старажытны гіганцкі суперкантынент, які аб’ядноўваў усе сучасныя кантыненты і ў геал. гісторыі Зямлі існаваў тройчы: П. 0, П. 1, П. 2.
Познаархейская кратанізацыя зямной кары пачалася 3 млрд.г. назад (на мяжы ранняга і позняга архею) і завяршылася 2,7—2,5 млрд.г. назад, пра што сведчыць узрост найб.стараж. адкладаў платформавага чахла. Магчыма, у гэты час зямная кара ўтварала суцэльную абалонку, або ўсеагульнае скучванне ў канцы архею прывяло да яе канцэнтрацыі ў выглядзе суперкантынента П. 0 у адным паўшар’і і ўтварэнню першаснага акіяна ў другім паўшар’і. У пач. пратэразою ўзніклі протагеасінкліналі, якія падзялілі П. 0 на вял. колькасць протаплатформ. Развіццё раннепратэразойскіх протагеасінкліналей завяршылася пераважна да 1,8—1,75 млрд.г. назад (у канцы ранняга пратэразою). Протаплатформы апынуліся моцна спаянымі протагеасінклінальнымі складкавымі сістэмамі і паясамі тэктона-тэрмальнай перапрацоўкі з нарошчваннем кантынент. кары. Утварыўся суперкантынент П. 1. З гэтага часу на плошчы сучасных стараж. платформ усталяваўся кантынент. рэжым з пашыраным наземным вулканізмам. Існаванне П. 1, як і П. 0, пацверджана палеамагн. данымі (падабенства крывых блукання полюсаў Зямлі) і пераходнымі палеаструктурамі. У раннім рыфеі фіксуюцца пач. працэсы распаду П. 1 у вобласці Паўд.-Усх.Азіі, новаўтварэнне акіянскіх басейнаў і ўзнікненне мікракантынентаў, з перыферыяй якіх звязана станаўленне афіялітавых паясоў. У познім рыфеі адбыўся распад П. 1 на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію, узніклі планетарныя рухомыя паясы. У канцы палеазою (позняя перм) зноў аднавілася суцэльнасць кантынент. кары: Лаўразія і Гандвана разам з Кітайска-Карэйскай платформай і Паўднёва-Кітайскай платформай утварылі адзіны звышкантынент, якому А.Вегенер (гл.Вегенера гіпотэза) даў назву П. (у адрозненне ад рыфейскага суперкантынента П. 1, мае назву П. 2).
Распад П. 2 пачаўся 200 млн.г. назад у канцы трыясавага — пач. юрскага перыяду мезазойскай эры і звязваецца, паводле гіпотэзы «Новая глабальная тэктоніка», з утварэннем новай сістэмы канвекцыйных ячэек у мантыі. Гл. таксама Дрэйф кантынентаў, Мабілізм, Тэктанічныя гіпотэзы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд., Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах.Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш. П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФРО́НАЎ Анатоль Уладзіміравіч (19.1.1911, Мінск — 10.10.1990),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1981). Скончыў Растоўскі пед.ін-т (1937). У 1948—53 сакратар Саюза пісьменнікаў СССР. У 1953—86 гал. рэдактар час. «Огонек». Друкаваўся з 1929. У паэт. зб-ках «Сонечныя дні» (1934), «Марш пераможцаў» (1947), «Нішто не забываецца...» (1971), «Лірыка» (1982), паэмах «Вяселле» (1935), «Залаты бераг» (1945), «Паэма часу» (1970), «Бессмяротнасць» (1973) і інш. любоў да роднай зямлі, апяванне яе прыроды, тэма кахання. У п’есах «У адным горадзе» (паст. 1947, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Маскоўскі характар» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Мільён за ўсмешку» (1959), «Беражыце жывых сыноў» (1963), «Паўліна» (1965), «Зямное прыцягненне» (1978), «Катаракта» (1982) маральна-этычная праблематыка. Аўтар рамана ў вершах «У глыб часоў» (ч. 1—6, 1978—83), п’ес-памфлетаў «Гібель багоў» (1961), «Лабірынт» (1968), кн. нарысаў «Замежныя сустрэчы» (1952), «Дарогі» (1972), «На землях Азіі і Афрыкі» (1973), нарысаў і ўспамінаў «Час развітанняў і сустрэч» (1977), тэкстаў песень («Шумеў сурова бранскі лес», «Ад Волгі да Дона» і інш.), апавяданняў, публіцыст. артыкулаў, перакладаў і інш. П’есы С. ставіліся ў т-рах Беларусі: у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Маскоўскі характар» (1948), «Мільён за ўсмешку» (1960); у Дзярж.рус.драм. т-ры — «У адным горадзе» (1949), «Беражыце жывых сыноў» (1963); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1948), «Сэрца не даруе» (1955); у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «Маскоўскі характар» (1949), «Інакш жыць нельга» (1952). Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі А.Звонак, П.Панчанка, У.Шахавец.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1971—72;
Океания: Избр. М., 1980;
Пока живешь и сердце бьется...: Стихи и поэмы. Мн., 1981;
На трех континентах: Путешествия. Встречи. Воспоминания. М., 1986.
Літ.:
Толченова Н.П. Веление времени: Очерк творчества А.Софронова. М., 1972;
Зубков Ю.А. На сквозном ветру: Драматургия А.Софронова. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМ ДЗІВО́САЎ СВЕ́ТУ,
у антычным грамадстве вызначэнне 7 (у старажытнасці свяшчэнная лічба) твораў стараж. архітэктуры і скульптуры, найб. славутых сваімі маст. якасцямі, незвычайнымі памерамі і тэхн. вырашэннем. У іх склад уваходзілі: стараж.-егіпецкія піраміды каля г.Гіза, храм Артэміды ў Эфесе ў. Малой Азіі (цяпер Турцыя; каля 550 да н.э., шыр. 51 м, даўж. 105 м, 127 18-метровых калон, у 356 да н.э. спалены Герастратам), т. зв. вісячыя сады Семіраміды ў Вавілоне (7ст. да н.э.), маўзалей Маўсола ў Галікарнасе (сярэдзіна 4 ст. да н.э., арх. Піфей, Сатыр), статуя ЗеўсаўАлімпіі (каля 430 да н.э., скульпт. Фідый; выш. 12 м, аздоблена золатам і слановай косцю), Калос радоскі (статуя Геліяса) на в-ве Родас (Грэцыя; 292—280 да н.э., скульпт. Харас), Фароскі маяк у Александрыі (каля 280 да н.э., арх. Састрат Кнідскі; выш. 130 м). Да нашага часу захаваліся толькі піраміды. Каля г. Хіла (Ірак) знаходзяцца руіны скляпеністых збудаванняў, верагодна, на іх дахах разбіваліся тэрасныя сады Семіраміды. У Брыт. музеі (Лондан) захоўваюцца фрагменты скульптуры Галікарнаскага маўзалея (скульпт. Скопас, Цімафей, Брыяксіс, Леахар). Храм Артэміды (іанічны дыптэр) адбудаваны арх. Хейракратам, захаваліся фундаменты. Іншыя дзівосы свету вядомы па маст. выявах і апісаннях розных часоў.
Першае пісьмовае ўпамінанне пра С.дз.с. прыпісваецца фінікійскаму пісьменніку Антыпатру з Сідона (2 ст. да н.э.), які апісаў толькі існуючыя на той час творы (зруйнаваная Вавілонская вежа, прылічаная грэкамі да дзівосаў свету, не ўвайшла ў спіс С.дз.с.). У эпоху Адраджэння С.дз.с. апісаў аўстр.арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах у сваіх «Накідах пра гісторыю архітэктуры» (1721).
Літ.:
Федосик В.А. Семь чудес света. Мн., 2002.
Схема размяшчэння сямі дзівосаў свету: 1 — піраміды каля г. Гіза; 2 — храм Артэміды ў Эфесе; 3 — сады Семіраміды ў Вавілоне; 4 — маўзалей Маўсола ў Галікарнасе; 5 — статуя Зеўса ў Алімпіі; 6 — Калос радоскі на востраве Родас (Грэцыя); 7 — Фароскі маяк у Александрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛЕП (ад польск. sklep скляпенне, падвал),
1) гаспадарчая пабудова для захоўвання гародніны, бульбы, квашаніны і інш. прадуктаў. Шырока бытуе ў народаў Еўропы, Зах.Азіі, Каўказа, Сібіры і інш. На Беларусі архітэктура С., а таксама назвы (пограб, пограбня, прыгрэбка, лёх і інш.) атрымалі рэгіянальныя асаблівасці. С. мае заглыбленую на 1,5—2 м падземную ч. са сценамі з камення, бетону (раней — з бярвён), над якой робяць зруб з 3—4 вянкоў, накрываюць 2- ці 3-схільным дахам. Перакрыцце з дошак па бэльках ці маналітнае з бетону, абавязкова з ацяпленнем. Знадворку робяць квадратны люк і невял. адтуліну («варонку») для засыпання бульбы і інш. Уваход у С. заўсёды ў тарцовай сцяне. Звычайна С. ставяць каля хаты, часам ён з’яўляецца падземнай ч. клеці. Здаўна С. вядомы і пад падлогай жылых памяшканняў, часцей у сенцах, каморы, пазней — у кухнях і на верандах. Пры высокім узроўні падземных вод С. робяць неглыбокім, са сценамі, прысыпанымі для ацяплення зямлёй, ці будуюць далей ад сядзібы на сухім месцы.
2) Падземнае збудаванне ў замках, палацах, мураваных будынках ці натуральная пячора, прыстасаваная для доўгатэрміновага захоўвання віна, пораху, прадуктаў, часам для трымання і катавання вязняў.
3) Мемар. збудаванне на могілках, дзе хаваюць нябожчыка. Мае невял. (у параўнанні з грабніцай ці пахавальняй) памеры, абавязкова з унутр. прасторай, звычайна з падземнай ч. і з уваходам у яе. С. для пахавання выкарыстоўваюцца са старажытнасці. Характарызуюцца манументальнасцю форм, разнастайнасцю і багаццем дэкар. аздаблення (С. на Кальварыйскіх і Вайсковых могілках у Мінску, канец 19 ст.).
4) Падземная ч. пахавальні ці буйнога культавага збудавання, крыпта якога прызначаецца для пахавання (Нясвіжскі касцёл езуітаў, 16 ст.).
С.А.Сергачоў.
Скляпы на вясковых могілках каля г. Жбейль (Ліван).Склеп у вёсцы Радунь Карэліцкага раёна Гродзенскай вобл.Склеп на Вайсковых могілках у Мінску.Склеп у вёсцы Дзямянчыцы Камянецкага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНЫ́, слановыя (Elephantidae),
сямейства млекакормячых атр. хобатных. Вядомы з верхняга міяцэну — ніжняга пліяцэну. 2 роды, у кожным па 1 відзе: афрыканскі С. (Loxodonta africana) з 2 падвідамі (зрэдку даюць як самастойныя віды) — саваннавы, або кустовы, С. (L.a. africana), які жыве пераважна ў аблесенай саванне Усх. і Паўд. Афрыкі; лясны С. (L.a. cyctolis) — пераважна ў дажджавых трапічных лясах Зах. Афрыкі. Індыйскі С. (Elephas maximus) жыве ў лясных абласцях Паўд.-Усх.Азіі. Абодва віды ў Чырв. кнізе МСАП. Да сям. С. належыць мамант. На Беларусі знойдзены рэшткі С. паўднёвага (Archidiskodon meridionalis), які быў пашыраны ў раннім антрапагене і выцесніў трацічных мастадонтаў. Выш. яго ў плячах больш за 3,7 м. Лічыцца продкам афрыканскіх С. і маманта. Знойдзены рэшткі С. трагантэрыевага (A. trogontherii), які быў пашыраны ў раннім антрапагене. Самы буйны з еўрап. С., у плячах выш. да 4,5 м, біўні даўж. да 5 м. Цела, магчыма, было пакрыта поўсцю. Пераходным відам паміж трагантэрыевым С. і мамантам быў хазарскі мамант, ці С., (Mammuthus chosaricus), рэшткі якога таксама знойдзены на Беларусі. Меў густую поўсць і доўгія біўні, па памерах значна большы за маманта.
Даўж. афрыканскага С. ад канца хобата да канца хваста да 7 м (хобат да 2 м, хвост да 1,5 м). Выш. ў карку да 4,5 м, маса да 7,5 т. Індыйскі С. меншы (выш. цела да 3.2 м. маса да 5 т). Самкі драбнейшыя. Орган дотыку, нюху і хапання — рухомы хобат (зрослыя верхняя губа і нос). Развітыя другія разцы, што ў верхняй сківіцы ўтвараюць біўні і растуць усё жыццё. Скура тоўстая (да 3 см), амаль голая, укрытая рэдкімі шорсткімі валасамі. Расліннаедныя Жывуць С. 70—80 гадоў, палаваспеласці дасягаюць у 10—20 гадоў, цяжарнасць да 2 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня масай да 100 кг раз у 4 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТРАЛА́»,
«Ваджэнне і пахаванне стралы» («сулы»), даўні ахоўна-засцерагальны і магічна-агр. абрад усх. славян, якім завяршаўся веснавы каляндарна-земляробчы цыкл. Праводзіўся ў канцы вясны пры аглядах азімых (на Вялікдзень, Юр’я, Ушэсце). Рэгіён найб. пашырэння — Пасожжа, тэр. паміж Дняпром і Прыпяццю, часткова Гомельская, Чарнігаўская (Украіна) і Бранская (Расія) вобл. (супадае з вобласцю рассялення радзімічаў, часткова дрыгавічоў і вяцічаў). Асн. рытуальныя дзеянні: ваджэнне карагодаў, шэсці радамі («танок»), гульні, качанне па полі, закопванне «С» і інш. Шанаванне «громных стрэлак» (каменныя сякеры, молаты, коп’і, белямніты) — стараж. абрад. Паводле летапісаў 13—15 ст. і інш. пісьмовых і археал. матэрыялаў, лічылася, што яны скінуты з неба. Паводле сведчання бел. археолагаў, «громныя стрэлкі» пачалі зберагацца з неалітычных часоў.
Прымхлівае шанаванне камянёў было не толькі ва ўсх.-слав. народаў, а і ў некат. народаў Еўропы і Азіі. У Японіі «громныя стрэлкі» (рай-фунасекі) прыпісваюцца нябеснаму вартавому — богу Тэнгу. У кіт. і інд. фальклоры ўпамінаюцца вераванні ў боскае паходжанне каменных прылад. «Стрэлкі» абагаўляліся, іх насілі на целе («наузы»), ім надавалася ахоўная, магічна-лекавая і апладняльная функцыі.
На Беларусі забіты Перуном лічыўся «святым», а той, хто знаходзіў «стрэлку», лічыўся шчаслівым чалавекам. Паводле вераванняў, пажар, выкліканы маланкай, трэба тушыць малаком. Песні, якія выконваліся ў час абраду «С.», бытуюць і цяпер у пазаабрадавай паэзіі на ўсёй Беларусі. Найб. архаічныя варыянты з абрадам захаваліся ў Веткаўскім, Чачэрскім і сумежных раёнах, якія лічацца ядром распаўсюджання «С.». Паступова песні страцілі прымеркаванасць да абрадавай паэзіі. Абрад пахавання «сулы» (таксама зброя Перуна; суліца — кап’ё, рагаціна) — неаддзельны ад «С.». Падобныя да «С.» абрады пахавання Ярылы, Каструбанькі, Лялькі і інш. У сучасным бытаванні «С.» ўспрымаецца як вясёлая нар. гульня. Культ «С.» выяўляецца ў бел. тапанімічных назвах (Страліца, Стрэлка, Стрэльская Горка, Пастралкі, Стрэльск, Стралічава, Вялікія і Малыя Стралкі і інш.), у нар. мастацтве (у вышыўцы, разьбе па дрэве).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНГА́Н, Ганконг,
асобны адм. раён на ПдУ Кітая, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага мора. Пл. 1066 км². Нас. 7,12 млн.чал. (2000), больш за 98% — кітайцы. Адм. ц. — г.Сянган (Вікторыя). Міжнар. цэнтр знешнегандл. (у т. л. рээкспарт) і валютна-фін. аперацый (больш за 140 банкаў). Буйны прамысл. цэнтр (больш за 43 тыс. прадпрыемстваў); каля 80% прадукцыі ідзе на экспарт. Прам-сць: швейная, абутковая, эл.-тэхн., электронная, тэкст., харч., тытунёвая, нафтахім., суднабудаўнічая, цэм., фарфора-керамічная і інш.Вытв-сць пластмасавых вырабаў, гал. чынам цацак. Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд.кВт∙гадз (1996). Інтэнсіўнае агародніцтва, кветкаводства, свіна- і птушкагадоўля. Рыбалоўства. Кампаніі С. кантралююць гандл. флот агульным танажом 60 млн.т дэдвейт. Экспарт і рээкспарт прамысл. прадукцыі, ювелірных вырабаў, цацак. Турызм (штогод больш за 3 млн.чал.).
Тэр. С. ўваходзіла ў склад Кіт. дзяржавы з 3 ст. да н.э., але пасяленні тут з’явіліся толькі ў 11 ст. У час англа-кітайскай вайны 1840—42 англічане захапілі в-аў Сянган. Нанкінскім дагаворам 1842 ён замацаваны за Вялікабрытаніяй у «вечнае валоданне». У выніку англа-франка-кітайскай вайны 1856—60 англічане захапілі паўд.ч. п-ва Каўлун. У 1898 Вялікабрытанія ўзяла ў арэнду на 99 гадоў яшчэ адну ч. п-ва Каўлун з прылеглымі астравамі, т.зв. «Новую тэрыторыю». Да пач. 20 ст. С. стаў адным з найбуйн. гандл. цэнтраў і партоў на Д. Усходзе. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны яп. войскамі (1941—45). Пасля вайны адбыўся хуткі эканам. рост, які паставіў С. у адзін шэраг з новымі індустр. краінамі Усх. і Паўд.-Усх.Азіі. У 1984 падпісаны дагавор паміж урадамі КНР і Вялікабрытаніі аб вяртанні С. ў склад Кітая ў 1997. Пры гэтым урад КНР гарантаваў захаванне ў С. капіталіст. ладу паводле канцэпцыі «адна краіна — дзве сістэмы». З 1.7.1997 С. перайшоў пад юрысдыкцыю КНР як спец.адм. раён з уласным аўт. урадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУРА́НСКАЯ ПЛІТА́,
частка Цэнтральнаеўраазіяцкай платформы ў Сярэдняй Азіі і Казахстане. Пл. больш за 2 млн.км², даўж. і шыр. ў сярэдняй ч. прыблізна 1,6 тыс.км. Мяжуе на ПнЗ з Прыкаспійскай упадзінай Рускай пліты, на Пн з Уральскім хр. і праз Кустанайскую седлавіну з Заходне-Сібірскай плітой, на ПнУ з Цэнтральнаказахстанскім шчытом, на ПдУ і У з вобласцю эпіплатформеннага арагенезу (хрыбты Гісара-Алая, Цянь-Шаня і інш.), на ПдЗ з вобласцю альпійскай складкавасці (хр. Капетдаг і інш.), на З, пад водамі Каспійскага м., — са Скіфскай плітой. Паверхню Т.п. займае Туранская нізіна.
Крышт. фундамент складзены з дарыфейскіх масіваў (Сырдар’інскі, Каракумскі, Карабагазскі, Паўн.-Усцюрцкі) і складкавых сістэм, якія іх раздзяляюць (каледонскіх, герцынскіх, кімерыйскіх; буйнейшая — працяг герцынскіх структур Урала). У асобных месцах фундамент выходзіць на паверхню (горы Каратау, узв. Кызыл-Кія). Асадкавы чахол мае 2 структурныя паверхі (некат. даследчыкі вылучаюць 4), утвораныя ў кімерыйскія і альпійскія этапы развіцця. Магутнасць яго да 1—5 км. у вял. сінеклізах (напр., Усх.-Туркменская) да 10—14 км. Складзены з адкладаў мезазойска-кайназойскага ўзросту: тэрыгенна-вулканагеннай і вугляноснай фармацый, тэрыгенна-карбанатных, тэрыгенна-глаўканітавых і саляносных тоўшчаў, стракатакаляровых глін і каалінаў, мергеляў, мелу, глін, пяску, пясчанікаў і інш. Пароды чахла ў рознай ступені дыслацыраваны. Сярод тэктанічных структур вылучаюцца скляпенні, выступы. мульды, сінеклізы. упадзіны. буйныя лінейныя зоны прагінаў (Паўн.-Туркменская), кражы, грады, мегантыкліналі і мегасінкліналі і іх сістэмы (Мангышлакская). саляны вал (Рэпетэкскі), зоны ступеньчатага апускання ўздоўж разломаў і зоны ўскраіннага (перыплатформеннага) апускання. Радовішчы нафты і газу (Мангышлакскі нафтагазаносны раён), фасфарытаў, руд ртуці, мыш’яку, барыту, марганцу і інш.; мінер. крыніцы, у т. л. тэрмальныя.
Літ.:
Гарецкий Р.Г. Тектоника молодых платформ Евразии. М., 1972;
Хаин В.Е. Региональная геотектоника. Внеальпийская Европа и Западная Азия. М., 1977;
Витте Л.В. Типы континентальной земной коры и история их развития. Новосибирск, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),
французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл.Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр.Паўд.Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.