МСЦІСЛА́Ў УСЕ́ВАЛАДАВІЧ,

князь гродзенскі ў 12 ст. Сын Усевалада Давыдавіча. У 1167 дапамог валынскаму кн. Мсціславу Ізяславічу заняць кіеўскі пасад. У 1168 (1167?) удзельнічаў у паходзе Мсціслава на полаўцаў. Пасля таго як у 1169 Андрэй Багалюбскі захапіў Кіеў, М.У. у 1170 дапамог Мсціславу на кароткі час аднавіць уладу над горадам: верагодна, хадзіў на полаўцаў, бо яго тысяцкі быў імі захоплены ў палон. У 1173 (1174?), пэўна, быў сярод гродзенскіх князёў, якіх Багалюбскі прымусіў удзельнічаць у паходзе на Кіеў. Хадзіў на полаўцаў у 1183 (1184?) у складзе войска вял. князя кіеўскага Святаслава Усеваладавіча. Адны даследчыкі атаясамліваюць Гарадзен, якім валодаў М.У., з сучасным г. Гродна, другія — з в. Гарадная Столінскага р-на або лакалізуюць яго на Валыні.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМІ́ГСКАЯ БІ́ТВА 1067,

адна з першых бітваў пачатку феад. раздробленасці Русі. Адбылася 3.3.1067 на р. Няміга паміж войскамі паўд.-рус. князёў Ізяслава, Святаслава, Усевалада Яраславічаў і полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. Прычына — намер кіеўскага князя падпарадкаваць Полацкае княства, якое да гэтага часу стала незалежным. Выкарыстаўшы захоп і разарэнне Усяславам Ноўгарада, войскі паўд.-рус. князёў захапілі Мінск. Н.б. скончылася паражэннем войск Полацкага княства. У час мірных перагавораў Усяслаў Брачыславіч быў зняволены ў Кіеве. Н.б. асуджана аўтарам «Слова аб палку Ігаравым», які апісаў яе як жорсткае пабоішча: «На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизе кровави брезе не бологом бяхуть посеяни — посеяни костьми руских сынов».

Э.​М.​Загарульскі.

т. 11, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫНЦ (ням. Prinz, франц. prince ад лац. princeps першы, галоўны),

тытул няцарствуючай асобы каралеўскага ці інш. ўладарнага дому ў Зах. Еўропе. У П. — наследнікаў прастола, якія атрымлівалі ва ўдзел родавую правінцыю, яе назва ўключалася ў тытул: напр., П. Уэльскі (з 1301), П.​Астурыйскі (з 1388), П. Неапалітанскі (з 1735). У герм. манархіях 19 ст. старэйшы сын правячага герцага ці князя наз. наследны П. Пры Напалеоне ПІ у Францыі наследнік прастола наз. імперскім П. У герм. імперыі П. кароны (кронпрынц) тое, што франц. дафін ці рас. царэвіч. У некат. еўрап. краінах асобы, якія часова кіравалі каралеўствам, наз. П.-рэгентамі. Тытул П. носяць наследнікі прастола ў Кувейце, Саудаўскай Аравіі, Тайландзе і некат. інш. краінах Усходу.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКІ ТЭА́ТР САПЕ́ГАЎ,

прыватны тэатр. Існаваў у 1765—91. Налічваў «60 артыстаў і танцоўшчыкаў». Меў муз.-оперную школу, капэлы у Ружанах (Пружанскі р-н), Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н), Зэльве; 40 музыкантаў «пры бубнах і трубах». У ім працавалі М.​Пранчынскі як танцоўшчык, балетмайстар і пастаноўшчык («Літасцівасць Ціта», паст. 1784), К.​Чыпрыяні (з 1775) як капельмайстар і кампазітар, а таксама навучаў ігры на скрыпцы прыгонных князя. Сярод вядомых пастановак т-ра: аднаактовая опера Ж.​Русо «Вясковы чараўнік», балеты «Арынянка» і «Літасцівасць Ціта», камедыя Малінэ «Чароўнае дрэва». Т-р размяшчаўся ў Ружанскім палацавым комплексе.

Літ.:

Барышаў Г. Гарадскі і маёнткавы прыгонны тэатр на тэрыторыі Беларусі // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1.

т. 13, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ста́цыя ‘станцыя’ (гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стацыя, стацэя ‘пастой, месца адпачынку’, ‘забеспячэнне’ (Ст.-бел. лексікон), стацея: стацеи давати/поднимати ‘прымаць і карміць князя з яго світаю ў час паездак па правінцыі, а таксама яго пасланцоў і даваць ім фурманкі для праезду ў наступны маёнтак’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 130). З лац. statio ‘пастой’ праз ст.-польск. stacyja, польск. stacja ‘пастой, прыпынак, станцыя’ (Булыка, Лекс. запазыч., 84; Сл. ПЗБ, 4, 583). Сюды ж стаце́йка ‘чыстая палавіна хаты’ (Сцяшк. Сл.), што адлюстроўвае захаванне старой семантыкі, параўн. станцыя (гл.), польск. stacja ‘кватэра’ і інш. Гл. Брукнер, 512; Фасмер, 3, 746, 748; ЕСУМ, 5, 396, 403.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Суліца ’кап’ё’ (1228 г., Гандлёвая дамова смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай, Готландам і нямецкімі гарадамі), укр. старое су́ла ’піка’, дыял. суло́ ’драўляны чаранок жалезных вілаў; жардзіна вясла’, сули́ця ’дзіда’, рус. сула́ ’клюшка, якую дзеці кідаюць па лёдзе’, старое су́лица ’кідальны дроцік’, ст.-польск. sulica ’кап’ё, дзіда’, чэш. sudlice ’рагаціна’, славен. súlica, серб.-харв. су̏лица, балг. старое су́лица, макед. сулица ’від дзіды’. Прасл. *sudlica ’кароткае кідальнае кап’ё’, звязана з суляць ’соваць, піхаць, кідаць’, соваць, сунуць, гл. (Адзінцоў, Этимология–1976, 106–111). Гл. таксама Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 471; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 348. Параўн. сула́2, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАРАТЫ́НСКІЯ,

княжацкі род герба «Астоя». Заснавальнік роду князь Аляксандр Андрэевіч (15 ст.), старэйшы сын удзельнага князя Андрэя Усеваладавіча Шуціхі Мезецкага з роду чарнігаўскіх князёў. Прозвішча паходзіць ад с. Баратынь паблізу Мезецка (Калужская вобл.). Аляксандр Андрэевіч і яго сыны служылі папераменна то вял. князям маскоўскім, то вял. князям ВКЛ. У час руска-літ. войнаў пач. 16 ст. ўнук Аляксандра Андрэевіча, Іван Львовіч, не пажадаў заставацца ў сваёй вотчыне, якая трапіла пад уладу Масквы, і з’ехаў у ВКЛ. Ён стаў заснавальнікам лукомскай галіны роду Баратынскіх, асн. уладаннем якой была частка Лукомскага княства. Ад Мікалая, сына Івана Львовіча, пайшла аршанская лінія роду Баратынскіх, якія з 17 ст. ўсё радзей карысталіся княжацкім тытулам. У Польшчы жылі Баратынскія герба «Корчак» і «Сякера».

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),

1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).

2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.

Г.​А.​Маслыка.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЧУ́КІ,

дзяржаўныя дзеячы, шляхецкі род герба «Сястрэнец» у ВКЛ. Родапачынальнік Кучук у 1382 быў каморнікам вял. кн. Ягайлы, удзельнічаў у забойстве Кейстута. Яго сын Конрад (? — пасля 1437) валодаў Дакудавам і Жырмунамі ў Лідскім пав., атрымаў ад вял. князя маёнтак Шчучын. Меў сына Яна (каля 1410 — каля 1478), маршалка гаспадарскага ў 1469—78 і намесніка лідскага ў 1473. Сынамі апошняга былі Юрый (Ежы; каля 1435 — пасля 1482), маршалак гаспадарскі ў 1482, і Войцех (каля 1440 — пач. 1506), маршалак гаспадарскі ў 1492—1505, намеснік уладзімірскі ў 1494 і ваўкавыскі ў 1496. Пасля смерці Войцеха радавыя маёнткі ў Лідскім пав. і выслужанае ім Палонна ў Луцкім пав. праз шлюб яго дачкі перайшлі да С.​П.​Кішкі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Вялікі

(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),

вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.

Літ.:

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.

т. 10, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)