парадзе́ць, ‑ее; зак.
Стаць радзейшым, менш частым. Калісьці дрэвы абступалі ўвесь шлях, а цяпер яны вельмі парадзелі. Грамовіч. Грымоты неўзабаве пачалі аддаляцца і заціхаць, дождж парадзеў, і навокал пасвятлела. Сіняўскі. Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Асіпенка. // Паменшыцца па колькасці. Кінулася ў вочы, як парадзелі за ноч падраздзяленні. Мележ. Касяк гусей над борам парадзеў. Барадулін. // Стаць празрыстым, менш густым. Калі больш павіднела і туман парадзеў, стаў відаць супроцьлеглы бераг. Шамякін. Дзесьці далёка на ўсходзе пачынаўся золак, і ледзь-ледзь парадзела цемра. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пячу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Невялікая ніша ў сцяне печы. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым .. абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі.
2. Невялічкая печка. У рэдакцыйным пакоі няўтульна і холадна. Гудзе чыгунная пячурка. Хведаровіч. У зямлянцы нічога не змянілася: па-ранейшаму пахла травамі, зімою весела шумеў у пячурцы агонь. Васілеўская.
3. Абл. Ніша збоку прыпечка, куды заграбаюць вуголле, попел. Маці загрэбла ў пячурку вуголле і ў куток печы паставіла два невялічкія гаршкі. Галавач.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
разлі́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да разлічыць.
2. Меркаваць, мець намер. На рыбалку мы разлічвалі трапіць гадзіны за дзве да надыходу змроку. Сіняўскі. Падышоў не бацька, як .. [Лёдзя] разлічвала, а маці. Карпаў. // Спадзявацца на ажыццяўленне чаго‑н. [Іван Харытонавіч:] — У такім разе і мы будзем разлічваць на вашу дапамогу. Новікаў. Спаткаць тут знаёмых [Іван] не разлічваў, а таму заказаў нават гарэлкі, што пры іншых абставінах, бадай, не дазволіў бы сабе. Аношкін. // Ускладаць надзеі на каго‑н. [Якаўлеў:] — Адным словам, на .. [Валю] можаш разлічваць: не падвядзе, чалавек свой! Анісаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
утаро́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
Пільна, не зводзячы вачэй, угледзецца на каго‑, што‑н. Яфрэйтар доўгім пранізлівым позіркам утарапіўся ў дзяўчыну. Мележ. [Ніна Лятроўна] ўтаропілася позіркам некуды ўдалячынь, за акно, і задумалася. Краўчанка. Дырэктар утаропіўся на Юновіча і маўчаў. «Нямая сцэна, — думаў Юновіч, — трэба ісці». М. Стральцоў. // Стаць пільным, уважлівым, накіраваным (пра вочы, позірк і пад.). Жахлівы позірк Гані ўтаропіўся ў сястру, якая прывяла яе сюды: што здарылася? Грамовіч. Вочы ўтаропіліся на стройнага лася, на яго вілаватую галаву, на моцныя грудзі, пакрытыя доўгай сіваватай поўсцю. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ша́пачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Памянш. да шапка (у 1 знач.); маленькая або дзіцячая шапка. Між .. [дзецьмі] была і яе [Кацярыніна] пяцігадовая Марылька, чырванашчокая дзяўчынка ў доўгай сіняй сукенцы, з чырвонай шапачкаю-кульком на галаве. Якімовіч. На другім паверсе, у асобным пакоі, сястра памагла .. [Ярашу] надзець стэрыльны халат, шапачку, павязку і палатняныя бахілы вышэй калень. Шамякін.
2. Верхняя, расшыраная частка чаго‑н., што мае стрыжань, ножку і пад. Грыб рос на купінцы і выглядаў на свет невялікай, з пятак, рыжаватай шапачкай. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мох, РДМ моху і імху, Т мохам і імхом; мн. імхі, імхоў; м.
Споравая расліна без каранёў і кветак, якая сцелецца або расце ў вільготных мясцінах, на дрэвах, каменні. Перад вайной схілы гары былі голыя, усланыя сівым сухім мохам. Пестрак. Хатка была старая, пахілая, на страсе рос зялёны мох і нават кусцікі нейкай травы. Сіняўскі. Пад босымі нагамі шалахціць залатое лісце, суха патрэскваюць сучкі на мяккай аўчыне імху. Брыль.
•••
Аленевы мох — назва кусцістага шаравата-зялёнага або белага лішайніка, які служыць кормам для паўночных аленяў.
Абрасці мохам гл. абрасці.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
мяну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Назва, дадзеная чалавеку жартам, у насмешку або для канспірацыі. [Дзед:] — Марка — гэта імя таго чалавека, а Руды — вулічная мянушка, бо ён меў рудую бараду... Шуцько. Быдла, ёлупень, балбес, лапатнік, турак, фармазон — якія толькі мянушкі несыпаліся на галовы бедных семінарыстаў! С. Александровіч. Карніцкаму, які насіў мянушку Пчала, у той час было яшчэ далёка да трыццаці год. Паслядовіч.
2. Назва, дадзеная адной жывёле ў адрозненне ад іншых падобных. [Святлана:] — Тата, а як мы яго назавём? У звярынцы ж ва ўсіх звяроў ёсць мянушкі. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кра́йні, ‑яя, ‑яе.
1. Які знаходзіцца з краю, на краі. У канцы вёскі хлопчык звярнуў у крайні двор і пастукаў у шыбу. Сіняўскі. // Найбольш аддалены (у якім‑н. напрамку). Крайняя поўнач. Крайні населены пункт на поўдні.
2. Надзвычайны, выключны. Крайняя неабходнасць. Прыняць крайнія меры.
3. Найбольш радыкальны, рашучы, непрымірымы (пра погляды, напрамкі, палітычныя групоўкі і пад.). Крайні левы. Крайні правы. Крайнія супярэчнасці. Крайні лібералізм. □ Мікола, які заўсёды выказваў самыя крайнія погляды, насупліваўся і змаўкаў. Навуменка.
4. Які далей нельга адкладваць, пераносіць; апошні (пераважна пра час). Крайні тэрмін.
•••
У крайнім выпадку гл. выпадак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палахлі́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які лёгка палохаецца, баязлівы. Нашто ўжо палахлівы чорны дрозд, а і той да вады хоць і.. азіраючыся, але падыдзе. Ігнаценка. Асабліва тонка ўспрымаюць.. [вушы пагранічніка] хаду парушальніка, заўсёды дакладна адрозніваючы яе ад бязгрэшнай хады палахлівай сарны. Брыль. // Які выражае нясмеласць, прасякнуты баязлівасцю. Разбуджаны балотны кулік два разы падаў тонкі палахлівы голас. Кулакоўскі. Кузьма ўпаў на зямлю і палахлівымі вачыма пазіраў на Грышку. Чарот.
2. перан. Разм. Мітуслівы, дрыготкі. Па хмарках слізгануўся палахлівы слуп пражэктара і знік, як падрэзаны. Лынькоў. У хаце па кутках заскакалі палахлівыя цені. Сіняўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пану́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад панаваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які мае ўладу, знаходзіцца на чале ўлады. Пануючыя класы.
3. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які пераважае; найбольш распаўсюджаны. З борта самалёта лёгка панесці на карту не толькі занятыя лесам плошчы, але і вызначыць пануючыя пароды, узрост і якасць лясоў, горы, балоты, высечкі... Гавеман.
4. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які ўзвышаецца над чым‑н. Рота капітана Батурына заняла рубеж якраз насупраць пануючай вышыні. Сіняўскі.
5. Дзеепрысл. незак. ад панаваць (у 1, 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)