліст. 1987 Бургіба адхілены ад улады. Прэзідэнтам Т. стаў (перавыбраны ў 1989 і 1994) прэм’ер-міністр Зін аль-Абідзін Бен Алі, які рабіў захады па дэмакратызацыі сістэмы кіравання краінай, у 1999 перамог на Першых альтэрнатыўных прэзідэнцкіх выбарах. У Т. дзейнічаюць паліт. партыі: Дэмакр. канстытуцыйнае аб’яднанне, Рух дэмакратаў-сацыялістаў. Партыя нар. адзінства, Рух аднаўлення і інш. Адзінае прафс. аб’яднанне — Усеагульнае туніскае аб’яднанне працы. Т. — чл.ААН (з 1956), Лігі араб. дзяржаў, Афр. саюза, Дыпламат. адносіны паміж Т. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў студз. 1997.
Гаспадарка. Т. — краіна сярэдняга ўзроўню развіцця, пераважна аграрная, з адносна развітой прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. складае 6360 дол. за год (2000). 28% яго дае прам-сць, 13% — сельская гаспадарка, 59% — сфера паслуг. Вядучая галіна прам-сці горназдабыўная. Здабываюць нафту (каля 4 млн.т штогод, пераважна на Пд), фасфарыты (8,3 млн.т), жал. руду (183,3 тыс.т) і інш. У 1999 вытв-сць электраэнергіі склала 9,5 млрд.кВт∙гадз. 99,5% атрымліваюць на ЦЭС, 0,5% — на ГЭС на р. Меджэрда. Апрацоўчая прам-сць канцэнтруецца на ПнУ. Хім.прам-сць заснавана на выкарыстанні фасфарытаў. З-ды па вытв-сці суперфасфатаў і сернай кіслаты ў Сфаксе, Ганушы, Джэбель-Джэмлудзе; па вытв-сці фосфарнай кіслаты, амафосу, аміячнай салетры і фторыстага амонію — у раёне Габеса. Развіта металургічная (г. Туніс) і нафтаперапр. (г. Бізерта) прам-сць. У машынабудаванні вылучаецца вытв-сць аўтакараў, грузавых аўтамашын, тэлевізараў, халадзільнікаў; у прам-сці буд. матэрыялаў — вытв-сць цэменту (каля 5,6 млн.т штогод), вапны, гіпсу. Ёсць прадпрыемствы тэкст. і гарбарна-абутковай прам-сці. Вытв-сць абутку 61 млн. пар (2000). Харч.прам-сць працуе на ўнутр. рынак. У 2000 атрымана: пастэрызаванага малака 3243 тыс. гекталітраў, мукі 745 тыс.т, аліўкавага алею 225 тыс.т, віна 400 тыс. гекталітраў, піва 1065 тыс. гекталітраў, тытуню 12,8 тыс.т. У г. Касерын дзейнічае з-д па перапрацоўцы травы альфа. Саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, керамікі і інш. Сельская гаспадарка на 80% забяспечвае краіну прадуктамі харчавання, 90% с.-г. угоддзяў належыць прыватнаму сектару. Для сельскай гаспадаркі выкарыстоўваецца каля 8,1 млн.га зямлі, у т. л. пад ворывам каля 3 млн.га, пад шматгадовымі насаджэннямі каля 2 млн.га, пад пашай каля 3,1 млн.га. Вырошчваюць (2000, тыс.т): пшаніцу — 842, ячмень — 241, памідоры — 950, бахчавыя культуры — 345, бульбу — 290, перац — 207, бабовыя — 42, цукр. буракі — 20,7, тытунь і інш. Са шматгадовых культур найб. значэнне маюць (2000, тыс.т): аліўкі — 1125, цытрусавыя — 225,5, вінаград — 125, фінікі — 105. Збор дзікарослай і вырошчванне акультуранай травы альфа — 50,6 тыс.т, нарыхтоўка кары коркавага дубу — 6,5 тыс.т (2000). Жывёлагадоўля малапрадукцыйная, мае экстэнсіўны характар, выкарыстоўвае абшары паўпустынь і сухіх стэпаў. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 0,8, авечак — 6,6, коз — 1,3. Гадуюць таксама коней, вярблюдаў, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—37 млн. курэй). Развіта марское рыбалоўства (у 2000 вылаўлена 51,4 тыс.т рыбы). Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (2000, тыс.км): чыгункі — 1,8, аўтадарог — 33. Сетка нафта- і газаправодаў. Асн. марскія парты: г. Туніс з аванпортам Хальк-эль-Уэд, Сфакс, Бізерта, Габес, Сус. Міжнар. аэрапорты ў гарадах Туніс, Манастыр, Таўзар, на в-ве Джэрба. У 1999 экспарт склаў 5,8 млрд.дол., імпарт — 8,3 млрд.дол. Т. экспартуе нафту, тэкстыль, фасфаты, сельгаспрадукцыю, імпартуе абсталяванне, машыны, спажывецкія тавары, збожжа. Асн. партнёрамі з’яўляюцца члены ЕС (70% імпарту і 75% экспарту), асабліва Францыя, Італія, Германія, Іспанія, Бельгія. Т. — адна з развітых турысцкіх краін Міжземнамор’я. Штогод яе наведвае больш за 4 млн. замежных турыстаў. Турызм прыносіць штогод каля 1,5 млрд.дол. даходу. Грашовая адзінка — туніскі дынар.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Стараж. помнікі на тэр. Т. адносяцца да каспійскай культуры, эпохі палеаліту: наскальныя выявы жывёл, людзей і сцэн палявання. Вядомы неалітычныя дальмены, кераміка і пасудзіны са шкарлупіны страусавых яек з прадрапаным узорам. У 1-м тыс. да н.э. аўтахтонныя лівійскія плямёны жылі ў каменных прамавугольных жытлах (гурбі), разборных авальных хацінах (мапалія) з галін і цыновак, невял. крэпасцях. З 12 ст. да н.э. паслядоўна змяняліся маст. культуры: пунічная (маўзалей Атэбана ў г. Дуга, некропалі, надмагільныя стэлы, тэракотавыя статуэткі, шкляны посуд), рым. (рэшткі рэгулярна спланаваных гарадоў з форумамі, храмамі, тэатрамі, трыумфальнымі аркамі), візантыйская. У рым. і візант. перыяд росквіту дасягнула мастацтва мазаікі. З пашырэннем ісламу (7 ст.) развівалася араб. культура. Архітэктура фарміравалася на аснове спалучэння традыцый Б.Усходу і рым. дойлідства, пабудовы вылучаліся цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. Вакол умацаваных рабатаў (замкаў) будаваліся гарады, абнесеныя магутнымі сценамі з цытадэллю-касбай, мячэцямі (Сіды Окба ў Кайруане), квадратнымі ў плане мінарэтамі. Палацы ўпрыгожвалі разьбой па стука, падлогавай мазаікай і геам. ўзорамі. У 11—15 ст. склалася адна са школ маўрытанскага стылю. У 16—19 ст. мастацтва Т. развівалася пад уплывам тур. і часткова зах.-еўрап. культур. Дэкар.-прыкладному мастацтву сярэдневяковага Т. ўласцівы разьба па стука, выраб маст. керамікі і шкла, строгіх па форме ювелірных упрыгожанняў, дываноў, зброі, інкруставанай серабром і золатам. Нар. жыллё — пераважна дамы з унутр. дварамі, плоскім бэлечным дахам або каменнымі скляпеннямі, на Пд — выкапаныя ў грунце памяшканні вакол дворыка; існуюць і пабудаваныя пад зямлёй мячэці. З 19 ст. да 1950-х г. будаўніцтва вялі пераважна франц. архітэктары (Б.Зерфюс і інш.), мастацтва было прадстаўлена творчасцю еўрап. жывапісцаў і графікаў. Ажыццяўляліся міжнар.арх. праекты: комплекс універсітэтаў у Тунісе (1966, арх. Зерфюс, В.Гропіус), Алімпійскі комплекс (1960-я г., арх. Н.Паскалеў). Сярод мастакоў-тунісцаў: Б.Дахак, Х. аль-Мекі, Х.Сельмі, З.Туркі, Я.Туркі, А.Фархат; архітэктараў — Х.Амара, О.К.Какуб і інш. Развіваецца стандартная еўрап. забудова гарадоў. Асн. віды сучаснага дэкар.-прыкладнога мастацтва — дыванаткацтва, вышыўка, пляценне карункаў, ювелірная справа, кераміка, чаканка і інкрустацыя па метале.
Літ.:
Дашкевич В.К. Из истории национально-освободительной борьбы тунисского народа. Мн., 1960;
Иванов Н.А. Кризис французского протектората в Тунисе, 1918—1939 гг.М., 1971;
Гура В.К. Особенности социально-экономического развития Туниса и Марокко, 50—70-е гг. Киев. 1982.
К.А.Анціпава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Туніса.Краявід на паўночным узбярэжжы Туніса.Да арт.Туніс. Вялікая мячэць у г. Кайруан.Туніс. Стары горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХІТЭКТУРА 1960 — пач. 1990-х гадоў.
У архітэктуры найбольшае развіццё атрымала тыпавое праектаванне, якое ажыццяўлялася ў межах пануючага кірунку функцыяналізму. Другім шляхам стаў зварот да нац. спадчыны, дасягненняў сусветнага дойлідства. Замацаванню наватарскіх рыс садзейнічала тэхніка, з дапамогай якой выпрацоўваліся новыя архітэктурна-будаўнічыя прыёмы. Адной з характэрных рыс архітэктуры 1960—70-х г.стаў яе кірунак на комплекснае ансамблевае буд-ва. Мастацкая выразнасць новых арх. кампазіцый забяспечвалася адпаведным размяшчэннем грамадскіх будынкаў, якія акцэнтавалі горадабудаўнічае значэнне пэўнага раёна, стылістычным адзінствам і аб’ёмна-прасторавым вырашэннем ансамбляў, добраўпарадкаваннем галоўных плошчаў, магістралей і іншых гарадскіх вузлоў. Пачаўся адыход ад традыцыйных горадабудаўнічых вырашэнняў, у аснове якіх ляжала супрацьпастаўленне цэнтраў ускраінам. Пры праектаванні і буд-ве архітэктары пачалі звяртацца да нац. традыцый, што ўзбагаціла вобразную выразнасць пабудоў. Нар. традыцыі з найбольшай паўнатой захаваліся ў сельскай архітэктуры. Невялікія памеры сельскіх населеных месцаў, аддаленасць ад гарадоў сталі ўмовай захавання і развіцця нар. асаблівасцей дойлідства. Гэтаму спрыялі культурна-быт. традыцыі і спецыфіка жыццядзейнасці насельніцтва. Блізкасць да прыроды як спецыфічная асаблівасць бел. вёскі паўплывала на вырашэнне аб’ёмна-прасторавых кампазіцый пабудоў, больш арганічнай стала сувязь з наваколлем. Узнімаліся праблемы сувязі арх. і прыродна-ландшафтнага асяроддзя, добраўпарадкавання і азелянення тэрыторый. У выніку асноўным падыходам да арганізацыі горадабудаўнічых комплексаў стала ансамблевае буд-ва, якое ажыццяўлялася разнастайнымі арх. метадамі: гібкасцю і дынамічнасцю кампазіцый, сінтэзам арх. і прыроднага асяроддзя, сувяззю пабудоў з гіст. асяродкам, кантрастам форм і кампазіцый пабудоў, разнастайнасцю тыпаў будынкаў і інш. Адным з фактараў фарміравання арх.-маст. вобраза стаў колер і звязаны з ім маст. сінтэз, а ў якасці сродкаў арганізацыі арх.-маст. кампазіцый — маштаб, прапорцыі і рытм. У шэрагу выпадкаў ролю структурных адзінак, якія фарміруюць арх.-маст. аблічча, узялі на сабе функцыянальныя і канструкцыйныя элементы — балконы, лоджыі, галерэі, эркеры і інш. Усё адзначанае ва ўзаемадзеянні спрыяла станаўленню спецыфічнага маст. аблічча архітэктуры 1960 — пач. 1990-х г. У горадабудаўніцтве 1960—70-х г. асаблівая ўвага звярталася на сістэму развіцця грамадскіх цэнтраў. У вялікіх гарадах фарміравалася поліцэнтрычная лінейна-восевая кампазіцыя з зорчатай структурай, якая складвалася на аснове планіроўкі радыяльна-кальцавой (Мінск, Віцебск, Гомель), ці веернай, што развівалася на базе існуючай асіметрычнай кампазіцыі цэнтра (Брэст, Пінск). У 1980-я г. ў буйных гарадах складвалася разгалінаваная шматвузлавая поліцэнтрычная структура грамадскіх цэнтраў. Напр., у Віцебску цэнтр развіваўся за кошт асваення пешаходных прыбярэжных тэр.р.Зах. Дзвіна, цэнтр Магілёва фарміраваўся ўздоўж другога кампазіцыйнага дыяметра — праспекта Міру. Грамадскі цэнтр з’яўляўся ядром у фарміраванні кампазіцый бел. пасёлкаў і ў канцэнтраваным выглядзе адлюстроўваў арх. спецыфіку населенага месца. Аблічча сельскага грамадскага цэнтра заснавана на творчым развіцці традыцый нар. дойлідства ў спалучэнні з наватарскімі пошукамі. Кампазіцыя грамадскага цэнтра, што звычайна складалася з некалькіх элементаў, размяшчалася на азялененай тэрыторыі ці каля вадаёма, вырашалася шматфасадна і стылістычна працягвалася ў забудове прылеглых тэрыторый грамадскімі і жылымі будынкамі (вёскі Акцябрская Віцебскага, Верцялішкі Гродзенскага, Зашыр’е Ельскага, Новы Двор Шчучынскага р-наў і інш.).
У гіст. раёнах гарадоў фарміраваліся пешаходныя зоны. Упершыню пешаходная зона створана ў г. Ліда, пазней — у Гродне і Брэсце; у Мінску такая зона сфарміравана ўздоўж праспекта Машэрава. Увага пры арганізацыі такіх зон аддавалася пры развіцці агульнагарадскіх цэнтраў у Баранавічах, Барысаве, Бабруйску, Маладзечне, Мазыры, Оршы. Маст. выразнасць дасягалася ў выніку добраўпарадкавання і азелянення тэрыторыі з уключэннем архітэктуры малых форм і дэкар. скульптурных кампазіцый. Планіровачная структура гарадоў узбуйнялася шляхам фарміравання новых раёнаў, працягвалася забудова і мікрараёнамі. Новыя раёны фарміраваліся каля водна-зялёных зон ці буйных гар. магістралей. Кампазіцыйным дыяметрам сталі водна-зялёныя зоны ў асобных раёнах Мінска (Серабранка, Чыжоўка), Гомеля (Валатава), Магілёва, Віцебска, Гродна, Брэста. У межах буйных гарадскіх магістралей ствараліся раёны Усход, Серабранка, Чыжоўка, Захад у Мінску і інш. Забудова новых раёнаў вялася з максімальным выкарыстаннем рэльефу і навакольных лясных масіваў. Іх маст. і дэкар. выразнасць дасягаецца пры дапамозе будынкаў рознага тыпу (прамавугольных і крывалінейных у плане, вышынных вежавага тыпу і інш.), якія кантрастуюць паміж сабой і ўтвараюць рытмічнае чаргаванне, дынамічныя ансамблевыя кампазіцыі. Рознае канструкцыйнае вырашэнне набылі жылыя дамы. Забудова вялася з выкарыстаннем маналітных, буйнапанэльных, цагляных і аб’ёмна-блочных дамоў. У 1980 — пач. 90-х г. гарады развіваліся за кошт асваення прылеглых тэрыторый (Кунцаўшчына, Зялёны Луг 6, 7, Уручча, Ангарская 3, 4, Серабранка ў Мінску, Перасёлка 3, Фарты 2, Румлёва ў Гродне; Поўдзень 5, 6, 7 у Віцебску, мікрараёны №11 і 12 у Гомелі і інш.). На прынцыпах будаўніцтва адбіўся ўлік прыродна-ландшафтнага фактару. Узгорысты рэльеф з перападамі адводзілі пад вышыннае будаўніцтва, тэрыторыі з раўнінным рэльефам забудоўвалі гарызантальна выцягнутымі дамамі. Новыя раёны гар. забудовы нярэдка фарміраваліся ўздоўж буйных магістральных вуліц з улікам трансп. сувязей. Паступова ўзбуйняўся маштаб забудовы. У розных раёнах Мінска ўзводзілі жылыя дамы на 9—20 паверхаў: у жылых раёнах Усход 1 (арх. Г.Сысоеў, І.Жураўлёў, І.Папова), Усход 2 (арх.
Г.Сысоеў, А.Белаконь, Н.Грачова), інтэрнат ΡΤ1 па вул. Першамайскай (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), дамы з магазінамі «Трыкатаж» па вул. Першамайскай (арх. Э.Святлова), «Несцерка» па вул. М.Багдановіча (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая), у мікрараёне Сярова 1 (арх. К.Сакалова, Л.Мартынаў, У.Крывашэеў, А.Сабалеўскі і інш.) і інш. Часам яны ўяўляюць сабой каскады аб’ёмаў розных вышынь: комплекс жылых будынкаў у мікрараёне Усход 3 у Брэсце (арх. В.Арсеньеў, В.Гапіенка, А.Ляшук). Жылыя дамы з убудаванай выставачнай залай па праспекце Леніна ў Гомелі (арх. С.Пеўны), па вул. Першамайскай у Магілёве (арх. Я.Бранцаў, Ю.Іўжанка), 300-кватэрны ў Барысаве (арх. А.Нікіцін, А.Федарэнкаў) і інш. Значнае пашырэнне атрымалі класічная прамавугольная ў плане кампазіцыя, строгасць, сіметрыя ў аб’ёмна-прасторавым вырашэнні (будынкі абкомаў КПБ у Магілёве, Брэсце, Гомелі; гаркома КПБ, Палаца культуры чыгуначнікаў у Мінску, тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску, жылыя дамы па вул. Леніна ў Віцебску, па вул. Першамайскай у Магілёве). У асобных выпадках выкарыстоўваецца пірамідальная ці складаная асіметрычная кампазіцыя: корпус №15 БПІ (арх. І.Есьман, В.Анікін), ін-т меліярацыі і воднай гаспадаркі па вул. М.Багдановіча (арх. П.Кракалёў) у Мінску; жылыя дамы па бульвары Касманаўтаў у Брэсце (арх. А.Казюкоў, Г.Будзько, І.Карват, Р.Шылай); комплекс жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку (арх. Л.Краўчыня).
Буд-ва культурна-асветных устаноў вялося пераважна паводле тыпавых праектаў. Маст. выразнасць будынкаў дасягалася сістэмай аздаблення фасадаў. Пры ўзвядзенні грамадскіх пабудоў часта выкарыстоўваліся класіцыстычныя парталы: Палацы культуры Мінпрамбуда Беларусі (арх. А.Тэн, С.Неўмывакін, С.Кожар), Рэспублікі (кіраўнік праекта М.Пірагоў, арх. В.Данілаў, Л.Зданевіч, А.Шабалін, канструктары Я.Уласаў, А.Яршова) у Мінску. Выкарыстоўваліся таксама скульптурныя кампазіцыі (абл.драм. тэатр у Гродне, арх. Г.Мачульскі), дэкар. нішы (інфармацыйна-вылічальны цэнтр Мінжылкамгаса ў Магілёве, арх. М.Янчык), арнаментальныя дэкар. паясы (сталовая завода «Калібр» у Мінску, арх. А.Крутава), розныя віды аздаблення шкла з рэльефнай і гладкай паверхняй (школа па навучанні замежных спецыялістаў у Мінску, арх. А.Зензін). Аднак у большасці выпадкаў маст.-эстэтычны акцэнт робіцца на аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю і канструкцыйныя асаблівасці. Блакіроўка аб’ёмаў розных вышынь, адсутнасць чыста дэкар. элементаў у аздабленні, правільныя геаметрычныя формы сведчаць пра наяўнасць рыс канструктывізму ў грамадзянскім дойлідстве: будынкі канцэртнай залы «Мінск» (арх. Л.Патапаў, Ю.Кустоў, Л.Кустова, А.Чадовіч), рэсп. Дома тэхнічнай творчасці (арх. У.Даніленка, А.Зензін, М.Навумаў) у Мінску, гасцініц «Гродна» ў Гродне (арх. Ю.Патапаў, В.Папоў, У.Еўдакімаў, Ю.Раманаў) і «Маладзечна» ў Маладзечне (арх. У.Крывашэеў) і інш. У гандлёвых, гасцінічных і спартыўных збудаваннях маст. выразнасць дасягалася канструкцыйным вырашэннем: у Мінску — Палац тэніса (арх. С.Баткоўскі, Л.Гельфанд), крыты каток у дзіцячым парку імя М.Горкага (арх. Ю.Грыгор’еў, В.Бабашкін, В.Гразноў), гасцініца «Турыст» (арх. Л.Пагарэлаў), выставачны цэнтр «БелЭкспа» на праспекце Машэрава (арх. Л.Маскалевіч, Г.Ласкавая, Г.Федасенка, В.Капылоў), крыты рынак «Камароўскі» (арх. В.Аладаў, А.Жалдакоў, М.Ткачук, У.Крывашэеў), універсамы «Рыга» (арх. Я.Дзятлаў, А.Жалдакоў), «Талін» (арх. А.Жалдакоў, Р.Яўменаў, Ф.Пархімовіч), комплекс аўтавакзала «Усходні» (арх. Л.Пагарэлаў, Л.Кустова, В.Ягадніцкі); комплекс міжнар. маладзёжнага цэнтра «Юнацтва» на Заслаўскім вадасх. (арх. Ю.Шпіт, Э.Вішнеўская), аэравакзалы ў Гродне (арх. У.Еўдакімаў, Л.Маскалевіч, М.Куняўскі, В.Васілюк, В.Чубіч) і Брэсце (арх. В.Арсеньеў, А.Ляшук, В.Кескевіч, Р.Шылай, В.Гапіенка). У жыллёвым будаўніцтве індывідуальнае вырашэнне набылі асобныя арх. элементы — балконы, лоджыі, парапеты, а таксама аздабленне панэлей (комплекс Дома быту і ін-та «Белбыттэхпраект» у Мінску, жылыя дамы па вул. Мічурына ў Брэсце, Першамайскай у Магілёве і інш.). Архітэктурная выразнасць дасягалася за кошт уключэння твораў манум.-выяўл. і дэкар. характару (мазаічныя кампазіцыі ў тарцовых частках вышынных будынкаў у жылым раёне Усход 1 у Мінску, дэкар. кампазіцыі манум. жывапісу жылых дамоў на набярэжнай р.Зах. Дзвіна ў Наваполацку). У аздабленні выкарыстоўваліся таксама вітражы (тэатр драмы і камедыі ў Бабруйску). У жыллёвым буд-ве пашырэнне набыў колер у афармленні тарцоў, элементаў балконаў, лоджый (інтэрнат РТІ па вул. Я.Коласа, жылыя дамы ў мікрараёне Сярова 1 у Мінску, на бульвары Касманаўтаў у Брэсце). На працэс форма- і стылеўтварэння паўплываў гіст. фактар. Пераасэнсаванне гіст. і нар. традыцый выявілася ў забудове новых гар. раёнаў. Сучасную інтэрпрэтацыю атрымалі формы і прынцыпы функцыяналізму і канструктывізму. У пач. 1990-х г. архітэктура знаходзілася пад уплывам постмадэрнізму; пашыраны пірамідальная ці асіметрычная планіроўка аб’ёмаў, выкарыстанне ў канструкцыях пабудоў грамадскага і жыллёвага прызначэння вежавых форм, адсутнасць чыста дэкар. аздаблення фасадаў. Нацыянальныя рысы ўвасобіліся пераважна ў сельскай архітэктуры. Аблічча сельскіх пабудоў у многім вызначылі традыцыйныя мясц. матэрыялы (дрэва, прыродны камень, цэгла): комплекс прадпрыемства быт. абслугоўвання ў в. Блонь Пухавіцкага, аднакватэрныя жылыя дамы ў пас. Жамчужны Баранавіцкага, в. Сухары Магілёўскага р-наў. Разнастайнасць тыпаў і канструкцый пабудоў дазволіла стварыць індывідуальны маст. вобраз архітэктуры пасёлкаў. Падтрыманню адзінай стылістычнай лініі пры захаванні нац. каларыту спрыяла дэкар. аздабленне фасадаў з выкарыстаннем традыцыйнага арнаменту (жылыя дамы па вул. Юбілейнай у в. Верцялішкі Гродзенскага, блакіраваныя з кватэрамі ў двух узроўнях у в. Сноў Нясвіжскага, сядзібны мансарднага тыпу ў в. Нявелічы Дзяржынскага р-наў і інш.). Перавага нар. і нац. традыцый над наватарскімі пошукамі стала характэрнай асаблівасцю сельскага буд-ва.
Выгляд Мінска ў раёне праспекта Машэрава.Корпус № 15 Беларускага політэхнічнага інстытута. 1976—83.Кастрычніцкая плошча ў Мінску. Фота 2004.