ЛЕЙКО́З (ад грэч. leucos белы), белакроўе, лейкемія,
пухліннае захворванне крывятворнай тканкі ў жывёл і чалавека, пры якім пашкоджваюцца касцявы мозг, лімфатычныя вузлы, селязёнка, кроў і інш. Апісаны Р.Вірхавым (1845). Адрозніваюць Л. вострыя і хранічныя. Вострыя падзяляюцца на міэла-, лімфа-, мона-, эрытрабластавыя і інш.; хранічныя — на міэлалейкоз, міэлафіброз, лімфалейкоз, эрытрамію, тромбацытамію і інш. Прыкметы Л.: малакроўе, слабасць, хуткая стамляльнасць, павелічэнне селязёнкі, печані, лімфатычных вузлоў, боль у касцях, бластоз крыві і парушэнне абмену рэчываў. Лячэнне — аўта- і алатрансплантацыя касцявога мозга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс утварэння лімфы, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Механізм Л. звязаны з фільтрацыяй плазмы крыві праз крывяносныя капіляры і выхадам вадкасці (з растворанымі ў ёй малекуламі бялкоў, ліпідаў і інш.) у міжклетачныя поласці. Частка тканкавай вадкасці зваротна ўсмоктваецца ў кроў, частка паступае ў лімфатычныя капіляры і ўтварае лімфу. Рэгуляцыя Л. накіравана на павелічэнне ці памяншэнне фільтрацыі вады і інш. элементаў плазмы крыві: мясц. рэгуляцыя забяспечваецца біялагічна актыўнымі рэчывамі, што выдзяляюцца клеткамі, цэнтральная — вегетатыўнай нерв. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРАЎНАВА́ЖНЫ СТАНу тэрмадынаміцы,
стан сістэмы, выведзенай з раўнавагі тэрмадынамічнай (у стат. фізіцы — з стану статыстычнай раўнавагі). Вывучаецца ў тэрмадынаміцы нераўнаважных працэсаў і фіз. кінетыцы.
У сістэме, што знаходзіцца ў Н.с., адбываюцца неабарачальныя працэсы пераносу, якія імкнуцца вярнуць яе ў стан раўнавагі пры адсутнасці перашкаджальных фактараў, напр., адвядзення (ці падвядзення) энергіі або рэчыва з сістэмы. У процілеглым выпадку магчымы стацыянарны стан, калі павелічэннеэнтрапіі ў сістэме кампенсуецца яе адвядзеннем ад сістэмы. Н.с. з часам існавання, многа большым за час рэлаксацыі, наз.метастабільным станам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭТО́РСП (ад позналац. retorsio адваротнае дзеянне),
правамерныя прымусовыя дзеянні дзяржавы, якія робяцца ў адказ на недружалюбны акт інш. дзяржавы, што паставіла ў дыскрымінацыйныя ўмовы фіз. або юрыд. асоб першай дзяржавы (напр., абмежаванне правоў іншаземцаў — грамадзян інш. дзяржавы, павелічэнне мытных пошлін гэтай дзяржавы). Мае на мэце аднаўленне прынцыпу ўзаемнасці ў адносінах адпаведных дзяржаў. Меры, што выкарыстоўваюцца ў якасці Р., павінны быць прапарцыянальна адпаведнымі акту, які іх выклікаў, і спыняюцца з моманту аднаўлення ранейшага становішча. Як і рэпрэсаліі, Р. не прадугледжваюць выкарыстання ўзбр. сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАТРУБА́,
бінакулярная перыскапічная аптычная прылада для назірання з-за ўкрыцця, вывучэння мясцовасці і цэлей, вымярэння вуглоў і адлегласцей. Складаецца з 2 зрокавых труб з акулярамі, трымальніка, лімба і трыногі. Дае 10-кратнае (з насадачнай лінзай 20-кратнае) павелічэнне. Пераменны стэрэабазіс (адлегласць паміж аб’ектывамі, макс. да 75 см) забяспечвае атрыманне стэрэаскапічнага відарыса. Вуглы вымяраюцца пры дапамозе вугламернай сеткі, якая знаходзіцца ў правым акуляры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЗІЛІ́Т (ад лац. tonsilla міндалепадобная залоза) хранічны, хранічнае запаленне глотачных міндалін (пераважна паднябенных). Узбуджальнікі: гемалітычны стрэптакок групы А, стафілакокі, вірусы, грыбкі. Бывае Т. кампенсаваны (пачырваненне і рубцовыя змены міндалін, гнойныя пробкі, пачырваненне і патаўшчэнне краёў нёбных паднябенных дужак, павелічэнне і балючасць шыйных і падсківічных лімфавузлоў, боль, сухасць, непрыемны пах з рота і інш.) і дэкампенсаваны (частыя абвастрэнні, узнікненне каляміндалінных абсцэсаў, субфебрыльная т-ра цела і інш.). Прыводзіць да развіцця пашкоджанняў сэрца, рэўматызму, сепсісу. Лячэнне тэрапеўт., хірург. (танзілектамія).