МЕА́НДРЫ (ад грэч. Maiandros Меандр, стараж. назва вельмі звілістай ракі Вял. Мендэрэс у М. Азіі),

лукавіны, выгіны рэчышча ракі. Характэрны пераважна для раўнінных рэк. Утвараюцца ў выніку бакавой эрозіі пры размыванні берагоў водным патокам. Увагнуты, звычайна стромкі, бераг размываецца, а выпуклы нарошчваецца за кошт наносаў і ўтварэння водмелі. У выніку ў плане рака прымае звілістую петлепадобную форму. Часам вадацёк прарывае сабе новы больш кароткі шлях, а М. ператвараюцца ў старыцы. У горных і перадгорных абласцях, якія зазнаюць тэктанічныя падняцці, трапляюцца ўрэзаныя (рэліктавыя) М., абмежаваныя выступамі карэнных парод.

Меандры на рацэ Авача ў Камчацкай вобл. Расіі.

т. 10, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.

Падалірый: 1 — імага; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́ССЕ (назва звязана са значнай аблесенасцю тэрыторыі),

палескі тып ландшафту, нізіны ў раёнах пашырэння алювіяльных і водна-ледавіковых пяскоў ускраіннай паласы плейстацэнавага мацерыковага зледзянення ў межах паўд. тайгі, мяшаных і шыракалістых лясоў Еўропы. Пяскі запаўняюць плоскія паніжэнні, звязаныя з тэктанічнымі ўпадзінамі. Залішняе атмасфернае ўвільгатненне і недастатковы дрэнаж (рэчышчы густой рачной сеткі вельмі мала ўрэзаны) абумовілі фарміраванне буйных масіваў балот, якія параслі хвояй, бярозай, вольхай і інш. Палескі тып ландшафту характэрны для Палескай нізіны, Мяшчорскай нізіны, усх. раёнаў Польшчы (у бас. рэк Вепш і Буг), пашыраны таксама на Пд Канады і ў паўн. раёнах ЗША). Гл. таксама Беларускае Палессе.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІРЫМІДЗІ́Н 1,3-дыазін,

арганічнае гетэрацыклічнае злучэнне, C4H4N2.

Бясколерныя крышталі, tпл 22,5 °C, tкіп 124 °C. Добра раствараецца у вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Слабая аснова. Інертны да электрафільных рэагентаў (не ўступае ў рэакцыі нітравання і сульфіравання); пратанаванне адбываецца пры ўзаемадзеянні з вельмі моцнымі к-тамі з утварэннем солі па адным атаме азоту, Лёгка ўступае ў рэакцыі нуклеафільнага замяшчэння. П. і яго вытворныя ўваходзяць у састаў найважн. біяпалімераў — нуклеінавых кіслот (гл. Пірымідзінавыя асновы), а таксама шэрагу біялагічна актыўных рэчываў: вітаміну B1, антыбіётыкаў аміцэтыну і блеаміцыну, барбітуратаў (гл. Барбітуравая кіслата), каэнзімаў і інш.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МСКАЯ НУМАРА́ЦЫЯ, рымскія лічбы,

умоўныя знакі для запісу лікаў у непазіцыйнай (рымскай) сістэме лічэння. Узніклі каля 500 да н.э. ў этрускаў і выкарыстоўваліся ў Стараж. Рыме.

Знакі для дзесятковых разрадаў: I = 1, X = 10, C = 100, M = 1000, для іх палавін: V = 5, L = 50, D = 500. Натуральны лік запісваецца камбінацыяй такіх лічбаў. Пры гэтым, калі меншая лічба стаіць пасля большай, то яны складаюцца, а калі меншая перад большай — меншая адымаецца ад большай. Напр., VI = 5 + 1 = 6, IV = 5−1 = 4. Выконваць арыфм. дзеянні над вял. лікамі ў такім запісе нязручна, таму Р.л. карыстаюцца вельмі абмежавана.

т. 13, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САВЕ́ЦКАЕ ПЛАТО́,

ледавіковае плато, найбольш высокая ч. паверхні ў цэнтр. ч. Усх. Антарктыды. Даўж. каля 2 тыс. км, шыр. каля 450 км. Выш. ад 3000 м на перыферыі да 4000 м і больш у цэнтры, дзе размешчаны падлёдныя горы Гамбурцава. Тоўшча ледавіковага покрыва ад 750 да 3800 м. Самая халодная ч. Антарктыды, з вельмі нізкім атм. ціскам: сярэднегадавая т-ра ніжэй за -56 °C; сярэдняя т-ра ліп. ніжэй за -72 °C, на станцыі «Усход» адзначаны абс. мінімум т-ры на Зямлі -89,2 °C. Адкрыта ў 1957—58 сав. антарктычнай экспедыцыяй. Дзейнічае навук. станцыя «Усход» з 1957.

т. 14, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́стка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Тое, што і косць (у 1 знач.).

Сабака грыз костку.

2. Тое, што і косць (у 5 знач.).

Панскай косткі чалавек.

◊

Як костка ў горле (разм.) — пра таго (тое), што вельмі перашкаджае каму-н., даймае каго-н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дакрану́цца, -ну́ся, -не́шся, -не́цца; -нёмся, -няце́ся, -ну́цца; -ні́ся; зак.

1. да каго-чаго. Даткнуцца да каго-, чаго-н.

Печ так нагрэлася, што не д.

2. да чаго. Паспытаць, паспрабаваць што-н. (звычайна з адмоўем).

Вельмі спяшаліся, да пачастунку нават не дакрануліся.

|| незак. дакрана́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

мала́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж.

1. Імгненны разрад атмасфернай электрычнасці ў выглядзе яркай ломанай лініі.

Бліснула м.

2. Тэрміновы выпуск бюлетэня, газеты, кнігі і інш., а таксама вельмі тэрміновая тэлеграма.

3. Від засцежкі, якая хутка зашморгваецца.

|| прым. мала́нкавы, -ая, -ае (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

манасты́р, -а́, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. Рэлігійная абшчына манахаў або манашак, якая ўтварае царкоўна-гаспадарчую арганізацыю.

Мужчынскі м.

Жаночы м.

2. Тэрыторыя, царква і жылыя памяшканні такой абшчыны.

◊

Падвесці пад манастыр каго (разм.) — паставіць каго-н. у вельмі непрыемнае, цяжкае становішча.

|| прым. манасты́рскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)