СІ́РАК’ЮС, Сіракузы (Syracuse),

горад на ПнУ ЗША, штат Нью-Йорк. Засн. ў 1786, горад з 1847. 152,2 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 700 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на канале Эры (злучае Вялікія азёры з Атлантычным ак.). Аэрапорт. Прам-сць: чорная (высакаякасныя сталі і сплавы) і каляровая (пракат і ліццё алюмінію) металургія, эл.-тэхн., радыёэлектронная, аўтамаб., па вытв-сці цеплавога і інш. прамысл. абсталявання, хім. (шчолачы, хлор, фармацэўтычныя прэпараты), харчасмакавая, у т. л. лікёра-гарэлачная. Ун-т.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЕ АСТРАВІ́ТА,

гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання унікальных вадаёмаў Бел. Паазер’я і месцаў росту палушніку азёрнага, занесенага ў Чырв. кнігу Беларусі. Пл. 168 га (1996). Размешчаны на тэр. Арлейскага лясніцтва, уключае азёры Гваздок, Вялікае Астравіта і прылеглую ч. водазаборнай плошчы, укрытую лесам. Заказнік знаходзіцца на ПнУ Полацкай нізіны. Рэльеф азёрна-ледавіковы. У раслінным покрыве пераважае хвоя, на Пд і ПдЗ трапляюцца ельнікі і бярэзнікі. Воз. Вялікае Астравіта з устойлівым гідралагічным балансам і высокімі якаснымі паказчыкамі гідрахім. складу вады; аб’ект маніторынгу.

т. 4, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́БЛЯ,

возера ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 35 км на ПнЗ ад г. Мядзел, у межах ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,47 км², даўж. 1,15 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 26,8 м, даўж. берагавой лініі 3,3 км. Пл. вадазбору 1,43 км². Схілы катлавіны выш. да 35 м, пясчаныя, параслі лесам. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і Пд забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. Вызначаецца высокай празрыстасцю вады, маляўнічым наваколлем. Зарастае. Упадае ручай з воз. Глубелька, выцякае ручай у р. Страча.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й ПРЫРО́ДЫ І ЭКАЛО́ГІІ РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.

Засн. ў 1991 у Мінску на базе аддзела прыроды Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі. Мае больш за 40 тыс. экспанатаў (1999). Пл. экспазіцыі 350 м². У 6 тэматычных залах (мінералагічны, феналагічны, аховы прыроды, рэкі, азёры, лес) экспанаты расказваюць аб прыродных багаццях, эвалюцыі жывёльнага і расліннага свету ад старажытнасці да нашых дзён. Вядзе н.-д. работу па ацэнцы сучаснага стану прыроды, стварае па ім банк даных (калекцыі расліннага, жывёльнага свету, мінералагічная, палеанталагічная), прапагандуе экалагічныя веды.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́РСКАЕ ПААЗЕ́Р’Е (Pojezierze Pomorskie),

узгорыстая раўніна на ПнЗ Польшчы паміж ніжнімі цячэннямі р. Одэр на З і р. Паслэнка на У (дзе мяжуе з Мазурскім Паазер’ем), берагам Балтыйскага м. на Пн і стараж. далінай Варты — Нотаці на Пд. Выш. да 329 м (г. Вяжыца). Характэрны ледавіковы плейстацэнавы рэльеф з градамі канцавых марэн. У міжмарэнных паніжэннях — азёры. На Пн і Пд — зандравыя раўніны. Пашыраны штучныя насаджэнні хвоі, рэшткі дубова-букавых лясоў, верасоўнікі, тарфянікі. П.П. — таксама агульная назва Паўднёва-Балтыйскіх Паазер’яў, сярод якіх вылучаюць Заходне-, Паўднёва- і Усходне-Паморскае Паазер’і.

т. 12, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПЛА́ЎСКАЯ (Кацярына Георгіеўна) (н. 4.9.1953, Мінск),

бел. мастачка. Дачка Г.Г.Паплаўскага і Н.М.Паплаўскай. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працуе ў галінах жывапісу, графікі, маст. керамікі. Творы вызначаюцца канструктыўнасцю, выразнасцю кампазіцыі, лаканізмам выяўл. мовы. Аўтар серый: графічных «Браслаўскія азёры», «Інтэр’еры» (абедзве 1980), «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (1973—87), «Новы Мінск» (1983—88), жывапісных «Замкі Францыі» (1997—98), «Стары Мінск» (1999—2000) і інш.; сервізаў, ваз, дэкар. пластыкі (1992—96), а таксама серый, якія ўключаюць жывапісныя і графічныя працы: «Па Швейцарыі» (1995), «Па Германіі» (1995—97).

Н.​П.​Марчанка.

т. 12, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛУЦІНО́К,

возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 5 км на Пн ад г. Браслаў, паміж азёрамі Струста, Войса і Балойса. У межах нац. парку Браслаўскія азёры. Пл. 0,23 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 360 м, найб. глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі 2,56 км. Пл. вадазбору 0,7 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы слабавыражаныя, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м. Берагі нізкія, пясчаныя, затарфаваныя, пад хмызняком, на Пн і ПнУ сплавінныя. Дно плоскае, да глыбіні 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае.

т. 12, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СВЯТО́ГА ЛАЎРЭ́НЦІЯ» СІСТЭ́МА ВО́ДНЫХ ШЛЯХО́Ў,

найбуйнейшы водны шлях у Паўн. Амерыцы. Агульная даўж. 3,77 тыс. км Уключае Вялікія азёры (Мічыган, Гурон, Эры, Антарыо), ніжняе цячэнне р. Св. Лаўрэнція (320 км, у Канадзе), злучальныя каналы ў ЗША даўж. 345 км (Давенпарт — Чыкага, 185 км; Ніягара — Сірак’юс, 160 км) і Канадзе (Уэленд, воз. Эры — Антарыо, 45 км). Пабудаваны ў 1959, рэканструяваны ў 1970—72. Буйнейшыя парты: Манрэаль, Квебек, Таронта (Канада), Дэтройт, Чыкага (ЗША). Акіянскія судны ідуць без перавалкі праз Манрэаль, Таронта ў Атлантычны ак. Сістэма звязана таксама з р. Місісіпі.

т. 14, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зады́ Дальняя, задняя частка поля (Беш. Касп.).

□ ур. Зады (поле, 1888) каля в. Азёры Чэр. пав. (ЦДГА БССР, ф. 2214, воп. 1, адз. зах. 24, л. 396).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)