Сек ‘даўняя мера вагі сыпкіх цел ёмістасцю 12 кг’ (Сл. ПЗБ; в.-дзв., Нар. сл.). Ст.-бел. секъ (ссекъ) пераважна ў магілёўскіх актах ‘адзінка колькасці мяса’ (Скурат, Меры, 145; Ст.-бел. лексікон), ‘мера сыпкіх цел’: семенʼя лняного секов два (Яблонскіс, 210). Скурат (там жа) лічыць вытворным ад *sěkti ‘сячы’, што сумніўна ў сувязі з вышэй прыведзеным значэннем. Хутчэй за ўсё, балтызм, параўн. літ. síekas ‘мера вагі (зерня) = 6 гарцаў, г. зн. каля 20 л’, лат. síeke ‘тс’, якія далей звязаны з літ. síekti ‘спрабаваць дасягнуць чаго-небудзь’, seikʼti ‘вымяраць мерамі’. Аб апошніх словах гл. Фрэнкель, 781; Мюленбах-Эндзелін, 3, 857.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скапа́ ‘буйная драпежная птушка сямейства ястрабавых, якая жыве каля рэк, азёр і харчуецца рыбай’ (ТСБМ), у форме “скопа тѣмно-дымчатая, Fischaar” адзначана сярод птушак Крычаўскага староства ў XIX ст. (Меер Крыч.). Народныя назвы рыбалоў і скаба́ (гл.). Запазычанне, параўн. рус. скопа́ ‘тс’, укр. скопа́ ‘тс’; у іншым значэнні ‘ястраб-перапёлачнік’ адзначана польск. дыял. skop і славен. skȏpəc, skobec. Бернекер (1, 535), Булахоўскі (ИАН ОЛЯ, 7, 120), Сной₁ (574) лічаць тоесным з прасл. *kobьcь ‘драпежная птушка’ (рус. ко́бец, польск. kobiec і г. д.), але супраць Фасмер (3, 649) на падставе наяўнасці ст.-прус. warnagcopo ‘від ястраба’, што збліжаецца з літ. kapōti ‘секчы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́рыва ’трымцячы слой цёплага паветра каля паверхні зямлі ў гарачае надвор’е, смуга’ (ТСБМ). Укр. ма́рево, рус. мар, арханг. ма́рево, маск. мара́ ’тс’, арханг., перм. ма́ра ’туман на моры’; перм. марева ’туман, шкодны для збажыны, садавіны’, уладз. ’гарачы, сонечны дзень’. Усх.-слав. утварэнне з суф. ‑ivo/‑evo ад дзеяслова mariti. Параўн. таксама в.-луж. womara ’напаўсон, непрытомнасць’, серб.-харв. о̏‑мара ’духоцце, духата’, балг. мараня́ ’марыва’. Да прасл. marъ або marь, якія з’яўляюцца роднаснымі да ст.-інд. marīciṣ, marīcī ’прамень’, marīcīkā ’міраж’, ст.-грэч. άμαρύσσω ’ззяю’, ἀμαρυγή ’бляск’, μαῖρα < ’Сірыус’ (Бернекер, 2, 21; Фасмер, 2, 571; Скок, 2, 407, БЕР, 3, 662–663).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

МАГНІ́ТНАЕ ПО́ЛЕ ЗЯМЛІ́ прастора, у якой дзейнічаюць сілы зямнога магнетызму. На адлегласці ≈3R🜨 (дзе R🜨 — радыус Зямлі) адпавядае прыблізна полю аднародна намагнічанага шара па восі, якая адхіляецца ад восі вярчэння Зямлі на 11,5°, з напружанасцю поля ≈55,7 А/м каля магнітных полюсаў Зямлі і 33,4 А/м на магн. экватары. На адлегласці >3R🜨 М.п.З. мае больш складаную будову (гл. Магнітасфера). Назіраюцца векавыя, сутачныя і нерэгулярныя змены (варыяцыі) М.п.З., у т.л. магнітныя буры.

Характарызуецца магнітнай індукцыяй. З’яўляецца сумай палёў: дыпольнага (створанае аднароднай намагнічанасцю шара), недыпольнага (поле мацерыковых анамалій), анамальнага (абумоўленае намагнічанасцю верхняй ч. зямной кары), поля, звязанага з вонкавымі прычынамі, поля варыяцый. Галоўнае М.п.З. складаецца з дыпольнага і мацерыковага, нармальнае — з гал. і вонкавага, назіраемае — з нармальнага і анамальнага магн. палёў.

На Беларусі модуль нармальнага магн. поля складае каля 50 тыс. нТл, схіленне ўсходняе каля 5°, нахіленне дадатнае на Пн каля 70°. Лакальныя анамаліі 2 тыс.—3 тыс. нТл. Макс. значэнне анамальнага поля 7,5 тыс. нТл назіраецца ў раёне в. Навасёлкі Гродзенскай вобл. над пакладамі ільменіт-магнетытавых руд. Гл. таксама Магнітнае поле.

Я.І.Майсееў.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НГУЦКІ БОЙ 1714,

баявыя дзеянні на Балт. моры каля п-ва Гангут (цяпер Ханка) паміж рас. і швед. флатамі 7.8.1714 у Паўночную вайну 1700—21. Летам 1714 рас. вёславы (галерны) флот (99 галер і скампавей, 15 тыс. чал. дэсанта) пад камандаваннем ген.-адм. Ф.М.Апраксіна, накіраваны з Кранштата для ўзмацнення гарнізона ў г. Аба (сучасны Турку, Фінляндыя), сустрэў каля ўсх. ўзбярэжжа Гангута швед. флот (15 лінейных і 2 бамбардзірскія караблі, 3 фрэгаты, атрад вёславых суднаў) на чале з віцэ-адм. Г.Ватрангам. Бакі занялі баявыя пазіцыі. 7 жн. рас. авангард з 23 скампавей (усяго каля 3500 чал., 160 гармат) на чале з ген.-лейт. А.А.Вейдэ (фактычна кіраваў Пётр І) каля 15 гадз атакаваў атрад швед. контр-адм. Н.Эрэншэльда (1 фрэгат, 6 галер і 3 шхерботы; каля 900 чал., 116 гармат) і ў выніку жорсткага абардажнага бою авалодаў швед. караблямі. 8 жн. эскадра Ватранга пакінула Гангут і пайшла да Аландскіх а-воў. Шведы страцілі 10 караблёў, 711 чал. забітымі і параненымі, 237 палоннымі (у т. л. Эрэншэльд), расіяне — 1 галеру і 456 чалавек. Гангуцкі. бой быў першай буйной перамогай маладога рас. флоту. Усе яго ўдзельнікі ўзнаг. спец. медалямі, цар атрымаў званне віцэ-адмірала. У гонар рас. маракоў, што загінулі, у 1871 у Рылакс-фіёрдзе пастаўлены помнік.

Літ.:

Филимошин М. Первая победа русского регулярного флота // Военно-ист. журн. 1984. № 8.

У.Я.Калаткоў.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАНГА́Л,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. Каля 400 тыс. ж. (1990). Цэнтр с.-г. раёна. Вытв-сць баваўняных тканін і дываноў.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНЬЧЖО́Ў,

горад на У Кітая, на р. Ганьцзян, прав. Цзянсі. Каля 0,5 млн. ж. (1994). З-д металургічнага абсталявання, прадпрыемствы тэкст., дрэваапр. прам-сці.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПЕРЫЁН,

спадарожнік планеты Сатурн. Адлегласць ад Сатурна 1,48 млн. км, найб. папярочнік каля 350 км, сідэрычны перыяд абарачэння 21,28 сут. Адкрыты Дж.Ф.Бондам (1848, ЗША).

т. 5, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́МАС,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр каля 390 км. Адлегласць ад Сатурна 186 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 22 гадз 36,5 мін. Адкрыты У.Гершэлем (1789).

т. 10, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ ДЗВІНА́ (у Латвіі Даўгава),

рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі. Даўж. 1020 км, пл. вадазбору 87,9 тыс. км2 (у межах Беларусі адпаведна 328 км і каля 33,1 тыс. км2). Пачынаецца з воз. Каракіна (Цвярская вобл., Расія) на Валдайскім узв., за 14 км ад вытоку Волгі. Упадае ў Рыжскі зал. Балтыйскага м. (Латвія). Цячэ на Беларусі пераважна з У на З па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узв. і на большым сваім працягу па Полацкай нізіне. Асн. прытокі; Таропа (Расія), Обаль, Палата, Дрыса (Беларусь), Айвіекстэ (Латвія) — справа, Мёжа (Расія), Каспля, Лучоса, Ула, Ушача, Дзісна (Беларусь) — злева. Са стараж. часоў З. Дз. — важны гандл. шлях, у 9—11 ст. тут праходзіў адзін з напрамкаў шляху з «варагаў у грэкі». Даліна выразная, месцамі глыбокаўрэзаная або невыразная, шыр. ў верхнім цячэнні 300—900 м, у сярэднім (у межах Беларусі) — 1—1,5 км, у ніжнім — 5—6 км. Пойма пераважна двухбаковая, у вярхоўі перарывістая, месцамі чаргуецца па берагах. Рэчышча ўмерана звілістае, на Беларусі звілістае, месцамі з парогамі: вышэй Віцебска (Вярхоўскі парог), каля г. Дзісна (Дзісенскія парогі) і г. Верхнядзвінск. Шыр. ракі 15—20 м у вярхоўі, 100—150 м на Беларусі (каля г.п. Друя 700 м), у Латвіі 200—300 м каля г. Даўгаўпілс, 700 м каля Рыгі. Вусцевая вобласць — эразійная дэльта. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое, вял. доля грунтавога. Ледастаў з 1-й дэкады снеж. да 1-й дэкады красавіка. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён. Летне-асенняя межань (4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі. Зімовая межань (70—80 дзён) устойлівая. Сярэднегадавы расход вады каля Віцебска 223 м³/с, пры выхадзе за мяжу Беларусі 441 м³/с, у вусці 666 м³/с. Выкарыстоўваецца як крыніца водазабеспячэння. Суднаходства ў сярэднім цячэнні ад г. Веліж да г. Верхнядзвінск, у ніжнім — на асобных участках. Створаны Даўгаўпілская, Кегумская, Плявінская, Рыжская ГЭС. З. Дз. злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з бас. Дняпра. На рацэ гарады Веліж (Расія), порт Віцебск, Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск (Беларусь), Даўгаўпілс, Екабпілс, Яўнелгава, марскі порт Рыга (Латвія).

А.А.Макарэвіч.

Рака Заходняя Дзвіна каля гарадскога пасёлка Руба Віцебскага раёна.

т. 7, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)