V, хімічны элемент V групы перыяд.сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага 50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.
Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕГЕТАРЫЯ́НСТВА (англ. vegetarian ад позналац. vegetarius раслінны),
сістэма харчавання, пры якой выключаецца або абмяжоўваецца спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання. «Старавегетарыянцы» спажываюць толькі раслінныя прадукты. «Моладавегетарыянцы» (авалактавегетэрыянцы) акрамя расліннай ежы ўключаюць у рацыён малочныя прадукты і яйкі. Чыстых, ці строгіх, вегетарыянцаў называюць таксама веганамі. Родапачынальнікам вегетарыянства лічаць стараж.-грэч. філосафа і матэматыка Піфагора (6 ст. да н.э.). Прыхільнікамі гэтай сістэмы харчавання былі Эпікур, Платон, Сакрат, Авідзій, Плутарх, Вальтэр, Ж.Ж.Русо, Дж.Байран, І.Рэпін, Р.Кент, Б.Шоу, Л.Талстой і інш. Як вучэнне ўзнікла ў 1-й пал. 19 ст. ў Зах. Еўропе. Вегетарыянства прадугледжвае здаровы лад жыцця, адмову ад курэння, алкаголю, зніжае захваральнасць на атэрасклероз і злаякасныя пухліны, дапамагае захаваць і ўмацаваць здароўе, нармалізаваць масу цела, дасягнуць актыўнага даўгалецця. Асн. недахоп вегетарыянства — магчымасць развіцця ў арганізме дэфіцыту бялкоў, ненасычаных тлустых кіслот, некаторых вітамінаў з адпаведнымі парушэннямі абмену рэчываў. Пераход на вегетарыянства не рэкамендуецца ў гады росту арганізма, пры цяжарнасці, кармленні грудзьмі, у глыбокай старасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ (лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групы перыяд.сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл.Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕНДЫЦЫ́Т,
запаленне чэрвепадобнага адростка (апендыкса) сляпой кішкі ў чалавека. Хварэюць людзі ўсіх узростаў. Асноўнай прычынай апендыцыту лічаць пераход мікраарганізмаў, што пастаянна прысутнічаюць у адростку, у стан хваробатворных (напр., пры затрымцы ў сляпой кішцы і апендыксе калавых масаў), запаўненне апендыкса дробнымі глістамі, закупорка яго прасвету іншароднымі целамі ці камячкамі цвёрдага калу і парушэнне такім чынам яго апаражнення. Апендыцыт часам бывае пры парушэнні кровазвароту ў сценках апендыкса пры раздражненні нерв.сістэмы. Спрыяюць развіццю апендыцыту вяласць кішэчніка, сістэматычнае ўжыванне ў ежу вял. колькасці мясных прадуктаў, перагрузка стрававальна-кішачнага тракту бялкамі. Асн. прыкметы вострага апендыцыту — рэзкі або паступовы з хуткім нарастаннем боль унізе (справа) жывата, млявасць, ірвота, павышэнне т-ры (не заўсёды) да 37,5—38,5 °C. Небяспечны амярцвеннем адростка (гангрэнозны апендыцыт), расплаўленнем і прабадзеннем яго сценак (прабадны, або перфарацыйны, апендыцыт) з пераходам запалення на брушыну і развіццём цяжкага перытаніту. Неабходна неадкладнае хірург. выдаленне апендыкса. Хранічны апендыцыт можа праяўляцца пастаяннымі або перыядычнымі болямі ў вобласці сляпой кішкі, запорамі, млявасцю. Небяспечны пераходам у вострую форму. Рэкамендуецца хірург. лячэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГТЭ́ХНІКА, арганізацыйная тэхніка,
тэхн. сродкі для аўтаматызацыі і механізацыі інжынерна-тэхн., навук.-даследчай, кіраўнічай і прадпрымальніцкай працы. Развіццё і ўдасканаленне аргтэхнікі абумоўлена навук.-тэхн. прагрэсам, ускладненнем працэсаў кіравання і сістэм дыспетчарызацыі, павелічэннем аб’ёму апрацоўваемай інфармацыі. Эфектыўнасць сродкаў аргтэхнікі і зручнасць іх выкарыстання вызначаюцца комплексным падыходам да іх стварэння, рацыяналізацыяй (у т. л. спецыялізаваным абсталяваннем) рабочага месца і службовага памяшкання, выкананнем патрабаванняў эрганомікі.
Да аргтэхнікі адносяць вылічальныя машыны (у т. л.мікракалькулятары, персанальныя ЭВМ), капіравальна-размнажальную тэхніку (пішучыя машынкі і апараты аператыўнай паліграфіі і рэпраграфіі, мікрафільмавання), сродкі захоўвання і аўтам. пошуку дакументаў (картатэкі, спец. шафы, інфармацыйна-пошукавыя сістэмы і прыстасаванні), чарцёжна-канструктарскую тэхніку, сродкі апрацоўкі дакументаў (нумаратары, штэмпелявальныя і адрасавальныя машыны і інш.), сродкі запісу і ўзнаўлення мовы, прагляду слайдаў і мікрафільмаў (дыктафоны, магнітафоны, дыяскопы), апаратуру адм.-вытв. сувязі (гл.Аператыўная сувязь, Дыспетчарская сувязь). Да сродкаў малой аргтэхнікі адносяць таксама канц. прыналежнасці.
Аргтэхніка: электронная пішучая машынка і іншыя прылады аргтэхнікі (уверсе); пераносны персанальны камп’ютэр тыпу «блакнот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ХЦЕРАЎ (Уладзімір Міхайлавіч) (1.2.1857, в. Бехцерава Кіраўскай вобл., Расія — 24.12.1927),
расійскі неўрапатолаг, псіхіятр, псіхолаг і нейрафізіёлаг; заснавальнік навук. школы па рэфлексалогіі. Праф. (1893). Скончыў Медыка-хірург. акадэмію ў Пецярбургу (1878). Абараніў доктарскую дысертацыю ў 1881. У 1884 працаваў за мяжой у Э.Дзюбуа-Рэймона. З 1885 у Казанскім ун-це, з 1893 у Ваенна-мед. акадэміі, з 1897 у Жаночым мед. ін-це ў Пецярбургу. З 1908 заснавальнік і дырэктар Псіханеўралагічнага ін-та, з 1918 — Ін-та мозга і псіхічнай дзейнасці (цяпер Ін-т мозга імя У.М.Бехцерава). Фундаментальныя працы па анатоміі, фізіялогіі і паталогіі нерв.сістэмы. Залажыў асновы вучэння пра рэтыкулярную фармацыю галаўнога і спіннога мозга, стварыў вучэнне пра кампенсаторныя ўласцівасці мозга, упершыню вылучыў шэраг характэрных рэфлексаў, важных для дыягностыкі нерв. хвароб, апісаў шэраг хвароб і метады іх лячэння. Даследаваў лячэбнае выкарыстанне гіпнозу, у т. л. пры алкагалізме.
Літ.:
Мясищев В.Н. В.М.Бехтерев — замечательный ученый, врач, педагог, общественный деятель. Киров, 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КІ АБЛАСНЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
буйныя рэгіянальныя універсальныя б-кі сістэмыМін-ва культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваюць функцыі: абласных дэпазітарыяў, гал. навукова-метадычных, каардынацыйных і інтэграцыйных цэнтраў для б-к вобласці, з’яўляюцца цэнтрамі па збіранні і захоўванні краязн. матэрыялаў, выданняў мясц. друку. Уваходзяць у аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь, абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва. Камплектуюцца праз бібліятэчныя калектары, кнігарні, унутрырэспубліканскі і міжнар. кнігаабмен. У іх фондах навук. і навукова-папулярная л-ра універсальнай тэматыкі, даведачна-інфарм. выданні, маст. творы айч. і замежных аўтараў. Напачатку створаны як філіялы аб’яднанай Бел.дзярж. і універсітэцкай б-кі (гл.Бібліятэка нацыянальная Беларусі) у Віцебску (1925), Магілёве (1928), Гомелі (1933); у 1938 яны рэарганізаваны ў самаст.абл. бібліятэкі. Абласнымі сталі Мінская б-ка імя Пушкіна (1938) і Гродзенская (1945); у 1940 створана абл.б-ка ў Брэсце. Сукупны фонд бібліятэк абласных Беларусі на 1.1.1995 — 4,5 млн.экз. кніг і інш. носьбітаў інфармацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛЫ́ГІН (Іван Андрэевіч) (9.2.1907, в. Радушкава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.4.1984),
бел. фізіёлаг. Акад.АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956). Д-рбіял.н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі вет.ін-т (1931). З 1938 у н.-д. ін-тах Расіі, з 1953 дырэктар Ін-та фізіялогіі, адначасова ў 1969—79 акад.-сакратар Аддз.біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па механізмах і заканамернасцях інтэрацэптыўных рэакцый арганізма, прынцыпах структурна-функцыян. арганізацыі, узаемасувязях дывергенцыі і канвергенцыі ў дзейнасці перыферычнай і цэнтр. нервовай сістэмы і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́НКЕРНЫ КАМБА́ЙНтарфяны,
самаходны агрэгат для пнеўматычнай уборкі фрэзернага торфу з рассцілкі з наступным, фрэзераваннем ачышчанай паверхні тарфянога пакладу. На Беларусі выкарыстоўваецца пераважна камбайн БПФ-ЗМ.
Складаецца э пнеўматрансп. сістэмы герметычнага бункера, трансмісіі з прыводам ад рухавіка ўнутр. згарання, хадавой гусенічнай часткі і фрэзера. Магутнасць рухавіка 176 кВт, ёмістасць бункера 25 м³, шыр. захопу 4,8 м, прадукцыйнасць 1,5 га/гадз. Мадыфікацыі пнеўмакамбайнаў адрозніваюцца ўстаноўкай актыўных соплаў з рэцыркуляцыяй паветра (у камбайна КПФ-6), павелічэннем шыр. захопу да 6,4 м, ёмістасці бункера, прадукцыйнасці да 3 га/гадз.
Б.А.Багатаў.
Пнеўматычны бункерны камбайн БПФ-ЗМ: 1 — вентылятар; 2, 4 — вертыкальныя цыклоны; 3 — цэнтральная труба цыклона; 5 — усмоктвальны трубаправод; 6 — бункер; 7 — сапло.Пнеўматычны тракт з рэцыркуляцыяй паветра бункернага камбайна КПФ-6,4: 1 — калектар; 2 — усмоктвальны канал; 3, 4 — усмоктвальны і цэнтральны трубаправоды; 5 — труба для выкіду лішкаў нагнятальнага паветра ў атмасферу; 6 — вентылятар; 7 — цыклон; 8 — нагнятальны канал; 9 — бункер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНЫ КО́НТУР,
электрычны ланцуг, у якім могуць адбывацца ваганні з частатой, што вызначаецца параметрамі самога ланцуга. Найб. просты вагальны контур складаецца са шпулі індуктыўнасці і кандэнсатара і выкарыстоўваецца як рэзанансная сістэма радыётэхн. прылад у дыяпазоне частот ад 50 кГц да 300 МГц (на больш высокіх частотах — двухпровадныя і кааксіяльныя лініі перадачы, аб’ёмныя і адкрытыя рэзанатары).
У ідэальным вагальным контуры ўзбуджаюцца свабодныя гарманічныя ваганні, у рэальным з-за страт энергіі амплітуда ваганняў паступова змяншаецца, а перыяд павялічваецца (ваганні затухаюць). Якасць вагальнага контуру вызначаецца дыхтоўнасцю вагальнай сістэмы. Калі ў вагальны контур уключыць генератар пераменнага току, праз некаторы час у ім усталююцца вымушаныя ваганні з частатой генератара. Залежнасць амплітуды такіх ваганняў ад частаты наз.рэзананснай характарыстыкай контуру. Рэзкае павелічэнне амплітуды назіраецца пры частотах, блізкіх да ўласнай частаты вагальнага контуру (гл.Рэзананс).
П.С.Габец.
Пераўтварэнні энергіі ў вагальным контуры: 1 — шпуля індуктыўнасці; 2 — кандэнсатар; 3 — крыніца сілкавання (батарэя); 4 — электрычнае поле; 5 — напрамак электрычнага току; 6 — магнітнае поле.