ГЛЫБО́ЦКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 16—18 ст. у мяст. Глыбокае. Пазначаны на карце М. Струбіча «Тэатр вайны за Лівонію» (1589). Апісанні Глыбоцкага замка таго часу невядомыя. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 пад сценамі замка 30.6.1654 адбыўся бой паміж атрадам войска ВКЛ і рус. войскам. 2.8.1654 Глыбоцкі замак спалены. Пасля аднаўлення 7.1.1659 (паводле інш. звестак у 1660) атрад войска ВКЛ узяў штурмам Глыбоцкі замак і спаліў яго. Пазней замак адноўлены і існаваў да канца 18 ст. У час Паўн. вайны 1700—21 Глыбоцкі замак моцна пацярпеў ад вял. пажару (1700). Паступова замчышча забудавана, вул. Замкавая існавала ў 19 ст.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ АКЦЫЯНЕ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КАМІНТЭ́РН».

Засн ў 1919 як ф-ка па пашыву вайсковага абмундзіравання. З 1922 ф-ка «Дзяржадзенне» па пашыву адзення насельніцтву і розным установам. З 1927 ф-ка «Гомшвей», з 1928 швейная ф-ка «Камінтэрн». У Вял. Айч. вайну эвакуіравана ва Ульянаўскую вобл., дзе аб’яднана з віцебскай ф-кай «Прафінтэрн». Пасля вайны адноўлена ў Гомелі. У 1964 шляхам аб’яднання ф-кі «Камінтэрн» са швейнай ф-кай № 1 і Рэчыцкай швейнай ф-кай створана Гомельскае вытв. швейнае аб’яднанне «Камінтэрн», якое у 1994 пераўтворана ў акц. т-ва. Вырабляе мужчынскае і жаночае адзенне. Мае знешнеэканам. сувязі з фірмамі Англіі, Даніі, Германіі, Венгрыі, Італіі, Чэхіі.

А.​А.​Саламонаў.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬМАН (Паліна Уладзіміраўна) (н. 24.10.1919, г. Бярдзічаў, Украіна),

Герой Сав. Саюза (1946). З 1920 жыла ў Гомелі. Скончыла 3 курсы Маскоўскага ун-та (1941), курсы штурманаў (1942), Ваен. ін-т замежных моў (1951). З кастр. 1941 у Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Паўд., Паўн.-Каўказскім (у Асобнай Прыморскай арміі), на 4-м Укр. і 2-м Бел. франтах: штурман, нач. сувязі эскадрыллі 46-га Таманскага жаночага авіяпалка начных бамбардзіроўшчыкаў. Удзельніца абароны Каўказа, вызвалення Кубані, Крыма, Беларусі, Польшчы, баёў у Германіі. Зрабіла 860 баявых вылетаў. Да 1957 у Сав. Арміі. У 1959—79 на выкладчыцкай рабоце.

П.У.Гельман.

т. 5, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),

акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт. Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМЕ́НКА (Назар Яўстратавіч) (1903, чыг. ст. Пціч Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — люты 1943),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. З 1929 працаваў у Мінску. З першых дзён ням.-фаш. акупацыі горада стварыў і ўзначаліў падп. групу (падп. псеўд. Мікалай), з 1942 сакратар Сталінскага падп. райкома КП(б)Б г. Мінск. На яго кватэры збіраліся падпольшчыкі, прымаліся сувязныя партыз. атрадаў, захоўвалася зброя, медыкаменты, нелегальная л-ра. У падп. рабоце ўдзельнічалі яго жонка Таццяна і 12-гадовая дачка Люся. У кастр. 1942 гітлераўцы арыштавалі ўсю сям’ю Герасіменка і пасля катаванняў загубілі. На тэр. сярэдняй школы № 25 у Мінску — бюст Люсі.

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ Дзейнічала са жн. 1941 да снеж. 1943 у Ельску і Ельскім р-не Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Мела групы ў Ельску

(кіраўнікі Я.​М.​Шацко, А.​І.​Сухамель),

в. Скароднае (М.​Н.​Драчэўскі), в. Болгарка (І.​Р.​Шульга). Падпольшчыкі вялі агітработу сярод насельніцтва і ў вайск. фарміраваннях акупантаў (у выніку да партызан перайшло 40 славакаў), распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, падп. газ. «Кліч Радзімы», праводзілі дыверсіі на чыгунцы і інш. аб’ектах ворага, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, медыкаменты, харч. прадукты, рабілі завалы на дарогах, псавалі тэлефонна-тэлегр. сувязь; балгарская група інфармавала партызан пра рух варожых войск, здабывала зброю, удзельнічала з партызанамі ў дыверсіях.

т. 6, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Міхаіл Мітрафанавіч) (н. 23.11.1923, в. Заводскі Хутар Тульскай вобл., Расія),

военачальнік, ген. арміі (1980). Герой Сав. Саюза (1983). Скончыў ваен. акадэміі бранятанкавых войск (1954) і Генштаба (1965). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Варонежскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Пасля вайны нач. штаба, камандуючы арміяй, 1-ы нам. камандуючага войскамі акругі. У 1976—80 камандуючы войскамі БВА. З 1980 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1985 на кіруючых пасадах ва Узбр. Сілах СССР. Чл. ЦК КПБ у 1971—81, ЦК КПСС у 1981—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1971—80, СССР у 1979—89.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКА-ГАРАДСКІ́ САЮ́З, Земгор,

аб’яднаны камітэт Усерасійскага земскага саюза і Усерасійскага саюза гарадоў у 1-ю сусв. вайну. Створаны 10.7.1915 для дапамогі бежанцам, забеспячэння фронту зброяй, адзеннем, абуткам і інш. праз мясц. саматужную прам-сць. Кіраўнік Т.Я.Львоў. Мясц. органы — абл., пав., губ. і гар. к-ты. Садзейнічаў узмацненню ўплыву гандл.-прамысл. буржуазіі і ліберальных памешчыкаў, стаў апорай «Прагрэсіўнага блока». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў палітыку Часовага ўрада, варожа сустрэў Кастр. рэвалюцыю 1917. На тэр. Беларусі і Зах. фронту дзейнічаў выканаўчы к-т Земгора. У Мінску ў склад служачых З.-г.с. ўваходзілі бальшавік М.В.Фрунзе і эсэр П.​У.​Злобін. Скасаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 17.1.1918.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Юрый Сцяпанавіч) (н. 3.2.1922, г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобл., Расія),

ваенны дзеяч, журналіст. Ген.-лейт. (1981). Скончыў Пушкінскае танк. вучылішча (1942), Акадэмію бранятанк. і механіз. войск (1957). У Вял. Айч. вайну на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт. франтах, камандзір танка і ўзвода танкаў. У 1957—74 служыў у БВА, камандзір батальёна, палка, дывізіі, нам. камандуючага 7-й танк. арміі. У 1974—77 ваен. саветнік на Кубе. У 1977—83 нам. камандуючага Прыволжскай ваен. акругі. З 1983 у адстаўцы, жыве ў Мінску. Аўтар публікацый на ваен.-патрыят. тэматыку, брашур «Салдацкая доблесць і воінскі абавязак», «Баявы летапіс беларускіх палкоў» (абедзве 1994), «Творцы ратнай славы» (1995) і інш.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́КАЎ (Георгій Пятровіч) (11.2.1896, в. Вял. Крушынаўка Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 4.2.1961),

генерал-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў БДУ (1929), курсы «Выстрал» (1930), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1941), паскораны курс Ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1922 на сав. і прафсаюзнай рабоце ў Рагачове, Мінску, з 1932 нач. упраўлення нарыхтовак пры СНК БССР. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Сталінградскім, Данскім, Сцяпным, 3-м Бел. і інш. франтах: камандзір палка, брыгады, дывізіі. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад Кіева. Да 1955 на ваен.-пед. рабоце.

Г.П.Ісакаў.

т. 7, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)