«ЛЯНЦЕ́Й»,

«Лянсей», бел. нар. танец-кадрыля. Муз. памер, як правіла, ​2/4, тэмп хуткі. У пач. 19 ст. пашыраны ў краінах Зах. Еўропы пад назвай «Лансье». 3 пач. 20 ст. шырока вядомы на Беларусі. Дзякуючы прастаце рухаў і разнастайнасці кампазіцыйных пабудоў асіміляваў рысы бел. нар. харэаграфіі і стаў народным. Бытуе і як самаст. танец, які адрозніваецца ад кадрылі павольным характарам выканання (адсюль лакальная назва «Лянівы»), Выконваецца цотнай колькасцю пар, мае да 12 фігур («кола», «пераходы», «здароўканне», «сварацца», «барыня», «полька» і інш.). У структуры «Л.» характэрныя для бел. танц. фальклору малюнкі, калены, хады, рухі. Часта ўключае асобныя фігуры традыцыйных ці гар. быт. танцаў.

т. 9, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

расплы́сціся і расплы́цца, -плыву́ся, -плыве́шся, -плыве́цца; -плывёмся, -плывяце́ся, -плыву́цца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі.

Гусі расплыліся па возеры.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разысціся пад уздзеяннем вільгаці, вады.

Літары расплыліся, нічога нельга разабраць.

3. перан. Страціць выразнасць ліній, абрысаў.

У цемрадзі расплыліся абрысы гор.

4. перан. Распаўнець, страціць стройнасць фігуры (разм.).

Р. на старасці гадоў.

5. З’явіцца на твары (пра ўсмешку).

На твары расплылася лагодная ўсмешка.

|| незак. расплыва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мат 1, ‑а, М маце, м.

1. Становішча ў шахматнай гульні, калі кароль, знаходзячыся пад ударам фігуры праціўніка, не можа абараніцца, што азначае пройгрыш партыі.

2. перан. Безнадзейнае становішча.

[Перс. māt — памёр.]

мат 2, ‑а, М маце, м.

Брыдкая лаянка. [Карніцкі:] — Бывай здароў і раз назаўсёды запомні: размаўляць са мною пры дапамозе мата не дазволю. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДАКТЫЛАЛО́ГІЯ (ад дактыла... + ...логія),

спосаб зносін глухіх людзей з дапамогай ручной азбукі. Шырока выкарыстоўваецца ў першапачатковы перыяд абучэння глухіх дзяцей (у дзіцячым садку і школе) як вядучы сродак фарміравання мовы і зносін, таксама адзіны сродак зносін сярод слепаглуханямых. У ручной азбуцы столькі ж знакаў, колькі літар у алфавіце. Паводле абрысу многія дактыльныя знакі нагадваюць літары і звычайна паказваюцца пальцамі адной рукі. Той, хто гаворыць, мяняе фігуры з пальцаў, а той, хто ўспрымае, складае з іх словы. Мовы з рознымі алфавітамі маюць кожная сваю дактылалагічную сістэму. На Беларусі пашырана рус. Д. Законам Рэспублікі Беларусь аб сац. ахове інвалідаў (1991) мова жэстаў прызнаецца ў якасці сродку міжасобасных зносін, навучання і прадастаўлення паслуг перакладу.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАСТА́ТЫКА (ад гідра... + статыка),

раздзел, гідрамеханікі, які вывучае ўмовы і заканамернасці раўнавагі вадкасці і сілавое ўздзеянне на сценкі пасудзін ці апушчаныя ў яе целы. Законы гідрастатыкі выкарыстоўваюцца ў тэхніцы пры разліках гідратэхн. збудаванняў, гідраўл. машын і інш.

Асн. задача гідрастатыкі — вывучэнне законаў размеркавання гідрастатычнага ціску ў вадкасці. На аснове іх можна вызначыць умовы плавання цел (гл. Архімеда закон), сілы, што дзейнічаюць на розныя элементы паверхні апушчаных у вадкасць цел, дно і сцены пасудзіны і інш. (гл. Паскаля закон), пабудаваць гідрастатычныя машыны і прылады (гідраўл. прэс, гідраўл. акумулятар, вадкасны манометр, сіфон і інш.). Законы гідрастатыкі пры адносным спакоі выкарыстоўваюць пры вырашэнні пытанняў пра фігуры раўнавагі вадкіх мас (напр., Зямля) пры вярчэнні.

т. 5, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ДА [ад грэч. monas (monados) адзінка, непадзельнае],

тэрмін, які ўжываецца ў філасофіі для абазначэння структурнай, субстанцыяльнай адзінкі быцця. У ант. філасофіі паняцце «М.» ў розных значэннях сустракаецца ў Экфанта, Арыстоцеля, Платона і інш. мысліцеляў. У піфагарэізме М. (матэм. адзінка) — аснова быцця. У Дж.​Бруна («Аб манадзе, ліку і фігуры», 1591) М. — адзіны пачатак быцця, адухоўленая матэрыя (пантэізм). У цэльную філас. сістэму вучэнне пра М. (манадалогія) распрацаваў Г.В.Лейбніц, які лічыў М. простай, замкнёнай, зменлівай субстанцыяй; М., надзеленую здольнасцю выразнага ўспрымання, называў душой (разумная душа чалавека — М.-дух). М.В.Ламаносаў тэрмінам «фізічная М.» абазначаў часцінку (карпускулу) матэрыі. Паняцце «М.» аналізуецца ў гіст.-філас. даследаваннях, прысутнічае ў філас. канцэпцыях плюралізму і персаналізму.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНУМЕ́НТ У ГО́НАР МА́ЦІ-ПАТРЫЁТКІ,

мемарыяльны комплекс у г. Жодзіна Мінскай вобл. Адкрыты ў 1975 (скульпт. А.​Заспіцкі, І.​Міско, М.​Рыжанкоў, арх. А.​Трафімчук; Дзярж. прэмія СССР 1977) каля шашы Мінск—Масква. Манумент у выглядзе шасціфігурнай скульпт. кампазіцыі (з бронзы), выцягнутай па гарызанталі. Фігура маці нібы застыла на 2-ступеньчатым пастаменце, а праз сімвалічную дарогу — на больш нізкім пастаменце фігуры яе 5 сыноў, што пайшлі на вайну. У помніку ўвасоблены драм. лёс маці, жыхаркі г. Жодзіна Н.Ф.Купрыянавай, усе 5 сыноў якой аддалі жыццё за вызваленне Радзімы ад ням.-фаш. захопнікаў (малодшы з іх П.І.КупрыянаўГерой Сав. Саюза). Комплекс арганічна ўпісваецца ў навакольнае асяроддзе.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Манумент у гонар маці-патрыёткі.

т. 10, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кантрапо́ст

(іт. contraposto)

малюнак фігуры чалавека, у якім становішча адной часткі цела кантрастна проціпастаўлена становішчу іншай (напр. верхняя частка тулава паказана ў павароце, а ніжняя франтальна).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Е́ЛЬСКІЯ,

дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ, Рэчы Паспалітай герба «Пелеш». Вядомы з канца 16 ст., асн. маёнткі мелі на Піншчыне і Міншчыне. Найб. вядомыя:

Францішак (1738—23.3.1821), скарбнік, падстолі гродзенскі (1777), падкаморы старадубскі (1780). На сеймах 1778 і 1780 выбіраўся скарбовым камісарам ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ (1783). Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. У час паўстання 1794 чл. Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Чл. Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага 1812. Станіслаў (?—3.1.1829), камісар скарбовы ВКЛ (1784—92) і Рэчы Паспалітай (1792—93), маршалак Ігуменскага пав. (1795—1812). Канстанцін (?—21.10.1799), шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, прызначаны Т.​Касцюшкам ген.-м. Гродзенскага пав. Пасля задушэння паўстання ў падполлі. Людвік (1785—8.8.1843). У званні маёра ўдзельнічаў у Маскоўскай кампаніі 1812 Напалеона. З 1823 у Варшаве, прэзідэнт Польск. банка (1828). У час паўстання 1830—31 нам. міністра скарбу. Кароль (?—1824), скульптар. Бацька Казіміра Ельскага. Пачынаў як лепшчык у 1778—82 з арх. К.​Спампані, працаваў пераважна ў Вільні. Упрыгожыў маёнтак Д.​Пшаздзецкага ў Заслаўі, аўтар помнікаў Спампані ў Цаперскім манастыры пад Клецкам і М.​Завішы ў капліцы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н), скульптур Алены, Казіміра і Станіслава для Віленскага кафедральнага сабора. Для касцёла бернардзінцаў у Троках (Літва) зрабіў фігуры 4 евангелістаў, анёлаў і абраз св. Тройцы. Ян (1780—?), скульптар. Сын Караля. Выканаў фігуры прарокаў Іераміі і Ісаі (1804) для гал. алтара касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Па прыватных заказах Дамініка Радзівіла зрабіў 10 разных рам для партрэтаў у Нясвіжскім замку і інш. Гл. таксама Ельскі М.К., Ельскі А.К., Ельскі К., Ельскі К.М.

Да арт. Ельскія. Казімір Ельскі. Бюст Захарыя Нямчэўскага. Паміж 1810 і 1820.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

нарысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., каго-што.

1. Рысуючы, адлюстраваць каго‑, што‑н. на якой‑н. плоскасці. Нарысаваць фігуры людзей. Нарысаваць на дошцы дыяграму.

2. перан. Перадаць у вобразах. Пісьменнік нарысаваў у творы перадавых людзей нашага часу. // Уявіць у думках. Заплюшчыўшы вочы, льга было ўявіць сабе сялянку ў горы. Уяўленне ўжо нарысавала Кастусю Прыбыткоўскаму поўны яе вобраз. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)