го́лы, ‑ая, ‑ае; гол, ‑а.

1. Не прыкрыты адзеннем, не апрануты. Голыя рукі. □ У мелкай рэчцы з крутымі берагамі плюхаліся голыя хлапчукі. Асіпенка. Адрозніць начальнікаў ад падначаленых у рухлівым натоўпе да пояса голай, загарэлай і запыленай моладзі — амаль немагчыма. Брыль. // Разм. Бедны. Гулялі, пакуль голыя сталі. Прыказка.

2. Пазбаўлены расліннага або валасянога покрыва (пра дрэвы, часткі цела і пад.). Дрэвы стаялі голыя — і тыя, што былі апалены, і тыя, што заставаліся цэлымі. Якімовіч. Круглым голым тварам [мандарын] нагадваў старую бабу, нягледзячы нават на вузенькую сівую казліную бародку. Маўр. // Пазбаўлены расліннасці, пустынны (пра мясцовасць). Пачарнеў лес, скінуўшы на дол апошняе сваё залатое ўбранне, асірацелі голыя палеткі. Краўчанка.

3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты. Голыя сцены. □ [Нявада] зачыніў сенцы, увайшоў у хату і прылёг на голы палок. Чорны. Уцякала Бандароўна Ды паміж платамі, А за ёю тры гайдукі З голымі шаблямі. Купала.

4. Разм. Без ніякіх дадаткаў, прымесей; чысты. Голы пясок.

5. перан. Разм. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, дадаткаў і пад. Голыя лічбы. □ Засяроджанне ўвагі толькі на ідэйным баку твора без уліку яго мастацкай формы мімаволі вядзе да голых сацыялагічных разважанняў. Шкраба.

•••

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Гол як сакол — дужа бедны, нічога не мае.

Голаму разбой не страшан гл. разбой.

Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.

Голы як бубен — пра голае, без расліннасці, выбітае месца.

Голы як стары венік — тое, што і голы як бізун.

З голымі рукамі гл. рука.

На голым месцы гл. месца.

Свяціць голым целам гл. свяціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гато́вы, ‑ая, ‑ае; гатоў, гатова.

1. Які падрыхтаваўся да чаго‑н., зрабіў усе неабходныя прыгатаванні. Усе гатовы да выканання заданняў. □ Святлану з нецярплівасцю чакала гатовая ў дарогу сям’я. Шахавец.

2. на што або з інф. Ахвочы, схільны зрабіць што‑н., згодны на што‑н. За свет новы Мы гатовы І на бой пайсці суровы Супроць чорнай зграі. Колас. // з інф. Які знаходзіцца ў стане, блізкім да чаго‑н. Варожае кола навокал раёна ўжо сцягвалася, звужалася і неўзабаве гатова было замкнуцца. Чорны.

3. Падрыхтаваны, прыгодны да выкарыстання. На станцыі стаяў ужо гатовы да адпраўкі цягнік. Лынькоў. // Канчаткова зроблены, закончаны ў сваёй вытворчасці. Гатовая дэталь. □ Удар за ўдарам, удар за ўдарам, і вось на кавадле ляжыць амаль гатовы лямеш. Курто. // Загадзя абдуманы, падрыхтаваны (пра думку, фразу і пад.). Гатовае паняцце. Гатовая схема. / у знач. наз. гато́вае, ‑ага, н. Згодаю двор збудуеш, а нязгодаю — гатовае разгубіш. Прыказка.

4. толькі кар. ф., у знач. вык. Разм. Вырашае канчатковы вынік якога‑н. дзеяння або стану і ужываецца ў значэннях: а) памёр, сканаў; б) зусім п’яны. Ужо гатоў, напіўся! // безас. Усё закончана, канец. — Атрымалася проста: вылецеў цецярук, я бац — і гатова! Гамолка.

•••

Будзь гатоў! — вітанне піянераў пры сустрэчы; Заўсёды гатоў! — адказ на такое вітанне; дэвіз.

Гатоў скрозь зямлю праваліцца — выраз, які азначае моцнае жаданне знікнуць, схавацца куды‑н. ад сораму, страху і пад.

На ўсім гатовым — на поўным забеспячэнні, ні аб чым не клапоцячыся (жыць, быць і пад.).

Раз-два і гатова гл. раз.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.

1. Рухаючыся павальней за іншых або затрымаўшыся, апынуцца ззаду. Дзед Цярэшка адстаў і пайшоў следам. Грахоўскі. Тацяна амаль што бегла, каб не адстаць ад .. [Лясніцкага]. Шамякін. // Выйшаўшы ў дарозе з цягніка, машыны і пад., не паспець сесці назад, не паехаць. Баючыся адстаць ад цягніка, некаторыя жанкі выйшлі на платформу, падзівіліся на вакзал. Васілевіч.

2. Апынуцца ззаду, не паспець за другімі ў выкананні якога‑н. плана, задання ў выніку маруднай або дрэннай працы. У .. [Юркі] зноў была запазычанасць па англійскай мове, і ён, пакуль ліквідаваў яе, адстаў ад хлопцаў. Карпаў. // з адмоўем «не». Старацца рабіць не горш за іншых. [Канапелька:] — А наконт сенажаці справа ясная — пойдзе Арцём, дык і я не адстану. Бажко.

3. Не дасягнуць патрэбнага ўзроўню ў выніку замаруджанага развіцця. Адстаць у развіцці. Вытворчасць адстае ад попыту. □ Мы, што жылі пад уладай паноў, на цэлых дваццаць год адсталі ад нашай радзімы. Брыль.

4. У выніку запаволенага ходу паказваць больш ранні час, чым папраўдзе (пра гадзіннік). Гадзіннік адстае на пяць мінут.

5. Аддзяліцца ад чаго‑н.; перастаць шчыльна прылягаць да чаго‑н.; адысці. [Жанчына:] — Я ўжо не помню, куды.. [Пеця] тады хадзіў, толькі ў дарозе ў яго ад ботаў адсталі падэшвы. Сіняўскі.

6. Перастаць дакучаць, назаляць каму‑н.; адчапіцца. Маці, каб хутчэй я адстаў, сказала: — Ведаць усё будзеш — без пары састарэеш. Сачанка. Дойдуць, урэшце, да жытла, абагрэюцца, паядуць гарачае бульбачкі, і ўся хвароба адстане. Быкаў.

•••

Ад рук і ног адстаць — аб крайняй ступені зморанасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

захава́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Не прапасці, не знікнуць; застацца ў наяўнасці. Цяпер жа дрэвы парадзелі, і ўвесь парк прасвечваўся з аднаго канца ў другі... Захаваўся толькі барок на адным з узгоркаў. Хадкевіч. Аб жыцці і творчасці Паўлюка Багрыма захавалася мала дакументальных звестак, нічога пэўнага не могуць сказаць яго землякі. С. Александровіч. // Не змяніцца, застацца ў ранейшым стане. — Дзіўна, як голас .. у чалавека захаваўся. Чорны. // Застацца ў каго‑н., пры кім‑н.; не страціцца. Я ля брамкі стаю. Прыглядаюся пільна і строга. Штосьці ўсё ж захавалася, штось пазнаю Ад таго птушаняці малога. Гілевіч. // перан. Утрымацца ў памяці, запомніцца. У галаве цьмяна захаваліся толькі некаторыя эпізоды [сустрэчы з Данутай]. Карпюк. У мяне трывала захаваліся ў памяці вялікі луг з густой і высокай травой і дубы на беразе Сажа. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не папсавацца, не пашкодзіцца. Бульба ў склепе добра захавалася.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Не прайсці, не страціцца (пра пачуцці, настрой). І хоць часу прайшло багата і абое яны сталі не такія, якімі былі шмат гадоў назад, але ж колішняя прыязнасць захавалася. Новікаў. Ваяўнічы, прыўзняты настрой захаваўся ў Міхала і назаўтра. Карпаў.

4. Разм. Размясціцца так, каб другія не маглі ўбачыць, знайсці; схавацца. Па бацькавых старых плячах Гуляў бізун белапаляка... Са страхам жудасным у вачах Сын захаваўся й горка плакаў. Чарот. // Стаць нябачным або малапрыметным сярод чаго‑н., у чым‑н. Рады бярозавых крыжоў.. амаль што захаваліся ў густых зялёных травах. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

налёт, ‑у, М ‑лёце, м.

1. Раптоўны ваенны ўзброены напад на каго‑, што‑н. Атрады зрабілі налёт на станцыю, разграмілі нямецкі гарнізон і ачысцілі вялікі ўчастак чыгункі ад варты. Шамякін. Налёт нашых самалётаў па станцыю ў горадзе быў вельмі ўдалым. Шахавец. // Нечаканы, масіраваны абстрэл. Артылерыйскі налёт. Агнявы налёт.

2. Напад з мэтай грабяжу, вобыску і пад. Налёт на кватэру. Налёт на банк. □ [Банда] рабіла налёты на мястэчкі і сёлы, радавала ўсё, што ў каго можна было. Сабаленка. Раптам на базар камендант зрабіў налёт. Гурскі. // Разм. Набег на чужы сад, агарод. Вясковыя хлапчукі, сярод якіх быў і герой апавядання Мікітка, зрабілі налёт на суседскі сад. Шкраба.

3. Тонкі слой якога‑н. рэчыва, што асела ці з’явілася на паверхні чаго‑н. Налёт сажы. Налёт іржы. □ [Лілія Віктараўна] здзьмухнула з крэсла налёт пудры і запрасіла Рамана сесці. Васілёнак. На чорны гарнітур Макушэнкі і на боты Лескаўца лёг светла-шэры налёт. Шамякін.

4. перан. Слаба выражаная адзнака, рыса; слабае адбіццё ўнутранага стану, пачуцця. Налёт сентыментальнасці. □ Рыгора ўразілі вочы. Не тое каб вялікія, а нейкія нерухомаспакойныя, з налётам незразумелай тугі і смутку. Б. Стральцоў.

5. Колькасць налятанага часу або налятавай адлегласці. Дзвесце гадзін налёту на самалёце. □ [Кудлач:] — У складаных умовах [лётчыкі] ляталі многа. Агульны налёт таксама не дрэнны... Алешка.

6. Гнойнае ўтварэнне на якім‑н. органе або ране. Налёты на дыхальным горле.

•••

З налёту — а) з разгону, не спыняючы руху, на поўным хаду. Клюе верхаводка з налёту. Матрунёнак; б) хутка, адразу, не задумваючыся. Амаль усё, за што ні браўся хлопец, давалася яму лёгка, проста з налёту. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уніка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. чаго. Пазбягаць чаго‑н., ухіляцца ад чаго‑н. Я не раз здзіўляўся, як спрытна ўнікалі шафёры амаль непазбежных аварый. Мележ.

2. чаго. Ухіляючыся, пазбягаць чаго‑н. Калі праўду казаць, дык Яўген і ўнікаў тых заданняў, якія былі звязаны з паездкамі ў родныя мясціны. Сабаленка. Але ў размове ўжо [Зося і Паходня] не закраналі таго, аб чым толькі што гаварылі і што патрабавала яснасці. Абое баяліся і знарок унікалі яе — няхай яна акрэсліцца як-небудзь пазней, ці варта спяшацца!.. Хадкевіч. // Устрымлівацца ад чаго‑н. Насця была здзіўлена пераменай у паводзінах мужа, але цярпліва маўчала. Яна ўнікала лаянак. Сіняўскі. // Ратавацца ад чаго‑н., мінаць што‑н. Сабака сарамяжа павільваў хвастом, быццам сказаць хацеў: — Бывае ж такі выпадак, што як ні ўнікаеш, а ўсё ж спатыкаешся. Мурашка.

3. каго-чаго. Стараюцца, не жадаць сустракацца з кім‑, чым‑н. Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы. Зарэцкі. [Тапурыя:] — Пачаў я ўнікаць людзей, і нейкі час як бы хвароба ў мяне такая была: дрэнна мне пры людзях! Самуйлёнак. Непакоіла няпэўнасць адносін з Ленай. Чаму дзяўчына ўнікае яго [Андрэя]? Няўжо яна пагарджае ім? Сапрыка. // ад каго. Быць заўважаным, убачаным. Так, глытаючы слёзы, прыўды, разважае Алена. Ад Ганькі не ўнікае матчын настрой. Васілевіч.

4. у што. Удумвацца, імкнуцца зразумець сутнасць чаго‑н. Віктар учытваўся, унікаў у змест. І раз, і другі прабягаў вачыма напісанае. Паўлаў. Толькі там, пад зямлёю, калі сачыў за працай Сапегі, унікаў у складаныя яе дэталі, ён [Савіцкі] перайначваўся. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРХІ́Ў (лац. archivum),

1) установа або яе аддзел, што захоўвае дакументы і арганізуе іх выкарыстанне.

2) Сукупнасць дакументаў, якія з’явіліся ў выніку дзейнасці ўстаноў, прадпрыемстваў і прыватных асоб. Як збор крыніц архіў служыць для навук. даследаванняў, практ. патрэб гаспадаркі і дзярж. кіравання.

Існуюць з глыбокай старажытнасці, іх з’яўленне падрыхтавана вынаходствам пісьменства. У Месапатаміі і М.​Азіі археолагі раскапалі ў палацах правіцеляў, іх намеснікаў, дамах прыватных асоб і храмах архівасховішчы адм.-гасп. дакументаў, напісаных на гліняных таблічках. Знойдзены дыпламат. сховішчы стараж.-егіп. фараонаў. Уласна архівы, прыстасаваныя для захоўвання актаў, былі ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У 12—13 ст. у Францыі, Іспаніі, Англіі і інш. краінах узніклі т.зв. каронныя архівы пры дварах правіцеляў. Значную ч. гіст. крыніц у гэты час захоўвалі царк. ўстановы. З 16 ст. многія дзярж. ўстановы імкнуліся мець уласныя архівы. У выніку каланізацыі еўрапейцамі зямель і інш. Кантынентаў узніклі буйныя каланіяльныя архівы (напр., Гал. архіў Індый у Іспаніі). З 19 ст. матэрыялы многіх архіваў сталі даступныя даследчыкам, пачало складвацца міжнар. архіўнае супрацоўніцтва. У 1950 на 1-м Міжнар. кангрэсе архіваў зацверджаны статут Міжнар. савета архіваў. З ім супрацоўнічаюць архівісты амаль 120 краін (1994), выдаецца міжнар. час. «Archivum». Найб. архіўныя ўстановы свету: франц. Нац. архіў (Archives Nationales; у Парыжы, з 1794), у Англіі Дзярж. публічны архіў (Public Record Office; у Лондане, з 1838), у ЗША Нац. архіў (Nationales Archives; у Вашынгтоне, з 1934); у ФРГ Федэральны архіў (Bundesarchiv; у г. Кобленц, з 1952); у Польшчы архіў новых актаў (Archiwum Akt Nowych; з 1930) і Гал. архіў стараж. актаў (Archiwum Glówne Akt Dawnych; з 1867; абодва ў Варшаве), Дзярж. архіў Расійскай Федэрацыі (б. Цэнтр. дзярж. А. Кастр. рэвалюцыі, вышэйшых органаў дзярж. улады і органаў дзярж кіравання СССР, Масква), Рас. дзярж гіст. архіў (б. Цэнтр. дзярж. гіст. архіў СССР, С.-Пецярбург) і інш.

На Беларусі першыя архівы ўтвараліся ў княжацкіх замках, манастырах, цэрквах. Пры канцылярыі вял. князёў ВКЛ існаваў архіў — Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Свае архівы мелі гаспадарскія і гарадскія адміністрацыі, магнаты (Радзівілы, Сапегі, Хадкевічы), шляхта, некаторыя заможныя мяшчане. З 2-й пал. 19 ст. дакументы ВКЛ зберагаліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актаў і Віцебскім цэнтральным архіве старажытных актаў. У Мінску з 1872 існаваў архіў скасаваных судовых месцаў Мінскай губ. 4.8.1922 створаны Цэнтр. архіў Беларусі (заг. З.​Х.​Жылуновіч), які кіраваў архіўнай справай у БССР. Праведзены Усебеларускія канферэнцыі архіўных работнікаў (Мінск, 1924, 1927), 1-ы з’езд даследчыкаў бел. археалогіі і археаграфіі (Мінск, 1926). У 1938—60 архіўныя ўстановы ўваходзілі ў сістэму НКУС (МУС) БССР. Навуковае і арганізац.-метадычнае кіраўніцтва архівам ажыццяўляла Гал. архіўнае ўпраўленне пры СМ БССР, пераўтворанае ў 1992 у Камітэт па архівах і справаводстве. У 1994 прыняты закон «Аб нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь». На Беларусі 6 цэнтр. дзярж. Архіваў (1995): Нац. архіў Рэспублікі Беларусь, Нац. гіст. архівы Рэспублікі Беларусь у Мінску і Гродне, Бел. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў, Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва, Бел. дзярж. архіў навукова-тэхн. дакументацыі. Абласныя архівы і іх філіялы захоўваюць дакументы мясц. устаноў, арг-цый, прадпрыемстваў, калгасаў і інш. (гл. адпаведныя арт., напр., Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці). Існуюць таксама архівы АН Беларусі, КДБ Рэспублікі Беларусь. Рукапісы і гіст. дакументы захоўваюцца таксама ў бібліятэках, музеях і навук. установах. Буйныя комплексы дакументаў па гісторыі Беларусі знаходзяцца ў архівах Польшчы, Расіі, Літвы, Украіны, Германіі, Швецыі, ЗША і інш.

Літ.:

Архивное дело в БССР (1918—1968): Сб. законодательных и руководящих документов. Мн., 1972;

Дакументы па гісторыі Беларусі, якія зберагаюцца ў цэнтральных дзяржаўных архівах СССР. Мн., 1990.

А.​М.​Міхальчанка (архівы Беларусі).

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАРКТЫ́ДА,

мацярык у Паўднёвым паўшар’і, у межах Паўд. палярнага круга, займае цэнтр. частку Антарктыкі. Пл. 13 975 тыс. км² разам з астравамі і шэльфавымі ледавікамі (найб. Роса, Фільхнера, Роне і інш., агульнай пл. 1582 тыс. км²). Пастаяннага насельніцтва няма. Берагі Антарктыды (даўж. больш за 30 тыс. км) парэзаны слаба. Пераважаюць ледавіковыя абрывы выш. 20—100 м. З боку Атлантычнага, Індыйскага і Ціхага ак. абмываюць Антарктыду моры Уэдэла, Лазарава, Рысер-Ларсена, Касманаўтаў, Садружнасці, Дэйвіса, Моўсана, Дзюрвіля, Роса, Амундсена, Белінсгаўзена. У напрамку да Паўд. Амерыкі цягнецца вузкі Антарктычны паўвостраў. У м. Роса ўзвышаецца дзеючы вулкан Эрэбус (3794 м).

Ледавіковае покрыва і рэльеф. Антарктыда ўкрыта магутным шчытом мацерыковага лёду, не занята ледавікамі 0,2—0,3% тэр. (асобныя горныя вяршыні, хрыбты, невял. ўчасткі сушы — антарктычныя аазісы). Агульная пл. зледзянення (пачалося 300 млн. г. назад) 2044 каля 12 000 тыс. км², аб’ём лёду 24 млн. км³. Сярэдняя тоўшча ледавіковага покрыва 1720 м, найб. — 4500 м. Антарктыда — самы высокі мацярык на Зямлі. Сярэдняя выш. з улікам ледавіковага покрыва 2040 м. Сярэдняя выш. карэннай падлёднай паверхні 410 м (значная ч. ляжыць ніжэй за ўзровень мора). Большая ч. Антарктыды — пласкагор’е. Трансантарктычныя горы ўздоўж разломаў ад м. Уэдэла да м. Роса перасякаюць амаль увесь мацярык і падзяляюць Антарктыду на Усх. і Заходнюю. Плато Савецкае займае цэнтр. ч. Усх. Антарктыды (выш. да 4000 м), на Пн паверхня зніжаецца і ўтварае нізіну Міжнар. геафіз. года. Уздоўж узбярэжжа горныя хрыбты Зямлі Вікторыі, Зямлі Каралевы Мод, горы Прынс-Чарлз і інш. Паверхня Зах. Антарктыды значна ніжэйшая, больш расчлянёная, хрыбты размешчаны ў глыбіні мацерыка і на ўзбярэжжы. Самы высокі горны масіў Вінсан (5140 м, у гарах Элсуэрт). Рэльеф карэннай скальнай паверхні Антарктыды — чаргаванне горных падняццяў (падлёдавыя горы Гамбурцава і Вярнадскага) і глыбокіх нізін.

Геалагічная будова. Большая ч. Антарктыды — Антарктычная платформа, астатняя належыць да антарктычнага складкавага пояса, які з’яўляецца працягласцю Андаў. Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал., медныя і свінцовыя руды; знойдзены мінералы, у якіх ёсць бром, волава, марганец, малібдэн, радовішчы графіту, горнага хрусталю і інш.

Клімат Антарктыды кантынентальны антарктычны, халодны і суровы (гл. Антарктычны клімат). Пануюць антарктычныя паветраныя масы, фарміруецца антарктычны антыцыклон. Сярэднія т-ры зімой ад -20 да -30 °C на ўзбярэжжы і ад -60 да -70 °C ва ўнутр. раёнах; летам адпаведна ад -10 да -30 °C, -40 °C. Абсалютны мінімум т-ры -89,3 °C зафіксаваны ў цэнтр. ч. на ст. Усход (Полюс холаду Зямлі). Ападкі толькі ў выглядзе снегу: 30—50 мм у цэнтр. ч. Антарктыды, 700—1000 мм на ўзбярэжжы за год. Моцныя штармавыя цыкланічныя і сцёкавыя вятры ў прыбярэжных раёнах дасягаюць скорасці 50—60, часам 90 м/с.

Арганічны свет. Для аазісаў характэрны ўмовы тыповых палярных пустыняў. Ёсць разнастайныя азёры (прэсныя і горка-салёныя). Свабодныя ад лёду ўчасткі ўзбярэжжа і скалы ўкрыты лішайнікамі, імхамі, водарасцямі (на Антарктычным п-ве — папарацепадобныя, каля 10 відаў кветкавых раслін). Фауна своеасаблівая і бедная: з птушак — пінгвіны, знойдзена некалькі відаў членістаногіх (кляшчы, нагахвосткі, ціхаходы і інш.).

Адкрыта Антарктыда 28.1.1820 рус. экспедыцыяй Ф.​Ф.​Белінсгаўзена і М.​П.​Лазарава. У пач. 20 ст. тут пабывалі Р.​Скот, Э.​Шэклтан, Р.​Амундсен, Д.​Моўсан і інш. У 1911 экспедыцыя Амундсена і ў 1912 Скота дасягнулі Паўд. полюса. У сувязі з Міжнар. геафіз. годам (1957—58) на мацерыку і прыбярэжных астравах створаны і дзейнічаюць 40 (1988) палярных станцый 16 краін свету, якія вядуць навук. даследаванні. Прававое становішча Антарктыды рэгулюецца Міжнар. дагаворам 1959.

Літ.:

Каменев В.М. Заповедная Антарктика. Л., 1986;

Бардин В. В горах и на ледниках Антарктиды. М., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

У Антарктыдзе.
Палярная станцыя Дзюмон-Дзюрвіль (Францыя) у Антарктыдзе.

т. 1, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя патрэбы. Сусветная вытв-сць бульбы (штогод каля 300 млн. т) перавышае зборы многіх збожжавых культур (акрамя рысу, пшаніцы, кукурузы). Амаль усе пасевы сканцэнтраваны ва ўмераным кліматычным поясе Паўн. паўшар’я. Найб. плошчы ў Рас. Нечарназем’і, на Пн Кітая, у Польшчы, на Пн Украіны, у ЗША, Індыі, Германіі, Беларусі. Значныя пасевы ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Іспаніі, Румыніі, краінах Прыбалтыкі. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі пераважаюць сарты з жоўтай мякаццю, больш багатыя карацінам, у краінах б. СССР, у т. л. ў Беларусі, — з белай мякаццю, багатыя крухмалам. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. за год 1-е месца ў свеце займае Беларусь — 1124 кг, потым Польшча — 943 кг, Нідэрланды — 503 кг, па 360—480 кг на 1 чал. атрымліваюць Украіна, краіны Прыбалтыкі. Па ўзроўні спажывання бульбы на душу насельніцтва 1-е месца ў свеце займае таксама Беларусь — 178 кг за год, потым Украіна — 150 кг, Польшча — 148 кг і Расія — 127 кг.

На Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у 2-й пал. 18 ст., з сярэдзіны 19 ст. яна стала адной з найважнейшых с.-г. культур. У 1913 пад ёй было 583,3 тыс. га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 млн. т. Бульбаводства — адна з найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Беларусі, бульба вырошчваецца ва ўсіх раёнах. У 1995 бульба займала 725,2 тыс. га, або 12% усёй пасяўной плошчы. Ураджайнасць клубняў і валавыя зборы (гл. табліцу) вагаюцца па гадах з-за неспрыяльных умоў надвор’я — працяглага засушлівага або дажджлівага перыяду. Найб. канцэнтрацыя пасеваў бульбы на Пд Мінскай, ПнУ Брэсцкай і У Гродзенскай абл., гаспадаркі якіх характарызуюцца найб. спрыяльнымі прыроднымі і эканам. ўмовамі: лепшай забяспечанасцю мат.-тэхн., прац. і трансп. рэсурсамі, мякчэйшым кліматам, перавагай акультураных лёгкасугліністых і супясчаных глебаў, больш прыдатных для вырошчвання бульбы. На Пн рэспублікі бульба займае 4—8% пл. пасеваў з-за перавагі цяжкасугліністых глебаў, перасечанага марэннага рэльефу, драбнаконтурнасці і завалуненасці ўгоддзяў, што не дае магчымасці шырока выкарыстоўваць камбайнавую ўборку. Ураджайнасць бульбы адпавядае канцэнтрацыі пасеваў: вышэйшая на З, ніжэйшая на У.

Парушэнне гасп. сувязей паміж рэспублікамі пасля распаду СССР пагоршыла ўмовы гандлю бульбай і вывазу яе ў інш. раёны Расіі, у Малдову, Закаўказзе, Сярэднюю Азію. Гэта абумовіла скарачэнне пасеваў бульбы і валавых збораў. Калі ў 1980-я г. грамадскі сектар (калгасы, саўгасы, міжгасы) меў пад бульбай такую ж плошчу, як і асабістыя гаспадаркі, то ў 1995 на яго долю прыпадала толькі 15,6% пасеваў. На харч. спажыванне на Беларусі ідзе каля чвэрці ўраджаю, на прамысл. перапрацоўку — каля трэці, астатняя Б. — пераважна на корм жывёле. З бульбы ў рэспубліцы вырабляюць увесь крухмал, патаку, значную частку этылавага спірту, харч. бульбапрадукты, бялкова-вітамінныя кармы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навук. базай. Бел. вучонымі выведзена шмат высокаэфектыўных сартоў, у т. л. Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і інш., раянаваных і за межамі Беларусі, вырашаюцца праблемы паляпшэння якасці клубняў: павышэння іх крухмалістасці, бялковасці і вітаміннасці. Акрэсліваецца больш выразная спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванні харч. або тэхн. сартоў бульбы, павялічваюцца плошчы пад скараспелымі і сярэдняспелымі сартамі.

Н.​І.​Жураўская.

Дынаміка сярэднегадавых паказчыкаў развіцця бульбаводства ў Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Гады Сярэднегадавая плошча, тыс. га Ураджайнасць, ц/га Валавы збор, тыс. т
1971—75 915,2 142 12 996
1976—80 812,5 159 12 920
1981—85 750,5 154 11 559
1986—90 665,4 157 10 513
1991—95 603,4 131 9460
Да арт. Бульбаводства. Пасадка (уверсе) і ўборка бульбы ў Віцебскай вобласці.

т. 3, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)