ВАРАНЦО́Ў (Аляксандр Нічыпаравіч) (22.9.1907, в. Панькоўская Буда Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 23.1.1973),

Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1941, удзельнік абароны Масквы. Зімой 1942—43 удзельнічаў у рэйдзе па тылах ворага ў раёне Ржэў—Сычоўка—Нялідава (Расія), з вер. 1943 у складзе войск Бранскага фронту. Вызначыўся пры фарсіраванні Дзясны, у баях на тэр. Германіі.

А.Н.Варанцоў.

т. 4, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНТУСТА́Н, хоўмленд,

псеўдадзяржаўнае ўтварэнне ў перыяд расісцкага праўлення на тэр. Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Дыскрымінацыйная форма ажыццяўлення палітыкі апартэіду з мэтай сегрэгацыі афр. насельніцтва па племянных, тэр., прац. адзнаках і аслаблення фронту нац.-вызв. барацьбы. На 1981 у ПАР існавала 10 бантустанаў, якія фактычна былі яе ўнутр. калоніямі і займалі 13% тэрыторыі, дзе пражывала 75% насельніцтва краіны.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (БДА),

палітычная партыя беларусаў у Польшчы. Створана ў 1990 на базе Бел. клуба (дзейнічаў з 1989). Устаноўчы кангрэс БДА (10.2.1990, Беласток, каля 100 дэлегатаў) прыняў праграму і статут, адозвы да бел. эміграцыі і Бел. нар. фронту «Адраджэньнне». Асн. мэта — выказванне патрабаванняў бел. насельніцтва Польшчы і абарона яго інтарэсаў. Кіруючы орган — гал. рада. Выдае бюлетэнь «Беларускія навіны».

т. 2, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,

газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПАНО́ВІЧ (Дзмітрый Апанасавіч) (26.10.1896, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 29.11.1952),

генерал-лейтэнант (1944). Удзельнік грамадз. вайны. З 1937 у Палітупраўленні РСЧА. У Вял. Айч. вайну чл. ваен. савета Цэнтр. фронту, Кіеўскай, Уральскай, Маскоўскай ваен. акруг, Маскоўскай зоны абароны. З 1947 нам. па паліт. частцы камандуючага войскамі ваен. акругі, нач. Гал. ўпраўлення баявой і фіз. падрыхтоўкі сухапутных войск.

т. 5, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАГРАНКО́Ў (Іван Міхайлавіч) (10.11.1923, в. Паловы Асташкаўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 3.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў, Герой Сав. Саюза (1945). Камандзір стралк. аддзялення сяржант Ж. у складзе войск 1-га Прыбалтыйскага фронту вызначыўся ў баі за в. Траецкае Ветрынскага р-на Віцебскай вобл.: са звязкай гранат кінуўся пад варожы танк, падарваў яго і загінуў сам.

т. 6, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБО́ВІЧ (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (29.10.1909, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 14.4.1976),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1967). Скончыў акадэміі Ваенна-гасп. (1941) і Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім фронце: пам. і нам. нач. аддзела ў штабе тылу фронту, нам. камандзіра дывізіі і корпуса па тыле. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),

часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦК РСДРП(б) і асабіста У.​І.​Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав. дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУСІ́ЛАЎ (Аляксей Аляксеевіч) (31.8.1853, Тбілісі — 17.3.1926),

расійскі ваен. дзеяч. Ген. ад кавалерыі (1912). Скончыў Пажскі корпус (1872), Афіцэрскую кав. школу (1883). Удзельнік рус.-тур. вайны 1877—78. Займаў шэраг афіцэрскіх пасад, у т. л. з 1883 у Афіцэрскай кав. школе (з 1902 яе нач.). З 1906 нач. 2-й гвардз. кав. дывізіі. Камандаваў 14-м армейскім корпусам (з 1909), войскамі Варшаўскай ваен. акругі (з 1912), 12-м армейскім корпусам (з 1913). У 1-ю сусв. вайну камандаваў 8-й арміяй у Галіцыйскай бітве 1914, з сак. 1916 галоўнакаманд. арміямі Паўд.-Зах. фронту, арганізаваў Паўднёва-Заходняга фронту наступленне 1916 (т.зв. Брусілаўскі прарыў). У маі—ліп. 1917 вярх. галоўнакамандуючы, потым ваен. саветнік Часовага ўрада. З 1920 у Чырв. Арміі, у 1923—24 інспектар кавалерыі.

Тв.:

Мои воспоминания. [Ч. 1]. М., 1983;

Ч. 2 // Воен.-ист. журн. 1989. № 10, 12;

1990. № 2;

1991. № 2.

Літ.:

Семанов С. Генерал Брусилов: Докум. повествование. М., 1988.

А.А.Брусілаў.

т. 3, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫЯ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ («аб’яднанкі»),

агульныя арганізацыі бальшавікоў і меншавікоў, якія існавалі ў 1917 на тэр. Расіі. На Беларусі ў іх уваходзілі таксама бундаўцы. Да сак. 1917 такія арг-цыі сфарміраваліся ва ўсіх бел. гарадах і многіх злучэннях Зах. фронту. Адзінства ў «аб’яднанках» не было з моманту іх стварэння, хоць не было і выразнага фракцыйнага падзелу. Пасля VII (Красавіцкай) канферэнцыі РСДРП (1917) акрэслілася тэндэнцыя на размежаванне бальшавіцкіх арг-цый з інш. партыямі і групамі ў прамысл. цэнтрах Расіі. Пасля VI з’езда РСДРП(б), які вызначыў курс на ўзбр. паўстанне, бальшавікі фарсіравалі разрыў з меншавікамі. У ліп. 1917 пачалі афармляцца раздзельныя арг-цыі ў Бабруйску, Рэчыцы, многіх вайск. часцях Зах. фронту і тылавых гарнізонах. Да жн.вер. 1917 працэс размежавання ў «аб’яднанках» на Беларусі цалкам завяршыўся. Утварыліся Паўн.-Зах. абласныя арг-цыі РКЛ(б) і РСДРП (меншавікоў), абласны к-т Бунда.

Літ.:

Игнатенко И.М. Февральская буржуазно-демократическая революция в Белоруссии. Мн., 1986;

Большевики Белоруссии в борьбе за победу Октября. Мн., 1987.

А.​С.​Кароль.

т. 1, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)