АТАРА́КСІЯ (ад грэч. ataraxia спакойнасць),

паняцце стараж.-грэч. этыкі пра ціхамірнасць і душэўны спакой як мэту і форму паводзін. Ант. мысліцелі лічылі, што атараксія садзейнічае непрадузятаму роздуму. Калі матэрыялісты (Дэмакрыт, Эпікур, Лукрэцый) бачылі гэты шлях у пазнанні свету, пераадоленні страху і трывог, у дасягненні душэўнага спакою і ўнутранай гармоніі, то ў этыцы прыхільнікаў скептыцызму (Пірон) атараксія дасягаецца ўстрыманнем ад суджэнняў пра дабро і зло, ісціннае і памылковае, прымірэннем з рэальнасцю (гл. таксама Апатыя). Атараксія, узведзеная ў этычны прынцып, супярэчыць актыўнай, сацыяльна-дзейснай жыццёвай пазіцыі.

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІМА́Х (Kallimachos; 310 да н.э., г. Кірэна, цяпер г. Шахат, Лівія — каля 240 да н.э.),

старажытна грэчаскі паэт і філолаг; прадстаўнік александрыйскай паэзіі. Жыў пры егіп. двары Пталамеяў, узначальваў Александрыйскую бібліятэку.

Стваральнік новага літ. жанру — паэзіі малых форм: паэма «Гекала» (эпілій — малы эпас); зб-кі апавяд. элегій у 4 кн. «Прычыны», вершаў «Ямбы». Аўтар шматлікіх эпіграм, гімнаў, «Табліц» — першага каталога грэч. пісьменнікаў і іх твораў з біягр. звесткамі. Творчасць К. паўплывала на больш познюю грэч. і рым. паэзію.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Александрийская поэзия. М., 1972.

т. 7, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРСІ́Ў (ням. Kursiv ад позналац. cursivus літар. які бяжыць),

1) адзін з абрысаў друкарскага шрыфту з нахілам асн. штрыхоў літар направа. Нагадвае рукапісны почырк. Выкарыстоўваецца пераважна для выдзялення асобных частак набору, найб. шырока — у энцыклапедычных і інш. даведачных выданнях. Упершыню ўжыты ў т.зв. альдзінах — выданнях венецыянскіх друкароў 15—16 ст. Выкарыстоўваўся ў бел. кірылічных выданнях друкарні Мамонічаў у канцы 16 ст. 2) Скарапісны почырк лац. і грэч. пісьма. Найб. стараж. ант. К. 1—2 ст.; у візант.-грэч. пісьме быў пашыраны ў 9 ст. ў канцылярскай, дыпламат. і гандл. перапісцы.

т. 9, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЭ́КІ (грэч. metoikos літар. перасяленец, чужаземец),

іншаземцы, якія перасяліліся ў стараж.-грэч. полісы. Сярод М. былі і адпушчаныя на волю рабы. Мелі асабістую свабоду, але былі пазбаўлены паліт. правоў, не маглі выступаць на судзе і не валодалі нерухомасцю. Кожны М. павінен быў мець апекуна — грамадзяніна поліса (прастата), штогод плаціць дзяржаве спец. даніну — метэкіён (мужчына 12, жанчына 6 драхм), несці вайсковую службу. Займаліся пераважна гандлем, рамёствамі, ліхвярствам. Сярод іх былі вельмі багатыя гараджане. У 5—4 ст. да н.э. адыгрывалі важную ролю ў эканоміцы гарадоў.

т. 10, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫПІЁН АФРЫКА́НСКІ Малодшы, Публій Карнелій Сцыпіён Эміліян Афрыканскі Малодшы (Publius Cornelius Scipio Aemilianus Africanus Junior; каля 185—129 да н.э.), старажытнарымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Прыёмны ўнук Сцыпіёна Афрыканскага Старэйшага. У 151 да н.э. ваяваў у Іспаніі. Абраны консулам, захапіў і разбурыў у 146 да н.э. Карфаген. У 142 да н.э. цэнзар, у 133 да н.э. заваяваў Нуманцыю. Выступаў супраць рэформ Гракхаў. Захапляўся грэч. культурай. Аб’яднаўшы ў т.зв. «Сцыпіёнаў гурток» грэч. пісьменнікаў (Палібій і інш.), імкнуўся перанесці ў рым. культуру эліністычнае мастацтва і адукацыю.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАМІНІ́Н Ціт Квінкцый (Titus Quinctius Flamininus; каля 226—174 да н.э.),

палітычны дзеяч і палкаводзец Стараж. Рыма. Ваен. трыбун 208, прапрэтар 205/204, консул 198, цэнзар 189 да н.э. На чале рым. арміі ў 2-й Македонскай вайне разбіў каля Кінаскефалаў македонскую армію Філіпа V і заключыў дагавор, паводле якога Філіп V адмовіўся ад усіх уладанняў у Грэцыі. На Істмійскіх гульнях (196) абвясціў свабоду грэч. полісаў. У 195 да н.э. разбіў войскі спартанскага тырана Набіса і абмежаваў яго ўладу. Праводзіў палітыку падтрымкі арыстакратыі ў грэч. полісах.

А.​Г.​Зельскі.

т. 16, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮПІ́ТЭР,

у старажытнарымскай рэлігіі і міфалогіі цар багоў, бог неба, святла, дажджу, грому, маланкі, вайны і перамогі, а ў пазнейшыя часы — і заступнік Рым. дзяржавы. Лічыўся таксама апекуном земляробства, гарантам вернасці ў клятве, абаронцам свабоды і г.д. Рымляне атаясамлівалі яго з грэч. Зеўсам, міфы пра якога перайшлі з грэч. міфалогіі ў рымскую як міфы пра Ю. Гал. храм Ю. знаходзіўся на Капітоліі ў Рыме, дзе яго шанавалі разам з Юнонай і Мінервай (Капіталійская трыяда), яму былі прысвечаны святы збору вінаграду і Рым. гульні.

т. 18, кн. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЛЕ́Т (ад грэч. athlētēs барэц),

1) спартсмен, які займаецца атлетыкай.

2) Чалавек моцнага складу і вялікай фіз. сілы.

т. 2, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАСО́МЫ (ад аўта... + грэч. sōma цела),

усе храмасомы ў клетках раздзельнаполых жывёл і раслін, за выключэннем палавых храмасом.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАПЛЕКСІ́Я (ад грэч. apoplēssō разбіваць ударам),

кровазліццё, што хутка развіваецца, у які-небудзь орган, напр. мозг (гл. Інсульт).

т. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)