МІНЬЕ́ ((Mignet) Франсуа Агюст Мары) (8.5.1796, г. Экс-ан-Праванс, Францыя — 24.3.1884),
французскі гісторык. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1833), чл.Франц. акадэміі (1836). Атрымаў юрыд. адукацыю, адвакат (з 1818). Прыхільнік канстытуцыйнай бурж. манархіі, выступаў супраць панавання Бурбонаў. Удзельнік Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У 1830—48 дырэктар Архіва Мін-ва замежных спраў. Разам з А.Цьеры, А.Цьерам і Ф.Гізо заснаваў тэорыю класавай барацьбы. Разглядаў барацьбу класаў як гал. рухавік гіст. падзей, лічыў, што яе завяршэннем павінна быць перамога буржуазіі. У гал. працы «Гісторыя французскай рэвалюцыі» (т. 1—2, 1824) абгрунтоўваў гіст. непазбежнасць і плённасць рэвалюцыі. Аўтар кніг па гісторыі 16 ст. «Гісторыя Марыі Сцюарт» (1851), «Барацьба Францыска I з Карлам V» (т. 1—2, 1875).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКУ́Л (Луцый Ліцыній) (Lucius Licinius Lucullus; каля 117—56 да н.э.),
рымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Паходзіў са знатнага плебейскага роду. Прыхільнік Сулы. Удзельнік 1-й Мітрыдатавай вайны 89—84 да н.э. Консул у 74 да н.э. У 74—66 да н. э. камандаваў войскамі і флотам у вайне супраць пантыйскага цара Мітрыдата VI Еўпатара (3-я Мітрыдатава вайна). У 71 да н.э. захапіў М. Азію, у 69 да н.э. разбіў каля Тыгранакерта аб’яднаную армяна-пантыйскую армію цара Тыграна II і Мітрыдата. У 67 да н.э. адхілены ад пасады галоўнакамандуючага. Лічыўся адным з багацейшых людзей свайго часу. Пасля адстаўкі жыў у Рыме, наладжваў раскошныя баляванні (адсюль выраз «лукулаўскае баляванне»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛЯНО́К»,
бел.нар. танец, блізкі да карагода. Муз. памер 2/4 або 4/4, тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выконваецца жанчынамі ў суправаджэнні шматлікіх варыянтаў аднайм. песні. Харэаграфічны малюнак і элементы рухаў імітуюць сяўбу, праполку, вырыванне, рассціланне, сушку лёну, выраб пражы, палатна і пашыў вопраткі. У в. Куранец Вілейскага р-на Мінскай вобл. «Л.» выконваюць юнакі і дзяўчаты, якія становяцца ў 2 рады адзін супраць аднаго. Пачынаюць танец дзяўчаты, а хлопцы падпяваюць, потым ролі мяняюцца. Танец зафіксаваны ў 19 ст. ў Віцебскай вобл. Пашыраны па ўсёй Беларусі. Сцэн. варыянт створаны ў пач. 20 ст. К.Алексютовічам. «Л.» выкарыстаны ў балеце «Салавей» М.Крошнера. Падобны танец вядомы таксама ў Цвярской вобл. Расіі, у Эстоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),
бел.дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав. з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал.ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́БІС (Nabis; ? — каля 192 да н.э.),
правіцель Спарты [207—192 да н.э.]. Паходзіў з царскага роду Эўрыпантыдаў. Паслядоўнік Агіса IV і Клеамена III. Правёў шэраг радыкальных сац. рэформ: частку алігархаў выгнаў, некаторых пакараў смерцю; канфіскаваў землі буйных землеўладальнікаў і раздаў беззямельным спартыятам і ілотам, апошніх надзяліў грамадз. правамі. Гэта садзейнічала ўмацаванню спартанскай арміі. Такія ж рэформы правёў у захопленым ім Аргасе. Імкнуўся падпарадкаваць Месенію, што выклікала вайну супраць Н. Ахейскага саюза. Пасля заключэння ў 195 міру ўлада Н. была абмежавана тэр. Спарты. Новыя ваен. дзеянні скончыліся для Н. паражэннем. Ён быў забіты, а Спарта далучана да Ахейскага саюза. Пра Й. пісалі ант. аўтары Палібій, Плутарх, Дыядор Сіцылійскі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ДАЎБНІ,
процітанкавыя, процітрансп., процідэсантныя загароды з бярвён (дыяметрам не менш за 25 см), метал., жалезабетонных бэлек або камянёў, укапаных у грунт вертыкальна або з нахілам 60—75° у бок праціўніка; выступаюць над паверхняй зямлі на 0,5—1,2 м. Устанаўліваюць Н. ў 3—5 радоў у шахматным парадку; аплеценыя калючым дротам, адначасова служаць і проціпяхотнай загародай. Н. выкарыстоўваліся са стараж. часоў. У 1-ю і 2-ю сусв. войны ўстанаўліваліся ва ўмацаваных раёнах, пры абароне буйных гарадоў і інш. Н. часам ставілі партызаны Беларусі, але больш шырока выкарыстоўвалі засекі. У сучасных умовах Н. ўстанаўліваюць супраць дэсантаў у прыбярэжных раёнах мора, на берагах рэк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАЗАРЭ́ЙЦЫ»
(ням. Nazarener ад месца нараджэння Хрыста — г. Назарэт),
іранічная назва групоўкі мастакоў «Саюз святога Лукі». Засн. ў Вене ў 1809. Прадстаўлялі кансерватыўны кірунак ням.рамантызму. З 1810 «Н.» (П.Карнеліус, Ф.Овербек, І.Конрад Готынгер, Ф.Пфор, І. і Ф.Фейты, Л.Фогель, Ю.Шнор фон Каральсфельд, В. і Р.Шадавы і інш.) працавалі ў Рыме, дзе вялі жыццё на ўзор сярэдневяковых рэліг. абшчын у манастыры Сан-Ісідора, які пуставаў. «Н.» выступалі супраць інтэрнацыянальнага позняга класіцызму, імкнуліся да эклектычнага аднаўлення рэліг. манумент. мастацтва ў духу майстроў сярэднявечча і Ранняга Адраджэння (пераважна А.Дзюрэра, П.Перуджына, Анджэліка і ранняй творчасці Рафаэля). У 1820—30-я г. групоўка «Н.» распалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЬЕ́, Мацьез (Mathiez) Альбер (10.1.1874, Ла-Бруер, Францыя — 26.2.1932), французскі гісторык. Замежны чл.-кар.АНСССР, д-ргуманіт.н. (1904). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1897). З 1911 праф. правінцыяльных ун-таў, з 1926 праф. парыжскай Сарбоны. Першапачаткова прыхільнік левых радыкалаў, да 1926 звязаны з камуністамі, у канцы жыцця прымкнуў да правых. Вывучаў пераважна гісторыю Французскай рэвалюцыі 1789—99, асабліва перыяд якабінскай дыктатуры. Выступаў супраць ідэалізацыі Ж.Дантона, але ідэалізаваў М.Рабесп’ера. У 1907 засн. і ўзначальваў Т-ва рабесп’ерысцкіх даследаванняў, засн.час. «Annales révolutionnaires» («Рэвалюцыйныя аналы»). Асн. працы: «Французская рэвалюцыя» (т. 1—3, 1922—27), «Вакол Рабесп’ера», «Вакол Дантона» (абедзве 1926) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Французская революция. Ростов н/Д, 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЦЬЯШ ХУ́НЬЯДЗІ (Mátyás Hunyadi),
Мацьяш I Корвін (Matthias I Corvinus; 23.2.1443, Калажвар, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 6.4.1490), кароль Венгрыі [1458—90] і Чэхіі [1469—79]. Сын правіцеля Венгрыі Я.Хуньядзі. Выбраны каралём Венгрыі 24.1.1458 пасля смерці караля Ласла V [1453—57], Цэнтралізаваў дзярж. кіраванне, у 1459 ліквідаваў апазіц. магнацкую лігу, стварыў рэгулярнае наёмнае войска («чорную армію»), з дапамогай яго ў 1467 і 1471 задушыў мяцеж і змову магнатаў. У 1476 здзейсніў паход супраць туркаў. Да снеж. 1474 авалодаў чэш. і сілезскімі землямі, у 1477—87 — землямі Аўстрыі, у 1485 — Венай. Каб спыніць набегі туркаў, у 1483 і 1488 заключыў мірныя дагаворы з урадам Асманскай імперыі (Портай). Заснаваў б-ку ў Будзе (цяпер частка Будапешта) і ун-т у Браціславе (Славакія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЛЕЙ ((Macaulay) Томас Бабінгтан) (25.10.1800, Ротлі-Тэмпл, Вялікабрытанія — 28.12.1859),
брытанскі гісторык і паліт. дзеяч. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. У 1833—38 чл.Вярх. савета пры віцэ-каралю Індыі: кіраваў складаннем крымін. кодэкса, правёў рэформу асветы, накіраваную на пашырэнне сеткі школ і прымусовае ўкараненне англ. культуры і мовы. Ваен. міністр Вялікабрытаніі ў 1839—41. Выступаў супраць ідэі ўсеагульнага выбарчага права, у якім бачыў пагрозу цывілізацыі. Аўтар «Гісторыі Англіі» з 1685 па 1702 (т. 1—5, 1849—61), а таксама папулярных гіст. твораў, дзе ў бліскучай літ. форме паказваў гісторыю Англіі як няспынны рух да росквіту пад кіраўніцтвам вігаў. Самай значнай падзеяй сусв. гісторыі лічыў англ. «Слаўную рэвалюцыю» (дзярж. пераварот 1688—89).