ЧО́ЛА,
старажытная дзяржава на Пд Індыі і дынастыя, якая ў ёй правіла.
Вядома з 1 ст. н.э. Сталіцы: Пухар, Ганджур і Гангайкондачалапурам. Дзярж. мова — тамільская. У 9 ст. трапіла ў васальную залежнасць ад дзяржавы Палаваў. Узвышэнне Ч. пачалося, калі яе правіцель Адыцья I [871—907] знішчыў дзяржаву Палаваў і захапіў яе тэр. Найб. магутнасці дасягнула ў 10—12 ст., калі дынастыя Ч. падпарадкавала амаль увесь Пд п-ва Індастан, в-аў Шры-Ланка (Цэйлон), Мальдыўскія а-вы, нанесла некалькі паражэнняў дзяржаве Зах. Чалук’яў, здзейсніла паходы ў Бенгалію, на Суматру і ў Малаю. Высокага развіцця дасягнулі земляробства, рамесніцтва і гандаль, тамільская л-ра і мастацтва. З 2-й пал. 12 ст. пачаўся заняпад дзяржавы Ч., у 13 ст. яна стала васалам Хайсалаў і перастала існаваць. Дынастыя вядома да 18 ст.
т. 17, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Зніка́ць ’пераставаць існаваць’. Рус. сника́ть ’панікаць’, укр. зникати ’знікаць’, польск. znikać ’тс’, чэш. кніжн. znikati, славац. уст. zniknút, славен. znikniti ’прайсці’, ’знікнуць’, izníkniti ’знікнуць’, серб.-харв. ѝзникнути ’ўзысці (пра расліну)’, ’узнікнуць, ’з’явіцца’, балг. изнѝквам ’узнікнуць, панікнуць’, макед. изникне ’знікнуць’, ’узыйсці’. Ц.-слав. изникнѫти ’знікнуць’, съникнѫти ’заглядваць уперад’, съницати ’наглядаць’ (Міклашыч, Lex. paleosl.), ст.-рус. изницати ’ўзнікаць’. З прэфіксам z‑ (< jьz ці sъn‑) ад дзеяслова nikati (гл. нікнуць).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АРАМАРФО́З (ад грэч. airō падымаю + morphōsis узор, форма), анагенез, арагенез, морфафізіялагічны прагрэс,
эвалюцыйнае пераўтварэнне марфалагічнай структуры і функцый арганізма, у выніку якога ён падымаецца на прынцыпова новую, больш прагрэсіўную ступень развіцця; адзін з асн. кірункаў біял. прагрэсу. Тэрмін увёў рус. вучоны А.М.Северцаў (1920). Арамарфоз садзейнічае высокай жыццяздольнасці арганізма, павышэнню ўзроўню абмену рэчываў, развівае больш актыўныя спосабы барацьбы за існаванне і інш. Магчымасці арамарфозу рэалізуюцца ў працэсе развіцця ідыяадаптацый і інш. больш вузкіх прыстасаванняў, на базе якіх могуць фарміравацца новыя арамармозы. Напр., лёгкія для кісцяпёрых рыб (продкаў наземных пазваночных) былі ідыяадаптацыяй, што давала ім магчымасць існаваць у вадаёмах з паніжанай колькасцю растворанага кіслароду. Для іх патомкаў (наземных пазваночных) арамарфозам стала ўдасканаленне лёгачнага дыхання. Якасны скачок арамарфозу адбыўся пры пераходзе ад рэптыліяпадобных да млекакормячых: чатырохкамернае сэрца, унутрывантробны тып развіцця, узнікненне пёравага, валасянога покрыва і інш.
т. 1, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНТ). Існавала з чэрв. 1942 да канца 1943 у Мінску. Створана ням.-фаш. акупац. ўладамі з дапамогай калабарацыяністаў. У склад прэзідыума БНТ уваходзілі І.Ермачэнка
(старшыня),
В.Іваноўскі, Ф.Юрда (намеснікі), Г.Касяк (вучоны сакратар), члены т-ва А.Адамовіч, П.Свірыд і інш.; «ганаровы прэзідэнт» — ген. камісар Беларусі В.Кубэ. Т-ва мела на мэце сабраць усе навук. кадры, што па розных прычынах апынуліся на акупіраванай тэрыторыі, і прымусіць іх працаваць на акупантаў. Аднак на працягу года дзейнасць БНТ плёну не дала. У чэрв. 1943 зноў абвешчана аб адкрыцці т-ва. Яго прэзідэнтам стаў Іваноўскі, намеснікамі — Лыноўскі і Масевіч. Ад бел. вучоных, якіх пад пагрозай рэпрэсій гітлераўцы сагналі на ўстаноўчы сход т-ва, патрабавалася распрацоўваць навук. тэмы, зыходзячы з задач ваен. часу. Перастала існаваць у выніку байкоту і супраціўлення вучоных.
М.У.Токараў.
т. 2, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ у біялогіі,
уласцівасць жывых арганізмаў існаваць у розных формах (варыянтах); адзін з найб. важных фактараў эвалюцыі. Можа праяўляцца ў асобных арганізмах, клетках у працэсе індывід. развіцця або ў межах групы арганізмаў у шэрагу пакаленняў пры размнажэнні. Па механізмах узнікнення і характары змянення прыкмет адрозніваюць некалькі тыпаў З. Спадчынная З. (генатыпічная) абумоўлена ўзнікненнем новых генатыпаў у выніку мутацый або перакамбінацыі алеляў, што прыводзіць да змянення фенатыпу; аснова селекцыі. Няспадчынная З. (мадыфікацыйная) — вынік змяненняў фенатыпу пад уздзеяннем умоў існавання арганізма, без змены генатыпу (гл. Мадыфікацыя, Фенакопія). Антагенетычная З., у т. л. ўзроставая — заканамерныя змяненні ў ходзе індывід. развіцця арганізма. Палавая З. звязана з адрозненнем асобін рознага полу. Індывідуальная З. (паліморфная) — наяўнасць індывід. адрозненняў арганізмаў аднаго віду незалежна ад узросту і полу. Міжпапуляцыйная З. звязана з асаблівасцямі генатыпу і фенатыпу розных папуляцый аднаго віду.
В.В.Грычык.
т. 7, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІ́ЧНЫ ПАЗІТЫВІ́ЗМ,
кірунак неапазітывізму, які сфарміраваўся ў 1920-я г. на базе Венскага гуртка. Яго тэарэт. вытокі ў вучэнні Э.Маха і Р.Авенарыуса аб «непасрэдна дадзеным» у вопыце суб’екта, логіка-гнасеалагічнай мадэлі ведаў Б.Расела і Л.Вітгенштэйна і інш. Адна з асн. задач Л.п. — матэматызацыя і фармалізацыя ведаў. Метад фармалізацыі прадстаўнікі Л.п. пашырылі і на філасофію, спрабуючы ачысціць яе ад метафізікі (г. зн. абстрактных, лагічна не абгрунтаваных палажэнняў) і зрабіць навуковай. Для гэтага выкарыстоўваўся т. зв. прынцып верыфікацыі (вызначэння сапраўднасці навук. сцвярджэнняў), які трактаваўся ў духу суб’ектывізму і канвенцыяналізму. У 2-й пал. 1930-х г. пасля пераезду ў ЗША асн. прадстаўнікоў Л.п. іх вучэнне часткова перагледжана, але захавала сваю суб’ектыўна-ідэалістычную сутнасць і стала больш вядома як лагічны эмпірызм. З 1960-х г. Л.п. перастаў існаваць як самастойны філас. кірунак.
Т.І.Адула.
т. 9, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАЗЕ́МНЫЯ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫІ,
высокаарганізаваныя формы жыцця (аб’яднанні разумных істот), якія могуць існаваць ці, магчыма, існавалі ў Сусвеце па-за межамі Зямлі.
Здаўна лічылася, што існуюць планеты, населеныя разумнымі істотамі. Развіццё навукі, палёты міжпланетных касм. апаратаў паказалі, што планеты Сонечнай сістэмы не маюць прыкмет жыццядзейнасці. Імавернасць існавання П.ц. на планетных сістэмах інш. зорак пакуль што не можа быць ацэнена верагодна. У 1960-х г. заснавана міжнар. праграма SETI (Search for ExtraTerrestrial Intelligence — пошук пазаземных цывілізацый), якая дапускае магчымасць рэалізацыі ўмоў жыцця, падобных да зямных (умераныя т-ра і вільготнасць, пастаянная яркасць Сонца і інш.), у інш. месцах Галактыкі. Спробы пошуку іншапланетных цывілізацый не далі канкрэтных вынікаў. Іншы шлях пошуку П.ц. — вывучэнне міфалогіі народаў Зямлі і гіст. помнікаў, якія маглі б сведчыць пра наведванне Зямлі іншапланецянамі. Аднак бясспрэчных доказаў кантакту з прадстаўнікамі П.ц. на Зямлі не знойдзена.
А.А.Шымбалёў.
т. 11, с. 515
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА ПСТО́РЫКАЎ-МАРКСІ́СТАЎ БССР,
грамадская навуковая арганізацыя ў 1927—33. Дзейнічала як аднайм. філіял Усесаюзнага т-ва і працавала пад яго кіраўніцтвам. Яго папярэднікам было Бел. марксісцкае т-ва, якое працавала з 1923. Парт. кіраўніцтва БССР паставіла перад т-вам задачы: выкрыццё «буржуазных нацыяналістычных канцэпцый», даследаванне праблем метадалогіі гісторыі, вывучэнне гісторыі Беларусі і асабліва рэв. руху, а таксама гісторыі Расіі, усеаг. гісторыі. Т-ва правяло шэраг дыскусій па канкрэтных праблемах гісторыі, абмеркавала пытанні перыядызацыі гісторыі Беларусі і праграму гэтага курса для ВНУ, паўстання 1863—64, генезісу капіталізму і развіцця рабочага руху на Беларусі, характару газ. «Наша ніва», крытычна разгледзела асн. працы С.Х.Агурскага, М.В.Доўнар-Запольскага, З.Х.Жылуновіча (Ц.Гартнага), У.М.Ігнатоўскага, М.М.Нікольскага, У.І.Пічэты і інш. Выпусціла «Марксісцкі зборнік» (№ 1—2, 1929—31). Перастала існаваць у пач. 1933.
У.М.Міхнюк.
т. 15, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВЕ́ДСКА-ПО́ЛЬСКАЯ У́НІЯ 1592—99,
асабістая унія паміж Шведскім каралеўствам і Рэччу Паспалітай. Узнікла пасля смерці караля Швецыі Юхана III
[1568—92],
сын якога, польскі кароль і вял. кн. ВКЛ (з 1587) Жыгімонт III (Сігізмунд III) атрымаў у спадчыну ад бацькі таксама швед. прастол. Унія засталася ў значнай ступені фармальнай, бо Швецыя, дзе ў 1592 у якасці дзярж. рэлігіі канчаткова зацвердзілася лютэранства, не жадала падпарадкоўвацца заўзятаму католіку Жыгімонту III, які не хаваў сваіх намераў аднавіць у гэтай краіне каталіцызм. У 1595 фактычным правіцелем Швецыі стаў дзядзька караля Карл (у 1604—11 кароль Карл IX). У 1598 ён разбіў каля Стонгебру войскі Жыгімонта III, які высадзіўся ў Швецыі, і ў 1599 дамогся пазбаўлення яго швед. кароны. Ш.-п.у. перастала існаваць. Імкненне Жыгімонта III аднавіць яе прывяло да вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.
М.Г.Нікіцін.
т. 17, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
даўгаве́чны, ‑ая, ‑ае.
Здольны жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў. Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Чорны. Лявон перабраў у памяці род дзядзькоў, гэта значыць бацькавых братоў. Даўгавечны род. Гадоў па восемдзесят пяць, па дзевяноста, а ўсе жывуць. Ермаловіч. // Разлічаны на доўгі час; трывалы. Змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Колас. Беларускія аўтамашыны.. будуць самымі надзейнымі і даўгавечнымі. «Звязда».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)