МАРМІЁН ((Marmion) Сімон) (каля 1420—25, г. Ам’ен, Францыя — 24.12. 1489),
французскі жывапісец і мініяцюрыст. Зазнаў уплыў паўд.-нідэрл. жывапісу 15 ст. Яго мініяцюры, стылістычна блізкія да станковага жывапісу, вызначаліся вытанчанасцю стылю, гарманічным каларытам, дэталізаванай кампазіцыяй, жыццёвай канкрэтнасцю і элегантнасцю партрэтных характарыстык, тонкасцю пейзажных фонаў: мініяцюры, якія захоўваюцца ў Каралеўскай б-цы ў Бруселі, «Вялікай хронікі Сен-Дэні», «Вялікіх французскіх хронік» (каля 1454—58). М. прыпісваюць аўтарства жывапісных рэліг. кампазіцый для алтара з абацтва св. Бертэна ў Сент-Амеры: 2 пано «Сцэны з жыццясв. Бертэна» і 2 пано «Анёлы» (завершаны ў 1459).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РЧАНКА (Святлана Міхайлаўна) (н. 15.5.1942, в. Папоўцы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. крытык і паэтэса. Скончыла Магілёўскі пед.ін-т (1964). Працавала ў Касцюковіцкім райкоме ЛКСМБ, у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», газ. «Чырвоная змена», час. «Вожык» і «Работніца і сялянка». У 1984—93 у час. «Полымя». Дэбютавала вершамі ў 1960. Даследуе творчасць Т.Бондар, Г.Бураўкіна, В.Вярбы, С.Гаўрусёва, Н.Гілевіча, К.Кірэенкі, А.Разанава, А.Русецкага і інш., праблемы паэзіі і крытыкі, дзіцячай л-ры. Аўтар манаграфіі «Васіль Вітка: Нарыс жыцця і творчасці» (1985), зб. паэзіі для дзяцей «Што я ведаю» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РЭДЗІТ ((Meredith) Джордж) (12.2.1828, г. Портсмут, Вялікабрытанія — 18.5.1909),
англійскі пісьменнік; адзін з заснавальнікаў сац.-псіхал. рамана. Вучыўся ў Германіі і Англіі. Пачынаў як паэт (зб. «Вершы», 1851). Майстэрствам псіхал. аналізу вызначаюцца раманы «Выпрабаванне Рычарда Феверэла» (1859), «Прыгоды Гары Рычманда» (1870—71), «Кар’ера Б’ючэмпа» (1874—75), «Эгаіст» (1879), «Адзін з нашых заваёўнікаў» (1891) і інш. Яго проза адметная трагічным пачаткам і горкай іроніяй, напружаным інтраспектыўным псіхалагізмам. Аўтар зб-каў паэзіі «Чытанне зямлі» (1888), «Чытанне жыцця» (1901), эсэ. Паўплываў на творчасць Дж.Голсуарсі, Г.Уэлса, Э.М.Форстэра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),
спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт.арг-цыяЛігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСТРА́ЛЬ ((Mistral) Фрэдэрык) (8.9. 1830, Меян, Францыя — 25.3.1914),
правансальскі паэт; адзін з кіраўнікоў руху фелібраў, якія мелі на мэце адраджэнне правансальскай л-ры, мовы і культуры. Паэзія М. развівалася пад уплывам рамантызму (зб. «Залатыя астравы», 1876; «Збіранне аліў», 1912). На фалькл. аснове стварыў паэмы «Мірэйо» (1859), «Паэма пра Рону» (1897) і інш. Аўтар правансальска-франц. слоўніка «Скарб Фелібрыжа» (1879—87). Для яго твораў характэрны багацце фалькл. матэрыялу, рамантычнасць, ідэалізацыя нар.жыцця. Зрабіў вял. ўклад у развіццё нац. л-ры і мовы. Нобелеўская прэмія 1904 (разам з Х.Эчэгарай-і-Эйсагірэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЯЗІ́ (Фацех) (н. 18.4.1914, г. Самарканд, Узбекістан),
таджыкскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Таджыкістана (1986). Скончыў Ташкенцкі пед.ін-т (1949). Друкуецца з 1928. Піша на тадж. і ўзб. мовах. У кн. вершаў «Маяк» (1933), «Песні дня» (1938), «Каханне» (1940) паэтызацыя жыцця, мірнай працы, духоўнага свету суайчыннікаў. Вядучае месца ў яго творчасці займаюць тэмы подзвігу народа ў Вял.Айч. вайну, аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі: кн. франтавых навел «Помста таджыка» (1947), «З апавяданняў пра вайну» (1962), раманы «Вернасць» (кн. 1—2, 1949—58), «Не кажы, што лес пусты...» (1975). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, нарысаў. На бел. мову творы Н. пераклала Г.Ткачова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,
штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел.нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.Сапегу, П.Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.Аляхновіча і А.Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ.жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,
мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗАМА́ТАЧНАЯ ЦЯЖА́РНАСЦЬ,
развіццё аплодненага яйца па-за маткай (у матачнай трубе, яечніку, брушной поласці). Прычыны: запаленчыя захворванні палавых органаў, пухліны, эндакрынныя захворванні, выкарыстанне гарманальных сродкаў, інфантылізм і інш. Часцей бывае трубная П.ц. (95—98%). Эктапічная цяжарнасць уключае ўсе віды П.ц. і матачную цяжарнасць з няправільнай лакалізацыяй плоднага яйца. Пры П.ц. звычайна (у 2—3 месяцы цяжарнасці) разрываецца ёмішча плода з вонкавым або небяспечным для жыццяўнутр. крывацёкам (рэзкі боль жывата, зніжэнне артэрыяльнага ціску, непрытомнасць, шок). Асабліва небяспечны крывацёк развіваецца пры разрывах у шыйцы маткі, у рудыментарнай матцы. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКУПНА́Я ЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
здольнасць грашовай адзінкі быць абмененай на пэўную колькасць тавараў і паслуг; здольнасць насельніцтва абменьваць заробленыя (накопленыя) сродкі на тавары (купіць іх у дзярж., каап. і інш. гандлі) і аплату розных паслуг. П.з. грошай вызначаецца індэксам, адваротным індэксу цэн і тарыфаў на паслугі: калі індэкс цэн і тарыфаў за пэўны час знізіцца, то індэкс П.з. грошай павысіцца (гл.Індэкс пакупной здольнасці). П.з. насельніцтва залежыць ад узроўню аплаты працы, пенсій, стыпендый і інш. выплат, грашовых накапленняў насельніцтва, таксама і ад узроўню цэн на тавары, прадукты харчавання, паслугі, накіраваныя на задавальненне пэўных патрэб чалавека (гл.Узровень жыцця).