змена характарыстык святла (напрамку распаўсюджвання, інтэнсіўнасці, частотнага спектра, палярызацыі) пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам, што ўспрымаецца як няўласнае свячэнне рэчыва. Паслядоўнае апісанне Р.с. магчыма ў рамках квантавай тэорыі ўзаемадзеяння выпрамянення з рэчывам, аднак у многіх выпадках выкарыстоўваюць хвалевую тэорыю выпрамянення, паводле якой падаючая хваля ўзбуджае ў асяроддзі вымушаныя ваганні эл. зарадаў, якія становяцца крыніцамі другасных эл.магн. хваль.
Р.с. пругкае, калі яно адбываецца без пераўтварэння частаты (гл.Рэлея закон), і няпругкае, калі частата мяняецца; кагерэнтнае, калі фаза рассеянай хвалі адназначна вызначаецца фазай падаючай хвалі, у інш. выпадках — некагерэнтнае. У залежнасці ад саставу і стану рассейвальнага асяроддзя Р.с. адбываецца на розных кампанентах. Р.с. свабодным электронам з’яўляецца пругкім, інтэнсіўнасць рассеяння ўперад і назад удвая большая, чым у перпендыкулярным напрамку, і не залежыць ад даўжыні хвалі святла. Р.с. асобным атамам вельмі залежыць ад частаты падаючага святла ω : пры ω, параўнальным з частатой уласных ваганняў электронаў атама ω0, інтэнсіўнасць рассеяння прапарцыянальная ω4 (закон Рэлея); пры рэзанансе (ω = ω0) Р.с. ўзрастае. Пры рассеянні малекуламі акрамя пругкага (аналагічнага атамнаму) можа ўзнікаць і няпругкае рассеянне са зрухам па частаце, інтэнсіўнасць якога на некалькі парадкаў меншая за рэлееўскае (гл.Камбінацыйнае рассеянне святла). Р.с. буйнымі ўтварэннямі абумоўлена флуктуацыямі аптычнай шчыльнасці асяроддзя па прасторы, якія могуць узнікаць з-за наяўнасці ў асяроддзі іншародных цел (кроплі вады, пылінкі ў паветры, суспензіі, украпіны ў крышталях і інш.) ці з прычыны цеплавых флуктуацый шчыльнасці аднароднага рэчыва (малекулярнае Р.с.). Рух абласцей неаднароднасці асяроддзя прыводзіць да ўзнікнення ў Р.с. зрушаных па частаце ліній, напр. пры гіпергуку. Пры вял. колькасці цэнтраў рассеяння акрамя элементарнага акта рассеяння ўзнікае шматразовае рассеянне паміж імі. Са з’яўленнем высокамонахраматычных магутных крыніц святла — лазераў, якія ствараюць у асяроддзі вял. шчыльнасці эл.-магн. выпрамянення, стала магчымым назіраць новыя віды Р.с. Розныя тыпы вымушанага Р.с. даюць магчымасць атрымліваць пасля ўзаемадзеяння з асяроддзем шмат дадатковых высокаінтэнсіўных ліній, што выкарыстоўваецца ў лазернай тэхніцы. Р.с. шырока выкарыстоўваецца пры даследаваннях розных фіз., хім., біял. працэсаў і з’яў. Спектры Р.с. даюць магчымасць вызначаць малекулярныя і атамныя характарыстыкі рэчыва. На Р.с. заснаваны многія метады вызначэння памераў, формы часціц, іх канцэнтрацыі і скорасці руху ў асяроддзі.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.с. праводзяцца ў Ін-це фізікі, Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі і Ін-це прыкладной оптыкі Нац.АН Беларусі, БПА.
Літ.:
Хюлст Г. Рассеяние света малыми частицами: Пер. с англ.М., 1961;
Фабелинский И.Л. Молекулярное рассеяние света. М., 1965;
Иванов АП. Оптика рассеивающих сред. Мн., 1969;
Зеге Э.П., Иванов А.П., Кацев И.Л. Перенос изображения в рассеивающей среде. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,
жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтры традыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.
Літ.:
Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;
История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯДО́МАСЦЬ,
вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.Фрэйдам і развіта К.Г.Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.
Літ.:
Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;
Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;
Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;
Социальная сила знания. Мн., 1991;
Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;
Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,
скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксама мастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл.Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.Драздовіча (Я.Пачопкі, М.Машары, А.Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.Кузьміцкі, Ф.Дзудзакевіч, А.Петрашкевіч, Я.Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г.нац. каларытам вылучаліся работы М.Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.Андрыянаў, М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, М.Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.Багданаў, Ф.Зільберт, Т.Мацвеенка, Т.Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.Багінскага, Т.Лінкевіча, С.Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.Байрачны, А.Зіменка, Л.Талбузін. У кераміцы працуюць М.Балюк, Т.Васюк, М.Кляцкоў, А.Концуб, У.Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.Міхеенкі (Полацк), А.Пупко (Івянец), В.Альшэўскага і М.Ерафеева (Мінск), Г.Асіпковай (Чашнікі), Б.Васількова (Гомель), С.Жыголкіна (Віцебск), С.Шаўрова (Орша). Гл. таксама Скульптура драўляная.
Створаны ў 1933 у Мінску як Дзярж.т-р оперы і балета БССР на базе Беларускай студыі оперы і балета. З 1940 — Вялікі, з 1964 — акадэмічны. З 1996 сучасная назва, у складзе творчага аб’яднання «Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Адкрыты ў будынку БДТ-1 спектаклем «Кармэн» Ж Бізэ (гал. ролю выконвала Л.Александроўская). Напачатку дзейнасць т-ра была скіравана на асваенне класічнага, найперш рус. рэпертуару: «Яўген Анегін» (1933) і «Пікавая дама» (1934) П.Чайкоўскага, «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава (1933), «Князь Ігар» А.Барадзіна (1934), «Русалка» А.Даргамыжскага (1938). Значнымі падзеямі ў гісторыі т-ра сталі пастаноўкі бел.нац. опер «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (лібр. П.Броўкі), «У пушчах Палесся» А.Багатырова (лібр. Я.Рамановіча паводле аповесці Я.Коласа «Дрыгва»; абедзве 1939), «Кветка шчасця» А.Туранкова (1940, лібр. В.Барысевіч, Броўкі і П.Глебкі паводле драмы М.Чарота «На Купалле»), Яны адметныя пошукамі нац. спецыфічных сродкаў муз. стылістыкі, заснаванай на нар.-песенным меласе, сцэн. выразнасцю і арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй.
У Вял.Айч. вайну значная частка калектыву працавала ў г. Горкі, потым у г. Каўроў (Уладзімірская вобл., Расія), дзе ў канцэртным выкананні паказаны оперы «Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні (1943), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні і новая бел. опера «Алеся» Цікоцкага (лібр. Броўкі; абедзве 1944). Пастаноўкай «Алесі» (у гал. ролі Александроўская) у канцы 1944 т-р аднавіў сваю дзейнасць у вызваленым Мінску. У пасляваен. гады разам з рэпертуарным узбагачэннем удасканальваліся рэжысура і сцэн. вырашэнне спектакляў. Плённа працавалі рэжысёры Б.Пакроўскі («Алеся», «Кармэн», 1945) і Б.Мардвінаў («Пікавая дама»; «Рыгалета» Дж.Вердзі, абедзве 1948; «Прададзеная нявеста» Б.Сметаны і «Князь Ігар», 1949; «Іван Сусанін» М.Глінкі, 1950), сцэнограф Нікалаеў. Нац. рэпертуар папоўніла опера «Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса (1947, лібр. М.Клімковіча), дзе ў гал. партыі выступіў М.Сярдобаў. У 1950-я г.асн. лінію дзейнасці т-ра вызначала фарміраванне нац. рэпертуару пад кіраўніцтвам Александроўскай. Пастаўлены оперы «Дзяўчына з Палесся» Цікоцкага (новы варыянт оперы «Алеся», 1953), «Надзея Дурава» Багатырова (1956, лібр. І.Келера), у якой рэалізаваны выканальніцкія магчымасці К Кудрашовай, Л.Галушкінай, М.Ворвулева, паўторна паказана опера «Міхась Падгорны» (1957), дзе акцёрскім дасягненнем стаў вобраз Бабы-Лапатухі, створаны Т.Ніжнікавай. Народнасцю меласу і значнай драматургічнай роляй хароў вылучалася опера «Яснае світанне» Туранкова (1958, лібр. А.Бачылы). Створаны першы нац. оперны спектакль для дзяцей «Марынка» Р.Пукста (1955, лібр. Э.Агняцвет). Класічны рэпертуар узбагацілі «Мазепа» і «Іаланта» Чайкоўскага (абедзве 1952; у гал. ролі Т Шымко), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Трубадур» Вердзі (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957). Лепшай рэжысёрскай работай Александроўскай стала «Аіда» (1953) Вердзі, якую вызначалі прадуманасць рэжысуры і выдатны акцёрскі ансамбль (Друкер, Кудрашова, Ворвулеў, М.Зюванаў, Лазараў). Падзеяй стала першая ў СССР пастаноўка камічнай оперы С.Манюшкі «Страшны двор» (1952, лібр. ў перакладзе на бел. мову М.Танка).
У 1950—60-я г. пастаўлены шэраг муз. камедый і аперэт: «Карневільскія званы» Р.Планкета (1959), «Цыганскі барон» (1960) і «Лятучая мыш» (1961) І.Штрауса. У 1960-я г. вызначальная роля належала маст. кіраўніку і гал. рэжысёру т-ра Дз.Смолічу. Яго пастаноўку оперы Вердзі «Атэла» (1963) вылучае бліскучае муз. (дырыжор І.Абраміс) і акцёрскае ўвасабленне (З.Бабій, Н.Ткачэнка, І.Сарокін). Дасягненнем калектыву стала пастаноўка оперы С.Танеева «Арэстэя» (1963) пад кіраўніцтвам дырыжора Т.Каламійцавай. Сярод інш. пастановак тых гадоў оперы «Чыо-Чыо-сан» Пучыні (1953), «Пікавая дама» Чайкоўскага (1960), «Баль-маскарад» (1961) і «Трубадур» (1964) Вердзі, «Джаконда» А.Панк’елі (1962), «Любоўны напітак» Г.Даніцэці (1965), «Багема» Пучыні (1968), а таксама, складаная ў адносінах драматургіі опера С.Пракоф’ева «Заручыны ў манастыры» (1962). Героіка Вял.Айч. вайны ўвасоблена ў пастаноўцы «Брэсцкай крэпасці» К.Малчанава (1967). Бел. оперны рэпертуар папоўнілі камедыйныя творы Ю.Семянякі «Калючая ружа» (1960), з эфектнымі муз. фрагментамі і яскравымі сцэн. знаходкамі, і «Калі ападае лісце (1968; лібр. абедзвюх Бачылы). У 1945—60 у трупе працавалі спевакі Р.Асіпенка, Л.Бражнік, Ворвулеў, Галушкіна, А.Генералаў, У.Глазаў, Н.Гусельнікава, Г.Дзмітрыеў, Зюванаў, Кудрашова, Ніжнікава, Н.Нікеева, Б.Нікольскі, Т.Пастуніна, І.Сайкоў, Сярдобаў, Шымко, Р.Яўраеў; дырыжоры Абраміс, А.Брон, Каламійцава, Л.Любімаў, У.Пірадаў; рэжысёры Александроўская, А.Маралёў, Мардвінаў, Ю.Ужанцаў, У.Шахрай; мастакі Нікалаеў, П.Масленікаў, хормайстар М.Прысёлкаў.
У 1960-я г. вылучыліся спевакі новага пакалення В.Бруй, Л.Ганестава, В.Ганчарэнка, В.Глушакоў, В.Гур’еў, С.Данілюк, М. і П.Дружыны, Л.Златава, В.Кірычэнка, Сарокін, А.Саўчанка, В.Чарнабаеў, І.Шыкунова; дырыжоры Г.Дугашаў, К.Ціханаў, мастак Я.Чамадураў; хормайстры Т.Арлова, А.Кагадзееў; гал. канцэртмайстар С.Талкачоў. У 1970—80-я г., побач з узбагачэннем рэпертуару творамі опернай класікі і бел. кампазітараў, адбывалася актуалізацыя традыц. школы опернага мастацтва. Пачатак гэтага перыяду азнаменавала пастаноўка А.Дадышкіліяні «Хаваншчыны» М.Мусаргскага (1970; вобраз Марфы выканала Данілюк). Вял. роля ў абнаўленні тэатр. традыцый належыць рэж. С.Штэйну. які паставіў шэраг яскравых спектакляў. Маштабнасцю і глыбінёй муз. і рэж. інтэрпрэтацыі вызначалася яго сумесная з Я.Вашчаком работа над пастаноўкай «Барыса Гадунова» Мусаргскага (1974; у гал. партыі М.Зданевіч і Я.Пятроў). Пастаўлены оперы «Залаты пеўнік» (1971) і «Снягурачка» (1981) Рымскага-Корсакава, 2 новыя інтэрпрэтацыі «Пікавай дамы» Чайкоўскага (1972, 1983), «Дон Жуан» (1973) і «Вяселле Фігара» (1980) В.А.Моцарта, дзе выразна раскрыліся вак. майстэрства і сцэн. абаяльнасць Саўчанкі. Творчай удачай т-растала пастаноўка «Лаэнгрына» Р.Вагнера (1977, рэж. К.Г.Фіртэль, ГДР; у гал. ролях Данілюк, А.Дзедзік, Л.Шамчук, Сарокін). У нац. традыцыях увасоблена польск. рэж. Б.Янкоўскім «Галька» Манюшкі (1975). Выявілася цікавасць т-ра да італьян. оперы: «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Дон Паскуале» Даніцэці (1977; у гал. ролі Чарнабаеў), «Дон Карлас» (1979) і «Рыгалета» (1981) Вердзі, «Служанка-пані» Дж.Пергалезі (1981). Пастаноўка М.Ізворска-Елізар’евай «Дона Карласа» вызначалася ансамблевасцю, высокай сцэн. і пеўчай культурай (Пятроў, Н.Казлова, Н.Губская, Данілюк і Н.Галеева). Нац. рэпертуар папоўнілі оперы «Андрэй Касценя» М.Аладава (лібр. Глебкі), «Зорка Венера» Семянякі (лібр. Бачылы; абедзве 1970). Філас.-абагульненае ўвасабленне рэчаіснасці, паказ падзей мінулага ў жывой сувязі з нашым часам уласцівы спектаклю «Джардана Бруна» С.Картэса (1977, лібр. У.Халіпа; дырыжор Вашчак, рэж. Штэйн, мастак Я.Лысік). Асн. рысы кампазіцыі і стылістыкі оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978, лібр. У.Караткевіча) характарызаваў псіхалагізм вак. партый (Дзедзік, Шыкунова, Сарокін). Драм. экспрэсіяй адметная пастаноўка оперы «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980, лібр. А.Вярцінскага і Штэйна паводле аповесці В.Быкава «Воўчая зграя»), У 1970-я г. калектыў т-ра папоўнілі салісты Ю.Бастрыкаў, А.Кеда, Л.Колас, Пятроў, А.Рудкоўскі, В.Скорабагатаў, В.Цішына, У.Экнадыёсаў; дырыжор У.Машэнскі; мастакі Я.Ждан, В.Левенталь. 1980-я г.т-р адзначыў шэрагам прэм’ер. Да 100-годдзя з дня нараджэння Я.Коласа пастаўлена опера «Новая зямля» Семянякі (1982, лібр. А.Петрашкевіча паводле аднайм. паэмы Я.Коласа) — спроба сінтэзу фалькл.т-ра і класічнай оперы. У 1989 пастаўлены адзін з лепшых нац. твораў — «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (лібр. С.Клімковіч паводле аднайм. аповесці Караткевіча; дырыжоры Вашчак і А.Анісімаў, рэж. В.Цюпа, мастак Э.Гейдэбрэхт; у гал. партыях Н.Кастэнка, Скорабагатаў, Экнадыёсаў; Дзярж. прэмія Беларусі 1990). Сярод інш. оперных прэм’ер «Вайна і мір» (1985, дырыжор Г.Праватораў, рэж. Штэйн, мастак Гейдэбрэхт) і першая ў СССР пастаноўка оперы «Мадалена» (1989) Пракоф’ева.
Музыкальнасцю і дынамізмам адзначаны спектакль «Казкі Гофмана» Ж.Афенбаха (1980, дырыжор Каламійцава; у гал. ролях Экнадыёсаў, Бастрыкаў, Колас, Кастэнка). Упершыню на Беларусі пастаўлены оперы «Кавалер руж» Р.Штрауса і «Чароўная флейта» Моцарта (1987), адноўлены оперы «Баль-маскарад» (1981), «Пікавая дама» (1983), «Іван Сусанін» (1984), «Севільскі цырульнік» (1986), «Яўген Анегін» (1986). У складзе трупы: спевакі Т.Глаголева, М.Гулегіна, М.Жылюк, Н.Залатарова, Л.Златава, Т.Кучынская, Г.Лукомская, М.Майсеенка, Э.Пелагейчанка, Пятроў, Н.Руднева, М.Рысаў, Цішына, мастакі Л.Ганчарова, Гейдэбрэхт, хормайстар Кагадзееў. У 1990-я г. рэпертуар т-ра ўзбагацілі нац. оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992, лібр. В.Іпатавай паводле п’есы Л.Пракопчыка; Дзярж. прэмія Беларусі 1996), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992, лібр. аўтара і Л.Глебавай паводле аднайм. рамана М.Булгакава) і «Візіт дамы» Картэса (1995, лібр. Халіпа паводле п’есы «Візіт старой дамы» Ф.Дзюрэнмата; дырыжор Праватораў, рэж. М.Пінігін, мастак З.Марголін; у гал. партыях Руднева і Пелагейчанка). У 1994 адбылася прэм’ера оперы Дз.Шастаковіча «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» (лібр. А.Прэйса паводле аднайм. аповесці М.Ляскова), пастаноўка якой вылучалася экспрэсіўнай муз. стылістыкай у спалучэнні з дзейснай рэжысурай і сцэнаграфіяй (дырыжор Анісімаў, рэж. Ізворска-Елізар’ева, мастак В.Окунеў; у гал. партыях Залатарова і Т.Цівунова, В.Кавальчук). Сярод новых пастановак таксама камічная опера «Шлюбны вэксаль» Расіні (1998). Асаблівасць дзейнасці т-ра гэтага часу — выкананне зах.-еўрап. опер на мове арыгінала. Створаны новыя версіі спектакляў «Тоска» Пучыні (1991), «Іаланта» Чайкоўскага (1993), «Рыгалета» (1994), «Травіята» Вердзі (1997), «Паяцы» Р.Леанкавала (1999), «Кармэн» Бізэ (1995), «Князь Ігар» Барадзіна (1996). Т-р практыкуе форму канцэртна-сцэн. паказу: оперы «Барыс Гадуноў» Мусаргскага (1998), «Лючыя ды Ламермур» Даніцэці (у гал. партыі В.Курбацкая) і «Набука» Вердзі (1999; Бастрыкаў, Глаголева, А.Мельнікаў у гал. партыях), «Турандот» Пучыні (2000). Калектыў т-ра неаднаразова выступаў у Вял. т-ры ў Маскве і за мяжой. З 1990 г. на базе т-ра працуе Дзіцячы муз. тэатр-студыя, дзе пастаўлены шэраг спектакляў для дзяцей. У т-ры працавалі: гал. дырыжоры Гітгарц (1933—36), Грубін (1938—41), Брон (1944—48), Пірадаў (з 1948), Любімаў (1951—64), Дугашаў (1966—68), Ціханаў (з 1969), Вашчак (1972—80), Г.Праватораў (з 1984), А.Анісімаў (1980—84 і з 1989); гал. рэжысёры Златагораў (1939—40), Мардвінаў (з 1947), Александроўская (1951—60), Смоліч (1962—69), Дадышкіліяні (1972—76); гал. хормайстры Г.Пятроў (1933—37, 1945—50), А.Сцяпанаў (1937—41), М.Прысёлкаў (1951—59), Кагадзееў (1960—93); гал. мастакі Нікалаеў (з 1938), Чамадураў (1959—76), Лысік (1979—81), Э.Гейдэбрэхт (1984—90).
У складзе трупы (на 2000): нар.арт.СССР Саўчанка, нар. артысты Беларусі Бастрыкаў, Я.Пятроў, Руднева, Чарнабаеў, нар. арт Расіі Пелагейчанка, засл. арт. Расіі М.Майсеенка, засл. артысты Беларусі Галеева, Губская, М.Дружына, Жылюк, Казлова, Мельнікаў, У.Пятроў, Скорабагатаў, В.Стральчэня, майстры сцэны Т.Варапай, А.Гардынец, Глаголева, М.Грыгорчык, Кавальчук, Курбацкая, С.Франкоўскі; канцэртмайстры засл. артысты Беларусі Г.Карант, Л.Талкачова, засл. арт. Бураціі Ж.Габа, артысты аркестра — засл. артысты Беларусі М.Баркоўскі, У.Тарашкевіч; дырэктар — маст. кіраўнік т-ранар.арт. Беларусі Картэс, гал. дырыжор — засл. дз. маст. Расіі Анісімаў, дырыжоры засл. дзеячы маст. Беларусі М.Калядка, Л.Лях; рэж. С.Цырук, гал. хормайстар — засл. дз. маст. Беларусі Ламановіч, мастак Ганчарова, мастак па касцюмах Э.Грыгарук. Працуе ў адным будынку з Нацыянальным акадэмічным тэатрам балета Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Смольский, Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963;
Кулешова Г.Г. Белорусская советская опера. Мн., 1967;
Мастацтва Беларусі. 1983. № 10;
Музычны тэатр Беларусі. [Кн. 2—3]. Мн., 1993—96.
Б.С.Смольскі, А.В.Казлоўская.
Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Тоска» Дж.Пучыні. 1991.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна з оперы «Кармэн» Ж.Бізэ. 1945.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага. 1974.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана. 1989.Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы Рэспублікі Беларусь. Сцэна са спектакля «Візіт дамы» С.Картэса. 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЧЫ,
горад абл. падпарадкавання ў Беларусі ў Брэсцкай вобл., цэнтр раёна. Размешчаны на Баранавіцкай раўніне, у міжрэччы Шчары і яе прытока Мышанкі. За 206 км ад Брэста. Вузел чыгунак (напрамкі на Брэст, Ваўкавыск, Ліду, Мінск, Слуцк, Лунінец) і аўтадарог. 172,9 тыс.ж. (1995).
Узнікненне Баранавічаў звязана з буд-вам Маскоўска-Брэсцкай чыгункі. Пачатак гораду дала чыг. ст. Баранавічы (назва ад вёскі ў Навагрудскім пав.), здадзеная ў эксплуатацыю ў ліст. 1871. Вакол яе ўзнік пасёлак, які ў сярэдзіне 1880-х г. налічваў каля 1,5 тыс. жыхароў, 120 дамоў. У маі 1884 пасёлку нададзены статус мястэчка пад назвай Развадова (ад прозвішча ўладальніцы мясц. маёнтка Развадоўскай). У снеж. 1884 пачаў дзейнічаць участак чыг. Вільня—Лунінец—Пінск, новая станцыя Баранавічы Палескай чыгункі стала другім цэнтрам фарміравання горада. Пасёлак, што пачаў фарміравацца вакол станцыі, атрымаў назву Новыя Баранавічы. У 1890-я г. пасёлкі зліліся і ўтварылі Баранавічы. Паводле перапісу 1897 у Баранавічах 8718 ж., 834 будынкі, 4 прадпрыемствы, двухкласныя школы чыг. і дабрачыннага т-ва. У рэв. 1905—07 адбылося Баранавіцкае выступленне рабочых і салдатаў 1905. У 1912 у Баранавічах каля 30 тыс.ж. Напярэдадні 1-й сусв. вайны працавалі 3 цагельныя, маслабойны, 2 лесапільныя, чыгуналіцейны з-ды, 3 ф-кі млынавых жорнаў. У пач. 1-й сусв. вайны ў Баранавічаз размяшчалася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага рус. арміяй. З вер. 1915 да 5.1.1919 акупіраваны герм. войскамі. У ваколіцах Баранавічаў праходзіла лінія фронту. У чэрв.—ліп. 1916 рус. войскі правялі Баранавіцкую аперацыю 1916. 5.1.1919 устаноўлена сав. ўлада. З 6.2.1919 горад, цэнтр Баранавіцкага пав. Мінскай губ. У сак. 1919 — ліп. 1920 і з вер. 1920 акупіраваны польск. войскамі. У 1921 — 39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, са снеж. 1939 цэнтр Баранавіцкай вобласці, каля 27 тыс.ж. Дзейнічалі Баранавіцкі абласны драматычны тэатр, Баранавіцкі настаўніцкі інстытут. З 27.6.1941 да 8.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў ваколіцах і горадзе 127,5 тыс.чал., дзейнічалі Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя і Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле. З 1954 у Брэсцкай вобл., цэнтр Навамышскага, з 1957 Баранавіцкага раёнаў. У 1959 — 58,1 тыс.ж., у 1970 — 101,5 тыс.ж.
Прадпрыемствы: Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне і вытв.дрэваапр. аб’яднанне, Баранавіцкі аўтаагрэгатны завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній, Баранавіцкі завод бытавой хіміі, Баранавіцкі завод гандлёвага машынабудавання, Баранавіцкі завод станкапрылад, з-ды санэлектразагатовак, доследна-механічны, жалезабетонных вырабаў (2); фабрыкі трыкатажная, швейная, абутковая, мэблевая, маст. вырабаў, цацак; камбінаты мясакансервавы, харч. прадуктаў, малочны, жалезабетонных канструкцый, Баранавіцкі камбінат сянажных вежаў. Баранавіцкі тэхнікум лёгкай прамысловасці, тэхналагічны тэхнікум, муз., мед. і пед. вучылішчы. Баранавіцкі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і падпольшчыкаў, сав. ваеннапалонных і ахвяраў фашызму. Помнікі: Вызвалення, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу. Помнік архітэктуры — Баранавіцкі Пакроўскі сабор. Мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІЯ́НА ФРАНЦУ́ЗСКАЯ (Guyane Française),
краіна на ПнУПаўд. Амерыкі, уладанне Францыі (заморскі дэпартамент). На З мяжуе з Сурынамам, на Пд і У — з Бразіліяй, на Пн абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 2 акругі. Пл. 91 тыс.км². Нас. 132 тыс.чал. (1993). Цэнтр — г.Каена. Афіц. мова — французская.
Прырода. Гвіяна Французская займае крайні ПнУ Гвіянскага пласкагор’я. Паверхня ў асн. раўнінная, з асобнымі купалападобнымі масівамі выш. да 830 м, на ПнУ — вузкая берагавая нізіна. Карысныя выкапні: баксіты, золата, кінавар, каалін. Клімат субэкватарыяльны, гарачы і вільготны. Сярэднямесячная т-ра паветра ў Каене 28—29 °C. Ападкаў больш за 3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі парожыстыя, суднаходныя толькі ў вусцях. Найб. Марані і Аяпок. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць каля 90% тэрыторыі. На Пн і ў цэнтр. раёнах — участкі высакатраўных саваннаў.
Насельніцтва. Жывуць негры, мулаты, крэолы (нашчадкі выхадцаў з Еўропы), ва ўнутр. раёнах — індзейцы. Вернікі пераважна католікі. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 1,5 чал. На 1 км², амаль усё яно засяроджана на ўзбярэжжы. Там жа знаходзяцца ўсе гарады.
Гісторыя. Карэнныя жыхары Гвінеі Французскай — індзейцы. У 1499 гэту тэр. адкрылі іспанцы. Першае франц. паселішча засн. на в-ве Каена ў 1604, у 1635 тут пабудавана крэпасць, якая сталаадм. цэнтрам Гвіяны. У пач. 17 ст. захоплена французамі, у 1654 — галандцамі, у 1667 — англічанамі. У 1674 абвешчана ўладаннем Францыі. У 1809 захоплена англічанамі і партугальцамі, у 1817 канчаткова замацавана за Францыяй. З канца 17 ст. сюды прывозілі неграў-рабоў для працы на плантацыях (рабства адменена ў 1794, адноўлена ў пач. 19 ст., канчаткова ліквідавана ў 1848). У 1852—1938 месца ссылкі франц. зняволеных. У 1877 Гвіяна Французская атрымала прадстаўніцтва ў франц. парламенце. З 1946 заморскі дэпартамент Францыі. З 1983 ідзе пашырэнне аўтаноміі Гвіяны Французскай. Дзейнічаюць Гвіянская сац. партыя (засн. ў 1956; выступае за аўтаномію Гвіяны), Гвіянскі нар. рух, а таксама мясц. арг-цыі франц. партый (Аб’яднанне ў падтрымку Рэспублікі, Саюз за франц. дэмакратыю і інш.).
Гаспадарка. Гвіяна Французская — аграрная краіна. Апрацоўваецца менш за 0,1% тэр., пераважна на ўзбярэжжы. Гал. таварныя культуры — цукр. трыснёг, бананы, какава; спажывецкія — кукуруза, маніёк, рыс, агародніна. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Здабыча золата і баксітаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Дрэваапр. і цукр. прадпрыемствы. Вытв-сць рому, эсенцыі ружавага дрэва. Лоўля рыбы і крэветак. Даўж. аўтадарог каля 700 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 350 км. Гал. марскі порт Каена. На тэр. Гвіяны Французскай касмічны палігон Францыі ў г. Куру. Экспарт: крэветкі і інш. морапрадукты (41% па кошце), золата (10%), лесаматэрыялы, ром, баксіты, эсенцыя ружавага дрэва. Імпарт: прамысл. вырабы і харч. тавары, паліва. Асн.гандл. партнёры: Францыя, ЗША, Японія. Грашовая адзінка — франц. франк.