САМЦЭ́ВІЧ (Васіль Андрэевіч) (19.3.1889, в. Дакудава Крупскага р-на Мінскай вобл. — 11.10.1973),

бел. педагог, краязнавец. Брат П.​А.​Самцэвіча, С.​А.​Самцэвіча. Засл. настаўнік Беларусі (1945). Скончыў Віцебскі настаўніцкі ін-т (1915), вучыўся ў Віцебскім аддз. Маскоўскага археал. ін-та. У 1918—28, 1932—56 працаваў у органах нар. асветы Беларусі, настаўнікам; у 1928—32 навук. сакратар Цэнтр. бюро краязнаўства Інбелкульта (з 1929 у складзе АН Беларусі). Аўтар падручнікаў па бел. мове і метадычных дапаможнікаў для пач. школы.

т. 14, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КА (Рыгор Сямёнавіч) (н. 28.11.1944, в. Турэц-Баяры Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дырыжор, педагог. Засл. работнік культуры Беларусі (1988). Скончыў Маладзечанскае муз. вучылішча (1969) і Бел. кансерваторыю (1974; кл. В.​Пісарчык і кл. А.​Майзлера). З 1974 выкладчык, з 1980 дырэктар Маладзечанскага муз. вучылішча імя М.​Агінскага. У 1976 стварыў камерны аркестр нар. інструментаў (з 1982 нар.; кіраваў ім да 1995) і ў 1979 сімф. аркестр (з 1987 нар.) пры Маладзечанскім муз. вучылішчы.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІКЕ́ЙРА ((Siqueira) Жазе) (24.6.1907, Кансейсан, штат Параіба, Бразілія — 1985),

бразільскі кампазітар, дырыжор, педагог. Вучыўся ў кансерваторыі ў Рыо-дэ-Жанейра, у Сарбоне (Парыж). Праф. Нац. муз. школы. Адзін з заснавальнікаў (1940) і маст. кіраўнік (да 1948) Бразільскага сімф. аркестра. Для яго твораў характэрны яркі нац. каларыт, шырокае выкарыстанне муз. фальклору: балет «Карнавал у Рэсіфі» (1947), опера «Спагадлівая» (1960), араторыя «Кандомбле» (1958), 3 сімфоніі (усе 1951), «4 індзейскія паэмы» (1944), кантаты, інстр. канцэрты і інш. Аўтар муз. дапаможнікаў і падручнікаў.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго. Учыніць каму‑н. цяжкае калецтва, зрабіць калекам. Адмаўчалася Зося. Не пікнула нават, абы толькі паляжаць яшчэ дзянёк, каб не скалечыць сябе на ўсё жыццё. Крапіва. [Савасцянчык:] — Кінуць жывёлу на дажджы... Хамут жа намокне, вы ж каня скалечыце, пакуль да сваёй Лонвы даедзеце. Пташнікаў. // што. Сапсаваць што‑н., пашкодзіць. І мы парашылі машыну разбіць, скалечыць так, каб ні адна дэталь не магла быць скарыстана. Шамякін. [Лора:] — Тыя прафесары, што вучылі мяне, скалечылі мой голас назаўсёды. Вітка.

2. перан.; што. Маральна знявечыць, сапсаваць. Скалечыць душу. □ Спрактыкаваны педагог, .. [Адам Юр’евіч] добра ведаў, што дзіцячы розум вельмі лёгка можна скалечыць няправільным выхаваннем, і стараўся, каб яго дзеці з маленства пранікаліся павагай да людзей працы. Майхровіч. З болем гляджу на чалавека, якога знявечыла, скалечыла жыццё, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГАРСІ́Я (Carcía),

іспанскія музыканты, бацька і сын.

Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.​Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп. муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.​Р.​Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.​Нуры.

Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.​Фрэцаліні, М.​Маркезі, Г.​Нісен-Саламан, Ю.​Штокгаўзен, Г.​Гарсія (яго сын).

Літ.:

Levien J.M. The Garcia family. London, 1932.

т. 5, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕРМАЛА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (23.12.1910. С.-Пецярбург — 12.12.1975),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). Да 1930 вядучы танцоўшчык Ленінградскага т-ра оперы і балета. У 1930—58 саліст, у 1960—75 педагог-рэпетытар Вял. т-ра; у 1968—72 адначасова маст. кіраўнік Маск. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў рус. балетнай школы 1920—40-х г., заснавальнік новага выканальніцкага стылю — гераічнага, віртуознага, насычанага драматызмам танца; значна ўзбагаціў танц. лексіку, зрабіў вял. ўплыў на наступныя пакаленні выканаўцаў. Сярод партый: Бог ветру («Талісман» Р.​Дрыга), Блакітная птушка, Зігфрыд («Спячая прыгажуня». «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Геній вод («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Альберт і Ганс («Жызэль» А.​Адана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Лі Шанфу («Чырвоны мак» Р.​Гліэра). Паставіў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі першы нац. балет «Салавей» М.​Крошнера (з Ф.Лапуховым, 1939; 2-я рэд. балета 1940 вырашана ім сродкамі дзейснага танца, арганічным спалучэннем класічнай і бел. нар. харэаграфіі), «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова. Сярод яго вучняў: У.Васільеў, А.Гадуноў, М.Лепа. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1950.

Літ.:

Аляексей Ермолаев: Сб. ст. М., 1974;

Гаевский В. Дивертисмент. М., 1981;

Алексей Ермолаев: Статьи. Воспоминания. М., 1982.

А.М.Ермалаеў.

т. 6, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МЛЕВА (Габрыэла Трафімаўна) (н. 27.12.1938, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1957; у 1971—78 выкладала ў ім), балетмайстарскае аддз. Ленінградскай кансерваторыі (1984). У 1957—88 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Педагог Марыінскага т-ра (з 1979) і Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1987, праф. з 1994). У яе творчасці віртуозная дасканаласць танца спалучалася з яркім акцёрскім талентам. Сярод створаных ёю вобразаў: Аўрора, Адэта-Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), 7-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Асіят («Гаранка» М.​Кажлаева; Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1976), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Дзяўчына («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча). Здымалася ў тэлефільмах-канцэртах, тэлеэкранізацыях балетаў. Ставіць балеты ў Расіі і за мяжой. Прэміі Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1966, Балгарыя), Усесаюзнага конкурсу новых харэагр. нумароў (1967).

Літ.:

Быстров П. Г.​Комлева. Л., 1984.

Г.Комлева ў ролі Нікіі.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НЦКІЯ (Kątscy),

польскія музыканты 19 ст., браты.

Антоній (27.10.1817, г. Кракаў, Польшча — 7.12.1889), піяніст, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Філда ў Маскве (1829—30) і ў С.​Зехтэра ў Венскай кансерваторыі. У 1853—67 выкладаў у Пецярбургу. Выступаў з 6 гадоў. Здзейсніў канцэртнае турнэ па муз. цэнтрах усіх кантынентаў. Яго выкананне вылучалася бліскучай тэхнікай і элегантнасцю. Рэпертуар уключаў творы класікаў і ранніх рамантыкаў, салонныя п’есы, танцы, уласныя кампазіцыі. Аўтар больш як 400 фп. твораў (найб. вядомы «Абуджэнне льва»), рамансаў (у т. л. «Не, не цябе так палка я люблю») і інш. Напісаў некалькі дапаможнікаў і артыкулаў па пытаннях фп. педагогікі. Апалінарый (23.10. 1825, Варшава — 29.6.1879), скрыпач, кампазітар, педагог. Вучань Н.Паганіні. Выступаў з 4 гадоў, у т. л. з братамі Каралем (скрыпач і яго першы настаўнік), Станіславам і Антоніем (піяністы) і сястрой Эўгеніяй (спявачка). Канцэртаваў у Расіі і муз. цэнтрах Еўропы (у 1838—48 у Францыі). У 1853—60 прыдворны саліст у Пецярбургу. З 1861 у Варшаве, заснаваў Муз. ін-т (яго дырэктар да 1879). Скрыпач-віртуоз, імкнуўся выявіць новыя выразныя магчымасці скрыпкі. Аўтар транскрыпцый, варыяцый і фантазій на тэмы опер М.​Глінкі, В.​Беліні, Г.​Даніцэці, Дж.​Меербера і інш.

Літ.:

Грум-Гржимайло Т. Братья Контские и полемика о музыкально-исполнительских стилях // Вопросы музыкально-исполнительского искусства. М., 1967. Вып. 4.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАЛА́ЕВА (Аляксандра Васілеўна) (4.11.1906, С.-Пецярбург — 16.1.1997),

бел. артыстка балета, педагог. Нар. арт. Беларусі (1944). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1929). Працавала ў муз. т-рах Ленінграда. У 1934—60 вядучая балерына Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, у 1949—61 адначасова маст. кіраўнік; у 1961—79 педагог Бел. харэаграфічнага вучылішча. Яе мастацтва вылучалася яскравым тэмпераментам, высокай тэхнікай танца, псіхал. праўдзівасцю персанажаў. Першая ўвасобіла вобразы Зоські («Салавей» М.​Крошнера) і Надзейкі («Князь-возера» В.​Залатарова, Дзярж. прэмія СССР 1950), якія надзяліла нац. характэрнасцю, вял. унутр. сілай і жаноцкай абаяльнасцю. Сярод інш. партый: Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кітры («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Тао Хоа («Чырвоны мак» Р.​Гліэра), Ліза («Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля), Сванільда («Капелія» Л.​Дэліба), Каламбіна («Арлекінада» Р.​Дрыга), Цар-дзяўчына («Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні), Гітана («Іспанскае капрычыо» на муз. М.​Рымскага-Корсакава), характарныя танцы ў операх «Кармэн» Ж.​Бізэ, «Іван Сусанін» М.​Глінкі, «Князь Ігар» А.​Барадзіна, «Аіда» Дж.​Вердзі, «Фауст» Ш.​Гуно, «Страшны двор» С.​Манюшкі і інш. Сярод вучняў В.Дудкевіч.

Літ.:

Модэль М. Выдатная балерына // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960;

Мулер К. Тэатр — наш дом // Мастацтва Беларусі. 1985. № 6;

Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988. С. 21—28.

Ю.​М.​Чурко.

А.В.Нікалаева.
А.Нікалаева ў ролі Зарэмы.

т. 11, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Мікалай Якаўлевіч) (22.2.1889, г. Бежацк Цвярской вобл., Расія — пасля 1945),

бел. мовазнавец, педагог. З 1913 выкладаў у навуч. установах Мінска. У 1922—28 вучоны сакратар слоўнікавай камісіі Інбелкульта і Ін-та мовазнаўства АН Беларусі. У 1930 беспадстаўна арыштаваны, вызвалены з акадэмічнай пасады. Аўтар артыкулаў па педагогіцы, бел. л-ры, лексікаграфічных прац. Выдаў «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, з М.​Гарэцкім), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928, абодва з С.​Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, з А.​Бараноўскім).

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)