Я́ДЗЕРНЫ МАГНІ́ТНЫ РЭЗАНА́НС (ЯМР),

выбіральнае паглынанне (вылучэнне) эл.-магн. выпрамянення магн. ядрамі атамаў у знешнім магн. полі; разнавіднасць магнітнага рэзанансу. ЯМР у атамных пучках адкрыў у 1938 І.А.Рабі. у кандэнсаваных сістэмах — у 1946 Э.М.Пёрсел і Ф.Блох.

ЯМР абумоўлены зменай арыентацыі магн. момантаў ядраў адносна напрамку індукцыі знешняга магн. поля пад дзеяннем эл.-магн. выпрамянення. Звычайна на рэчыва адначасова дзейнічаюць 2 магн. палі з узаемна перпендыкулярнымі індукцыямі: моцнае пастаяннае і слабае пераменнае (радыёчастотнага дыяпазону). Адны і тыя ж ядры ў розным хім. акружэнні паглынаюць эл.-магн. выпрамяненне пры розных значэннях індукцыі знешняга магн. поля (хім. зрух рэзанансу), што дае магчымасць выкарыстоўваць ЯМР для даследавання структуры малекул і крышталёў. Найб. велічыню магн. моманту ў параўнанні з інш. магн. ядрамі мае ядро атама вадароду, таму на аснове пратоннага ЯМР распрацаваны спосабы вымярэння індукцыі і аднароднасці магн. поля, метады даследавання хім. рэакцый; ЯМР — фіз. аснова магнітарэзананснай тамаграфіі.

Літ.:

Дероум Э. Современные методы ЯМР для химических исследований: Пер. с англ. М., 1992;

Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985;

Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ. М., 1963.

М.​А.​Паклонскі.

т. 18, кн. 1, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́НШЫН Міхаіл Міхайлавіч (2.11.1902, г. Юхнаў Калужскай вобл., Расія — 16.12.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1955). З 1922 вучыўся ў 2-й Студыі Маскоўскага Маст. акад. т-ра, з 1924 акцёр гэтага т-ра. Адначасова ў 1937—41 маст. кіраўнік цыганскага т-ра «Рамэн», у 1950—63 гал. рэжысёр Маскоўскага драм. т-ра імя К.​Станіслаўскага. Яго акцёрскаму мастацтву характэрны спалучэнне камічнага з трагічным, драматызму з лірычнасцю, тонкі гумар. Сярод роляў: Ларывосік («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Градабоеў, Маргарытаў, Мамаеў («Гарачае сэрца», «Позняе каханне», «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.​Астроўскага), Кузаўкін («Нахлебнік» І.​Тургенева), Ферапонт і Чабутыкін, Цялегін, Сімяонаў-Пішчык, Сорын («Тры сястры», «Дзядзька Ваня», «Вішнёвы сад», «Чайка» А.​Чэхава), сэр Пітэр Тызл («Школа зласлоўя» Р.​Шэрыдана), Францішак Абель («Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка) і інш. Паставіў спектаклі: «Беспасажніца» Астроўскага (1953), «Дні Турбіных», «Чайка» (абодва 1954) і інш. З 1928 здымаўся ў кіно: «Паручнік Кіжэ», «Рэвізор», «Шведская запалка», «Дванаццатая ноч» і інш. Аўтар радыёмемуараў. Дзярж. прэмія Расіі 1970. Дзярж. прэмія СССР 1975.

Л.​В.​Календа.

т. 18, кн. 1, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРУ́ГІН Мікалай Паўлавіч (14.5.1907, г. Пралетарск Растоўскай вобл., Расія — 12.2.1990),

бел. матэматык; адзін з заснавальнікаў бел. матэм. школы. Акад. АН Беларусі (1956), д-р фіз.-матэм. н. (1943), праф. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Ленінградскі ун-т (1932). З 1956 заг. кафедры ў БДУ, адначасова ў Ін-це матэматыкі АН Беларусі (у 1959—77 дырэктар). У 1965—86 гал. рэдактар Усесаюзнага часопіса «Дифференциальные уравнения». У 1977—82 член Прэзідыума АН Беларусі. Навук. працы па аналіт. тэорыі лінейных і нелінейных дыферэнцыяльных ураўненняў, тэорыі ўстойлівасці руху, якаснай і агульнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, гісторыі матэматыкі і механікі. Рашыў праблему Пуанкарэ і асобныя выпадкі праблемы Рымана. Аўтар дакумент. аповесці «Пра тых, хто выстаяў» (1961). Дзярж. прэмія СССР 1951.

Тв.:

Неявные функции. Л., 1956;

Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;

Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;

Проблема Римана. Мн., 1982.

Літ.:

Весці АН БССР. Сер. фіз.-мат. навук. 1967. № 2;

Н.​П.​Еругин: Биобиблиогр. указ. Мн., 1987.

М.П.Яругін.

т. 18, кн. 1, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯФРЭ́МАЎ Аляксандр Васілевіч (н. 1.5.1951, с. Салган Ніжагародскай вобл., Расія),

бел. рэжысёр кіно і тэатра. Засл. дз. маст. Беларусі (1999). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1976). З 1976 на кінастудыі «Беларусьфільм». Адначасова з 1990 выкладае ў Бел. АМ (з 2001 праф.). З 1991 маст. кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра. Творчую манеру вызначае паглыблены псіхалагізм, дакладная распрацоўка сцэнічных характараў, беражлівае стаўленне да драматургічнай асновы, адчуванне рытму, стылю, аўтарскага светаўспрымання. Зняў маст. фільмы «Вялікае каханне М.​П.​Чараднічэнкі» (1977), «Давай пажэнімся» (1982), «Экзамен на дырэктара» (1986, тэлефільм), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991), «Павадыр» (2001; сярэбраны прыз на Міжнар. кінафестывалі «Лістапад—2001», Мінск). Паставіў спектаклі: «Міленькі ты мой» М.​Варфаламеева (1994, разам з У.​Гасцюхіным), «Айседора. Танец кахання» паводле п’есы З.​Сагалава «Тры жыцці Айседоры Дункан» і кн. Дункан «Мая споведзь» (1995), «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага (1996), «Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа (1999), «Пігмаліён» Б.​Шоу (2002). З 1976 здымаецца ў кіно: «Падары мне святло месяца», «Скрыжаванне», «Пакуль нясуць ногі» і інш. Здымае таксама дакумент. і відэафільмы.

А.​В.​Усцінава.

т. 18, кн. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ШЧАРЫЦЫН Пётр Іванавіч (н. 30.6.1915, г. Людзінава Калужскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі машынабудавання. Акад. Нац. АН Беларусі (1974, чл.-кар. 1969), д-р тэхн. н. (1963), праф. (1964). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1972). Скончыў Арджанікідзеградскі маш.-буд. ін-т (1941). З 1952 дырэктар 11-га Дзярж. падшыпнікавага з-да (Мінск), з 1962 рэктар, адначасова заг. кафедры БПІ. З 1977 акад.-сакратар Аддз. фіз.-тэхн. навук АН Беларусі. З 1987 саветнік прэзідыума, з 2002 гал. навук. супрацоўнік Фіз.-тэхн. ін-та Нац. АН Беларусі. Навук. працы па праблемах тэхналогіі машынабудавання, пытаннях уплыву тэхнал. спадчыннасці на эксплуатацыйныя ўласцівасці дэталей машын, удасканалення фінішных аперацый мех. апрацоўкі дэталей, шліфаванні і даўгавечнасці шліфавальных дэталей, тэхналогіі вытв-сці падшыпнікаў качэння, надзейнасці трансп. прыстасаванняў аўтам. ліній. Дзярж. прэмія Беларусі 1978.

Тв.:

Основы технологии механической обработки и сборки в машиностроении. Мн., 1974;

Технологическая наследственность в машиностроении. Мн., 1977 (разам з Э.​В.​Рыжовым, У.​І.​Аверчанкавым);

Скоростное внутреннее шлифование. Мн., 1980 (разам з І.​П.​Караімам);

Чистовая обработка деталей в машиностроении. Мн., 1983 (разам з А.​Н.​Мартынавым).

П.І.Яшчарыцын.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НДЭРСАН Оскар Мікалаевіч (Оскар Ёган Віктар; 2.8.1887, Мінск — 12.2.1960),

вучоны ў галіне матэм. і эканам. статыстыкі. Чл. міжнар. Эканаметрычнага т-ва (1933), Амер. стат. асацыяцыі (1952) і інш. навук. т-ваў. Скончыў С.-Пецярбургскі політэхн. ін-т (1912). З 1912 выкладаў у камерцыйнай школе ў С.-Пецярбургу, дзе адначасова атрымаў юрыд. адукацыю. З 1917 у Кіеўскім камерцыйным ін-це і Дэмаграфічным ін-це Укр. АН. У 1920 эмігрыраваў. З 1929 праф. Камерцыйнага ін-та ў г. Варна (Балгарыя), з 1935 першы дырэктар Стат. ін-та эканам. даследавання Сафійскага ун-та. З 1942 праф. Кільскага ун-та, з 1947 заг. кафедры Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па выкарыстанні метадаў матэм. статыстыкі ў эканоміцы, тэорыі імавернасцей, непараметрычных метадах статыстыкі, колькаснай тэорыі грошай. Незалежна ад У.С.Госета (гл. Дадатак) распрацаваў варыяцыйна-рознасны метад аналізу часавых шэрагаў (1912). Апублікаваў даклад аб агульным стане эканомікі Балгарыі (1938).

Тв.:

Ausgewihlte Schriften. Bd. 1—2. Tübingen, 1963.

Літ.:

Sheynin O.B. O.J.V. Anderson // Dictionary of scientific biography. New York, 1970. Vol. 1.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДУ́ЛЯ Валянцін Аляксеевіч (н. 10.10.1937, г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне цеплаэнергетыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (2000). Д-р тэхн. н. (1986), праф. (1989). Акад. Бел. інж. акадэміі (1995), Міжнар. акадэміі інфарм. тэхналогій (1996). Скончыў БПІ (1959). З 1959 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі (у 1974—89 нам. дырэктара, з 1989 заг. лабараторыі). Адначасова з 2000 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па перспектыўных энергет. тэхналогіях і энергарэсурсазберажэнні. Распрацаваў навук. асновы тэхналогіі экалагічна бяспечнага спальвання і тэрмічнай апрацоўкі нізкакаларыйных і інш. мясц. відаў паліва. Прапанаваў шэраг канструкцый высокаэфектыўных вадагрэйных і паравых аўтаматызаваных кацельных установак. Дзярж. прэмія Беларусі 2002.

Тв.:

Высокотемпературные процессы в электротермическом кипящем слое. Мн., 1973;

Математические модели химических реакторов в кипящем слое. Мн., 1976 (разам з Ю.​П.​Гупалам);

Сжигание твердого топлива в псевдоожиженном слое. Мн., 1980 (разам з Л.​М.​Вінаградавым);

Гидродинамика и теплообмен в псевдоожиженном слое под давлением. Мн., 1982 (разам з В.​Л.​Ганжой, В.​І.​Кавенскім).

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ Алесь (Аляксандр Іванавіч; н. 23.7.1963, в. Цімкавічы Капыльскага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, пісьменнік. Д-р філал. н. (1998), праф. (2002). Скончыў БДУ (1986), працуе ў ім (з 1999 праф.). Адначасова з 2001 гал. рэдактар час. «Беларуская мова і літаратура». Даследуе гісторыю бел. л-ры 20 ст., праблемы сучаснага літ. працэсу, пытанні індывідуальнага маст. майстэрства, нац. спецыфікі мастацкага слова, развіццё сучаснай бел. паэзіі. Аўтар манаграфіі «Жывая мова краявідаў: Пейзаж у беларускай паэзіі» (1997), зб. літ.-крыт. артыкулаў «Пакуль баліць душа» (1995), навуч. дапаможнікаў «Сучасная беларуская літаратура: Станаўленне і развіццё творчых індывідуальнасцей (80—90-я г.)» (1997), «Свет ад травы да зор: Беларуская паэзія: Сістэма вобразаў прыроды, паэтыка пейзажу» (1998), «Краса і смутак», «Сучасная літаратура Беларусі» (абодва 2000). Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры XX ст.» (т. 4, кн. 2, 2003) і інш. Пад псеўд. Алесь Ветах піша прозу. Яго творам уласцівы лірыка-драматычны пачатак, містыфікацыя рэчаіснасці. Аўтар зб-каў прозы «Ружовая знічка» (1994), «Хроніка смутку» (1999, Літ. прэмія імя І.​Мележа 2000), аповесці «Час акселерацыі» (1994).

А.​У.​Бельская.

т. 18, кн. 1, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯ́ЗЕЎ Станіслаў Нічыпаравіч (н. 6.11.1948, г. Новасібірск, Расія),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, юрыст, гісторык. Ген.-маёр (1994). Канд. юрыд. н. (1999), праф. (2001). Скончыў Томскае ваен. вучылішча сувязі (1969), Вышэйшую школу (Акадэмію бяспекі) КДБ СССР (1982). З 1969 на адказных пасадах у Прыкарпацкай ваен. акрузе, з 1974 у асобых аддзелах КДБ групы сав. войск у Германіі, потым у Прыкарпацкай і Туркестанскай ваен. акругах. З 1989 нам., з 1994 нач. ўпраўлення ваен. контрразведкі КДБ Рэспублікі Беларусь. У 1998—2001 нач. Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь. З лют. 2001 нам. дзярж. сакратара Рэспублікі Беларусь, з верасня 1-ы нам. кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, адначасова са жн. 2002 старшыня Геральдычнага савета. З сак. 2003 рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 1995—2001 прэзідэнт рэсп. экалагічнага фонду «Экамір». Аўтар навук. публікацый, падручнікаў і навуч. дапаможнікаў па пытаннях тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, тэорыі і практыкі кіравання.

Тв.:

Основы информационно-аналитической деятельности. Мн., 1996;

Ф.​Э.​Дзержинский и его время. Мн., 1998;

Военная контрразведка на территории Беларуси в начале двадцатого века. Мн., 2000;

Управление: искусство, наука, практика. Мн., 2002.

т. 18, кн. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДЗЕ́ЛЬСКІ Анатоль Віктаравіч (н. 16.9.1934, с. Маласафіеўка Днепрапятроўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне рэгіянальнай геалогіі і гідрагеалогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1996). Д-р геолага-мінералаг. н. (1978), праф. (1987). Скончыў Днепрапятроўскі горны ін-т (1958). З 1968 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (з 1993 заг. лабараторыі), адначасова ў 1992—93 нам. дырэктара ў Бел. н.-д. цэнтры «Экалогія». Асн. кірункі даследаванняў — тэорыя гідрагеалогіі і нафтагазаўтварэння, гідрагеалогія зямной кары і нафтагазаносных басейнаў, гідрагеахімія, прамысл. расолы і мінер. воды. Навук. працы па геахіміі мінер. і прамысл. ёдзістых раствораў, гідрагеахіміі асобных элементаў, паходжанні нафты і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.

Тв.:

Гидрогеология, гидрогеохимия йода. Мн., 1976;

Газовый режим Припятского прогиба. Мн., 1982 (разам з В.​М.​Бураком);

Гидрогеология и рассолы Припятского нефтегазоносного бассейна. Мн., 1985 (разам з А.​А.​Махначом, У.​М.​Шымановічам);

Минеральные воды Беларуси. Мн., 1994 (разам з М.​Г.​Ясавеевым);

Геофлюидодинамика и нефтегазообразование. Мн., 1997 (разам з Р.​Я.​Айзбергам, Р.​Г.​Гарэцкім);

Подземные воды Беларуси. Мн., 1998 (разам з В.​І.​Пашкевічам, М.​Г.​Ясавеевым).

т. 18, кн. 1, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)