заснавальнік і першы вял. князь Вялікага княства Літоўскага. Упершыню ўпамінаецца ў 1219 разам са старэйшым братам Даўспрункам сярод «старшых князёў» Літвы, якія падпісалі дагавор з Уладзіміра-Валынскім княствам. Да сярэдзіны 1230-х г. М. дасягнуў аднаасобнай улады ў Літве або значнай яе частцы. Ў 1236 «Литва Мендога» знаходзілася ў саюзных або васальных адносінах з галіцка-валынскім кн. Данілам Раманавічам. Далучыў да сваіх уладанняў Новагародскую (Навагрудскую) зямлю і ўладкаваў свайго стаўленіка ў Полацку, што фактычна дало пачатак утварэнню ВКЛ. Пасля гэтага адносіны М. з Данілам сталі варожымі. У познім Густынскім летапісе (17 ст.) паведамляецца пра хрышчэнне М. ў праваслаўе ў 1246, аднак гэта не пацвярджаецца больш раннімі крыніцамі. Каля 1249 М. захапіў уладанні сваіх пляменнікаў Эдзівіда і Таўцівіла, што выклікала іх мяцеж, да якога далучыліся жамойцкі кн. Выкінт, Даніла Раманавіч, Лівонскі ордэн і Рыжскае арцыбіскупства. Каб разбурыць гэту небяспечную кааліцыю, М. пайшоў на прамыя зносіны з Рымам, у канцы 1250 або пач. 1251 прыняў каталіцтва, а ў 1252 (паводле інш. звестак 1253) каранаваўся ў Навагрудку каралеўскай каронай, якую прыслаў рымскі папа Інакенцій IV. Гэта дазволіла М. выйсці з вайны з мінімальнымі стратамі, хоць ён быў вымушаны часова аддаць крыжакам частку Жамойці, а сыну Данілы Раману — Навагрудак (на ўмовах васальнай залежнасці ад М.). Каля 1254 М. выдаў сваю дачку замуж за Шварна, другога сына Данілы. Каля 1257 супраць Літвы быў арганізаваны паход мангола-татарскага ваяводы Бурундая і галіцка-валынскіх князёў, аднак М. здолеў не толькі захаваць уладу, але і аднавіць поўны кантроль над Навагрудскай зямлёй. У 1261 ён разарваў мір з Лівонскім ордэнам і адмовіўся ад каталіцтва. У канцы жыцця карыстаўся неабмежаванай уладай у Літве, што выклікала змову супраць яго князёў жамойцкага Траняты, полацкага Таўцівіла, нальшчанскага Даўмонта. У выніку М. быў забіты разам з сынамі Рупекам і Руклем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная дзяржава ў 12—15 ст. Цэнтр — г.Смаленск. Займала тэр. сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абл. Расіі, усх. раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абл. Беларусі. Паліт. адасабленне Смаленска пачалося ў 11 ст., але да пач. 12 ст.ён заставаўся кіеўскай воласцю. Самастойным С.к. стала пры Расціславе Мсціславічу [1125—59], пры якім дасягнула найб. памераў. На тэр. сучаснай Беларусі былі размешчаны гарады С.к. Орша, Копысь, Мсціслаў, Лучын, Прупой (Слаўгарад), Крэчут (Крычаў), воласці Басея, Вітрына, Мірачыцы; у 2-й пал. 12—1-й пал. 13 ст. пад кантролем Смаленска часта знаходзіліся Віцебск і Друцк. Пры Расціславе Мсціславічу пачалося драбленне С.к. на ўдзелы. У 12 ст. вылучыліся Васілеў, Красн, Мсціслаў, у 13 ст. — Таропец, Вязьма, Мажайск. У пач. 14 ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам, але ў сферу яго ўплыву трапіў Бранск. У пач. 14 ст. ад С.к. адышлі да ВКЛ землі Падняпроўя, басейн Проні і верхняе Паволжа. Пры кн. Іване Аляксандравічу [1313—58] Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Кн. Святаслаў Іванавіч [1358—86] імкнуўся да захавання незалежнасці С.к., але ў выніку паходаў войск ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на Пд і Пн, у т. л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у Мсціслаўскай бітве 1386. Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч [1386—92] і Глеб Святаславіч [1392—96] знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вял. князь ВКЛ Вітаўт у 1396 захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў. Юрый Святаславіч з дапамогай разанскага князя ў 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў заняць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць разанскага князя ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск. С.к. ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСЕАДЗІ́НСТВА,
філасофскае паняцце, якое характарызуе цэласнасць і арганічнае адзінства універсальнага сусветнага быцця, узаемапранікненне і раздзельнасць яго састаўных элементаў, іх тоеснасць адзін аднаму і цэламу пры захаванні якаснай спецыфічнасці і індывідуальнасці. У гісторыі філасофіі ідэя У. знайшла адлюстраванне ў неаплатанізме, хрысц. платанізме, рэліг.-містычных дактрынах (кабала, тэасофія, антрапасофія), ням. класічнай філасофіі (Г.Гегель, Ф.Шэлінг). Найб. поўнае выяўленне ідэя У. атрымала ў рус. «філасофіі У.» ў 19—20 ст. Заснавальнік «філасофіі У.» — У.С.Салаўёў; яе развівалі С.М.Трубяцкой, Я.М.Трубяцкой, П.А.Фларэнскі, С.Л.Франк. Л.П.Карсавін, С.М.Булгакаў, М.А.Лоскі і інш. Паняцце У. ў «філасофіі У.» мае найперш анталагічны змест, але закранае і гнасеалагічныя, этычныя, сацыялагічныя, антрапалагічныя і інш. аспекты. Пры распрацоўцы вучэння пра У. Салаўёў імкнуўся да стварэння цэласнага светапогляду, у аснову анталогіі ён паклаў прынцып станоўчага У., пад якім разумеў адзінства састаўных элементаў быцця ў Абсалюце. Існаванне рэальнай множнасці рэчаў і іх раз’яднанасць ён тлумачыў унутр. дыялектыкай Абсалютнага-Звышіснага. Пад адзінствам элементаў быцця Салаўёў разумеў дыялектычна супярэчлівае ўзаемадзеянне мноства сіл і тэндэнцый, дзе гал. роля належыць фактарам інтэграцыі: Сусв. душы, Сафіі і Богачалавецтву. У аснове гнасеалагічнага абгрунтавання «філасофіі У.» — ідэя існавання 2 тыпаў ведаў і адпаведных ім тыпаў быцця: абстрактных лагічных ведаў у выглядзе паняццяў, суджэнняў і інш. (у анталагічным плане ім адпавядае прадметная рэальнасць) і «жывых ведаў» (у анталагічным плане ім адпавядае сапраўднае быццё, звышрэальнасць). Калі абстрактныя веды жорстка падпарадкоўваюцца законам логікі, то «жывыя веды» характарызуюцца зліццём суб’екта пазнання з аб’ектам, адкрытасцю і незавершанасцю. «Філасофія У.» як самаст. кірунак развівалася да сярэдзіны 20 ст.; яе ідэі пра сутнасць сусв. быцця, пра ўзаемадзеянне духоўнага і матэрыяльнага пачаткаў паўплывалі на далейшае развіццё рас. філасофіі.
Літ.:
Зеньковский В.В. История русской философии. Т. 1—2. Л., 1991;
Гайденко П.П. Диалектика «теокосмического всеединства» // Идеалистическая диалектика в XX столетии. М., 1987;
Хоружий С.С. После перерыва. Пути русской философии. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСТАЎНЫ́Я СКА́ЗЫ,
сінтаксічныя канструкцыі, якія ўводзяцца ў пэўны сказ і выконваюць у ім тыя ж функцыі, што і ўстаўныя словы. Маюць форму простых і складаных сказаў рознай будовы. Далучаюцца да паясняльных ці ўдакладняльных членаў асн. сказа пры дапамозе сэнсава-інтанацыйнай, злучнікавай сувязі і займаюць у адносінах да іх постпазіцыйнае становішча. У адрозненне ад пабочных сказаў не маюць суб’ектыўна-мадальных значэнняў.
У мове выконваюць важную семант. ролю. Могуць выражаць значэнні: суадпаведнасці — «Мікола Ігнатовіч, — а гэта быў ён — без асаблівага энтузіязму пераступіў парог» (М.Лынькоў); супраціўнасці, супрацьпастаўленасці або ўступальнасці — «Я гляджу і не магу нагледзецца (што з таго, што ноч і змрок густы!) на цябе, Вялікая Мядзведзіца» (П.Панчанка), «Не будку мае Жук — палацы (хоць не свае, вядома, працы)» (К.Крапіва); падкрэсленасці — «Максім з чамаданам і клункамі ў руках увайшоў у прасторную і высокую — хоць цэпам махай — залу вакзала» (М.Машара); прызначанасці — «А ніжэй маста, адразу ж ад дарогі (дарога нібы мяжой была) пачынаецца заліўны луг» (І.Шамякін); абумоўленасці — «І цікавілася маці — сэрца матчына вядома, — як на службе там дзіцяці, ці там лепей, ці мо дома» (Я.Купала); месца — «У адным сяле (не важна дзе) хадзіў Баран у чарадзе» (К.Крапіва); часу — «На трэці дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тодаравіч вярнуўся дадому» (К.Чорны); прычыны — «Яны аднекуль здалёку прывезлі калючых саджанцаў — блізка ад Рослікаў саду нідзе не было» (Р.Сабаленка); умовы — «Я свой абавязак (калі спатрэбіцца) заўсёды выканаю» (А.Якімовіч); паяснення — «Дзям’ян быў з тых на Панятоўшчыне (так называлася вёска, дзе ён жыў з маленства), якія маўкліва і засмучана сустрэлі ворагаў» (П.Кавалёў); заўвагі аб характары дзеяння, эмацыянальным стане, паводзінах асобы, яе адчуванні і інш. У.с. ўзбагачаюць зместава-інфармацыйную структуру сказа, яго семант. аб’ём, унутр. моўна-стылістычныя, выяўл. магчымасці і як сродкі дакладнага адлюстравання рэчаіснасці шырока ўжываюцца ў розных жанрах маст. л-ры.