ПІРАХЛО́Р (ад піра... + грэч. chlōros зялёны),

мінерал падкласа складаных аксідаў групы ніабата-танталатаў, (Na, Ca)2(Nb, Ta, Ti)2 O6(O, OH, F). Разнавіднасць, абагачаная танталам і уранам — гатчаталіт. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае крышталі, зерні. Колер чырвоны, жоўты, зялёны з бураватым адценнем. Цв. 4—5,5. Шчыльнасць 3,7—5 г/см³. Трапляецца ў карбанатытах, шчолачных гранітоідах і палевашпатавых метасаматытах. Руда ніобію і танталу. Гл. таксама Ніобіевыя руды.

Пірахлор.

т. 12, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мінера́л ’прыроднае неарганічнае злучэнне (крышталі) — частка зямной кары’ (ТСБМ). З рус. минерал ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 87), у якой праз ням. Mineral (з XVI ст.) або франц. minéral < с.-лац. (aes) minerāle ’руда з шахты’ (Фасмер, 2, 623–624). Роднаснае да мі́на 1 (гл.). Сюды ж палес. мінера́лка ’жоўтая пясчаная глеба’ (Выг. дыс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВУЛЬФЕНІ́Т (ад прозвішча аўстр. Минералога Ф.​Вульфена),

мінерал класа малібдатаў, малібдат свінцу Pb(MoO4). Прымесі кальцыю, вальфраму, ванадыю, урану. Крышталізуецца ў тэтраганальнай сінганіі. Крышталі квадратна-таблітчастыя, радзей псеўдаэктаэдрычныя, прызматычныя або кубоідныя. Суцэльныя агрэгаты рэдкія. Колер жоўты, шараваты, белы, зялёны, карычневы, жоўта-карычневы. Бляск смалісты да алмазнага. Крохкі. Цв. каля 3. Шчыльн. 6,8 г/см³. Характэрны мінерал зоны акіслення свінцова-малібдэнавых радовішчаў. Руда свінцу. Радовішчы вульфеніту ў Алжыры, Аўстраліі, ЗША і інш.

Вульфеніт.

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЁТЫТ (ням. Goethit — назва ў гонар І.В.Гётэ),

мінерал падкласа гідраксідаў, аксігідраксід жалеза, a=FeOOH. Прымесі марганцу і алюмінію, таксама залішняй адсарбіраванай вады (гідрагётыт). Гётыт разам з гідрагётытам — гал. кампаненты ліманіту. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі слупкаватыя, ігольчастыя і іх зросткі. Агрэгаты зямлістыя, радыяльна-прамянёвыя, валакністыя. Колер цёмна- ці чырванавата-буры. Бляск алмазны, цьмяны або шаўкавісты. Цв. 5—5,5. Шчыльн. 4—4,3 г/см³. Асадкавы або прадукт выветрывання жалезазмяшчальных мінералаў. Каштоўная жалезная руда.

Гётыт.

т. 5, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯСПО́Р (ад грэч. diaspora рассейванне),

мінерал падкласа гідрааксідаў, гідрааксід алюмінію HAlO2. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Крышталі тонкапласціністыя, таблітчастыя, слупкаватыя. Агрэгаты ліставатыя або тонкалускаватыя. Колер шэры, белы, жаўтавата-буры, чырванаваты, зялёны. Бляск шкляны. Крышталі празрыстыя да паўпразрыстых. Цв. 6,5—7. Крохкі. Шчыльн. 3,2—3,5 г/см³. Пры награванні каля 575 °C ператвараецца ў карунд. Паходжанне пераважна кантактава-метасаматычнае і экзагеннае. Пашыраны ў радовішчах баксітаў. Выкарыстоўваецца як руда на алюміній, вогнетрывалы і абразіўны матэрыял.

Дыяспор.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЕЛІ́Н (ад імя італьян. мінералога Н.​Кавелі),

меднае індыга, мінерал класа сульфідаў, сульфід медзі, CuS. Змяшчае медзь да 66,4%, прымесі жалеза, часам селен, серабро, свінец. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, трапляюцца рэдка. Зямлістыя сажыстыя агрэгаты, скарынкі. Колер індыгава-сіні да сінявата-чорнага. Бляск металічны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 4,6—4,76 г/см³. Утвараецца ў зонах другаснага сульфіднага абагачэння ў меднарудных радовішчах, вельмі рэдка гідратэрмальнага паходжання. Другарадная руда медзі.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭАЛЬГА́Р (франц. re’algar ад араб. рахдж аль гхар — літар. пыл рудніка),

мінерал класа сульфідаў, сульфід мыш’яку, AS4S4. Мае 70,1% мыш’яку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя масы, налёты, коркі, зярністыя агрэгаты, рэдка прызматычныя крышталі. Колер ярка-чырвоны, аранжава-жоўты. Бляск шкляны, смалісты. Празрысты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 3,6 г/см³. Крохкі. Паходжанне гідратэрмальнае; таксама прадукт вулканічнай сублімацыі і выдзялення з тэрмальных крыніц. Радовішча ў ЗША, Чылі, Кыргызстане, Расіі, Італіі і інш. Руда мыш’яку.

Рэальгар.

т. 13, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кабальці́н

(ад кобальт)

мінерал класа сульфідаў белага, сталёва-шэрага колеру; руда кобальту.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тары́т

(ад торый)

мінерал класа сілікатаў чорнага, бурага, аранжавага колеру; руда торыю.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цынкі́т

(ням. Zinkit)

мінерал класа вокісаў і гідравокісаў чырвонага колеру; цынкавая руда.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)