КІ́РХГОФ ((Kirchhoff) Густаў Роберт) (12.3.1824, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 17.10.1887),

нямецкі фізік. Чл. Берлінскай (1874) і замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1862) АН. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1846). Праф. Гейдэльбергскага (з 1854) і Берлінскага (з 1875) ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы, механіцы і матэм. фізіцы. Адкрыў заканамернасці працякання эл. току ў разгалінаваных ланцугах (1847; Кірхгофа правілы). Увёў паняцце абс. чорнага цела і адкрыў (1859) адзін з асн. законаў цеплавога выпрамянення (гл. Хірхгофа закон выпрамянення). Разам з ням. хімікам Р.​Бунзенам распрацаваў метад спектральнага аналізу (1859) і адкрыў хім. элементы цэзій (1860) і рубідый (1861).

Г.Р.Кірхгоф.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ ФРЫЗ, Дэ Фрыс (De Vries) Туга (16.2.1848, г. Харлем, Нідэрланды — 21.5.1935), галандскі батанік; адзін з заснавальнікаў вучэння пра зменлівасць і эвалюцыю. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т у г. Лейдэн (1870). У 1878—1918 праф. Амстэрдамскага ун-та і дырэктар бат. сада. Навук. працы па распрацоўцы мутацыйнай тэорыі. Прапанаваў тэрмін «мутацыя», ажыццявіў эксперым. вывучэнне эвалюцыйнага працэсу. Распрацаваў метад вызначэння асматычнага ціску ў раслін і вучэнне пра ізатанічныя каэфіцыенты (1877). Паўторна, незалежна ад ням. батаніка К.​Э.​Корэнса і аўстр. генетыка Э.​Чэрмак-Зайзанега адкрыў законы Мендэля (1990).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1932.

т. 6, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́Б ((Jacob) Франсуа) (н. 17.6.1920, г. Нансі, Францыя),

французскі мікрабіёлаг, генетык. Чл. Парыжскай АН (1977). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага навук. т-ва (1973), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1964). Скончыў Парыжскі ун-т (1947). Да 1950 працаваў у ім, з 1950 у Ін-це Пастэра ў Парыжы (з 1960 праф.), адначасова з 1965 у Калеж дэ Франс. Навук. працы па генетыцы бактэрыяльных клетак і вірусаў. Адзін з аўтараў гіпотэзы пераносу генетычнай інфармацыі і рэгуляцыі сінтэзу бялку ў бактэрыяльных клетках (канцэпцыя аперона). Аўтар прац па лізагеніі (канцэпцыя эпісом). Нобелеўская прэмія 1965 (разам з А.Львовым і Ж.Мано).

Ф.Жакоб.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВЕР’Е́ ((Le Verrier) Урбен Жан Жазеф) (11.3.1811, г. Сен-Ло, Францыя — 23.9.1877),

французскі астраном. Чл. Парыжскай АН (1846). Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1848). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1833). З 1854 дырэктар Парыжскай абсерваторыі. Навук. працы па нябеснай механіцы і тэорыі руху вял. планет Сонечнай сістэмы. На аснове даследавання ўзбурэнняў Урана вызначыў (1846, незалежна ад Дж.К.Адамса) арбіту і становішча планеты, названай Нептунам (адкрыта ў 1846 ням. астраномам І.​Г.​Гале). Адкрыў векавы рух перыгелія Меркурыя, што знайшло тлумачэнне ў агульнай тэорыі адноснасці.

Літ.:

Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 391—396.

т. 9, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ ((Lie) Марыус Софус) (17.12.1842, г. Нурф’ёрдэйд, Нарвегія — 18.2.1899),

нарвежскі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў ун-т у Крысціяніі (Осла, 1865). Праф. ун-таў у Крысціяніі (з 1872) і Лейпцыгу (1886—98). Навук. працы па тэорыі груп і дыферэнцыяльнай геаметрыі. Стварыў класічную тэорыю неперарыўных груп (групы Лі), якая зрабіла вял. ўплыў на развіццё тэорыі дыферэнцыяльных ураўн., алгебры, геаметрыі, тапалогіі, тэарэт. фізікі. У выніку прац Лі і Ф.Клейна геаметрыя была перабудавана на базе тэарэтыка-групавых пераўтварэнняў. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага 1897.

Літ.:

Полищук Е.М. Софус Ли, 1842—1899. Л., 1983.

т. 9, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́ТЦЫНГ ((Klitzing) Клаўс Олаф фон) (н. 28.6.1943, г. Сьрода, Польшча),

нямецкі фізік. Чл. Еўрапейскай Акадэміі (1989). Замежны чл. Рас. АН (1994), Нац. АН ЗША (1990). Скончыў тэхн. ун-т у г. Браўншвейг (1969). З 1969 ва ун-тах Вюрцбурга і Мюнхена, з 1985 дырэктар Ін-та фізікі цвёрдага цела імя М.​Планка (г. Штутгарт). Навук. працы па фізіцы паўправаднікоў і нізкапамерных электронных сістэм. Адкрыў квантавы Хола эфект (1980), што зрабіла магчымым стварэнне новага эталона адзінкі эл. супраціўлення — ома. Нобелеўская прэмія 1985.

Тв.:

Рус. пер. — Квантованный эффект Холла // Успехи физ. наук. 1986. Т. 150, вып. 1.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯКО́ЎСКІ (Рамуальд Здзіслаў) (н. 1.1.1924, г. Пінск Брэсцкай вобл.),

вучоны ў галіне экалогіі і біяэнергетыкі. Акад. Польскай АН (1994, чл.-кар. 1979). Замежны чл. Нац. АН Беларусі (1995). Скончыў Лодзінскі ун-т (1950). З 1952 у Ін-це эксперым. біялогіі, з 1973 у Ін-це экалогіі (да 1982 дырэктар), з 1987 акад.-сакратар Польскай АН, з 1996 праф. Міжнар. цэнтра экалогіі Польскай АН. Навук. працы па вывучэнні энергет. патокаў у экасістэмах, ахове прыродных рэсурсаў.

Тв.:

Экалагічная біяэнергетыка пайкілатэрмных жывёл. Варшава, 1994 (у сааўт.);

Modelowanie matematyczne procesów ekologicznych Warszawa, 1996 (разам з У.​В.​Мяншуткіным).

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́НІНГЕР ((Manninger) Рэжо) (7.7. 1890, г. Шопран, Венгрыя — 4.2.1970),

венгерскі вучоны ў галіне ветэрынарыі. Акад. (1939) і віцэ-прэзідэнт (1960—66) Венг. АН. Замежны чл. УАСГНІЛ (1957). Скончыў Вышэйшую вет. школу ў Будапешце (1912), працаваў у ёй. У 1928 арганізаваў н.-д. вет. ін-т (да 1943 яго дырэктар). Навук. працы па паталогіі інфекц. хвароб жывёл і вет. мікрабіялогіі. Даследаваў пытанні дыягностыкі сібірскай язвы і бруцэлёзу, імунізацыі пры туберкулёзе буйн. раг. жывёлы, спецыфічнай прафілактыцы чумы свіней, воспы авечак і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Частная патология и терапия домашних животных. Т. 1—2. М., 1961—63.

т. 10, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЙБЕРГ, Нейберг (Neuberg) Карл (29.7.1877, г. Гановер, Германія — 30.5.1956), нямецкі біяхімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай біяхіміі. Замежны чл. АН СССР (1925). Скончыў Берлінскі ун-т (1898), працаваў у ім. З 1920 у Ін-це біяхіміі ў Берліне (дырэктар). У 1938 эмігрыраваў. З 1938 у Іерусалімскім ун-це (Палесціна), у 1941—50 у Нью-Йоркскім ун-це і Бруклінскім політэхн. ін-це. Навук. працы па абмене вугляводаў, браджэнні, ферментах. Высветліў ключавое месцазнаходжанне піравінаграднай к-ты ў вугляводным абмене, адкрыў фруктоза-6-фасфат, шэраг ферментаў, распрацаваў сінтэз шэрагу цукроў і амінакіслот, схему спіртавога браджэння.

т. 11, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕРГОФ ((Meyerhof) Ота) (12.4.1884, г. Гановер, Германія —6.10.1951),

нямецкі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1949). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1909). З 1912 у Кільскім ун-це, з 1924 у Ін-це біялогіі ў Берліне-Далеме, з 1929 у Даследчым мед. ін-це ў Гейдэльбергу (заг. аддзела). У 1938 эмігрыраваў у Францыю. З 1940 праф. Пенсільванскага ун-та (ЗША). Навук. працы па хіміі і тэрмадынаміцы мышачнага скарачэння, прамежкавых ферментацыйных стадыях гліколізу і глікагенолізу. Вызначыў, што энергія жывой клеткі акумулюецца ў фосфарных сувязях. Нобелеўская прэмія 1922 (разам з А.В.Хілам).

О.Меергоф.

т. 10, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)