ГАСПІТАЛІ́ЗМ,
сіндром паталогіі дзіцячага псіхічнага і асобаснага развіцця, як вынік аддзялення дзіцяці ад маці і яго ранняй інстытуалізацыі. У дзіцячым узросце гаспіталізм накладвае негатыўны адбітак на ўсе сферы яго фарміравання як асобы, тармозіць інтэлектуальнае і эмацыянальнае развіццё, разбурае фіз. стан і г.д. Агульныя прыкметы гаспіталізму: страта ў вазе, вяласць, апатычнасць, павышаная санлівасць, мышачны гіпатонус, адыход ад кантактаў з людзьмі (адсутнасць зрокавага сачэння, паваротаў «на голас», «гулення» ў адказ на ласку дарослага), слабы плач і г.д. У крайніх формах гаспіталізму можа прывесці да сур’ёзных душэўных захворванняў (дзіцячы маразм і інш.), хранічнага інфіцыравання, а часам да смерці.
т. 5, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШКО́ЛЬНАЯ ПЕДАГО́ГІКА,
галіна педагогікі, якая вывучае заканамернасці развіцця, выхавання і элементарных формаў навучання дзяцей дашкольнага ўзросту. Цесна звязана з практыкай выхавання дзяцей, а таксама з гісторыяй педагогікі, агульнай педагогікай, дзіцячай псіхалогіяй, узроставай анатоміяй і фізіялогіяй, педыятрыяй, эстэтыкай, этыкай, методыкамі дашкольнага выхавання. Асноўныя задачы Д.п.: улік асаблівасцей псіхічнага развіцця дзіцяці ў працэсе выхавання і навучання, распрацоўка зместу, формаў і метадаў работы з дзецьмі ранняга і дашкольнага ўзросту, адукацыі дашкольнікаў, распрацоўка зместу фіз., інтэлектуальна-пазнаваўчага, маральнага, працоўнага, эстэт. выхавання, пошук аптымальных метадаў арг-цыі работы дашкольных устаноў, формаў работы з бацькамі, вывучэнне і кіраванне рознабаковай дзейнасцю дашкольнікаў.
К.А.Архіпава.
т. 6, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТА́НТНАСЦЬ у псіхалогіі,
адноснае пастаянства ўспрымальных характарыстык аб’екта (яго велічыні, формы, колеру) пры параўнальна шырокім дыяпазоне змены ўмоў успрымання (аддаленасці, ракурсу, асветленасці і інш.). Уласцівасць К. пацвярджае ўмоўна-рэфлекторны характар чалавечага ўспрымання, забяспечвае адносную стабільнасць успрымання навакольнага свету, адлюстроўвае адзінства прадмета і ўмоў яго існавання.
Праблему К. разглядаў Р.Дэкарт і ўпершыню апісаў К. успрымання велічыні і формы. Заканамернасці фарміравання К. ўспрымання ў дзіцяці і ўзаемасувязь К. з прадметнасцю ўспрымання даследавалі Э.Брунсвік (Аўстрыя), Ж.Піяжэ (Швейцарыя), Б.Г.Ананьеў (Расія) і інш. Эксперым. даследаванні К. формы праводзілі Р.Таўлес і Брунсвік, К. колеру — А.Гельб, Д.Катц.
т. 7, с. 592
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТА́,
верхнепалеалітычная стаянка на р. Белай каля с. Мальта (за 85 км на З ад г. Іркуцк, Расія). Адкрыў і даследаваў у 1928—59 М.М.Герасімаў. Выяўлены рэшткі жытлаў рознага тыпу (чумы, паўзямлянкі, наземныя), якія існавалі адначасова. Насельніцтва М. займалася паляваннем на паўн. аленя, маманта, шарсцістага насарога. Знойдзены прылады працы з каменю (нажы, праколкі, разцы, скрабкі), вырабы з косці (наканечнікі восцяў, дроцікаў, кінжалы, нажы, шылы, іголкі, розныя ўпрыгожанні — спражкі, падвескі, дыядэмы, бранзалеты, скульптурныя фігуркі жанчын, качак, гусей, лебедзяў, насарога, гравіраваныя выявы маманта і змей). Выяўлена пахаванне дзіцяці ў яме, выкладзенай пліткамі, з багатым пахавальным інвентаром.
т. 10, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Сюсю́каць ’размаўляючы, замяняць шыпячыя гукі свісцячымі’; ’размаўляць па-дзіцячаму’ (ТСБМ, Ласт.), ’гаварыць шэптам; змаўляцца’ (Яўс.), сюсю́кацца ’гусці (пра пчол)’ (лід., Сл. ПЗБ). Укр. сюсю́кати ’тс’, ’гаварыць з прысвістам, падобна дзіцяці’, рус. сюсю́кать ’тс’. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 823).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кігі́ ’дзіця, плач дзіцяці’ (Нас.), ’пра няясны крык птушкі’ (Нар. лекс.). Укр. киги ’крык чайкі’, кигик ’тс’, кигикати ’крычаць як чайка’, рус. кигикать ’крычаць як птушка’. Гукапераймальнае (ЕСУМ, 2, 428–429). Польск. kihiczeć з усходнеславянскіх моў (нехарактэрнае h).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
дзіця́ і дзіцё, дзіцяці, ДМ дзіцяці, Т дзіцем і дзіцём, н.; мн. дзеці, дзяцей.
1. Малалетні хлопчык або дзяўчынка (ад нараджэння да падлеткавага ўзросту). Выхоўваць дзяцей. Дзеці дашкольнага ўзросту. □ Між вялікіх лазяць дзеці, Так, як мышы між снапоў. Крапіва. Дзіця не заплача — матка не здагадаецца. Прыказка. Дзе многа нянек, там дзіця без носа. Прыказка. // Пра наіўнага, нявопытнага чалавека. — [Паўлік] папаўся ў лапы агіднага чалавека. Ён жа яшчэ дзіця тады быў. Чорны.
2. Сын або дачка (незалежна ад узросту). Матчына сэрца гатова ўсім ахвяраваць дзеля любага дзіцяці свайго. Бядуля. Як сыдземся ўсе на свята — Васьмёра дзяцей дарослых — Становіцца цеснай хата Ад падарункаў розных. Гілевіч. // Дзіцяня ў жывёл, птушак. Жалобна ціўкала нейкая маленькая птушка, мабыць шукала сваіх сябровак ці дзяцей. Шамякін. І сава хваліць сваё дзіця. Прымаўка.
3. чаго. Пра чалавека, які засвоіў характэрныя рысы свайго асяроддзя, эпохі і пад. Дзіця свайго часу. □ Гэтыя дзеці вады хоць і жывуць морам, але рыбакамі назваць іх нельга. Маўр. Мы дзеці рэвалюцыі, Кастрычніка сыны! Дудар.
•••
Горкае (зялёнае) дзіця — пра наіўнага, нявопытнага маладога чалавека.
Не дзяцей хрысціць каму з кім гл. хрысціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КУБІЛІ́НСКАС ((Kubilinskas) Костас) (1.7.1923, в. Руда Вілкавішкскага р-на, Літва — 9.3.1962),
літоўскі паэт. Пісаў пераважна для дзяцей. Аўтар кніг вершаў, казак, п’ес-казак: зб-кі «Парад літар» (1951), «З вярбовай дудачкай», «Казачны домік» (абодва 1957), «Было, было, спрэчак няма» (1958), «Каралева-Жаба» (1962), «Гліняны Матэюкас» і «Ветрагон» (абодва 1963) і інш. Яго творы адметныя глыбокім веданнем псіхалогіі дзіцяці, трапным выкарыстаннем фальклору, пачуццём гумару. У зб-ках паэзіі «Раўніны спяваюць» (выд. 1964), «Смутак па вяршынях» (выд. 1970) пераважаюць элегічныя настроі. Пераклаў на літ. мову асобныя творы Я.Купалы. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Р.Барадулін, В.Вітка, Х.Жычка, У.Шахавец. Дзярж. прэмія Літвы 1959.
т. 8, с. 553
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пхаць, -а́ю, -а́еш, -а́е; незак. (разм.).
1. каго-што. Дакранацца рэзкім рухам, кароткім ударам, рухам ад сябе, штурхаць.
П. у грудзі.
П. суседа локцем.
П. тачку.
2. каго-што. Паспешліва або з цяжкасцю запіхваць.
П. рэчы ў чамадан.
3. каму што. Прымушаць есці, піць многа ці супраць жадання.
П. ежу дзіцяці.
|| аднакр. пхнуць, -ну, -неш, -не; -нём, -няце́, -нуць; -ні́ (да 1 і 2 знач.).
|| наз. пха́нне, -я, н.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
вар’я́т, ‑а, М ‑р’яце, м.
1. Псіхічна хворы чалавек. Хто цяпер пашкадуе залатаных стрэшак? Хіба толькі вар’ят або вораг які. Дудар.
2. Лаянк. Той, хто дзейнічае безразважна; шалёны; дзівак. [Вольга Сцяпанаўна:] — Ну, дай жа ты дзіцяці казку паслухаць! Добры бацька сам расказаў бы, а ён і паслухаць не дае. Вось вар’ят ужо! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)