блішча́ць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; ‑шчым, ‑шчыце; незак.
1. Свяціцца роўным слабым святлом. Воўчым вокам акно ў цемры ночы блішчыць. Колас. // Адсвечваць роўным, слабым светам (пра гладкую, роўную або нацёртую, начышчаную паверхню). Здалёк матава-срэбным люстрам у цёмна-кучаравых, мазаічных рамках блішчыць рака. Нікановіч. Блішчаць на сонцы наваксаваныя боты. Колас.
2. Свяціцца, часта ад якога‑н. пачуцця (пра вочы). Па-асабліваму.. блішчаць яго [хворага] вочы. Бядуля. Чорныя вочы Цыганка шчасліва блішчалі, смуглявы твар яго ўвесь свяціўся радасцю. Шчарбатаў.
•••
Блішчаць вачамі — маўкліва прасіць, выказваць просьбу, жаданне позіркам.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
брыль, ‑я, м.
1. Тое, што і капялюш. Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў, пачынаючы з гарадскімі кепкамі і канчаючы самадзельнымі саламянымі брылямі. Колас.
2. Казырок шапкі. Паўлік адчуваў на сабе торбачку, доўгі брыль у шапцы хоць і закрываў твар ад высокага сонца, але затое на лбе ўсё больш з’яўлялася капелек поту. Сташэўскі. Слаўная гэта была шапка — з блішчастым лакіраваным брылём, са спружынаю ўсярэдзіне. Якімовіч. // перан. Стрэшка над уваходам. На другі дзень у двор бальніцы, Дзе ганак звешвае свой брыль, Пад’ехаў, стаў аўтамабіль. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падкупі́ць, ‑куплю, ‑купіш, ‑купіць; зак., каго-што.
1. Пры дапамозе грошай, падарункаў схіліць на свой бок. Падкупіць сведак. □ [Дзед:] — А стары Чапскі, а потым і яго сыны не хацелі аддаць луг сялу, падкупілі каморнікаў, і тыя пераправілі планы. Якімовіч. Іх [камуністаў] не падкупіш і не зломіш І не завабіш іх нічым. Колас.
2. перан. Выклікаць сімпатыю да сябе. Рыбак наўперад для паказу Сам заіграў на дудцы той і падкупіў малога зразу Сваёю шчодрай дабратой. Колас. Андрэю вельмі цяжка было гаварыць, але наіўная шчырасць дзяўчыны неяк падкупіла яго. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пазва́ць, ‑заву, ‑завеш, ‑заве; ‑завём, ‑завяце; зак., каго.
Словамі, жэстамі папрасіць, прымусіць падысці, адазвацца; паклікаць. — Пазаві сюды хлопцаў! — сказаў Нічыпар свайму напарніку. Кулакоўскі. — Галаска, цюцік! На, цю, на! На, цю, на! — пазваў я.. [сабаку]. Колас. // і без дап. Звярнуць на сябе чыю‑н. увагу. — Панічыку! — пазвала бабка, толькі што ўвайшоўшы на парог пакойчыка. Мусіць вы, панічок, нядобрае пісьмо атрымалі? Колас. // перан. Заклікаць да чаго‑н. Ды, на шчасце, быў я аднагодак Тых, каго пазваў пярэдні край. Гілевіч. // Запрасіць куды‑н. Пазваць у кіно. Пазваць на вячэру.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыя́зны, ‑ая, ‑ае.
1. Прасякнуты сяброўскімі адносінамі, дружалюбнасцю, даверам. Гутарка так і лілася, так і сакатала, і гутарка самая прыязная, поўная спачування. Колас. З гэтым хлопцам у мяне адразу ўсталяваліся прыязныя і даверлівыя адносіны. Савіцкі.
2. Добразычлівы, спагадлівы. Міхаль Ермаліцкі адразу неўзлюбіў Собіча. Ён быў наогул не вельмі прыязны да людзей і крыху закаханы ў сябе. Скрыган. Нават лаянка.. [Івана Пракопавіча], звычайна прыяцельская, прыязная, вясёлая, цяпер звініць сапраўднаю злосцю. Колас.
3. Які выказвае дружалюбнасць, добразычлівасць, прыязнасць. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар .. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыка́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Раскошны, багаты, пышны. Шыкарнае ўбранне. □ А колькі тых гасцініц на самую розную цану, вельмі вялікіх і шыкарных і самых скромных і даступных! Гарэцкі. — Вуліца міру.. Самая шыкарная вуліца Парыжа... Мележ. Амаль на кожнай старонцы [часопіса] — шыкарныя легкавыя аўтамабілі. Каваленка. // Які мае элегантны, фарсісты выгляд (пра людзей). Адно толькі моладзь — паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства з’яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе. Колас.
2. Надзвычай добры; вельмі прыгожы; цудоўны. Удзень ідзе .. [Алена] ў вёсачку, а адтуль варочаецца пад вечар з шыкарным букетам кветак. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гранку́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Абл. Буйная шраціна. [Дзед Талаш] палажыў штук шэсць гранкулек, і калі ўсё было гатова, тады пасадзіў на брамку пістон і ўжо болей цвёрдымі і ўпэўненымі крокамі накіраваўся ў Макушы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
даваява́цца, ‑ваююся, ‑ваюешся, ‑ваюецца; зак.
Разм. Ваюючы, пацярпець няўдачу, прыйсці да дрэнных вынікаў. Перавёў дзед Талаш вочы на царскі партрэт, патрос галавою. — Ваяка... Даваяваўся, сволач ты, гіцаль, да таго, што ўжо і меднае капейкі не маеш! Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ашальмава́ць, ‑мую, ‑муеш, ‑муе; зак., каго.
Разм.
1. Беспадстаўна аб’явіць нягоднікам, шэльмай; зняславіць каго‑н. [Лабановіч:] — Не, брат Янка, нельга доўга заставацца на адным месцы, бо яно цябе заесць і ашальмуе. Няхай жыве вандроўніцтва! Колас.
2. Ашукаць, падмануць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гарні́ла, ‑а, н.
1. Уст. Тое, што і горан (у 1 знач.).
2. Тое, што і горан (у 2 знач.). Бальшавіцкая партыя прайшла праз гарніла першай рускай рэвалюцыі. «ЛіМ». Праз гарніла мук здабыта Наша доля, воля. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)