МАРА́ВІЯ (чэш. Morava),

гістарычная вобласць у Цэнтр. Еўропе ў чэш.-славацкім памежжы. У старажытнасці каля 400 да н.э. населена кельтамі, якіх у пач. н.э. выцеснілі герм. плямёны маркаманаў і роднасных ім квадаў. У 6 ст. заселена славянамі. У 623—658 у складзе княства Сама, у 9 — пач. 10 ст. — Вялікамараўскай дзяржавы. З 1029 уладанне Пржэмыславічаў. З 1182 маркграфства ў складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». Каланізавалася немцамі. З 1197 пад уладай чэш. князя (караля). Жыхары М. ўдзельнічалі ў гусіцкіх войнах. З 1490 у персанальнай уніі з Чэхіяй. У пач. 16 ст. тут пашыраны рэфармацыйныя вучэнні (лютэранства, анабаптызм). З 1526 уладанне Габсбургаў. Да 1641 адм. цэнтр — г. Оламаўц. У 1782 аб’яднана з аўстр. Сілезіяй у адм. адзінку з цэнтрам у г. Брно. З 1849 каронная зямля Аўстрыі. У пач. 20 ст. адзін з найб. эканамічна развітых рэгіёнаў Аўстра-Венгрыі. З 1918 у складзе Чэхаславакіі. У 1938 большая ч. М. анексіравана, з 1939 акупіравана ням.-фаш. войскамі, наз. Пратэктаратам Чэхіі і Маравіі. У маі 1945 вызвалена сав. войскамі. У 1949 падзелена на Паўн.Мараўскую і Паўд.-Мараўскую вобл. З 1993 у складзе Чэш. Рэспублікі.

Літ.:

Великая Моравия, ее историческое и культурное значение: Сб. М., 1985.

т. 10, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАСЦЯНЕ́ЦКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ ў Вялікую Айчынную вайну.

Створаны ням. фашыстамі ў ліст. 1941 каля в. Малы Трасцянец Мінскага р-на (цяпер у межах г. Мінск) для масавай загубы сав. грамадзян і ваеннапалонных, паліт. вязняў ням. турмаў і лагераў, яўрэяў з Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхаславакіі. Тут працавала крэмацыйная печ, з Мінска рэгулярна прывозілі вязняў у машынах-душагубках. Масавыя расстрэлы людзей праводзіліся ва ўрочышчы Благаўшчына (да кастр. 1943 загінула 150 тыс. чал.), потым ва ўрочышчы Шашкоўка (каля в. Шабаны, цяпер у межах г. Мінск, загінула больш за 50 тыс. чал.), дзе была пабудавана спец. яма-печ. Попел з печаў выкарыстоўвалі як угнаенне на палях размешчанай паблізу дапаможнай гаспадаркі. У канцы чэрв. 1944 вязні лагера знішчаны ў б. калгасным хляве ў в. Малы Трасцянец (6,5 тыс. чал.). Усяго ў Т.л.с. загублена 206,5 тыс. чал. Па колькасці знішчаных людзей гэты лагер стаіць на 4-м месцы пасля Асвенціма, Майданака і Траблінкі (каля 810 тыс. чал.). На месцы загубы вязняў абеліск, за 200 м ад в. Вял. Трасцянец помнік ахвярам фашызму.

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Мінскага р-на. Мн., 1998. С. 157, 160—161.

Да арт. Трасцянецкі лагер смерці. Помнік ахвярам фашызму каля в. Вялікі Трасцянец. 1963.

т. 15, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІМО́НАЎ Аляксандр Андрэевіч (н. 9.5.1918, в. Кучын Кармянскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. гісторык. Герой Сав. Саюза (1945). Д-р гіст. н. (1969), праф. (1970). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1942), БДУ (1949). У Вял. Айч. вайну з 1943 на Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Чэхаславакіі. Танк. рота на чале са ст. лейт. Ф. вызначылася 16—18.4.1945 у баях у прыгарадзе Берліна, дзе адбіла 10 атак, знішчыла 12 танкаў і самаходных гармат, 11 палявых гармат, 20 грузавых аўтамашын, 35 кулямётных кропак, шмат жывой сілы ворага. З 1947 на выкладчыцкай рабоце, з 1969 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, у 1975—91 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦК КПБ. Распрацоўвае праблемы гісторыі БССР, Вял. Айч. вайны, нац. адносін, агр. пытанняў і інш. Адзін з аўтараў і чл. рэдкалегіі кн. «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 5, 1975), «Усенародная барацьба на Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны» (кн. 2, 1984).

А.А.Філімонаў.

Тв.:

Укрепление союза рабочего класса и трудящегося крестьянства в период развернутого строительства социализма (1929—1936 гг.). Мн., 1968;

Главная сила и опора Советской власти. 2 изд. М., 1982;

Партизанский фронт в годы Великой Отечественной войны. Мн., 1993.

т. 16, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ЧЫК (Fučik) Юліус (23.2.1903, Прага — 8.9.1943),

чэшскі пісьменнік, журналіст, літаратура- і тэатразнавец, грамадскі дзеяч. Нац. герой Чэхаславакіі. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1923). У 1928—38 рэдактар час. «Tvorba» («Творчасць»), у 1929—36 адзін з рэдактараў час. «Rudé právo» («Чырвонае права»), Як вынік паездак у СССР (1930 і 1934—36) кн. рэпартажаў «У краіне, дзе заўтра ўжо азначае ўчора» (1932), у якой стварыў новы тып рэпартажу. Аўтар шматлікіх артыкулаў, нарысаў, памфлетаў, цыкла гіст.-літ. прац. У 2-ю сусветную вайну з 1940 у падполлі. У 1942 арыштаваны гестапа і пакараны смерцю ў берлінскай турме Плётцэнзе. Нататкі, зробленыя ў 1943 у турме Панкрац, склалі кн. «Рэпартаж з пятлёй на шыі» (выд. 1945). На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Г.​Шчарбатаў. У 1983 Бел. рэсп. т-р юнага гледача паставіў спектакль «Рэпартаж з пятлёй на шыі». Міжнар. прэмія Міру 1950.

Тв.:

Бел. пер. — Слова перад пакараннем смерцю. Мн., 1953;

Рус. пер. — О театре и литературе: Сб. статей. М.; Л., 1964;

Избранное. Кн. 1—2. М., 1982—83.

Літ.:

Вановская Т.В. Юлиус Фучик. Л., 1960;

Фучикова Г. Воспоминания о Ю.​Фучике: Пер. с чеш. 3 изд. М., 1973.

А.​У.​Вострыкава.

Ю.Фучык.

т. 16, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ШСКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); дзярж. мова Чэхіі (да 1992 разам са славацкай мовай б. Чэхаславакіі). Пашырана таксама ў ЗША, Канадзе, Аўстрыі. Мае 4 групы дыялектаў: уласна чэш., ганацкія, лашскія (сілезскія), мараўска-славацкія. Ч.м. ўласцівы: у фанетыцы — сталы экспіратарны націск на 1-м складзе, захаванне доўгіх галосных, пераход -or-, -ol-, -er-, -el- паміж зычнымі ў -ra-, -la-, -ře-, -le-; пераход g→h, ŕ→ř, ľ і l̅→l (сярэдняе), ō→u̯o→ū(ů), ý→ej, зліццё «у» і «і» ў адзін гук «і», у выніку пераразмеркавання палаталізацыі зычных a, á→ě, ie→í, u→i; у марфалогіі — знікненне парнага ліку, аорыста, імперфекта, адрозненне канчаткамі адушаўлёных і неадушаўлёных назоўнікаў і прыметнікаў м.р., наяўнасць малаўжывальных кароткіх прыметнікаў, кароткія і поўныя формы займеннікаў, формы роду і ліку ў дзеепрыслоўяў. Першыя пісьмовыя помнікі з 13 ст. Літ. Ч.м. склалася ў 14 ст., у 17 ст. заняпала. Адраджэнне пачалося ў канцы 18 ст. на аснове л-ры 16 — пач. 17 ст. Алфавіт на аснове лацінскага.

Літ.:

Широкова А.Г. Чешский язык. М., 1961;

Ивашина Н.В., Плотников Б.А. Чешский язык. Мн., 1985;

гл. таксама да арт. Славацкая мова.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 17, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРО́МЕНКА Андрэй Іванавіч (14 10.1892, с. Маркаўка Луганскай вобл., Украіна — 19.11.1970),

савецкі ваен. дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955). Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925), паліт. курсы пры Ваенна-паліт. акадэміі (1931), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1935). У арміі з 1913, удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з 1918 — нач. разведкі, нач. штаба кав. брыгады 1-й Коннай арміі. На чале кав. корпуса ўдзельнічаў у паходзе ў Зах. Беларусь - і Украіну (1939). З 1940 камандуючы войскамі Паўн.-Каўк. ваен. акругі, 1-й Асобнай Чырванасцяжнай арміі на Д.​Усходзе. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 нам. камандуючага Зах. фронтам, кіраваў войскамі ў час Смаленскай бітвы; са жн. 1941 камандуючы Бранскім фронтам, 4-й ударнай арміяй, Паўд.-Усх., Сталінградскім, Паўд., Калінінскім, 1-м Прыбалт. франтамі, Асобнай Прыморскай арміяй, 2-м Прыбалт., 4-м Укр. франтамі. Удзельнік вызвалення Украіны, Крыма, Чэхаславакіі. Пасля вайны камандаваў войскамі Прыкарпацкай, Зах.-Сіб., Паўн.-Каўк. ваен. акруг. З 1958 ген. інспектар Мін-ва абароны СССР. Аўтар мемуараў.

Тв.:

На запалном направлении. М., 1959;

Сталинград: Заметки командующего фронтом. М., 1961;

В начале войны. М., 1965;

Годы возмездия. М., 1969.

А.І.Яроменка.

т. 18, кн. 1, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́САРЫК (Masaryk) Томаш Гарыг (7.3.1850, г. Годанін, Чэхія — 14.9.1937),

чэшскі паліт. і дзярж. дзеяч, філосаф, сацыёлаг. Д-р філасофіі (1876). Вучыўся ў Венскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1882—1914 праф. філасофіі Пражскага ун-та. У сваіх філас. поглядах як «крытычны рэаліст» спалучаў ням. ідэалізм з зах.-еўрап. пазітывізмам, крытыкаваў чэш. паліт. рамантызм, марксізм, папства, прапагандаваў гуманізм. У 1891—93 дэп. аўстр. парламента (рэйхсрата) ад партыі младачэхаў, у 1907—14 — ад чэш. партыі рэалістаў. Выступаў супраць дынастыі Габсбургаў, панавання немцаў і венграў у Аўстра-Венгрыі. У 1914—18 у эміграцыі, арыентаваўся на дзяржавы Антанты. У 1916 разам з Э.Бенешам заснаваў у Парыжы чэхаславацкі Нац. савет і арганізаваў Чэш. легіён у Расіі. У 1918 заключыў са славацкімі арг-цыямі ў ЗША Пітсбургскі дагавор аб дзярж. аб’яднанні чэхаў і славакаў. У 1918—35 першы прэзідэнт Чэхаславакіі, садзейнічаў адраджэнню чэш. нац. культуры і мовы. Аўтар кніг «Сацыяльнае пытанне», «Самазабойства як масавая сацыяльная з’ява сучаснай цывілізацыі» (абедзве 1881), «Асновы канкрэтнай логікі» (1887), «Ідэалы гуманізму» (1901), «Аб рускай гістарычнай і рэлігійнай філасофіі» (т. 1—2, 1913), «Новая Еўропа» (1918), «Сусветная рэвалюцыя ў час вайны і на вайне 1914—1918» (1925). Выступаў у друку і як літ. крытык.

І.​В.​Шаблоўская.

Т.Г.Масарык.

т. 10, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАВА́ЦКАЯ МО́ВА,

адна са славянскіх моў (зах.-слав. група); мова славакаў, дзярж. мова Славакіі (да 1992 разам з чэшскай мовай б. Чэхаславакіі). Пашырана ў ЗША, Венгрыі, Югаславіі, Канадзе, Румыніі, Чэхіі, Польшчы і інш. Мае 3 групы дыялектаў: зах.-славацкі, цэнтр.-славацкі і ўсх.-славацкі. С.м. ўласцівы: у фанетыцы — наяўнасць кароткіх і доўгіх галосных, доўгія (за некалькімі выключэннямі) не бываюць у складах побач, кароткія галосныя чаргуюцца з доўгімі або дыфтонгамі, складаўтваральныя r, l бываюць кароткія і доўгія, v у закрытым складзе вымаўляецца як (ÿ), n, l, t, d перад e, і заўсёды мяккія, націск экспіраторны, на 1-м складзе; у марфалогіі — страта вынікаў палаталізацыі заднеязычных у іменным скланенні (апрача назоўнага склону мн. л.), іменных форм прыметнікаў, аорыста, імперфекта; у лексіцы шмат запазычанняў з чэш., ням. і венг. моў.

Першы ўласна славацкі помнік «Острыгамскі рытуал» (1625) напісаны на цэнтр.-славацкім дыялекце. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Малько Р.Н. Географическая терминология чешского и словацкого языков (на общеславянском фоне). Мн., 1974;

Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Бел. лінгвістыка. Мн., 1985. Вып. 27;

Яго ж. Славацкае і беларускае дыялектнае словаўтварэнне // Словообразование и номинативная деривация в славянских языках. Гродно, 1986. Ч. 2.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 14, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ЛКА Уладзімір Адамавіч (27.5.1900, в. Макашы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 1.3.1933),

бел. паэт. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1923—26). Як рэдактар час. «Новы прамень» (Прага) запрошаны ў 1926 у Мінск для ўдзелу ў навук., канферэнцыі па рэформе правапісу; застаўся тут. Працаваў у газ. «Звязда» і муз. тэхнікуме. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, высланы ў г. Уржум (Кіраўская вобл.). Там і памёр. Рэабілітаваны ў 1960. Друкаваўся з 1920 у мінскіх выданнях, з 1921 у зах.-бел. прэсе, з 1923 у часопісах бел. студэнцтва ў Чэхаславакіі, пражскім зб. «Славянская книга». Паэт рамант. складу. Аўтар лірычнай паэмы «Уяўленне» (Вільня, 1923), зб-каў вершаў «На ростані» (Вільня, 1924), «З палёў Заходняй Беларусі» (Мн., 1927). Творча пераносіў традыцыі еўрап. рамантызму на глебу зах.-бел. л-ры. У вершах «Віхор», «Меч», «Хто смелы» і інш. у сімвалічных вобразах паэтызаваў ахвярнае служэнне Радзіме, свабодзе. Выяўляў ідэю паяднання чалавека з сацыяліст. явай, сцвярджаў хараство новых узаемаадносін асобы і грамадства («Млынар паставіў застаўкі», «Раніцою», паэма «Тэстамент»). Творчасці Ж. ўласцівы інтэлектуальная, гуманіст. і эстэт. культура, высокае паэт. майстэрства. Пераклаў на бел. мову асобныя творы М.​Лермантава, А.​Міцкевіча, Г.​Ібсена, Ш.​Бадлера, І.​Волькера, Б.​Ясенскага.

Тв.:

Вершы. Мн., 1970;

Пожні. Мн., 1986;

Творы. Мн., 1996;

Творы. Мн., 1998.

Літ.:

Калеснік У. Ветразі Адысея: Уладзімір Жылка і рамантычная традыцыя ў бел. паэзіі. Мн., 1977;

Яго ж. Усё чалавечае. Мн., 1993.

У.​А.​Калеснік.

У.А.Жылка.

т. 6, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.​Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.​Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.​Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.​Гаянкоў, С.​Кароль, А.​Крачкоўскі, М.​Ласковіч, Л.​Ліманоўская, Б.​Тарашкевіч, І.​Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч. г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч. г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел. пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.

Я.​Ліс.

т. 13, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)