стварэнне тонкай трывалай абалонкі вакол асобных цвёрдых часцінак або кропляў вадкасці; выкарыстоўваецца пры вытворчасці лякарстваў, каталізатараў і інш.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мікрафі́л
(ад мікра- + гр. phyllon = ліст)
дробны ліст вышэйшых раслін, які ўзнік у выніку эвалюцыі як выраст на бязлістых галінках прымітыўных продкаў гэтых раслін.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МІКРАПРАЦЭ́САР (англ. microprocessor),
электронная прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі, якая праграмуецца і складаецца з мікрасхем (адной ці некалькіх) высокай ступені інтэграцыі (гл.Інтэгральная схема). Выкарыстоўваецца як цэнтр.працэсар, напр. у мікра-ЭВМ, як прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі для перыферыйных блокаў ЭВМ, а таксама ў сістэмах кіравання тэхнал. і кантрольна-выпрабавальнага абсталявання, трансп. сродкаў, касм. апаратаў і інш.
Па функцыян. магчымасцях адпавядае працэсару ЭВМ, выкананаму на 20—40 мікрасхемах малой і сярэдняй ступені інтэграцыі, мае большае хуткадзеянне, істотна меншыя памеры, энергаспажыванне і інш. (у параўнанні з інш.выліч. прыладамі). Бываюць секцыянаваныя (з мікрапраграмным кіраваннем; дазваляюць пашыраць разраднасць, функцыян. магчымасці і інш.) і аднакрыштальныя (маюць фіксаваную разраднасць і пастаянны набор камандаў). Паводле віду ўваходных сігналаў М. падзяляюць на лічбавыя (прызначаны для лічбавай апрацоўкі сігналаў) і аналагавыя (прызначаныя для работы ў даследчых выліч. комплексах; дадаткова маюць аналагава-лічбавыя і лічбава-аналагавыя пераўтваральнікі). Найб. пашыраны аднакрыштальныя маларазрадныя М. для выкарыстання ў простых сістэмах кіравання, а таксама 64-разрадныя для прафес.ЭВМ. Першы М. Intel 4004 (1971) меў да 2250 транзістараў на адным крэмніевым крышталі, працаваў на частаце 750 кГц, выконваў да 60 тыс. аперацый за секунду ў якасці цэнтр. працэсара 4-разраднай ЭВМ і быў логікавым блокам, канкрэтнае прызначэнне якога можна задаваць праграмаваннем. Сучасныя М. маюць на адным крышталі да дзесяткаў мільёнаў транзістараў, працуюць на частотах у сотні мегагерц і выконваюць мільярды аперацый за секунду.
Літ.:
Корнеев В.В., Киселев А.В. Современные микропроцессоры. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мікралі́ты
(ад мікра- + -літ)
1) найдрабнейшыя крышталікі асноўнай масы эфузіўных горных парод;
2) дробныя каменныя прылады першабытнага чалавека; былі пашыраны ў эпоху мезаліту (параўн.макраліты).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мікрараён
(ад мікра- + раён)
структурная адзінка сучаснай забудовы горада, дзе акрамя жылых будынкаў, размешчаны гандлёвыя пункты, установы культурна-бытавога абслугоўвання насельніцтва і інш. (параўн.макрараён).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
мікраклі́мат
(ад мікра- + клімат)
1) клімат невялікага ўчастка пэўнага геаграфічнага ландшафту, абумоўлены асаблівасцямі мясцовасці (параўн.макраклімат);
2) перан. узаемаадносіны, умовы працы ў невялікім калектыве, у сям’і.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
МІКРАКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад мікра... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які даследуе мікраклімат. Вывучае асаблівасці фіз. працэсаў у сістэме глеба — расліна — прыземны слой паветра ў залежнасці ад неаднароднасці зямной паверхні, размеркаванне мікракліматаў па тэрыторыі, колькасныя характарыстыкі і змены іх пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. Распрацоўвае метады і прыёмы аптымізацыі мікраклімату. Цесна звязана з метэаралогіяй, фізікай глебы, біяметрыяй раслін, экалогіяй. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца ў сельскай гаспадарцы. На аснове вывучэння радыяцыйнага, цеплавога і воднага балансу робіцца ацэнка мікракліматычных рэсурсаў, цяпло- і вільгацезабеспячэння асобных палёў і гаспадарак. Складаюцца комплексныя мікракліматычныя карты, што дазваляе прыстасаваць с.-г.вытв-сць да мікракліматычных асаблівасцей кожнага поля, падабраць с.-г. культуры і меліярац. прыёмы (асушэнне, арашэнне, двухбаковае рэгуляванне воднага рэжыму і інш.), устанавіць аптымальныя нормы і тэрміны агратэхн. мерапрыемстваў. Улік мікракліматычных асаблівасцей пры гар. буд-ве дазваляе правільна размяшчаць прамысл. прадпрыемствы і памяншаць шкодны ўплыў іх на жылыя раёны. Даследаванні праводзяцца таксама для абслугоўвання розных відаў транспарту, пры праектаванні і буд-ве ліній электраперадач і сувязі і інш. Вывучаецца мікраклімат на тэрыторыі і ў цэхах прамысл. прадпрыемстваў, музеях, збожжа і агароднінасховішчах, жывёлагадоўчых комплексах. Мікракліматычныя даследаванні праводзяцца аграметэаралагічнымі станцыямі, агранамічнай службай, навук; і праектнымі арг-цыямі. На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца ў БДУ, БСГА, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, Гідраметэаслужбе і інш. Значны ўклад зрабілі М.А.Гольберг, М.А.Гольчанка, П.А.Каўрыга, Т.С.Папова, Я.Б.Фрыдлянд, М.П.Хаміцкі, В.Ф.Шабека, А.Х.Шкляр і інш.
Літ.:
Ковриго П.А. Микроклимат болотных экосистем и его оптимизация. Мн., 1995. Шебеко В.Ф. Изменение микроклимата под влиянием мелиорации болот. Мн., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАСКО́П (ад мікра... + ...скоп),
аптычная прылада для атрымання павялічанай выявы дробных аб’ектаў або дэталей іх структуры, не бачных простым вокам. Павелічэнне М. дасягае 1500—2000 (яно абмежавана дыфракцыйнымі з’явамі); раздзяляльная здольнасць 0,25 мкм (чалавечае вока не адрознівае дэталей аб’екта, размешчаных бліжэй за 0,08 мм). Большага павелічэння дасягаюць у М., дзе выкарыстоўваецца святло з меншай (<390 нм) даўжынёй хвалі ці імерсійная сістэма (мяжа раздзялення электронных мікраскопаў 0,01—0,1 нм).
М. з’яўляецца камбінацыяй 2 аптычных сістэм — аб’ектыва і акуляра, кожная з якіх складаецца з адной ці некалькіх лінзаў. М. бываюць: палярызацыйныя (для назірання аб’ектаў у палярызаваным святле), люмінесцэнтныя (для аб’ектаў, якія выпраменьваюць люмінесцэнтнае святло), інтэрферэнцыйныя і фазава-кантрастныя (выкарыстоўваюць метады, заснаваныя на інтэрферэнцыі святла), акустычныя (выяву аб’екта даюць у працэсе сканіравання яго пучком акустычных хваль сінхронна з растравай разгорткай праменя электронна-прамянёвай прылады), галаграфічныя (прызначаны для запісу інфармацыі пра дынамічныя аб’екты з выкарыстаннем лазера з паўтаральным імпульсным выпрамяненнем), тэрмахвалевыя (дзеянне заснавана на розных тэрмааптычных эфектах), інфрачырвоныя, металаграфічныя, стэрэаскапічныя, праекцыйныя, рэнтгенаўскія, тэлевізійныя і інш. Першы двухлінзавы М. пабудаваў З.Янсен (Нідэрланды, каля 1590), больш дасканалы, падобны на сучасны, сканструяваў Р.Гук (Вялікабрытанія, 1665). У 1673—77 А.Левенгук (Нідэрланды) з дапамогай М. адкрыў свет мікраарганізмаў. Тэарэт. разлік складаных М. даў ням. фізік Э.Абе ў 1872. У пач. 1930-х г. пабудаваны першы электронны М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мікраэлеме́нты
(ад мікра- + элементы)
хімічныя элементы, якія знаходзяцца ў раслінных і жывёльных арганізмах у вельмі малой колькасці і неабходны для іх нармальнай жыццядзейнасці (напр. бор, малібдэн, марганец і інш.); параўн.макраэлементы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
СІМВО́ЛІКА,
1) арганізаваная сістэма сімвалаў, створаная чалавекам для спрашчэння перадачы інфармацыі. Характэрна для кожнай сферы матэрыяльнага і духоўнага свету чалавека: С. мовы, жэстаў, мастацтва, абрадаў, міфаў, паданняў, гульні, магіі і да т.п. Чалавек выступае ў якасці кіраўніка і каардынатара структурнай цэласнасці і функцыянальнасці С. У кожным грамадстве яна фарміруецца на пэўным этапе гіст. развіцця ў адпаведнасці з базавымі прынцыпамі канструявання ў грамадскай свядомасці касмалагічных і антрапалагічных вобразаў, уяўленняў пра мікра- і макракосм. С. падпарадкоўваецца прынцыпам паслядоўнасці (стварэнне на аснове аднолькавых перадумоў і матываў, агульных навук., эстэт. і этычных установак, што пануюць у грамадстве, сімвалаў, сінанімічных па змесце і форме), несупярэчнасці (адсутнасць сімвалаў, што маюць некалькі значэнняў, у т. л. процілеглых адно аднаму), усеагульнасці, абумоўленай сімвалічнай прыродай чалавечай культуры і заснаванай на неабходнасці мінімізацыі затрат пры апрацоўцы інфармацыі. На кожным з падраздзелаў С. (элементным, структурным, сістэмным) сімвал набывае семантычныя, стылістычныя і сэнсавыя нагрузкі. Чым больш строгая і менш скажоная сувязь паміж сімвалам і сутнасцю, якую ён сімвалізуе, тым вышэй роля семантычнага зместу ў функцыянальнай накіраванасці С. (напр., магічная і навук. С.). Чым больш складаныя і выразныя фармальныя якасці сімвала, тым вышэй значэнне стылістычных параметраў С. (напр., С. мастацтва і міфалогіі). Дамінаванне сэнсавага зместу сімвала выяўляецца ў дакладным адлюстраванні ў С. сац. норм і арыенціраў (напр., С. этыкету, рытуалаў, геральдыкі і інш.). Семантычная нагрузка С., адрозненне ад стылістычнай і сэнсавай, менш рухомая і з развіццём грамадства фактычна не мяняецца.
2) Навука, якая вывучае эвалюцыю семантыкі сімвалаў. Гал. праблемы С. — прырода сімвала; дынаміка ўзаемадзеяння сімвалаў у межах пэўнай сімвалічнай сістэмы; умовы супрацьстаўлення элементаў чужародных сімвалічных сістэм.Асн. прынцып С. — выкарыстанне прыёмаў і падыходаў сістэмнага аналізу. Гал. задача С. — выяўленне ступені скажэння значэння сімвалаў на кожным сістэмным падраздзеле (элементным, структурным і сістэмным). Часам у якасці сіноніма «С.» выкарыстоўваюць тэрміны «сімбалогія», «сімвалазнаўства», «сімволіказнаўства».