рускі эканаміст. Праф. палітычнай эканоміі Кіеўскага, потым Маскоўскага ун-таў (1846—56), Гал.пед. ін-та (1857—59) і Аляксандраўскага ліцэя ў Пецярбургу (1861—68). Выдаў час. «Экономический указатель» (1857—61) і дадатак да яго «Экономист» (1858—64). У 1867—76 кіраўнік канторы Дзяржбанка ў Харкаве. Аўтар твораў па палітычнай эканоміі, гісторыі эканам. думкі, статыстыцы і мытна-тарыфнай палітыцы. Крытыкаваў прыгонніцтва з пазіцый эканам. лібералізму. У перыяд падрыхтоўкі сял. рэформы 1861 выступаў супраць кабальных умоў вызвалення сялян, супраць капіталізацыі аброку. Абараняў інтарэсы рус.капіталіст.. прамыслоўцаў. Прыхільнік фрытрэдэрскай палітыкі для Расіі, якая прадугледжвала свабоду гандлю і неўмяшанне дзяржавы ў прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць. Ідэолаг буйнога капіталу, законы капіталізму разглядаў як натуральныя і вечныя.
Тв.:
Критико-историческое исследование об итальянской политико-экономической литературе до начала XIX в. М., 1849;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСКО́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (24.6.1880, в. Дубічы Бельскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 23.8.1955),
бел.паліт. дзеяч, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Працаваў у Кіеве ў Земсаюзе. Быў чл.Бел.сацыяліст. грамады, Бел.с.-д. партыі. Прадстаўляў бел.нац. арг-цыі на з’ездзе народаў (Кіеў, вер. 1917). У 1918 уваходзіў у склад урада Украінскай Нар. Рэспублікі, яе пасол у Грузіі. З 1920 старшыня Бел.нац.к-та ў Вільні. З 1922 дырэктар Дзвінскай (г. Даўтаўпілс) дзярж.бел. гімназіі. З 1925 у Мінску, працаваў у БДУ, Інбелкульце, Бел.АН, старшыня сац.-культ. секцыі і чл. прэзідыума Дзяржплана БССР. З 1930 у Маскве ў Дзяржплане СССР. 8.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі» і пастановай калегіі АДПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Самару. 4.11.1937 зноў арыштаваны, 19.3.1940 вызвалены. Пасля Вял.Айч. вайны выехаў да сваякоў у Чэхаславакію. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЗНЯ,
памяшканне, абсталяванае для мыцця цела, а таксама паляпшэння функцыянальнага стану арганізма пры некат. захворваннях (рэўматызм, падагра, хваробы нырак, неўрозы і інш.). Аздараўленчае ўздзеянне Л. шырока выкарыстоўвалася многімі народамі са старажытнасці. Першыя звесткі пра Л. ў Стараж. Русі адносяцца да 10 ст. (Кіеў). На Беларусі з ранняга сярэдневякоўя Л. былі пашыраны ў гарадах, мястэчках і вёсках (часцей у заможных сялян). Да пач. 20 ст. на вёсцы пераважалі курныя Л. з печкай-каменкай без дымаходу, з маленькім аконцам. Трапляліся і Л. паўзямлянкі. Да Л. звычайна прыбудоўвалі прылазнік (прымыльнік). Уздоўж сцяны рабілі палок, на якім парыліся з венікам. Падлогу масцілі плашкамі, радзей дошкамі. Часам будавалі Л. з дымаходамі, з умураванымі ў печ катламі.
У наш час найчасцей карыстаюцца Л. з парыльняй: рускага тыпу (з вільготным паветрам) ці фінскага — сауны (з сухім, гарачым паветрам), у некат. Л. ёсць плавальныя басейны, памяшканні для фізіятэрапеўтычных працэдур, дэзінфекцыйныя камеры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў І́ГАРАВІЧ (? — 972),
вялікі князь кіеўскі [964—972]. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», сын вял. князя кіеўскага Ігара. У 964—966 вызваліў вяцічаў ад улады хазар і падначаліў іх Кіеву. У 960-я г. разграміў Хазарскі каганат, разбурыў яго сталіцу Ітыль і г. Саркел (на Доне). Ваяваў з Балгарыяй волжска-камскай і захапіў яе сталіцу Булгар. На Паўн. Каўказе заваяваў хазарскую крэпасць Семендэр, разбіў ясаў і касогаў. У 967 уварваўся ў Дунайскую Балгарыю і ўмацаваўся ў г. Пераяславец у вусці Дуная. Калі на Кіеў напалі печанегі, вярнуўся, разбіў іх і зноў прыйшоў у Балгарыю. Каля 971 у саюзе з балгарамі і венграмі ваяваў супраць Візантыі. У 971 заключыў мір з візантыйскім імператарам Іаанам I Цымісхіем. На шляху да Кіева каля дняпроўскіх парогаў загінуў у баі з печанегамі.
Літ.:
Рыбаков Б.А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. М., 1963;
Сахаров А.Н. Дипломатия Святослава. 2 им. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТАСЛА́Ў О́ЛЬГАВІЧ (у хрышчэнні Мікалай; ? —15.2.1164),
князь чарнігаўскі. Сын Алега Святаславіча. У 1136 запрошаны ў Ноўгарад, дзе княжыў з перапынкамі да 1141. Ў 1142 меў нейкую воласць «около Гомья» (Гомеля). У 1146 яму належалі Курск, Ноўгарад-Северскі, Карачаў, Колцеск, Дзедаслаў, але ў тым жа годзе ён выгнаны з Чарнігаўскай і Северскай зямель. У 1147 увайшоў у саюз з Юрыем Далгарукім, з дапамогай яго войск заняў зямлю вяцічаў, пасля вярнуў свае ўладанні. Калі Юрый Далгарукі заняў Кіеў (1149), С.О. атрымаў ад яго «и Случеск, и Клеческ, и вси Дрегвиче» (Слуцк і Клецк з навакольнымі землямі), а каля 1155 — Мазыр. Паводле дагавора 1157 з вял. кіеўскім кн. Ізяславам Давыдавічам атрымаў Чарнігаўскую зямлю, а г. Ноўгарад-Северскі перадаў пляменніку Святаславу Усеваладавічу. Некат. час у яго землях знаходзіўся пазбаўлены ўладанняў полацкі кн.Рагвалод Барысавіч, якому С.О. у 1158 дапамог войскамі вярнуць свае землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЫ́НДА (Памва) (? — 23.7.1632),
дзеяч усх.-слав. культуры, лексікограф, друкар, гравёр, пісьменнік. Звесткі пра нацыянальнасць, месца вучобы і адукацыю не выяўлены. З прадмоў і пасляслоўяў, надрукаваных Бярындай у кнігах, відаць, што ён валодаў бел., стараслав., укр., грэч., лац., яўр. і інш. мовамі. Некаторы час займаўся выдавецкай справай у Львове, потым архітыпограф слав. друкарні пры Кіева-Пячэрскай лаўры. Аўтар сілабічных вершаў. Найб. ранні твор — «Да нараджэння Хрыстова» (1616). У Кіеве выдаў «Анфалагіён» (1619), «Гутаркі Іаана Златавуста на 14 пасланняў ап. Паўла» (1623) і інш.Асн. твор — бел.-ўкр. і царкоўнаслав. «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» (1627, 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Турцэвіча) — самы вялікі (каля 7000 слоў) на Беларусі слоўнік 17 ст. Асновай для «Лексікона...» паслужыў першы бел. друкаваны слоўнік Л.Зізанія «Лексіс» (1596). «Лексіконъ...» перавыдадзены з выдання 1627 факсімільным спосабам (Кіеў, 1961).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРКУНО́Ў (Генадзь Рыгоравіч) (н. 27.5.1939, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў галіне пластычнай дэкар. керамікі, манум. габелена, афармлення інтэр’ераў. Арганізатар і кіраўнік габеленавага цэха (1971—73, 1976—77), гал. Мастак (1973—76) Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Зрабіў наборы дэкар. ваз (1968). Работы ў манум. мастацтве: сграфіта «Маяк» у кінатэатры «Кіеў» (1969, з А.Кішчанкам), габелены «Чалавек пазнае свет» у інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970, з А.Бельцюковай, Кішчанкам), «Музыка» ў муз. вучылішчы (1975, з Бельцюковай, Кішчанкам), «Напярэдадні» (1996) — усе ў Мінску, «Залаты сад» (1979, з В.Грыгарышынай; у пасольстве СССР у Індыі), «Песня» ў кавярні «Бярозка» (1974) і габелен-заслона «Натхненне» ў гар. Палацы культуры (1982, з Грыгарышынай) у Барысаве. Аформіў экспазіцыі музеяў К.Заслонава ў Оршы (1964) і Мінскага абл. краязнаўчага (Маладзечна, 1966), інтэр’еры гасцініцы «Турыст» (1970), рэстарана «Юбілейны» (1980; абодва ў Мінску) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАД-ГЕРО́Й,
ганаровае званне, якое надавалася гарадам СССР за гераічную абарону і выдатныя заслугі перад Радзімай у Вял.Айч. вайну. Указамі Прэзідыума Вярх. Савета СССР ганаровае званне «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» прысвоена гарадам: Адэса, Валгаград, Керч, Кіеў, Ленінград, Масква, Мінск, Мурманск, Новарасійск, Севастопаль, Смаленск, Тула. Мінску званне «Горад-герой» прысвоена 26.6.1974 за выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, у разгортванні ўсенароднага партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну і ў азнаменаванне 30-годдзя вызвалення БССР ад ням.-фаш. захопнікаў. Ганаровае званне «Крэпасць-герой» прысвоена Брэсцкай крэпасці 8.5.1965 за выключныя заслугі яе абаронцаў перад Радзімай і ў азнаменаванне 20-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял.Айч. вайне.
Да арт.Горад-герой. Генеральны сакратар ЦККПСС, Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Л.І.Брэжнеў прымацоўвае ордэн Леніна і медаль «Залатая Зорка» да сцяга горада-героя Мінска. 25.6.1978.
расійскі кіна- і тэатр. рэжысёр. Нар.арт.СССР (1964). Вучыўся ў Вышэйшых маст. майстэрнях АМ у Петраградзе. Адзін з арганізатараў творчай майстэрні «Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра» (ФЭКС, 1921). З 1924 на кінастудыі «Ленфільм». З 1922 выкладаў у ФЭКС, Ленінградскім ін-це сцэн. мастацтваў, у 1941—64 праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфіі. Імкненнем да пошукаў вострай новай кінематаграфічнай выразнасці вылучаюцца нямыя фільмы «Шынель» (1926, паводле М.Гогаля), «Новы Вавілон» (1929; абодва з Л.Траўбергам). Грамадз. пафасам прасякнута кінатрылогія «Юнацтва Максіма» (1935), «Вяртанне Максіма» (1937), «Выбаргская старана» (1939; усе з Траўбергам). Ставіў біягр. фільмы: «Пірагоў» (1947), «Бялінскі» (1953). Экранізаваў трагедыі У.Шэкспіра «Гамлет» (1964, Ленінская прэмія 1965) і «Кароль Лір» (1971), раман М.Сервантэса «Дон Кіхот» (1957). Паставіў у Ленінградскіх т-рах «Кароль Лір» (1941), «Атэла» (1943), «Гамлет» (1954) Шэкспіра. Даследаваў творчасць Шэкспіра, С.Эйзенштэйна, Ч.Чапліна, У.Меерхольда. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЎРО́Ў (Кірыл Юр’евіч) (н. 15.9.1925, Кіеў),
расійскі акцёр, тэатр. дзеяч. Нар.арт.СССР (1972). Герой Сац. Працы (1985). З 1950 працаваў у Кіеўскім рус.драм. т-ры, з 1955 у Санкт-Пецярбургскім Вял.драм. т-ры (з 1989 яго маст. кіраўнік). Для Л.-акцёра характэрны паглыблены драматызм, дакладнасць сац.-псіхал. аналізу ролі. Выступае пераважна ў амплуа станоўчага героя. Выконвае і дваістыя, супярэчлівыя натуры: Малчалін («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Ніл («Мяшчане» М.Горкага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Прэзідэнт («Каварства і каханне» Ф.Шылера) і інш. Здымаецца ў кіно: «Жывыя і мёртвыя» (1964), «Браты Карамазавы» (1969), «Утаймаванне агню» (1972, прэмія Усесаюзнага кінафестывалю 1973; Дзярж. прэмія Расіі 1974), «Акіян» (1974), «Мой ласкавы і пяшчотны звер» (1978) і інш. У 1986—92 старшыня праўлення Саюза тэатр. дзеячаў СССР, з 1992 прэзідэнт Міжнар. канфедэрацыі тэатр. саюзаў. Дзярж. прэмія СССР 1978, Ленінская прэмія 1982 за тэатр. работы.