РАМА́НКА (Расціслаў Міхайлавіч) (н. 13.3.1936, г. Гомель),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1968). З 1968 выкладае ў Бел.АМ. Аўтар манум. твораў з А.М.Зінгуном: вітражы «Беларусь працоўная» на ВДНГ Беларусі (1969, з І.Эйдэльманам), «Радыёаўтаматыка» ў НДІ сродкаў аўтаматыкі (1980); мазаіка «Швейнікі» ў ПТВ (1970), усе ў Мінску; чаканка «Спорт» у спарткомплексе «Стайкі» Мінскайвобл. (1971); «Медыцына і жыццё чалавека» ў мед. ін-це ў Мінску (1990, з Г.Лойкам). Сярод жывапісных твораў: «Любімыя вершы» (1981), «Восень» (1986), «Ледзяное сэрца Алтая», «Марэннае возера» (абодва 1993), «Зіхатлівыя вяршыні», «Захад перад штурмам», «Раніца пасля цяжкага дня», «Турысты 60-х» (усе 1996), «Алтайскае знаменне» (1997), серыі «Эцюды з рукзака», «Сцяжынамі Рэрыха» (абедзве 1998), «Мае горы» (1999), «Пакінутая лыжня» (2001). Творам уласціва абагульненасць маст. вобразаў, жывапісная лепка буйнымі каляровымі плямамі, яркасць каларыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБЯЖЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскайвобл., каля р. Сула, на скрыжаванні аўтадарог на Стоўбцы, Івянец, Дзяржынск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 28 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 59 км ад Мінска. 308 ж. 143 двары (2001). Сярэдняя школа, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл.
Вядомы з 14 ст., з 1550 належалі Радзівілам. З 1793 у Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Мінскага пав. У 1897 у мястэчку 1482 ж., у 1909—1102 ж., 144 двары, царк.-прыходская школа, царква, 2 яўр. малітоўныя дамы. У 1911 пабудаваны Іосіфаўскі касцёл. У 1921—39 у складзе Польшчы, вёска Стаўбцоўскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1921—22 тут фарміраваліся атрады С.Булак-Балаховіча. З вер. 1939 у БССР, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета Івянецкага, з 17.4.1962 — Стаўбцоўскага р-наў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНЕ́Ц (Пятро) (Пётр Мікалаевіч; 4.5.1911, в. Азярычына Пухавіцкага р-на Мінскайвобл. — 5.3.1997),
бел. пісьменнік. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1940). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Піянер Беларусі», час. «Бярозка», на Бел. радыё. Друкаваўся з 1932. Першы зб. апавяданняў «Юныя змагары» (1940). Большасць твораў пра дзяцей і для дзяцей. Склаў зб. успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (1948). Выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй» (1979). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Ж.Грывы, А.Талвіра, Дж.Радары, З.Эргле і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАГУ́Б (Васіль Усцінавіч) (4.9.1848 — пасля жн. 1907),
расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ардынарны праф. Мікалаеўскай акадэміі Генштаба (1895). Ген.-лейт. (1897). З дваран Мінскайгуб. Скончыў 2-е Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (1866), Мікалаеўскую акадэмію Генштаба (1875 ?). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. У 1880 і 1882 прымаў удзел у міжнар. камісіі па размеркаванні тэр. Чарнагорыі; вырашэнні грэка-тур. пытання; знаходзіўся пры англ. экспедыцыйным корпусе ў Егіпце, дзе часова кіраваў рас.ген. консульствам. У 1884—90 нач. 2-га аддзялення Гал. штаба, з крас. 1890 прымаў удзел у рабоце камісій па ўзвядзенні абарончых збудаванняў на зах. мяжы Рас. імперыі і ўзбраенні крэпасцей. У ліп. — вер. 1893 камандзір брыгады ў Віленскай ваен. акрузе. З 1896 у Гал. штабе і ў ваен. міністэрстве. Чл. праўлення Кітайскай Чанчуньскай чыгункі (з 1900 і з 1906). У снеж. 1905—кастр. 1906 — часовы Прыбалтыйскі ген.-губернатар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМЦЭ́ВІЧ (Сямён Андрэевіч) (27.7.1902, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскайвобл. — 30.5.1985),
бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Брат В.А.Самцэвіча і П.А.Самцэвіча. Чл.-кар.АН Беларусі (1967). Д-рбіял.н. (1954), праф. (1956). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Горы-Горацкі земляробчы ін-т (1924), Валагодскі малочна-гасп.ін-т (1930). У 1934—38 у Ін-це біял. навук АН Беларусі. Потым працаваў на Украіне. З 1964 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (заг. лабараторыі, у 1966—73 заг. аддзела). З 1977 навук. кансультант Ін-та мікрабіялогіі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях узаемадзеяння мікраарганізмаў глебы і вышэйшых раслін, магчымасцях кіравання гэтым працэсам. Вывучыў прыроду сімбіёзу клубеньчыкавых бактэрый і бабовых раслін.
Тв.:
Взаимоотношения микроорганизмов почвы и высших растений // Микроорганизмы почвы и растение. Мн., 1972;
Фитотоксические свойства почвенных микроорганизмов. Л., 1978 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ТА ЎРАДЖА́Ю»
(«Erntefest»),
кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Грэскім, Капыльскім, Пухавіцкім, Слуцкім і Уздзенскім р-нах Мінскайвобл. ў Вял.Айч. вайну ў студз.—лютым 1943. Праводзілася на У і З ад аўтадарогі Мінск—Слуцк 13-м паліцэйскім палком СС, батальёнам СС Дырлевангера, 11 ахоўнымі і паліцэйскімі батальёнамі, 3 камандамі СД у складзе айнзатцгрупы паліцыі бяспекі і СД генеральнай акругі «Беларусь». Спроба гітлераўцаў акружыць і знішчыць партыз. фарміраванні правалілася, таму што ўмелымі тактычнымі манеўрамі партызаны выйшлі з блакіраваных раёнаў. У час аперацыі карнікі расстралялі 4325 чал., вывезлі ў Германію больш за 1300 чал., спалілі дзесяткі вёсак, у т. л. Жавалкі (загубілі 512 чал.), Калодзезнае (196 чал.) Капыльскага, Адамова (190 чал.) Слуцкага р-наў; захапілі і вывезлі больш за 2800 галоў буйн. раг. жывёлы, 1500 авечак, 438 т збожжа, вял. колькасць насення лёну і канапель, шкур і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМЯНО́ВІЧ (Антон Аляксандравіч) (5.8.1917, в. Шабунеўшчына Дзяржынскага р-на Мінскайвобл. — 25.8.2000),
бел. крытык і літаратуразнавец. Д-рфілал.н. (1971), праф. (1971). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1945). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, выкладаў бел. л-ру ў БДУ, з 1963 у Мінскім пед. ун-це. Друкаваўся з 1949. Даследаваў бел. прозу і драматургію. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1965—66), «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), падручнікаў для студэнтаў па гісторыі бел. л-ры і інш.
Тв.:
Проза Якуба Коласа (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1953;
Кандрат Крапіва. Мн., 1956;
Змітрок Бядуля. Мн., 1960;
Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Беларуская савецкая драматургія, 1917—1932. Мн., 1968;
Ад вытокаў да сталасці: Бел. драматургія 1917—1945 гг.Мн., 1978;
Гісторыя беларускай драматургіі, XIX—пачатак XX ст.Мн., 1985;
Гісторыя беларускай савецкай драматургіі, 1917—1955 гг.Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́СА, Раса,
рака на Пд Беларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГУШЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскайвобл., на р. Уса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 24 км на ПдЗ ад г. Беразіно, 98 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Градзянка. 500 ж., 190 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаюцца ў 1501 як маёнтак. У 1568 на Багушэвічы напалі ўзбр. сяляне Свіслацкай вол., што збеглі ад пана. Пазней Багушэвічы — рамесніцка-гандл. мястэчка з прыстанню, вадзяным млыном, 2 разы на год праводзіліся кірмашы. Належалі Завішам, Ваньковічам, Свентаржэцкім. У 18 ст. цэнтр графства. У 1862 адкрыта школа, працавалі пошта, касцёл, царква, 4 сінагогі. Пасля эміграцыі Б.Свентаржэцкага, які ўдзельнічаў ў паўстанні 1863—64, Аляксандр I падараваў мястэчка Шалгунову. У 1897 былі 524 ж. Да 1917 цэнтр воласці Ігуменскага пав., 785 ж. ў 1927. У 1929 арганізаваны калгас.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аддз. сувязі, касцёл (помнік архітэктуры 19 ст.). Гарадзішча 1 ст. да нашай эры — 2 ст. нашай эры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛО́ТНАЯ ЛІХАМА́НКА»
(«Sumpffieber»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызанаў і мясц. насельніцтва ў Вял.Айч. вайну на тэр. Віцебскай, Брэсцкай і Мінскайабл. Праводзілася 25.8—20.9.1942 па загадзе рэйхсфюрэра СС Гімлера сіламі нач. СС і паліцыі «Остланд», нач. паліцыі парадку, паліцыі бяспекі і СД, 1-й матарызаванай брыгадай СС, 23-м паліцэйскім палком, 8 асобнымі ахоўнымі батальёнамі і інш. Складалася з 7 паслядоўных аперацый: «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд I» у Лепельскім і Бягомльскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Бінц» у Плешчаніцкім і Вілейскім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Баркхольт» на ПнЗ ад Лагойска, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд II» у Лагойскім і Смалявіцкім р-нах, «Балотная ліхаманка — Поўнач Троенфельд III» у Уздзенскім раёне, «Балотная ліхаманка — Захад» у Стаўбцоўскім раёне, «Балотная ліхаманка — Паўднёвы Захад» у Баранавіцкім, Ганцавіцкім і Івацэвіцкім р-нах. У ходзе аперацыі гітлераўцы загубілі больш за 10 тыс.чал., больш за 1200 вывезлі на катаржныя работы ў Германію.