БУ́ТЭНАНТ ((Butenandt) Адольф Фрыдрых) (24.3.1903, г. Брэмергафен, Германія — 18.1.1995),
нямецкі хімік-арганік і біяхімік. Чл. Баварскай і Гётынгенскай АН. Ганаровы чл. Нью-Йоркскай АН, акадэмій навук Аўстраліі і Францыі. Вучыўся ў Марбургскім (з 1921) і Гётынгенскім ун-тах. З 1931 у Гётынгенскім ун-це, з 1933 праф. Вышэйшай тэхн. школы ў Данцыгу (сучасны Гданьск, Польшча), з 1936 дырэктар Ін-та імя М.Планка (Берлін, Цюбінген, Мюнхен). Навук. працы па біяхіміі палавых гармонаў: упершыню вылучыў у чыстым стане і сінтэзаваў эстрон (жаночы палавы гармон, 1929), андрастэрон (1931, незалежна ад Л.Ружычкі), тэстастэрон (1939), прагестэрон (1934) і інш. Распрацаваў методыку атрымання картызону. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1968). Нобелеўская прэмія 1939 (разам з Ружычкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАТА́ЦЫЯ (ад лац. dotatio падарунак, ахвяраванне),
дзяржаўная дапамога арг-цыям і прадпрыемствам, а таксама грамадзянам для пакрыцця расходаў або на інш. мэты; сродкі, якія выдаюцца ніжэйстаячаму бюджэту са сродкаў вышэйстаячага. Адрозніваюць Д. прадпрыемствам, сабекошт прадукцыі якіх перавышае выручку ад яе рэалізацыі, грамадзянам, жыццёвы ўзровень якіх не адпавядае элементарным патрэбам, і бюджэтную. Ва ўмовах Беларусі Д. прадпрыемствам шырока выкарыстоўвалася ў аднаўленчы перыяд, у гады індустрыялізацыі, пасля Вял.Айч. вайны для развіцця нар. гаспадаркі. У сучасны перыяд развіццё гасп.-разліковых адносін дало магчымасць адмовіцца ад сістэмы Д. у большасці галін нар. гаспадаркі. Яна захавалася толькі ў сельскай гаспадарцы, некаторых галінах перапрацоўчай і здабыўной прам-сці, на планава-стратных прадпрыемствах, у асобных арг-цыях невытворчай сферы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЦЯПЁРЫЯ (Crossopterygii),
выкапнёвыя касцістыя рыбы. 5 атрадаў. Вядомы з ранняга дэвону (каля 400 млн.г. назад), росквіту дасягнулі ў сярэднім і познім дэвоне. У сярэднім дэвоне далі пачатак наземным пазваночным. 1 сучасны від — латымерыя. На Беларусі рэшткі К. (луска), па якіх вызначаюць узрост геал. адкладаў, знойдзены ў пясчана-гліністых адкладах сярэдняга і верхняга дэвону (віцебскі, нароўскі, старааскольскі і пашыйска-кынаўскі гарызонты) Аршанскай упадзіны. К. — жыхары марскіх і прэсных вадаёмаў.
Даўж. выкапнёвых форм ад 7 см да 5 м, латымерыі — да 1,8 м, маса да 95 кг. Цела верацёнападобнае, з моцным хвастом, укрыта вял. тоўстымі акруглымі лускамі-шчыткамі Мелі парныя шырокія плаўнікі з шкілетнай воссю, якімі маглі апірацца на дно. Драпежнікі. Яйцажывародныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТЫМЕ́РЫЯ,
цэлакант (Latimeria chalumnae), рыба атр. цэлакантападобных надатр. кісцяпёрых; адзіны сучасны від. Рэшткі Л. вядомы з дэвонскага перыяду (больш за 380 млн. гадоў назад). Лічылася вымерлай больш за 100 млн. гадоў назад. Пашырана ў Інд.ак. каля берагоў Паўд.-Усх. Афрыкі (Каморскія а-вы). Упершыню злоўлена ў 1938 каля вусця р. Халумна; апісана паўднёваафр. вучоным Дж.Смітам (1939). Жыве каля дна на глыб. да 800 м і больш.
Даўж. больш за 1,8 м, маса да 95 кт. Самкі буйнейшыя за самцоў. Хвост трохлопасцевы, парныя плаўнікі маюць кароткую цэнтр. вось. Луска буйная, масіўная. Маларухомыя, карыстаюцца плаўнікамі для плавання і апоры на грунт. Кормяцца рыбай. Яйцажывародныя.
Літ.:
Смит Дж.Л.Б. Старина Четвероног: Пер. с англ.М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГУ́МЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1795—1923 у Мінскай губ. Цэнтр — г. Ігумен (сучасныЧэрвень). Пл. 9,4 тыс.км², нас. 234 792 чал. (1897). Падзелены на 22 воласці (1912); Амяльнянскую (з 13.12.1922 Кнорынская), Белічанскую, Брадзецкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Верхменскую, Грабёнскую, Даўжанскую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Быхаўскім пав.), Дудзіцкую, Дукорскую, Кліноцкую, Магільнянскую (з 29.7.1920 у Нясвіжскім пав.), Навасёлкаўскую, Пагарэльскую, Пагосцкую (з 6.10.1919 да 10.8.1920 у Магілёўскім пав.), Пярэжырскую, Пухавіцкую, Слабада-Пырашаўскую, Смілавіцкую, Уздзенскую (з 1.8.1923 у Мінскім пав.), Хутарскую (б. Юравіцкая), Цітвянскую, Шацкую, Якшыцкую. З 18.9.1923 у сувязі з перайменаваннем г. Ігумен у Чэрвень наз.Чэрвеньскі павет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ,
прылада для арыфм. вылічэнняў (складання і аднімання). Маюць прамавугольную раму з папярочнымі пруткамі з рухомымі круглымі костачкамі. Выкарыстоўваюцца для простай лічыльнай работы і як наглядны дапаможнік.
Кожны пруток з 10 костачкамі адыгрывае ролю дзесятковага разраду ліку. Першакрыніцай Л. з’яўляецца т. зв. дашчанае лічэнне, якое ўзнікла ў Расіі ў 16 ст. З пераходам да арабскіх лічбаў у канцы 17 — пач. 18 ст. Л. набылі сучасны выгляд з захаваннем аднаго няпоўнага раду. Кітайскія Л. (суан-пан), якімі карыстаюцца таксама ў Індакітаі і Японіі, захавалі свой стараж. выгляд с падлікам адзінак у кожным разрадзе па 5, а затым пяцёркамі. Гл. таксама Абак.
Лічыльнікі: а — сучасныя; б — дашчанае лічэнне (паводле чарцяжа 17 ст.); в — суанпан (кітайскія лічыльнікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫСЕ́НКА (Антаніна Фёдараўна) (н. 14.9.1930, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1965). Сястра П.Ф.Лысенкі. Скончыла Гомельскі пед.ін-т (1955). Настаўнічала. З 1964 у Ін-це л-ры Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Даследуе пераважна публіцыстыку, творчую індывідуальнасць пісьменнікаў (З.Бядуля, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, Х.Шынклер і інш.). Сааўтар кніг «Беларуская савецкая проза: Апавяданне, нарыс» (1971), «Стыль пісьменніка» (1974), «Беларуская літаратура: Дзень сённяшні» (1980), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82) і інш.
Тв.:
Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;
Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Я.Сіпакова. Мн., 1986;
3 трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гт. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІНАЛІ́ЗМ,
філасофскае вучэнне, адпаведна якому ў аб’ектыўнай рэчаіснасці рэальна існуюць толькі адзінкавыя рэчы з іх індывід. якасцямі і ўласцівасцямі, а агульныя паняцці з’яўляюцца толькі суб’ектыўнымі пабудовамі розуму, што выяўляюцца ў назве рэчаў і не адлюстроўваюць іх уласцівасцей.
Вытокі Н. ў антычнасці (Антысфен, Дыяген Сінопскі). Як вучэнне сфарміравалася ў эпоху сярэднявечча [У.Окам (Англія), І.Расцэлін, Ж.Бурыдан (Францыя) і інш.] у барацьбе з рэалізмам. Ідэі Н. на ідэаліст. аснове развіваліся ў вучэннях Т.Гобса, Дж.Берклі (Англія), Д.Юма, у сучасны перыяд — у семантычнай філасофіі. Падрываючы веру ў непахіснасць царк. догматаў, Н. выяўляў тэндэнцыю ў развіцці эмпірычнага даследавання рэальна існуючых рэчаў, павароту філасофіі ад разумовай рэліг. праблематыкі да вывучэння навакольнай прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),
падклас (па інш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 мдаўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мане́р, ‑а, м.(ужыв.толькіўВіТскл.).
Спосаб дзеяння, лад, узор. Андрэй дастае .. шчарбаты чайнік, налівае яго вадою з тэндэра і.. прымайстроўвае чайнік да топкі.. Такім жа манерам, як чайнік, прымайстроўваецца патэльня з салам.Лынькоў.На працу .. [даяркі] ішлі ў добрым, пашытым на сучасны манер адзенні.Хведаровіч./узнач.прыназ.успалуч.з «на». — Як ты мяркуеш, Мартыне, — парушыў маўклівасць дзед Талаш, пачаўшы трохі здалёку, — ці можна падабраць добрых хлопцаў... ну, на манер невялічкага войска?Колас.
•••
На адзін манер — аднолькавы, падобны; аднолькава, падобна.
На свой манер — па-свойму, не так, як іншыя.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)