ПАСКА́ЛЬ,

працэдурна-арыентаваная мова праграмавання высокага ўзроўню. Распрацавана ў 1969—71 швейц. вучоным Н.​Віртам для мэт навучання праграмаванню і названа імем Б.Паскаля.

Характэрныя асаблівасці: шырокая наменклатура базавых тыпаў даных, строгая тыпізацыя даных і пераменных, магчымасць выбару адной з некалькіх паслядоўнасцей (галін) аператараў па вылічаным нумары галіны і інш. Вызначаецца адноснай прастатой і высокай эфектыўнасцю рэалізацыі большасці навук.-тэхн. задач выліч. характару, сістэм кіравання базамі даных і экспертных сістэм. Выкарыстоўваецца як мова праграмавання персанальных ЭВМ, а таксама для навучання праграмаванню, складання транслятараў і інш. праграм.

т. 12, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАШКЕ́ВІЧ (Міхаіл Фёдаравіч) (н. 12.8.1939, в. Зацішша Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1994), праф. (1995). Скончыў БПІ (1967). З 1967 у Магілёўскім машынабуд. ін-це (у 1977—84 і з 1988 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах распрацоўкі новых тыпаў планетарных шарыкавых і ролікавых перадач і тэхнал. метадаў павышэння іх тэхн. ўзроўню.

Тв.:

Новые виды планетарных шариковых и роликовых редукторов. Мн., 1990;

Планетарные шариковые и роликовые редукторы и их испытания. Мн., 1992 (разам з В.​В.​Герашчанкам).

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛ,

сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметы розных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет. рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУ́СТАШ-ДАБРАЛУ́ЦКАЕ БАЛО́ТА,

мяшанага (80%) і нізіннага (зах. ч., 20%) тыпаў у Ганцавіцкім і Лунінецкім р-нах Брэсцкай вобл. Сцёк з балота па Заазерскім канале (бас. р. Лань). Пл. 6,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,4 тыс. га. Глыбіня торфу да 5,9 м, сярэдняя 1,7 м. Запасы торфу больш за 11 млн. т. Невял. здабыча торфу на ўгнаенне. Асушана больш за 3 тыс. га, выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць. На неасушанай пл. лес з хвоі, вольхі, бярозы, растуць вярба, асокі. 1247 га балота ўваходзіць у Борскі біял. заказнік.

т. 13, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́Й (Аркадзь Барысавіч) (24.10.1934, Мінск — 29.11.1998),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Д-р біял. н. (1992). Скончыў БДУ (1958). З 1959 у Ін-це фотабіялогіі. Нац. АН Беларусі. Навук. працы па біясінтэзе хларафілу, механізмах фарміравання хларафілавых кампанентаў пігмент-бялковых комплексаў фотасінтэтычных мембран, узаемным ператварэнні хларафілаў а і в; выявіў існаванне двух тыпаў цэнтраў біясінтэзу хларафілу.

Тв.:

Заключительные стадии образования хлорофилла // Биогенез пигментного аппарата фотосинтеза. Мн., 1988;

Analysis of the chlorophyll biosynthetic system in a chlorophyll b-less barley mutant (разам з Р.​А.​Шчарбаковым) // Photosynthesis research. 1998. Vol. 58, №1.

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

С,

дзевятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай С («слова»), утворанай на аснове грэка-візант. Ϛ («сігма»), У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «с», «с’» («столъ», «сила»), У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя пярэднеязычныя зычныя гукі «с», «с’» («сонца», «сяло», «сала»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХАЛО́ГІЯ ТВО́РЧАСЦІ,

галіна псіхалагічных даследаванняў творчай дзейнасці людзей у навуцы, вынаходніцтве і рацыяналізатарстве, літаратурным, выяўленчым, муз., сцэнічным і інш. мастацтвах. Вывучае псіхалогію чалавека як творцы, агульныя і асобныя заканамернасці творчага працэсу — ад узнікнення задумы да яе рэалізацыі. Тэарэтычна П.т. дазваляе раскрыць спецыфіку творчай дзейнасці, практычна — развіваць творчыя здольнасці чалавека. Да праблематыкі П.т. адносяць: размежаванне тыпаў творчых працэсаў у залежнасці ад тыпаў мыслення, у якіх пераважаюць рацыяналістычныя, суб’ектыўна-экспрэсіўныя ці аналітыка-сінт. тэндэнцыі; вывучэнне фактараў, якія стымулююць творчую актыўнасць (групавая дыскусія, «мазгавая атака», некат. псіха-фармакалагічныя сродкі і г.д.); дзейнасць асобы ў творчым калектыве; роля інтуіцыі, мыслення, натхнення, уяўлення, індывід.-псіхал. асаблівасцей у творчым працэсе.

Ужо ў антычнасці вызначалася дваякая трактоўка прыроды творчасці: як «свяшчэннага натхнення» (Платон) і як рэалізацыі ўсвядомленай задумы, што абапіраецца на вопыт і пэўныя прынцыпы (Арыстоцель). У 1740—60-я г. вылучана ідэя аб дэтэрмінаванасці творчай дзейнасці мастака, залежнасці характару гэтай дзейнасці ад часу і соцыуму (Д.​Дзідро, Г.​Э.​Лесінг, І.​Г.​Гердэр). Класікі ням. ідэаліст. філасофіі сцвярджалі, што дзейнасць мастака абумоўлена часам, і крытыкавалі думку аб несвядомасці творчага працэсу (І.​Кант, Ф.​Шэлінг, Г.​Гегель). Як навука П.т. пачала складвацца ў 2-й палавіне 19 ст. З канца 19 ст. П.т. развівалася ў межах асобных кірункаў у псіхалогіі («неўрапатычныя» канцэпцыі Ч.​Ламброза і М.​Нордаў, тэорыя псіхааналізу З.​Фрэйда, К.​Г.​Юнга і інш.).

т. 13, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАЎСКІ МОХ,

балота ў Беларусі, у Пухавіцкім і Уздзенскім р-нах Мінскай вобласці. У вадазборы рэк Шаць і Асачанка (прытокі Пцічы). Пераважна нізіннага (49%) і вярховага (46%) тыпаў. Пл. 7,7 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6 тыс. га. Магутнасць торфу да 10,5 м, сярэдняя 3,1 м. Першапачатковыя запасы 32,1 млн. т. На балоце ёсць невял. азёры, на У прымыкае Сяргееўскае воз. Торф ускраінных участкаў прыдатны на подсціл с.-г. жывёле. На пл. 1,5 тыс. га у торфе павышаная колькасць бітуму. Участкі, на якіх торф выпрацаваны, выкарыстоўваюцца як сенажаці. Трапляюцца сухадольныя лугі агульнай пл. 0,6 тыс. га, хваёвы лес.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ПУХО́ВЫ ТРУС,

парода трусоў пуховага кірунку. Выведзены ў Расіі метадам паглынальнага скрыжавання мясц. малапрадукцыйных пуховых трусоў з жывёламі ангорскай пароды. Гадуюць пераважна ў Цвярской вобл. Расіі. Выкарыстоўваюць для паляпшэння шэрснай прадукцыйнасці іншых парод і атрымання пуховых трусоў каляровых тыпаў.

Сярэдняя жывая маса 4 кг, даўж. тулава 54 см, абхват грудзей 34 см. Валасяное покрыва чыста-белае, эластычнае, на 92—96% складаецца з пуху, восцевых валасоў 4—8%. Даўж. пуху 6—7 см, гадавы начос пуху з самцоў 430 г, самак 420 г. З пуху атрымліваюць высакаякасныя трыкатажныя і фетравыя вырабы.

Белы пуховы трус.

т. 3, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІГ-БЭ́НД (англ. big band),

тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.​Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.​Дорсі, А.​Шоу, Ч.​Уэба, К.​Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.​Гараняна, А.​Крола (Расія), К.​Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.

т. 3, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)