МЕТАЛАТЭРМІ́Я (ад металы + грэч. thermē цяпло),

адна з галін металургіі па вытв-сці чыстых металаў, сплаваў, ферасплаваў, лігатур, металідаў і інш. хім. злучэнняў металаў. Прынцып М. (аднаўленне металаў з іх аксідаў алюмініем і інш. элементамі) адкрыты ў 1865 М.М.Бякетавым.

М. заснавана на аднаўленні аксідаў і інш. злучэнняў металаў элементамі, здольнымі ўтвараць аксіды тэрмадынамічна больш трывалыя, чым аксіды металаў, што аднаўляюцца; адбываецца з вылучэннем цяпла. У якасці аднаўляльнікаў звычайна выкарыстоўваюць магній (магніетэрмія), кальцый (кальцыетэрмія), алюміній (алюмінатэрмія; найб. пашырана ў прам-сці), крэмній (сілікатэрмія), бор (боратэрмія).

На Беларусі даследаванні па М. праводзяцца з 1965 у БПА. Распрацаваны асновы новага кірунку ў М. — металатэрмічнага метаду стварэння сінт. парашковых асяроддзяў для хіміка-тэрмічнай апрацоўкі металаў і сплаваў.

Літ.:

Самсонов Г.В., Перминов В.П. Магниетермия. М., 1971;

Алюминотермия. М., 1978.

Л.​Р.​Варашнін.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

право́днасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць рэчыва, матэрыі праводзіць цяпло, гук, электрычны ток і пад. Праводнасць металаў.

2. Здольнасць нервовых і мышачных тканак жывёльнага арганізма перадаваць узбуджэнне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРСЕНА́ТЫ,

солі ортамыш’яковай кіслаты H3AsO4. Арсенаты шчолачных металаў і аміяку раствараюцца ў вадзе. Атрымліваюць растварэннем аксіду мыш’яку (As2O5) у шчолачах. Арсенаты цяжкіх металаў атрымліваюць узаемадзеяннем раствораў іх соляў з арсенатаў шчолачных металаў. Выкарыстоўваюць як інсектыцыды, антысептыкі для прамочвання драўніны, кампаненты люмінафораў, п’еза- і сегнетаэлектрыкі. Водарастваральныя арсенаты — моцныя яды.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАДЫФІКАВА́ННЕ металаў,

увядзенне ў расплавы металаў (сплаваў) невялікай колькасці (звычайна не больш за дзесятыя долі працэнта) спец. рэчываў — мадыфікатараў. Садзейнічае здрабненню структурных часцінак, якія ўтвараюцца ў працэсе крышталізацыі расплаву, іх раўнамернаму размеркаванню ў злітку, што паляпшае мех. ўласцівасці металаў. Выкарыстоўваюць пры вытв-сці высокатрывалага чыгуну і алюмініевых сплаваў.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,

фізічная заканамернасць, што звязвае цеплаправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.​Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.​Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́КУУМНАЯ МЕТАЛУРГІ́Я,

металургія, у якой атрыманне металаў і сплаваў, наданне ім патрэбных уласцівасцяў заснавана на выкарыстанні вакууму. Пры выплаўцы і тэрмічнай апрацоўцы ў вакууме адсутнічае шкоднае ўзаемадзеянне металаў з газамі навакольнага асяроддзя, лепш праходзяць дэгазацыя, раскісленне і рафінаванне металаў, іншыя тэхнал. працэсы. Вакуумная металургія дае магчымасць атрымліваць высакаякасныя металы і сплавы, у т. л. рэакцыйна-актыўныя і тугаплаўкія, выплаўляць спец. сплавы. Метады вакуумнай металургіі выкарыстоўваюцца пры рафінаванні металаў, іх вакуумна-дугавым пераплаве, у працэсах вакуумавання сталі, вакуумнай плаўкі, вакуумнага ліцця, нанясення вакуумных пакрыццяў.

т. 3, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кро́кус, ‑у, м.

1. Травяністая паўднёвая расліна сямейства касачовых; шафран (у 1 знач.).

2. Парашок вокісу жалеза шафранавага колеру, які скарыстоўваюць для паліроўкі шкла, металаў і пад.

[Лац. crocus.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

металагра́фія, ‑і, ж.

1. Навука, якая займаецца вывучэннем структуры і фізічных уласцівасцей металаў і сплаваў.

2. Спец. Друкаванне з гравіраваных або траўленых металічных форм з паглыбленым рысункам.

[Ад грэч. metallon — метал і graphō — пішу.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПЛА́ЗМЕННАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

галіна металургіі, у якой для атрымання і апрацоўкі металаў і сплаваў выкарыстоўваюць нізкатэмпературную (~10​4К) плазму. Пачала развівацца ў 1950-я г. ў СССР, Японіі, ЗША і інш. краінах.

Уключае здабыванне з руды металаў, іх плаўку, плазменна-дугавы пераплаў, плазменна-дугавое рафінаванне, атрыманне метал. парашкоў і гранул, плазменна-дугавое награванне металаў, вырошчванне метал. монакрышталёў. Каб здабыць з руды метал, яе падвяргаюць тэрмічнай дысацыяцыі ў плазме. Плаўку сталей і гарачатрывалых сплаваў на нікелевай аснове, хімічна актыўных металаў (тытану, цырконію і інш.) вядуць у плазменных печах.

т. 12, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

біжутэ́рыя

(фр. bijouterie)

жаночыя ўпрыгожанні (брошкі, пацеркі, пярсцёнкі і інш.) з некаштоўных камянёў і металаў (у адрозненне ад ювелірных вырабаў).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)