АЭРАДРО́М (ад аэра... + грэч. dromos месца для бегу, бег),
тэрыторыя з паветранай прасторай, комплексам збудаванняў і абсталявання, якія прызначаны для ўзлёту, пасадкі, размяшчэння і абслугоўвання самалётаў, верталётаў і планёраў. Асн. элементы аэрадрома: лётная зона, лётнае поле, лётная паласа, канцавыя і бакавыя палосы бяспекі, паветр. падыходы, рулёжныя дарожкі, навігацыйнае абсталяванне (радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі і інш.), святлосігнальныя сістэмы і інш.
Бываюць аэрадромы грамадзянскія, ваенныя і сумеснага базіравання, трасавыя — для эксплуатацыі самалётаў і верталётаў, якія перавозяць па авіялініях пасажыраў, грузы, пошту (да іх належаць усе аэрадромы аэрапортаў) і спец. прызначэння (напр., с.-г., лясной і санітарнай авіяцыі), заводскія, вучэбныя, клубна-спартыўныя. Адрозніваюць аэрадромы з адной або некалькімі ўзлётна-пасадачнымі палосамі (УПП) са штучным пакрыццём і аэрадромы з грунтавымі УПП. У залежнасці ад памераў УПП і трываласці штучных пакрыццяў грамадзянскія аэрадромы падзяляюцца на класы. Ваен. аэрадромы паводле прызначэння бываюць вайсковыя (флоцкія), вучэбныя і спецыяльныя (для выпрабавання лятальных апаратаў і інш. мэтаў); паводле характару выкарыстання — асноўныя, запасныя, несапраўдныя (для падману праціўніка) і аэрадромы манеўру. Паводле геагр. (прыродных) умоў адрозніваюць аэрадромы палярныя, пустынныя (тундравыя), горныя, водныя (гідрааэрадромы), лядовыя; па ступені абсталявання — пастаянныя і палявыя (часовыя). У залежнасці ад даўжыні і шырыні УПП і трываласці пакрыцця, абсталявання сродкамі тэхн. забеспячэння палётаў ваен. аэрадромы падзяляюцца на пазакласныя, 1, 2, 3, 4-га класаў і пасадачныя пляцоўкі. Пры вял. грамадзянскіх аэрадромах узводзяцца аэрапарты.
Да арт.Аэрадром. Схематычны план грамадзянскага аэрадрома: 1 — канцавыя палосы бяспекі; 2 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 3 — грунтавая ўзлётна-пасадачная паласа; 4 — бакавыя палосы бяспекі; 5 — рулёжная дарожка; 6 — пляцоўка для запуску рухавікоў; 7 — перон; 8 — месца стаянкі самалётаў; 9 — пляцоўка для ліквідацыі дэвіяцыі.Да арт.Аэрадром. Схематычны план пастаяннага ваеннага аэрадрома з адной лётнай паласой: 1 — узлётна-пасадачная паласа са штучным пакрыццём; 2 — грунтавыя ўзлётна-пасадачныя палосы; 3, 4 — канцавыя і бакавыя палосы бяспекі; 5 — палосы паветраных падыходаў; 6, 7, 8 — магістральная, злучальная, дапаможная рулёжныя дарожкі; 9, 10 — групавое, індывідуальныя месцы стаянкі; 11, 12 — спецыяльныя пляцоўкі; 13 — службова-тэхнічныя будынкі; 14 — казармы; 15 — пад’язныя і ўнутрыаэрадромныя дарогі; 16 — чыгунка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАБІЯЛО́ГІЯ (ад гідра... + біялогія),
навука пра водныя арганізмы, іх узаемадзеянне паміж сабой і з умовамі асяроддзя, біял. прадукцыйнасць прэсных і акіянскіх вод. Займаецца таксама прыкладнымі пытаннямі (біягігіены, водазабеспячэння, біял. ачысткі вод і інш.). Адрозніваюць гідрабіялогію санітарную, тэхнічную і прамысловую.
У самаст. навуку вылучылася ў 2-й пал. 19 ст., калі з развіццём батанікі і заалогіі пачалі стварацца марскія і прэснаводныя біял. станцыі, была вызначана роля водных арганізмаў у працэсе ачышчэння вадаёмаў (ням. вучоныя А.Мюлер, Ф.Кон, рус. Н.П.Вагнер). Асновы рус. марскіх гідрабіял. даследаванняў закладзены ў 1900-я г.навук.-прамысл. экспедыцыямі М.М.Кніповіча, працамі С.А.Зярнова, К.М.Дзяругіна, Л.А.Зянкевіча і інш. Для развіцця прэснаводнай гідрабіялогіі вял. значэнне мелі працы У.М.Арнольдзі, А.Л.Бенінга, Г.Ю.Верашчагіна, В.Н.Варанкова, В.І.Жадзіна і інш.
На Беларусі даследаванні па гідрабіялогіі пачаліся ў 1904 у Аддзеле іхтыялогіі Рускага т-ва акліматызацыі жывёл і раслін. Вывучэнне вадаёмаў паглыбілася з утварэннем у 1928 н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (з 1979 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі) і ў 1946 біял. станцыі БДУ на воз. Нарач. Н.-д. работа па гідрабіялогіі вядзецца таксама ў Ін-це заалогіі Нац.АН, БДУ, Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, інш.ВНУ. Вызначана біял. і рыбагасп. прадукцыйнасць усіх асн. рэк і азёр, праведзена лімналагічная і рыбагасп. класіфікацыя прамысл. вадаёмаў (Г.Г.Вінберг, П.І.Жукаў, С.В.Кахненка, М.М.Драко, У.П.Ляхновіч, П.Р.Пятровіч, В.П.Якушка і інш.), ацэнка сан. стану вадаёмаў і здольнасць іх да біял. самаачышчэння (Вінберг, П.В.Астапеня, А.П.Астапеня і інш.). Распрацоўваюцца пытанні біял. прадукцыйнасці рэк, азёр і сажалак, вядзецца аналіз балансу і трансфармацыі рэчываў і энергіі ў водных экасістэмах, вывучаюцца функцыянальныя сувязі ў біяцэнозах (Г.А.Галкоўская, Л.М.Сушчэня, Н.М.Хмялёва).
Літ.:
Петрович П.Г. Очерк развития гидробиологических исследований в Белоруссии // Очерки по истории гидробиологических исследований в СССР. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я РЭ́КІ,
невялікія водныя патокі, якія звычайна маюць сцёк на працягу ўсяго года. Умоўна да М.р. прынята адносіць рэкі з вадазборам да 2 тыс.км²; часта пры падзеле рэк на вялікія, сярэднія і малыя кіруюцца даўжынёй рэчышчаў. З’яўляюцца асн. кампанентам у складзе гідраграфічнай сеткі, вызначаюць воднасць і якасны стан вял. рэк; з М.р. складаецца верхняе звяно фарміравання паверхневага сцёку, для якога характэрны адносна высокая воднасць у час раставання снегу або ліўневых і зацяжных дажджоў і нізкая ў інш. перыяды года. Некат. М.р. могуць перасыхаць або перамярзаць. На М.р. часта знаходзяцца нерасцілішчы рыб, многія з іх маюць значнае паляўніча-гасп. і эстэт. значэнне. Асаблівая ўвага да М.р. звязана з іх вял. рэсурсаахоўнай і асяроддзеўтваральнай роляй, што найб. выразна выяўляецца ў зонах інтэнсіўнай меліярацыі. На Беларусі М.р. лічаць рэкі з пл. вадазбору да 250 км² ці даўж. да 100 км, у практыцы прыродаахоўнай дзейнасці да іх адносяць рэкі даўж. да 200 км. Усяго на Беларусі 20 780 рэк і ручаёў, з іх М.р. 20 732, рэк даўж. больш за 100 км — 48.
Найб. распаўсюджаны раўнінныя М.р. Яны працякаюць у адносна неглыбокіх, добра распрацаваных шырокіх далінах са спадзістымі схіламі. маюць звілістыя рэчышчы, складзеныя з лёгкаразмыўных грунтоў, з чаргаваннем плёсаў і перакатаў, невял. нахілы, павольнае цячэнне. У межах узвышшаў даліны М.р. больш выразныя, цячэнне больш хуткае, месцамі, асабліва ў вярхоўях, яны цякуць у ярах, берагі якіх стромкія, узроўні вады пры раставанні снегу і значных дажджах могуць павышацца на 2—3 м, а потым хутка спадаць. На Пд Беларусі шмат М.р. цякуць па балотах або маюць значныя прасторы іх у складзе вадазбораў. Для іх характэрны зацяжныя разводдзе і паводкі. некалькі паніжаны межанны сцёк. Значная ч. М.р. выцякае з азёр або цячэ праз іх. Яны характарызуюцца больш нізкімі модулямі макс. сцёку і павышаным сцёкам у межань, больш працяглым разводдзем. Многія М.р. служаць асн. крыніцамі водазабеспячэння, водапрыёмнікамі меліярац. сістэм, вял. колькасць іх каналізавана ў працэсе меліярацыі.
І.Я.Афнагель.
Да арт.Малыя рэкі. Рака Раста каля вёскі Астравы Чавускага раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЛЕКАКО́РМЯЧЫЯ, звяры,
сысуны (Mammalia),
клас найб. высокаарганізаваных пазваночных жывёл. 2 падкл.: першазвяры (атр.аднапраходныя) і сапраўдныя звяры (жывародныя), да якіх належаць ніжэйшыя звяры (атр.сумчатыя) і 17—23 атр. вышэйшых звяроў (плацэнтарныя), 95 сям., каля 4,5 тыс. відаў. Да М. адносяцца свойскія жывёлы (каля 15 відаў), чалавек (атр.прыматы). Продкі М. — палеазойскія рэптыліі. Вядома каля 3 тыс. выкапнёвых відаў М., пачынаючы з трыясу (каля 170 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Паводле спосабу жыцця М. — падземныя, наземныя, паўводныя і водныя жывёлы. На Беларусі 6 атр. (насякомаедныя, рукакрылыя, драпежныя звяры, грызуны, парнакапытныя, зайцападобныя), 21 сям., 45 родаў, каля 75 відаў. Насяляюць лясы, палі, лугі, балоты, трапляюцца каля жылля чалавека. У Чырв. кнізе МСАП 230 відаў і 91 падвід, Беларусі — 14 відаў.
Памеры ад даўж. 4 см і масы 1,2 г (карлікавая белазубка з землярыйкавых) да выш. 4,5 м і масы 7,5 т (слон афрыканскі) у наземных М.; у водных — да даўж. 33 м і масы да 150 т (блакітны кіт). Асн. прыкметы М.; высокі ўзровень развіцця нервовай сістэмы, жывароднасць у спалучэнні з выкормліваннем дзіцянят малаком, дасканалая сістэма цепларэгуляцыі (гомаятэрмія). Цела ўкрыта валасамі, скура багатая залозамі (характэрны малочныя залозы), мае шэраг прыдаткаў капыты, кіпцюры, рогі. Шыйных пазванкоў, як правіла, 7. Зубы ў альвеолах, дыферэнцыраваныя на разцы, іклы і карэнныя. У сярэднім вуху 3 слыхавыя костачкі. Дыханне лёгачнае. Сэрца 4-камернае, з левай дугой аорты. Галаўны мозг з развітымі вял. паўшар’ямі, якія маюць «новую кару» — неакортэкс, у многіх М. са звілінамі. Апладненне ўнутранае. Амаль усе М. маюць плацэнту. Размнажэнне — ад круглагадавога (напр., мышы) да аднаго разу ў некалькі гадоў (маржы, сланы). Жыўленне — ад поўнай расліннаеднасці да драпежніцтва ці ўсёеднасці. Усе сістэмы органаў звычайна добра развітыя, але, улічваючы разнастайнасць М., ад агульнай схемы ёсць мноства адхіленняў, Раздзел заалогіі, што вывучае М., наз.тэрыялогія.
Літ.:
Млекопитающие Советского Союза. Т. 1—2. М., 1961—76;
Соколов В.Е. Систематика млекопитающих. [Ч. 1—3]. М., 1973—79;
Жизнь животных. Т. 7. Млекопитающие. 2 изд. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПдЗах.-Сібірскай раўніны, у Рас. Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. На Пд мяжуе з Казахстанам. Пл. 139,7 тыс.км². Нас. 2180 тыс.чал. (1998), гарадскога 67,2%. Цэнтр — г.Омск. Найб. гарады: Ісількуль, Тара, Калачынск.
Паверхня пераважна раўнінная (выш. 100—140 м), на Пн забалочаная, на Пд невял. выцягнутыя ўзвышшы — грывы. Карысныя выкапні: гліна, пясок, мергель, торф; у азёрах мірабіліт і кухонная соль. Клімат кантынентальны, умерана халодны. Сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака Іртыш з прытокамі Ом, Тара, Туй (справа), Ішым, Оша (злева). Шмат азёр. На Пн і ў цэнтр.ч. прэсныя (Тэніс, Ік, Салтаім), на Пд салёныя (Эбейты). Глебы чарназёмныя (на Пд), балотныя і дзярнова-падзолістыя (на Пн і ПнЗ), ёсць саланцаватыя і саланчакі. О.в. размешчана ў зонах паўднёватаежных і мяшаных лясоў, лесастэпу і стэпу. Пад лесам і хмызнякамі каля 25% тэрыторыі. На Пн лясы з кедра, елкі, піхты, далей на Пд бярозава-асінавыя лясы, у лесастэпе — калкі.
О.в. — адзін з найб. развітых раёнаў Зах. Сібіры. Гал. галіна — нафтаперапр. (45,7% кошту прамысл. прадукцыі), прадстаўлена Омскім нафтаперапр. з-дам. Развіты хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сцьсінт. каўчуку, пластмас, мыйных сродкаў, медпрэпаратаў, лакаў, фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць матораў, самалётаў, ракет, тэлевізараў, магнітафонаў, газавай апаратуры, збожжаўборачных камбайнаў, трактарных прычэпаў, запчастак для с.-г. машын). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (4 у г. Омск). На мясц. сыравіне працуюць харч. (масласыраробная, мясная, мукамольная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць піламатэрыялаў, дачных домікаў, мэблі), часткова лёгкая (аўчынна-футравая, гарбарна-абутковая, ільняная, швейная, трыкат., дывановая) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна- і авечкагадоўлі. Пасяўныя плошчы займаюць 3,3 млн.га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (яравая пшаніца, жыта, ячмень, авёс) 60% плошчы, тэхн. (сланечнік, лён) — 0,3%, кармавымі — 37,8%, бульбай і агароднінай — 1,9%. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коней, птушку. Пушны промысел (вавёрка, андатра, гарнастай і інш.); зверагадоўля. Даўж. чыгунак 886 км. Асн. чыгункі Транссібірская магістраль, Омск—Цюмень—Екацярынбург. Даўж. аўтадарог 7264 км. Унутр.водныя шляхі складаюць 1667 км. Суднаходства па рэках Іртыш, Ішым. Нафтаправоды Транссібірскі і Ніжнявартаўск—Усць-Балык—Омск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
асно́важ.
1.в разн. знач. основа́ние ср.;
а. буды́нка — основа́ние зда́ния;
а. трохвуго́льніка — мат. основа́ние треуго́льника;
во́дныя ~вы — хим. во́дные основа́ния;
2. (базис) осно́ва;
эканамі́чная а. — экономи́ческая осно́ва;
3.грам. осно́ва;
а. сло́ва — осно́ва сло́ва;
4.текст. осно́ва; (наснованная пряжа) сно́вка;
5. (внутренняя опорная часть предмета) осно́ва, скеле́т м., сте́ржень м.;
6.толькомн. осно́вы;
~вы хі́міі — осно́вы хи́мии;
7.толькомн. (основание, принцип) нача́ла;
8.толькомн.перен. усто́и;
сяме́йныя ~вы — семе́йные усто́и;
◊ пало́жаны ў ~ву — поло́женный в осно́ву;
палажы́ць у ~ву (у ~ву асно́ў) — положи́ть во главу́ угла́;
залажы́ць (закла́сці) ~вы — заложи́ть осно́вы
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
КІРМАШО́ВЫ ТЭА́ТР,
умоўная назва комплексу тэатральных і паратэатральных дзействаў у час святочных кірмашоў. Вядомы ў многіх народаў свету, на Беларусі — з 16 ст. Спачатку паказы К.т. ўключалі выступленні скамарохаў, дэманстрацыі дрэсіраваных мядзведзяў. У 19 ст. папулярнасць набылі фрай-балаганы на вольным паветры, дзе выступалі вандроўныя артысты (у сярэдзіне 19 ст. ў Кобрыне на кірмашы выступалі канатныя танцоры і штукары пад кіраўніцтвам бел. фокусніка Даўгялы). У пач. 20 ст. ў зах. раёнах Беларусі вандроўны заапарк з Польшчы дэманстраваў дрэсіраваных звяроў, выступалі мясц. і прыезджыя цыркавыя трупы; у Докшыцах адной з форм К.т. сталі прадстаўленні батлейкі Б.Патупчыка. На кантрактавых кірмашах 19 ст. выступалі хары нар. песні і інстр ансамблі, наладжваліся танц. балі, маскарады, феерверкі. З 1803 у Мінску штогод на святочных кірмашах іграў гар. аркестр; у Шклове ў маёнтку графа С.Г.Зорыча ў час летніх кірмашоў ладзілі водныя відовішчы з расквечанымі караблямі (імітавалі «марскія бітвы», напады на судны «піратаў»). Да кірмашоў прымяркоўвалі і тэатр. спектаклі (ставіў спектаклі Мінскі гар.т-р; у Мазыры ў 1840 у час спасаўскага кірмашу выступалі драм. артысты з Мінска, музыканты, катрыншчыкі, вальтыжоры, канцэрцісты). Кірмашовыя паказы вандроўных т-раў адбываліся ў Нясвіжы, Кобрыне, Оршы. У Зэльве ў спецыяльна пабудаваным т-ры балаганнага тыпу часта выступаў т-р з Вільні, вандроўныя артысты з Расіі, інш. краін, паказвалі цыркавыя праграмы, імпрэзы з танцаў і індыйскіх гульняў (у 1860 франц. антрэпрэнёр Л.Персуар даў тут 12 цыркавых прадстаўленняў). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне на кірмашах праводзілі неафіц. конкурсы вясковых хароў, фалькл.-інстр. ансамбляў, выканаўцаў прыпевак. У Полацкім пав. выступалі тэатралізаваныя муз. ансамблі. Пашыраны былі і кірмашовыя чэмпіянаты вясковых асілкаў, барцоў, тэатралізаваная барацьба з пераапранутым у мядзведзя (Пінск), ладзіліся нар. гульні, забавы, карагоды, каруселі, гушканне на арэлях. Спецыфіка паратэатр. дзействаў бел. кірмашоў канца 19 ст. — тэатралізаваныя гандл. атракцыёны (палеская, браслаўская і перабродская рыбалкі, тураўская рыбная латарэя, івацэвіцкая гандл. рулетка і інш.), якія ўзніклі як форма прапаганды тавару сродкамі гульні. Паказы К.т. давалі шырокія магчымасці для праяў фантазіі, майстэрства, імправізацыйнай творчасці ўдзельнікаў. На сучасным этапе адбываецца адраджэнне К.т. Беларусі. На святочных кірмашах побач з традыц. формамі К.т. суіснуюць сучасныя тэатр. і паратэатр. дзействы — выступленні аматарскіх тэатр. калектываў, т-раў малых форм, конкурсы гумарыстаў, выканаўцаў прыпевак, канцэрты прафес. артыстаў, сюжэтна-гульнявыя праграмы, танц. балі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́БЕЛЬ (ад галанд. kabel канат, трос) электрычны, адзін ці некалькі ізаляваных праваднікоў (токаправодных жыл), змешчаных у ахоўную (звычайна герметычную) абалонку. Выкарыстоўваецца для перадачы на адлегласць эл. энергіі (сілавы К.) або сігналаў (кабель сувязі). Злучаецца кабельнымі муфтамі. Пракладваюцца ў зямлі спец. машынамі — кабелеўкладчыкамі, у вадзе з дапамогай кабельных суднаў.
Сілавы К. звычайна трохжыльны, напружаннем да 500 кВ Жылы яго з медзі, алюмінію, часам са сталі; ізаляцыя — з дыэлектрыка, які аддзяляе жылы адна ад адной і ад абалонкі; абалонка — свінцовая, алюмініевая або з пластмасы; ахоўныя пакрыцці — прамочаная кабельная пража, стружачная метал. браня і інш. Сілавыя К. пракладваюць у спец. кабельных збудаваннях (каналах, тунэлях і г.д.), у зямлі (у спецыяльна абсталяваных траншэях), пад вадой. а таксама выкарыстоўваюць у шлангавым выкананні (для падключэння рухомых машын, напр. ліфтаў). Бываюць: з мнагаслойнай папяровай ізаляцыяй, прамочанай маслаканіфольным саставам; масланапоўненыя на напружанне 110—750 кВ (эл. трываласць шматслойнай папяровай ізаляцыі забяспечваецца малавязкім мінер. маслам пад ціскам 0,1—1,5 МПа); газанапоўненыя на напружанне 35—275 кВ (эл. трываласць забяспечваецца газам, звычайна азотам пад ціскам да 3 МПа, які ўводзіцца непасрэдна ў ізаляцыю або ўздзейнічае на абалонку жылы звонку); крыягенныя на напружанне да 500 кВ (жылы з медзі або алюмінію высокай чысціні ахалоджваюцца ў вадкім вадародзе ці азоце да крыягенных т-р — менш за 120 К); звышправодныя на напружанне да 500 кВ і больш (жылы з звышправаднікоў ахалоджваюцца да т-ры ніжэй за крытычную; эл. ізаляцыя — вакуум, вадкі гелій або сінт. матэрыялы, насычаныя холадаагентам). Існуе больш за 1000 тыпаў К. На Беларусі К. выпускаюць акц. т-вы «Гомелькабель» (гл.Гомельскі кабельны завод) і «Мазыркабель» (гл.Мазырскі кабельны завод).
Разнавіднасці сілавых і кантрольных электрычных кабеляў: а — браніраваны для сілавых і асвятляльных установак; б — камбінаваны гнуткі для падачы электраэнергіі да землярыйных і горназдабыўных машын; в — шлангавы асабліва гнуткі для ліфтавых установак; г — масланапоўнены ў стальным трубаправодзе для пракладкі праз водныя перашкоды і інш.; д — браніраваны газанапоўнены пад ціскам для ЛЭП высокага напружання; е — кантрольны для далучэння электрычных прылад і прыстасаванняў кіравання і аховы; 1 — токаправодная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ПАСЦЬ,
умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).
Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.
У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.
На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л.Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл. таксама Абарончыя збудаванні.
Літ.:
Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;
гл. таксама пры арт.Абарончыя збудаванні.
М.А.Ткачоў.
Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.Крэпасць Туроўля. 1566—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАТЫ́ЧНЫ ЦІСК, дыфузны ціск,
лішкавы гідрастатычны ціск раствору, які перашкаджае дыфузіі растваральніку праз паўпранікальную перагародку; тэрмадынамічны параметр. Характарызуе імкненне раствору да зніжэння канцэнтрацыі пры сутыкненні з чыстым растваральнікам пры сустрэчнай дыфузіі малекул растворанага рэчыва і растваральніку. Абумоўлены змяншэннем хімічнага патэнцыялу растваральніку ў прысутнасці растворанага рэчыва. Роўны лішкаваму вонкаваму ціску, які неабходна прыкласці з боку раствору, каб спыніць осмас. Вымяраецца ў паскалях.
Вымярэнні асматычнага ціску пачаў у 1877 ням. батанік В.Пфефер у растворы трысняговага цукру. Па яго даных галандскі хімік Я.Х.Вант-Гоф устанавіў у 1887, што залежнасць асматычнага ціску ад канцэнтрацыі цукру па форме супадае з Бойля-Марыёта законам для ідэальных газаў. Асматычны ціск вымяраюць з дапамогай асмометраў. Статычны метад вымярэння асматычнага ціску заснаваны на вызначэнні лішкавага гідрастатычнага ціску па вышыні слупка вадкасці H пасля ўстанаўлення стану раўнавагі пры роўнасці вонкавых ціскаў PА і PБ; дынамічны метад зводзіцца да вымярэння скорасці V усмоктвання і выціскання растваральніку з асматычнай ячэйкі пры розных значэннях лішкавага ціску P = PА – PБ з наступнай інтэрпаляцыяй атрыманых даных да V=0 пры лішкавым ціску Δp, роўным асматычнаму ціску. Па велічыні асматычнага ціску распазнаюць: ізатанічныя, або ізаасматычныя, растворы, якія маюць аднолькавы асматычны ціск (незалежна ад саставу), гіпертанічныя з больш высокім Асматычным ціскам і гіпатанічныя растворы з больш нізкім асматычным ціскам.
Асматычны ціск адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці жывых клетак і арганізмаў. У клетках і біял. вадкасцях ён залежыць ад канцэнтрацыі раствораных у іх рэчываў. Па велічыні асматычнага ціску вадкасцяў унутр. асяроддзя арганізма (кроў, гемалімфа і інш.) водныя арганізмы падзяляюцца на гіпер-, гіпа- і ізаасматычныя. Сярэдняя велічыня і дыяпазон асматычнага ціску ў розных арганізмаў розныя і залежаць ад віду і ўзросту арганізма, тыпу клетак і асматычнага ціску навакольнага асяроддзя (напр., асматычны ціск клетачнага соку наземных органаў балотных раслін 0,2—1,6 МПа, у стэпавых 0,8—0,4, у дажджавых чарвякоў 0,36—0,48, у прэснаводных рыб 0,6—0,66, у акіянічных касцістых рыб 0,78—0,85, акулавых 2,2—2,3, млекакормячых 0,66—0,8 МПа). У гіперасматычных арганізмаў (прэснаводныя жывёлы, некаторыя марскія храстковыя рыбы — акулы, скаты; усе расліны) унутр. Асматычны ціск перавышае асматычны ціск навакольнага асяроддзя, таму іоны могуць актыўна паглынацца арганізмам і ўтрымлівацца ў ім, а вада паступае праз біял. мембраны пасіўна, у адпаведнасці з асматычным градыентам. У гіпаасматычных жывёл (касцістыя рыбы, некаторыя марскія паўзуны, птушкі) асматычны ціск крыві меншы за асматычны ціск навакольнага асяроддзя. Адноснае пастаянства Асматычнага ціску забяспечваецца водна-салявым абменам праз осмарэгулявальныя органы (гл. ў арт.Осмарэгуляцыя).
Літ.:
Курс физической химии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1970—73;
Пасынский А.Г. Коллоидная химия. 3 изд. М., 1968;
Гриффин Д., Новик Эл. Живой организм: Пер. с англ.М., 1973.
Вымярэнне асматычнага ціску асмометрам: А — камера для раствору; Б — камера для растваральніка; М — мембрана. Узроўні вадкасці ў трубках пры асматычнай раўнавазе: а, в — пры роўнасці вонкавых ціскаў PА = PБ; б — пры роўнасці рознасці PА−PБ асматычнага ціску.