МІРАНО́ВІЧ (Антон Васілевіч) (н. 30.10. 1959, г. Беласток, Польшча),
бел. гісторык у Польшчы, грамадска-культ. дзеяч. Д-ргуманіт.н. габілітаваны (1997), праф. (1998). Скончыў філіял Варшаўскага ун-та ў Беластоку (1982). З 1986 выкладаў у Ін-це гісторыі Варшаўскага ун-та, потым у Ін-це гісторыі ў Беластоку (філіял Варшаўскага ун-та). Старшыня Бел. асветніцкага т-ва ў Польшчы (1999), першы старшыня Бел.гіст.т-ва ў Польшчы (1993—96), нам. старшыні Бел.дэмакр. аб’яднання ў Рэспубліцы Польшча. Даследуе гісторыю правасл. царквы ў Польшчы і краінах Усх. Еўропы, бел.-польскія культ. сувязі ў эпоху феадалізму, праблемы бел.нац. меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг «Супрасль як культурна-рэлігійны цэнтр у XVI ст.» (1984), «Падляшскія праваслаўныя цэнтры і арганізацыі ў XVI і XVII ст.» (1991), «Праваслаўе і унія ў часы панавання Яна Казіміра» (2-е выд. 1997) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОТАБО́Л,
[ад мота... + (фут)бол], спартыўная гульня на матацыклах з мячом. Гуляюць 2 каманды па 5 чалавек 4 перыяды па 15 або 20 мін кожны. Мэта — забіць як мага больш мячоў у вароты саперніка. Спартсмены карыстаюцца пераважна матацыкламі класа 250 см³. Гульня ідзе на футбольным полі з травяным, грунтавым або інш. пакрыццём, вароты футбольныя. Дыяметр мяча 48—49 см.
Першыя мотабольныя матчы адбыліся ў Францыі (1929, г. Дыжон) і Германіі (1930, г. Кёльн). Міжнар. саюз мотабольных клубаў створаны ў 1963 (Бельгія, Нідэрланды, Францыя і ФРГ). З 1965 М. уваходзіць у Міжнар. федэрацыю матацыклетнага спорту. Першыя спаборніцтвы на Кубак Еўропы адбыліся ў 1964, першы чэмпіянат Еўропы у 1986 (г. Пінск Брэсцкай вобл.).
Чэмпіянаты Беларусі па М. праводзяцца з 1966, спаборніцтвы на Кубак Беларусі і міжнар. турнір «Брэсцкая крэпасць-герой» з 1974. Нац. зборная каманда Беларусі (існуе з 1994) — сярэбраны (1995, 1998) і бронз. (1999) прызёр чэмпіянатаў Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й САВЕ́ЦКА-ПО́ЛЬСКАЙ БАЯВО́Й САДРУ́ЖНАСЦІ Адкрыты ў 1968 у в. Леніна Горацкага р-на Магілёўскай вобл., дзе 12—13.10.1943 у Вял.Айч. вайну адбыўся першы бой Польскай пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі сумесна з 42-й і 290-й стралк. дывізіямі Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў. Пл. экспазіцыі 907 м², 6,5 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Матэрыялы расказваюць пра фарміраванне і баявыя дзеянні 1-й Польскай дывізіі, сумесныя баі з часцямі Чырв. Арміі. Сярод экспанатаў сцягі сав. і польск. часцей, схемы баявых аперацый, узоры зброі тых часоў, дыярама «Бой за Леніна». Мемар. комплекс сав.-польск. баявой садружнасці ўтвараюць: будынак музея ў форме каскі, бетонная стэла перад яго ўваходам (дрэўка сцяга сціскаюць 2 моцныя рукі), 2 магільныя пліты з Вечным агнём на ўшанаванне памяці сав. і польск. воінаў, што загінулі ў гэтым баі; помнік на брацкай магіле сав. воінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛДАГАЛІ́ЕЎ (Джубан) (5.10.1920, с. Жыланды Заходне-Казахстанскай вобл., Казахстан — 6.10.1988),
казахскі паэт.Нар. пісьменнік Казахстана (1985). Скончыў Уральскі с.-г. тэхнікум (1940). Друкаваўся з 1939. Першызб. вершаў і паэм «Песні перамогі» (1949). У кнігах паэзіі «Светлы шлях» (1951), «Пульс часу» (1963), «Закаханымі вачыма» (1964), «Стагоддзі і імгненні», «Пазбаўлены кайданоў» (абодва 1969, за апошні Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1970), «Арліны стэп» (1974) і «Сель» (1977, за абодва Дзярж. прэмія СССР 1978), «Ступені Байканура» (1977) і інш. асэнсаванне гіст. лёсу каз. народа, духоўнае станаўленне асобы, эпічная шматпланавасць, спалучаныя з лірызмам і паэт. вобразнасцю. Пераклаў на каз. мову вершы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Куляшова. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі В.Зуёнак, Ю.Свірка, Я.Семяжон, У.Шахавец, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРКЕ́ВІЧ-ЁДКА (Якуб Атонавіч) (8.1.1848, в. Турын Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 19.2.1905),
бел. прыродазнавец, вынаходнік, медык. Д-р медыцыны (1893), праф. (1900). Чл.-кар.Рас.геагр.т-ва (1889). Скончыў Мінскую губ. гімназію (1865), працягваў вучобу ў Парыжы, Фларэнцыі, Вене; вывучаў фізіку, медыцыну. У 1888 пабудаваў у сваім маёнтку Наднёман (цяпер в. Наднёман Уздзенскага р-на Мінскай вобл.) метэаралагічную станцыю. З 1892 чл.-супрацоўнік Ін-та эксперым. медыцыны ў Пецярбургу. Навук. працы па фізіцы, медыцыне, сельскай гаспадарцы. Вынайшаў спосаб бесправадной перадачы і прыёму эл.-магн. хваль на адлегласці (першы ў свеце правобраз радыёпрыёмніка; 1891). Стварыў лізіметр — прыладу для вымярэння вільготнасці глебы. Распрацаваў спосабы вымярэння патэнцыялу атм. электрычнасці, скорасці руху воблакаў, спосаб лячэння нервовахворых электратокам (электратэрапія). Прапанаваў выкарыстанне метаду электраграфіі для дыягностыкі захворванняў.
Літ.:
Грыбкоўскі В.П., Гапоненка В.А., Кісялёў У.М. Прафесар электраграфіі і магнетызму: Якуб Наркевіч-Ёдка. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎ (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 13.8.1942, с. Вясёлае Паўлаўскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная глыбокай распрацоўкай псіхалогіі характараў, выкарыстаннем шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў — ад публіцыстыкі да камернай лірыкі. Рэжысёр кінафільмаў «Зімародак» (1972), «Хлеб пахне порахам» (сцэн. І.Шамякіна, 1974) і «Сын старшыні» (сцэн. М.Матукоўскага, 1976; за ўсе прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Абочына» (1978), «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» (паводле А.Пушкіна, 1989), «Душа мая Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999); тэлефільмаў — «Бераг прынцэсы Люські» (1969), «Ціхія троечнікі» (1980), «Фруза» (паводле В.Быкава, 1981), «Бацькі і дзеці» (паводле І.Тургенева, 1984; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Вялікая прыгода» (1985), «Дзяржаўная граніца» (фільм 5-ы — «Год сорак першы», 1986), тэлесерыяла «Дуброўскі» (паводле Пушкіна, 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОЎТС ((Oates) Джойс Кэрал) (н. 16.6.1938, г. Локпарт, штат Нью-Йорк, ЗША),
амерыканская пісьменніца. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры. Скончыла Сіракузскі і Вісконсінскі ун-ты. З 1978 праф. Прынстанскага ун-та. Друкуецца з 1963. Першы значны раман «Сад радасцей зямных» (1967) створаны ў традыцыях рэаліст.сац. рамана 1930-х г. Далейшая яе творчасць адметная распрацоўкай актуальнай праблематыкі ў рамках сац.-аналіт.псіхал. апавяданняў (раманы «Іх жыцці», 1969; «Анёл свету», 1981; «Ты павінен памятаць пра гэта», 1987; «Амерыканскія апетыты», 1989, і інш.) і цікавасцю да дэфармаванай чалавечай псіхікі, праяў псіхапаталогіі (раманы «Забойцы», 1975; «Чайлдуорлд», 1976; «Бельфлёр», 1980; «Сонцастаянне», 1985; «Таму што гэта балюча, таму што гэта маё сэрца», 1990, і інш.). Аўтар зб-каў навел, вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАВУЧА́ННЕ УЛАДЗІ́МІРА МАНАМА́ХА»,
помнік стараж.-рускай пісьменнасці 12 ст.; першы свецкі літ. твор. Напісана вял.кн. кіеўскім Уладзімірам Манамахам як запавет-настаўленне сваім дзецям. Створаны ў форме аўтабіяграфіі, твор прасякнуты дыдактычнымі павучаннямі і думкамі дзярж., паліт. і этнічнага характару. Аўтар наказвае сваім дзецям строга прытрымлівацца феад. правапарадку і дагавораў, кіравацца інтарэсамі дзяржавы, а не эгаістычнымі памкненнямі. Сцвярджаючы ідэал князя-патрыёта, цвёрдага ў рашэннях, адважнага ў паходах, Уладзімір Манамах навучаў іх быць працавітымі, імкнуцца да ведаў, маральнай дасканаласці. Асэнсоўваючы сваё жыццё, якое прайшло ў шматлікіх ваен. паходах, ён завяшчае нашчадкам прынцыпы гуманнасці і справядлівасці. У помнік уключана таксама пісьмо Уладзіміра Манамаха чарнігаўскаму кн. Алегу Святаславічу, якое вызначаецца веліччу бацькоўскага пачуцця, лірызмам і паэтычнасцю. Захавалася ў Лаўрэнцьеўскім летапісе.
Публ.:
Памятники литературы Древней Руси: Начало рус. лит., XI — нач. XII в. М., 1978. С. 392-413, 459-463.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЯ КАНСЕРВАТО́РЫЯ музыкі і дэкламацыі, вышэйшая музычная ўстанова Францыі. Створана ў 1793 у Парыжы як Нац.муз.ін-т у выніку зліцця Каралеўскай школы спеваў і дэкламацыі (засн. ў 1784) і муз. школы Нац. гвардыі (з 1792); з 1795 сучасная назва. Заснавальнік і першы кіраўнік Б.Сарэт. Пры П.к. адкрыты ў 1812 тэатр, у 1823 Пачатковая школа спеваў, у 1828 «Таварыства канцэртаў Парыжскай кансерваторыі» (дзейнічае).
Прымае навучэнцаў амаль без узроставых абмежаванняў. Студэнты, якія паспяхова закончылі курс кампазіцыі, адзначаюцца (з 1803) нац.дзярж. Рымскімі прэміямі. У 19—20 ст. П.к. ўзначальвалі кампазітары Л.Керубіні, Д.Ф.Абер. А.Тама, К.Дэльвенкур, М.Дзюпрэ, Р.Лушор і інш., сярод выкладчыкаў музыканты Ф.Паэр, Ж.Ф.Лесюэр, Ф.Галеві, Р.Крэйцэр, А.Адан, П.Дзюка, А.Карто, Д.Міё. Мае б-ку (засн. ў 1801), у якой адзін з найбольшых у Францыі збораў нот і кніг па музыцы, Музей муз. інструментаў (з 1861).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РВЕНЦАЎ (Аркадзь Аляксеевіч) (26.1.1905, с. Нагуцкае Стаўрапольскага краю, Расія — 30.10.1981),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім вышэйшым тэхн. вучылішчы імя Баўмана (1929—33). У Вял.Айч. вайну карэспандэнт газ. «Известия». Друкаваўся з 1937. Першы раман «Качубей» (кн. 1—2, 1937, аднайм. фільм 1958) — рамантызаваны расказ пра героя грамадз. вайны. Раманы «Вогненная зямля» (1945), «Чэсць змоладу» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), зб-кі апавяданняў «Гвардзейскія вышыні» (1944), «Людзі аднаго экіпажа» (1954), «Дзяўчына з Тамані» (1959) пра Вял.Айч. вайну. Аўтар раманаў «Матросы» (1961), «Аліўкавая галіна» (1965), аповесцей «Багіня Ізіда» (1961), «Каляндар прыроды» (1966), п’есы «Малодшы партнёр» (1951), кінасцэнарыяў «Трэці ўдар» (1948, Дзярж. прэмія 1949, перапрацаваны варыянт «Паўднёвы вузел»), «Героі Шыпкі» (1955), кніг падарожных нататак, публіцыст. артыкулаў і інш. На бел. мову раман «Чэсць змоладу» пераклаў Я.Шарахоўскі.